35129

БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

Книга

Иностранные языки, филология и лингвистика

Лічылася што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну. На самой справе мова – зява біялагічная і псіхічная але ў тым сэнсе што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай г. Кожны чалавек валодае не мовай увогуле а канкрэтнай мовай ці мовамі што належыць пэўнаму народу. Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым што яна аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсальны сродак зносін людзей феномен духоўнай культуры чалавецтва [7].

Беларуский

2013-09-09

1.48 MB

200 чел.

А.М.АСІПЧУК, В.В.МАРШЭЎСКАЯ, А.С.САДОЎСКАЯ

БЕЛАРУСКАЯ МОВА. 

ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

ДЛЯ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ

1–030201,

1250103, 1250110, 1250107, 1250104, 1260202, 1–400102,

1–240103, 1–240102

Гродна, 2008

Рэцэнзенты

Асіпчук, А.М. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: дапаможнік для неспецыяльных факультэтаў / А.М.Асіпчук, В.В.Маршэўская, А.С.Садоўская. – Гродна: ГрДУ, 2008. – 267с.

У дапаможніку змяшчаюцца звесткі пра суадносіны мовы і соцыума, аб гісторыі мовы, з’яве білінгвізму і моўнай інтэрферэнцыі, стылістычнай дыферэнцыяцыі лексікі, асаблівасцях навуковага стылю мовы, лексічным складзе навуковага стылю, структуры і моўнай арганізацыі навуковага тэксту, сістэме жанраў навуковай літаратуры, асаблівасцях афіцыйна-справавога стылю, групах афіцыйна-справавой дакументацыіі, якая функцыянуе ў прафесійнай сферы, аб культуры маўлення.

Прызначаны студэнтам неспецыяльных факультэтаў.

ПРАДМОВА

Дапаможнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» створаны на аснове тыпавой праграмы «Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў» (Мінск, 2001).

У ім змяшчаюцца звесткі пра асаблівасці навуковага і афіцыйна-справавога стыляў мовы, аб культуры маўлення.

Практычныя заданні, якія прыводзяцца ў дапаможніку, рознага тыпу: адны з іх дазваляюць разабрацца ў канцэпцыях паходжання і гістарычных каранях беларускай мовы, іншыя разлічаны на паглыбленне тэарэтычных ведаў пра лексічныя, фанетычныя, арфаэпічныя, словаўтваральныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы; заданні закранаюць таксама праблемы беларуска-рускай, у прыватнасці, марфалагічнай і сінтаксічнай, моўнай інтэрферэнцыі.

Заданні, прысвечаныя навучальна-прафесійнай сферы, даюць студэнтам звесткі пра тэрміналогію і прадмет яе вывучэння; спецыфіку семантычных працэсаў, якія ў ёй адбываюцца; замацоўваюць асаблівасці словаўтварэння і перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую.

Пры складанні рэфератаў і анатацый студэнты вучацца шукаць і вылучаць асноўную і дадатковую інфармацыю, авалодваць прынцыпамі разгортвання і кампрэсіі інфармацыі ў навуковым тэксце, правільна афармляць даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры.

Аўтары лекцый: А.М.Асіпчук – «Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы»; «Лексікалогія і лексікаграфія» (таксама пытанне «Групы афіцыйна-справавой дакументацыі» ў лекцыі «Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю»); а таксама практычных заданняў для студэнтаў факультэта фізічнай культуры (пазначаныя сімвалам ☼), В.В.Маршэўская – «Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі»; «Сістэма стыляў беларускай мовы. Асаблівасці навуковага стылю мовы»; «Сістэма жанраў навуковай літаратуры» (пытанне «Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі» ў лекцыі «Лексікалогія і лексікаграфія»); а таксама практычных заданняў для студэнтаў юрыдычнага факультэта (пазначаныя сімвалам ◊); А.С.Садоўская – «Мова і соцыум»; «Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі», «Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю»; «Культура маўлення»; а таксама практычных заданняў для студэнтаў факультэта эканомікі і кіравання (пазначаныя сімвалам ▲). Заданні, пазначаныя сімвалам *, рэкамендуюцца для выканання студэнтамі ўсіх названых факультэтаў.

ЛЕКЦЫЙНАЯ ЧАСТКА

Лекцыя 1. МОВА І СОЦЫУМ

Мэта лекцыі – раскрыць асаблівасці функцыянавання мовы ў грамадстве, сфарміраваць уяўленне аб агульных звестках пра мову, яе паходжанне, функцыі, узаемасувязь з культурай.

Задачы:

– выявіць і адзначыць погляды на прыроду і сутнасць мовы;

– ахарактарызаваць існуючыя ў літаратуры гіпотэзы паходжання мовы;

– вызначыць сутнасць функцый, якія выконвае мова ў грамадстве;

– прааналізаваць адметныя асаблівасці нацыянальнай мовы.

Пытанні

1. Сутнасць і прырода мовы.

2. Гіпотэзы паходжання мовы.

3. Функцыі мовы ў грамадстве.

4. Нацыянальная мова і духоўная культура народа.

Праблемныя пытанні

1. Хто і як стварыў мову?

2. Якая функцыя для беларускай мовы з’яўляецца асноўнай?

Рэкамендаваная літаратура

1. Азарка, В. У. і інш. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мінск, 2005.

2. Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск, 2005.

3. Каўрус, А.А. Слова наша роднае. – Мінск, 1986.

4. Лыч, Л. М. Беларуская нацыя і мова. – Мінск, 1994.

5. Мікуліч, Т.М. Мова і этнічная самасвядомасць. – Мінск, 1996.

6. Падлужны, А.І. Мова і грамадства. – Мінск, 1997.

7. Сямешка, Л.І. Беларуская мова. – Мінск, 1999.

  1.  Сутнасць і прырода мовы

Уявіць сённяшняе жыццё без мовы немагчыма. Усе тыя сувязі, якія існуюць паміж людзьмі, цалкам грунтуюцца на мове. Дзякуючы мове мы можам карыстацца ўсімі назапашанымі чалавецтвам ведамі, разам з тым яна з’яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, моваю ахоплены ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця грамадства. Як жа вызначаецца навукай сутнасць, існасць мовы?

Адказы на гэтае пытанне існавалі розныя. Адны вучоныя разглядалі мову як з'яву біялагічную, такую, як здольнасць есці, піць, хадзіць. Лічылася, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну. Другія даследчыкі лічылі мову з'явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці. Падобныя сцвярджэнні маюць аднабаковы характар. На самой справе, мова – з'ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г.зн. ён валодае псіхафізіялагчным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэтую здольнасць чалавек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы (вы ведаеце выпадкі, калі маленькія дзеці, пазбаўленыя чалавечых кантактаў, раслі ў іншым асяроддзі і набывалі звычкі гэтага асяроддзя). Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыкметы, у спадчыну кожнаму канкрэтнаму чалавеку. Чалавек вучыцца мове ад іншых людзей, сама па сабе яна не сфарміруецца нават у генія. Дзіця, незалежна ад нацыянальнасці і генаў бацькоў, пачне размаўляць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця.

Кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належыць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з'ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку. Яна дапамагае кожнаму індывідууму заявіць аб сабе як пра арыгінальную асобу, са сваім духоўным светам, інтэлектуальным патэнцыялам. З другога боку, – з'ява грамадская (ці сацыяльная), бо належыць канкрэтнай грамадскай супольнасці. Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым, што яна аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсальны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва [7].

Такім чынам, мова – з’ява грамадская, якая ўзнікла на пэўным этапе развіцця чалавецтва і з’яўляецца вынікам прынцыпова новага якаснага ўзроўню развіцця чалавека і сацыяльнай арганізацыі грамадства.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і культурнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу яе гісторыі, з'яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа.

2. Гіпотэзы паходжання мовы

Дзе і як узнікла мова? Калі гэта адбылося?

На зямным шары налічваецца вялікая колькасць жывых істот, але сярод іх толькі чалавек валодае членападзельнай мовай, якая з’яўляецца яго галоўнай прыкметай і вылучае з астатняга біялагічнага свету. Гэты факт дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека, існуе ўсяго каля 5000 гадоў, дакладных і строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця прайшла, у вучоных няма. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай. Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі: а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця; б) мова створана звышнатуральнай сілай. Існуе некалькі гіпотэз паходжання мовы, найбольш пашыраныя з іх наступныя.

Самая старажытная філасофская канцэпцыя мовы – лагасічная (логасная). Яна пабудавана на міфолага-рэлігійных уяўленнях пра мову як дар Бога і існуе ў некалькіх разнавіднасцях: ведычнай, канфуцыянскай, біблейскай.

Паводле міфолага-рэлігійнай тэорыі, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак. Дух уздзейнічае на матэрыю, якая знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы. Вянец тварэння духу – чалавек. Для абазначэння духоўнага пачатку ўжываліся тэрміны «Бог», «Дао», «Логас». Так, згодна з хрысціянскай філасофіяй, «Слова» існавала да з'яўлення чалавека і непасрэдна кіравала інертнай матэрыяй. Яно стварыла свет з першаснага хаосу. Вось як гаворыць пра гэта ў Бібліі евангеліст Іаан: «У пачатку было слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць».

Падобныя тлумачэнні, толькі ў іншых тэрмінах, ляжаць у аснове індуізму і канфуцыянства. Побач з Божым паходжаннем мовы хрысціянская філасофія тлумачыць слова і як чалавечую з'яву. Бог стварае чалавека і адкрывае яму дар слова, г.зн. Божае слова, якое стварыла чалавека, становіцца потым здабыткам чалавека.

Пытанне пра паходжанне мовы разглядалася і ў антычнай філасофіі. Яшчэ ў VIIVI ст. да н.э. старажытнагрэчаскія вучоныя імкнуліся знайсці сувязь паміж словамі, «імёнамі» і высветліць, які характар паходжання мовы – прыродны ці ўмоўны. Пазней гэтыя праблемы асэнсоўваліся ў філасофіі эпохі сярэдніх вякоў і Адраджэння.

З XVI ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя паходжання мовы, у аснове якой ляжыць рацыянальная філасофская канцэпцыя «грамадскай дамоўленасці». Паводле яе, грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статка, дзе пануюць варожасць і барацьба кожнага. Прычыны пераходу да супрацоўніцтва тлумачыліся па-рознаму: ідэалістычна – божым паходжаннем чалавека і яго маралі; матэрыялістычна – агульнасцю інтарэсаў людзей. Паводле гэтай філасофіі, не Божае «Слова-Логас», а сам чалавек-мысляр, яго розум з'яўляюцца крыніцай навуковых адкрыццяў, працы. Аднак гэта тэорыя не тлумачыла, адкуль узялася мова, як чалавек авалодаў ёю.

Пазней на аснове філасофіі грамадскай дамоўленасці былі распрацаваны т.зв. этымалагічныя, ці натуралістычныя, гіпотэзы паходжання мовы: гукапераймальная, выклічнікавая і інш. Так, паводле гукапераймальнай гіпотэзы, мова ўзнікла са здольнасці чалавека пераймаць гукі навакольнага свету (птушак, звяроў). Згодна з выклічнікавай тэорыяй, штуршком для ўзнікнення мовы былі натуральныя інстынктыўныя гукавыя комплексы накшталт ой-ой, ха-ха як рэакцыя на пэўныя вонкавыя раздражняльнікі.

Відавочна, гэтыя гіпотэзы не даюць адказу на пытанне, як узнікла мова.

Вялікая ўвага праблеме паходжання і развіцця мовы надавалася ў працах французскіх і нямецкіх філосафаў (Ж.Русо, І.Гердэра і інш.). Але найбольш разгорнутае асвятленне атрымала гэтая праблема на пачатку XIX ст. у даследаваннях нямецкага філосафа і лінгвіста Вільгельма фон Гумбальта. На яго думку, «узнікненне мовы абумоўлена ўнутранай праблемай чалавецтва». Мова, па Гумбальту, – гэта жывая дзейнасць чалавечага духу, адзіная энергія народа, якая ідзе з глыбінь чалавечай існасці і напаўняе ўсё яго жыццё. Мова не проста сродак зносін людзей, яна тая сіла, якая робіць чалавека чалавекам. Канцэпцыя Гумбальта апіралася на ідэю ўзаемазвязнага развіцця мовы, мыслення і «духу народа». «Мова і духоўная сіла народа развіваюцца не асобна адна ад адной і не паслядоўна адна за другой, а складаюць выключна і непадзельна адно і тое ж дзеянне інтэлектуальнай здольнасці».

У XIX ст. была распрацавана т.зв. матэрыялістычная тэорыя паходжання мовы, ці «працоўная», або «сацыяльная». Паводле яе, мова ўзнікла як вынік сумеснай дзейнасці перашабытных людзей (неабходнасць узаемаразумення стымулявала ўзнікненне гукавых комплексаў). Перашабытныя людзі як бы прымацоўвалі гукавыя комплексы да прадметаў, дзеянняў. Паступова з развіццём грамадства слова ўжывалася не толькі для абазначэння канкрэтнага, але і цэлага класа прадметаў. Абстрагуючыся ад прадмета, мова ператваралася ў своеасаблівы знак. Такім чынам, вытокі мовы ўзыходзяць да пачатку сумеснай працоўнай дзейнасці і іншых грамадскіх стасункаў у працоўным калектыве [7].

Як бы ні вырашалася ў навуцы праблема паходжання мовы, відавочным для ўсіх нас з’яўляецца тое, што жыццё мовы цесна звязана з жыццём грамадства. Мова не толькі дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, але і захаваць здабыткі чалавечай гісторыі, навукі і культуры.

3. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова – складаная знакавая сістэма. І тое, што мы ведаем, як жылі нашы продкі тысячы гадоў назад, пра што яны марылі, аб чым рупіліся, і тое, што мы можам выказаць свае думкі, перадаваць пачуцці, – гэта ўсё дзякуючы яе універсальнаму характару і поліфункцыянальнасці. Універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый.

Асноўнымі сярод усіх функцый (а іх налічваецца каля 25) мовы з'яўляюцца камунікатыўная (мова – найважнейшы і унікальны сродак узаемаадносін паміж людзьмі) і пазнавальная, ці кагнітыўная (мова забяспечвае магчымасць думаць і пазнаваць свет). Пры дапамозе гэтых дзвюх функцый асоба атрымлівае інфармацыю ад іншых людзей ці грамадскія суполкі, людзі перадаюць патрэбную інфармацыю іншым асобам. Але з дапамогай мовы людзі не толькі могуць паведамляць адзін аднаму патрэбную інфармацыю, але і назапашваць веды, фіксаваць, класіфікаваць, абагульняць пэўныя інтэлектуальныя дасягненні чалавецтва.

На базе дзвюх асноўных функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя. У складзе камунікатыўнай функцыі вылучаюцца, напрыклад, рэгулятыўная, ці фатычная, пры дапамозе якой людзі наладжваюць кантакты паміж сабой, уступаюць у дыялогі і замыкаюць іх, рэгулююць адносіны паміж сабой, і акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай самасвядомасці народа.

У складзе пазнавальнай функцыі вылучаюць намінатыўную – функцыя наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці і эмацыйную – функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою.

Словы з’яўляюцца яшчэ і сродкам мастацкай творчасці. Таму з камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам слоў, іх спалучэннем. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення.

Вельмі важнай функцыяй мовы з'яўляецца этнічная, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці. Для беларускай мовы гэтая функцыя набывае асаблівае значэнне, паколькі Беларусь як самастойная дзяржава можа выйсці на міжнародны ўзровень толькі пры ўмове валодання нацыянальнымі традыцыямі, нацыянальнай спадчынай, культурай і мовай.

4. Нацыянальная мова і духоўная культура народа

Беларуская мова – мова беларускага народа, адметная форма яго духоўнай культуры. Гэта – «адзежа душы», самы дарагі яго скарб. Нацыянальная мова – матэрыялізаваная душа народа, які выпрацаваў на працягу сваёй доўгай гісторыі спецыфічныя фанетычныя, лексічныя, граматычныя адзнакі. Яе характарызуе, напрыклад, заўсёды цвёрдае вымаўленне гукаў [р], [ч] (чароўны, чабор), наяўнасць складаных гукаў [дз], [дж] (дзеці, гляджу), мілагучнае спалучэнне зычных і галосных (салодкі, ільняны), выкарыстанне сэнсава і эмацыянальна ёмістых слоў (ліпень, вясёлка), характарыстычных фразеалагізмаў (гады ў рады, як на дзяды) і інш.

Беларуская мова была і застаецца на нашай зямлі роднай моваю беларусаў. Яна трымае нас разам, цэментуе беларускую нацыю. Тэрмін родная мова, выкарыстаны ў час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года, паказаў наступнае: 81,2 % прызналі сябе беларусамі; 85,6 % з гэтай колькасці прызналі беларускую мову роднаю; болей за 40 % ад гэтай колькасці сцвердзілі, што карыстаюцца беларускаю моваю як формаю зносін паўсядзённа. Родная мова – гэта сістэма, якую пэўны народ самаідэнтыфікуе як сваю ўласную, надзвычай дарагую і каштоўную самому сабе, неад’емную ад гісторыі краю, адметную ад суседніх ці іншых моў.

Беларускаю моваю карыстаюцца штодзень у бытавых зносінах у вёсцы і горадзе. Беларускія словы, песні гучаць на вяселлях і радзінах, народных святкаваннях і проста за бяседным сталом. Іх можна пачуць па радыё і тэлебачанні, са сцэны тэатра і эстрады. На беларускай мове выходзяць газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, падручнікі і дапаможнікі для школ і вышэйшых навучальных устаноў. Творы майстроў беларускай літаратуры заслужылі прызнанне ў нашай краіне і за яе межамі.

Мова – не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Гэта люстэрка жыцця народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай. Яна з'яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры. Разам з тым мова – прадукт чалавечай культуры і яе важная частка, якую мы атрымліваем ад прадзедаў.

Любая культура з'яўляецца працэсам і вынікам асваення чалавекам рэчаіснасці. У розных народаў спосабы і вынікі гэтага асваення маюць агульнае і адметнае, спецыфічна-нацыянальнае. Усё гэта найперш адлюстроўваецца ў мове: у адметнасці слоўніка, у будове слоў, сказаў. Мова – гэта не толькі сувязь паміж людзьмі, але і людзей з прыродаю як важным складальнікам культуры. Гумбальт сцвярджаў: «У кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай».

У кожнай мове ёсць назвы прадметаў, паняццяў, якія значаць больш, чым яны абазначалі спачатку. На працягу гісторыі развіцця многія словы акумулююць інфармацыю, звязаную з бытам, звычаем, культурай народу, абрастаюць разнастайнымі асацыяцыямі. Гэтая дадатковая, нацыянальна абумоўленая інфармацыя існуе ў свядомасці носьбітаў мовы і складае так званы нацыянальна-культурны кампанент значэння моўных адзінак. Прадметы і з’явы, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці пэўнага народа, маюць больш разнастайных назваў, чым аб’екты, якія не сустракаюцца або рэдка сустракаюцца ў жыцці. Так, прыкметнай адзнакай ландшафту Беларусі з’яўляецца балота, і беларуская мова мае больш за 20 яго назваў: дрыгва, дрыгвянік, багна, багнішча, твань, тхлань, імшара і інш. Затое ў нашай мове зафіксавана толькі адна назва такой жывёліны, як вярблюд, у той час як у арабскай мове даследчыкамі адзначаецца каля 5000 розных яго назваў [7].

Мова – не толькі спосаб захавання духоўнасці і культуры, але і ў пэўнай ступені сродак іх фарміравання. Многія вучоныя схільны лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы. Гэта значыць, што сама мова як своеасаблівы код культуры ў пэўнай ступені вызначае светапогляд і менталітэт народа, яго псіхічную і нацыянальна-культурную свядомасць.

Праверачны тэст

1. Галоўнай, дыферэнцыяльнай прыкметай чалавека з’яўляецца

1) членараздзельная мова; 4) мозг;

2) верхнія і ніжнія канечнасці; 5) мысленне.

3) язык, зубы;

2. Устанавіце адпаведнасць паміж функцыямі мовы і іх сэнсавай характарыстыкай.

А. Камунікатыўная. 1. Мова – сродак, які забяспечвае магчымасць

Б. Пазнавальная. думаць і пазнаваць свет.

В. Эстэтычная. 2. Мова – сродак уздзеяння на пачуцці і думкі

Г. Этнічная. людзей.

3. Мова – прыкмета, сімвал нацыі, сродак

этнічнай кансалідацыі.

4. Мова – сродак узаемаадносін паміж людзьмі.

5. Мова – сродак выражэння эмоцый,

пачуццяў, настрою.

3. Паводле матэрыялістычнай тэорыі ўзнікненне мовы звязана з...

1) мова – дар Бога;

2) мова – вынік сумеснай дзейнасці першабытных людзей;

2) мова – здольнасць чалавека пераймаць гукі навакольнага асяроддзя;

4) мова – наяўнасць інстынктыўных гукавых комплексаў

5) мова – праяўленне эмоцый.

Лекцыя 2. ГІСТАРЫЧНЫЯ ЭТАПЫ ФАРМІРАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Мэта лекцыі – паказаць працэс станаўлення беларускай мовы, асаблівасці яе развіцця на розных гістарычных этапах.

Задачы лекцыі:

- ахарактарызаваць асноўныя перыяды фарміравання беларускай мовы;

- прааналізаваць прычыны заняпаду беларускай мовы на пэўных гістарычных этапах (у тым ліку і на сучасным);

- адзначыць ролю выдатных асветнікаў у працэсе адраджэння, унармавання і захавання беларускай мовы;

- садзейнічаць фарміраванню ў студэнтаў пачуцця каштоўнасці роднай мовы.

Пытанні

1. Беларуская мова ў сям’і індаеўрапейскіх моў. Вытокі беларускай мовы.

2. Роля беларускай мовы ў ВКЛ.

3. Прычыны заняпаду беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

4.Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

5. Русіфікатарскі характар нацыянальна-моўнай палітыкі дзяржавы на працягу 30-80 гадоў ХХ ст.

6. Асаблівасці развіцця беларускай літаратурнай мовы ў 90-я гады ХХ ст. Стан беларускай мовы на сучасным этапе.

Праблемныя пытанні

1.Чаму перыяд існавання ВКЛ даследчыкі называюць «залатым векам» у гісторыі развіцця беларускай мовы?

2. Ці з’яўляецца сёння беларуская літаратурная мова сродкам зносін нацыі? Якія фактары могуць паўплываць на адраджэнне беларускай мовы ў розных сферах жыцця?

Рэкамендаваная літаратура

  1.  Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск, 2005.
  2.  Лепешаў, І.Я., Якалцэвіч, М.А. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі. – Гродна, 2001.
  3.  Ляшчынская, В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мінск, 2003.
  4.  Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў. – Мінск, 1999.
  5.  Сямешка, Л.І. Беларуская мова. – Мінск, 1999.
  6.  Шакун, Л. М. Карані роднай мовы. – Мінск, 2001.
  7.  

Пры вывучэнні складанага пытання пра паходжанне беларускай мовы (як і рускай, украінскай) трэба мець на ўвазе, што ўзнікненне беларускай мовы нельга датаваць пэўным годам ці нават дзесяцігоддзем (Ф. Янкоўскі). Станаўленне беларускай мовы цесна звязана з гістарычнымі і сацыяльна-палітычнымі фактарамі, якія абумоўліваюць яе росквіт або заняпад.

1. Беларуская мова ў сям’і індаеўрапейскіх моў. Вытокі беларускай мовы

У свеце, паводле звестак вучоных, налічваецца ад 2,5 да 6000 жывых і мёртвых моў. На аснове падабенства роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў моўныя сем’і (іх каля 20): індаеўрапейская, цюркская, угра-фінская, кітайска-цібецкая, мангольская, семіта-хаміцкая і інш. У сваю чаргу, моўныя сем’і могуць распадацца на моўныя групы і падгрупы. Аднак ёсць мовы (напр., японская, якая абслугоўвае звыш 110 млн. чалавек, карэйская), якія існуюць ізалявана, не ўваходзяць у склад сем’яў ці груп.

Беларуская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы, усходнеславянскай падгрупы.

Індаеўрапейскія мовы – самая вялікая ў свеце моўная сям’я. У наш час амаль кожны другі жыхар планеты гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Сама назва паказвае на вельмі далёкую, але ўсё ж роднасць моў народаў Еўропы і Азіі. Індаеўрапейская сям’я моў падзяляецца на 12 (у дапаможніках Л.І. Сямешкі, Л.А. Гіруцкай і некаторых іншых аўтараў называецца лічба 16) груп: індыйская, германская (англійская, нямецкая, галандская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская і г. д.), раманская (іспанская, італьянская, французская, румынская, малдаўская, партугальская, мёртвая лацінская мова і г. д.), славянская, балтыйская (літоўская, латышская і мёртвая пруская мова), кельцкая (ірландская, шатландская і г. д.), іранская (персідская, афганская, таджыкская і г. д.), грэчаская, армянская, албанская, хецкая, тахарская.

Славянская група распадаецца на тры падгрупы: усходнюю (беларуская мова, руская, украінская), заходнюю (польская, чэшская, славацкаая, сербалужыцкая, мёртвая палабская), паўднёвую (балгарская, македонская, сербскахарвацкая, славенская, мёртвая стараславянская). Увогуле, славянскія мовы – пятая паводле распаўсюджанасці група моў на Зямлі (пасля кітайскай, індыйскай, германскай і раманскай).

Славянскія мовы выдзеліліся з індаеўрапейскай мовы (мовы-асновы, прамовы, мовы-маці) недзе на мяжы ІІІ і ІІ тысячагоддзяў да н. э. Ад тых старажытных часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся вялікі пласт слоў. У беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца словы Бог, вера, дух, дзіва, неба, маці, брат, снег, воўк, вуж, лён, лічэбнікі два, тры, дзесяць, сто, займеннікі ты, вы, сам і інш.

ІІІ тысячагоддзе да н. э. – І тысячагоддзе н. э. – агульны перыяд у гісторыі славян – агульнаславянскі (скончыўся гэты перыяд прыкладна ў сярэдзіне І тысячагоддзя н. э.). І, адпаведна, мову славян гэтага часу называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Яна складалася з блізкароднасных племянных дыялектаў. Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Ёсць гіпотэза і аб існаванні агульнай балта-славянскай мове-продку, што тлумачыцца асабліва блізкімі адносінамі ў старажытнасці славян і балтаў (шматлікія прозвішчы, назвы населеных пунктаў, вадаёмаў на Беларусі маюць балцкія карані: Нёман, Нача, Ашмяны, Смаргонь, Кемелішкі, Гервяты, Геранёны і многія іншыя). Існуе версія і славяна-фінскага паходжання беларускай народнасці. Якое месца займала мова продкаў беларусаў у праславянскім свеце? На думку рускага вучонага А. Шахматава, беларускага даследчыка П. Бузука і некаторых іншых, хутчэй за ўсё прабеларусы займалі прамежкавае становішча паміж продкамі рускіх, украінцаў і заходнімі славянамі. Пра гэта сведчаць агульныя для беларускай і заходнеславянскіх моў працэсы (дзеканне, цеканне, страта мяккага [p]).

Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення (ад Віслы і Одэра да Дона і Волгі, ад Карпат да Балтыкі), і за час вандровак па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся. Дарэчы, агульная колькасць славян у свеце каля 290 млн. чалавек (для параўнання: кітайцаў каля 1 247 млн. на 1999 г.). Яны аб’яднаны паміж сабой не толькі агульнасцю паходжання, многімі культурнымі традыцыямі, але і незвычайнай блізкасцю моў (такая блізкасць праяўляецца ў падабенстве каля дзвюх тысяч слоў, а таксама ў фанетыцы, граматыцы). Параўн.: галава (бел.), голова (рус.), голова (укр.), glowa (польс.), hlava (чэшс.), глава (балг.) і пад.

У УІ-УІІ ст. н. э. завяршылася рассяленне славян і ўтварыліся тры групы славянскіх плямён (усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне). Пазней на іх аснове пачнуць складвацца асобныя народнасці.

У ІХ ст. усходнія славяне ўтварылі феадальную дзяржаву Кіеўская Русь, а ў канцы Х ст. на нашыя землі прыйшло хрысціянства, разам з ім і пісьменнасць на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове – першай літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян (успомнім асветнікаў Кірылу і Мяфодзія). На гэты час яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі рукапісныя. (Буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці на Беларусі: Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр). Царкоўнаславянскай мовай карысталіся не толькі пры перапісванні свяшчэнных тэкстаў, але і для стварэння арыгінальных твораў рэлігійнага зместу (казанні, павучанні, словы, малітвы епіскапа Кірылы Тураўскага; словы-прамовы царкоўнага дзеяча, філосафа палескага Златавуста; пісьмовая спадчына пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага). Асаблівай увагі заслугоўвае культурна-асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай (заснавала жаночы і мужчынскі манастыры і царкву ў Полацку, скрыпторыі – майстэрні, у якіх перапісваліся свяшчэнныя кнігі; па яе загаду майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў створаны надзвычайнай прыгажосці крыж, надпіс на якім зроблены таксама на царкоўнаславянскай мове). Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля.

Дзяржаўнай жа мовай Кіеўскай Русі з’яўлялася старажытнаўсходнеславянская, ці старажытнаруская мова, утвораная шляхам сінтэзу стараславянскай мовы і жывой гутарковай мовы ўсходніх славян. Нагадаем, што тэрмін «старажытнаруская» звязваецца не з сучаснай рускай мовай (велікарускай), а адносіцца ў роўнай ступені да ўсіх трох усходнеславянскіх моў. На старажытнаўсходнеславянскай мове напісаны такія творы, як «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда», «Слова мітрапаліта Іларыёна», «Астрамірава Евангелле», творы Уладзіміра Манамаха, а таксама шматлікія гандлёвыя дагаворы, граматы, грашовыя разлікі, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры (пра гэта сведчаць археалагічныя раскопкі). Ужо ў гэты час у літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян вылучаецца як мінімум тры стылі: справавы, царкоўна-кніжны і свецка-літаратурны (найбольшая колькасць стараславянскіх элементаў назіраецца ў творах рэлігійнага зместу, менш – у мастацкіх, яшчэ менш – у справавых тэкстах, апошнія з якіх адлюстроўваюць спецыфічныя рысы сучаснай беларускай мовы). Дарэчы, аўтарства «Слова пра паход Ігаравы» (ХІІ ст.), на думку рускага даследчыка Б. Зотава, хутчэй за ўсё належыць Кірыле Тураўскаму (вельмі блізкая да «Слова..» манера выкладання думак, пачуццяў з дапамогай мовы, уласцівыя яму выяўленчыя і вобразныя сродкі).

Такім чынам, да ХІІІ ст. існавала адносна адзіная пісьмовая мова ўсходніх славян, аднак гаварылі продкі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў па-рознаму. Кожная мова развівалася сваім шляхам!

2. Роля беларускай мовы ў ВКЛ

У ХІІІ ст. пасля распаду Кіеўскай Русі (а гэтаму паспрыялі міжусобныя войны феадалаў) пачалі складвацца асобныя народнасці – беларуская, руская і ўкраінская. Беларуская народнасць утварылася з трох плямён: крывічы, радзімічы, дрыгавічы. (Тэрмін «Белая Русь» упершыню сустракаецца ў канцы XIV ст. у адносінах толькі да Полацкай зямлі. У далейшым ён пашырыўся на ўсю Беларусь).

Асноўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы (даследчыкі называюць яе старабеларускай) адыгралі мясцовыя гаворкі (паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты). Як асобная самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ВКЛ на працягу ХІУ – ХУІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай дзяржаўнай. У пісьмовых дакументах таго часу наша зямля часта называецца Літвой, беларусы – літоўцамі або ліцвінамі ў знак таго, што яны былі жыхарамі ВКЛ, а мова – літоўскай, рускай, простай (продкі ж сучасных літоўцаў называліся жамойтамі і аўкштайтамі).

На беларускай мове былі створаны летапісы, арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы, вучэбная, публіцыстычная, юрыдычная літаратура; вялася дыпламатычная перапіска (1392 – 1393 гг. хан Арды Тахтамыш піша ліст польскаму каралю Ягайла на старабеларускай мове)! Важна і тое, што на славянскім усходзе распачалося кнігадрукаванне (6 жніўня 1517 г. у Празе Ф. Скарына надрукаваў на царкоўнаславянскай мове Псалтыр). Спыніцца на асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны (гуманіст, першадрукар, перакладчык, пісьменнік, рэдактар, мастак). Менавіта ён узняў беларускую мову і беларускую культуру на еўрапейскі ўзровень (праз два стагоддзі тое самае паспрабуе зрабіць для рускага народа М. В. Ламаносаў). Гэты перыяд знакаміты такімі вядомымі асветнікамі, людзьмі энцыклапедычнай адукаванасці, як Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і інш.

Назавём жанры і найбольш вядомыя помнікі літаратуры таго часу.

1.Справавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, дарчыя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Прыклады дадзенага жанру: «Дагавор Полацка з Рыгай»(1330 г.), «Дарчая грамата» Вітаўта літоўскім канонікам (1399), «Судзебнік» караля Казіміра Ягелончыка (1468 г.), «Кніга судовых спраў» (1516 г.) і інш. Помнікі справавой пісьменнасці, як рукапісныя, так і друкаваныя, сабраны ў 600 тамоў Літоўскай метрыкі, дакументы якой даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў і з’яўляюцца крыніцай вывучэння беларускай мовы. Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду, безумоўна, лічыцца Статут Вялікага Княства Літоўскага (тры рэдакцыі: 1529 г., 1566 г., 1588 г.), які стаў узорам, асновай для ўпарадкавання права нават у многіх суседніх дзяржавах: Прусіі, Польшчы, Расіі! Доўгі час заставаўся адзіным зборам законаў у Еўропе, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Не выклікае сумненняў, што «Статут» быў распрацаваны і падрыхтаваны на высокім тэарэтычным і прафесійным узроўні кваліфікаванымі прававедамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі (рэдакцыя 1588 г. падрыхтавана пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Б. Валовіча і падканцлера Л.І. Сапегі). «Статут» – сведчанне дзяржаўнасці беларускага і літоўскага народаў, іх высокай прававой культуры. Некаторыя сучасныя гісторыкі многія гады даказвалі, што да кастрычніка 1917 года беларусы аб дзяржаўнасці толькі марылі... Публікацыя «Статута Вялікага Княства Літоўскага» (Мн., 1989 г.), прымеркаваная да 400-годдзя першай публікацыі (1588 г.), – важкі аргумент у сённяшніх спрэчках аб дзяржаве і беларускай мове.

Справавыя дакументы даволі паслядоўна адлюстроўвалі асаблівасці народнай гаворкі, яе багатую лексіку, фанетычныя і граматычныя з’явы. Слоўнік старабеларускай мовы папаўняўся грамадска-палітычнай, юрыдычнай тэрміналогіяй (увогуле перыяд ВКЛ адметны фарміраваннем розных тэрмінасістэм: гандлёвай, ваеннай, навуковай і г. д.): аброк, права, мыто (пошліна), послух (сведка), рубель, чалядзін, дзяржава, прыгонныя людзі, помста, забойца, кошт і г. д.

2. Летапісы (захавалася каля 20 збораў) ХУ – ХУІІ стст. Сярод іх знаходзяцца Супрасльскі збор, Увараўскі збор, Віленскі зборнік, дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжацкія справы на тэрыторыі нашай краіны. Найбольш знакамітымі з’яўляюцца «Чэцці-Мінеі», напісаныя паповічам Бярозкам з Новагародка, які распавядае пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба, а таксама Баркалабаўскі летапіс (апісваюцца падзеі ў наваколлі Быхава).

3. Перакладная жыційная літаратура (ХУ – ХУІ стст.). Пераклады з грэчаскай, сербскай і некаторых іншых моў: «Александрыя»(апісваюцца паходы і подзвігі Аляксандра Македонскага), «Гісторыя Траянскай вайны» (аб заваяванні грэкамі Троі); «Аповесць аб Трыстане», «Гісторыя аб Атыле», «Аповесць пра Баву».

4. Мастацкая і палемічная літаратура: «Метры» Сімяона Полацкага на старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы, палемічныя прамовы Мялешкі супраць польскага засілля, а таксама вершы невядомых аўтараў.

5. Лінгвістычная літаратура: «Грамматіка Словенска», «Лексіс» (тлумачыцца 1061 стараславянскае слова) Лаўрэнція Зізанія, «Грамматіка» Мялеція Сматрыцкага, якую пазней М. В. Ламаносаў назаве «вратами учёности». Дадзеная праца прысвечана апісанню стараславянскай мовы, але, як і ў Л.Зізанія, метамовай (мовай, з дапамогай якой апісваецца іншая мова, у прыватнасці, царкоўнаславянская) паслужыла старабеларуская, дзе адзначаюцца рысы жывой беларускай гаворкі: зацвярдзелы р, аканне, замена яць на е, беларускія лексемы але, друк, праца і інш.

6. Рэлігійная літаратура. Францыск Скарына (23 кнігі Бібліі, «Малая падарожная кніжыца», «Апостал»), Сымон Будны на старабеларускай мове ў 1562 г. выдае «Катэхізіс»; Васіль Цяпінскі выдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову «Евангелле». Да гэтага ж часу належаць 30 зборнікаў кітабаў (рукапісныя рэлігійныя кнігі татар, якія з ХІУ ст. да сённяшніх дзён жывуць на Беларусі). Лінгвістычная каштоўнасць дадзеных тэкстаў у тым, што арабскімі літарамі паслядоўна і выразна перадаюцца многія фанетычныя асаблівасці беларускай мовы, якія нерэгулярна, эпізадычна фіксаваліся ў старабеларускіх помніках, напісаных кірыліцай. Да такіх асаблівасцей належаць аканне, яканне, перадача г фрыкатыўнага, афрыкатаў дж, дз, мяккага с і інш. У тэкстах гэтых помнікаў назіраецца паступовы пераход ад марфалагічнага да фанетычнага прынцыпу напісання слоў. Акрамя ўласных лексем, у дадзеных помніках ёсць і беларуская фразеалогія (галаву звесіць, сэрца баліць, чыніць паклон і інш.).

У старабеларускіх рукапісных і друкаваных кнігах даволі разнастайна пададзены жывыя моўныя з’явы, уласцівыя беларускім гаворкам і не характэрныя ў цэлым для рускай і ўкраінскай моў. Да пералічаных ужо фанетычных адметнасцей неабходна дабавіць падаўжэнне зычных (зелле, жыццё і інш.), зацвярдзенне р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і г.д.), прыстаўныя гукі в, г (восень, гусеница і інш.), пераход в, у, л у ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і пад.), чаргаванне складоў ро, ло з ры, лы ў становішчы паміж зычнымі (кровъ – крыви, глотка – глытати і пад.). З марфалагічных рысаў: скланенне назоўнікаў тыпу боль, жаль, тень, насыпъ і г. д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў –у(-ю) у назоўніках р. скл. адз. л. м. р.(народу, броду і пад.). У слоўнікавым складзе беларускай мовы, акрамя спрадвечнабеларускай лексікі, сустракаюцца шматлікія запазычанні з розных моў: польскай (скарга, еднасць, ліст, ксёндз і інш.), чэшскай (брама, гарцаваць і інш.), літоўскай (пуня, клуня, жвір і інш.), нямецкай (варта, штурм, фурман і інш.), французскай (пашпарт, сяржант і інш.), італьянскай (пошта, палац, кампанія і інш.), лацінскай (правінцыя, камісія, працэс, копія і інш.), грэчаскай (біблія, манах і інш.), цюркскіх (атаман, тавар, торба і інш.) і г. д. 

Старабеларуская мова на працягу некалькіх стагоддзяў абслугоўвала розныя сферы грамадскага жыцця ў ВКЛ. Яна аказала ўплыў на іншыя мовы, у прыватнасці, на літаратурную мову рускай народнасці! Менавіта гэты перыяд (14 – 16 стст.) лічыцца росквітам у гісторыі беларускай культуры, мовы, таму вучоныя і назвалі яго «залатым векам».

Аднак далейшы ход развіцця беларускай мовы быў надзвычай неспрыяльным.

3. Прычыны заняпаду беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі

У 2-ой палове ХУІ ст. пасля аб’яднання Літвы з Польшчай на аснове Люблінскай уніі (1569 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Пры падтрымцы каталіцкага Рыма Рэч Паспалітая пачынае праводзіць палітыку апалячвання і акаталічвання беларусаў. Спачатку афіцыйна выкарыстоўваліся і польская, і беларуская мовы, але з цягам часу паступова ў якасці дзяржаўнай уводзіцца польская мова. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб забароне беларускай мовы ў дзяржаўных і судовых установах. У канцы ХУІІ ст. беларуская літаратурна-пісьмовая мова прыходзіць у поўны заняпад. Па сутнасці, працягвае развівацца толькі народная гутарковая мова (дыялекты), якая сустракаецца ў шматлікіх помніках фальклору (казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, вершаваныя творы, жарты і г. д.), а таксама ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для характарыстыкі беларускіх персанажаў. Менавіта з гэтага часу ў галовы тутэйшага насельніцтва ўбівалася негатыўнае, зневажальнае стаўленне да ўсяго беларускага, у першую чаргу да беларускай мовы, якую сталі называць «мовай хамскай, мужыцкай, паганскай». Польская мова лічылася мовай вышэйшага гатунку, панскай, шляхетнай. На вялікі жаль, многія прадстаўнікі беларускай шляхты за пэўныя прывілеі выракаліся не толькі роднай мовы, але і свайго беларускага паходжання, больш таго – сваёй веры!

У канцы ХУІІІ ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1840 г. царскі ўрад (Мікалай І) забараняе ўжываць саму назву «Беларусь» (існавала назва «Северо-Западный край»). Афіцыйная перапіска і мастацкая літаратура на беларускай мове былі забаронены. У літаратурнай беларускай мове гэтага часу амаль не было грамадска-палітычнай і навуковай тэрміналогіі, не было строгай сістэмы граматычных, лексічных і арфаэпічных нормаў (гэтым тлумачыцца адсутнасць у беларускай літаратуры такога напрамку, як класіцызм, дзе творы павінны пісацца на добра апрацаванай мове, высокім стылем).

Сваёй роднай мовай беларускі народ карыстаўся толькі ў бытавой сферы. Польскія і рускія вучоныя не прызнавалі беларускую мову самастойнай, разглядалі яе як польскі або рускі дыялект; вялі спрэчкі наконт таго, кім з’яўляюцца тутэйшыя жыхары: рускімі ці палякамі.

У 1867 г. царскі ўрад забараніў друкаванне кніг на беларускай мове. Гэта забарона праіснавала да рэвалюцыі 1905 года. За ўсё ХІХ ст., па падліках даследчыкаў, выйшла не больш за 75 кніг. Пасля паўстання 1863 г. на працягу 30 гадоў на Беларусі не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове. А тыя, што выходзілі ў свет, друкаваліся за межамі Расійскай імперыі. Сярод нешматлікіх твораў, якія з’явіліся ў ХІХ ст., найбольш значнымі лічацца ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе»(аўтарства прыпісваецца В. Равінскаму) і «Энеіда навыварат».

4. Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

Як ні дзіўна, але менавіта ў час поўнага нацыянальнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусістаў з’яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы – такую мэту ставілі перад сабой асветнікі ХІХ ст. (ля вытокаў гэтага прагрэсіўнага працэсу стаялі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каліноўскі, У. Сыракомля, Ядвігін Ш., А. Гурыновіч і іншыя прагрэсіўныя пісьменнікі). Нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча (зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»), з’яўляюцца вершы Я Лучыны. У 1906 г. выдаюцца газеты «Наша Доля», пасля – «Наша Ніва». У «Нашай Ніве» друкавалі свае творы класікі беларускай літаратуры: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, С. Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы. Нагадаем, што фарміравалася яна не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова. (Аднак сам працэс развіцця сучаснай літаратурнай мовы расцягнуўся больш чым на стагоддзе. Па сутнасці, яшчэ ў пачатку ХХ ст. беларуская мова была неўнармаванай, развівалася ў асноўным у жанры мастацкай літаратуры).

У 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) і беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай, г. зн. на ёй працавалі ўрад і іншыя грамадскія ўстановы. Распачаўся працэс беларусізацыі. Да беларускага пісьмовага слова далучыліся мільёны людзей. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў, сярод іх А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча, М. Чарот, А. Дудар. К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва і інш. (Вялікі парадокс 60-70 гадоў у тым, што ў той час, як у нас скарачалася колькасць чытачоў беларускай літаратуры, яна выйшла на сусветную арэну. Гэта быў плён нацыянальна-культурнай палітыкі 20-х гадоў). Упершыню былі створаны на беларускай мове падручнікі для школ па ўсіх прадметах, слоўнікі (у прыватнасці, слоўнікі вайсковай тэрміналогіі, прававой, батанічнай; дыялектныя слоўнікі, перакладныя і інш.). У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай (!), звыш 80 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі. У 1918г. Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў «Беларускую граматыку для школ», якая дала пачатак станаўленню новай беларускай арфаграфіі. У «Граматыцы» ўпершыню былі прыведзены ў сістэму правілы напісання спрадвечна беларускіх слоў і асобна вызначаны нормы напісання слоў іншамоўнага паходжання. «Граматыка» Тарашкевіча на працягу 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове. (Дарэчы, беларуская дыяспара і сёння карыстаецца дадзенай арфаграфіяй, якая атрымала неафіцыйную назву «тарашкевіца»).

5. Русіфікатарскі характар нацыянальна-моўнай палітыкі дзяржавы на працягу 30-80 гадоў ХХ ст.

Аднак ужо ў 30-я гады пасля ўсталявання таталітарнага сталінскага рэжыму працэс беларусізацыі быў гвалтоўна спынены. Пачалася кампанія па выкрыцці т. зв. «нацыянал-дэмакратаў» (нацдэмаў), да якіх адносілі амаль усіх, хто так ці інакш быў звязаны з беларускай культурай, навукай. У выніку рэпрэсій загінулі тысячы (!) грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, работнікаў асветы (толькі за адзін дзень у Мінску было расстраляна восем літаратараў: А. Дудар, М. Зарэцкі, П. Галавач, А. Вольны, В. Каваль, В.Сташэўскі, В. Маракоў, І.Харык; збіраліся матэрыялы для арышту Я.Купалы і Я.Коласа). Знішчалася беларуская творчая інтэлігенцыя. Вось як пра гэта гаворыць у сваёй публіцыстычнай кнізе «Толькі мы самі» Ніл Гілевіч: «У 1930 г. было рэпрэсіравана 35 літаратараў, у 1933 – 27, у 1935 – 50, у 1937 – 43. У выніку да 1939 г. з усяго Саюза пісьменнікаў Беларусі засталося ў жывых каля 15 душ!.. Кожныя дзевяць з дзесяці беларускіх літаратараў былі рэпрэсіраваныя, расстраляныя або сасланыя на лютую пагібель на край свету... А яшчэ мастакі, артысты, вучоныя ды проста настаўнікі, аграномы, інжынеры – толькі за тое, што карысталіся беларускай мовай. Многія тысячы таленавітых людзей (інтэлектуальны хрыбет народа) загінулі ў лагерах».

У 1938 г. выходзіць пастанова ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». 

У 2-ой палове ХХ ст. беларуская літаратурная мова існавала ва ўмовах канкурэнцыі з рускай мовай (у савецкі перыяд было прынята гаварыць аб гарманічным развіцці беларуска-рускага двухмоўя, аб росквіце нацыянальных моў у сацыялістычным грамадстве).

Нацыянальна-моўная палітыка дзяржавы мела русіфікатарскі характар. На працягу 50-80 гадоў сфера выкарыстання беларускай мовы хутка звужалася: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання (усё гэта назіраем і сёння). Руская мова, па сутнасці, са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову нашай рэспублікі.

Разам з інтэнсіўнай урбанізацыяй Беларусі, з пашырэннем рускамоўных каналаў інфармацыі русіфікатарская палітыка прывяла да страты ў значнай часткі насельніцтва пачуцця каштоўнасці беларускай мовы, да дэфармацыі нацыянальнай свядомасці! Назіраліся такія абсурдныя з’явы, калі, скажам, бацькі (прычым нават не ваеннаслужачыя) маглі вызваліць дзіця ад вывучэння беларускай мовы па стане здароўя (не ад замежнай, а ад роднай мовы!).

6. Асаблівасці развіцця беларускай літаратурнай мовы ў 90-я гады ХХ ст. Стан беларускай мовы на сучасным этапе

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. узніклі новыя фактары, якія паўплывалі на моўную сітуацыю. Пачаўся працэс дэмакратызацыі грамадства, распачалося будаўніцтва суверэннай дзяржавы. У 1990 годзе беларуская мова набыла статус дзяржаўнай у адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які прадугледжваў яе аднаўленне найперш у сферы адукацыі і афіцыйна-справавога ўжытку. Актыўна распачалося выдавецтва тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі, вытворчасці, сельскай гаспадаркі і г. д. Значна паспрыялі павышэнню ролі беларускай мовы ў грамадстве інтэлігенцыя, установы культуры, адукацыі.

Аднак ужо 14 мая 1995 года адбыўся агульнарэспубліканскі рэферэндум, па выніках якога быў прыняты закон аб набыцці рускай мовай аднолькавага статусу дзяржаўнасці з беларускай. На паперы замацавана двухмоўе, а ў рэальнасці беларуская мова не з’яўляецца сродкам зносін нацыі, не выкарыстоўваецца ў розных сферах жыцця. Рэферэндум паказаў, на якім узроўні культурнага развіцця знаходзіцца наша грамадства! Ва ўсіх славянскіх краінах у якасці адзіных дзяржаўных моў юрыдычна зацверджаны мовы тытульных нацый. Выключэнне складае Беларусь. (Паразважаць пра сучасны стан беларускай мовы, прычыны яе незапатрабаванасці; прывесці вытрымкі з артыкула Н. Гілевіча «Яшчэ раз: за што змагаемся?»). Нельга лічыць сябе адукаваным чалавекам, не валодаючы роднай мовай! На сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная. Наша мова ўключана ЮНЕСКА (спецыялізаваная ўстанова ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) у спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Некаторыя даследчыкі прагназуюць менавіта такі, ірландскі, шлях развіцця беларускай мовы (юрыдычна абедзве мовы маюць раўнапраўны статус, а фактычна адбываецца скарачэнне функцый роднай мовы аж да змярцвення).

Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, беларуская літаратурная мова набыла неабходную культуру, на ёй выдаюцца энцыклапедыі, слоўнікі, граматыкі, манаграфіі, на ёй існуе багатая і самабытная мастацкая літаратура (дастаткова сказаць, што ў 80-я гг. ХХ ст. творы Васіля Быкава былі самымі перакладальнымі ў свеце на замежныя мовы). Аднак гэтага, безумоўна, недастаткова. Як слушна заўважыў Б. Плотнікаў, «аніводная цывілізацыя не можа дапусціць страты ўжо зафіксаванага ў літаратуры, на пісьме інтэлектуальнага і духоўнага багацця, якое разышлося па ўсім свеце і вывучаецца не толькі беларусамі. Пры глыбокім і арганічным укараненні роднай мовы ў жыццё беларусаў не толькі павялічыцца колькасць прыхільнікаў беларускай мовы, але і істотна ўзвысіцца іх чалавечая годнасць у нацыянальным абліччы».

Праверачны тэст

1. Беларуская мова належыць да

1) індаеўрапейскай моўнай сям’і, балтыйскай групы,

усходнеславянскай падгрупы;

2) кітайска-цібецкай моўнай сям’і, славянскай групы,

усходнеславянскай падгрупы;

3) індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы,

усходнеславянскай падгрупы;

4) індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы,

заходнеславянскай падгрупы;

5) індаеўрапейскай моўнай сям’і.

2. Устанавіце адпаведнасць

А. «Малая падарожная кніжыца».

Б. «Беларуская граматыка для школ».

В. Зборнік «Дудка беларуская».

Г. «Грамматіка».

  1.  Ф. Багушэвіч.
  2.  М. Сматрыцкі.
  3.  М. Гусоўскі.
  4.  Ф. Скарына.
  5.  Б. Тарашкевіч. 

3. Новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова сфарміравалася на аснове

1) кніжных традыцый;

2) народных гаворак;

3) рускай мовы;

4) польскай мовы;

5) дыялектаў. 

Лекцыя 3. БІЛІНГВІЗМ І МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ

Мэта лекцыі – раскрыць сутнасць паняцця білінгвізму, вызначыць асаблівасці праяўлення гэтай з’явы на тэрыторыі Беларусі.

Задачы лекцыі:

– выявіць і ахарактарызаваць розныя аспекты двухмоўя;

– вызначыць сутнасць інтэрферэнцыі і яе віды;

– ахарактарызаваць трасянку як лінгвістычную з’яву на тэрыторыі Беларусі;

– сфарміраваць у студэнтаў уяўленне аб сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне.

Пытанні

1. Паняцце білінгвізму. Аспекты білінгвізму.

2. Білінгвізм і інтэрферэнцыя. Віды інтэрферэнцыі.

3. Трасянка як лінгвістычная з'ява.

4. Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі.

Праблемныя пытанні:

1. Чаму ў навуковай літаратуры можна сустрэць розныя адказы на пытанне, што такое двухмоўе?

2. Як адлюстроўваецца на асобе з’ява паралельнага выкарыстання дзвюх і больш моў?

3. Як адрозніць элементы трасянкі ад інтэрферэнцыйных памылак?

Рэкамендаваная літаратура

1. Азарка, В.У. і інш. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мінск, 2005.

2. Бордович, А. М. и др. Сопоставительный курс русского и белорусского языков. – Минск, 1999.

3. Вайнрах, У. Одноязычие и многоязычие // Новое в лингвистике. Вып. VI. Языковые контакты. – Москва, 1972.

4. Двухмоўе // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994.

5. Дешериев, Ю. Д. Введение // Развитие национально-русского двуязычия. – Москва, 1976.

6. Коряков, Ю. Б. Языковая ситуация в Белорусии // Вопросы языкознания. – 2002. – №2. – С. 109-127.

7. Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. – Минск, 1999.

8. Цыхун, Г.А. «Трасянка» як абект лінгвістычнага даследавання // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя. – Матэр. міжнар. навук. канф. – Мінск, 1998.

9. Шандроха, Н.Э. Прафесійнае маўленне гісторыка: камунікатыўны аспект. – Гродна: 2007.

1. Паняцце білінгвізму. Аспекты білінгвізму

Білінгвізм (лац. bilinguis < (bis) = двойчы, lingua = мова), ці двухмоўе, – валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў – гэта шматмоўе або полілінгвізм. У навуковай літаратуры можна знайсці і некаторыя іншыя азначэнні гэтага паняцця. І гэта зразумела, бо білінгвізм – гэта вельмі складаны моўны і маўленчы працэс. Так, Ю.Д. Дэшырэеў вызначае двухмоўе як «вольнае валоданне ці проста валоданне дзвюма мовамі». На думку даследчыка, двухмоўе пачынаецца тады, калі ступень авалодання другой мовай шчыльна набліжаецца да ступені валодання першай. У. Вайнрайх лічыць, што білінгвізм – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі ў залежнасці ад сітуацыі, а асоб, якія ў той ці іншай ступені валодаюць дзвюма мовамі, называе білінгвамі.

На нашай планеце жывуць многія народы. Яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва суседнія этнасы, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і інш.).

Адным з рэгіёнаў, значная частка насельніцтва якога карыстаецца дзвюма мовамі, з'яўляецца Беларусь. На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала даўно, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. Ужо ў перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Пазней, калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі адышлі да Расіі і функцыі афіцыйнай мовы ў значнай ступені стала выконваць руская мова, шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе. У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларуска-ўкраінскае, беларуска-латышскае двухмоўе. У перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, а таксама ў апошні час характар і развіццё двухмоўя і ў цэлым моўная сітуацыя на Беларусі ў значнай ступені залежалі ад дзяржаўнай палітыкі (паланізацыя, русіфікацыя і інш.)

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена індывідуальным беларуска-рускім (калі побач з роднай беларускай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову), руска-беларускім двухмоўем і індывідуальным беларускім і рускім аднамоўем. Сапраўды, значная частка насельніцтва Беларусі актыўна карыстаецца і рускай, і беларускай мовамі ў розных сферах грамадскай дзейнасці. Аднак існуюць і значныя кантынгенты людзей, якія практычна карыстаюцца толькі якой-небудзь адной мовай. Калі ж браць пад увагу і пасіўнае валоданне другой мовай, і ўспрыманне на ёй пэўнай інфармацыі, то трэба прызнаць, што ўсё беларускае насельніцтва з’яўляецца двухмоўным. Пра характар беларуска-рускага двухмоўя і наогул пра моўную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі сведчаць і матэрыялы апошняга перапісу. Дома па-беларуску размаўляюць 3 млн. 683 тыс. чалавек (37 % насельніцтва), а па-руску – 6 млн. 308 тыс. (63 %). Сярод найбольш распаўсюджаных нацыянальнасцей Беларусі ступень распаўсюджанасці моў наступная: на бытавым узроўні беларускую мову выкарыстоўваюць 41, 4 % беларусаў, 4, 3 % рускіх, 57, 6 % палякаў, 10, 2 % украінцаў, 3, 8 % яўрэяў. Рускую мову яе сродак маўлення выкарыстоўваюць 58, 6 % беларусаў, 95, 7 % рускіх, 37, 7 % палякаў, 83, 6 % украінцаў, 95, 7 % яўрэяў. На ступень валодання беларускай і рускай мовамі моцна ўздзейнічае моўнае асяроддзе. Можна назіраць прафесійна арыентаваны білінгвізм у настаўнікаў беларускай мовы, дыктараў радыё і тэлебачання, якія беларускую мову выкарыстоўваюць пры выкананні службовых абавязкаў, а на бытавым узроўні – рускую. Білінгвізм з рускай мовай у якасці толькі мовы прафесіі – з’ява нетыповая для Беларусі.

Білінгвізм – з'ява складаная, шматбаковая, яна цікавіць не толькі лінгвістыку, але і псіхалогію, псіхалінгвістыку, сацыялогію і таму даследуецца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным, сацыялінгвістычным.

Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыйнай прыстасаванасцю, з праблемамі пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Увогуле, з пазіцый псіхалінгвістыкі білінгвізм – гэта здольнасць ужываць у камунікацыі дзве моўныя сістэмы. Е.М. Верашчагін выдзяляе тры ўзроўні білінгвізму: рэцэптыўны (разуменне маўлення, якое належыць другаснай маўленчай сістэме), рэпрадуктыўны (уменне ўзнавіць прачытанае і пачутае), прадуктыўны (уменне не толькі разумець і ўзнаўляць, але і будаваць асэнсаваныя выказванні). Некаторыя даследчыкі вылучаюць такія тыпы білінгвізму: каардынатыўны – аднолькавае валоданне дзвюма мовамі, і змешаны, калі другая мова засвойваецца пры ўжо сфарміраванай сістэме першай мовы. Пры змешаным двухмоўі набытая мова заўсёды зведвае ўплыў першай, таму адчуваецца пастаянная барацьба з роднай мовай. Гаворачы пра такі тып двухмоўя, Л.У.Шчэрба ўдакладняе, што білінгвы ведаюць не дзве мовы, а толькі адну, але яна мае два спосабы выражэння.

Існуе таксама перакананне, што носьбіт двухмоўя – гэта асоба, якая валодае як роднай, мацярынскай мовай, так і няроднаснымі мовамі. Родная мова – мова, засвоеная першай, у дзяцінстве, «ад маці». Мяркуецца, што выкарыстанне ў камунікацыі гэтай мовы найбольш зручнае для чалавека. Даследчыкі разыходзяцца ў думках аб узроўні валодання няроднай мовай, дастатковым для таго, каб гаворка магла весціся аб двухмоўі. Звычайна выкарыстоўваецца расплывісты крытэрый «валодаць свабодна». На падставе шматлікіх назіранняў у розных краінах свету за апошнія гады было засведчана, што такога ідэальнага білінгвізму, каб чалавек аднолькава дасканала валодаў некалькімі мовамі, або наогул не існуе, або сустракаецца досыць рэдка, а таму гэтую з’яву трэба лічыць хутчэй выключэннем, чым правілам. У сувязі з гэтым у навуковай літаратуры адрозніваюць два тыпы білінгвізму: пасіўны (залежны), актыўны (незалежны).

У пасіўным білінгвізме звычайна сістэма роднай мовы выступае як дамінантная, адпраўная, яна перадае другой моўнай сістэме свае катэгорыі і формы. Інакш кажучы, асоба з такім тыпам білінгвізму нават тады, калі размаўляе на іншай мове, думае на роднай, а ўжо потым перакладае тэкст на мову маўлення. Такі тып білінгвізму звычайна ўзнікае ў выніку навучання іншай мове.

Пры актыўным білінгвізме кожная з моў функцыянуе незалежна, самастойна. Носьбіт такога двухмоўя пры карыстанні якой-небудзь адной мовай не звяртаецца да паслуг іншай.

Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой. 

Сацыялінгвістычны аспект праблемы двухмоўя ахоплівае кола пытанняў, звязаных з вывучэннем адносін «білінгвізм – грамадства», такіх, як: сфера выкарыстання першай і другой мовы; ступень авалодвання мовамі; размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму, моўная палітыка дзяржавы і г.д.

Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:

індывідуальнае, калі дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;

групавое, калі двухмоўнымі з'яўляюцца цэлыя групы або асобныя слаі;

поўнае, ці суцэльнае, калі двухмоўе з'яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа;

дзяржаўнае, калі ў адной краіне статус афіцыйнай, дзяржаўнай маюць дзве мовы, напрыклад, у Фінляндыі – фінская і шведская; у Канадзе – англійская і французская.

Па іншых крытэрыях можна выдзеліць такія тыпы двухмоўя: кантактнае, якое ўзнікае ў выніку сумеснага жыцця двух народаў (беларуска-польскае, беларуска-літоўскае), і некантактнае, калі непасрэдны кантакт паміж групамі адсутнічае (беларуска-нямецкае).

2. Білінгвізм і інтэрферэнцыя. Віды інтэрферэнцыі

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі, гэта значыць пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы іншай мовы. Іншымі словамі, інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш.

Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці іншай мове. Аднак яны не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах білінгвізму.

Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з'ява распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс. Вылучаюць наступныя віды інтэрферэнцыі: марфалагічная, сінтаксічная, фанетычная, лексічная, словаўтваральная, акцэнтная.

Марфалагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем, асабліва тых, якія маюць агульныя карані. Гэта разыходжанні ў родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у склонавых формах лічэбнікаў, ужыванні дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і г.д. Напрыклад, рус. шинель, собака, медаль, степь, насыпь, надпись – жаночы род, бел. шынель, сабака, медаль, стэп, насып, надпіс – мужчынскі род; рус. писать чернилами – бел. пісаць чарнілам; рус. чистый – чище, бел. чысты – чысцейшы; рус. тремя, четырьмя  бел. трыма, чатырма; рус. завявший – бел. завялы; рус. улыбаясь – бел. усміхаючыся.

Інтэрферэнцыйныя памылкі ў сінтаксісе (сінтаксічная інтэрферэнцыя) выклікаюцца адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў. У словазлучэннях выразна праяўляецца нацыянальная спецыфіка мовы. Таму механічнае перанясенне мадэляў пабудовы словазлучэнняў з адной мовы ў другую вядзе да парушэння нормаў (параўн. белар. дзякаваць сябру, смяяцца з другіх, паслаць па бацьку, захварэць на грып, два сталы, дакрануцца да рукі, ісці лесам, з прычыны занятасці – руск. благодарить друга, смеяться над другими, послать за отцом, болеть гриппом, два стола, прикоснуться к руке, идти по лесу, по причине занятости). Структура сказаў таксама мае некаторыя адрозненні: рус. В одном из переулков встретились ему два друга – бел. У адным завулку ён сустрэў двух сяброў; рус. – Приятно ходить по новым местам, всматриваться в картины, встречающиеся на пути – бел. Прыемна было хадзіць па новых мясцінах, углядацца ў малюнкі, што трапляюцца ў падарожжы.

Пранікненне спецыфічных фанетычных рысаў з адной мовы ў другую вядзе да фанетычнай інтэрферэнцыі (напрыклад, у рускім маўленні білінгва сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдае р, ч на месцы рускіх мягкіх р’ і ч’, фрыкатыўнае γ на месцы выбухнога г, мяккія дз’ і ц’ на месцы д’ і т’, афрыката дж, пераход зычных в, л у ў, прыстаўныя зычныя в, г, прыстаўныя галосныя а, і, ярка выражанае аканне і г.д.). Гэтыя асаблівасці вельмі ўстойлівыя і могуць заставацца ў беларуска-рускага білінгва на ўсё жыццё.

Лексічная інтэрферэнцыя выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў. Напрыклад, ужыванне білінгвам у беларускай мове выразу гуляць ролю замест адыгрываць ролю абумоўлена неаднолькавым аб'ёмам значэнняў і асаблівасцямі ўжывання ў рускай і беларускай мовах слоў іграць (играть) і гуляць (гулять). Лексічная інтэрферэнцыя падзяляецца на ўласна-лексічную (калі ў рускім маўленні выкарыстоўваюцца беларускія словы і наадварот): Леший его ведает, отчего так часто его бьёт (И.Мележ); лексіка-семантычную (калі ў маўленні выкарыстоўваюцца словы ў значэннях, якія характэрны для іншай мовы): Урал богатырём приветливым Ручник дороги разостлал (Р.Бородулин); лексіка-стылістычную (рускія і беларускія словы маюць аднолькавае значэнне, але належаць да розных стыляў маўлення): рус. хвороба – (дыялектн.) – бел. хвароба (літаратурн.), руск. смак (разм.) – бел. смак (літаратурн.). Лексічная інтэрферэнцыя праяўляецца, у прыватнасці, у міжмоўнай аманіміі. Міжмоўныя амонімы – словы з розных моў, якія поўнасцю або часткова супадаюць у гучанні або напісанні, але маюць рознае значэнне. У працэсе перакладу тэксту з рускай мовы на беларускую ці наадварот магчымы іх непажаданыя ўзаемазамены, што прыводзіць да непаразумення: рус. качка ‘укачванне – бел. качка ‘вадаплаўная птушка’; рус. сварка ‘злучэнне металічных частак шляхам сплаўлівання’ – бел. сварка ‘спрэчка’.

Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з'яўляецца несупадзенне словаўтваральных фармантаў аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў: рус. читательница – бел. чытачка, рус. детский – бел. дзіцячы, рус. шептаться – бел. шаптацца, рус. беспринципный – бел. беспрынцыповы, рус. вблизи – бел. паблізу.

Акцэнтная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў націску ў рускіх і беларускіх лексемах: рус. ольх'а – бел. в'ольха, рус. кишк'а – бел. к'ішка, рус. овсян'ой – бел. аўс'яны, рус. вест'и – бел. в'есці, рус. д'осуха – бел. дас'уха, рус. од'иннадцать – бел. адзін'аццаць, руск. посл'анец – белар. паслан'ец.

3. Трасянка як лінгвістычная з'ява

У сітуацыі двухмоўяў на тэрыторыі Беларусі ўзнікла і функцыянуе такая лінгвістычная з’ява, як трасянка, прамежкавая форма змешанага маўлення, своеасаблівы моўны гібрыд.

Назва ўяўляе тэрміналагічную метафару, створаную ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Трасянка – гэта сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы, якая па якасці моцна саступала сену. Калі ў гаспадра не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» і быў перанесены ў моўную сферу.

Што такое трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, які ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў. Гэта сродак камунікацыі гарадскога насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад літаратурнай мовы трасянку адрознівае поўная адсутнасць норм: беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўваецца строгім правілам і ўяўляе сабой механічнае змяшэнне розных моўных элементаў. Акрамя таго, трасянка характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Большасць лінгвістаў лічыць, што ў аснове трасянкі ляжыць руская лексіка і беларуская фанетыка, г. зн. рускія словы вымаўляюцца па законах беларускага маўлення. Параўн.: трас. гавару – рус. говорю – бел. кажу; трас. – заработаў – рус. заработал – бел. зарабіў. Сітуацыя двухмоўяў патрабуе пэўных намаганняў пры засваенні норм рускай і беларускай літаратурнай моў. Значна лягчэй з пункту гледжання неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасаблівы моўны «гібрыд». Часцей за ўсё трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем, павышэннем грамадскага статуса і інш.

З’яўленне трасянкі абумоўліваецца некаторымі прычынамі. Яна ўзнікае найперш з неабходнасці падтрымання камунікацыі ва ўмовах абмежаваных кантактаў паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і рускамоўным адміністрацыйным чыноўніцтвам, што мае больш высокі грамадскі статус, з другога. Небывалая міграцыя вяскоўцаў у горад таксама пашырае сферу выкарыстання трасянкі, паколькі яна ўжо стала ўспрымацца як неабходны элемент гарадской моўнай сітуацыі. Аднак ва ўспрыманні саміх носьбітаў трасянка ацэньваецца як «некультурная мова», бо напамінае пра іх вясковае паходжанне. У працэсе маўлення індывіда цяжка прадказаць, якія рысы беларускай і рускай моў будуць змешвацца, аднак найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці. Як з'ява выключна індывідуальная трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы т.зв. прамым метадам, г.зн. у працэсе моўных зносін з носьбітамі, а не ў працэсе паступовага навучання. Дрэннаму валоданню другаснай моўнай сістэмай спадарожнічае пагарда і нянавісць да роднай мовы, яе лічаць асноўнай прычынай такога стану. У выніку разбураецца і валоданне першаснай сістэмай, таму становіцца складаным і маўленне па-беларуску.

Такім чынам, трасянка – гэта паўмова, яна анарматыўная, узнікае і функцыянуе стыхійна, рэалізуецца выключна ў вусным маўленні, пераважае ў гарадскіх сітуацыях камунікацыі.

4. Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. Была створана пэўная заканадаўчая база, якая юрыдычна замацавла курс на адраджэнне нацыянальнай мовы. Былі прыняты законы «Аб мовах у Беларускай ССР», «Аб культуры», «Аб адукацыі», разгорнута сетка беларускіх нацыянальных школ. Была распрацавана дзяржаўная праграма, якая сведчыла пра тое, што пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. У новых праграмах значная роля адводзілася вывучэнню беларускай мовы. Рыхтуюцца новыя падручнікі, а праз некалькі год гэты курс становіцца абавязковым для вывучэння ў ВНУ. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. У «Закон аб мовах» і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі ўнесены праўкі, па якіх у якасці дзяржаўнай разам з беларускай названа і руская мова. Беларуская мова значна страціла свой нацыянальны прэстыж. Яна зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі.

Сёння, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця беларускай мовы, даследчыкі ўказваюць на сімвалічнае значэнне мовы, адзначаючы, што камунікатыўная роля ёй амаль не ўласціва. Н.Б.Мячкоўская зазначае, што «ў беларускай мове яе этнічная функцыя (быць нацыянальным сімвалам, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў) першынствуе над асноўнай (камунікатыўнай)». Яна выконвае важную сімвалічную функцыю, калі чалавек ведае, што ён беларус, што яго продкі жылі ў Беларусі, ён сам у пэўнай ступені валодае беларускай мовай, але ў рэальным жыцці можа ёю не карыстацца.

Гаворачы пра будучае беларускай мовы, неабходна разгледзець фактары, якія будуць уздзейнічаць на моўную сітуацыю.

Лінгвістычныя фактары:

1) генетычная блізкасць беларускай і рускай моў – дастатковая для добрага ўзаемаразумення паміж носьбітамі;

2) дыялекты беларускай мовы плаўна пераходзяць у дыялекты рускай, утвараючы дыялектны кантынуум;

Сацыялінгвістычныя фактары:

3) беларуская і руская мова традыцыйна лічацца асобнымі мовамі, нягледзячы на тое, што генетычна вельмі блізкія;

4) наяўнасць у беларускай мове кадыфікаванай нормы;

5) наяўнасць у беларускай мове традыцыйных дыялектаў;

6) малое распаўсюджанне агульнаразмоўнай формы;

7) даўняя і глыбокая русіфікацыя прыводзіць да таго, што людзей, якія карыстаюцца рускай мовай, больш;

8) руская мова для асноўнай масы насельніцтва больш прэстыжная;

9) наяўнасць істотных адрозненняў у выкарыстанні моў паміж буйнымі гарадамі, дробнымі гарадамі і вёскамі прыводзіць да замацавання за беларускай мовай статуса «мова вёскі».

10) Наяўнасць масавага двухмоўя і блізкасці моў прыводзіць да значнай інтэрферэнцыі і нават да ўтварэння змешаных формаў маўлення;

Экстралінгвістычныя фактары:

11) блізкасць беларускай культуры да рускай;

12) беларусы, нягледзячы на блізкасць з рускім народам, лічаць сябе асобным этнасам;

13) сімвалічнае значэнне беларускай мовы большае, чым камунікатыўнае;

14) цесныя сувязі з Расіяй (эканамічныя і палітычныя);

15) адсутнасць бесперапыннай пісьмовай традыцыі (нормы беларускай мовы пачалі складвацца ў XX ст.);

16) парадаксальная моўная палітыка дзяржавы ў адносінах да беларускай мовы: з аднаго боку, выцясненне яе са сфер ужывання, з другога боку – падтрымка (фінансаванне адукацыі, культуры);

17) наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў;

18) неканкурэнтаздольнасць беларускіх СМІ і літаратуры.

З пералічаных фактараў толькі 3, 4, 5, 12 маюць станоўчае значэнне для лёсу беларускай мовы. Таму на сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная, наша мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якая імкнецца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.

Праверачны тэст

1. На тэрыторыі Беларусі назіраецца двухмоўе

1) беларуска-англійскае; 3) беларуска-іспанскае;

2) беларуска-рускае; 4) беларуска-літоўскае;

3) беларуска-польскае; 5) беларуска-руска-польскае.

2. Устанавіце адпаведнасць паміж відамі інтэрферэнцыі і іх сэнсавай характарыстыкай

А. Марфалагічная. 1. Выклікаецца адрозненнямі ў будове

Б. Сінтаксічная. словазлучэнняў, простых і складаных сказаў.

В. Фанетычная. 2. Звязана з наяўнасцю спецыфічных

Г. Лексічная. фанетычных рыс у кожнай мове.

3. Звязана з разыходжаннямі ў граматычным

афармленні рускіх і беларускіх лексем.

4. Выклікаецца наяўнасцю разыходжанняў ва

ўласналексемным і семантычных аспектах

моў.

5. Выклікаецца несупадзеннем

словаўтваральных фармантаў

аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў.

3. Трасянка – гэта

1) змешванне нормаў рускай і беларускай моў;

2) папераменнае выкарыстанне розных моў;

3) механічнае змешванне ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў;

4) ужыванне элементаў іншай мовы;

5) праблема пераключэння з аднаго моўнага кода на іншы.

Лекцыя 4. ЛЕКСІКАЛОГІЯ І ЛЕКСІКАГРАФІЯ

Мэта лекцыі – паказаць лексіку сучаснай беларускай мовы ў розных яе аспектах і сферах выкарыстання.

Задачы лекцыі:

- раскрыць паняцці «лексікалогія», «лексіка», «лексікаграфія»;

- паказаць спосабы ўтварэння мнагазначных слоў;

- прасачыць за сістэмна-семантычнымі працэсамі ў лексіцы;

- ахарактарызаваць лексічны склад беларускай мовы адносна паходжання, сферы выкарыстання, актыўнасці і пасіўнасці;

- вызначыць тыпы слоўнікаў з пункту гледжання іх прызначэння.

Пытанні

  1.  Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы.
  2.  Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы.
  3.  Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі.
  4.  Паходжанне лексікі беларускай мовы.
  5.  Лексіка паводле сферы выкарыстання.
  6.  Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу.
  7.  Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў.

Праблемныя пытанні

1. Чаму кожнаму прадмету, з’яве, прыкмеце, паняццю і г. д., якія існуюць у нашым жыцці, нельга даць асобную назву?

2. Чаму дыялекты, жаргоны, прафесіяналізмы не ўваходзяць у лексіку літаратурнай мовы?

3. Якая розніца паміж лінгвістычнымі і энцыклапедычнымі слоўнікамі?

Рэкамендаваная літаратура

  1.  Адамовіч, Я. М. Беларуская мова. – Мінск, 1987.
  2.  Баханькоў, А. Я. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. – Мінск, 1994.
  3.  Гіруцкая, Л. А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск, 2005.
  4.  Даниленко, В.П. Русская терминология: Опыт лингвистического описания. – М., 1977.
  5.  Квитко, И.С. Термин в научном документе. – Львов, 1976.
  6.  Котелова, Н.З. К вопросу о специфике термина // Лингвистические проблемы научно-технической терминологии. – М., 1970.
  7.  Лепешаў, І. Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора. Ч.2. – Гродна, 2000.
  8.  Лепешаў, І. Я., Малажай, Г. М., Панюціч, К. М. Практыкум па беларускай мове. – Мінск, 2001.
  9.  Лепешаў, І. Я., Якалцэвіч, М. А. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі. – Гродна, 2001.
  10.  Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мінск, 2003.
  11.  Матэматычная энцыклапедыя / Пад рэд. В.Берніка. – Мінск, 2001.
  12.  Метадычныя рэкамендацыі па курсе «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» // Склад. А.М.Лапкоўская. – Гродна, 2001.
  13.  Мінакова, Л.М. Монасемія, полісемія і аманімія ў навукова-тэхнічнай тэрміналогіі // Весці НАН Беларусі. – № 1, 2003. Сер. гуманіт. навук.
  14.  Новиков, Л.Н. Семантика русского языка. – М., 1982.
  15.  Прохорова, В.Н. Терминология // Русский язык. Энциклопедия. Гл. ред. Ф.П.Филин. – М., 1979.
  16.  Словарь-справочник по современной экономике: на пяти языках / М.В. Мишкевич, Л.И.Василевская, В.Н.Ермаков, М.И.Плотницкий; Под общ. ред. М.И.Плотницкого, М.В.Мишкевича. – Минск, 1996.
  17.  Суперанская, А.В., Подольская, Н.В., Васильева, Н.В. Общая терминология. Вопросы теории. – М., 1989.
  18.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. – Мінск, 1977–1984.
  19.  Толикина, Е.Н. Термин в терминосистеме // Актуальные проблемы лексикологии. Тезисы докл. III лингв. конф. (3–7 мая 1971 г.). – Новосибирск, 1971.
  20.  Шанский, Н.М. Лексикология современного русского языка. – М., 1977.
  21.  Шмелёв, Д.Н. Современный русский язык. Лексика. – М., 1977.
  22.  Энциклопедический словарь юного спортсмена. – М.: Педагогика, 1980. – 480 с.
  23.  Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / Беларус. Энцыкл. Рэдкал.: С.В.Кузьмін і інш. – Мінск, 1992.

1.Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы

Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова). Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекіка) і г. д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць.

Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука). У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў.

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г. зн. аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць.

Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Большую частку лексікі беларускай мовы складаюць паўназначныя словы (самастойныя часціны мовы), якія выконваюць намінатыўную функцыю, г. зн. называюць пэўныя з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці: прадметы, дзеянні, прыметы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўнай функцыі і маюць толькі граматычнае значэнне.

У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то ў ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і інш.

Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме.

Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Так, у сказе На гэтых прасторах рос густы і незвычайна высокі чарот (Колас) усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (Васілевіч); 2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак...(Панчанка). У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання.

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі ці монасемантычнымі (ад грэч. monos – адзін і semantikos – той, што абазначае), напрыклад: івалга, дудар, грубка, гуслі, учора і інш. Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй (ад грэч. рolysemos – мнагазначны). Першапачаткова ўсе словы ўжываюцца як адназначныя. Мнагазначнасць развіваецца пазней, паколькі моўных сродкаў недастаткова для таго, каб кожная з’ява рэчаіснасці атрымала асобнае слова-назву (у мове дзейнічае закон эканоміі). І тады па аналогіі, асацыяцыі, падабенству адбываецца перанос назвы аднаго прадмета, з’явы, прыкметы і г. д. на другі. Некаторыя даўнія па часе ўзнікнення словы маюць вельмі многа значэнняў (напр., слова ‘біць’ – 18 значэнняў, слова ‘ісці’ – 28 і інш.). Аднак не варта думаць, што мнагазначных слоў больш, чым адназначных. Як слушна заўважае прафесар І. Я. Лепешаў, «у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды менш, чым адназначных. Так, у 1-м томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» з 16354 слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія колькасныя паказчыкі мнагазначнасці і адназначнасці выяўляюцца і ў іншых мовах (напрыклад, рускай і французскай): толькі чацвёртая частка слоў – мнагазначныя.

Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі. 

Метафарычныя (ад грэч. metaphora – перанясенне) значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова ‘конь’: жывёла; шахматная фігура; гімнастычны снарад), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова ‘дворнік’: 1) работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома і 2) прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу). Часам слова набывае мнагазначнасць паводле дзвюх якіх-небудзь прымет. Так, слова ‘крыло’: крыло птушкі і крыло самалёта (падабенства і па форме, і па функцыі); слова ‘іголка’: 1) прыстасаванне для шыцця, 2) тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння (патэфонная іголка, іголка ў медыцынскім шпрыцы для ін’екцый, іголка насоса і інш.), 3) ліст хвойных дрэў і кустоў, 4) тонкі востры крышталь чаго-небудзь (іголкі інею), 5) тонкая калючка на целе некаторых жывёл (падобныя па форме і сваёй уласцівасцю калоцца) і г. д. Усе прыведзеныя вышэй прыклады – прыклады агульнамоўных метафар. Існуюць і т. зв. сцёртыя (або мёртвыя, акамянелыя) метафары са страчанай вобразнасцю: ідзе дождж, сонца садзіцца, прыйшла вясна, корань слова і мн. інш. Пры частым ужыванні пераноснае значэнне становіцца прывычным, семантычная двухпланавасць яго сціскаецца. Самымі ж вобразнымі сярод метафар з’яўляюцца паэтычныя (параўн.: гарыць вогнішча і гараць гронкі рабіны і інш.). Як бачым, метафара – гэта словазлучэнне, якое мае семантыку прыхаванага параўнання.

Метанімічныя (ад грэч. metonymia – перайменаванне) значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой: 1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з’есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г. д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Звычайна метанімія менш заўважаецца, чым метафара, бо такія вытворныя значэнні перайшлі ў сталыя назвы прадметаў.

Сінекдаха (ад грэч. synecdoche – суаднесенасць) – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям’і з’явіўся лішні рот. Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены. Ем вішню і пад.

У выяўленні і канкрэтызацыі значэнняў мнагазначнага слова галоўную ролю адыгрывае кантэкст. Звычайна пад кантэкстам падразумяваецца славеснае, моўнае акружэнне. Разам з тым у паняцце «кантэкст» уключаюцца і пазамоўныя фактары, у прыватнасці, сітуацыя, у якой адбываецца маўленне.

2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы 

Амонімы. З’яву аманіміі можна праілюстраваць адной з загадак Кандрата Крапівы: Я касой траву кашу ў зялёным лузе, а другую я нашу пастаянна ў пузе. Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, на чацвёртай я ляжу – грэюся ў пясочку. Тут лёгка адгадваецца аманімічная група з чатырох ‘кос’ са значэннямі: ‘прылада для кашэння’, ‘селязёнка’, ‘доўгія заплеценыя валасы’, ‘доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага’. Амонімы (ад грэч. homos – аднолькавы, onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні. Напр.: тур (‘першабытны дзікі бык’ і ‘перыяд, этап гульні, спаборніцтва’), гасцінец (‘шырокая, бойкая дарога, шлях’ і ‘рэч, ласунак, які госць падносіць як падарунак’), лама (‘будыйскі манах-свяшчэннік у Тыбеце’ і ‘ўючная паўднёваамерыканская жывёліна сямейства вярблюдаў’), бот (‘абутак з высокімі халявамі’ і ‘невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’) і мн. інш. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000).

Шляхі ўзнікнення амонімаў:

1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напр.: абора ‘вяровачка для лапцей’ і абора ‘вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік’; ласка ‘выражэнне пяшчоты’ і ласка ‘невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых’; слаць ‘адпраўляць, пасылаць’ і слаць ‘рассцілаць, засцілаць’ і інш.

2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў. Напр.: бел. байка ‘кароткі літаратурны твор’ і галанд. байка ‘мяккая баваўняная тканіна’; бел. бор ‘стары сасновы лес’, лац. бор ‘хімічны элемент’, нямец. бор ‘свярло для лячэння зубоў’; бел. лава ‘прадмет сялянскай мэблі’, іт. лава ‘вулканічная маса’, польс. лава ‘баявы парадак конніцы’ і інш.

3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў. Напр.: грэч. грыф ‘драпежная птушка’, нямец. грыф ‘дэталь струннага музычнага інструмента’, франц. грыф ‘штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’ і пад.

4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы. Напр.: фр. міна ‘выбуховы снарад’ і ‘выраз твару’; англ. танк ‘баявая бронемашына на гусенічным хаду’ і ‘спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей’ і інш.

Ад лексічных амонімаў (прыклады прыведзены вышэй) трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). Да амафонаў павінны быць аднесены і такія апазіцыі слоў, як вера ‘ўпэўненасць у чым-небудзь’ і Вера ‘ўласнае імя’, раман ‘жанр літаратурнага твора’ і Раман ‘уласнае імя’ і г. д.; 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты (васкавыя ячэйкі) і соты (парадкавы лічэбнік); румяны (касметычная фарба) і румяны (ярка-чырвоны, ружовы); люты (злы, крыважэрны) і люты (другі месяц каляндарнага года) і інш.; амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску (напр.: а́тлас – атла́с, вя́ла – вяла́, ка́паць – капа́ць, ка́ра – кара́, па́ра – пара́ і інш.). Яркія прыклады амографаў знаходзім у «Каламбурах» Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары́, баючыся ка́ры, Нацягалі шмат кары́ і зрабілі на́ры. Там жа: Што ні хвіля, ні гадз́іна – лезе з скуры га́дзіна. Увесь век яму гадзі́ла, А ён кажа: га́дзіла! 

Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай: бабка¹, бабка², бабка³... і г. д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле.

Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г. д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне.

У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.

1. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш.

2. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з другімі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).

3. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); ілгаць – брахаць – плесці; украсці – сцягнуць – сперці – сцібрыць, гультай – абібок – лянівец – лайдак – лежабока – труцень – гультаіна – завала і інш.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца, пад мухай замест п’яны, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад.

Антонімы (ад грэч. anti – супраць і onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў. 

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г. д.

Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.

Акрамя агульнамоўных антонімаў, важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напр.: Прайсці нялёгка год за годам, Бо шлях – то шоўк, а то асцё... Хто ж меру ведае заўсёды, Шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, Слухай яго, голь! На славах магутны слон, А на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: Ты паглядзі на тых між нас, Каму дзяржавы нашай мова – Кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш. Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г. д.

Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш.

Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).

У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы звычайна могуць замяняцца адзін другім. Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Для сінонімаў, наадварот, характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання.

З’явы полісеміі, аманіміі, сінаніміі, антаніміі, параніміі назіраюцца не толькі ў агульнамоўнай лексіцы, але і ў тэрміналогіі.

3. Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі

Пытанне аб месцы тэрміналагічнай лексікі ў структуры сучаснай літаратурнай мовы ў лінгвістычнай літаратуры не атрымала адназначнага вырашэння. Адны моваведы (у прыватнасці А.М.Талікіна) разглядаюць тэрміналогію як сістэму штучна створаных знакаў і прытрымліваюцца пункту погляду, што тэрміны ствараюцца і функцыянуюць у штучна створаных умовах, таму не могуць разглядацца побач са звычайнымі словамі [19]. Іншыя даследчыкі (В.М.Прохарава, А.В.Супяранская, Н.В.Падольская, Н.В.Васільева) прапануюць разглядаць тэрміналогію ў якасці аўтаномнага раздзела лексікі, адхіляючы канцэпцыю тэрміналогіі як сістэмы штучна створаных знакаў [15].

Найбольш слушным з’яўляецца меркаванне тых лінгвістаў, якія разглядаюць тэрміналогію як самастойную «функцыянальную падсістэму агульналітаратурнай мовы», якая «стаіць у адным радзе з такімі паняццямі, як прастамоўныя словы і мова мастацкай літаратуры» [4]. Як зазначае В.П.Даніленка, мова навукі ў адносінах да агульналітаратурнай мовы больш вузкае паняцце, паколькі мове навукі не ўласцівы ўсе функцыі агульналітаратурнай мовы, а з другога боку, мова навукі – больш шырокае паняцце ў параўнанні з агульналітаратурнай мовай, бо мова навукі ўключае ў сябе спецыяльную тэрміналогію, якой называюцца навуковыя паняцці, што стаяць за межамі звычайнай, непрафесійнай сферы зносін [4].

Мнагазначнасць і аманімія

Да гэтага часу адкрытым застаецца пытанне – ці валодае тэрмін уласцівасцю пазакантэкставасці, ці адназначнасці (прынцып незалежнасці тэрміна ад кантэксту ўпершыню ў мовазнаўстве быў прапанаваны Д.С.Лотэ). Большасць лінгвістаў (В.П.Даніленка, Н.З.Кацялова, Б.Н.Галавін, Т.А.Чаботнікава, В.С.Ахманава, І.С.Квітко і інш.), якія прызнаюць тэрміналогію часткай агульналітаратурнай мовы, лічаць, што мнагазначнасць з’яўляецца прыналежнасцю многіх паўназначных слоў беларускай мовы і пад полісеміяй у тэрміналогіі звычайна разумеюць «суаднесенасць аднаго тэрміна больш чым з адным паняццем у межах аднаго або некалькіх прылягаючых адно да аднаго тэрміналагічных палёў» [5, с. 45] і разглядаюць яе як «расслаенне значэнняў у залежнасці ад ужывання слова ў розных галінах ведаў» [6, с. 124] і розных сістэмах. Іншымі словамі, тэрміны набываюць новыя значэнні ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння з агульнаўжывальнымі словамі (міжсістэмная мнагазначнасць), а таксама ў працэсе ўзаемадзеяння ў межах пэўнай тэрмінасістэмы (унутрыгаліновая мнагазначнасць) і розных тэрмінасістэм (міжнавуковая мнагазначнасць).

У спецыяльнай лексіцы асабліва пашырана міжнавуковая мнагазначнасць. Напрыклад, гіра – пудовая гіра (метрал.), практыкаванні з гірамі і штангай (спорт), гіра насценнага гадзінніка (механ.); лідэр –лідэры парламенцкіх фракцый (паліт.), лідэр першага забегу (спорт), лідэр кільватэрнай калоны (ваен.); ін’екцыя – ін’екцыя пеніцыліну (медыц.), ін’екцыя сродкаў (эканом.); сесія – дэпутацкая сесія (паліт.), студэнцкая сесія (адукац.); спадчына – спадчына ад бацькоў (юрыд.), культурная спадчына А.Міцкевіча (лінгв.); экспедыцыя – экспедыцыя на адпраўку грузу (юрыд.), палярная экспедыцыя (геаграф.), карная экспедыцыя (ваен.); спад – спад тэмпу бегу (спорт), спад гары (геаграф.); барометр – паказчык стану рынку (эканом.), паказчык ціску (геаграф.); база – эканамічная база (эканом.), ваенна-марская база (ваен.) і інш. 

Унутрыгаліновая мнагазначнасць – з’ява больш рэдкая, аднак істотная для многіх тэрмінасістэм. Напрыклад, дубль – 1) рэзервовая каманда, 2) выйгрыш першынства і Кубка ў адным сезоне адной камандай. Некалькі значэнняў маюць тэрміны патэнт, здзелка, вартасць, рахунак, экс-дывідэнд, ліквіднасць, квота, трэст, валюта і інш. (эканом.), напрыклад: валюта – 1) грашовая адзінка краіны, 2) тып грашовай сістэмы, 3) грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках; дыплом, дэкрэт, ордэр, экспедытар, судовы разбор, судовыя спрэчкі, хадайніцтва, даведка, паручыцельства і інш. (юрыд.), напрыклад: паручыцельства – 1) у грамадзянскім праве – спосаб забеспячэння выканання абавязкаў, 2) у крымінальным праве – адна з мер стрымання.

Некаторыя тэрміны развіваюць міжсістэмную і міжнавуковую або міжнавуковую і унутрыгаліновую мнагазначнасць адначасова. Напрыклад: удар – 1) моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым-н. у час руху (пад ударам ветру) // пра гром, выбух і інш. моцныя гукі (удар грому), 2) імклівы напад, атака (флангавы ўдар), 3) нечаканае гора, бяда, непрыемнасць (удар лёсу), 4) раптоўнае кровазліццё ў мозг (апаплексічны ўдар). Параўнаем таксама: кручаны ўдар – удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч; свабодны ўдар – у футболе ўдар, у час якога праціўнік не мае права нападаць, сонечны ўдар, цеплавы ўдар – у медыцыне.

Сярод лінгвістаў няма адназначнага вырашэння пытання, чым лічыць – амонімамі ці мнагазначнымі словамі – словы агульналітаратурнай мовы, якія ў пераносным значэнні функцыянуюць у якасці тэрмінаў. Многімі даследчыкамі яны разглядаюцца як міжсістэмныя амонімы. «Полісемія – факт аднаго поля, хаця ўнутры свайго поля тэрмін і імкнецца да адназначнасці. Тэрміны, якія аднолькава гучаць у розных палях, – амонімы» [17, с. 44].

Як адзначае Л.М.Мінакова, «слова з’яўляецца мнагазначным да таго часу, пакуль паміж яго семемамі захоўваецца сэнсавая сувязь, пакуль этымалагічны, граматычны аналізы дазваляюць устанавіць іх семантычны інварыянт... У адрозненне ад семантычных варыянтаў, якія выступаюць як роднасныя, цесна звязаныя паміж сабой лексемы, амонімы выступаюць як адзінкі, якія маюць абсалютна розныя значэнні і адна з другой не выводзяцца» [13, с. 116]. Напрыклад, храп – хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць і храп – прыбор для ўзяцця проб грунта; заступ – рыдлёўка, лапата і заступ – пры скачках ў даўжыню, калі наступаюць на лінію, ад якой пачынаецца замер даўжыні скачка (таксама заступ у варотную пляцоўку, заступ за сярэднюю лінію).

У тэрміналогіі часцей сустракаецца міжнавуковая аманімія, напрыклад, вал – значны па працягласці і вышыні земляны насып, створаны для абарончых і гаспадарчых мэт (у старажытнасці будаваўся для абароны месца, мясцовасці ад непрыяцеля) і вал – агульны аб’ём прадукцыі, вырабленай за які-небудзь пэўны тэрмін, які выражаецца шляхам абазначэння яе кошту ў цэлым; корт – тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення і корт – пляцоўка для гульні ў тэніс; космас – сусвет (Сонечная сістэма, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі, міжгалактычнае асяроддзе) і космас – расліна з галінастымі сцябламі, з кветкамі ў суквеццях-кошыках на доўгіх кветаносах; мультыплікатар – каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (памяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу і мультыплікатар – фотакамера з некалькімі аб’ектывамі, якая дае адначасова многа здымкаў з аднаго і таго ж прадмета, а таксама прылада для размножвання копій.

У лінгвістычнай літаратуры існуе думка, што ўнутрыгаліновая аманімія – з’ява даволі рэдкая, і што «ў асноўным яна прадстаўлена аддзеяслоўнымі назоўнікамі, у якіх разам са значэннем дзеяння развілося значэнне прылады дзеяння» [12, с. 49]. Аднак, як відаць з наступных прыкладаў з біялогіі, унутрыгаліновая аманімія разнастайная: конік – птушка і конік – рыба; сякач – кабан і дарослы самец ластаногіх і сякач – насякомае; гладыш – грыб-дуплянка, млечнік і гладыш – расліна (гладыш прускі, шыракалісны) і гладыш – клоп (жоўты, звычайны); лось – грыб і лось – жывёла; цвыркун – насякомае і цвыркун – птушка; аўсянка – рыба сямейства карпавых і аўсянка – род пеўчых птушак атрада вераб’іных і інш.

Звяртаюць на сябе ўвагу і міжмоўныя амонімы (пры перакладзе на беларускую мову яны маюць зусім іншае значэнне), напрыклад, у рускай мове: язык (белорусский, польский, французский) ‘сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексікаграфічных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі’ – мова (беларуская, польская, французская). У беларускай мове слова язык ужываецца са значэннем ‘рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці’; пол (паркетный, земляной) ‘насціл у памяшканні, па якім ходзяць’ – падлога (паркетная, земляная). Слова пол у беларускай мове ўжываецца са значэннем ‘сукупнасць прыкмет, па якіх у раслін можна адрозніваць мужчынскія і жаночыя калівы’, а таксама са значэннем ‘палаткі, нары’.

Тэрміны могуць уступаць у складаныя полісемантычна-аманімічныя адносіны: адзін і той жа мнагазначны тэрмін выступае як амонім да сугучнага, таксама мнагазначнага, тэрміна, напрыклад: грыф – 1) у антычнай міфалогіі – крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва, 2) вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай; грыф – 1) доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны, 2) стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі; грыф – 1) штэмпель з узорам чыйго-небудзь афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля, 2) надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. У гэтым прыкладзе назіраецца міжнавуковая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія; грот – 1) шырока адкрытая пячора з невысокай зводчатай столяй, 2) пашырэнне пячоры пасля вузкага праходу, 3) ніша ў канцы ледніка, адкуль выцякаюць талыя воды і грот – ніжні парус на грот-мачце. У гэтым прыкладзе назіраецца ўнутрыгаліновая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія.

Часам межы паміж мнагазначным і аманімічным словам бываюць умоўнымі, аманімія з цяжкасцю паддаецца дакладнай класіфікацыі. У лексікаграфічных працах не заўсёды паслядоўна вытрымліваецца падача мнагазначнага слова (у адным слоўнікавым артыкуле пад рознымі нумарамі) і слоў-амонімаў (у розных слоўнікавых артыкулах). Як заўважае Л.М.Мінакова, «устанаўленне меж паміж полісеміяй і аманіміяй... залежыць не столькі ад моўнай рэальнасці, колькі ад аргументацыі вучоных-лінгвістаў» [13, с. 116].

Сінанімія. Варыянтнасць. Дублетнасць

Праблема сінаніміі і сінонімаў у тэрміналогіі застаецца найменш распрацаванай і найбольш складанай. Адны даследчыкі зусім адмаўлялі з’яву сінаніміі ў тэрміналогіі (А.М.Талікіна) і сцвярджалі, што сінаніміі ў тэрміналагічных сістэмах няма, а тое, што лічыцца тэрміналагічнай сінаніміяй – гэта з’ява дублетнасці, бо паміж дублетамі няма тых адносін, якія ствараюць сінанімічны рад. На думку В.П.Даніленкі, сінанімія ў тэрміналогіі разглядаецца як натуральнае праяўленне законаў развіцця лексікі літаратурнай мовы. «У тэрміналогіі сінонімы суадносяцца з адным і тым жа паняццем і аб’ектам, гэтыя адзінкі не характарызуюць розныя яго ўласцівасці» [4, с.73]. Таму іх можна назваць тэрміналагічнымі дублетамі. З гэтай думкай пагаджаліся В.С.Ахманава, В.М.Галавін, Р.Ю.Кобрын і інш.

С.І.Коршунаў, Д.С.Лотэ, Э.А.Натансон і інш. прызнавалі ў тэрміналогіі абсалютную і адносную сінанімію. А.А.Рэфармацкі пад дублетнасцю разумеў розныя варыянты слоў. А.В.Косаў выдзяляў сінонімы-дублеты, якія з’явіліся ў выніку паралельнага ўжывання айчыннага і запазычанага тэрміна, у выніку скарачэння састаўнога тэрміна або паралельнага выкарыстання поўных тэрмінаў і іх абрэвіятур і інш. В.П.Красней выяўляе ідэаграфічныя (маюць сэнсавыя адценні іх паняційнага зместу) і дублетныя (адценні ў паняційным змесце адсутнічаюць) сінонімы. Як бачым, з’явы сінаніміі, дублетнасці, варыянтнасці або змешваюцца, або размяжоўваюцца на аснове фармальных і семантычных прыкмет.

Тэрміны-сінонімы – гэта найменні, якія адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння або аб’ёмам семантыкі. Прыкладаў такіх сінонімаў у даследуемых тэрмінасістэмах [16, 22, 23] не адзначалася.

Тэрміны-дублеты – гэта найменні, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні, суіснуюць у сінхронных моўных пластах. Многія з іх характэрны для дакладных навук (фізіка, матэматыка, хімія) (дыстыляцыя – перагонка, квазізоркі – квазары, счапленне – кагезія, сублімацыя – узгонка і інш.), юрыспрудэнцыі (фальсіфікацыя – падлог, выпадак – казус, стандарт – норма, вымаганне – рэкет, рэкламацыя – прэтэнзія і інш.), спорту (перашкода – бар’ер, арбітр – суддзя, сэт – партыя, бой – паядынак, нападаючы (нападнік) – бамбардзір, вароты – брамка, гнуткасць – гібкасць, жгут – скрутак, закалка – гарт і інш.), эканомікі (андэррайтэр – гарант, ануітэт – рэнта, залог – заклад, ін’екцыя – упрыскванне, улік – справаздачнасць і г.д.). У сінанімічныя адносіны ўступаюць найменні славянскага паходжання, найменне славянскае і запазычаны тэрмін, два або больш запазычаныя тэрміны і інш.

У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; гарлачык – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубэнчыкі, куўшынкі; трыпутнік – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лопух – лапушнік, дзядоўнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш. 

Лінгвістамі неаднаразова падкрэслівалася, што ў рэальнай тэрміналогіі значнае месца займаюць шматкампанентныя тэрміны тыпу імпульс – колькасць руху, браканьерства – незаконнае паляванне і рыбны промысел, бліцтурнір – маланкавы турнір і пад. Куды іх адносіць – да сінтаксічных сінонімаў-дублетаў ці да сінтаксічных варыянтаў (Я.М.Сцепановіч лічыць іх дэфініцыйнымі сінонімамі) – застаецца адкрытым пытаннем.

На нашу думку, пары найменняў тыпу «слова – словазлучэнне» або «словазлучэнне – словазлучэнне», якія маюць тоеснае значэнне, варта лічыць сінтаксічнымі сінонімамі-дублетамі. Напрыклад, дэзерцірства – ухіленне ад вайсковай службы, экспарт – знешні гандаль, бікамералізм – двухпалатная сістэма, халатнасць – нядбайнасць злачынная, бюлетэнь – лісток непрацаздольнасці, біпатрыды – двайное грамадзянства (юрыд.), гандбол – ручны мяч, звеславаць – пачаць веславаць, ватэрпола – воднае пола (спорт), арбітр – трацейскі суддзя, банкнота – банкаўскі білет, трата – пераводны вэксаль, распіска – пацвярджэнне атрымання (эканом.) і інш.

Шматкампанентныя пары сінонімаў-дублетаў розняцца галоўнымі кампанентамі (адміністрацыйнае правапарушэнне – адміністрацыйная правіннасць) або залежнымі кампанентамі (завочнае навучанне – навучанне без адрыву ад вытворчасці, фіктыўны шлюб – несапраўдны шлюб, Сусветны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, выгады пераліву – пабочныя выгады, выдаткі накладныя – выдаткі агульныя) і інш.

Варыянтамі з’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна. Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагічнага словазлучэння (дысперсія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал – імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – намінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд, ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, ФІФА – Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый). Скарачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі (γ-прамяні – электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш 0,1 нм) і інш.).

З’ява антаніміі ў айчынным мовазнаўстве пачала разглядацца ў 50-я г.г. XX ст. Антонімы разглядаліся вучонымі як суадносныя, карэлятыўныя паняцці, якія не могуць існаваць адзін без другога. На суадноснасць семантыкі антонімаў звярталі ўвагу Р.А.Будагаў, В.І.Іванова, Л.А.Новікаў і інш. У прыватнасці, М.М.Шанскі адзначаў, што «антонімы з’яўляюцца словамі рознага гучання, якія выражаюць супрацьлеглыя, але суадносныя адно з другім паняцці» [20, с. 64]. Для антанімічных пар і радоў характэрны ўзаемадапаўняльнасць, узаемазалежнасць, узаемавыключальнасць кампанентаў. Яны выступаюць як спецыфічнае моўнае адлюстраванне відазмяненняў і супрацьлегласцей у прадметах і з’явах аб’ектыўнага свету [14]. Антонімамі можна назваць словы, якія «супрацьпастаўляюцца па самай агульнай і істотнай для іх значэння семантычнай прыкмеце і знаходзяцца на палярных пунктах адпаведнай лексіка-семантычнай парадыгмы» [21, с.202].

З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень) у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца: лёгкая – цяжкая (атлетыка) (лёгкая атлетыка – від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.; цяжкая атлетыка – комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.). Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы)) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) = якія трапілі пад дождж і намоклі.

Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны; у эканоміцы бык (удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы) – антанімічны слову мядзведзь (спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы).

У тэрмінасістэмах розных галін навукі рэалізуюцца два структурныя тыпы антанімічных адносін – лексічны і словаўтваральны. Лексіка-словаўтваральны тып (цеплаўстойлівасць – холадаўстойлівасць) непрадуктыўны.

У лексічным тыпе антаніміі супрацьлегласць значэнняў выражаецца рознымі каранямі. Напрыклад: упарадкаванне (поўная заканамернасць, парадак, сіметрыя ў размеркаванні атамаў, малекул, крышталяў, якія ўтвараюць цвёрдае цела) – хаатычнасць (адсутнасць парадку, сіметрыі ў размеркаванні чаго-небудзь); алігаполія (стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці прадаўцоў супрацьстаіць вялікая колькасць пакупнікоў) – алігапсонія (стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці пакупнікоў супрацьстаіць вялікая колькасць прадаўцоў). Лексічны тып антаніміі асабліва пашыраны сярод назоўнікаў аддзеяслоўнага (ці адпрыметнікавага) паходжання: выпарэнне (пераход рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны) – кандэнсацыя (пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі ці крышталічны); крохкасць (здольнасць цвёрдых цел разбурацца пры механічных уздзеяннях без прыкметных пластычных дэфармацый) – пластычнасць (уласцівасць цвёрдых цел вытрымліваць без разбурэння дэфармацыі і захоўваць іх пасля таго, як знешнія сілы перастаюць дзейнічаць). Яшчэ прыклады: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы, шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі (юрыд.) і інш.

У словаўтваральны тып антонімаў уключаюцца тэрміны, у якіх процілегласць значэнняў выражаецца словаўтваральнымі сродкамі. Як правіла, значэнне антаніміі ўзнікае як вынік карэляцыі супрацьлеглых па сэнсе прыставак, якія далучаюцца да аднаго і таго ж тэрміна, або як вынік выкарыстання прыстаўкі, якая надае тэрміну супрацьлеглы сэнс. Напрыклад: адліў – прыліў, негатыў – пазітыў, сіметрыя – асіметрыя, часцінка – антычасцінка, рэчыва – антырэчыва, свет – антысвет і інш.

Сярод састаўных тэрмінаў-антонімаў можна вылучыць дзве групы:

1) антанімічныя пары з рознакаранёвымі кампанентамі, дзе супрацьлегласць выражаецца: а) лексічнымі асновамі відавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: высокі мяч – нізкі мяч, высокае вядзенне мяча – нізкае вядзенне мяча, гол у свае вароты – гол у чужыя вароты, задняя лінія – пярэдняя лінія, левы абаронца – правы абаронца; аферта вольная – аферта цвёрдая; палітыка «танных грошай» – палітыка «дарагіх грошай»; б) лексічнымі асновамі родавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: запаволіць тэмп – павялічыць тэмп;

2) найменні з аднакаранёвымі кампанентамі, антанімічнасць якім надаюць супрацьлеглыя па сэнсе прыстаўкі ў складзе відавых кампанентаў або (што назіраецца значна часцей) супрацьлеглы сэнс надае прыстаўка ў складзе толькі аднаго з відавых кампанентаў антанімічнай пары: згінальныя рухі – разгінальныя рухі, рацыянальны лік – ірацыянальны лік; акрэдытыў адзыўны – акрэдытыў безадзыўны і інш.

Супрацьлеглы па сваім значэнні можа быць адзін і той жа тэрмін (яго лексіка-семантычныя варыянты). Параўнаем: пячэ (сонца, мароз). Такая здольнасць слова выражаць супрацьлеглыя значэнні без змянення сваёй формы ў лінгвістыцы атрымала назву энантыясемія. Напрыклад, ваяка – 1) воін, баец, салдат і 2) пра таго, хто не апраўдвае званне воіна, байца.

Паронімы. Гіпонімы

Паронімы – словы, блізкія паводле гучання, але розныя паводле значэння, якія маюць, як правіла, адзін корань і належаць да адной часціны мовы. Напрыклад, альянс (саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў) – альяс (расліна алоэ); імігрант (перасяленец з якой-небудзь краіны) – эмігрант (чалавек, які перасяліўся са сваёй радзімы ў іншую краіну); інжынерны (факультэт, войскі) – інжынерскі (дыплом, абавязкі); канцэсія (дагавор аб перадачы замежнай фірме ў эксплуатацыю на пэўны тэрмін прыродных багаццяў, прадпрыемстваў і інш. гаспадарчых аб’ектаў, якія належаць дзяржаве) – канфесія (веравызнанне – 1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэлігійнага вучэння якой-небудзь царквы, 2) рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізацыйную структуру); камітэт (выбарны орган, які кіруе якой-небудзь работай) камітэнт (асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую-небудзь здзелку: куплю, продаж і інш.); трасат (асоба, абавязаная заплаціць па пераводным вэксалю) – трасант (асоба, якая выдае другой асобе пераводны вэксаль; вэксаледаўца); лакаўт (адна з форм барацьбы прадпрымальнікаў супраць рабочага класа ў заходніх краінах) – накаўт (стан баксёра ў час бою, калі ён пасля вельмі моцнага ўдару на працягу 10 секунд не можа падняцца і лічыцца пераможаным); спаборнасць (адзін з функцыянальных прынцыпаў, які вызначае працэсуальную дзейнасць суда з мэтай забеспячэння паўнаты фактычнага і доказнага матэрыялу, неабходнага для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, устанаўлення ісціны па справе) – спаборніцтвы (спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы).

Рода-відавыя адносіны лексічных адзінак называюцца гіпаніміяй. Тэрміны, што абазначаюць больш шырокае, родавае паняцце, называюцца гіперонімамі, а тэрміны, якія абазначаюць больш вузкае, відавое паняцце, – гіпонімамі.

Як заўважае Я.М.Сцепановіч, на рода-відавых адносінах пабудавана ўся біялагічная наменклатура, змест відавога паняцця шырэй родавага, а аб’ём вузей. Напрыклад, у заалогіі з сям’і кашачых тыгры, ільвы, пантэры, барсы, пума, ягуар, дамашні кот адносяцца да роду кошак сапраўдных, рысь – да роду рысяў, гепард – да роду гепардаў. Яшчэ прыклады гіпонімаў з эканомікі, права, спорту: банк – банк акцыянерны, банк узаемаашчадны, банк дзяржаўны, банк інавацыйны, банк іпатэчны, банк каптыўны, банк квазідзяржаўны, банк-каменеджэр, банк камерцыйны, Банк Сусветны, банк дамашні, банк цэнтральны; права – права аўтарскае, права на ўнясенне прапаноў, права на жыллё, права на матэрыяльнае забеспячэнне, права на спадчыну, права на адукацыю, права на аб’яднанне ў грамадскія саюзы, права на адпачынак, права на ахову здароўя, права на судовую абарону, права на працу, права на ўдзел у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі, права адклікання дэпутата, права падпісу, права поўнага гаспадарчага вядзення, права ўласнасці, права прытулку, права прыватнае, права экстэрытарыяльнасці; удар – удар вонкавым бокам пад’ёму, удар вонкавым бокам ступні, удар унутраным бокам пад’ёму, удар унутраным бокам ступні, удар галавой у скачку, удар здалёк, удар нізам, удар нажніцамі, удар ад варотаў, удар рэзаны, удар абарончы, удар па мячы, удар звыш блока, удар плоскі, удар па шайбе, удар з краю сеткі, удар з лёту, удар з нізкай перадачы, удар з месца, удар з адскоку, удар з паваротам, удар укарочаны, удар цераз сябе і інш.

Такім чынам, спецыяльная лексіка падпадае пад уплыў усіх тых лексіка-семантычных працэсаў, якія характэрны літаратурнай мове ў цэлым. Ёй уласціва мнагазначнасць, аманімія, сінанімія, варыянтнасць, антанімія і інш. Аднак усе гэтыя працэсы маюць свае асаблівасці, яны працякаюць у тых межах, якія не парушаюць семантычнай пэўнасці тэрміна.

4. Паходжанне лексікі беларускай мовы

Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа.

Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ≈ 3–1 тысяч. да н. э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці; лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і мн. інш.

2) агульнаславянскія (праславянскія) словы (≈ 2 тысяч. да н. э. – 1 тысяч. н. э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (≈ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы.

3) агульнаўсходнеславянскія словы (УІІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і інш.

4) уласнабеларускія словы (ХІУ – ХУІІ стст.): асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы.

Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. Асноўная прымета запазычанага слова – яго функцыянальная значымасць, якая заключаецца ў тым, што слова абазначае прадметы і паняцці, якія не маюць адэкватнага абазначэння ў самой беларускай мове або з’яўляюцца семантычнымі ці стылістычнымі сінонімамі да адпаведнага беларускага слова. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам (г. зн. перш трапілі ў жывую гаворку, а пазней пашырыліся ў пісьменнасці), так і кніжным (пачыналі ўжывацца ў пісьменнасці і літаратурнай мове, а потым паступова пераходзілі ў гаворку). Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Прывядзём прыклады.

Са славянскіх моў: 

а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне і інш.;

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.;

г) з польскай мовы: касцёл, палац, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.;

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт;

З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы (пераважна з татарскай мова). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), калчан, атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш; 

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш; 

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.;

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.;

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.;

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідэр, мітынг і інш.;

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макароны, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.;

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.;

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.;

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

5. Лексіка паводле сферы выкарыстання

У адносінах выкарыстання словы беларускай мовы не з’яўляюцца аднолькавымі: адны з іх ужываюцца ўсімі носьбітамі мовы незалежна ад іх пражывання, прафесіі, узросту, роду заняткаў, адукацыйнага і культурнага ўзроўню; другія – актыўна ўжываюцца толькі на пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікамі асобных прафесійных ці сацыяльных груп насельніцтва, г. зн. з’яўляюцца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванымі. З гэтага вынікае, што лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Сюды адносяцца такія словы, якія вядомы ўсім носьбітам і шырока выкарыстоўваюцца імі без усякіх абмежаванняў. Гэта словы розных часцін мовы і розных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя).

Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялектную, жаргонную і спецыяльную. Коратка спынімся на гэтых лексічных разрадах.

Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы). На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць наступныя дыялекты: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні (асноўныя), сярэднебеларускі (цэнтральныя гаворкі) і заходнепалескі (брэсцка-пінскі). Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Дыялектызмы, безумоўна, вядомы не ўсім носьбітам мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе гэтыя словы бытуюць. Напр., савяк (замест літ. падбярозавік), вятроўкі (замест літ. басаножкі), казлы (люцікі), пасоля (фасоля), ля, паля (паглядзі, глянь), гуліца (вуліца), тамака (там), настольніца (настольнік), барыла (бочка) і інш.

Сярод дыялектызмаў вылучаюць параўнальна невялікую групу абласных слоў, г. зн. такіх, якія ўжываюцца на больш-менш значнай тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах многіх аўтараў, але яшчэ не сталі літаратурнымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Абласныя словы падаюцца ў слоўніках літаратурнай мовы з паметай абл. (абласное): нацяты (нацягнуты), нябож (пляменнік), оступам (цесна абступіўшы, вакол), гучок (парастак), гуля і гула (гуз), жбан (збан), заложна (бесперапынна, настойліва, упарта) і інш.

Дыялекты – гэта самыя старажытныя моўныя адзінствы, нават больш старыя, чым сама беларуская мова. У дапісьмовы перыяд дыялекты былі адзінай формай зносін. У наш час дыялекты не ўтвараюцца, а паступова разбураюцца. Тым не менш, для нацыянальнай мовы яны – скарбніца, якую неабходна захоўваць (дастаткова ўспомніць, што менавіта з дыялектаў «вырастала» новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова). Узбагачэнне літаратурнай лексікі за кошт народна-дыялектных слоў – гэта такі ж гістарычны працэс, як і папаўненне яе шляхам запазычання іншамоўных слоў.

У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы з мэтай стварэння мастацкага вобраза, для характарыстыкі дзеючых асоб, перадачы моўнага каларыту мясцовасці, у якой адбываецца дзеянне.

Жаргонная лексіка (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г. д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Так, у мове моладзі, вучняў, студэнтаў можна пачуць такія жаргонныя словы, як продкі, шнуркі (бацькі), ажур (парадак), гнаць (гаварыць няпраўду), базар (размова), бомбы, шпоры (шпаргалкі), халтурыць (нядобрасумленна выконваць працу), філоніць (ухіляцца ад працы), бабкі (грошы ўвогуле), зелень (долары), драўляныя (айчынная валюта) і інш.; у мове спартсменаў: рамка (вароты), гарчычнік (жоўтая картка), вольнік (барэц вольнага стылю) і інш.; прыклады армейскіх жаргонаў: салага (увогуле малады салдат), дух, чарпак ці чайнік, слон, дзед (радавы салдат у залежнасці ад часу знаходжання на тэрміновай службе), старлей (старшы лейтэнант), кусок (прапаршчык), самаход (самавольна пакінуць воінскую часць), дэмбель (дэмабілізацыя), адкасіць (ухіліцца ад воінскай службы) і інш. У часы Вялікай Айчыннай вайны склаўся франтавы жаргон: самавары (мінамёты), сабантуй (артабстрэл), кацёл (акружэнне), гасцінцы (снарады, міны) і інш.

Пэўным жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў, часам негатыўнага характару (напр., у лексіконе аматараў выпіць сустракаюцца наступныя жаргонныя словы: налізацца, завязаць, пузыр, чарніла, фауст, псіхатроп, балбанэс і інш.).

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (фр. аrgot – замкнуты). Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад іншых людзей. У строга тэрміналагічным сэнсе арго – гэта мова дэкласаваных груп грамадства і крымінальнага асяроддзя: зладзеяў, карцёжных шулераў, кантрабандыстаў, наркаманаў і пад. У Расіі арго пачало складвацца ў 2-ой палове ХІХ ст. пераважна ў гандлёвых цэнтрах, партовых гарадах, месцах ссылак. Аргатычная лексіка стваралася на базе натуральных моў. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацавалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Дасягалася гэта шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў: вышка (вышэйшая мера пакарання), стукач (даносчык), сціркі (ігральныя карты), макруха (забойства), дзірка (турма), вывеска (твар), пазычыць (украсці), шырмач (кішэнны злодзей), раскалоцца (прызнацца); выкарыстання запазычаных слоў (напр., бан у мове зладзеяў ‘вакзал’ з ням. bahnhof), а таксама шляхам перастаноўкі складоў у словах або дабаўлення да слоў новых элементаў (напр., чуха замест хачу, шывар замест тавар і інш.).

Жарганізмы не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя.

Спецыяльнай лексікай карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Спынімся на азначэннях гэтых паняццяў і прывядзём прыклады.

Тэрмін (ад лац. terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйна ўзаконенае слова або словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г. д., абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузкаспецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; у мовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г. д.). Заўважым, што словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі стыхійна, па меры авалодання мовай, ствараюцца для патрэб усяго грамадства. Тэрміны ж прыдумваюцца штучна і патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў той ці іншай сферы дзейнасці.

Па сваім функцыянальным значэнні блізка да тэрмінаў стаяць прафесіяналізмы. Гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці. Калі тэрміны маюць больш упарадкаваны, унармаваны характар, то прафесіяналізмы з’яўляюцца паўафіцыйнымі лексічнымі адзінкамі, якія выкарыстоўваюцца вузкім колам спецыялістаў, прычым пераважна ў гутарковым стылі (напр., у мове пчаляроў сустракаюцца такія прафесіяналізмы, як дымар, вашчына, раёўня, пропаліс). Рэзкай мяжы паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі няма, і часта прафесіяналізм можа існаваць як сінонім тэрміна. Многія мовазнаўцы ўвогуле не вылучаюць прафесіяналізмы ў асобны разрад слоў спецыяльнай лексікі.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць назваў канкрэтных аб’ектаў, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, спорце і пад. Па складзе наменклатура велізарная. Так, толькі наменклатура медыцынскай тэхнікі (інструменты, апаратура і пад.) налічвае звыш 3000 назваў. Тэрміны маюць абстрактныя, адцягненыя значэнні, а наменклатурныя назвы абазначаюць даволі канкрэтнай з’явы. Параўн.: арфаграфія, прэфікс, марфема, злучнік і інш. (прыклады мовазнаўчых тэрмінаў) і най-, без-, пад-, за- і інш. (наменклатурныя назвы канкрэтных прыставак). Сярод наменклатуры сустракаюцца і абрэвіятуры: ЭВМ, ЗІЛ, ЗІС і пад. Падрабязна спецыяльная лексіка (у прыватнасці, тэрміны і тэрмінасістэмы) будзе разгледжана ў асобнай лекцыі.

6. Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу

Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе.

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі.

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) – гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі. Так, новыя словы 60-80-х гадоў ХХ ст. сваёй разнастайнай тэматыкай звязаны з асваеннем космасу (касманаўт, касмадром, касмапорт, баракамера, касмалогія і інш.), з развіццём новых галін навукі (вірусалогія, геранталогія, мікраэлектроніка, наркалогія, псіхалінгвістыка і інш.), навукова-тэхнічнага прагрэсу (камп’ютэр, лазер, нейлон, ратапрынт, бойлер, батыскаф, электрамабіль і інш.), спорту (аўтаралі, біятлон, юніёр і інш.), медыцыны (алергія, стрэс, халестэрын, канцэраген і інш.) і г. д., сёння ўспрымаюцца як прывычныя, звычайныя. Усе яны знаходзяцца ў нарматыўным тлумачальным слоўніку і ўваходзяць у актыўны пласт лексікі. Пашырэнню неалагізмаў у мове садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я.Купала); жаўтацвецень, светазор, шаўкарунны, вольнаплынны (Я.Колас) і інш. Аказіяналізмы ствараюцца з пэўнай стылістычнай мэтай і, як правіла, не выходзяць за межы мастацкага твора. Іх значэнне можна высветліць толькі ў кантэксце.

7. Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тыпы слоўнікаў паводле іх структуры і прызначэння. У задачу лексікаграфіі ўваходзіць таксама вывучэнне будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова.

Пачатак развіцця беларускай лексікаграфіі звязваюць з дзейнасцю першадрукара і асветніка Ф. Скарыны. Менавіта ён на палях сваіх кніг зрабіў пераклад каля 200 незразумелых царкоўнаславянскіх слоў на старабеларускую мову (такія тлумачэнні называліся глосамі). Пачынанне Скарыны было працягнута яго паслядоўнікамі. Ужо ў канцы ХУІ ст. з’яўляецца першы друкаваны перакладны слоўнік «Лексисъ» Лаўрэнція Зізанія (у ім 1061 слова); у 1627 г. у Кіева-Пячэрскай лаўры выходзіць слоўнік «Лексиконъ славеноросский» Памвы Бярынды (у ім каля 7000 слоў). З тлумачальных слоўнікаў ХІХ ст. найбольш каштоўным з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча (1870 г.). Гэты слоўнік – вынік 16-гадовай працы яго аўтара. Тут поўнасцю адлюстравана лексіка і фразеалогія жывой беларускай мовы таго часу (больш за 30 000 слоў). У сваім слоўніку І. Насовіч выяўляе значэнні мнагазначных слоў, дае граматычную характарыстыку, указвае сферу ўжывання слоў, тлумачыць паходжанне некаторых з іх. Аўтар свядома не ўключаў у рэестр словы, агульныя для беларускай і рускай моў. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Слоўнік І. Насовіча перавыдадзены ў 1983 г. Пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. у нашай краіне вядзецца сістэматычная лексікаграфічная праца.

Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г. д. Загаловачнае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя. Агульныя энцыклапедычныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў. Прыклады такіх слоўнікаў: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12-ці тамах (1969 – 1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭ БССР) у 5-ці тамах (1978 – 1981), «Беларуская энцыклапедыя ў 18 т.» (1996 – 2004). Галіновыя слоўнікі падаюць звесткі з якой-небудзь адной галіны навукі, культуры, вытворчасці і пад. Напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984 – 1987), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5-ці тамах (1983 – 1986), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6-ці тамах (1993 – 2003) і інш.

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне і пад. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныя слоўнікі. Напр., «Руска-беларускі слоўнік» у 2-х тамах пад рэдакцыяй К. Крапівы (1982 г.), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах (1988 г.), «Белорусско-русский словарь» (1975 г.) і «Русско-белорусский словарь» (1976) Грабчыкава, прызначаныя для сярэдняй школы, «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (1980), «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (1962), «Англійска-беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Т. М. Сушы і А. К. Шчукі (2004) і інш.

Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977 – 1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Я. Баханькова, І. М. Гайдукевіча, П. П. Шубы (1979) для сярэдняй школы, «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М. Р. Судніка (1996).

Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі, у якіх адлюстроўваецца і тлумачыцца лексіка адной гаворкі або групы гаворак: «Дыялектны слоўнік» Ф. М. Янкоўскага (вып. 1, 1959; вып. 2, 1960; вып. 3, 1970), «Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Тураўскі слоўнік» А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна і інш. у 5-ці тамах (1982 – 1987) і г. д.

У фразеалагічных слоўніках сабраны ўстойлівыя словазлучэнні (фразеалагізмы), растлумачана іх значэнне, прыведзены ілюстрацыі: «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Г. Ф. Юрчанкі (1972), «Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешава, Ф. М. Янкоўскага (1973), «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава, у якім разглядаецца паходжанне фразеалагізмаў беларускай мовы (1981), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2 т.» І. Я. Лепешава (1993) і інш.

Вялікае значэнне ў засваенні правільнага напісання слоў маюць арфаграфічныя слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (1982), «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай школы (1982), «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987), «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне» Арашонкавай Г. У., Лемцюговай В. П. (1994) і інш.

Даволі шматлікімі з’яўляюцца тэрміналагічныя слоўнікі. У іх тлумачацца тэрміны з розных галін навукі, тэхнікі і г. д.: «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» (1995), «Кароткі тлумачальны слоўнік паліталагічных тэрмінаў» (1997), «Кароткі эканамічны слоўнік» (1993), «Кароткі беларускі слоўнік музычных тэрмінаў» (1992), «Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (1993), «Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979), «Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні» (1998), «Лаціна-руска-беларускі батанічны слоўнік» (1967), «Руска-беларускі слоўнік біялагічных тэрмінаў» (1992), «Руска-беларускі агранамічны слоўнік» (1994), «Расейска-беларускі хімічны слоўнік» (1993), «Русско-белорусский словарь спортивной терминологии» (1993), «Краткий русско-белорусский словарь терминов по спортивным играм» (1996), «Русско-белорусский медицинский словарь» (1993), «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» (1997), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» (1999) і інш.

Да лінгвістычных таксама адносяцца гістарычныя слоўнікі (адлюстроўваюць лексіку мінулых эпох, час узнікнення і шляхі развіцця слоў), этымалагічныя (паходжанне слоў, змены іх значэнняў), слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, слоўнікі мовы пісьменнікаў, тапанімічныя слоўнікі (адлюстраваны геаграфічныя назвы), антрапанімічныя (фіксуюцца ўласныя імёны), марфемныя слоўнікі (вызначаецца марфемная будов слова) і многія іншыя. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік існуючых на сённяшні дзень слоўнікаў у беларускай мове.

Трэба заўважыць, што будова слоўнікавага артыкула (загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго) вызначаецца тыпам слоўніка. Так, поўны слоўнікавы артыкул тлумачальнага слоўніка ўключае наступныя элементы: загаловачнае слова; граматычную характарыстыку; стылістычную характарыстыку; сэнсавую характарыстыку; ілюстрацыйны матэрыял; тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні; этымалагічную даведку.

Размяшчаюцца загаловачныя словы ў слоўніку ў алфавітным або алфавітна-гнездавым парадку. Пры алфавітна-гнездавой падачы слоў вытворныя ад агульнага кораня і блізкія значэннем словы аб’ядноўваюцца ў гняздзе (прыкладам можа служыць «Русско-белорусский словарь», 1982). Ілюстрацыямі ў большасці слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бяруцца з літаратурных крыніц.

Праверачны тэст

1. Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца

1) сінонімы, амонімы, антонімы;

2) гістарызмы, архаізмы, неалагізмы;

3) дыялектызмы, жарганізмы, тэрміны;

4) адназначныя, мнагазначныя словы;

5) наменклатура, прафесіяналізмы, слэнгізмы.

2. Устанавіце адпаведнасць

А. Бескарысны – бескарыслівы. 1. Антонімы.

Б. Адвага – баязлівасць. 2. Дыялектызмы.

В. Картопля, пасоля. 3. Сінонімы.

Г. Сумны, тужлівы, маркотны. 4. Амонімы.

5. Паронімы.

3. Эўфемізмы – гэта разнавіднасць

1) амонімаў;

2) сінонімаў;

3) неалагізмаў;

4) жарганізмаў;

5) паронімаў. 

Лекцыя 5. АСАБЛІВАСЦІ СЛОВАЎТВАРЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКОВАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ

Мэта лекцыі – паказаць спецыфіку ўтварэння тэрмінаў эканомікі, права, спорту.

Задачы:

  •  ахарактарызаваць найбольш пашыраныя спосабы тэрмінатворчасці;
  •  вызначыць найбольш прадуктыўныя фарманты і мадэлі тэрмінатворчасці.

Пытанні

  1.  Асноўныя спосабы тэрмінатворчасці:

а) лексіка-семантычны спосаб (тэрміналагізацыя, транстэрміналагізацыя);

б) марфолага-сінтаксічны спосаб (канверсія);

в) марфалагічны спосаб (тэрмінаўтварэнне);

г) сінтаксічны спосаб.

2. * Паняцце словаўтваральнага тыпу.

3. * Паняцце словаўтваральнай мадэлі.

4. * Прадукцыйнасць словаўтваральных тыпаў і індывідуальная словатворчасць.

(* – заканспектаваць па Л.М.Шакуну [11, с.101–108]).

Праблемныя пытанні

  1.  Як павінны перакладацца дзеепрыметнікі з рускай мовы на беларускую?
  2.  Як перакладаюцца дзеясловы з суфіксам –ірава (-ырава)?
  3.  

Літаратура

  1.  Антанюк, Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія / Л.А.Антанюк. – Мінск: Навука і тэхніка, 1987. – 240 с.
  2.  Болсун, А.І., Рапановіч, Я.Н. Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў / АІ.Болсун, Я.Н.Рапановіч. – Мінск: Нар. асвета, 1979. – 183 с.
  3.  Бубновіч І.І. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю / І.І.Бубновіч. – Гродна: ГрДУ, 2000. – 107 с.
  4.  Даниленко, В.П. Русская терминология: Опыт лингвистического описания / В.П.Даніленко. – М.: Наука, 1977. – 246 с.
  5.  Словарь-справочник по современной экономике: на пяти языках / М.В. Мишкевич, Л.И.Василевская, В.Н.Ермаков, М.И.Плотницкий; Под общ. ред. М.И.Плотницкого, М.В.Мишкевича. – Минск: Высш. шк.., 1996. – 364 с.
  6.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. – Мінск: БелСЭ, 1977–1984.
  7.  Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Г.У.Арашонкава, А.М.Булыка, У.В.Люшцік, А.І.Падлужны. – Мінск: Бел. навука, 1999. – 175 с.
  8.  Шакун, Л.М. Словаўтварэнне: Вуч. дапам. для ВНУ / Л.М.Шакун. – Мінск: Выш. школа, 1978. – 128 с.
  9.  Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / Рэдкал.: С.В.Кузьмін і інш. – Мінск: БелСЭ, 1992. – 636 с.
  10.  

Словаўтварэнне – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца будова вытворных слоў, сродкі і шляхі іх утварэння. Тэрмінам «словаўтварэнне» называюць і сам працэс утварэння новых слоў.

Пачатак вывучэнню словаўтварэння пакладзены ў працах такіх вядомых вучоных, як М.В.Ламаносаў, А.Х.Вастокаў, Ф.І.Буслаеў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Патабня. У сувязі з развіццём навукі аб мове цікавасць да гэтай галіны мовазнаўства пастаянна ўзрастае, што знайшло адлюстраванне ў даследаваннях Р.О.Вінакура, В.У.Вінаградава, А.А.Земскай, А.С.Кубраковай, У.У.Лапаціна, К.А.Ляўкоўскай, А.М.Ціханава, М.М.Шанскага, Л.М.Шакуна, П.У.Сцяцко і інш.

Непасрэдна словаўтварэннем тэрміналагічных адзінак займаліся В.П.Даніленка, Б.М.Галавін, А.С.Супяранская, В.М.Немчанка, Л.А.Антанюк і інш. Аднак на некаторыя пытанні лінгвісты не даюць адназначнага адказу, у прыватнасці, погляды лінгвістаў разыходзяцца, калі гаворка ідзе пра калькаванне, транстэрміналагізацыю, субстантывацыю, абрэвіяцыю і інш.

Утварэнне новых лексічных адзінак у мове або ўзнаўленне ў працэсе маўлення тых, што ўжо існуюць, адбываецца паводле пэўных правіл словаўтварэння і на ўзор адпаведных словаўтваральных марфаналагічных асаблівасцей мадэлей. Таму, калі пад літаратурнай нормай разумеюць прынятыя ў моўнай практыцы адукаваных людзей правілы вымаўлення, словазмянення, словаўжывання і г.д., то словаўтваральнай нормай трэба лічыць утварэнне слоў і іх ужыванне ў строгай адпаведнасці з правіламі словаўтварэння, што існуюць у беларускай літаратурнай мове. Гэтыя правілы замацаваны словаўтваральнымі тыпамі і словаўтваральнымі (марфаналагічнымі) мадэлямі.

Паняцце словаўтваральнага тыпу лінгвістамі вызначаецца па-рознаму. Але большасць з іх у паняцце словаўтваральнага тыпу ўключае вытворныя, якія маюць тры асноўныя прыкметы: 1) адзінства часціны мовы ўтваральнай асновы; 2) агульнасць семантычных адносін паміж вытворнымі і ўтваральнымі; 3) агульнасць спосабу словаўтварэння [10, с. 101–103].

Суаднесенасць вытворнага слова з пэўным словаўтваральным тыпам забяспечвае правільнае сэнсавае ўжыванне. Напрыклад, у словаўтваральнай пары пілот – пілотка назоўнік пілотка мае значэнне ‘галаўны ўбор’. Таму яно не можа быць пастаўлена ў адзін рад з такімі назоўнікамі, як тэнісістка, баскетбалістка, таксама ўтворанымі ад назваў асоб мужчынскага полу з дапамогай суфікса (-к-)-а. Слова пілотка ўваходзіць у склад іншага словаўтваральнага тыпу: матрос – матроска ‘шапка без казырка, бесказырка (звычайна ў маракоў)’, каўбой – каўбойка ‘капялюш з шырокімі палямі, загнутымі з бакоў, з раменьчыкам пад падбародкам’.

Словаўтваральная мадэль улічвае «канкрэтныя асаблівасці ўтварэння пэўнага слова ці групы слоў у межах аднаго словаўтваральнага тыпу» [10, с. 103]. Выбар патрэбнай словаўтваральнай мадэлі забяспечвае правільнае гукавое і графічнае афармленне вытворнага слова.

Такім чынам, словаўтваральная норма рэгулюе: 1) утварэнне новых лексічных адзінак; 2) узнаўленне пры маўленні тых, што ўжо існуюць.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове даследчыкамі звычайна вылучаецца 4 спосабы ўтварэння новых слоў (з падраздзяленнямі ўнутры асобных спосабаў): лексіка-семантычны, лексіка-сінтаксічны, марфолага-сінтаксічны, марфалагічны.

Для тэрмінатворчасці найбольш характэрнымі лічацца лексіка-семантычны (інакш яго называюць тэрміналагізацыя), марфолага-сінтаксічны (часам у навуковай літаратуры гэты спосаб называецца транспазіцыя або канверсія) і марфалагічны спосаб (тэрмінаўтварэнне). Тэрмінолагі вылучаюць яшчэ сінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў, а таксама ў асобны спосаб уключаюць калькаванне (запазычванне тэрміна з іншай мовы), напрыклад: віза, гарантыя (франц.), вэксаль (ням.), інвестар, ноў-хаў (англ.), прэсінг (англ.), пенальці (англ.), пінг-понг (англ.), вердыкт, версія, канвенцыя, канверсія (лац.) і інш. Асабліва шмат запазычанняў з лацінскай мовы сярод тэрмінаў дакладных навук і права.

У аснове лексіка-семантычнага спосабу ўтварэння тэрмінаў (ці тэрміналагізацыі) ляжыць метафара – перанос значэння ў выніку прыпадабнення па форме, функцыі, становішчы. Напрыклад, пераасэнсаванне значэння слова кубак – 1) невялікая, звычайна з ручкай, фарфоравая гліняная ці іншая пасудзіна для піцця, 2) ваза з каштоўнага матэрыялу, што ўручаецца пераможцу ў спартыўным спаборніцтве як прыз; слова барометр – 1) прылада для вымярэння атмасфернага ціску, 2) паказчык, які адлюстроўвае стан рынку, паказчык дзелавой актыўнасці [7]. Параўнаем, таксама, уцёкі капіталаў, дрэва мэт, парасон цэн, нажніцы цэн, рай банкаўскі, партфель абмежаванняў, лячыць інфляцыю, уцёкі ад грошай, партфельная інвестыцыя, плавальны валютны курс, партфель актываў, інвестыцыйны клімат, жывы мяч, мёртвы вугал, утопліванне іграка, эластычныя ногі, чараўнік мяча, бетонная абарона, выключыць саперніка з гульні, зборная зорак і інш.

Перанос гатовага тэрміна з адной галіны навукі ў другую з поўным ці частковым яго пераасэнсаваннем і ператварэннем у міжгаліновы амонім атрымаў назву транстэрміналагізацыя [9, с. 27]. Напрыклад: лаўка – прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках (лаўка для запасных, лаўка для штрафнікоў) і лаўка – невялікая гандлёвая ўстанова, невялікі магазін; бык – ‘самец буйной рагатай жывёлы, дзікай і свойскай, бугай’ [8] і бык – ‘удзельнік таргоў, які чакае павышэння цаны і іграе на павышэнне цаны на біржы’ [7].

Не ўсе лінгвісты пагаджаюцца з лексіка-семантычным спосабам словаўтварэння: абапіраючыся на той факт, што гэтым спосабам фармальна новыя словы не ўзнікаюць, яны адносяць яго да лексікалогіі, дзе разглядаюцца з’явы мнагазначнасці і аманіміі.

Агульныя рысы з тэрміналагізацыяй (фанетычна новае слова не ўзнікае) мае канверсія – пераход тэрміна з адной часціны мовы ў другую, у прыватнасці, пераход прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у назоўнікі (пераход любой часціны мовы ў назоўнікі называецца субстантывацыяй). Напрыклад, дадзеныя, асуджаны, ваеннаабавязаны, зняволены, непаўналетнія, накладная, павераны, падабаронны, падазроны, беспрацоўныя, суправаджальная, двайны, бакавы, дапаможны блакіруючы, дапаможны нападаючы, асноўны блакіруючы і пад. Некаторыя даследчыкі (у прыватнасці, Л.А.Антанюк) субстантывацыю адносяць да марфалагічнага спосабу і ўключаюць у асобны разрад нульсуфіксальных тэрмінаў [1]. Думаецца ўсё ж, што тэрміны тыпу дадзеныя ўтварыліся шляхам канверсіі і адносяцца да марфолага-сінтаксічнага спосабу: гэтыя тэрміны змянілі сваё значэнне, паколькі сталі абазначаць канкрэтныя прадметы, а не іх прыметы, і ў сказе гэтыя адзінкі выступаюць у ролі дзейніка або дапаўнення.

Найбольш прадукцыйным спосабам з’яўляецца тэрмінаўтварэнне (марфалагічны спосаб), якое адрозніваецца ад звычайнага словаўтварэння перавагай пэўных кампанентаў і мадэлей. На думку Л.М.Шакуна, марфалагічны спосаб словаўтварэння больш правільна падзяляць на дзве разнавіднасці: афіксальнае словаўтварэнне, бязафікснае словаўтварэнне (складанне асноў і слоў) [10, с. 95]. Некаторыя даследчыкі складанне асноў і слоў уключаюць у марфалагічны спосаб толькі з пэўнымі агаворкамі, а некаторыя адносяць да сінтаксічнага спосабу словаўтварэння.

Пры афіксацыі тэрмінаў да ўтваральнай асновы (слова) далучаецца дэрывацыйны афікс (або афіксы). У залежнасці ад іх віду адрозніваюць суфіксальнае (вынослівасць), прэфіксальнае (невялікі), прэфіксальна-суфіксальнае (адваротны), прэфіксальна-нульсуфіксальнае (бясконцы) словаўтварэнне і нулявую суфіксацыю (адказ, бег, выпуск, выкуп, вывад, выбар і пад.).

Пры суфіксацыі асабліва прадукцыйныя наступныя суфіксы тэрмінаў-назоўнікаў:

1) –нн-, –енн- (-энн-) са значэннем апрадмечанага дзеяння: абагульненне, абазначэнне, абгрунтаванне, абстрагаванне, папярэджанне, распараджэнне, раскраданне, дарэнне, дазнанне, памілаванне, абарачэнне, аб’яднанне, адхіленне, планаванне, пагашэнне, размеркаванне, пагадненне, страхаванне, пераключэнне, перагульванне, паражэнне, перакідванне, папярэджванне, расціранне і інш.;

2) –асць- з адцягненым значэннем: злачыннасць, акалічнасць, суб’ектнасць, калегіяльнасць, халатнасць, ліквіднасць, адказнасць, карыснасць, схільнасць, вартасць, транзітыўнасць, бесперапыннасць, настойлівасць, няздольнасць, скакучасць, выніковасць і пад.;

3) –ацыj- (-цыj-): індэксацыя, асацыяцыя, дэпартацыя, ідэнтыфікацыя, інвестыцыя, верыфікацыя, дэкларацыя, канфіскацыя, нацыяналізацыя, аперацыя, інкасацыя, каардынацыя, кваліфікацыя і інш. Тэрміны з суфіксамі –ацыj- (-цыj-), якія маюць значэнне выніку дзеяння без працэсуальнай прыкметы, трэба адрозніваць ад тэрмінаў са значэннем адцягненага дзеяння з суфіксам –нн-: кампіляцыя і кампіляванне, індэксацыя і індэксаванне і г.д.;

4) –льнік- (-нік-) са значэннем актыўнай часткі абсталявання: пераўтваральнік (преобразователь), паглынальнік (поглощатель), размеркавальнік (распределитель), паказнік (показатель), кідальнік (метатель), уладальнік (обладатель), аглядальнік спартыўны (обозреватель спортивный), назіральнік (наблюдатель), парушальнік (нарушитель) і інш. Такія тэрміны адпавядаюць рускім лексемам з суфіксам –тель-. У беларускай мове ў сферы функцыянавання часам сустракаюцца адзінкі з суфіксам –цель-, але лінгвісты лічаць такія ўтварэнні (тыпу разбавіцель, праявіцель, арэндадацель) адхіленнем ад уласна беларускай мадэлі ўтварэння [9];

5) –ент- (-энт-), –ант-; –ар- (-яр-), –іст (-ыст) у найменнях асоб: камерсант, камітэнт, канкурэнт, контрагент, кансультант, рэквірэнт, рэмітэнт, трасант, эмітэнт, жырант; арэндатар, аўдытар, дэпазітар, дыстыб’ютар, інвестар, кансігнатар, ліцэнзіяр, спонсар, хэйджар, тэнісіст, футбаліст, хранаметрыст, чвэрцьфіналіст, бадмінтаніст, баскетбаліст, хакеіст і пад.

Для прыметнікаў прадукцыйнымі з’яўляюцца суфіксы –н-, –ов- (-ав-): (акрэдытыў) адзыўны, пераводны, пацверджаны, рэзервовы; (акцэпт) чэкавы; (баланс) плацёжны, актыўны, разліковы; (вэксаль) бланкавы, камерцыйны, пераводны, фінансавы; (даход) валавы, гарантаваны, працэнтны, рэнтавы; (блок) зонны, актыўны, групавы і інш. Трэба адзначыць, што ў сферы фіксацыі таксама назіраецца варыянтнасць адзінак з адзначанымі суфіксамі. Напрыклад, выбарачны і выбаркавы, блочны і блокавы, пасылачны і пасылкавы (гандаль) і інш. У такіх выпадках рэкамендуецца пераважна выкарыстоўваць суфікс –ав-.

Выкарыстанне ў дзеясловах суфікса –ірава- (-ырава-) у тэарэтычнай літаратуры выклікала вострую палеміку. Адны даследчыкі (Г.У.Арашонкава, А.М.Булыка, У.В.Люшцік, А.І.Падлужны) не адмаўляюць выкарыстанне суфікса, яны згаджаюцца з думкай М.С.Васілеўскага, што ўжыванне або неўжыванне суфікса –ір- у беларускай мове «залежыць як ад крыніцы запазычанняў, так і ад шляхоў іх пранікнення ў беларускую мову. Калі крыніцай запазычанняў з’яўляецца нямецкая мова і слова прыйшло ў беларускую мову непасрэдна з яе або не праз польскую мову, то звычайна гэта слова захоўвае –ір-. Калі ж крыніцай запазычання з’яўляецца французская мова і яно адбылося праз польскую мову, то часцей за ўсё суфікс –ір- выпадае» [9, с. 163].

Іншы пункт погляду знаходзім у І.І.Бубновіч, Т.А.Сухой, П.А.Міхайлава, якія цалкам адмаўляюць выкарыстанне названага суфікса [3].

Думаецца, што мэтазгодна прытрымлівацца трэцяга пункту погляду даследчыкаў, якія лічаць, што суфікс –ір- (-ыр-) мэтазгодна выкарыстоўваць, калі:

1) без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам –ава- (-ява-): суміраваць – сумаваць (адчуваць сум, смутак), газіраваць – газаваць (уключаць матор аўтамашыны);

2) дзеяслоў без суфікса –ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: фарміраваць – асацыіруецца са значэннем адзінкі, фармаваць – з наданнем пэўнай формы;

3) дзеяслоў мае вузка тэрміналагічнае значэнне: юсціраваць (дакладна падагнаць, адрэгуляваць, выверыць механізм, прыбор і пад. – юсціраваць мікраскоп).

Пры прэфіксацыі найбольш прадукцыйнымі з’яўляюцца прыстаўкі не- (ня-) – няпэўнасць, нярэшта, няздольнасць, непрацаздольнасць, неданясенне, неасцярожнасць, невыкананне, неплацёжаздольнасць, няроўнасць, (інвестыцыі) незапланаваныя, (інфляцыя) непрадбачаная, невыкананне, (сетка) ненацягнутая, (гол) нечаканы, (падача) няправільная і інш.; пера- – перабудова, пераразмеркаванне, перастрахаванне, перавышэнне (улады, сужбовых паўнамоцтваў), пераадрасаваць (мяч), перабіць (штрафны ўдар), перахапіць (перадачу) і г.д.; пад- – падгрупа, падкатэгорыя, падбухторванне, падведамнасць, падследнасць, падсуднасць, паднаём; без- (бяз-) – беззмястоўны, безвынікова (аб рахунку) і інш.

Ужыванне прыставак супраць- і проці- застаецца нявырашаным пытаннем. У сферы функцыянавання сустракаюцца супрацьдзеянне і процідзеянне, супрацьфаза і проціфаза, супрацьлегласць і процілегласць. Калі прымаць пад увагу той факт, што тэрміналогія імкнецца да лаканічнасці, кароткасці, то тэрміны з прыстаўкай проці- больш зручныя для вымаўлення, карацейшыя, і таму гэтай прыстаўцы варта аддаваць перавагу.

Значнае пашырэнне ў працэсе прэфіксальнага тэрмінаўтварэння знаходзяць іншамоўныя прэфіксы а-, анты-, архі-, гіпа-, гіпер-, ды- і інш. (з грэч.); бі-, дыс- (дыз-), дэ-, ін-, інтэр-, контр-, рэ-, суб-, супер-, ультра-, экстра- і інш. (з лац.): асіметрыя, асінхронны, алагізм, антырух, дэзінфляцыя, дэцэнтралізацыя, дэнамінацыя, дэканцэнтрацыя, дэмаркетынг, дэманапалізацыя, дэнацыяналізацыя, дэвальвацыя, контрагент, гіперінфляцыя, гіпермаркет, супермаркет, рэвальвацыя, рэімпарт, рэінвестыцыя, рэмаркетынг, рэпрыватызацыя, рэтрата, рэфінансаванне, контратака, суперкубак і інш.

Да бязафіксных утварэнняў адносяцца тэрміны, якія ўтвараюцца шляхам складання без выкарыстання афіксаў. Складанне (ці кампазіцыя) аб’ядноўвае ў адну лексічную адзінку дзве або больш асноў паўназначных слоў (асноваскладанне) ці асобныя словы цалкам (словаскладанне).

Пры асноваскладанні першым звязаным кампанентам часта выступаюць усечаныя асновы грэчаскіх назоўнікаў і прыметнікаў і лацінскія тэрмінаэлементы. Напрыклад, мікрамаркетынг, мікраэканоміка, квазіперыяд, мультыграф, мікрацыкл, цэнтрфорвард, секундаметрыст і інш.

Утварэнне адзінак шляхам асноваскладання можа суправаджацца суфіксацыяй апорнай асновы: вэксалетрымальнік, залогадавальнік, залогатрымальнік, фондатрымальнік, акцыятрымальнік, працаздольнасць, плацежаздольнасць, крэдытаздольнасць, лесакарыстанне, працаўладкаванне, самавалоданне, аднаклубнік і інш. Такі спосаб называюць складана-суфіксальным.

Тэрміны, утвораныя шляхам словаскладання, падзяляюцца на раздзельнааформленыя (у іх скланяюцца абодва кампаненты) і цэласнааформленыя (у такіх тэрмінах скланяецца толькі апошні кампанент).

Прыкладам раздзельнааформленых складаных тэрмінаў могуць служыць такія адзінкі, як банк-эмітэнт, банк-гарант, банк-акцэптант, купля-продаж, краіны-донары, краіна-дэбітор, фірма-партызан, каманда-пераможца, спартсмен-аматар, суддзя-пратакаліст, матч-турнір і інш. Цэласнааформленымі з’яўляюцца тэрміны тыпу франка-вагон, франка-ўмова, форс-мажор, пут-апцыён, бізнес-статыстыка, міні-валейбол, прэс-цэнтр, тайм-аўт, віцэ-чэмпіён, экс-чэмпіён і пад.

Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна трэба лічыць абрэвіяцыю. Тэрмін абрэвіяцыя абазначае працэс утварэння назоўнікаў шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае слова часткамі, у скарочаным выглядзе. Такія словы называюцца абрэвіятурамі або скарочанымі словамі. Абрэвіяцыя можа разглядацца як разнавіднасць словаскладання.

Гэты прыём з’яўляецца даволі простым, эканомным і эфектыўным спосабам структурнай рацыяналізацыі спецыяльнага наймення. Пры гэтым абрэвіятурнае скарачэнне, як зазначае В.П.Даніленка, «не мяняе, як правіла, ні зместавай структуры тэрмінуемага паняцця, ні граматычнай структуры разгорнутага варыянта тэрміна. Скарачаецца толькі прастора, якую займае разгорнуты шматслоўны тэрмін у тэксце, і час, неабходны для яго агучвання ў маўленні» [4].

Найбольш прадуктыўнымі з’яўляюцца ініцыяльныя абрэвіятуры, сярод якіх пашыраны двух-, трох- і чатырохлітарныя скарачэнні, утвораныя з рознага роду словазлучэнняў: двухкампанентных – ВТ (вылічальная тэхніка), трохкампанентных – ЛПК (лікавае праграмнае кіраванне), КПУ – каэфіцыет працоўнага ўдзелу, КПК – крымінальна-працэсуальны кодэкс, ЕВС – Еўрапейская валютная сістэма, МАК – Міжнародны алімпійскі камітэт, чатырохкампанентных – СКБД (сістэма кіравання базамі даных), ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, КЗаП – кодэкс законаў аб працы.

У радзе выпадкаў назіраецца колькаснае несупадзенне літарных і слоўных кампанентаў у варыянтных парах: ОРЕС – арганізацыя краін-экспарцёраў нафты (Organisation of Petroleum exporting countries), СДР – спецыяльныя правы запазычання (Special Drawing Rigts), ІГФ – Міжнародная федэрацыя ручнога мяча, ФІБН – Міжнародная федэрацыя баскетбола і інш. Такое несупадзенне назіраецца ў тых выпадках, калі ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў прысутнічаюць складанааформленыя дапаможныя кампаненты; несупадзенне назіраецца таксама ў беларускамоўным перакладзе з рускай ці англійскай мовы.

Пры сінтаксічным спосабе ўтварэнне новых тэрмінаадзінак адбываецца шляхам спалучэння слоў у шматкампанентныя тэрміналагічныя словазлучэнні. Выкарыстанне шматслоўных тэрміналагічных адзінак дыктуецца неабходнасцю мець строгія адназначныя абазначэнні. Як заўважана многімі тэрмінолагамі, шматкампанентныя тэрміны займаюць значнае месца ў любой рэальнай тэрміналогіі. Яны служаць для абазначэння новых паняццяў, якія абапіраюцца на ўжо існуючыя. Зыходны тэрмін уваходзіць у новы як састаўная частка. Таму працэс утварэння новай тэрміналагічнай адзінкі можна разглядаць як дэрывацыйны, аналагічны словаўтваральнаму. Тэрмін-словазлучэнне (або тэрміналагічнае словазлучэнне) абазначае адзінае складанае, падзельнае прафесійнае паняцце, больш вузкае, канкрэтнае, чым адпаведнае родавае паняцце, што абазначаецца тэрмінам-словам: права – сістэма ўстаноўленых ці санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл паводзін), якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства волю пануючых у грамадстве класаў; факультэт права – навука аб гэтых правілах, аб правах; права на працу – паўнамоцтва, якое належыць пэўнай асобе; актыўнае выбарчае права – права грамадзян удзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады; дзяржаўнае права – сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўваюць асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны; прыгоннае права – права памешчыка распараджацца прыгоннымі сялянамі, якія належалі яму, іх жыццём і маёмасцю; рымскае права – сукупнасць прававых норм, выпрацаваных у Старажытным Рыме, якія выражалі волю пануючага класа рабаўладальнікаў і былі засвоены многімі еўрапейскімі дзяржавамі; рэчавае права – частка грамадзянскага права, якая вызначае нормы валодання рэчамі [8] і г.д.

Перавага ва ўтварэнні тэрмінаў-словазлучэнняў сінтаксічным спосабам аддаецца двух- і трохкампанентным спалучэнням слоў з назоўнікам у якасці апорнага кампанента, напрыклад: рынак – рынак «бычыны», рынак валютны, рынак валютны з падвойным рэжымам, рынак унутраны, рынак грашовы, рынак еўравалют, рынак золата, рынак капіталаў, рынак капіталаў пазыковых, рынак машын і абсталявання, рынак сусветны, рынак нацыянальны, рынак нармальны, рынак агульны, рынак перавернуты, рынак пакупніка, рынак пробны, рынак прадаўца, рынак вытворцы, рынак працоўнай сілы, рынак рэальнага тавару, рынак рэгіянальны, рынак цалкам канкурэнтны, рынак сродкаў вытворчасці, рынак фінансавы, рынак фрахтавы, рынак ф’ючарсны, рынак каштоўных папер, рынак «чорны»; перадача – перадача ў скачку, перадача высокая, перадача галавою, перадача дзвюма рукамі, перадача адной рукою, перадача з-за галавы, перадача з-за спіны, перадача нізам, перадача кісцю, перадача крукам, перадача пяткай, перадача на выхад, перадача на ўдар, перадача з адскокам, перадача дыяганальная, перадача папярочная, перадача падоўжаная, перадача ў адзін дотык, перадача ў разрэз і інш.

Такім чынам, навуковыя тэрміны ў большасці сваёй утвараюцца на аснове існуючых слоў і каранёў агульналітаратурнай лексікі. Утварэнне тэрмінаадзінак адбываецца па тых жа спосабах і мадэлях, што і дэрывацыя агульнаўжывальных слоў, але адрозніваецца рознай ступенню прадукцыйнасці. Найбольш прадукцыйным спосабам утварэння тэрмінаў з’яўляецца марфалагічны. Значнае пашырэнне ў прэфіксальным утварэнні тэрмінаў дакладных навук, эканомікі і права знаходзяць іншамоўныя прыстаўкі. Асобы пласт складае запазычаная лексіка. Аналіз фактычнага матэрыялу, змешчанага ў тэрміналагічных слоўніках сведчыць аб вялікай прадукцыйнасці сінтаксічнага спосабу ўтварэння тэрмінаў-словазлучэнняў. Перавага ва ўтварэнні тэрмінаў-словазлучэнняў аддаецца двухкампанентным комплексным найменням з назоўнікам у якасці апорнага кампанента, якія найбольш поўна адпавядаюць патрабаванням аптымальнай даўжыні тэрміна і сэнсавай кампактнасці выказвання.

Праверачны тэст

  1.  Тэрмін крэдытаздольнасць утвораны
  2.  суфіксальным спосабам;
  3.  прыставачным спосабам;
  4.  шляхам асноваскладання;
  5.  шляхам словаскладання;
  6.  складана-суфіксальным спосабам.

  1.  Устанавіце адпаведнасць

А. Тэрміналагізацыя. 1. Утварэнне тэрмінаў з дапамогай афіксаў і шляхам

складання асноў і слоў.

Б. Канверсія. 2. Пераход тэрміна з адной часціны мовы ў другую.

В. Тэрмінаўтварэнне. 3. Утварэнне тэрмінаў з дапамогай афіксаў (прыставак,

суфіксаў, постфіксаў і інш.).

4. Перанос значэння ў выніку прыпадабнення па

форме, функцыі, становішчы.

  1.  У тэрмінатворчасці асабліва пашыраны
  2.  абрэвіяцыя;
  3.  калькаванне;
  4.  транстэрміналагізацыя;
  5.  кампазіцыя;
  6.  сінтаксічны спосаб.
  7.  

Лекцыя 6. АСАБЛІВАСЦІ НАВУКОВАГА СТЫЛЮ МОВЫ

Мэта лекцыі – раскрыць характэрныя асаблівасці навуковага стылю і сферы яго функцыянавання, вызначыць месца навуковага стылю сярод іншых стыляў мовы.

Задачы:

  •  ахарактарызаваць асаблівасці функцыянальных стыляў;
  •  прааналізаваць функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі навуковага стылю (аб’ектыўнасць, лагічнасць, яснасць, дакладнасць, доказнасць);
  •  акрэсліць сістэму моўных сродкаў навуковага стылю;
  •  выявіць марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.
  •  

Пытанні

  1.  Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў.
    1.  Навуковы стыль, яго функцыянальнакамунікатыўныя характарыстыкі.
    2.  Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю.
    3.  Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю.
    4.  Сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

Праблемныя пытанні

  1.  Чаму нельга лічыць, што навуковаму стылю з яго «холаднасцю», акадэмізмам не ўласціва экспрэсія?
  2.  У чым павінна выражацца сапраўднае валоданне стылем навуковага выкладу?
  3.  Ці заўсёды агульнаўжывальныя словы стылістычна нейтральныя ў навуковых тэкстах? Чаму?
  4.  Якія правілы маўленчага этыкету можна сфармуляваць адносна ўжывання займеннікаў у навуковых тэкстах?
  5.  Ці можна згадзіцца з думкай, што клічныя і пытальныя сказы амаль не ўласцівы навуковаму выкладу? Якую спецыфічную стылістычную функцыю выконваюць клічныя, пытальныя і пабуджальныя сказы ў навуковым тэксце?
  6.  Чаму ў навуковым маўленні з усіх тыпаў складаных сказаў пераважае складаназалежны сказ? Якая асаблівасць яго выкарыстання ў матэматычных тэкстах?
  7.  Чым тлумачыцца функцыя «актывізатара ўвагі» абзаца ў навуковых тэкстах?

Рэкамендаваная літаратура

  1.  Бахтина, Л.Н. Обучение реферированию научного текста / Л.Н. Бахтина, И.П. Кузьмич, Н.М.Лариохина. – М., 1988.
  2.  Вештарт, Г.Ф. Лексічныя асаблівасці мовы навуковых тэкстаў / Г.Ф.Вештарт // Беларуская лінгвістыка. – Мінск, 1989. – Вып.36.
  3.  Виноградов, В.В. Итоги обсуждения вопросов стилистики // Вопросы языкознания. – 1955. – №1.
  4.  Галкина-Федорук, Е.М. Об экспрессивности и эмоцмональности в языке // Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В.В.Виноградову в день его 60-летия. – М., 1958.
  5.  Каўрус, А.А. Культура слова. – Мінск, 1963.
  6.  Каўрус, А.А. Навуковы стыль // Беларуская мова. Энцыклапедыя. – Мінск, 1994.
  7.  Кожина, Н.М. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими. – Пермь, 1972.
  8.  Ляшчынская, В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.
  9.  Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах. – Гродна, 2002.
  10.  Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1995.
  11.  

1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў

Слова «стыль» (ад лац. stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме для пісьма на дошчачках, залітых воскам. Сёння слова «стыль» мае іншыя значэнні: 1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (гатычны стыль). 2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку, сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў (стыль Коласа). 3. Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці (стыль «брас»). 4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, дзякаваць (модны стыль адзення).

У стылістыцы беларускай мовы пад стылем прынята разумець грамадска ўсвядомленую і функцыянальна абумоўленую ўнутраную сукупнасць прыёмаў ужывання, адбору і спалучэння сродкаў маўленчых зносін у сферы той ці іншай агульнанароднай, агульнанацыянальнай мовы, суадносную з іншымі такімі ж спосабамі выражэння, якія служаць для іншых мэт, выконваюць іншыя функцыі ў маўленчай грамадскай практыцы дадзенага народа. Стылі, знаходзячыся ў цесным узаемадзеянні, могуць часткова змешвацца і пранікаць адзін у другі. У індывідуальным ужыванні межы стыляў могуць яшчэ больш рэзка змяшчацца, і адзін стыль можа для дасягнення той ці іншай мэты ўжывацца ў функцыі другога [3].

Традыцыйна выдзяляюцца пяць стыляў: гутарковы (размоўны), мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, навуковы. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылявымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш.

Гутарковы стыль функцыянуе пераважна ў вусным маўленні, асноўная яго задача – абмен думкамі, інфармацыяй у сямейных і сяброўскіх зносінах. Гутарковы стыль вызначаецца сваёй непасрэднасцю, нязмушанасцю, эмацыянальнасцю, адсутнасцю строгай лагічнасці ў выказваннях. Для яго характэрны прастамоўныя словы, фразеалагізмы, няпоўныя і непадзельныя сказы, розныя невербальныя сродкі: жэсты, міміка і інш.

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці краіны, у палітыцы. Гэта стыль газет, часопісаў, радыё, тэлебачання. Асноўнай задачай публіцыстычнага стылю з’яўляецца інфармацыйнае ўздзеянне на людзей, тлумачэнне грамадска-палітычных пытанняў. Публіцыстычны стыль характарызуецца страснасцю, палымянасцю, даходлівасцю, натуральнасцю. З моўных сродкаў яму характэрны пабуджальныя, клічныя сказы, паўторы, разгорнутыя звароты, ацэначная лексіка, рытарычныя пытанні.

Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў афіцыйных зносінах, дыпламатычнай сферы. Яго задача – рэгуляваць, рэгламентаваць афіцыйныя зносіны. Яму ўласцівы стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці. З моўных сродкаў пераважаюць канцылярскія моўныя штампы, спецыяльная лексіка.

Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад. Навуковы выклад вызначаецца аб’ектыўнасцю, паколькі абапіраецца часцей за ўсё на агульнапрызнаныя аб’ектыўныя ісціны, лагічнай паслядоўнасцю разважанняў, яснасцю выказвання, доказнасцю, слушнасцю прыкладаў-ілюстрацый, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, інфармацыйнай насычанасцю.

Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Праз апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, вершы, казкі, быліны і інш. ён аказвае эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека. Для яго характэрна мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя стылістычныя фігуры, мастацкія эпітэты, параўнанні і інш. Мастацкі стыль вызначаецца сваёй унікальнасцю, ён можа выкарыстоўваць моўныя сродкі ўсіх іншых стыляў.

2. Навуковы стыль, яго функцыянальнакамунікатыўныя характарыстыкі

У межах навуковага стылю даследчыкамі выдзяляецца некалькі падстыляў: уласна навуковы, навукова-папулярны, навукова-вучэбны, навукова-тэхнічны і навукова-палемічны. «Паміж імі... няма прынцыповай розніцы, ёсць толькі некаторыя адрозненні ў будове маўлення, у адборы лексічных і граматычных сродкаў, у выкарыстанні сімвалаў і іншых нямоўных элементаў» [10, с. 57].

Уласна навуковаму падстылю (у адрозненне ад іншых падстыляў) уласцівы акадэмізм, сухасць. Напрыклад, словы тыпу дадатны, адмоўны ў працах з галін дакладных навук пазбаўляюцца свайго ацэначнага значэння. Параўн.: дадатны лік, дадатная велічыня, дадатная тэмпература ‘большы чым нуль’; дадатны зарад які мае адносіны да віду электрычнасці, часціцамі якога зяўляюцца пратоны, пазітроны і інш.; адмоўны лік ‘меншы за нуль, адмоўны электрычны зарад суадносны з тым відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі’; і параўн.: – дадатны бок які мае патрэбныя ўласцівасці, якасці, заслугоўвае адабрэння’; дадатная ацэнка ‘якая выражае адабрэнне; станоўчая; адмоўны персанаж ‘дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы’; адмоўны водгук ‘неадабральны, асуджальны’ (ТСБМ). Параўн. таксама станоўчае сальда бюджэту (калі ўрад хоча знізіць узровень нацыянальнага даходу, ён можа збіраць больш падаткаў, чым тое патрэбна на дзяржаўныя выдаткі).

Вобразнае ўжыванне слоў – з’ява менш пашыраная (у параўнанні з мастацкім стылем) у навуковым маўленні, хоць вобразнасць часам прысутнічае пры стварэнні тэрмінаў, напрыклад: кошык валютны, уцёкі капіталаў, банкаўскі рай, фірма-партызан, чараўнік мяча, мёртвы мяч і інш.

Навуковы стыль характарызуецца своеасаблівай, толькі яму ўласцівай, экспрэсіўнасцю. Перш за ўсё, як зазначае Г.Ф.Вештарт, экспрэсіўнасць навуковага маўлення ў яго доказнасці, і гэтым яна адрозніваецца ад экспрэсіўнасці ў іншых стылях [2] (у мастацкім тэксце, напрыклад, экспрэсіўнасць – гэта перш за ўсё выражэнне якіх-небудзь пачуццяў, перажыванняў і пад.).

У навукова-вучэбным падстылі даволі часта сустракаецца зва

рот да чытача ў форме дзеясловаў будучага часу абвеснага ладу

Тыпу разгледзім (прапорцыю), выкарыстаем (уласцівасць), сфар

мулюем (правіла), успомнім (закон) і інш. Аўтарскае «мы», або

«мы сціпласці» ці «мы сумеснасці», нясе ў сабе пэўную экспрэсіўнасць, прыцягвае чытача да сумеснага разважання над пэўным пытаннем; такім зваро

там да чытача падкрэсліваецца адзінства гаворачага або пішучага з

іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён

звяртаецца. «... На першы погляд здаецца, што мова вучонага бясстрасная, спакойная, пазбаўленая афектыўнасці. Але... настолькі дзейсная, што міжволі паддаешся сіле пераканання вучонага» [4, с. 108].

Характар навуковага выкладу мяняецца ў працах навукова-папулярных і навукова-палемічных падстыляў. Як слушна заўважае А.А.Каўрус, «ступень эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці навуковай мовы залежыць ад аўтарскай індывідуальнасці, а таксама ад галіны навукі і жанру. У працах грамадска-палітычнага цыкла яна самая высокая, у фізіка-матэматычных – самая нізкая» [6, с. з71].

2. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю

Аснову ўсіх стыляў мовы (як мастацкага, публіцыстычнага, так і навуковага і інш.) складаюць стылістычна нейтральныя агульналітаратурныя словы (міжстылявая лексіка) тыпу гаварыць, пісаць, дождж, плошча, вялікі, малы і інш.

Даволі шырока ў навуковым выкладзе ўжываюцца словы агульнанавуковага выкарыстання (тыпу аналіз, гіпотэза, даследаванне, мадэль, праблема, праграма, працэс, элемент, апрацоўка, аперацыя і інш.). Выяўленне значэння такіх слоў залежыць ад зместу і метадалогіі той навукі, у якой яны прымяняюцца. Параўн., напрыклад, значэнні слова аперацыя. Аперацыя (ад лац. operatio – дзеянне) – 1) ‘закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная)’; ‘асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая)’; 2) ‘асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-небудзь фінансавай, крэдытнай, прамысловай, гандлёвай, страхавой або іншых задач, напрыклад, банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя’; 3) ‘у вылічальнай тэхніцы выкананне лічбавай вылічальнай машынай якога-небудзь дзеяння з зыходнымі велічынямі, напрыклад, арыфметычная аперацыя’ (БелЭн).

Імкненне дасягнуць гранічнай яснасці, дакладнасці навуковага выкладу абумоўлівае выкарыстанне ўласна тэрмінаў і номенаў, якія складаюць самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў.

Тэрмін – гэта слова або тэрміналагічнае словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную лексіку пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне.

Гэта цікава! Паводле падання, лац. Termin – імя рымскага бога, ахоўніка межаў, памежных слупоў, межавых знакаў; рымскі цар Нума Пампілій пабудаваў у Рыме храм Тэрміна і ў гонар бога ўвёў свята – тэрміналіі. Да межавага знака прыходзілі жыхары бліжэйшых вёсак, упрыгожвалі, прыносілі ахвяры і весяліліся. Вось адкуль слова тэрмін абазначала «памежны знак, пагранічны камень», пазней – «канец, мяжа», яшчэ пазней – «тэрмін, перыяд», і, нарэшце, яго сталі выкарыстоўваць у сучасным значэнні.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, прадметаў серыйнай вытворчасці. Параўнаем: апазнанне, ЛТП-147, ходка; брокер, «Атлант», кліка; форвард, «Целяханы-190», фізрук.

Вузкаспецыяльныя тэрміны ўласцівы ўласна навуковаму падстылю; у тэкстах навукова-папулярнага характару (якія разлічаны на шырокае кола чытачоў) яны звычайна не выкарыстоўваюцца, а калі і ўжываюцца, то з абавязковым тлумачэннем. Напрыклад: юсціраваць, варант, падсед. Напрыклад: Сярэдняя велічыня падседа (перамяшчэнне вагі тазасцёгнавага сустава ад азначанага становішча да пачатку разгінання) складае 18 см, вывядзенне з раўнавагі – 13 см, вышыня развароту ад дывана (найменшая адлегласць восі плечавага сустава ад дывана перад разваротам) – 55 см. Многія вузкаспецыяльныя тэрміны не фіксуюцца ў агульнамоўных слоўніках. Менавіта наяўнасць вузкаспецыяльных тэрмінаў выводзіць мову навукі за межы літаратурнай мовы.

Тэндэнцыя да міжнароднай стандартызацыі навукі абумоўлівае той факт, што значны працэнт агульнанавуковай і тэрмінaлагічнай лексікі складаюць інтэрнацыянальныя тэрміны (пераважна лацінскага ці грэчаскага паходжання) або тэрміны са звязанымі кампанентамі лацінскага ці грэчаскага паходжання (напрыклад: апеляцыя, дэвальвацыя, дэпартацыя, камерцыя, камбінацыя, акліматызацыя і інш.).

Выдзяляюць у навуковых тэкстах такі адметны пласт, як тэрміны-сімвалы, формульныя абазначэнні, скарачэнні, абрэвіятуры, графікі, схемы, малюнкі і пад. Напрыклад: КПК – крымінальна-працэсуальны кодэкс, Х-неэфектыўнасць, К (так абазначаецца ў эканоміцы мультыплікатар, першай літарай прозвішча Рычарда Кана), НАК – Нацыянальны Алімпійскі Камітэт і інш.

Часам у навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца фразеалагізмы. У такіх выпадках яны выконваюць намінатыўную функцыю (у мастацкіх і нават публіцыстычных тэкстах фразеалагізмы выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць, выразнасць). Параўн.: рукі – хоць рэпу сей вельмі брудныя’ і краевугольны камень ‘аснова, сутнасць, найважнейшая частка чаго-н.; залаты дождж ‘вялікія грашовыя сумы, прыбыткі’; залаты фонд (чаго, чый) ‘самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае’, майстар дывана ‘барэц, які дасягнуў найвышэйшага выніку’, другое дыханне ‘новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.)’ і інш.

Як адзначаюць мовазнаўцы, «строгай мяжы паміж тэрміналагічным, навуковым і агульнаўжывальным пластамі лексікі няма. Яна можа мяняцца не толькі з рухам лексікі ў часе, але і залежаць ад галіны навукі, метадалагічнага падыходу» [2].

3. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю

Наяўнасць абстрактных паняццяў і катэгорый у тэрміналогіі абумоўлівае шырокае выкарыстанне назоўнікаў з абстрактным значэннем з суфіксамі –нн-, –енн- (-энн), –анн-: абнародаванне, дазнанне, адкліканне, адчужэнне, акрэдытаванне, апазнанне, звальванне, накрыванне, забяганне, разгінанне і інш., а таксама з суфіксам –цыj-: асацыяцыя, датацыя, дэкларацыя і пад. У лексіцы спорту даволі часта сустракаюцца назоўнікі аддзеяслоўнага паходжання тыпу сед, дажым, разварот, высед, зачэп, абвіў, адхоп, адхват, падсад, нахілы, павароты, падвароты, прагіны, рыўкі, ныркі, пераходы, накаты, перакаты і пад.

Для навуковага выкладу характэрны назвы родавых, абагульняючых паняццяў, а таксама словазлучэнняў абагульняючага значэння, напрыклад: анкетуемы, інфармант, рэспандэнт; навуковыя прыборы начнога бачання, аб’екты знешняга асяроддзя, крыніцы лакальнага забруджвання; тэхнічныя прыёмы, болевыя прыёмы, спецыяльныя практыкаванні і інш.

Адметнай рысай навуковага стылю зяўляецца частае «нанізванне» роднага склону назоўнікаў. Напрыклад: Асновай педагагічнага метаду аднаўлення з’яўляецца рацыянальная структура трэніровачных нагрузак; Прымяненне болевых прыёмаў, захопаў за адзенне, падсечак у самба і дзюдо патрабуе надаваць больш увагі масажу звязачнага апарату верхніх і ніжніх канечнасцяў, кісцей і ступняў (В.І.); Дэвальвацыя адбываецца шляхам афіцыйнага паніжэння курса нацыянальнай валюты ў адносінах да золата, серабра, якой-небудзь замежнай валюты ў адпаведнасці з абясцэньваннем грашовых знакаў, якое адбылося, пры гэтым ранейшыя грашовыя знакі застаюцца ў абароце (скрытая дэвальвацыя); Расследаванне – заснаваная на законе дзейнасць следчага ці органаў дазнання па зборы і замацаванні доказаў, усебаковым даследаванні ўсіх акалічнасцей справы з мэтай выяўлення і раскрыцця злачынства, выкрыцця вінаватых і прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці, прыняцця мер да пакрыцця нанесенай злачынствам матэрыяльнай шкоды, папярэджання і выкаранення злачынстваў (С.К.).

Уласныя імёны часта сустракаюцца ў якасці залежнага кампанента словазлучэння ў назвах формул, методык, тэорый і пад. (напрыклад: люблінская унія, магдэбургскае права, полацкае права, кейнсіянская тэорыя, ластаўка аўэрбах і інш.). Уласныя назоўнікі ці прыметнікі страчваюць сваё значэнне прыналежнасці пэўнай асобе і пачынаюць перадаваць якасную характарыстыку паняцця, у склад якога яны ўваходзяць. Напрыклад: Магдэбургскае права – сукупнасць юрыдычных норм, што вызначалі саслоўна-прававое становішча гараджан ва ўмовах феадальнага грамадства (М.С.).

Тзхнічныя тэксты маюць сваю спецыфіку выкарыстання назоўнікаў: рэчыўныя назоўнікі ўжываюцца ў формах множнага ліку: мылы, смолы, гліны, солі, металы, маслы, бензіны, духі, зубы, чыгуны, пары, спірты, газы і інш.

Прыметнікі ў навуковых тэкстах уваходзяць у асноўным у склад тзрміналагічных словазлучэнняў і выконваюць інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю. Напрыклад: Кадастр – сістэматызаваны збор звестак; цана – грашовае выяўленне кошту адзінкі тавару (прадукцыі вырабаў, паслуг і інш.). Асноўныя віды цэн: адпускныя, закупачныя, рознічныя цэны. Цана можа быць свабодная, фіксаваная, дагаворная. Адрозніваюць таксама цэны: прэйскурантныя, намінальныя, пакупніка або прадаўца, зменныя, даўгачасныя, эластычныя і інш (БелЭн); Удасканаленне выбуховай сілы ажыццяўляецца метадамі: паўторным, спаборніцкім, ударным, кароткачасовых максімальных намаганняў, варыятыўным і кругавым (В.І.). Параўнаем: Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё беларускае, роднае, кроўнае, такое раптоўнае, такое чароўнае, такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, гарачае слова ад шчырага сэрца – кахаю (Данута Бічэль-Загнетава).

Класіфікацыйная роля прыметніка абумоўлівае той факт, што ў тэкстах дакладных навук якасныя прыметнікі даволі часта не маюць ступеней параўнання і форм субектыўнай ацэнкі (параўн.: малы, маленькі, найменшы (кавалачак хлеба); вялікі, найбольшы, самы вялікі (кавалак хлеба) – але нельга сказаць аналагічна ў выпадку малады спецыяліст, малое прадпрыемства, вялікія дзяржавы, Вялікі Літоўскі трыбунал (трыбунал ВКЛ). Адзінкавыя выпадкі ўжывання прыметнікаў у форме найвышэйшай ступені параўнання знаходзім у тэрмінах найбольшае спрыянне, Вышэйшая атэстацыйная камісія, Вышэйшы гаспадарчы суд РБ, рэжым найбольшай спрыяльнасці, вышэйшая ліга, атлет найвышэйшага класа.

Для навуковай мовы характэрны субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі ў форме адзіночнага і множнага ліку тыпу непаўналетнія, непрацаздольныя, абвінавачаны, падсудны, падабаронны, атакуючы, атакаваны і пад.

Дзеепрыметнікі сустракаюцца пераважна ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў, напрыклад: крэдыт адтэрмінаваны, акрэдытыў непацверджаны, валюта неканверсуемая, попыт нерэгулюемы, колючая зброя, лятаючы лыжнік, колькасць забітых мячоў, колькасць страчаных ачкоў, колькасць выйграных партый і г.д.

Паколькі навуковы выклад грунтуецца на ісцінах. аксіёмах абектыўнага асяроддзя, ён абстрагаваны ад канкрэтнага, актыўнага дзеяння ці руху. Гэтым і абумоўліваецца шырокае ўжыванне дзеясловаў у 3-й асобе цяперашняга часу. Напрыклад: Адзыўная грамата падпісваецца кіраўніком і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначыла дыпламатычнага прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку той дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны (С.К.); У цэнтры ўвагі мікраэканомікі знаходзяцца вытворцы і спажыўцы, рыначныя паводзіны суб’ектаў, аналіз попыту і прапанавання на асобных рынках тавараў і паслуг, рабочай сілы і капіталу. На мікраўзроўні ажыццяўляецца непасрэднае выкарыстанне працоўных рэзерваў краіны, іх уклад у эканоміку ў якасці рэсурсу і фактару вытворчасці (БелЭн); Атакуючыя дзеянні выконваюцца для своечасовага контрпрыёму альбо актыўнай абароны. Тактыка звычайна будуецца ў залежнасці ад добра вывучанага прыёму, аднак болей эфектыўным спосабам будзе такі, калі з улікам выбранай тактыкі ўдасканальваюцца адпаведныя прыёмы (В.І.).

Дыялагічнасць навуковай мовы праяўляецца ў шырокім выкарыстанні дзеясловаў у форме будучага часу абвеснага ладу (са значэннем пазачасавасці) тыпу адзначым некалькі пунктаў, параўнаем версіі, параўнаем вынікі і інш.

У навуковым маўленні пашырана выкарыстанне таксама неазначальнай формы дзеяслова ў спалучэнні з мадальнымі і інш. словамі, якая мае значэнне неабходнасці і выступае як сродак выражэння прадпісання, рэкамендацыі, указанняў тыпу трэба адрозніваць, трэба мець на ўвазе, трэба ўспомніць, варта звярнуць увагу, неабходна запісаць, трэба ўзяць за аснову, можна (неабходна) выкарыстоўваць, належыць выконваць, трэба ўважліва сачыць за, трэба больш увагі надаваць, неабходна прытрымлівацца і інш. Напрыклад: Пры навучанні прыёмам трэба ўлічваць прасторавыя і часовыя характарыстыкі; Трэба мець на ўвазе, што пры вядзенні схваткі ўвесь час адбываюцца згінальныя і разгінальныя рухі (В.І.).

4. Асаблівасці сінтаксісу навуковага стылю

Ужыванне ў навуковым тэксце многіх сінтаксічных канструкцый мае сваю спецыфіку. З трох тыпаў сказаў па мэце выказвання – апавядальных, пытальных, пабуджальных – перавагу атрымліваюць апавядальныя сказы. Пераважнае ўжыванне апавядальных сказаў у тэкстах дакладных навук (як і ўвогуле ў мове) тлумачыцца асноўнай іх задачай – паведаміць аб чым-небудзь, інфармаваць чытача ў сцвярджальнай або адмоўнай форме.

Па эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўцы апавядальныя сказы часам бываюць клічныя, у такім выпадку яны пераважна ўжываюцца ў значэнні ‘звярніце ўвагу!’. У адносінах да тэксту клічныя сказы могуць быць аўтаномнымі або афармляцца ў выглядзе ўстаўных канструкцый. Напрыклад: А пахі лесу кветак, ягад і садавіны мы адчуваем таксама дзякуючы дыфузіі! (Л.Ісачанкава) (= звярніце ўвагу на тэрмін дыфузія!). 

Пытальныя сказы маюць сваю спецыфіку ўжывання: часта яны ўжываюцца ў канструкцыі «пытанне – адказ». Напрыклад: Што чакае сусветную эканоміку: рэцэсія ці ажыўленне? Згодна са звесткамі АЭСР, найгоршае ў глабальным эканамічным спадзе мы ўжо мінулі; Ці трэба замяніць нацыянальны манетарызм на глабальны? У палітыцы неабавязкова. Карэляцыя паміж глабальным ростам грашовай масы і паказнікам ВНП у будучыні не азначае кірунку прычыннасці (Б.Дж.); Паўстае пытанне: якім чынам ажыццяўляць кантроль за станам барцоў? А.І.Заўялаў распрацаваў электракардыяграфічны метад, з дапамогай якога можна вырашыць гэтую складаную задачу (В.І.). Часам пытaльныя сказы ідуць адзін за адным. Такая форма падачы надае матэрыялу падручнікаў папулярны характар, як бы «ажыўляе» яго і разам з тым прымушае чытача задумацца над прачытаным. Напрыклад: Растлумачце, што такое «зваротная сувязь у замежным гандлі»? Ці значыць гэта, што павелічэнне экспарту заўсёды станоўча ўплывае на плацежны баланс краіны? (Б.Дж.).

Пабуджальныя сказы служаць не загадам ці просьбай, а запрашэннем да сумесных дзеянняў (або разважанняў). Напрыклад: Зрабіце табліцу, у якой параўноўваюцца паказнікі долі ВГП у працэнтах, што ідуць на стварэнне прыросту асноўнага капіталу чатырох розных краінаў; Абмяркуйце, наколькі прыдатная тая ці іншая рэч, каб выконваць функцыі грошай: а) золата, б) ікра, в) дыяменты, г) медзь, д) буйная рагатая жывёла (Б.Дж.).

Для навуковага выкладу характэрны сказы, ускладненыя аднароднымі і адасобленымі членамі сказа. Аднародныя члены сказа служаць у навуковых тэкстах для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прыкмет, прадметаў і інш. (у мастацкіх тэкстах аднародныя члены сказа служаць яшчэ для ўзмацнення экспрэсіўнасці і эмацыянaльнасці, стварэння рытмічнай прозы і інш.). Ім уласціва інтанацыя пералічэння або супастаўлення, і звязваюцца аднародныя члены часцей за ўсё бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў і, не толькі – але і, а, а таксама. Напрыклад: Самалётны спорт, спаборніцтвы на самалётах – адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спартыўных і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі на выкананне фігур вышэйшага пілатажу (у т.л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы (БелЭн).

Ужыванне пабочных і ўстаўных канструкцый у навуковым тэксце мае свае асаблівасці: пабочныя канструкцыі звычайна паказваюць на сувязь і парадак думак, спосаб іх афармлення, крыніцу паведамлення, упэўненасць. Напрыклад: Адначасовае змяненне многіх фактараў складана ўплывае на валютны курс. Напрыклад, распрацоўка нафты ў Паўночным моры, па-першае, зменшыла патрэбы ў імпарце, і крывая прапановы зрушылася ўлева; па-другое, імпарт ператварыўся ў экспарт, і крывая попыту зрушылася ўправа; Такім чынам, манетарысцкая тэорыя дзеля раўнавагі плацяжоў рэкамендуе рэжым плавальных валютных курсаў разам з жорсткім кантролем за грашовай прапановай (Б.Дж.); Сярод самых знакамітых беларускіх атлетаў пачатку XX стагоддзя быў, безумоўна, Якуба (Якаў) Чэхаў, ураджэнец горада Гродна (В.І.).

Устаўныя канструкцыі могуць быць заўвагамі, удакладненнямі, тлумачэннямі, папраўкамі, дадатковымі звесткамі. Напрыклад: Інтуітыўнае ўяўленне аб парадку абектаў звычайна звязваюць з іх узаемным размяшчэннем у прасторы (бліжэй-далей, вышэй-ніжэй, злева-справа), у часе (раней-пазней), з параўнаннем іх размераў, вагі (больш-менш, лягчэй-цяжэй) і г.д. (І.Кожух). Пабочныя канструкцыі ў сказах звычайна выдзяляюцца коскамі, а ўстаўныя – дужкамі.

Для большай доказнасці сваіх разважанняў аўтар часта звяртаецца да параўнальна-раўналежных зваротаў. Параўнальна-раўналежныя звароты, як пазначаецца ў «Граматыцы беларускай мовы», служаць для вызначэння адпаведнасці, тоеснасці паміж прадметамі, з’явамі на аснове іх прымет або абставін, пры якіх адбываецца дзеянне; яны не маюць метафарычнасці. Параўнальна-раўналежныя звароты выдзяляюцца (або аддзяляюцца) коскамі і пачынаюцца злучнікамі як і, як. Напрыклад: Як папяровыя грошы, так і сучасная банкаўская практыка былі створаны ювелірамі. Ювеліры бралі на захоўванне залатыя манеты і каштоўныя рэчы, а наўзамен выдавалі распіску, якая, па сутнасці, была простым вэксалем (Б.Дж.).

Ад параўнальна-раўналежных зваротаў трэба адрозніваць звароты са злучнікам як, які мае значэнне ‘ў якасці’: На Беларусі барацьба як народны від спорту вядома здаўна.

3 чатырох тыпаў складаных сказаў – складаназлучаных, складаназaлежных, бяззлучнікавых, сказаў з рознымі відамі сувязі (камбінаваных) – у навуковых тэкстах часцей выкарыстоўваюцца складаназалежныя. «У іх падпарадкавальная сувязь, злучнікі ці злучальныя словы дазваляюць больш дакладна выразіць адносіны паміж часткамі складанага сказа, выявіць і ўдакладніць гэтыя адносіны – адносіны часу, умовы, прычыны, месца і г.д.» [8, с. 158]. Напрыклад: Калі імпарт большы за экспарт, мы кажам, што эканоміка мае гандлёвы дэфіцыт, і калі ўсе іншыя паказнікі нязменныя, то гэта зніжае ровень нацыянальнага даходу. Наадварот, калі экспарт большы за імпарт, то мы кажам пра актыўнае, або станоўчае, сальда гандлёвага балансу, і калі ўсе іншыя паказнікі нязменныя, гэта павышае ўзровень нацыянальнага даходу; Продаж і купля тавараў і паслугаў за мяжой улучае два кампаненты ў нашу эканамічную мадэль. Імпарт – гэта адліў грошай, бо грошы, патрачаныя на тавар, ідуць за мяжу, і, наадварот, экспарт – гэта прыліў грошай, бо людзі іншых краінаў ствараюць даход для мясцовых хаўсхолдаў і фірмаў (Б.Дж.); Барцы высокага класа дамагаюцца перамог з дапамогай розных спосабаў тактычнай падрыхтоўкі, найбольш распаўсюджаным з якіх з’яўляецца пагроза. Характэрная асаблівасць гэтага спосабу – актыўнае дзеянне барца з мэтай прымусіць праціўніка звярнуцца да абароны. Чым больш эфектыўны гэты прыём, тым лепшыя ўмовы ствараюцца для іншага прыёму. У якасці пагрозы можа выкарыстоўвацца падманны захоп, каб атакаваны вызваляўся ад яго. Калі барэц шчыльна ўтрымлівае захоп, атакуючы пагражае выканаць абманны контрпрыём (В.І.).

Неабходнасць даваць тлумачэнні паняццям абумоўлівае частае выкарыстанне складаназалежных сказаў з даданымі азначальнымі часткамі (часам ускладненымі адасобленымі азначэннямі ці акалічнасцямі). Напрыклад: Жыллёвы кодэкс – комплексны закон, які ўтрымлівае нормы правоў, што рэгулююць жыллёвыя грамадскія адносіны, і тыя, што спадарожнічаюць ім; Рэчавы доказ – у грамадзянскім і крымінальным працэсе прадметы, атрыманыя і замацаваныя ва ўстаноўленым законам парадку, якія сваімі ўласцівасцямі, знешнім выглядам, месцам знаходжання і г.д. могуць служыць сродкам устанаўлення абставін, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы (С.К.); Падварот можа ажыццяўляцца чатырма спосабамі: паварот на ступні нагі, якая стаіць уперадзе, падстаўляючы яе да нагі, якая стаіць ззаду; паварот скрыжаваннем ног; паварот на назе, якая ўперадзе, пераносячы перад ёй нагу, якая стаіць ззаду; паварот на назе, якая ззаду, падстаўляючы да яе нагу, якая ўперадзе (В.І.).

Навуковаму выкладу (як і любому іншаму выкладу) уласціва размежаванне асноўнага і дадатковага, другаснага. Таму вельмі зручным спосабам для выражэння думак з’яўляецца шырокае выкарыстанне складаназалежных сказаў, у якіх у галоўнай частцы змяшчаецца асноўны змест выказвання, а ў залежнай частцы – дадатковы. Аднак у навуковых тэкстах даволі часта выкарыстоўваюцца складаназалежныя сказы, галоўная частка якіх тыпу варта падкрэсліць, што...; будзем лічыць, што...; гэта азначае, што... і інш. амаль пазбаўлена зместу. Асноўная інфармацыя змяшчаецца ў даданай частцы. Напрыклад: Даследаванні паказалі, што спалучэнне работы з пераадольваючым і паддаючымся рэжымамі значна больш эфектыўнае, чым практыкаванні, якія выконваюцца ў адным рэжыме (В.І.).

У складаназалежных сказах паміж двума падпарадкавaльнымі злучнікамі, якія стаяць паміж галоўнай і даданай часткамі, коска ставіцца, калі пропуск даданай часткі не парушае агульны сэнс складаназалежнага сказа. Параўн.: У мінулым стагоддзі адзін філосаф адважыўся сцвярджаць, што магчымасці чалавечага пазнання абмежаваны. Ён гаварыў, штo, хоць людзі і вымералі адлегласць да некаторых свяціл, хімічны састаў зорак яны ніколі не змогуць вызначыць (А.Гусак).

Выклад дакладных навук у навукова-вучэбным падстылі часта будуецца па схеме: аксіёма → доказ→ вывады. Для лагічнай сувязі выказвання выкарыстоўваюцца спецыфічныя словы і канструкцыі тыпу дапусцім, што; няцяжка заўважыць, што; пяройдзем да; з раскладу відаць; акрамя гэтага вынікае; атрыманыя вынікі дазваляюць; такім чынам і інш., якія па-за межамі навуковага стылю звычайна не выкарыстоўваюцца.

Аб’ектыўнасць навуковага выкладу, адсутнасць персаніфікацыі (не важна хто гаворыць, важна што сказана) (асабліва пры разнастайных формах-напамінах вядомых фактаў, пры гістарычных экскурсах) абумоўлівае выкарыстанне пасіўных канструкцый тыпу было паказана, было вырашана, за аснову прымаецца і інш. Напрыклад: Пры тлумачэнні сучаснай фізічнай карціны свету за аснову прымаецца тэорыя адноснасці і квантавая тэорыя, створаныя ў ХХ ст. (М.Шахмаеў); Пад стомленасцю разумеюць часовае зніжэнне працаздольнасці ў выніку парушэння рэгулятарных працэсаў (В.І.).

У тэрміналогіі спорту часта выкарыстоўваюцца няпоўныя сітуацыйныя двухсастаўныя сказы – каманды: Антэна!, Без свістка!, Не ў чаргу!, Ногі!, Падача збылася!, Столь!, Чатыры ўдары!, Бягом марш!, Кругом!, На старт!, Стаць у строй! і інш.

Праверачны тэст

  1.  Для навуковага выкладу характэрны
    1.  назоўнікі з абстрактным значэннем;
      1.  прыметнікі з інфармацыйнай ці класіфікацыйнай функцыяй;
      2.  дзеясловы цяперашняга часу з якасным значэннем для паказу ўласцівасцей і прыкмет прадметаў і з’яў;
      3.  займеннікі я, ты;
      4.  пабочныя канструкцыі са значэннем няўпэўненасці, сумнення.

  1.  Устанавіце адпаведнасць

А. Тэрміны. 1. Устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як

Б. Наменклатура. двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія

В. Прафесіяналізмы. спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і

маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў

іх кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў).

2. Словы або словазлучэнні, якія ўваходзяць у

тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі,

культуры, вытворчасці, абазначаюць спецыяльныя

паняцці і маюць дакладнае лагічнае азначэнне.

3. Сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў

навакольнай рэчаіснасці, якія вывучаюцца рознымі

навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, вытворчасці.

4. Словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў

якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці.

  1.  Навуковы выклад вызначаецца
  2.  аб’ектыўнасцю;
  3.  суб’ектыўнасцю;
  4.  лагічнай паслядоўнасцю разважанняў;
  5.  доказным выкладам інфармацыі;
  6.  інфармацыйнай насычанасцю.
  7.  

Лекцыя 7. ТЭКСТ І ЯГО АРГАНІЗАЦЫЯ

Мэта – вызначыць спецыфіку семантычна-структурнай арганізацыі мастацкага і навуковага тэкстаў.

Задачы:

  •  раскрыць паняцце звязнасці і цэласнасці тэксту;
  •  прааналізаваць функцыянальна-сэнсавыя тыпы маналагічнага маўлення (апісанне, апавяданне, разважанне);
  •  ахарактарызаваць сродкі сувязі ў тэксце;
  •  выявіць асаблівасці спосабаў выкладу навуковай інфармацыі
  •  

Пытанні

  1.  Тэкст як асноўная камунікатыўная адзінка.
    1.  Функцыянальна-сэнсавыя тэпы тэксту, мінімальныя адзінкі тэксту, віды сувязі ў тэксце.
    2.  Спосабы выкладу навуковай інфармацыі.

Праблемныя пытанні

  1.  Што лічыцца мінімальнай адзінкай тэксту?
  2.  Якія тыпы абзаца пераважаюць у навукова-вучэбных тэкстах?
  3.  Якія тыпы тэксту (з пункту гледжання спосабаў выкладу інфармацыі) характэрны для навуковай мовы?

Рэкамендаваная літаратура

  1.  Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск: БелЭн, 1994.
  2.  Всеволодова, М.В. Теория функционально-коммуникативного синтаксиса. Фрагмент прикладной (педагогической) модели языка. – М.: МГУ, 2000.
  3.  Гальперин, И.Р. Текст как объект лингвистического анализа / И.Р.Гальперин. – М.: Наука, 1981.
  4.  Ильенко С.Г. Синтаксические единицы в тексте. – Л., 1989.
  5.  Кананенка, Т.М., Малажай, Г.М., Пашкевіч, М.І. Праца з тэкстам на ўроках беларускай мовы: вучэб. – метад. дапам. / Пад рэд. Г.М.Малажай. – Брэст: Пірс, 1993.
  6.  Кожина М.Н. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими. – Пермь, 1972.
  7.  Лаўрэль, Я.М. Вывучэнне сінтаксісу тэксту // Выкладанне беларускай мовы і літаратуры: кн. для настаўніка / пад рэд. М.А.Лазарук. – Мінск, 1983.
  8.  Лепешаў, І.Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора: У 2 ч. / І.Я.Лепешаў. – Гродна, 2000. – Ч. 2.
  9.  Лепешаў, І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: Дапаможнік / І.Я.Лепешаў. – Гродна, 2002.
  10.  Ляшчынская, В.А. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэбн. дапаможнік / В.А.Ляшчынская, З.У.Шведава. – Мінск, 2007. – 252 с.
  11.  Нечаева, О.А. Функционально-смысловые типы речи (описание, повествование, рассуждение). – Улан-Удэ: Бурятское книжн. изд-во, 1974.
  12.  Рамза, Т.Р. Сінтаксіс: тэарэтычны курс: вучэбны дапам. / Т.Р.Рамза. – Мінск, 2006.
  13.  Супрун, А.Я. Исследования по лингвистике текста: Сб. ст. / А.Я.Супрун. – Мінск, 2001.
  14.  Тураева, З.Я. Лингвистика текста: (Текст, структура и семантика) / З.Я.Тураева. – М. 1986.
  15.  Цікоцкі, М.Я. Стылістыка тэксту: вучэб. дапам. / М.Я.Цікоцкі. – Мінск, 2002.
  16.  Чумак Л.Н. К проблеме типологии текстов в практике обучения зарубежных филологов-русистов // Текст: функции и семантика его компонентов (функциональный подход в теоретическом и прикладном языкознании): тезисы докл. конф. (Минск, 1992, 3–5 февраля). Том 5. Часть IX. – Минск, 1993.

  1.  Тэкст як асноўная камунікатыўная адзінка

«Тэкст (лац. textus ‘тканіна, спалучэнне, спляценне’) – гэта маўленчае камунікацыйнае ўтварэнне, функцыянальна скіраванае на рэалізацыю пазамоўных задач» [2, с. 337].

Тэрмін тэкст у мовазнаўчай літаратуры тлумачыцца неадназначна: яго ўспрымаюць як сінонім да тэрмінаў выказванне, звязная мова, звязваюць з паняццем складанае сінтаксічнае цэлае, лічаць тэкстам любое па форме выказванне (вуснае і пісьмовае) і г.д. Тым не менш, большасць даследчыкаў надае тэксту статус асноўнай камунікацыйнай адзінкі, якой уласціва звязнасць і цэласнасць. Паняцце звязнасці арыентуецца на структурную арганізацыю тэксту, а паняцце цэласнасці – на яго зместавую арганізацыю (фактуальную, канцэптуальную, падтэкставую).

Звязнасць тэксту выяўляецца праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў і інш. Напрыклад: Горы ды каменне, вузкія палоскі: гэта наша поле, поле нашай вёскі. Курныя аконцы – каб святла хоць трошкі: гэта нашы хаты, хаты нашай вёскі (Куп.).

Цэласнасць тэксту дасягаецца тэматычным і мадальным адзінствам. Тэматычнае адзінства выяўляецца ў паўторнай намінацыі ключавых слоў, якія могуць ствараць вакол сябе сэнсавы кантэкст, куды ўваходзяць іншыя словы, звязаныя з ключавымі пэўнымі сітуацыйнымі сувязямі. Напрыклад: Як брыльянты, рассявае ночка летняя расіцу, туманамі спавівае луг зялёны над крыніцай. А як раніца настане, бліскі сонца загуляюць, – рос прыходзіць адцвітанне, туманы у рэчцы таюць (Куп.).

Мадальнасць тэксту ствараецца шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў, неабходных для рэалізацыі сваёй канцэпцыі, асабістага пункту гледжання. Напрыклад, у паэтычнай спадчыне С.Грахоўскага значнае месца займаюць кантэкставыя антонімы, якія паказваюць на жаданне аўтара перайсці да новага жыцця, зрабіць у сваім жыцці нейкія перамены: Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, без спрэчак калючых, нібыта асцё, без спёкі, без хмар і густых снегападаў – расклад ці інструкцыя, а не жыццё.

Па форме рэалізацыі тэксты бываюць вусныя і пісьмовыя, спантанныя і падрыхтаваныя; па колькасці моўцаў – маналог (маўленне, звернутае да самога сябе ці да іншых і не разлічанае на слоўную рэакцыю другіх асоб); дыялог (маўленне, у час якога адбываецца непасрэдны абмен выказваннямі паміж дзвюма асобамі); палілог (абмен выказваннямі паміж больш чым дзвюма асобамі).

2. Функцыянальна-сэнсавыя тэпы тэксту, мінімальныя адзінкі тэксту, віды сувязі ў тэксце

Да функцыянальна-сэнсавых тыпаў маналагічнага маўлення адносяцца апісанне, апавяданне і разважанне.

Апісанне – гэта дэталёвая характарыстыка прадмета маўлення з боку яго формы, складу, структуры, якасці, уласцівасцей, прызначэння і г.д. у залежнасці ад задач выказвання, ад задумы таго, хто гаворыць ці піша. Апісанню ўласціва статычнасць, перадача пастаянных ці часовых уласцівасцей.

Выдзяляюцца наступныя разнавіднасці апісання: пейзаж, ці агульны выгляд якой-небудзь мясцовасці; партрэт чалавека або апісанне знешняга выгляду нейкага прадмета, жывёліны, расліны, пабудовы, прадмета быту і інш.; інтэр’ер ці апісанне ўнутранай часткі якога-небудзь памяшкання; характарыстыка як пералік істотных асаблівасцей, прымет каго-небудзь, напрыклад, назвы рысаў характару, схільнасцей, роду заняткаў і пад. Апісанне можа быць справавое (шукаецца чалавек па прыметах), навуковае, мастацкае (вобразнае). Напрыклад: Адзвінелі, адгаманілі, збягаючы з пагоркаў, шпаркія ручаі, заліліся звонкім срэбрам жаўрукі ў паднябессі, прыгрэла сонца, у нізінах мякка закучаравілася трава, пракінуліся залатыя вочкі кураслепу, зазвінела жоўтымі галоўкамі маці-мачыха. Вербалоз над канавамі і стаўкамі аздобіўся пушыстымі коцікамі, пацямнелі рослыя бярозы каля гасцінца, павіслі на іх голлі жаўтлявыя завушнічкі (Хадк.) – пейзаж; Вось як жывога дзядзьку бачу, я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавіты і няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы умеру доўгі, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялічкі, глядзяць прыветна, як сунічкі (К-с) – мастацкае, вобразнае апісанне партрэта чалавека; Выгляд яе [хаты] для кожнай мясцовасці быў розны. Але найбольш тыповы быў такі. Ля ўвахода, справа, месца для мыцця посуду і іншых кухонных рэчаў. Пасля – печ. За печчу, па правай сцяне, – нары. Пад імі складалі розныя рэчы. Часам замест нараў стаялі шырокія ложкі. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, пакрытыя тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі. Ноччу на лавах маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Перад лавамі – стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лавы часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і гаспадыніны кросны. Упрыгожвалі хату тканыя посцілкі. І, вядома ж, рушнікі (Каратк.) – інтэр’ер.

Апавяданне – гэта перадача падзей, якія адбываліся з носьбітам маўлення або вядомыя яму ад іншых ці прыдуманыя, створаныя яго фантазіяй.

Апавяданню ўласцівы дынамізм, паслядоўнасць дзеяння, руху. Апавяданне часта будуецца па моўнай схеме: пачатак – працяг – заканчэнне дзеяння. Напрыклад: Аднойчы паслалі мяне ў камандзіроўку. Зімой гэта было. За горадам, у лесе, пайшоў снег. Падалося, нехта дарогу пераходзіць. Націснуў я на тормаз – машына спынілася, матор заглух. Паспрабаваў завесці старцёрам – не выходзіць. Узяў ручку завадную і выскачыў з кабіны. Раз крутнуў, другі – машына завялася, а я ў кабіну пабег. Пакуль сеў на сядзенне, матор заглух, і я зноў узяўся за ручку. Але зноў паўтарылася тое ж самае. Ажно спацеў ад беганіны. Потым сеў у кабіну і сяджу.

Раптам бачу: нехта ідзе – вялізны, у калматым футры. Прыгледзеўся – мядзведзь! Ну, думаю, машыну раздзярэ і да мяне дабярэцца...

Мядзведзь падышоў бліжэй, узяўся за ручку завадную. Крутануў – машына завялася. Што рабіць? Ці крычаць, ці падзякаваць выйсці? Тым часам мядзведзь наблізіўся і сунуў мне лапу ў кабіну. Зноў не ведаю, што рабіць. Падаць руку страшна. Але ж ён памог завесці машыну! І я працягнуў мядзведзю руку. Ціскануў ён яе так, што я ажно крыкнуў і... прачнуўся (А.П.).

Разважанне характарызуецца спецыфічнай моўнай структурай: тэзіс – аргументацыя – выснова (дэдуктыўнае разважанне), факты – іх аналіз і сінтэз – вывад (індуктыўнае разважанне). Напрыклад: Якая, вы думаеце, самая цікавая кніга на свеце? Адразу не адкажаце, не здагадаецеся. Гэта кніга – зямля, на якой мы жывём і якая з першых год нашага жыцця штодня вучыць нас гісторыі, мове, штодня і штораз адкрывае нам усё новыя і новыя словы, значэнне і сэнс якіх мы вучымся спазнаваць і разумець.

Жывое асяроддзе акружае нас: жывёлы, птушкі, самыя малыя істоты, а таксама расліны, кветкі, дрэвы. І ўсе яны маюць свае імёны. Тысячы і мільёны назваў існуе на зямлі. Кожная яе мясціна мае сваю назву.

Добра было б, каб адзін са сваіх сшыткаў вы назвалі «Мая бацькаўшчына», або «Мой родны кут». У ім запісвалі ўсё самае цікавае, пра што дазнаецеся ад старэйшых людзей (В.).

У якасці мінімальнай структурна-семантычнай адзінкі тэксту выступае звышфразавае адзінства (ЗФА) (у якасці сіноніма выкарыстоўваецца паняцце ССЦ – складанае сінтаксічнае цэлае).

Звышфразавае адзінства – гэта «такая тэкставая адзінка, якая складаецца больш чым з аднаго самастойнага сказа і валодае сэнсавай цэласнасцю ў кантэксце звязнага маўлення, выступае як частка завершанай камунікацыі» [12, с. 175].

Звышфразавае адзінства ўласцівае і вуснаму, і пісьмоваму маўленню, яно характарызуецца лагічнасцю (з’яўляецца вынікам аб’ектыўнага члянення), сэнсавай завершанасцю.

Мінімальнай кампазіцыйна-стылістычнай адзінкай тэксту з’яўляецца абзац (ням. der Absatz – уступ). Абзац існуе толькі ў пісьмовым тэксце. Памер абзаца, як правіла, залежыць ад індывідуальнай манеры аўтара выкладаць думкі, ад задумы аўтара (у гэтым выяўляецца прагматычнасць абзаца). Маючы суб’ектыўную скіраванасць, абзац можа выступаць у якасці эмацыянальна-выяўленчага сродку тэксту.

Абзац і ЗФА а) супадаюць: Ах, якія мы часам няўважлівыя да другіх, калі ў саміх усё гладка і роўна! (Дам.);

б) у адно ЗФА могуць уваходзіць два і больш абзацаў:

А дзед быў прыгожы.

Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі і пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі і няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай і неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка і хораша, спраўна і спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць і прычасаныя перад ад’ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.

Прыгожая была гэтая шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую і не высушылі, і не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы – шэры дзед і светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры, – доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады (Б.);

в) абзац можа змяшчаць некалькі рознатэматычных ЗФА: Крынічка б’е з-пад зямлі, і вада ў ёй не замярзае. А летам такая халодная, што аж зубы сцінае. Яна наталяе смагу, надае сілы і нават гоіць раны. // Вы паглядзіце, колькі розных слядоў наўкола! Сюды, да крынічкі, прыходзяць ласі і ваўкі, лісы і зайцы, дзікі і алені, рысі і дзікія козы, прылятаюць курапаткі і ястрабы, цецерукі і каршуны, глушцы і ўсялякае дробнае птаства. // Ніхто нікога не чапае. Тут нібы дзейнічае закон дружбы ў імя захавання жыцця (Д.С.).

У тэксце даследчыкамі вылучаюцца два віды сувязі: кантактная (спалучае суседнія выказванні) і дыстантная (спалучае аддаленыя выказванні). «Дыстантнай сувяззю звязваюцца, як правіла, інфармацыйна самыя значныя кавалкі тэксту, а таму найбольш выразна яна і праяўляецца якраз паміж абзацамі, фарміруючы «стрыжань» усяго тэксту і забяспечваючы яго цэласнасць» [12, с. 187].

Паводле характару сродкаў і спосабаў іх дзеяння адрозніваюць ланцужковую (паслядоўную) сувязь (калі выказванні чапляюцца адно за адно на ўзор звёнаў ланцужка), паралельную сувязь (будова сказаў тоесная) і далучальную сувязь (змест наступнага выказвання дапаўняе, дадае інфармацыю да асноўнага).

Асноўнымі сродкамі паслядоўнай сувязі з’яўляюцца займеннікі, лексічныя паўторы, кантэкставыя сінонімы, антонімы і інш.. Напрыклад: Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна і зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім двары мілым шчэбетам (К-с). Асноўнымі сродкамі паралельнай сувязі выступаюць аднолькавы парадак слоў, аднолькавыя формы часу і трывання дзеясловаў-выказнікаў, паўтор адной і той жа лексемы і інш. Напрыклад: І такуюць, такуюць раніцай глушцы. Да штучнага возера цягнуцца цяжкія сляды япрукоў. І клічуць-клічуць белыя лебедзі, б’юць на рэках пудовыя шчупакі, шумяць сонечныя дубы і грабы. І чырванеюць падасінавікі. І дымок ад ранішняга вогнішча змешваецца з туманам (Каратк.). На далучальную сувязь паказваюць злучнікі і, ды, ды і, і таму, і тады і г.д., а таксама прыём парцэляцыі. Напрыклад: Бяссоннай ноччу думаецца многа. І светла і не надта. Як калі (Т.Д.).

Калі пры спалучэнні выказванняў назіраюцца прыкметы розных відаў сувязі, – гэта змешаная сувязь. Напрыклад, прыкметы ўсіх трох відаў сувязі знаходзім у наступнай мініяцюры: Адна рэч – чалавекам нарадзіцца. І зусім іншая – чалавекам памерці... Нарадзіцца – якім Бог даў. Памерці – якім Бог прыме (Гал-ч).

3. Спосабы выкладу навуковай інфармацыі 

Тыпалогію тэкстаў у навуковай літаратуры звычайна прадстаўляюць у наступным выглядзе: 1) функцыянальна-камунікатыўны тып тэксту (навуковы, публіцыстычны, размоўны і г.д.); 2) камунікатыўны тып тэксту (інфармавальны, выяўленчы, лагічны); 3) функцыянальна-сэнсавы тып тэксту (апісанне, апавяданне, разважанне); 4) прагматычны тып тэксту (наратыўны – паведамленне, камунікатыўны – стасункі); 5) лінгвакраіназнаўчы тып тэксту (прагматычны, праекцыйны); 6) структурны тып тэксту (з ланцужковай сувяззю, з паралельнай сувяззю і інш.) [16, 46]. Мы спынімся на разглядзе функцыянальна-сэнсавага тыпу тэксту.

Мастацкім тэкстам тыпу апавядання, апісання, разважання ўдзялялася і ўдзяляецца шмат увагі (М.М.Шанскі, Л.М.Лосева, Г.Я.Салганік, І.Я.Лепешаў, М.Я.Цікоцкі, А.М.Юрэвіч, Г.М.Малажай і інш.). Як пазначае С.Г.Ільенка, «функцыянальна-сэнсавы тып маўлення трактуецца ў гэтым выпадку як фрагмент тэксту, аб’яднаны адзінай задумай і звязаны з вырашэннем адной з трох задач: ці 1) статычна (у адных прасторавых і часавых межах) апісаць фрагмент рэчаіснасці, ці 2) дынамічна апісаць фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, ці 3) апісаць прычынна-выніковыя сувязі фактаў навакольнага свету» [4, 69].

Функцыянальна-сэнсавымі тыпамі навуковых тэкстаў займаліся нямногія даследчыкі, у прыватнасці, М.М.Кожына, Е.С.Траянская, В.А.Нячаева і інш. Як пазначае М.М.Кожына, «навуковая мова, з аднаго боку, і мастацкая, з другога, адлюстроўваюць асаблівасці розных тыпаў мыслення: адпаведна – строга паняційна-лагічнага і вобразна-паэтычнага» [6, с.6]. Таму, натуральна, спосабы выкладу інфармацыі ў навуковым тэксце будуць мець сваю спецыфіку.

Апавяданне, на думку М.М.Кожынай, у навуковых тэкстах займае нязначнае месца (за выключэннем гістарычных і геаграфічных тэкстаў). Паколькі апавяданне – гэта тып тэксту, у якім дынамічна апісваецца фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, яго можна сустрэць у паведамленнях пра ход выканання сваіх уласных эксперыментаў, у звестках гістарычнага характару, ва ўспамінах пра факты асабістай біяграфіі ці з жыцця іншых даследчыкаў (своеасаблівыя адступленні ад уласна навуковых праблем тэксту), у расказе аб цікавых ці незвычайных працэсах, з’явах, сітуацыях у гісторыі развіцця навукі, у мімаходных заўвагах, устаўках-агаворках і інш. Такім тэкстам уласцівы пераважны зварот да дзеясловаў прошлага часу. Напрыклад: Жангаловіч Іван Данілавіч (20.02.1892–29.07.1981). Нарадзіўся ў г. Гродне. Скончыў Петраградскі універсітэт. Заслужаны дзеяч навукі РСФСР. Выкладаў у Ваенна-марской акадэміі імя К.Я.Варашылава, працаваў дырэктарам Істытута тэарэтычнай астраноміі АН СССР. Удзельнічаў у экспедыцыях па вывучэнні Курскай магнітнай анамаліі, па даследаванні Паўночнага Ледавітага акіяна, у высокашыротных экспедыцыях у раёны Арктыкі і інш. Распрацаваў спосаб вызначэння масы Зямлі па назіраннях штучных спадарожнікаў Зямлі. Яго імем названа малая планета (Астраномія, 11 кл.).

Апісанне – гэта разнавіднасць апавядання [6, с.94], якая ўяўляе сабой рознабаковую і сістэматычную характарыстыку аб’екта маўлення (прадметы, асаблівасці, састаў і пад.) у статычным (у адных прасторавых і часавых межах) аспекце. Апісанне выкарыстоўваюць пры характарыстыцы як пераліку істотных асаблівасцей, прымет ці ўласцівасцей якога-небудзь прадмета або даследуемых аб’ектаў. Апісанню ўласціва значная перавага дзеясловаў цяперашняга часу, гэты спосаб выкладу інфармацыі часцей сустракаецца ў тэкстах школьных падручнікаў. Напрыклад: Ад усіх іншых жывёл птушкі адрозніваюцца многімі асаблівасцямі будовы і біялогіі, звязанымі з палётам. Цела птушкі складаецца з параўнальна невялікай галавы, доўгай рухомай шыі, яйцападобнага тулава, хваста і канечнасцей. У час палёту птушка выцягвае галаву, прыціскае да цела або выцягвае назад ногі, і ўсё цела прымае абцякальную форму.

Ва ўсіх птушак ёсць дзюба, пры дапамозе якой птушкі здабываюць корм, будуюць гнёзды, абараняюцца ад ворагаў. Зубоў у птушак няма. Гэта аблягчае масу цела, што мае вялікае значэнне пры палёце.

Для хады ў птушак прыстасаваны заднія канечнасці. Адметная асаблівасць шкілета ног – наяўнасць цэўкі. У птушак звычайна чатыры пальцы: тры накіраваны ўперад, адзін – назад... (Біялогія, 8-ы клас).

Пад разважаннем разумеюць тып тэксту, у якім разгляд пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці, аргументаванасці. Лінгвісты прапаноўваюць адрозніваць тры семантычныя разнавіднасці разважання: разважанне-доказ, разважанне-роздум, разважанне-тлумачэнне.

Разважанне-доказ будуецца па схеме: тэзіс у выглядзе сцвярджэння і яго абгрунтаванні, якія даюцца без адлюстравання працэсу мыслення ў пошуках доказу. Звычайна адрозніваюць прамы доказ і ўскосны. Прыклад прамога доказу:

Тэарэма. Процілеглыя грані паралелепіпеда ляжаць у паралельных плоскасцях.

Доказ. Дакажам, напрыклад, што грані АА1В1В і DD1C1C паралелепіпеда ABCDA1B1C1D1 ляжаць у паралельных плоскасцях. Паколькі ABCD – паралелаграм, то ABCD. Чатырохвугольнік AA1D1D – паралелаграм, значыць, AA1 ║DD1. Такім чынам, дзве прамыя АВ і АА1 плоскасці, у якой ляжыць грань АА1В1В, адпаведна паралельныя дзвюм прамым DC і DD1 плоскасці, у якой ляжыць грань DD1C1C, значыць, па прыкмеце паралельнасці, гэтыя плоскасці паралельныя.

Тэарэма даказана. (Геаметрыя, 10-ы кл.).

Пры ўскосным доказе дапускаецца супрацьлеглы тэзіс і даказваецца яго немагчымасць, што пацвярджае правільнасць прапанаванага тэзіса.

Разважанне-роздум будуецца па наступнай схеме: прапануецца прадмет роздуму, у адпаведнасці з гэтым прадметам роздуму актуалізуюцца ўсе веды, затым аўтар спрабуе ўстанавіць прычынна-выніковыя адносіны (з’ява – заканамернасць), у сувязі з імі прапануе гіпотэзу (ці некалькі), правярае яе, робіць вывад. Напрыклад: Як вы ўжо ведаеце, Галілео Галілей эксперыментальна даказаў, што ўсе целы падаюць на Зямлю з адным і тым жа паскарэннем, якое называецца паскарэннем свабоднага падзення. Чаму ж гэта паскарэнне аднолькавае для ўсіх цел? Якія прычыны выклікаюць рух Месяца вакол Зямлі практычна па кругавой арбіце? Чаму планеты Сонечнай сістэмы, у тым ліку наша Зямля, рухаюцца вакол Сонца?

Ньютан быў першым вучоным, які спачатку выказаў гіпотэзу, якая растлумачвае гэтыя з’явы, а потым строга яе даказаў. Ён выказаў меркаванне, што паміж любымі целамі існуюць сілы прыцягнення і, напрыклад, падзенне каменя і рух Месяца па сваёй арбіце вызначаюцца сілай прыцяжэння Зямлі. Каб устанавіць закон, якому падпарадкоўваюцца сілы прыцягнення, Ньютан параўнаў траекторыі і паскарэнні гэтых цел.

Камень, кінуты гарызантальна, калі не ўлічваць супраціўленне паветра, як вы ведаеце з кінематыкі, рухаецца да Зямлі з паскарэннем свабоднага падзення па траекторыі, якая ўяўляе сабой парабалу. Калі ж павялічваць пачатковую скорасць і вышыню кідання, то далёкасць палёту цела таксама ўзрастае і з-за крывізны паверхні Зямлі пры пэўнай пачатковай скорасці камень наогул можа не дасягнуць Зямлі і пачне рухацца вакол яе падобна да Месяца. З гэтага мысленнага эксперымента Ньютан зрабіў вывад, што рух каменя і рух Месяца абумоўлены адной і той жа прычынай – прыцяжэннем Зямлі... (Фізіка, 9 кл.).

У аснове разважання-тлумачэння ляжыць схема дэдуктыўнага разважання: для кожнага аб’екта сапраўдна, што калі ён мае ўласцівасць S, то ён мае ўласцівасць P. Дадзены аб’ект мае ўласцівасць S. Значыць аб’ект мае ўласцівасць P. Напрыклад: Два простыя лікі называюцца простымі лікамі-блізнятамі (P), калі іх розніца роўная 2 (S). Розніца простых лікаў 3 і 5 складае 2 (S), значыць, 3 і 5 – простыя лікі-блізняты (P).

Спосаб выкладу разважанне сустракаецца пры доказе пэўных навуковых палажэнняў, праверцы гіпотэз, тлумачэннях, палеміцы з іншымі аўтарамі і г.д. Выбар разнавіднасці разважання залежыць ад жанру, тэмы, стылю і ўстаноўкі аўтара. Для тэкстаў тыпу разважання характэрна выкарыстанне разнастайных часавых форм дзеясловаў, але з перавагай цяперашняга часу.

Доля розных спосабаў выкладу ў тэкстах мяняецца ў залежнасці ад прадмета навукі, яе метаду і накіраванасці зместу. У эксперыментальных навуках (якія шырока выкарыстоўваюць эксперымент, – фізіка, хімія і інш.) часцей выкарыстоўваецца апавяданне. У логіка-тэарэтычных навуках (матэматыка, філасофія і інш.) часцей выкарыстоўваецца разважанне (доказ). У навуках апісальнага характару (біялогія, астраномія і інш.) пераважае апісанне.

Як заўважае М.М.Кожына, спосабы выкладу інфармацыі не ахопліваюць усёй разнастайнасці метадаў ці спосабаў паведамлення ў навуковай літаратуры. Яна прапануе выдзеліць спосаб выкладу абагульненне-фармулёўка і разглядаць гэты спосаб не толькі як кампазіцыйную частку тэксту, а як спецыфічны спосаб выкладу для навукі [6, с.206]. Абагульненне-фармулёўка заўважаецца пры выкладзе вывадаў, рознага роду абагульненняў, фармулёўцы законаў, вызначэнні паняццяў і катэгорый навукі і пад. Напрыклад, абагульненне па тэме «Закон сусветнага прыцягнення»: 1. Сілы гравітацыйнага ўзаемадзеяння (прыцягнення) універсальныя, дзейнічаюць паміж любымі целамі і прапарцыянальныя здабытку мас узаемадзейных цел.

2. Сілы прыцягнення залежаць ад адлегласці: для матэрыяльных пунктаў яны адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці паміж імі, для аднародных шароў адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці паміж іх цэнтрамі.

3. Гравітацыйныя і інертныя масы цела роўныя (Фізіка, 9 кл.).

Для сучаснай навуковай літаратуры не ўласціва такая з’ява, каб цалкам увесь тэкст навуковай работы выкладаўся якім-небудзь адным спосабам (апісанне, апавяданне ці разважанне). Як правіла, спосабы выкладу пераплятаюцца: аўтар ад апавядання пераходзіць да разважання ці апісання, доказу, абагульнення і інш. В.А.Нячаева звяртае ўвагу, што варта размяжоўваць «кантамінаваны функцыянальна-сэнсавы тып» і спалучэнне розных функцыянальна-сэнсавых тыпаў у адным мікратэксце. Кантамінаванасць праяўляецца ў напластаванні сэнсавых адценняў, уласцівых розным тыпам тэкстаў. «Кантамінаванае маўленне не з’яўляецца тэматычным спалучэннем розных тыпаў маўлення, што вядзе да ўтварэння новай (трэцяй) моўнай адзінкі, г.зн. кантамінаванага тыпу маўлення» [11, с.202]. Напрыклад: Адной з самых цікавых зорак Персея з’яўляецца α Персея. Старажытныя арабы звалі яе Рас Аль-Гуль, або Галава д’ябла. Цяпер яна вядомая пад назвай Альголь. Сама зорка ўвесь час змяняе свой бляск, нібы падміргвае. Магчыма таму старажытныя астраномы далі зорцы такую д’ябальскую назву. Упершыню зоркай зацікавіўся ў канцы 60-х гг. XVIII ст. італьянскі астраном і матэматык Мантанары. Але яго даследаванні згубіліся. Толькі ў 80-я гг. XVIII ст. пераменнасць Алголя адкрыў глуханямы англійскі юнак Джон Гудрайк. Амаль праз сто гадоў астраномы здолелі растлумачыць пераменнасць зоркі: гэта зацьменна-пераменная зорка, нават сістэма з дзвюх зорак, якія кружацца вакол агульнага цэнтра масы. Адна, халаднейшая, засланяе сабой гарачэйшую. Тады мы назіраем памяншэнне бляску. Калі, наадварот, яна заходзіць за больш гарачую, мы бачым, што зорка становіцца ярчэйшай. Вось так яна нам і падміргвае (К.Цыркун). Кантамінаванасць у гэтым тэксце фармальна выражаецца праз выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу, прыметнікаў у розных формах ступеней параўнання, што ўласціва апісанню. Аднак сам тэкст застаецца пры гэтым апавяданнем.

Праверачны тэст

1. Апісанню ўласцівы

  1.  статычнасць;
    1.  перадача пастаянных ці часовых уласцівасцей;
      1.  паслядоўнасць дзеяння, руху;
      2.  лагічнасць, аргументаванасць;
      3.  дынамізм.

  1.  Устанавіце адпаведнасць

А. Звязнасць тэксту выяўляецца

Б. Цэласнасць тэксту дасягаецца

  1.  Супадзеннем колькасці абзацаў і звышфразавых адзінстваў (ССЦ).
  2.  Тэматычным і мадальным адзінствам (паўторнай намінацыяй ключавых слоў, шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў).
  3.  Праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў.

  1.  Абзац і ЗФА
  2.  часам супадаюць;
  3.  у адно ЗФА уваходзяць абавязкова 2 абзацы;
  4.  у адно ЗФА могуць уваходзіць 2 і больш абзацаў;
  5.  абзац можа змяшчаць некалькі рознатэматычных ЗФА;
  6.  абзац павінен змяшчаць не больш 3-х рознатэматычных ЗФА.
  7.  

Лекцыя 8. ЖАНРЫ НАВУКОВАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Мэта лекцыі – раскрыць характэрныя асаблівасці асобных жанраў навуковай літаратуры (анатацыя, рэферат), вызначыць ролю гэтых жанраў у павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці будучых юрыстаў, эканамістаў, спартсменаў.

Задачы: 

  •  прааналізаваць кампазіцыю анатацыі, рэферата;
  •  выявіць падабенства і розніцу паміж названымі жанрамі навуковай літаратуры;
  •  раскрыць сутнасць рэфератыўнага віду чытання, спосабаў кампрэсіі навуковага тэксту;
  •  пазнаёміць студэнтаў з асновамі падрыхтоўкі і афармлення навуковай працы ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі.

Пытанні

  1.  Спосабы кампрэсіі навуковага тэксту.
  2.  Рэферат і анатацыя як вынік кампрэсіі навуковага тэксту.
  3.  Афармленне цытат. Даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры.

Праблемныя пытанні

  1.  У чым падабенства і розніца паміж звычайным пераказам і рэфератам?
  2.  У чым падабенства і розніца паміж рэфераваннем і канспектаваннем?
  3.  Чаму рэзюмэ як навуковы жанр нельга атаясамліваць з асабістым рэзюмэ?

Рэкамендаваная літаратура

  1.  Бахтина, Л.Н., Кузьмич, И.П., Лариохина, Н.М. Обучение реферированию научного текста. – М., 1988.
  2.  Кобков, В.П. Способы сжатия текста при переводе научно-технической литературы // Язык научной литературы. – М., 1975.
  3.  Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах. – Гродна, 2002.
  4.  Методические рекомендации для переводчиков и редакторов научно-технической литературы ВЦП. – М., 1988.
  5.  Навуковы стыль мовы. Водгук, рэцэнзія, анатацыя, рэферат, дыпломная работа / Склад. Н.Я.Савіцкая, В.А.Кузьміч, Р.В.Міксюк, А.І.Скорабагатая, Г.Ф.Швед. – Мінск, 1999.
  6.  Троянская, Е.С. К вопросу о технико-стилистических приёмах в научной речи // Язык научной литературы. – М., 1975.
  7.  Сушков, Ю.А. О специфике термина в процессе научно-технического перевода // Язык научной литературы. – М., 1975.

1. Спосабы кампрэсіі навуковага тэксту

Навуковая і навукова-інфармацыйная літаратура ўмоўна дзеліцца на тры тыпы: 1) навукова-тэхнічная літаратура (артыкулы, манаграфіі, падручнікі, патэнты, тэхнічныя справаздачы і апісанні і пад.); 2) прававая і палітычная літаратура (пастановы, указы, дагаворы і інш.); з) дакументальная літаратура кіраўніцтва (загады, дырэктывы, справавыя паперы і пад.) [7, с. 246].

Даволі часта ў навуковай літаратуры сустракаюцца працы змешанага характару, а таксама працы папулярнага жанру, дзе аўтар выкарыстоўвае нават вобразныя сродкі мастацкай літаратуры.

Аўтару часам прыходзіцца павялічваць часткі тэксту, дзе змяшчаюцца ілюстрацыі, прыводзяцца аргументы і пад., каб пераканаць чытача ў доказнасці свайго выкладу. Як толькі мэта дасягнута – аўтар спыняе разгортванне элементаў тэксту.

Закон эканоміі, які дзейнічае ў незлічонай колькасці інфармацыі, патрабуе ад чытача выпрацоўкі ўмення заўважаць істотнае, галоўнае, асноўнае ў навуковым тэксце і апускаць другаснае, менш важнае. Праца над навуковым тэкстам прымушае таксама заўважыць пазіцыю аўтара, вучонага па пэўных пытаннях, праблемах.

Асноўным працэсам аналітыка-сінтэтычнай перапрацоўкі навуковага матэрыялу з’яўляецца яго кампрэсія (сцісканне). Мовазнаўцы называюць два асноўныя шляхі кампрэсіі навуковага тэксту: 1) змяншэнне інфармацыі, якая заключаецца ў тэксце; 2) захаванне інфармацыі ў адносна поўным аб’ёме [2].

Змяншэнне інфармацыі звычайна адбываецца за кошт пропуску падрабязнасцей і абагульнення тых частак тэксту, якія застаюцца. Шляхам змяншэння інфармацыі часта карыстаюцца пры напісанні рэфератаў, анатацый навуковых прац, а таксама пры падвядзенні вынікаў доследаў, эксперыментаў у параграфах, раздзелах ці заключэннях навуковых прац.

Найбольш тыповымі памылкамі пры змяншэнні інфармацыі лічацца неапраўданыя страты неабходнай інфармацыі, скажэнне сэнсу першакрыніцы, адсутнасць логікі ў падачы інфармацыі.

Выкарыстаем шлях змяншэння інфармацыі пры апрацоўцы наступнага тэксту. Чытаем тэкст рэфератыўным відам чытання. Рэфератыўны від чытання прадугледжвае сэнсавы аналіз выказванняў: падзел на тэму і рэму, а таксама прадугледжвае выдзяленне ключавых фрагментаў (найбольш інфарматыўных элементаў тэксту: асобных слоў, словазлучэнняў або цэлых сказаў).

Дэфекты зроку. Акуляры

Аптычная сістэма нармальнага вока дае відарыс прадмета на сятчатцы, які затым ператвараецца ў зрокавы вобраз.

Але калі адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай ненармальна вялікая, то відарыс аддаленага прадмета ў факальнай плоскасці будзе перад сятчаткай, і вока будзе бачыць аддаленыя прадметы дрэнна, а блізкія прадметы, відарыс якіх знаходзіцца за фокусам, нармальна. А калі адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай нармальная, але сам хрусталік вельмі выпуклы, г.зн. аптычная сістэма вока мае малую фокусную адлегласць? I ў гэтым выпадку відарыс аддаленага прадмета будзе перад сятчаткай, а значыць, дрэнна бачны. Такі дэфект вока называецца блізарукасцю. Блізарукасць бывае прыроджанай і набытай. Прычынай з’яўлення блізарукасці ў дзяцей можа быць празмернае захапленне чытаннем пры блізка размешчанай да вачэй кнізе. Пры напружаным разглядванні блізкіх прадметаў вочны яблык настолькі «прывыкае» падаўжацца, што хрусталік страчвае здольнасць сплюшчвацца пры пераводзе вока на аддалены прадмет.

Як выправіць блізарукасць? 3 гэтай мэтай выкарыстоўваюць акуляры з рассейваючымі лінзамі. Рассейваючая лінза робіць паралельны пучок святла разыходным. Прамяні пасля праламлення ў воку факусіруюцца на сятчатцы.

Калі ж адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай малая або хрусталік ненармальна выцягнуты (сплюшчаны), відарыс блізкага прадмета, які дае аптычная сістэма вока, будзе за сятчаткай. Вока тады дрэнна бачыць блізкія прадметы, хоць далёкія бачыць нармальна. Гэты дэфект вока называецца дальназоркасцю. Выправіць дальназоркасць можна, выкарыстаўшы акуляры са збіраючымі выпуклымі лінзамі. Пасля праламлення ў збіраючай лінзе пучок паралельных прамянёў становіцца сыходным і, прайшоўшы аптычную сістэму вока, факусіруецца на сятчатцы.

Такім чынам, правесці карэкцыю зроку можна пры дапамозе акуляраў. Часам замест акуляраў выкарыстоўваюць кантактавыя лінзы. Гэта пластмасавыя лінзы, якія накладваюцца непасрэдна на вочны яблык. Асноўным недахопам кантактавых лінзаў з’яўляецца раздражненне вачэй пры працяглым іх нашэнні.

Для любой жывой істоты вока з’яўляецца вельмі каштоўным органам. Валодаючы ўласцівасцю захоўваць зрокавы вобраз на працягу 1/16 с, вока дае магчымасць чалавеку адчуваць, як бесперапынны падзеі, дадзеныя на экране, хоць мы добра ведаем, што ў сапраўднасці на экран праецыруюцца 24 нерухомыя малюнкі-кадры ў секунду. Менавіта дзякуючы зроку мы пазнаём навакольны свет.

Для нармальнага зроку мінімальная адлегласць ад вока да прадмета, пры якой вока бачыць дэталі прадмета не напружваючыся, роўная 25 см. Гэта адлегласць найлепшага бачання. Пры меншых адлегласцях да прадмета вока ўжо напружваецца і стамляецца.

Стамляльнасці вока садзейнічае як недастатковае асвятленне прадмета, так і залішняе. Каб вока, як самае адчыненае акно ў свет, праслужыла доўга, неабходна яго берагчы, г.зн. ствараць умовы для яго ненапружанай працы (Л.Ісачанкава).

Ідучы шляхам змяншэння інфармацыі і абагульняючы сказы, якія нясуць асноўную думку, мы атрымліваем наступны тэкст: Блізарукасць – гэта дэфект зроку, пры якім відарыс аддаленых прадметаў знаходзіцца перад сятчаткай вока. Выпраўляецца блізарукасць прымяненнем рассейваючых лінзаў. Дальназоркасць – гэта дэфект зроку, пры якім відарыс блізкіх прадметаў знаходзіцца за сятчаткай вока. Выпраўляецца дальназоркасць выкарыстаннем збіраючых лінзаў. Для нармальнай работы вока неабходна разглядаць прадмет з адлегласці, не меншай за 25 см, і мець нармальнае асвятленне.

Другі шлях кампрэсіі навуковага тэксту – шлях захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – адбываецца пры дапамозе прыёмаў апушчэння, сумяшчэння і замяшчэння.

Прыём апушчэння – гэта пропуск, выключэнне з тэксту элементаў, якія паўтараюцца (напрыклад, выказнікаў у складаных сказах, калі яны ёсць у папярэднім кантэксце; дублетных слоў (змешчаных у дужках); спасылак на мaлюнкі, графікі і інш.). Напрыклад: Імунітэт дыпламатычны прадастаўляецца прадстаўніцтву, прадастаўляецца непасрэдна кіраўніку і прадастаўляецца персаналу прадстаўніцтваў і членам іх сямей (асабістыя імунітэты). – Пасля апушчэння: Імунітэт дыпламатычны прадастаўляецца прадстаўніцтву, непасрэдна кіраўніку, персаналу прадстаўніцтваў і членам іх сямей.

Прыём сумяшчэння заключаецца ў тым, што два або некалькі сказаў падобнай канструкцыі накладваюцца адзін на другі, і ў выніку гэтага накладання ўтвараецца скарочаны сказ з аднароднымі членамі, звязанымі злучнікамі. Параўн.: Нагляднае ўяўленне аб прамой, паралельнай плоскасці, даюць нацягнутыя тралейбусныя або трамвайныя правады – яны паралельныя плоскасці зямлі. Другі прыклад дае лінія перасячэння сцяны і столі – гэта лінія паралельная плоскасці падлогі (Л.А.). – Пасля сумяшчэння: Нагляднае ўяўленне аб прамой, паралельнай плоскасці, даюць нацягнутыя тралейбусныя або трамвайныя правады (адносна плоскасці зямлі), а таксама лінія перасячэння сцяны і столі (адносна плоскасці падлогі).

Прыём замяшчэння – замена доўгіх элементаў тэксту больш кароткімі з захаваннем сэнсу змененых злементаў. Напрыклад: Поле матэрыяльнае; яно існуе незалежна ад нас, ад нашых ведаў пра яго (ГМ.) – Пасля замены: Поле матэрыяльнае, аб’ектыўнае. 

Асноўная памылка шляху захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – гэта залішняя інфармацыя. Варта адзначыць, што, працуючы над навуковым тэкстам, чытачу часта прыходзіцца карыстацца разнастайнымі прыёмамі кампрэсіі тэксту адначасова.

2. Рэферат і анатацыя – вынік кампрэсіі навуковага тэксту

Працэс сціскання (кампрэсіі) навуковага тэксту да галоўных абагульняльных фармулёвак – гэта працэс складання тэксту рэферата і анатацыі.

Рэферат (ад лац. referre – дакладваць, паведамляць) – кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг і пад. (ТСБМ).

У навуковай літаратуры існуе падзел рэфератаў па паўнаце выкладу на дзве разнавіднасці: інфарматыўныя (рэфераты-канспекты) і індыкатыўныя (апісальныя, указальныя – рэфераты-рэзюмэ).

Інфарматыўныя рэфераты змяшчаюць у сабе асноўную інфармацыю рэферыруемай працы ў абагульненым выглядзе; у іх таксама ўказваецца мэта і задачы даследавання, звесткі пра методыку даследавання, сферу прымянення, прыводзяцца вынікі працы, якія маюць навуковую і практычную значнасць, і інш.

Індыкатыўныя рэфераты (рэфераты-рэзюмэ) займаюць прамежкавае становішча паміж рэфератам і анатацыяй (іх называюць рэфератыўнай анатацыяй). Яны толькі «падказваюць» чытачу, патрэбна яму звяртацца да першаснага дакумента ці не. У такіх рэфератах называюцца асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай рэферыруемай працы, пералічваюцца назвы раздзелаў, глаў, параграфаў, прыводзяцца ключавыя словы і словазлучэнні (звычайна тэрміны, якія грунтуюцца на асноўных ідэях і паняццях рэферыруемай працы) [54].

Схема інфарматыўнага рэферата (рэферата-канспекта):

  1.  Уступ (загалоўкавая частка).
  2.  Апісанне (уласна рэфератыўная частка).
  3.  Заключная частка.

Ва ўступе даецца бібліяграфічнае апісанне (яно афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам).

Уласна рэфератыўная частка ўключае ў сябе змест асноўных пытанняў і праблем, закранутых у артыкуле, манаграфіі і інш. (прычым выклад пазіцыі аўтара ідзе аб’ектыўна, без суб’ектыўнай ацэнкі рэферэнтам выкладаемага); пазначаюцца вынікі даследаванняў; таксама ўказваецца колькасць табліц, ілюстрацый і інш. Напрыклад: У дапаможніку разглядаецца; у 1-й тэме аўтар адзначае, што; затым даследуецца; перш за ўсё адзначаецца, што; аўтарам разглядаецца; тэма 2 прысвечана; аўтар вылучае; аўтарам звяртаецца ўвага на тое, што (у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што); гэтаму прысвечана 3-я тэма дапаможніка; аўтар рэкамендуе; далей аўтар зазначае, што; тэма 4 прысвечана....... і г.д.

У заключнай частцы прыводзяцца вывады аўтара, паказваецца значэнне і своечасовасць артыкула і інш.

Рэферат павінен быць аб’ектыўным, поўным, лагічным, адпавядаць стылістычным нормам.

Класіфікацыя рэфератаў

Класіфікацыя па

Назва

Змест

Паўнаце выкладу зместу

Інфарматыўныя

Перадаюць усе асноўныя палажэнні першакрыніцы

Індыкатыўныя

Указваюць толькі на асноўную тэму першакрыніцы

Колькасці рэфераваных першакрыніц

Манаграфічныя

Пішуцца на аснове адной працы

Аглядныя

Пішуцца на аснове некалькіх прац па адной тэме

Чытацкім прызначэнні

Агульныя

Разлічаны на шырокае кола чытачоў, таму змест перадаецца ў цэлым

Спецыялізаваныя

Пераказ зместу зарыентаваны на спецыялістаў

Складанні

Аўтарамі

Аўтарэферат дысертацыі

Спецыялістамі

Той галіны, да якой адносіцца рэферат

Прафесіяналамі-рэферэнтамі

А таксама перакладчыкамі-рэферэнтамі

Анатацыя (ад лац. annotatіo – заўвага) – гэта кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.

Схема анатацыі:

  1.  прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;
  2.  назва твора;
  3.  месца выдання, выдавецтва, год;
  4.  абём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);
  5.  кароткі змест (пералік асноўных пaлажэнняў тэксту-крыніцы);
  6.  пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;
  7.  выкарыстанне ў тэксце літаратуры;
  8.  чытацкае назначэнне.

Напрыклад: Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я.Лепешаў, М.А.Якалцэвіч. – Мінск: «Бел. Асац. «Конкурс», 2006. – 544 с.

Упершыню кніга апублікавана ў 1996 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Другое, значна дапоўненае, выданне выйшла ў 2002 г. у выдавецтве «Беларуская навука».

У слоўніку апісваецца больш за 1600 найбольш ужывальных прыказак, тлумачыцца іх сэнс, пры неабходнасці даецца іх сітуацыйная і стылістычная характарыстыка. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюструецца прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых прыказках ёсць даведкі пра іх паходжанне. У слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.

Прызначаецца для шырокага круга чытачоў.

Змест у бібліяграфічнай картцы-анатацыі можа перадавацца адным сказам: У слоўніку даецца апісанне больш за 1600 беларускіх прыказак, адлюстроўваецца варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.

Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні:

  1.  у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі – фармулёўкамі рэферэнта;
  2.  рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і пад., дае адказ на пытанне, менавіта якая інфармацыя змяшчаецца ў тэксце, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне, аб чым гаворыцца ў арыгінале, аблягчае пошук неабходнай інфармацыі;
  3.  рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі.

Студэнты ў ВНУ даволі часта пішуць рэфераты-даклады, якія чытаюцца ў аўдыторыі. Тэмы для рэфератаў-дакладаў падбіраюцца індывідуальна, з улікам выбранай спецыяльнасці і схільнасцей студэнта.

Праца над рэфератам-дакладам пачынаецца з прагляду анатацый літаратуры па выбранай тэме, у якіх змест работы даецца ў асноўным. Беглы прагляд анатацый шматлікай літаратуры дазваляе выбраць неабходныя працы, якія заслугоўваюць больш уважлівага чытання і глыбокага вывучэння.

Адабраную літаратуру неабходна заканспектаваць у асобным сшытку, абавязкова запісаўшы бібліяграфічныя дадзеныя канспектуемых прац. Пасля глыбокага асэнсавання заканспектаванага варта прыступіць да складання плана свайго дакладу. План звычайна складаецца з трох частак: уводзін, асноўнай часткі, заключэння.

Ва ўводзінах студэнт робіць абгрунтаванне актуaльнасці выбранай тэмы, яе тэарэтычнай і практычнай значнасці. Таксама фармулюецца асноўная мэта і задачы рэферата-даклада.

У асноўнай частцы раскрываецца сутнасць асноўных пытанняў плана, сутнасць асноўных сучасных напрамкаў у разглядзе абранай тэмы. Прычым студэнт павінен абавязкова (у адрозненне ад рэферата-канспекта) у сваім дакладзе выказаць свае меркаванні наконт разглядаемых пытанняў

У заключэнні даюцца ў кароткай, яснай форме асноўныя вывады па разглядаемай працы.

У канцы рэферата-даклада прыводзіцца спіс прачытанай або выкарыстанай літаратуры, які афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам.

Памер рэферата-даклада складае 10 – 15 старонак камп’ютарнага набору.

3. Афармленне цытат. Даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры

Змест рэферата-даклада звычайна перадаецца сваімі словамі, аднак асноўныя палажэнні тэмы можна падмацоўваць цытатамі.

Цытата (ням. zitat ад лац. cito – выклікаю, прыводжу) – даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перададзеныя чые-небудзь словы; выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

Цытаты часта ўжываюцца ў навуковых працах, лекцыях, дакладах, рэфератах, сачыненнях, у розных творах як эпіграф.

Цытата афармляецца як простая і як ускосная мова. Калі цытата ўключаецца ў тэкст як частка сказа, яна пачынаецца з малой літары і бярэцца ў двукоссе: Якуб Колас справядліва ўказваў, што «роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» (ЛіМ). Калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Адрозненне цытат ад канструкцый з простай мовай заключаецца ў тым, што цытаты бяруцца толькі ў двукоссе і маюць дакладную спасылку на крыніцу цытавання. Спасылкі на цытату афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТу. Напрыклад: «Выхаванне сваім краем, – пісаў Янка Сіпакоў, – выхаванне роднаю зямлёю, выхаванне дарагімі краявідамі, выхаванне традыцыямі і добрымі (працоўнымі і ратнымі) справамі продкаў – ці не гэта з’яўляецца самым важным ва ўсёй сістэме выхавання?» (Мой родны кут: вершы беларускіх паэтаў аб роднай прыродзе / Склад. У.А.Начэўны. – Мінск: Маст. літаратура, 1987. – С. 7.).

Цытаты-эпіграфы звычайна не бяруцца ў двукоссе:

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў...

Якуб Колас

Словы і словазлучэнні, якія ўключаюцца ў аўтарскі тэкст без спецыяльных спасылак, бяруцца ў двукоссе: Вялікае дзіва – Купалава песня! Усю гэтую работу прарабіла яна разам з народам на нашых вачах. І паказала ў новым абліччы чалавека, што горда і горка некалі назваў сябе «пан сахі і касы», а потым непахісна абвясціў адзіна справядлівую дыктатуру, дыктатуру працы (Луж.).

Бібліяграфічны спіс (бібліяграфічныя апісанні выкарыстаных крыніц) звычайна будуецца ў славянскім алфавітным парадку на мове арыгінала (замежныя крыніцы размяшчаюцца адпаведна лацінскаму алфавіту пасля крыніц, размешчаных адпаведна славянскаму алфавіту; пасля замежных крыніц ідуць адрасы сайтаў у лацінскім алфавітным парадку).

Схема бібліяграфічнага апісання:

1. 3агаловак (прозвішча, ініцыялы аўтараў; звесткі, якія раскрываюць тэматыку загалоўка, від, жанр, прызначэнне і інш.).

2. Звесткі аб адказнасці (інфармацыя аб складальніках, рэдактарах, перакладчыках і пад.).

3. Звесткі аб выданні (паўторнасць выдання, яго перапрацоўка і г.д.).

4. Месца і час выдання (горад, выдавецтва, год выдання).

5. Абём (колькасць старонак, можна ўказаць колькасць табліц).

Напрыклад: Маршэўская, В.В. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах: вучэб. дапам. / В.В.Маршэўская. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 116 с.

Такім чынам, напісанне рэфератаў, анатацый і іншых жанраў навуковай літаратуры садзейнічае развіццю навыкаў і ўменняў у галіне пісьмовай літаратурнай мовы і развівае навыкі самастойнага падбору, аналізу, правільнага тлумачэння і абагульнення навуковай інфармацыі.

Праверачны тэст

  1.  Да жанраў навуковага стылю адносяцца
  2.  рэферат;
  3.  рэцэнзія;
  4.  водгук;
  5.  нарыс;
  6.  канспект.

  1.  Устанавіце адпаведнасць

А. Тэзісы. 1. Кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула,

кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг

і пад.

Б. Анатацыя. 2. Сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць

асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула і пад.

3. Лагічныя довады, якія служаць асновай для доказу

чаго-небудзь.

3. Па чытацкім прызначэнні рэфераты бываюць

  1.  інфарматыўныя;
    1.  аглядныя;
    2.  агульныя;
    3.  спецыялізаваныя;
    4.  манаграфічныя.
    5.  

Лекцыя 9. АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ

Мэта лекцыі – ахарактарызаваць асаблівасці афіцыйна-справавога стылю, сферу яго функцыянавання.

Задачы:

  •  сфарміраваць уяўленне аб гісторыі развіцця афіцыйна-справавога стылю;
  •  ахарактарызаваць моўныя сродкі афіцыйна-справавой дакументацыі (лексічны, марфалагічны, сінтаксічны ўзровень);
  •  даць азначэнне паняцця «дакумент»;
  •  вызначыць дакументы ў залежнасці ад іх рэгламентаванасці;
  •  пералічыць асноўныя групы дакументаў у залежнасці ад іх прызначэння;
  •  паказаць узоры афармлення некаторых дакументаў;
  •  раскрыць сутнасць паняццяў бланк, рэквізіт, фармуляр;
  •  адзначыць асаблівасці справавых лістоў, асабістага рэзюмэ, візітнай карткі.

Пытанні

1. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю.

2. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі.

3. Паняцце дакумента. Групы дакументаў.

4. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю.

5. Паняцце бланка, рэквізіта, фармуляра.

6. Мова і кампазіцыя справавых лістоў. Прыватныя справавыя паперы.

Праблемныя пытанні

  1.  Колькасць рэквізітаў строга зафіксавана ці можа быць рознай у залежнасці ад тыпу дакумента?
  2.  Ці падаюцца ў аўтабіяграфіі дэталі, падрабязнасці асабістага жыцця?
  3.  Якія існуюць варыянты напісання назвы дакументаў?
  4.  Дзе пішацца загаловак у справавых лістах?
  5.  Рэкамендацыя – гэта абавязковы рэквізіт рэзюмэ ці факультатыўны?
  6.  

Рэкамендаваная літаратура

  1.  Асновы культуры маўлення і стылістыкі / Пад рэд. Анічэнкі У.В. – Мінск., 1992.
  2.  Барышникова, Е.Н. Речевая культура молодого специалиста. – М., 2005.
  3.  Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск., 2005.
  4.  Каўрус, А.А. Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. – Мінск, 1994.
  5.  Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1992.
  6.  Культура устной и письменной речи делового человека. – М., 2006.
  7.  Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А.Я.Баханькова. – Мінск, 1994.
  8.  Лепешаў, І. Я., Малажай, Г. М., Панюціч, К. М. Практыкум па беларускай мове. – Мінск, 2001.
  9.  Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мінск, 2003.
  10.  Маршэўская, В. В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка. – Гродна, 2003.
  11.  Рахманин, Л.В. Стилистика деловой речи и редактирование служебных документов. – М., 1997.
  12.  Родионов, А. Г. Образцы исковых заявлений в гражданском судопроизводстве. – Минск, 2000.
  13.  Смольская, Т. М., Хрышчановіч, Л. У. Беларуская мова. Юрыдычная лексіка. – Мінск, 2006.
  14.  Сцяцко, П.У. і інш. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. – Мінск, 1990.
  15.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5-ці т. – Мінск, 1977-1984.
  16.  

1. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я.Купала, калі пісаў, што даўней беларуская мова «свае правы чужым дыктавала».

У афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш.

Канец ХVІІ–ХІХ стст. былі неспрыяльныя для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.»), у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш.

У 20-ыя гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мн., 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча. Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага».

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй.

Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.

У 20-ыя гады выйшлі з друку кнігі, спецыяльна прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мн., 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак».

Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы, адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе, мы, ніжэйпадпісаныя, давераная асоба, хадайніцтва, выдаткі, абвестка, загад і інш.

Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-кацылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мн., 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-ыя гады ХХ ст.

1. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю [7]. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не арыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інтрукцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснага формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэсканферэнцыя, сход акцыянераў і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця (У.В.Анічэнка).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...) і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю.... Займеннік вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі. 

Стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д. [14].

Такім чынам, захаванне пералічаных якасцей – адзін з важнейшых элементаў правільнага стварэння афіцыйнага дакумента.

2. Паняцце дакумента. Групы дакументаў

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца ў розных дакументах. Дакументамі (ад лац. documentum – доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы (лісты), якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. Дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме. Існаванне адпаведных формаў для разнастайных дакументаў – істотны фактар эфектыўнасці справаводства.

Па ступені рэгламентаванасці (падпарадкаванасць дакладна ўстаноўленым правілам, абмежаванням) дакументы падзяляюцца на тры групы:

1.Дакументы, якія павінны дакладна адпавядаць прынятаму стандарту, бо ў іншым выпадку яны на будуць мець юрыдычнай сілы (пашпарт, дыплом, пасведчанне і інш.). Гэтыя дакументы рыхтуюцца друкаваным спосабам, а той, хто піша, павінен толькі ўнесці ў іх патрэбную інфармацыю.

2.Дакументы, якія не маюць такой строгай абавязковасці (даведка, заява, дагавор, даверанасць, квітанцыя і інш.).

3.Дакументы, якія маюць грамадска замацаваны агульны прынцып укладання, а моўныя сродкі і форма выкладу ў пэўнай ступені адвольныя (характарыстыка, рэкамендацыя, справавыя лісты партнёраў у вытворчасці і інш.).

Па сваім прызначэнні ўсе дакументы можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: асабістыя, распарадчыя, адміністрацыйна-арганізацыйныя, інфармацыйна-даведачныя.

1. Асабістыя дакументы.

Да асабістых дакументаў адносяцца заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска і інш. Дакументы менавіта гэтай групы часцей за ўсё сустракаюцца ў нашым жыцці.

Так, заяву пішуць, калі афіцыйна звяртаюцца да службовай асобы, ва ўстанову, грамадскую арганізацыю і інш. У гэтым дакуменце звычайна просяць прыняць на вучобу, на працу (перавесці, звольніць і пад.), просяць вырашыць якое-небудзь патанне і г. д. Пісаць трэба, як і ва ўсіх паперах, дакладна і проста. Калі да заявы прыкладаюцца дакументы (даведкі, пасведчанні, рэкамендацыі, акты і інш.), іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту. На заяве ўнізе павінны быць дата (злева) і асабісты подпіс (справа).

Дэкану факультэта фізічнай культуры

дацэнту Навойчыку А. І.

студэнта І курса, 13 групы

Бандарца Андрэя Аляксандравіча

заява.

Прашу дазволіць датэрмінова здаць летнюю экзаменацыйную сесію

ў сувязі з удзелам у чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай гімнастыцы.

20 мая 2008 г. Подпіс

Апошнім часам слова заява часта пішуць з вялікай літары. У такім выпадку пасля яго не трэба ставіць кропку.

Для тых, хто служыць у арміі, міліцыі (іншых органах унутраных спраў), адной з асноўных асабістых справавых папер з’яўляецца рапарт. Як падаецца ў ТСБМ, рапарт – гэта пісьмовы або вусны даклад, данясенне аб чым-небудзь вышэйшай інстанцыі, начальству.

Начальніку агульнавайсковай кафедры

Рапарт

Прашу Вашага хадайніцтва перад вышэйшым камандаваннем аб вызваленні мяне, маёра А. В. Савянкова, ад выканання службовых абавязкаў тэрмінам на трое сутак, з 05. 11. 2007 г. па 07. 11. 2007 г., у сувязі з хваробай.

Да рапарта прыкладаю:

  1.  Медыцынскае накіраванне ад 04. 11. 2007 г.;
  2.  Даведку аб непрацаздольнасці ад 04. 11. 2007 г. № 256.

Выкладчык агульнавайсковай кафедры

маёр_______________А. В. Савянкоў

(подпіс)

04 лістапада 2007 г.

Начальніку ваеннага факультэта

Хадайнічаю па сутнасці рапарта маёра А. В. Савянкова.

Начальнік агульнавайсковай кафедры

падпалкоўнік_____________П. І. Януковіч

(подпіс)

04 лістапада 2007 г.

У аўтабіяграфіі коратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад першай асобы. Тут падаюцца афіцыйныя звесткі: год і месца нараджэння; заняткі бацькоў; гады вучобы (службы ў арміі); асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці; кароткія звесткі пра сваё сямейнае становішча. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

Аўтабіяграфія

Я, Булай Таццяна Іванаўна, нарадзілася 2 ліпеня 1970 года ў вёсцы Конна Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Мой бацька, Булай Іван Віктаравіч, працаваў механізатарам, маці, Ганна Уладзіміраўна, – паляводам (зараз бацькі на пенсіі).

У 1977 годзе я пайшла вучыцца ў Конненскую васьмігадовую школу, якую скончыла ў 1985 годзе. З 1985 па 1987 гг. вучылася ў СШ № 2 г. п. Зэльва.

У 1987 годзе паступіла ў педагагічнае вучылішча г. Гродна на аддзяленне дашкольнага выхавання. З 1989 года працую выхавацелем у садку-яслях № 25 г. Гродна.

Замужам, маю дваіх сыноў.

12 красавіка 2008 г. (подпіс) Т. І. Булай

Распіска – дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове або ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы і інш.

Распіска

Я, Малажайка Сяргей Мікалаевіч, 12 лютага 2008 года атрымаў ад Венскага Дзмітрыя Паўлавіча 2 000 000 (два мільёны) беларускіх рублёў. Абяцаю вярнуць пазыку да 12 чэрвеня 2008 года.

12 лютага 2008 г. Подпіс

2. Распарадчыя дакументы

Да распарадчых адносяцца такія дакументы, як загад, распараджэнне, пастанова, указ, дэкрэт. Усе яны носяць заканадаўчы характар і дзейнічаюць як на мясцовым узроўні (горад, прадпрыемства ці арганізацыя, факультэт і інш.), так і на ўзроўні ўсёй краіны. Дарэчы, у ТСБМ першае значэнне слова «закон» наступнае: абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае вышэйшым органам дзяржаўнай улады, якое мае найвышэйшую сілу.

Прывядзём вытрымкі з некаторых распарадчых дакументаў.

І.

Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь

«Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2007 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 20 снежня 2007 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2005 года «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 2, 2/1170) наступныя змяненні:

  1.  Пункт 3 артыкула 9 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«3. Расходы на аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі, тэхнічнае абслугоўванне, аплату камунальных паслуг (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў), аплату паліва (тым, хто пражывае ў дамах без цэнтральнага ацяплення), звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем’ях і прыёмных сем’ях, падлягаюць кампенсаванню грамадзянам, на выхаванні якіх яны знаходзяцца, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў».

Артыкул 12 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 12. Гарантыі права на жыллё

  1.  Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, ільготных крэдытаў, аднаразовых бязвыплатных субсідый і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання ў адпаведнасці з заканадаўствам.
  2.  Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца захаванне права ўласнасці на жылое памяшканне або права карыстання жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога яны выбылі».

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія падпарадкаваны Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 года, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 2, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

27 снежня 2007 года, г. Мінск

№ 305 – 3

ІІ.

Міністэрства культуры

Рэспублікі Беларусь

Аддзел культуры

Гродзенскага гарвыканкама

Дзіцячая музычная

школа № 1

імя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі

ЗАГАД

03. 03. 2008 г. № 6

г. Гродна

Аб стварэнні камісіі

па агульным тэхнічным аглядзе будынка

На падставе п. 55 Правілаў (3) па ахове працы

ЗАГАДВАЮ:

Стварыць камісію па агульным тэхнічным аглядзе будынка ў колькасці 5 чалавек:

  1.  Мацейка Люцына Вацлаваўна – нам. дырэктара па АХР;
  2.  Лашчук Сяргей Іванавіч – дырэктар школы;
  3.  Календа Вацлаў Міхайлавіч – электрык школы;
  4.  Бяляўскі Аляксандр Аляксандравіч – рабочы па абслугоўванні будынка;
  5.  Дылеўскі Аляксандр Анатольевіч – член прафкама.
  6.  

Дырэктар ДМШ

імя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі ___________ С. І. Лашчук

(подпіс)

З загадам азнаёмлены ___________ Л. В. Мацейка

(подпіс)

___________ В. М. Календа

(подпіс)

___________ А. А. Бяляўскі

(подпіс)

___________ А. А. Дылеўскі

(подпіс)

  1.  Адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы

У дадзеную групу дакументаў уваходзяць план, кантракт, дагавор, справаздача і некаторыя іншыя. Так, у справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент не мае строгай формы. Кожны, хто піша справаздачу, павінен паказаць, як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.

Прыкладны тэкст:

Спаваздача аб педагагічнай практыцы па беларускай мове і літаратуры студэнткі 5 курса беларускага аддзялення факультэта філалогіі Смолік Надзеі Фёдараўны

Я. Смолік Надзея Фёдараўна, праходзіла педагагічную практыку па беларускай мове і літаратуры ў 9 «Б» класе школы-ліцэя № 1 г. Гродна з 30 студзеня па 25 сакавіка 2006 г.

Падчас практыкі мною была выканана наступная праца:

- І тыдзень (30. 01. – 04. 02.): наведванне ўрокаў у 9 «Б» класе, знаёмства з вучнямі; азнаямленне з задачамі вучэбнай і выхаваўчай працы;

- ІІ-УІІІ тыдзень (06. 02. – 25. 03.):

а) вучэбная праца: правядзенне ўрокаў па беларускай мове і літаратуры; правядзенне мерапрыемства па прадмеце «Беларуская мова»;

б) выхаваўчая праца: індывідуальная праца з навучэнцамі (анкетаванне, вывучэнне асобы вучня і ўсяго класа з мэтай псіхолага-педагагічнай характарыстыкі, правядзенне ўнутрыкласнага педагагічнага мерапрыемства);

в) праца ў дапамогу класнаму кіраўніку: праверка дзённікаў.

Урокі па беларускай мове і літаратуры былі праведзены па тэмах, прадугледжаных вучэбнай праграмай (па беларускай мове – праца над знакамі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах і ў сказах з рознымі відамі сувязі, па беларускай літаратуры – вывучэнне беларускй літаратуры 50 – 80-х гг. ХХ ст.).

Усяго мною праведзена 27 урокаў (14 па мове, 13 па літаратуры), сярод іх:

- 4 заліковыя ўрокі па мове і 4 заліковыя ўрокі па літаратуры;

- 1 адкрыты ўрок па мове «Працяжнік у бяззлучнікавым складаным сказе» і 1 адкрыты ўрок па літаратуры «Жыццё і творчасць А. Макаёнка».

На маю думку, самымі ўдалымі па мове былі ўрокі па тэмах «Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе». Цяжкасці адчуваліся на ўроках, прысвечаных развіццю маўлення (у прыватнасці, пры разглядзе тэмы «Пісьмовы падрабязны пераказ мовазнаўчага артыкула»).

Па літаратуры, напэўна, найбольш паспяховымі былі ўрокі па вывучэнні твора А. Макаёнка «Зацюканы апостал», што абумоўлена актуальнасцю праблем, узнятых у п’есе. Складаным жа для вучняў пры разглядзе паэзіі 50-80 гг. ХХ ст. з’яўляецца аналіз лірычных твораў.

Трэба адзначыць, што дзеці на ўроках працавалі актыўна, імкнуліся выказваць свае думкі на тыя ці іншыя праблемы. Пры правядзенні мерапрыемстваў вучні з задавальненнем выконвалі розныя даручэнні, праяўлялі творчую ініцыятыву.

Добразычлівыя адносіны склаліся ў мяне як з класным калектывам, так і з настаўнікам па беларускай мове і літаратуры, а таксама з класным кіраўніком. Менавіта педагогі дзяліліся сваім вопытам, давалі парады і кансультацыі, аказвалі псіхалагічную дапамогу.

У заключэнні хацелася б дадаць, што практыка з’яўляецца добрым пачаткам педагагічнага вопыту, карыснага для будучай працы настаўніка.

30 сакавіка 2006 г. Н. Ф. Смолік

  1.  Інфармацыйна-даведачныя дакументы

Аб’ява, даведка, тлумачальная і службовая запіскі, дакладная і пад. афіцыйныя паперы з’яўляюцца прыкладамі тых дакументаў, якія служаць для перадачы інфармацыі пэўнага зместу.

Так, амаль штодзённа нам сустракаюцца аб’явы (як афіцыйнага, так і прыватнага характару). Аб’ява – паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама (ТСБМ). Калі неабходна абвясціць, што адбудзецца нейкае мерапрыемства (сход, канферэнцыя, спаборніцтвы і пад.), вывешваюць аб’яву, у якой дакладна называецца дата, час, месца правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Унізе, з правага боку, звычайна ўказваецца, хто робіць аб’яву.

Аб’ява

19 лістапада ў 18.00 у актавай зале адбудзецца сустрэча з маладымі паэтамі Гродзеншчыны. Уваход свабодны.

Кафедра беларускай літаратуры

Даведка – дакумент, які змяшчае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў. Узор напісання:

Даведка

Апейка Віталь Сяргеевіч з’яўляецца студэнтам першага курса дзённага аддзялення інжынерна-фізічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы».

Даведка выдадзена для падачы ва Упраўленне ўнутраных спраў Ленінскага раёна г. Гродна.

Дэкан факультэта подпіс

(пячатка)

У тлумачальнай запісцы мы раскрываем, тлумачым прычыну нейкіх сваіх дзеянняў, учынкаў і г. д.

Тлумачальная запіска

Я, Леўчанка Вадзім Раманавіч, студэнт 3 курса, 4 групы, не з’явіўся на суботнік, таму што быў хворы.

Медыцынская даведка прыкладаецца.

22 красавіка 2005 г. _______________ В. Р. Леўчанка

(подпіс)

Акрамя вышэйназваных груп афіцыйна-справавых папер, вылучаюцца розныя віды юрыдычных дакументаў. Усе яны маюць свой адметны набор рэквізітаў, які абумоўлены іх прызначэннем. Існуе вялікая колькасць дакументаў, звязаных з грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі справамі. Да працэсуальных дакументаў адносяцца рознага кшталту заявы, скаргі, хадайніцтвы, вызначэнні, пратаколы, пярэчанні супраць іску і інш.

У Кастрычніцкі раённы суд г. Гродна

Крывіцкага Андрэя Сямёнавіча,

які пражывае па адрасе: г. Гродна,

вул. Кляцкова, д. 23, кв.67.

З А Я В А

аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з адмовай ад іску

Прашу вытворчасць па маім іску да Шытава Мікіты Лявонавіча аб спагнанні запазычанасці ў памеры 600 000 беларускіх рублёў спыніць, паколькі адказчык вярнуў названую суму.

Аб наступствах адмовы ад іску, прадугледжаных артыкуламі 245 і 247 ГПК Рэспублікі Беларусь, мне вядома.

Дата Подпіс

Адным з самых пашыраных працэсуальных дакументаў з’яўляецца іскавая заява аб узбуджэнні справы. Яе змест павінен адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальных дакументаў. Акрамя гэтага, у ёй павінны быць указаны дакладнае абазначэнне патрабаванняў істца, факты, якімі ісцец абгрунтоўвае сваё патрабаванне, доказы, якія пацвярджаюць кожны з названых фактаў і г. д. Да іскавых належаць заявы аб прызнанні грамадзяніна прапалым без вестак, аб прымусовым лячэнні, аб аднаўленні правоў па дакументах на прад’яўніка, аб прызнанні рухомай рэчы безгаспадарнай, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным, аб ліквідацыі перашкод у ажыццяўленні права ўласнасці і інш.

У Ленінскі раённы суд г. Гродна

Ісцец: Маракоў Сяргей Аляксандравіч,

1935 г. н., які пражывае па адрасе:

г. Гродна, вул. Горкага, д. 83, кв. 99.

Адказчык: Маракоў Яўген Сяргеевіч,

1962 г. н., які пражывае па адрасе:

г. Гродна, вул. Таўлая, д. 58/1, кв. 39.

ІСКАВАЯ ЗАЯВА

аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне бацькі

Мне 73 гады, я не працую, пенсію па старасці атрымліваю ў памеры 240 рублёў, маю матэрыяльную патрэбу, таму што іншых крыніц даходаў не маю.

Мой сын, Маракоў Яўген Сяргеевіч, 1962 г. н., матэрыяльную дапамогу мне добраахвотна не аказвае.

Адказчык працуе ў РБУ № 13 г. Гродна галоўным інжынерам, яго заработак складае 1 200 000 рублёў. Сын пражывае адзін і мае магчымасць аказваць мне матэрыяльную дапамогу.

У адпаведнасці з артыкуламі 100, 102 КабШС Рэспублікі Беларусь і артыкулам 6 ГПК Рэспублікі Беларусь

П Р А Ш У:

1. Штомесячна ўтрымліваць з адказчыка, Маракова Яўгена Сяргеевіча, сродкі на маё ўтрыманне па 300 000 рублёў штомесячна, пачынаючы з 20 лютага 2008 г. да змянення матэрыяльнага і сямейнага становішча бакоў.

Дадатак:

1. Даведка аб заработнай плаце адказчыка.

2. Даведка аб складзе сям’і адказчыка.

3. Даведка аб пенсіі істца.

4. Копія іскавай заявы.

Дата Подпіс

3. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца адна з разнавіднасцей літаратурнай мовы – афіцыйна-справавы стыль. Выдзяляюцца два тыпы нормаў, якія дзейнічаюць у сферы пісьмовай дзелавой мовы: 1) тэкставыя нормы, якія рэгламентуюць пабудову тэксту дакумента, г.зн. семантычную і фармальную арганізацыю ўсяго тэксту і яго частак; 2) моўныя нормы, якія рэгламентуюць магчымасць ужывання моўных адзінак. Тэкставыя і моўныя нормы замацаваны ў ДАСТах, што забяспечвае уніфікацыю і стандартызацыю службовых дакументаў. Адзначым некаторыя з іх.

Лексічны ўзровень:

1) Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні.

2) Шырока выкарыстоўваюцца тэматычна абумоўленыя спецыяльныя словы і тэрміны (юрыдычныя, дыпламатычныя, ваенныя, бухгалтарскія, спартыўныя і г.д.). У прыватнасці, юрыдычная тэрміналогія служыць для перадачы прававых катэгорый і паняццяў (права, дыскрэдытацыя, апеляцыя, юрысдыкцыя, правапарушэнне, затрыманне, цялесныя пашкоджанні). У грамадска-палітычную і іншыя навуковыя тэрміналогіі ўваходзіць лексіка, звязаная з вытворчай дзейнасцю прадпрыемстваў, арганізацый, асобных работнікаў (прадукцыйнасць, нарматыў, тарыф, сабекошт, прыбытак, дакументацыя, штаты). Асобна можна вылучыць назвы працэсаў, якія патрабуюць дакументальнага афармлення (выкананне, кіраванне, браніраванне, звальненне, фінансаванне, падпарадкаванне). Сустракаюцца спецыфічна бухгалтарскія тэрміны: каштарыс, рахунак. Увогуле тэрміналагізаванасць – адна з вызначальных рыс афіцыйна-справавой мовы. Тэрміны, не маючы эмацыянальнасці і вобразнасці, абстрагаваныя ад адзінкавага і выпадковага, тут маюць канструктыўнае значэнне, з’яўляюцца неабходнымі лексічнымі сродкамі.

3) Дапускаецца выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, Мінюст, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства). У пісьмовай форме выкарыстоўваюцца шматлікія графічныя скарачэнні: нам. (намеснік), др. арк. (друкаваны аркуш), ф-ка (фабрыка). Некалькі слоў пра іх. Пранікненне скарачэнняў у дзелавую дакументацыю тлумачыцца трыма прычынамі: імкненнем да эканоміі месца, высокай частотнасцю асобных слоў і словазлучэнняў і жаданнем пазбегнуць паўтарэнняў доўгіх назваў. Апрача таго, неабходна помніць, што дзелавыя пісьмы не павінны быць большымі за дзве-тры старонкі машынапіснага тэксту.

Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя, якія не патрабуюць тлумачэння, і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у слоўніках, і становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці спіса скарочаных напісанняў. Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме: а) пры абазначэнні лічбамі гадоў і стагоддзяў: г., гг., ст.; б) пасля пералічэння: і г.д., і інш., і пад., г.зн.; в) пры спасылках: гл., напр.; г) іншыя скарачэнні: акад., б. – былы, зб. – зборнік, р-н, вобл.

Ёсць пэўныя патрабаванні пры графічным скарачэнні: 1) Пры скарочаным напісанні ставіцца кропка і захоўваюцца знакі і пачатковыя літары, уласцівыя поўнаму напісанню: В. – Д.к. – Волга-Данскі канал; 2) Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га – гектар, см – сантыметр, кг – кілаграм; 3) Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай. А пры збегу дзвюх або некалькіх зычных – пасля апошняй зычнай: камен. вугаль – каменны вугаль, бухг. – бухгалтэрыя; 4) Нельга скарачаць на галосную літару і на й, ў, ь; 5) Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных прыметнікаў пішуцца праз злучок: с. – г. – сельскагаспадарчы. Праз злучок пішуцца і графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя ці дзве апошнія літары: з-д – завод, в-аў – востраў.

4) Адсутнічаюць экспрэсіўныя моўныя сродкі (назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі – крынічанька, мовачка і інш.), жаргонныя і дыялектныя словы.

5) Прысутнічаюць функцыянальна абумоўленыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў (Устанаўленне, замена і перагляд нормаў працы ажыццяўляецца наймальнікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней за адзін месяц).

6) Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. Да іх належаць таксама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарадкавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду і інш. 

7) Выкарыстоўваюцца назвы асоб па іх функцыі ў афіцыйна-справавых адносінах: арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец і інш.

8) Назвы дакументаў: загад, паведамленне, пратакол, інструкцыя, службовае пісьмо, даведка.

9) Абазначэнні частак дакумента (парадак дня, дадатак), разнастайных дзеянняў асоб (прысутнічалі, слухалі), службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні: (загадваю, не пярэчу).

10) Актыўна выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, якія надаюць выказванню стрымана-строгую, «халодную» танальнасць: уніфікацыя, утрыманне, узгадненне, захоўванне, устанаўленне, зацвярджэнне, размеркаванне.

11) Устойлівыя словазлучэнні ў афіцыйным стылі пазбаўлены вобразнасці, эмацыянальнасці; тут адлюстроўваецца імкненне да стандартызацыі маўлення. Словазлучэнні часта выкарыстоўваюцца ў назвах дакументаў (пасведчанне аб нараджэнні, атэстат аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу), у якасці стандартных канструкцый (у мэтах забеспячэння, на аснове вышэйпададзенага, адзначаны наступныя недахопы, заслухаўшы і абмеркаваўшы).

12) Лексічную аснову афіцыйна-справавой мовы, як і іншых стыляў, складаюць нейтральныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі.

Марфалагічны ўзровень:

  1.  Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад. Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...
  2.  Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі на –нне-, –ццё, з прэфіксам –не-, –ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш.
  3.  Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (=павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства).
  4.  Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад.
  5.  Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў.
  6.  Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт.
  7.  Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын; парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: выраб 3-га гатунку.
  8.  Рэдка ў афіцыйным стылі ўжываюцца выклічнікі, а таксама займеннікі 1-й і 2-й асобы і адпаведныя асабовыя формы дзеяслова.

Сінтаксічны ўзровень:

  1.  Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў, г.зн. дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаемым словам, акалічнасць спосабу дзеяння – перад дзеясловам-выказнікам, прамое дапаўненне – пасля слова, да якога яно адносіцца.
  2.  Сінтаксіс характарызуецца падкрэсленай кніжнасцю, «халоднасцю». Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя.
  3.  Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак.
  4.  Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш.
  5.  Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках.
  6.  Звычайна ў дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (даручыць старасце групы, неабходна павысіць, дазволіць студэнтам), а таксама залежныя звароты тыпу: кандыдатам у дэпутаты вылучаны; даклад быў выслуханы.
  7.  Асабовыя канструкцыі ўжываюцца толькі ў пэўных сітуацыях. Напрыклад, у даручэнні, распісцы пасля займенніка «я» неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, месца пражывання. Пасля замены ў дзелавых тэкстах аднаго наймення прадмета або асобы другім на гэта спецыяльна ўказваецца: Кавалёў Мікалай Іванавіч, які ў далейшым называецца субпадрадчык...
  8.  Сказы характарызуюцца наяўнасцю аднародных членаў, адасобленых груп, пабочных і ўстаўных канструкцый: Грамадскія арганізацы, працоўныя калектывы і сходы ваеннаслужачых па воінскіх часцях могуць выступаць у падтрымку кандыдатур, вылучаных іншымі грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі або сходамі ваеннаслужачых па воінскіх часцях, а тасама выбіраць давераных асоб кандыдатаў у народныя суддзі.

Веданне адзначаных моўных асаблівасцей афіцыйна-справавога стылю, безумоўна, будзе садзейнічаць правільнаму афармленню дакументаў рознага тыпу.

4. Паняцце бланка, рэквізіта, фармуляра

У штодзённым жыцці і працы чалавек наладжвае афіцыйныя, службовыя адносіны з іншымі людзьмі, з арганізацыямі, установамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца прававымі нормамі, замацаванымі ў законах, указах, пастановах, дагаворах і іншых дакументах. Значэнне заканадаўчых актаў, дакументаў асабліва ўзрастае на цяперашнім этапе, калі наша краіна стала прававой дзяржавай.

Справавыя лісты пішуцца на спецыяльных бланках, якія адпавядаюць стандарту і маюць пэўны парадак іх размяшчэння. Бланкі бываюць двух відаў: агульныя бланкі і бланкі для лістоў. Галоўнае адрозненне паміж імі ў тым, што бланкі для лістоў маюць рэквізіт «Індэкс прадпрыемства сувязі, паштовы і тэлеграфны адрас, нумар рахунку ў банку», а таксама трафарэтную частку рэквізіту «Спасылка на індэкс і дату ўваходнага дакумента». На агульных бланках замест іх застаецца пустое месца, ку