71351

КУРС ЛЕКЦЫЙ “БІБЛІЯТЭКАЗНАЎСТВА. ГІСТОРЫЯ”

Конспект

История и СИД

“Бібліятэказнаўства: Гісторыя” раскрывае сусветную гісторыю бібліятэчнай справы, вывучае патрэбнасці грамадства ў бібліятэцы, яе ролю ў вытворчым і культурным жыцці. Вывучэнне сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы як састаўной часткі сусветнай культуры неабходна для разумення...

Беларуский

2014-11-05

1.24 MB

11 чел.

КУРС ЛЕКЦЫЙ “БІБЛІЯТЭКАЗНАЎСТВА. ГІСТОРЫЯ”

ЛЕКЦЫЯ 1. Уводзіны. Прадмет і задачы курса,

асноўныя падыходы і паняцці

“Бібліятэказнаўства: Гісторыя” раскрывае сусветную гісторыю бібліятэчнай справы, вывучае патрэбнасці грамадства ў бібліятэцы, яе ролю ў вытворчым і культурным жыцці. Вывучэнне сусветнай гісторыі бібліятэчнай справы як састаўной часткі сусветнай культуры неабходна для разумення агульных заканамернасцей развіцця культуры і спецыфічных праблем бібліятэчнага працэсу.

Курс “Бібліятэказнаўства: Гісторыя” абапіраецца на законы і катэгорыі філасофіі, тэорыі бібліятэказнаўства і сусветнай гісторыі кнігі. У ім разглядаецца

  •  развіццё бібліятэчнай справы ў кожную гістарычную эпоху ў цеснай сувязі з канкрэтнымі ўмовамі пэўнай дзяржавы,
  •  вывучаецца дзейнасць бібліятэк з пазіцыі патрэб грамадства,
  •  погляды грамадства на бібліятэку як сістэму абслугоўвання кнігамі насельніцтва,
  •  тэарэтычныя і практычныя пытанні бібліятэчнай справы.

Гісторыя бібліятэк мае пэўную кропку адліку. З’яўленне першых бібліятэк, як устаноў па збору і захоўванні дакументаў пісьменства, абумоўлена пэўнымі зменамі ў жыцці чалавека і з’яўленнем патрэбнасці ў пісьмовай фіксацыі і перадачы моўнай інфармацыі.

Адсюль і першая зыходная функцыя бібліятэкі – збор і захоўванне дакументаў або функцыя фондаўтварэння. Другая – гэта функцыя забеспячэння доступу да фондаў або функцыя абслугоўвання.

Сусветная гісторыя бібліятэк – гэта, у першую чаргу, гісторыя даступнасці фондаў бібліятэк для карыстальнікаў.

Сусветная гісторыя бібліятэчных устаноў – гэта і гісторыя прафесійнай бібліятэчнай дзейнасці.

Мы будзем з вамі разглядаць развіццё бібліятэкі як установы ў гістарычным аспекце, бібліятэкі, якая мае пэўную матэрыяльную аснову для арганізацыі яе дзейнасці (будынкі, памяшканні, абсталяванне).

Адносіны паміж дзвюмя пярвічнымі функцыямі – функцыяй фондаўтварэння і функцыяй абслугоўвання, змены ў іх узаемадзеянні складаюць галоўны прадмет гісторыі бібліятэк.

Гісторыя бібліятэк – гэта і гісторыя “запатрабаванасці” бібліятэкі грамадствам. Вывучэнне гісторыі бібліятэк менавіта як часткі сусветнай гісторыі культуры дазваляе выявіць і асэнсаваць тыя з’явы, якія найбольш моцна паўплывалі на іх развіццё і сталі пачаткам новага этапу іх эвалюцыі. Такім чынам, эвалюцыя бібліятэкі разглядаецца не як нейкі бесперапынны працэс “прагрэсіўных” змен, а як працэс, які складаецца з шэрагу этапаў развіцця бібліятэкі. Пачатак кожнага новага этапа абумоўлены зменамі ў жыцці грамадства, што ў адносінах да бібліятэкі як да грамадскага інстытута праявілася ўпершыню ў той ці іншай частцы свету (краіне, рэгіёне), а затым шырока распаўсюдзілася далей у часе і прасторы.

У сувязі з гэтым прынцыпова важна разглядаць гісторыі бібліятэк у больш шырокім кантэксце, г.зн. як гісторыю культурнай спадчыны, гісторыю жыцця грамадства і гісторыю культуры, гісторыю адукацыі і сацыяльную гісторыю. Асабліва важна разглядаць гісторыю бібліятэк праз прызму гістарычнай навукі. Гэта дазваляе зразумець тую ролю, якую адыгралі бібліятэкі ў жыцці чалавецтва.

Акрамя таго, курс мае і практычнае значэнне, якое заключаецца ў развіцці гісторыка-бібліятэчнага мыслення, у разуменні асноўных тэндэнцый развіцця бібліятэчнай справы, якія дапамогуць вызначыць яе далейшыя перспектывы.

 Перыядызацыя. За аснову перыядызацыі сусветнай гісторыі бібліятэк узята агульнапрызнаная гістарычная перыядызацыя. Адпаведна курс складаецца з сямі асноўных тэм, якія адпавядаюць гэтай перыядызацыі:

1. Бібліятэкі Старажытнага свету (ІV тыс. год. да н.ч. – V ст. н.ч.);

2. Бібліятэкі Сярэднявечча (V – ХІІІ стст.);

3. Бібліятэкі эпохі Адраджэння (ХІІІ – пер. пал. ХVII ст.);

4. Бібліятэкі эпохі Асветніцтва (ХVII ст. – пач. ХІХ ст.);

5. Бібліятэчная справа ў перыяд ХІХ – пач. ХХ стст.;

6. Бібліятэчная справа 1917 г. – 1991 г.;

7. Бібліятэчная справа на сучасным этапе (пасля 1991 г.).

Што тычыцца той самай перыядызацыі, то неабходна адзначыць, што для кожнай краіны яна мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, межы эпохі Адраджэння для некаторых краін Заходняй Еўропы, як Італія, пачынаецца вельмі рана, у ХІІІ ст., а для Беларусі – гэта XVI – XVII стст. У кожнай краіне, у кожнага народа Асветніцтва таксама мела свае асаблівасці і храналогію: найранней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў XVI ст. перамагла першая ў свеце буржуазная рэвалюцыя; у Англіі – у XVII ст.; у Беларусі – 2-я палова XVIII – пач. ХІХ ст.

 Міфы ў гісторыі бібліятэк. Разгляд гісторыі бібліятэк старажытнага свету патрабуе своеасаблівай агаворкі не толькі ў плане раскрыцця асаблівасцей перыядызацыі, але і ў плане раскрыцця падыходаў, характэрных для вывучэння гісторыі бібліятэк таго часу. Дакладна ахарактарызаваў гэтыя асаблівасці французскі гісторык Хрысціян Жакоб: “Гісторыя бібліятэк жыве міфам”. Галоўнымі ж полюсамі ўяўлення, па яго меркаванні, з’яўляюцца Вавілон і Александрыя. Гэты перыяд здаецца добра вывучаням у сілу таго, што асвятляецца ў вялікай колькасці работ, але пры больш глыбокім іх вывучэнні высвятляецца, што ў шырокі навуковы ўжытак уведзены “факты”, якія не маюць пацвярджэння і нагадваюць найбольш міфы.

 Эвалюцыя тыпаў бібліятэк. На працягу шматлікіх стагоддзяў свайго існавання бібліятэкі служылі навуцы, адукацыі, культуры. На пэўных этапах грамадскага развіцця ўзнікалі разнастайныя тыпы бібліятэк, якія з цягам часу фарміраваліся ў пэўныя бібліятэчныя сістэмы. У сучаснасці – гэта публічныя, навуковыя і нацыянальныя бібліятэкі, якія вызначаюць бібліятэчную сістэму практычна любой дзяржавы. Асноўнымі тыпалагічнымі прыметамі з’яўляюцца: тэрыторыя або значэнне бібліятэк (напрыклад, для Беларусі – нацыянальная, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, раённыя, гарпасялковыя), змест фондаў (бібліятэкі універсальныя і галіновыя), чытацкае назначэнне – публічныя і спецыяльныя.

Сёння бібліятэка (грэч. bibliotheke ад biblion – кніга, theke – сховішча) – гэта інфармацыйная, культурная, адукацыйная ўстанова, якая валодае арганізаваным фондам дакументаў і дае іх у часове карыстанне абанентам, а таксама ажыццяўляе іншыя бібліятэчныя паслугі. Ці заўжды было так?

Бібліятэка як грамадскі інстытут з’яўляецца ўстановай, воблік якога, змест работы і маштабы не з’яўляюцца нечым пастаяныым і нязменным, а наадварот, пастаянна мяняюцца. Змяняюцца адпаведна і тыпы бібліятэк. З пазіцый сусветнай гісторыі бібліятэк не можа быць абстрактна-часавай тыпалогіі бібліятэк. Трэба ведаць, што гістарычны падыход да тыпалогіі прынцыпова адрозніваецца ад падыходаў, прынятых у сучаснасці. У адрозненні ад сучаснага бібліятэказнаўства (у тым ліку, курс “Бібліятэказнаўства: Тэорыя”), якое прапаноўвае шматлікасць падыходаў да тыпалагізацыі бібліятэк (а гэта не ў апошнюю чаргу абумоўлена тым, што практычна любая сучасная бібліятэка з’яўляецца політыпалагічнай, г. зн. можа і нават павінна разглядацца з розных пазіцый), гістарычны падыход прадвызначае неабходнасць уліку асаблівасцей пэўнай эпохі, у якой фармаваўся той ці іншы тып бібліятэкі.

Фармаванне і развіццё тыпаў бібліятэк абумоўлена ўсталяваннем пэўных адносін паміж бібліятэкай як установай, якая выконвае свае пярвічныя функцыі (фондаўтварэння і абслугоўвання), і іншай установай (манастыром, музеям, універсітэтам і г.д.), з якімі яна можа быць звязана асабліва цеснымі адносінамі, будучы адначасова іх часткай. Характар гэтых узаемаадносін вызначаны той роляй, якую адыгрываў і / або адыгрывае ў жыцці грамадства той ці іншы грамадскі інстытут у пэўны гістарычны перыяд, і заўсёды – у пэўнай сацыякультурнай сітуацыі. Ролю грамалскіх інстытутаў могуць адыгрываць акрамя названых устаноў, таксама інстытут манархіі, інстытут дзяржавы, грамадска-ассветніцкія рухі, інстытут навукі і г.д. Гэта роля – актыўнага грамадскага інстытута – вызначана не абстрактнымі грамадскімі задачамі, патрэбамі грамадства ў развіцці навукі, адукацыі і культуры; патрэбамі ў фармаванні і развіцці бібліятэк як самастойнага грамадскага інстытута, які не будзе заключаны ў рамкі “ведамства”.

Вывучэнне гісторыі эвалюцыі тыпаў бібліятэк “у прасторы” азначае аналіз таго, як у межах той самай эпохі з’яўляюцца і развіваюцца розныя іх віды, што ў сваю чаргу абумоўлена сацыяльнымі, культурнымі і іншымі асаблівасцямі той ці іншай дзяржавы ці групы дзяржаў.

Сусветная гісторыя бібліятэк у Беларусі. Паняцце “бібліятэказнаўства: гісторыя” з’яўляецца складовай часткай бібліятэказнаўства як навукі, у якую у сваю чаргу ўваходзяць як тэорыя, так і адзначаная гісторыя. Кожная навуковая дысцыпліна развіваецца ў цеснай сувязі з практыкай, абагульненне вопыту якой дае пэўныя навуковы вынікі. У сваю чаргу тэарэтычныя распрацоўкі аказваюць свой уплыў на развіццё практыкі. Паняцце “бібліятэказнаўства: гісторыя”, а таксама агульнапрынятае паняцце “сусветная гісторыя бібліятэк” (у нашым выпадку выступаюць, як сінонімы) з’яўляюцца прынцыпова важнымі, бо гэта спроба разгледзець гісторыю бібліятэчнай справы як адзіную навуковую і вучэбную дысцыпліну.

У адрозненні ад іншых краін (асабліва Германіі, дзе апублікавана шмат прац па сусветнай гісторыі бібліятэк) у Беларусі сусветная гісторыя бібліятэк не атрымала развіцця (выключэнне складаюць толькі некаторыя публікацыі, у большасці сваёй, прысвечаныя кнігазборам тых ці іншых замежных бібліятэк у беларускіх фондасховішчах). Гісторыя бібліятэчнай справы як вучэбны курс за савецкім часам была падзелена на замежную і савецкую. Адзінай публікацыяй па гісторыі бібліятэчнай справы за мяжой быў падручнік Вольгі Іванаўны Талалакінай “История библиотечного дела за рубежом” (М., 1982), які адыграў у свой час важную ролю, аднак і адлюстраваў не толькі характэрны таму часу падзел бібліятэчнай справы на “сваю” і “чужую”, але і непазбежныя для таго часу ідэалагічныя ўстаноўкі.

У 2002 г. выйшла праца пецярбуржца Барыса Фёдаравіча Валодзіна “Всемирная история библиотек” (у 2004 г. – 2-е выданне), у якой гісторыя бібліятэк Расіі раскрываецца на фоне сусветнай бібліятэчнай гісторыі. Значная ўвага нададзена аўтарам тым падзеям, якія адбываліся на стыку гісторыі расійскай і замежнай; асобам, дзякуючы якім стваралася гісторыя бібліятэчнай справы.

Аднак, зразумела, гісторыя бібліятэчнай справы Беларусі ў дадзеным выданні не адлюстравана (акрамя агульных звестак перыяду Расійскай імперыі ці савецкага часу).

Адной з важнейшых нашых задач з’яўляецца вывучэнне гісторыі бібліятэчнай справы Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі бібліятэк. Адной з дапаможных вучэбных крыніц служыць “История библиотечного дела в БССР Марыі Іванаўны Пакала (Мн., 1986). У выданні зроблена спроба разгляду бібліятэчнай справы ад пачатку яго зараджэння на тэрыторорыі Беларусі да сярэдзіны 1980-х гг. Як і названая папярэдне праца В.І. Талалакінай, яна мае вялізную колькасць “белых плям”, “запраграмаваных” адпаведным часам.

Праўда, у дапамогу вывучэнню гісторыі бібліятэк Беларусі служаць выданні літоўскіх і польскіх аўтараў, сярод якіх грунтоўныя працы Льва Іванавіча Уладзімірава “Всеобщая история книги” (М., 1988), М.Тапольскай “Czytelniki i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renesansu I Baroku” (Wrocław etc, 1984).

Апошнім часам (асабліва ў 1990-я – пач. 2000-х гг.) з’явілася ў друку пэўная колькасць новых публікацый, у якіх крок за крокам раскрываюцца тыя “белыя плямы” ў гісторыі бібліятэчных збораў Беларусі, сярод якіх асабліва неабходна адзначыць даследаванні Міколы Нікалаева (“Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў XXVIII ст.”. Мн., 1993), Юрыя Лаўрыка (артыкул “Найдаўнейшыя беларускія кніжніцы” ў часопісе “Роднае слова” за 2006 г., №4, с.80–83). Аднак абагульняючай працы мы пакуль што па гісторыі бібліятэк Беларусі не маем.

Трэба сказаць, што шэраг прац замежных, прысвечаных сусветнай гісторыі бібліятэк таксама не пазбаўлены сваіх недахопаў. Звычайна, сюжэты сусветнай гісторыі бібліятэк прысутнічаюць у іх працах як перадгісторыя гісторыі бібліятэк ўласнай краіны (пераважаюць сюжэты, звязаныя з Старажытным і Антычным светам, затым пытанні “чужой” гісторыі або адступаюць на другі план, або займаюць даволі сціплае месца). Яшчэ адной асаблівасцю падобных работ з’яўляецца разгляд сусветнай гісторыі бібліятэк як гісторыі бібліятэк заходняга свету, г.зн. Старога і Новага свету (Еўропы і Паўночнай Амерыкі), якой, дарэчы, варта было б прытрымлівацца і нам.

Прынцыпова важным з’яўляецца асэнсаванне пройдзенага бібліятэкамі шляху, у тым ліку беларускімі бібліятэкамі, тым болей, неабходна асэнсаваць гэта ва ўмовах глабальнай інфарматызацыі, калі перад бібліятэкамі (асабліва былога СССР) адкрыліся новыя магчымасці міжнароднага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. Таму важна зразумець не толькі тое, што ўжо пройдзена і засвоена бібліятэкамі Беларусі з моманту іх з’яўлення, але і тое, што па тых ці іншых прычынах часткова ці поўнасцю не пройдзена і не засвоена.

ЛЕКЦЫЯ 2. Бібліятэкі Старажытнага Свету

V тысячагоддзе да н.ч. – V стагоддзе)

2.1. Зараджэнне бібліятэк у дзяржавах старажытных цывілізацый

Бібліятэка стала своеасаблівым сацыяльным вынаходніцтвам і з’явілася тады, калі назапашаная маса вопыту аказалася настолькі вялікай, што перавысіла магчымасці чалавечай памяці, а захаванне гэтага вопыту больш не магло забяспечвацца вуснай традыцыяй.

Са стагоддзя ў стагоддзе кожная эпоха фармавала і выкарыстоўвала зборы пісьмовых дакументаў, каб захаваць і ўзмацніць свае інтэлектуальныя дасягненні і традыцыйныя каштоўнасці. Развіццё ж культуры, якое складае аснову гісторыі цывілізацыі, было вызначальным фактарам фарміравання бібліятэкі – характара яе фондаў, спосабаў іх арганізацыі і вядзення – і відаў абслугоўвання, якія давала бібліятэка.

Прайшоўшы шлях ад гліняных таблічак Шумера і Асіра-Вавілоніі, папірусаў Старажытнага Егіпта, праз скупое абсталяванне сярэднявяковых манастыроў да збораў падручнікаў для першых школ, а ад іх – да бясплатнай публічнай бібліятэкі нашага часу, бібліятэка працярпела доўгі шэраг пераўтварэнняў, кожнае з якіх было абумоўлена патрэбнасцямі сучаснага ёй грамадства. Любая буйная перамена ў грамадскім ідэале перш за ўсё параджала змены ў бібліятэцы.

Таму і рукапісная спадчына старажытных бібліятэк стала ключом да разумення ўсёй культуры Старажытнага Усходу і разам з іншымі археалагічнымі знаходкамі дазволіла ўзнавіць гісторыю старажытных цывілізацый Месапатаміі.

Можна меркаваць, што ўзнікненню бібліятэк як сацыяльнага інстытута папярэднічала:

1. Фармаванне патрэбнасці ў стварэнні матэрыяльных носьбітаў інфармацыі. Гэта патрэбнасць у сваю чаргу з’яўлялася вынікам узнікнення на пэўным этапе развіцця чалавецтва патрэбнасці ў пазнанні фізічнага і матэрыяльнага свету і фіксацыі ў пісьмовым выглядзе інфармацыі аб ім;

2. Складанае дзяржаўнае і гаспадарчае справаводства магло дакладна функцыянаваць толькі пры наяўнасці дакладных справаздач і ўпарадкаванай пісьмовай дакументацыі;

3. Не менш важным стымулам былі патрэбнасці ідэалагічнага парадку – для праслаўлення ўладароў, іх абагаўлення;

4. Вынаходніцтва пісьменства і распаўсюджанне першых рукапісных кніг. Узрастаючая патрэбнасць грамадства ў ведах садзейнічала назапашванню кніжных збораў і іншых помнікаў пісьменства;

5. Менавіта старажытны горад быў цэнтрам кіраўніцтва дзяржавай, рэлігійна-культавымі справамі, месцам сканцэнтравання гаспадарчых, рэлігійных, дыпламатычных дакументаў, а таксама магутным цэнтрам культуры. Першыя бібліятэкі ўзнікалі пераважна ў гарадах і буйнейшых населеных пунктах.

У розных музеях і бібліятэках свету захоўваецца мноства помнікаў пісьменства Старажытнага Усходу – гэта ў першую чаргу гліняныя клінапісныя таблічкі (іх мільёны), частка якіх праілюстравана і ў сучаснай літаратуры. Рэшткі старажытных збораў, дайшоўшыя да нас, сведчаць, што першыя сістэмы пісьма, першыя кнігі і бібліятэкі з’явіліся ў Шумеры, Акадзе, Асіра-Вавілоніі, дзяржаве Хетаў, Егіпце. Там, дзе сфарміраваліся старажытныя рабаўладальніцкія дзяржавы.

2.2. Шумер і Акад

Першыя звесткі аб існаванні бібліятэк у Старажытным свеце адносяцца да часоў росквіту культур народаў Двухрэчча, якія калісьці жылі на тэрыторыі сучаснага Ірака, а менавіта да часоў існавання дзяржаваў ШУМЕР і АКАД. Падчас першых раскопак на тэрыторыі гэтых дзяржаў, на берагах ракі Еўфрат, якія пачаліся яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст., было знойдзена мноства гліняных таблічак з ананімнымі творамі, гэта – старажытныя карты, літаратурныя тэксты, работы па матэматыцы, сельскай гаспадарцы і іншых галінах ведаў. Старажытныя тэксты былі напісаны на прамавугольных плітках памерам ад 2,4х2 да 37х22 см і таўшчынёй 2,5 см. Датуюцца яны прыкладна 3000 г. да н.ч.

Адно са старажытных кнігасховішчаў было знойдзена сярод развалінаў Сіпара. Паблізу храма была выяўлена асобая пабудова, у якой у спецыяльным пакоі размяшчалася, як мяркуецца, бібліятэка. У ёй налічвалася звыш 50 тысяч таблічак з гліны, якія змяшчалі рэлігійныя і дыдактычныя творы, падручнікі па вершаскладанні, трактаты. Мяркуецца, што гэта была бібліятэка пры школе храма.

Ёсць звесткі пра вялікую бібліятэку, заснаваную царом старажытнага Акада Сарагонам І (каля 2750 г. да н.ч.) у горадзе Акадзе. Бібліятэка цара, якая некаторымі даследчыкамі лічыцца самай ранняй буйнай бібліятэкай Азіі, быццам бы мела каталог, у якім змяшчаліся ўказанні чытачу як ён можа атрымаць неабходную яму кнігу. Існавала багацейшая бібліятэка ў горадзе Кіш, займаўшая 20 пакояў.

Звыш 54 тысяч гліняных таблічак з рэлігійнымі тэкстамі былі знойдзены ў храме бога Энлія ў Ніпуры. Яны датуюцца прыкладна 1700 г. да н. э. Ніпурская бібліятэка размяшчалася ў 62 (або 80) адведзеных для яе памяшканнях. У Лагашы знойдзена больш за 20 тыс. сістэматызаваных па змесце таблічак. Збор тэкстаў з бібліятэкі ў Шурупаку дазволіў вучоным скласці і выдаць спіс архаічных клінапісных знакаў. Знойдзеныя таблічкі сведчаць пра тое, што ўжо тады прымянялася сістэматызацыя бібліятэчных фондаў. Былі і таблічкі, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя каталогі з паметкамі аб страце тэкстаў. У гарадах Шумера існавалі школы пісцоў, якія называліся “дамамі таблічак”.

Найбольш старажытныя пісьмовыя тэксты Месапатаміі (2900–2500 гг. да н. ч.) напісаны на шумерскай мове. Сярод іх і так званы “царскі спісак” – спіс уладароў Шумера, у якім упамінаецца імя Гільгамеша. Эпас пра Гільгамеша лічыцца старажытнейшым творам старажытнай паэзіі, першым старажытным эпасам.

Бібліятэкі Шумера валодалі мастацтвам захоўвання тэкстаў. Гліняныя таблічкі змяшчалі ў закрытыя гліняныя чаны, драўляныя скрынкі або плеценыя кашы, на іх навешваліся этыкеткі аб змесце і характары тэксту.

Такім чынам, першыя бібліятэкі ўзніклі як зборы разнастайных дзяржаўных, гаспадарчых і іншых дакументаў. Іх можна лічыць і архівамі і бібліятэкамі. Узнікненне такой установы было абумоўлена:

– высокім узроўнем шумерскай культуры, калі чалавек пачаў адчуваць патрэбнасць у самапазнанні, у адчуванні сваіх сувязей з Зямлёй, зямным жыццём;

– з’яўленнем патрэбнасці не толькі ў перадачы паведамленняў у выглядзе пісьма, але і ў захаванні саміх дакументаў, якія змяшчалі гэтыя паведамленні;

– узнікненні патрэбнасці пакідаць своеасаблівыя помнікі, якія апавядалі пра падзеі ў пісьмовай форме. Аднак гэта была яшчэ не памяць пра час і “часавая памяць”, і тым болей, яшчэ не адносіны да свету з пазіцый гісторыі. У Шумеры і Акадзе бібліятэкі, як мяркуецца, існавалі пры храмах, пры школах храмаў.

2.3. Дзяржава Хетаў

Найбольш буйныя і найбольш значныя бібліятэкі таго часу адносяцца да тыпу палацавых бібліятэк – бібліятэк уладароў. Адным з самых старажытных (з ліку дайшоўшых да нас) збораў з’яўляецца бібліятэка цара дзяржавы Хетаў або Хецкага царства – Хатусіліса ІІІ (1283–1260 гг. да н.ч.). Яго бібліятэка размяшчалася ў сталіцы – горадзе Хатусасе (пазней г.Богазкёй). Дзяржава хетаў праіснавала 7 стагоддзяў на працягу ІІ тысячагоддзя да н.ч. і размяшчалася на тэрыторыі Малой Азіі і сучаснай Сірыі. У час раскопак 1906–1907 гг., якія вяліся паблізу турэцкага горада Богазкёй (недалёка ад сучаснай Анкары), было знойдзена каля 11 тыс. клінапісных таблічак, якія сведчылі аб тым, што тут размяшчалася бібліятэка, у якоў былі афіцыйныя дакументы (царскія пасланні і звароты), летапісы, рытуальныя тэксты, апісанні цырыманіялаў, кіраўніцтвы па догляду за коньмі і іншыя “кнігі”. У адрозненне ад шумерскіх таблічак, на гэтых “кнігах” ужо ўказаны імя аўтара, яго адрас і тытул, і нават імя перапісчыка. Мяркуецца, што існаваў і каталог, складзены па імёнах аўтараў.

2.4. Асіра-Вавілонія

На мяжы ІІІ – ІІ тысячагоддзя да н. ч. цывілізацыя Шумера гіне. У ХІХ – ХVІ стст. да н.ч. узвышаецца Вавілон і Асірыя, якія займалі выгаднае геаграфічнае становішча паміж рэкамі Тыгр і Еўфрат, якія перасякаючыся яны ўтваралі гіганцкую лічбу 8, у паўночнай частцы якой у ІІ і І тысячагоддзі да н.ч. знаходзілася дзяржава Асірыя, у паўднёвай – найбольш старажытная дзяржава Вавілон, росквіт якой прыпадае на ІІ тысячагоддзе. Народы абедзьвюх дзяржаў размаўлялі на роднасных мовах семіцкай групы.

Найвышэйшага росквіту Вавілон дасягнуў пры цары Хамурапі (1792–1750 гг. да н.ч.). Стварэнне магутнай цэнтралізаванай дзяржавы з палітычным і культурным цэнтрам у Вавілоне садзейнічала развіццю навукі і культуры. Зараджаліся навуковыя веды, складвалася сістэма адукацыі, расла колькасць клінапісных дакументаў. Матэрыялам для пісьма служылі метал, дрэва, слановая косць, якія пакрываліся воскам. Самым распаўсюджаным матэрыялам была гліна, з якой вырабляліся таблічкі рознай формы (квадратныя, прамавугольныя, плоскія, выпуклыя, у форме сэрца або масліны) і колеру (светла-жоўтыя, цёмна-карычневыя, чырвоныя, амаль чорныя).

Вядомы палацавыя, храмавыя і прыватныя гаспадарчыя архівы з гарадоў Арапахі, Каніша, Ура, Ларса, якія налічвалі многія тысячы таблічак. Значныя зборы гаспадарчых гліняных дакументаў знаходзіліся ў Вавілоне, Ніпуры, Барсіпе, Сіпары, Уруку і інш.

Вавілонскія бібліятэкі ствараліся пры храмах, у палацах уладароў, пры школах. Фонды бібліятэк змяшчалі дакументы гаспадарчага характару, культава-богаслужбовыя творы, творы па праву, сярод якіх асаблівае месца займае зборнік цара Хамурапі. “Кодэкс Хамурапі” – звод законаў вавілонскага цара, быў высечаны на базальтавым абеліску ў ІІ тысячагоддзі да н.э.

Найбольш поўныя звесткі назапашаны навукай пра бібліятэкі Асірыі, якая стала спадчынніцай шумерскай культуры. Багатыя бібліятэкі складаюць адну з асноўных культурных каштоўнасцей гэтай краіны. У большасці выпадкаў бібліятэкі Асірыі знаходзіліся ў палацах цароў, храмах сталічных і правінцыйных гарадоў. Самая ж буйная і найбольш вядомая сёння з бібліятэк Старажытнага свету – бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (668 – 631 гг. да н. э.), якая знаходзілася ў сталіцы Асірыі г.Ніневіі (па выніках археалагічных раскопак сяр. ХІХ ст.). Бібліятэка займала спецыяльныя, шыкоўна аздобленыя памяшканні двух палацаў цара, адзін з якіх называўся "Дом настаўленняў і парадаў". Асноўная частка бібліятэкі знаходзілася ў Львіным пакоі і ўключала багацейшыя зборы вавілонскай літаратуры. Фонд бібліятэкі складаў прыкладна 5-10 тыс. таблічак. Пра бібліятэку Ашурбаніпала можна сказаць, што яна мела універсальны характар: спіскі цароў; царскія пасланні; спіскі краін, рэк і гор; матэрыялы камерцыйнага характару; работы па матэматыцы; астраноміі і медыцыне; слоўнікі і працы па граматыцы, спіскі сінонімаў, буквары і іншыя падручнікі. Пісцоў навучалі не толькі асірыйскай мове, але і мёртвай шумерскай мове, на якой было большасць тэкстаў бібліятэкі. У асобным памяшканні знаходзіліся рэлігійныя тэксты. Менавіта ў гэтай бібліятэцы і быў знойдзены найбольш поўны тэкст міфа аб уладары Шумера Гільгамешы на акадскай мове.

Па распараджэнні Ашурбаніпала чыноўнікі збіралі і дастаўлялі яму арыгіналы, здымалі копіі з рэдкіх твораў. Шматлікія копіі здымаліся для ніневійскай бібліятэкі з архівасховішча Ніпурскага храма ў Вавілоне, якое налічвала больш за 100 тыс. дакументаў і займала 80 пакояў. У Ашурбаніпала працавала вялікая група вучоных і пісцоў. Найбольш папулярныя творы былі ў бібліятэцы ў некалькіх экземплярах.

У бібліятэцы вялася праца з фондам. На спецыяльных плітках указвалася назва твора (па першым радку), яго змест, колькасць таблічак, арыгінал ці спісак, а таксама месцазнаходжанне дакумента – пакой, паліца. Кожная “кніга” мела “бібліятэчную” пячатку, а дакладней “экслібрыс” з тэкстам “Палац Ашурбаніпала, цара цароў, цара краіны Ашур, якому бог Набу і багіня Гасліста даравалі вушы і зоркія вочы, каб расшукваць творы пісьменнікаў майго царства”.

“Кнігі”-таблічкі кожнага твора захоўваліся ў асобных скрынках ці гліняных ларцах. Французскі асірыёлаг Іахім Менан зрабіў спробу ўстанавіць парадак, у якім размяшчаліся кнігі ў бібліятэцы Ашурбаніпала. Па яго меркаванні асноўнымі сістэматычнымі аддзеламі бібліятэкі былі Граматыка; Гісторыя; Права і законы. Звычаі; Веды аб прыродзе; Геаграфія; Матэматыка; Астраномія; Магія; Догмы. Рэлігія; Легенды і казанні. На кожнай паліцы была гліняная “этыкетка”, памерам з мезены палец, з назвай той ці іншай галіны ведаў. Захаванасці фондаў дапамагала грозная перасцярога: “Таго, хто асмеліцца знесці гэтыя табліцы... няхай пакрае сваім гневам Ашур і Беліт, а імя яго і яго нашчадкаў назаўсёды няхай будзе перададзена беспамяццю ў гэтай краіне”. Фондамі маглі карыстацца толькі пэўныя чытачы. Скарбы асірыйскіх бібліятэк прызначаліся для правячай адміністрацыйнай культувай вярхушкі.

Сёння ў Брытанскім музеі захоўваецца звыш 27 тысяч таблічак або іх фрагментаў са збораў, які залічваюць па прыналежнасці цару Ашурбаніпалу.

2.5. Егіпет

Французскі егіптолаг Э. дэ Ружэ знайшоў у егіпецкім горадзе Гізы пахаванне высокапаўстаўленага чыноўніка IV дынастыі (2930–2759 гг. да н.ч.) Шэпсескафанга. На магільнай пліце сярод іншых тытулаў быў указаны і такі “начальнік дома пісьмёнаў”. Так што Шэпсескафанга можна лічыць першым вядомым нам бібліятэкарам.

Прыватнымі зборамі, якія хутчэй уяўлялі сабой архівы, валодалі егіпецкія фараоны Аменхатэп ІІІ (1455–1419 гг. і яго сын Аменхатэп IV (1419–1400 гг. да н.ч.).

Бібліятэкі Егіпта лічыліся сканцэнтраваннем мудрасці, месцам, дзе можна атрымаць шматлікія патрэбныя звесткі. У Егіпце ў адносінах да бібліятэкі карысталіся двумя паняццямі – “Дом кнігі”, “Дом папіруса” (або “Божы дом кнігі”) і “Дом жыцця”.

“Домам кнігі”, “Домам папіруса” называлі храмавыя бібліятэкі.

“Дом жыцця” – гэта свайго роду навуковая ўстанова пры храме, якая займалася даследаваннямі ў галіне медыцыны. Адначасова “Дом жыцця” выконваў і бібліятэчныя функцыі. Кнігамі ж карысталіся ў рэлігійных і адукацыйыных мэтах. Менавіта тут атрыманыя веды набывалі форму закончанага твора і станавіліся свяшчэннымі кнігамі. Пасада захавальніка бібліятэкі (“Дома жыцця”) была дзяржаўнай і перадавалася па спадчыне, яе маглі займаць толькі дапушчаныя да валодання “вышэйшымі ведамі”. Дакументамі карысталіся ўладары, жрацы.

У другой палове XIV ст. да н.ч. узнікла тэакратычная форма кіравання: царква і дзяржава аб’ядналіся, палітычная ж улада належала непасрэдна жрацам. Адной з найбольш вядомых храмавых бібліятэк у Егіпце была бібліятэка пры храме Рамесеум паблізу Фіваў, старажытнай сталіцы Егіпта, заснаванай каля 1300 г. фараонам Рамсэсам ІІ. Пры ўваходзе ў бібліятэку быў надпіс – "Аптэка для душы". У Егіпце матэрыялам для пісьма служыў папірус, кнігі з яго захоўваліся пераважна ў скрынках і трубкападобных сасудах, пазней ў нішах сцен. Шматлікія папірусы дайшлі да нашых дзён, але цэласных бібліятэк не захавалася, бо папірус быў недаўгавечным матэрыялам. Адзін з самых доўгіх скруткаў папіруса захоўваецц ў Брытанскім музеі – гэта летапісны звод часоў Рамсэса ІІ. Яго даўжыня 46 метраў, а шырыня – 40 см. Папірус быў дарагім матэрыялам і таму з’яўляўся выключна манаполіяй фараонаў. Вынайдзены ў IV – ІІІ тысячагоддзях да н.ч. ён ужываўся да 1022 г., якім датуецца папская була, адрасаваная аднаму з манастыроў у Германіі, – апошні дакумент на папірусе. Аб складзе фондаў і аб каталогах егіпецкіх бібліятэк ёсць толькі няпоўныя звесткі. Так, на сцяне храмавай бібліятэкі (“Дома папірусаў”) у Эдфу захаваўся не столькі каталог, колькі тэматычны спіс, высечаны на адной са сцен храма, азаглаўлены як “Пералік куфраў, якія змяшчаюць кнігі на вялікіх скрутках скуры”, па якім можна скласці ўяўленне аб яго змястоўным напаўненні: культава-рэлігійныя творы, апісанні дзейнасці храма, а таксама астранамічныя трактаты. Па змесце бібліятэчныя калекцыі складаліся з рэлігійнай і свецкай літаратуры. Фонды розных бібліятэк – храмавых (“Дамоў папірусаў”), палацавых, бібліятэк “Дамоў жыцця”, школаў пісцоў, служачых – адрозніваліся па складу. Бібліятэкі Старажытнага Егіпта, па тым часе рознапляменнай дзяржавы, на працягу тысячагоддзяў служылі захавальнікамі дасягненняў навуковай думкі, поспехаў літаратуры.

Такім чынам, што ж такое бібліятэка Старажытнага Усходу?

1. Бібліятэка Старажытнага Усходу – гэта свайго роду прабібліятэка.

2. Гэта адначасова і бібліятэка, і архіў, бо большая частка дакументаў захоўвалася ў адным экземпляры.

3. Гэта установа, якая выконвала функцыю збору і захоўвання дакументаў.

4. З’яўляюцца элементы сістэматызацыі дакументаў і раскрыцця іх праз пэўныя формы каталагізацыі: сістэматычны і алфавітны каталогі, тэматычныя спісы.

5. Аднак такая функцыя бібліятэкі, як забеспячэнне доступа да фондаў бібліятэкі або функцыя абслугоўвання практычна не існавала. Абслугоўванне было нацэлена на забеспячэнне доступу да дакументаў вельмі абмежаванаму колу карыстальнікаў (у Старажытным Усходзе – самаго правіцеля і вельмі абмежаванага кола яго набліжаных, у Старажытным Егіпце – жрацоў і вузкага кола пасвечаных).

6. У адносінах да бібліятэк Старыжнага Усходу няма падставы гаварыць аб іх і як аб інстытуце, які садзейнічаў развіццю навукі ў тым выпадку, калі мець на ўвазе навуку ў сучасным разуменні. Гаворка можа ісці пра навуку, якую можна ахарактарызаваць як “данавуковая навука”. Аднак у дзейнасці бібліятэкі на гэтым этапе ужо праяўляюцца пэўныя элементы служэння навуцы і культуры.

7. З’яўляецца пасада бібліятэкара, захавальніка бібліятэкі (“начальніка дома пісьмёнаў”).

8. Бібліятэка – сімвал улады і адначасова яе інструмент. Бібліятэка з’яўлялася складовай часткай сістэмы кіравання дзяржавай.

9. Асноўныя тыпы бібліятэк – палацавая бібліятэка, храмавая бібліятэка, бібліятэка пры храмавых школах. У Старажытным Егіпце – гэта “Дом кнігі” або “Дом папіруса”, а таксама бібліятэка навуковай установы пры храме – “Дом жыцця”.

Літаратура:

  1.  Владимиров Л.И. Всеобщая история история книги. М., 1988. С.16–24.
  2.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.15–23.
  3.  Гриненко Г.В. Хрестоматия по истории мировой культуры. М., 1998. С.42–182.
  4.  Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.6–12.
  5.  Филиппова Т. “Пусть впереди большие перемены...” // Библиотечное дело. 2004. № 10. С.1.
  6.  Шамурин Е.И. Очерки па истории библиотечно-библиографической классификации. Т.1. М., 1955. С.8-10.

Пытанні для самакантролю:

  1.  Што стала асновай ўзнікнення бібліятэк як сацыяльнага інстытута?
  2.  Назавіце самыя старажытныя бібліятэкі Шумера і Акада?
  3.  Якім часам датуюцца старажытнейшыя тэксты, напісаныя на гліняных таблічках?
  4.  Чым было абумоўлена ўзнікненне кнігазбораў у Шумеры?
  5.  Да якога тыпу бібліятэк адносіцца бібліятэка цара Хетцкага царства Хатусіліса ІІ?
  6.  Асіра-Вавілонія стала спадчынніцай чыёй культуры?
  7.  Дзе ствараліся бібліятэкі ў Вавілоне?
  8.  Якая бібліятэка Асірыі вядома сёння як самая буйнейшая ў Старажытным свеце?
  9.  Назавіце асаблівасці арганізацыі бібліятэчнай работы ў бібліятэцы Ашурбаніпала?
  10.  Якія бібліятэкі ствараліся ў Старажытным Егіпце?
  11.  Што такое “Аптэка для душы”?
  12.  Ці захаваліся сведчанні аб каталогах егіпецкіх бібліятэк і чаму?
  13.  Назавіце асноўныя функцыі бібліятэк Старажытнага Усходу?
  14.  Якія тыпы бібліятэк Старажытнага Усходу вылучаюцца вучонымі?
  15.  Калі з’явілася пасада бібліятэкара?
  16.  Чаму бібліятэку Старажытнага Усходу называюць бібліятэкай і архівам адначасова?
  17.  Ці была развіта ў бібліятэках Старажытнага Усходу функцыя абслугоўвання?
  18.  Чые паслугі выконвала бібліятэка ў дзяржавах Старажытнага свету?

ЛЕКЦЫЯ 3. Бібліятэкі Антычнай эпохі ў Грэцыі і Рыме

Антычная культура – унікальная з’ява ў гісторыі сусветнай цывілізацыі. Яна, па сутнасці, стала той асновай, на якой вырасла сучасная еўрапейская культура. “Духоўная Еўропа мае месца нараджэння. – пісаў нямецкі філосаф Эдмунд Гусерль. – Я маю на ўвазе не геаграфічнае, у адной з краін, хаця і гэта таксама правільна, але духоўнае нараджэнне ў адной з нацый, і, адпаведна, у асобных людзях і групах, якія належалі гэтай нацыі. Гэта старажытнагрэчаская нацыя VI і VIІ ст. да Н.Х. У ёй сфарміравана новая ўстаноўка індывіда ў адносінах да акружаючая свету”.

Чалавек антычнага свету – гэта чалавек, які не проста ўспрымае думкі, якія з’явіліся дзякуючы боскаму пачатку, але і чалавек, які сам мысліць. Узнікае патрэбнасць у развіцці навукі, ва ўспрыняцці яе і як сукупнасці ведаў, і як працэса атрымання новых ведаў.

У антычнай Грэцыі з’яўляецца само слова “бібліятэка”, якое было звязана са з’ўленнем пэўнага тыпу бібліятэкі – бібліятэкі мусейона. Ідэя стварэння мусеонаў у Грэцыі належала афіняніну Арыстоклу па прозвішчы Платон (427–347 гг. да н.ч.). Мусейон уяўляў сабой пэўнае аб’яднанне людзей на адзінай рэлігійна-этнічнай аснове. Мусеон з’яўляўся адначасова культавай, навукова-даследчай установай і адукацыйным цэнтрам. Значнае месца ў мусейоне адводзілася бібліятэцы. Само памяшканне бібліятэкі знаходзілася разам са значнымі грамадскімі службамі ў Афінскім акропалі – грамадскім цэнтры дзяржавы.

Самыя раннія дадзеныя аб антычных бібліятэках адносяцца да першай паловы ІІ тысячагоддзя да н.ч. Адна са старажытнейшых бібліятэк знаходзілася пры вядомай школе натурфіласофіі Піфагора. Багатую бібліятэку меў уладар вострава Самас Палікрыт. У V-IV стст. да н.ч. цэнтрам інтэлектуальнага жыцця Грэцыі становяцца Афіны. Адукаваныя афінскія грамадзяне мелі свае бібліятэкі – Эўклід, драматург Эўрыпід. Адна з прыватных бібліятэк належала Арыстоцелю (384–321 гг. да н.ч.) і налічвала каля 40 тыс. скруткаў. Ёю карысталіся вучні і сябры вучонага. Бібліятэка Арыстоцеля ўвайшла ў склад мусейона ў адным з цэнтральных раёнаў Афін.

Патрэбнасць у кнігах у антычным свеце была вялікай, што пацвярджаецца існаваннем у V ст. да н.ч. у Афінах і кніжных лавак, уладальнікі якіх не толькі прадавалі рукапісы, але і выраблялі іх на заказ. Грэчаскі вучоны Дэмафіл стварыў працу “Аб кнігах, вартых набыцця”, своеасаблівы рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік. Арыстафан у сваёй камедыі “Птушкі” паказвае, як афіняне адразу ж пасля снедання бягуць у кніжныя лаўкі, каб азнаёміцца з новымі кнігамі і абмеркаваць іх. Купцы, адпраўлячыся ў далёкія краіны, бралі з сабой у ліку іншых тавараў і кнігі. Кнігамі гандлявалі на агоры – месцы народных сходаў. Збіранне кніг станавілася звычайнай спрвай і стымулявала стварэнне кніжнай прадукцыі больш высокай якасці.

Антычная бібліятэка з’яўляецца бібліятэкай, якую адначасова можна разглядаць і як агульнадаступную (для чытачоў з пэўных пластоў грамадства), і як установу, якая служыла навуцы. Развіццё навукі ў Грэцыі ў гэты перыяд перайшло ад вуснага навучання да навучання пісьмовага, заснаванага на практыцы чытання, на карыстанні зафіксаванымі тэкстамі, арыгіналамі або эталоннымі тэкстамі.

Бібліятэка пачынае выконваць зусім на іншым узроўні функцыю скрыпторыя, дзе можна зрабіць копію бібліятэчнага дакумента, а таксама мець гарантыю сапраўднасці тэкстаў вялікіх грэчаскіх драматургаў – Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і іншых. Роля антычнай бібліятэкі актывізуецца і ўзмацняецца ў жыцці ўсяго грамадства. Бібліятэка становіцца менавіта галоўным звяном сістэмы распаўсюджвання навуковых ведаў і звяном, якое забяспечвала жыццядзейнасць сістэмы адукацыі.

Антычная навука звязана з часам. Для яе прынцыпова важна, што было створана да гэтага іншымі пакаленнямі, што ствараецца ў дадзены момант. У антычным свеце з’яўляецца гісторыя як навука. (першы гісторык – Герадот).

Галоўнае адрозненне антычнай бібліятэкі ад “прабібліятэкі” заключаецца ў тым, што бібліятэка перастае быць установай, якая збірае любыя пісьмовыя (матэрыяльныя) дакументы. Яна становіцца ўстановай, якая захоўвае дакумент, які мае значэнне не як архіўны (адзіны) дакумент, а як дакумент, які можа быць распаўсюджаны і “тыражыраваны”. Бібліятэка нясе адказнасць за сапраўднасць дакумента. Бібліятэка працягвае выконваць і развіваць свае асноўныя функцыя фондазберажэння і пачынае звязваць яе з выкананнем функцыі абслугоўвання.

Бібліятэкі эліністычнага свету (бібліятэка Александрыйскага мусейона, бібліятэка ў Пергаме). Пасяля смерці Аляксандра Македонскага ў 323 г. да н.ч. яго вялікая дзяржава распадаецца на шэраг эліністычных дзяржаў: эліністычны Егіпет, Пергам, Македонію і інш. Пры дварах уладароў гэтых дзяржаў жывуць вучоныя і паэты. Адкрываюцца школы. Жрацы, кіруючы ўсім духоўным жыццём грамадства ствараюць бібліятэкі.

Найбольш значную ролю ў жыцці эліністычнага свету адыгралі два цэнтры – Александрыя, сталіца эліністычнага Егіпта, і Пергам, сталіца Пергамскага царства. Менавіта там узніклі буйнейшыя для свайго часу бібліятэкі.

Александрыя. Самай значнай бібліятэкай антычнага свету была Александрыйская бібліятэка – бібліятэка Александрыйскага мусейона. Яе нярэдка называюць буйнейшай публічнай бібліятэкай эліністычнага свету. Першыя Пталамеі (правячая дынастыя) стварылі ў Александрыі Мусейон – акадэмію навук старажытнага свету. Гэта была адначасова вышэйшая школа, навуковы інстытут, вялікая бібліятэка. Главой мусейона быў захавальнік бібліятэкі, які адначасова з’яўляўся выхавацелем нашчадка егіпецкага уладара. Па традыці пасаду захавальніка (главы) бібліятэкі займалі вучоныя і паэты – Зенадот Эфескі, Апалоній Радоскі, Калімах, Эрастафен, Арыстафан Візантыйскі, Апалоній Эйдограф, Арыстарх Самафракійскі і інш. У бібліятэкара было шмат памочнікаў, кожны з якіх выконваў свае абавязкі: улік новых рукапісаў, разбор і прагляд манускрыптаў, капіраванне твораў, нагляд за парадкам, зберажэнне рукапісаў ад молі і сырасці.

Рукапісы захоўваліся ў шафах з гарызантальнымі паліцамі і закрываліся двухстворкавымі дзверцамі.

Фонд Алесандрыйскай бібліятэкі быў расстаўлены ў сістэматычным парадку. Кнігі падзяляліся на асноўны і запасны фонд Дублікаты захоўваліся не ў цэнтры горада.

Александрыйская бібліятэка была самай багатай і найбольш поўнай бібліятэкай свету таго часу. Галоўнай задачай бібліятэкі быў збор грэчаскай літаратуры і пераклад іншых твораў на грэчаскую мову.

Бібліятэка Александрыйскага мусеона была заснавана ў пачатку ІІІ ст. да н.ч. За дзвесце гадоў свайго існавання яе фонды сталі налічваць 700 тыс. скруткаў. Пталамеі былі апантаны ідэяй стварэння космапалітычнага цэнтра свету і таму імкнуліся сабраць усе кнігі (скруткі) свету, выдзяляючы на гэта практычна неабмежаваныя сродкі. Так, была выкуплена бібліятэка Арыстоцеля, арыгіналы твораў Эсхіла, Эўрыпіда, Сафокла.

У 310–240 гг. да н.ч. у Александрыйскай бібліятэцы працаваў Калімах – вучоны, паэт, аўтар 800 твораў па гісторыі, граматыцы, паэзіі. На пасаду бібліятэкара ён быў запрошаны Пталамеем І. Галоўнай працай Калімаха, якая яго праславіла, – гэта унікальны бібліграфічны паказальнік з анатацыямі – “Pinakes” (Спісы), які складаўся з 120 скруткаў – “Каталог пісьменнікаў, хто праславіўся ва ўсіх галінах ведаў і прац, якія яны напісалі”. Каля адной восьмай часткі фонда бібліятэкі адлюстравана ў працы Калімаха. На той час бібліятэка налічвала прыкладна 40 тыс. скруткаў. Праца Калімаха – гэта адначасова сістэматычны каталог і бібліяграфічны паказальнік. У адпаведнасці з сістэмай Калімаха вылучаюцца

  •  мастацкая літаратура падзялялася на 6 раздзелаў – эпасы, элегіі, ямбы, меліка, трагедыі, камедыі;
  •  навуковая літаратура – на 5: гісторыя, рыторыка, філасофія, медыцына, заканадаўства;
  •  быў выдзелены асобны раздзел – “рознае”.

Унутры кожнага раздзела кнігі размяшчаліся па імёнах аўтараў, дадавалася кароткая біяграфія аўтараў і спіс яго прац. Каля назвы кожнай работы ўказваліся першыя некалькі слоў тэксту, колькасць скруткаў і лік радкоў ў кожным скрутку. Праца не дайшла да нашага часу, але вядома дзякуючы граматыцы Арыстафана з Візантыі “Аб табліцах Калімаха”.

Александрыйская бібліятэка была абсталявана сталамі для чытання і пісьма, зручнымі крэсламі і мяккімі ложамі – як для камфартабельнасці, так і для забеспячэння захаванасці кніг. У бібліятэку прыязджалі многія чытачы з розных эліністычных краін.

Александрыйская бібліятэка не захавалася. У 47 г. да н.ч. большая частка фондаў была падрыхтавана для адпраўкі ў Рым (Юліям Цэзарам), але адбыўся пажар. Тое, што засталося ад бібліятэкі служыла людзям яшчэ да 389–391 гг., калі па распараджэнні хрысціянскага патрыярха Феафіла, яна была амаль знішчана. Прыкончылі яе існаванне арабы, якія занялі Александрыю ў 642 г. і бібліятэчнымі кнігі сталі паліць александрыйскія бані.

У 1974 г. адзін з прафесараў Александрыйскага універсітэта выступіў з ініцыятывай узнаўлення Александрыйскай бібліятэкі, якая была падтрымана, у тым ліку прэзідэнтам Егіпта, а таксама ЮНЕСКА і ААН. Праект, які атрымаў назву Бібліятэка Александрына (як называлася бібліятэка першапачаткова яшчэ пры заснаванні яе Пталамеямі), быў пачаты ў 1995 г і паспяхова завершаны ў 2001 г. Афіцыйна Александрына была адкрыта 16 кастрычніка 2002 г. У стварэнні бібліятэкі прынялі ўдзел 46 краін і 6 міжнародных арганізацый. Бібліятэка была ўзведзена на сваім былым месцы па спецыяльным праекце нарвежскіх архітэктараў. Сучасная Бібліятэка Александрына – навукова-культурны цэнтр і буйнейшая бібліятэка ў Афрыцы і Пярэдняй Азіі, міжнародны цэнтр па вывучэнні культур Сяродземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Афрыкі.

Пергамскае царства існавала ў ІІІ – ІІ стст. да н.ч. Пергам – гэта свайго роду “навуковы цэнтр” таго часу. Пергамская ж бібліятэка, створаная царом Эўменам ІІ (197–160 гг. да н.ч.), сапернічала з Александрыйскай бібліятэкай. Згодна легендзе, егіпецкія уладары Пталамеі, забаранілі, баючыся канкурэнцыі з боку Пергама, вывозіць туды папірус, што ў сваю чаргу вымусіла пергамцаў адшукаць альтэрнатыву – пергамен (вырабленая скура казлянят і ягнят).

Будынак, у якім размяшчаліся фонды бібліятэкі, занаходзіўся на цэнтральнай плошчы горада. Кнігі займалі чатыры вялікія залы. Па словах Плутарха, там змяшчалася 200 тыс. кніг. Пергам быў медыцынскім цэнтрам, і таму бібліятэка спецыялізавалася пераважна на набыцці кнгі адпаведнай тэматыкі. Бібліятэка мела кнігасховішча, у мармуровых сценах якога былі нішы, зробленыя з кедра (абарона ад насякомых), вялікую і малую чытальныя залы. У штаце бібліятэкі былі перапісчыкі, перакладчыкі, работнікі, якія сачылі за захаваннем рукапісаў. Пры бібліятэцы была школа граматыкаў Кратэса з Малоса, складальніка каталога на фонд бібліятэкі.

У эліністычных дзяржавах існавалі і бібліятэкі навучальных устаноў. Вядома бібліятэка Радоскай гімназіі, на фонд якой захаваўся каталог. Знатныя вяльможы збіралі багатыя прыватныя бібліятэкі.

У 133 г. да н.ч. Пергам становіцца правінцыяй Рыма, а ў 43 г. да н.ч. Марк Антоній большую частку бібліятэкі падарыў егіпецкай царыцы Клеапатры.

За караткочасовым росквітам пачынаецца паласа ўпадку эліністычных дзяржаў. Жорсткая эксплуатацыя рабоў, бяднейшага свабоднага насельніцтва, сацыяльныя супярэчнасці сталі прычынай паўстанняў ў ІІ – І стст. да н.ч., якія аслабілі эліністычныя дзяржавы і аблягчылі іх захоп Рымскай імперыяй.

Бібліятэкі Старажытнага Рыма. Заваяваўшы ў ІІ ст. да н.ч. шэраг дзяржаў, у тым ліку Грэцыю, рымляне атрымалі доступ да багаццяў духоўнай культуры пераможаных народаў. Аднымі з іх трафеяў былі кнігі. Першай вывезенай ў 168 г. да н. ч. стала бібліятэка македонскага ўладара Пярсея. У 86 г. да н. ч. Сула вывез у Рым і бібліятэку Арыстоцеля.

У Старажытным Рыме кніга атрымала шырокае распаўсюджанне. Былі адкрыты буйныя майстэрні па перапісцы кніг, кніжныя лаўкі, у якіх можна было купіць творы аўтараў з усіх краін антычнага свету.

Напачатку бібліятэкі ў Рыме выконвалі нават чыста дэкаратыўную функцыю, аднак з часам быў засвоены і бібліятэчны светапогляд грэкаў, узніклі патрэбнасці ў стварэнні бібліятэк.

Пад уражаннем ад наведвання Александрыйскай бібліятэкі Юлій Цэзар (100–44 гг. да н.ч.) даручэў Марку Тэрэнцыю Варону займацца зборам і стварэннем бібліятэк. Адзін з яго твораў змяшчаў главу, прысвечаную бібліятэкам. Дзякуючы гэтаму матэрыялу, а таксама яшчэ раздзелу з дзесяцітомнага твора архітэктара Вітрувія (І ст. да н.ч.), можна ўявіць, як выглядалі бібліятэкі Старажытнага Рыма.

Звычайна бібліятэка размяшчалася ў порціках – паблізу храмаў, пры тэрмах (грамадскіх банях) або ў палацы і храмах. Галоўныя фасады бібліятэкі былі звернуты на ўсход. Рымскі архітэктар Вітрувій тлумачыў гэта тым, што ў бібліятэках займаліся раніцай у самы светлы час, а таксама такім размяшчэннем пабудоў перагароджваўся шлях шкодным для рукапісаў вільготным вятрам з поўдня і захаду. У мэтах пажарнай бяспекі кнігасховішчы аддзяляліся ад іншых памяшканняў вялікім калідорам. Чытальная зала была звычайна ў форме прамавугольніка або паўкола. Упрыгожвалі яе бюсты і статуі багоў, партрэты вялікіх людзей, пісьменнікаў. У нішах стаялі скульптуры. Падлога была з цёмнага мармуру. Шафы з кнігамі размяшчаліся ўздоўж сценаў, калі-нікалі ў цэнтры залы. У вялікіх бібліятэках шафы нумараваліся. Паліцы ў шафах падзяляліся вертыкальнымі перагагодкамі на гнёзды для скруткаў і пергаментных кніг, якія захоўваліся гарызантальна ў сістэматычным парадку. У бібліятэках былі каталогі.

Арганізатарам першай публічнай бібліятэкі прыкладна паміж 39 і 28 гг. да н.ч. стаў адзін з прыбліжаных Цэзара Азіній Паліон, які за свой кошт сабраў фонд сучаснай лацінскай літаратуры. На пачатак IV ст. н.ч. у рымскай дзяржаве налічвалася не менш, чым 30 буйнейшых публічных бібліятэк. У 28 г. да н. ч. па ініцыятыве імператара Аўгуста была створана Бібліятэка храма Апалона, імператарская. Самая знакамітая з бібліятэк рымскіх імператараў – бібліятэка Ульпіна, заснаваная ў Рыме імператарам Траянам (98-117 гг.), сапраўды магла спаборнічаць з Александрыйскай.

У Рыме з’явіліся бібліятэкі, якія змяшчалі рукапісы па якой-небудзь адной галіне ведаў.

Чытачы – паэты, вучоныя, чыноўнікі, знатныя і багатыя гараджане аддавалі перавагу працы непасрэдна ў чытальнай зале, чым магчымасці браць кнігі дадому.

Ствараліся дапаможнікі па камплектаванні бібліятэк такіх вучоных, як Герэній Філон (“Аб набыцці і адборы кніг” у 12 кнігах); граматыка Тэлефаса з Пергамы “Тры кнігі аб веданні кніг, у якіх указваецца, якія кнігі вартыя набыцця”.

Рымскія імператары вядомы і сваімі прыватнымі біблітэкамі, захапленнем бібліяфільствам.

Пры Клаўдыі (рымскі імператар 41-54 гг.) складваецца цэнтральнае кіраванне імператарскімі бібліятэкамі з пракуратарам начале. Пасада добра аплочвалася. Яе займалі высокаадукваныя людзі. Падсобны персанал складаўся з дзяржаўных або імператарскіх рабоў, спецыяльна падрыхтаваных для бібліятэчнай работы. У канцы ІІ – пачатку ІІІ ст. з’явіўся спецыяльны чыноўнік, які займаўся гаспадарчымі патрэбамі бібліятэк. Было створана адзінае кіраванне бібліятэкамі і адзіны цэнтр выкарыстання падсобнага бібліятэчнага персанала.

Бібліятэкі былі адным з абавязковых культурных інстытутаў рабаўладальніцкага грамадства, служылі замацаванню існуючых ў дзяржаве парадкаў, былі даступныя толькі рабаўладальнікам, узначальваліся часцей вучонымі. Складваліся пэўныя нормы папаўнення і арганізацыі фондаў, вядзення каталогаў, рэжыма захоўвання рукапісаў, арганізацыі абслугоўвання чытачоў.

У IV ст. адбыўся распад Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю. Большасць рымскіх публічных бібліятэк сгарэла, шэраг былі зачынены. Не закранулі варварскія пагромы Усходнюю Імперыю – Візантыю, якая квітнела яшчэ на працягу амаль тысячы гадоў (з 325 г. да яе ўпадку ў пачатку ХІІІ ст. і канчатковага разбурэння крыжаносцамі ў 1453 г.).

Падсумоўваючы асноўныя вынікі адзначым, што:

  1.  У антычным свеце з’яўляецца слова “бібліятэка”.
  2.  Ствараюцца першыя працы, прысвечаныя кнігам, іх адбору, камплектаванню; своеасаблівыя бібліяграфічныя паказальнікі, працы па сістэматызацыі бібліятэчных фондаў.
  3.  Бібліятэка акрамя функцыі збору і захавання пачынае выконваць і функцыю скрыпторыя (тыражыравання дакументаў).
  4.  Бібліятэка антычнасці – галоўнае звяно ў сістэме распаўсюджвання навуковых ведаў і ў сістэме антычнай адукацыі.
  5.  Менавіта тое, што дакументы могуць быць тыражыраваны і распаўсюджаны – вызначаюць бібліятэку як самастойную ўстанову. Антычная бібліятэка – гэта ўжо не архіў.
  6.  З’яўляецца, развіваецца і замацоўваецца за бібліятэкай функцыя абслугоўвання.
  7.  Адбываецца пашырэнне і падзел службовых абавязкаў бібліятэкара. Вызначаецца спецыялізацыя ў працы.
  8.  Удасканальваюцца каталогі.
  9.  З’яўляюцца структурныя падраздзяленні бібліятэкі: кнігасховішчы і чытальныя залы.
  10.  Узнікаюць спецыяльныя бібліятэкі.
  11.  Робяцца першыя спробы агульнага кіраўніцтва бібліятэкамі, бібліятэчным персаналам.
  12.  Асноўныя тыпы бібліятэк антычнасці – бібліятэкі пры навуковых і навучальных установах; прыватныя і публічныя бібліятэкі.

Літаратура

  1.  Адам А. Римские древности… М., 1824. Ч.2. С.455–478.
  2.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.24–34.
  3.  Дрыбин В. Книжный мир Древнего Рима: историко-культурный экскурс // Бібліятэчны свет. Мн., 2006. №3. С.23–29.
  4.  Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.12-19.
  5.  Чёрный А.И. Александрийский мусейон и его библиотека – восьмое чудо света // Международный форум по информации. М., 2006. Т.31. №3. С.3–17.

Пытанні для самакантролю

  1.  Якому народу мы абавязаны з’яўленнем слова “бібліятэка”?
  2.  Які новы тып бібліятэк ўзнікае ў антычнай Грэцыі?
  3.  Як вы разумееце выраз “бібліятэка выконвае функцыю скрыпторыя”?
  4.  Якая функцыя бібліятэкі атрымлівае развіццё ў антычным свеце?
  5.  Калі і кім была заснавана бібліятэка Александрыйскага мусеона, якая літаратура збіралася ў бібліятэцы?
  6.  Што ўяўляла з сябе праца Калімаха “Pinakes”?
  7.  На зборы якой літаратуры спецыялізавалася Пергамская бібліятэка?
  8.  Які тып бібліятэк узнікае ў Рымскай імперыі?
  9.  Назавіце антычных вучоных, якія ўнеслі пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўчай думкі?
  10.  Як змянілася арганізацыя працы ў антычнай бібліятэцы, якой была яе структура?
  11.  Назавіце асноўныя тыпы бібліятэк антычнасці?
  12.  Як распаўсюджваліся кнігі ў антычнасці?
  13.  Як звязаны з гісторыяй бібліятэк імёны такіх вядомых дзеячаў антычнасці, як Піфагор, Эўклід, Эўрыпід, Арыстоцель, Пталамеі, Юлій Цэзар, Марк Антоній, Клеапатра, Азіній Паліон, Траян, Клаўдый?
  14.  Ці ёсць прэцэдэнты аднаўлення бібліятэк Старажытнага Свету і як вы думуаце чаму?

 

ЛЕКЦЫЯ 4. БІБЛІЯТЭКІ Ў ЭПОХУ РАННЯГА СЯРЭДНЯВЕЧЧА

(VXIIІ стст.)

4.1. Бібліятэчная справа ў Візантыі, Еўропе, Беларусі і Русі

 Канец V ст. прынята лічыць пачаткам адліку новай эпохі – сярэднявечча. Еўрапейская культура VXII стст. мела яскрава выражаны рэлігійны характар. Фарміраванне грамадскіх ідэалаў і светапоглядаў адбывалася пад уздзеяннем рэлігійнай свядомасці. Адзіным, што сярэднявечча ўзяло ад загінуўшага старажытнага свету, было хрысціянства, якое ў антычным грамадстве з формы пратэста прыгнечаных пераўтварылася ў пануючую рэлігію, абараняўшую інтарэсы правячых пластоў грамадства. Духавенства, якое лічылася ў той час самым адукаваным класам, пераўтварыла царкоўную догму “ў зыходны момант і аснову мыслення”. Царква, валодаўшая ў еўрапейскіх краінах амаль трэцяй часткай зямлі, уяўляла з сябе моцную феадальную арганізацыю, якая асвяшчала існуючы дзяржаўны лад. Фактычна яна сканцэнтравала ў сваіх руках не толькі царкоўную, але і свецкую ўладу. Змест усіх навук быў прыведзены ў адпаведнасць з вучэннем царквы. Зыходзячы з прызнання наяўнасці правобразаў усяго існуючага ў свеце і немагчымасці спасцігнуць іх як народжаных Богам, можна было толькі наблізіцца да боскага прататыпу, які лічыўся нязменным Адсюль адметная рыса сярэднявечнага светапогляду – устойлівасць і кананічнасць.

Неправільна было б думаць, што дзеячы навукі і культуры разглядаемага перыяду поўнасцю ігнаравалі спадчыну старажытнага свету. Адзінымі цэнтрамі кніжнай мудрасці становяцца ў гэты час манастыры і саборы, а адзінымі вучонымі – манахі і іншыя прадстаўнікі культу. Вывучэнне некаторых антычных аўтараў лічылася неабходным, бо царква старалася абаперціся на іх аўтарытэт. У сувязі з тым, што мовай каталіцкай царквы стала латынь , у манастырах і саборных школах на зянятках чыталіся лацінскія тэксты, г.зн. творы антычных аўтараў. І нарэшце, пры манастырах і саборах былі бібліятэкі – адзіныя кніжныя цэнтры ранняга сярэднявечча, у якіх сканцэнтраваліся і захоўваліся ад знішчэння антычныя рукапісы. Такім чынам, манастыры і саборы ранняга сярэднявечча, якія былі і цэнтрамі хрысціянскай адукацыі, з’яўляліся і захавальнікамі рэшткаў антычнай культуры. Аднак трэба адзначыць, што гэта адносілася толькі да абмежаванага кола антычных помнікаў – тых, якія не выклікалі да сябе варожых адносін з боку царквы. Астатняе бязлітасна знішчалася.

Развіццё феадальных адносін на велізарных тэрыторыях Усходу і Захаду адбывалася нераўнамерна. Таму адзначаецца несупадзенне этапаў развіцця культуры. Звычайна паняцце “сярэнявечная культура” адносіцца да дараманскага (V–Х стст.), раманскага (ХІ–ХІІ стст.) і гатычнага перыядаў (ХІІ–XIV стст.), а таксама да культуры Візантыі (VXV стст.).

Візантыя. У IV ст. Рымская імперыя раскалолася на Заходнюю і Усходнюю. Усходняя – Візантыя, створаная ў 395 г., праіснавала амаль цэлае тысячагоддзе, з’яўляючыся прадаўжальніцай эліністычнай культуры. Дзяржаўнай мовай у Візантыі лічылася грэчаская. Кнігай кніг была Біблія. Сярод іншых жанраў – працы гісторыкаў, хронікі, жыція святых, творы аратарскага майстэрства, эпісталярныя творы, трактаты па адміністрацыйным кіраванні, геаграфічныя творы, падарожжы і інш. Адным са знакаміцейшых візантыйскіх вучоных і пісьменнікаў быў Іаан Дамаскін (VIII ст.), які ў сваім творы “Крыніца ведаў” выклаў асновы ўсёй сумы тагачасных ведаў для хрысціянскага свету. Найбольш поўна распрацаваў прынцыпы прыдатнасці антычнай спадчыны для хрысціянскай сістэмы адукацыі Васілій Кесарыйскі – “Аб тым, як юнакам здабываць карысць з паганскіх кніг”. З антычнай навукай была цесна звязана візантыйская філасофія. Цярпімасць да “паганскай” літаратуры стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця кніжнай культуры.

У сярэдзіне IV ст. у сталіцы Візантыі быў заснаваны імператарам Канстанцінам ІІ дзяржаўны скрыпторый, які ўзначальваў спецыяльны чыноўнік – архонт, у падначаленні якога было мноства каліграфаў. Праца перапісчыкаў аплачвалася дзяржавай. У скрыпторыях былі звычайна вялікія бібліятэкі, у якіх пачалі прымяняць на кнігах шыфр і расстаўляць іх у адпаведнасці з ім.

Існавалі бібліятэкі пры манастырах у Канстанцінопалі, Афоне, дзе таксама меліся скрыпторыі. Кнігі ранніх сярэднявечных бібліятэк Візантыі былі ў асноўным выкананы на пергамене, які, праўда, меў не танны кошт, што прымусіла перапісчыкаў перайсці да палімпсестаў (на саскрэбленыя старыя тэксты наносілі новы). У VIVII стст. скруткі замяняюцца “кодэксамі”, у VIIIIX стст., крыху ранней, чым у Заходняй Еўропе, з’яўляюцца кнігі на паперы.

Мастацтва афармлення кнігі паступова набірае моц і ў ХІ ст. дасягае свайго росквіту. У гэты час канчаткова сфармаваліся ўсе элементы арнаментыкі візантыйскай кнігі: шыкоўныя фронціспісы і віньеткі, застаўкі, раслінны арнамент на палях, арнаментаваныя ініцыялы. У пераплёце часцей пачынаюць выкарыстоўваць (асабліва для літургічных кніг) слановую косць, золата, эмаль, каштоўныя камяні. Кніга была багатым падарункам імператараў і нават прыданым візантыйскіх прынцэсаў.

У IVVII стст. у Візантыі былі распаўсюджаны бібліятэкі пры вышэйшых навучальных установах. Некаторы час захоўвалася слава бібліятэк універсітэтаў у Афінах і Александрыі. Школьныя і універсітэцкія установы, вялікая колькасць бібліятэк, майстэрань па перапісванні кніг (скрыпторыяў) былі сканцэнтраваны менавіта ў Канстанцінопалі. Універсітэт у Канстанцінопалі быў заснаваны яшчэ імператарам Феадосіем ІІ у 425 г. як дзяржаўная ўстанова, якая, праўда, у хуткім часе прыйшла да ўпадку. Аднак у ХІ ст. універсітэт быў узноўлены, была ўзноўлена таксама і бібліятэка універсітэта, спаленая ў 726 г. імператарам Львом ІІІ Ісаўрам (змагаўся за паслабенне ўплыву манастыроў, наносячы значныя страты манастырскім бібліятэкам, забараняючы перапісваць кнігі). Бібліятэкай канстанцінопальскага універсітэту загадваў спецыяльны служыцель-“бібліяфіл”.

У 330 г. у Канстанцінопалі была створана унікальная багатая публічная бібліятэка, вядомая пад назвай бібліятэкі імператара Канстанціна. У шматколькасным штаце бібліятэкі былі перапісчыкі грэчаскіх і лацінскіх кніг, якія капіравалі і ўзнаўлялі тэксты. На 475 г. у бібліятэцы налічвалася 120 тысяч тэкстаў. (напрыклад, для напісання твораў Гамера была выкарыстана змяіная скуры, на якую залатымі літарамі быў нанесены тэкст). Панёсшая значныя страты ад пажару ў 477 г., ад пастаянных рабаванняў крыжаносцамі, бібліятэка ўсё ж была ўзноўлена ў 1361 г. Міхаілам Палеолагам, які аднавіўшы сталіцу ў Канстанцінопалі, у прыбудове да свайго палацу ў чарговы раз пачаў збіраць імператарскую бібліятэку.

У ХІІ ст. для падрыхтоўкі тэолагаў у Канстанцінопалі была арганізавана вышэйшая патрыяршая школа, пры якой знаходзілася бібліятэка канстантанцінопальскага патрыярха, створаная яшчэ ў VIII ст. У ІХ ст. патрыяршым бібліятэкарам тут працаваў Канстанцін (Кірыл), які таксама выкладаў філасофію ў вышэйшай навучальнай установе Канстанцінопаля. Фонд бібліятэкі акрамя царкоўных рукапісаў, змяшчаў шмат унікальных кодэксаў па розных галінах навук. Ерэрычныя творы захоўваліся ў асобных скрынях. Ёсць некаторыя звесткі аб тым, што шэраг канстанцінопальскіх манастыроў адкрывалі ў сябе і бібліятэкі для міранаў.

З VI ст. Канстанцінопаль славіўся значнымі бібліяфільскімі зборамі вучоных, прафесараў, настаўнікаў, сярод якіх візантыйскі вучоны Леў Матэматык, збіральнік твораў антычнасці, эцыклапедыст патрыярх Фоцій (820–891 гг.), вядомы сваёй працай “Мірыябібліён” (“Тысячакніжжа”) па бібліяграфічным апісанні калекцый.

Непапаўняльныя страты візантыйскім кнігасховішчам нанеслі крыжаносцы, якія знішчалі кнігі, рабавалі бібліятэкі (1204 г.). Пасля крыжовых паходаў і турэцкіх заваяванняў Візантыя пала (1453 г.), што мела значныя страты і для бібліятэк, фонды якіх толькі ў нязначнай колькасці былі вывезены ў Заходнюю Еўропу і славянскія краіны, уцякаўшымі вучонымі і бібліяфіламі. Вядома, што да нашых дзён дайшло толькі каля 11 тысяч старажытных кодэксаў з манастырскіх збораў Візантыі. Трэба сказаць, што візантыйская кніжная традыцыя пакінула значны след у развіцці кнігі як у Заходняй Еўропе, так і Усходзе.

ЗАХОДНЯЯ ЕЎРОПА. У Заходняй Еўропе вядучую ролю ў захаванні культурнай спадчыны антычнасці, а менавіта ў пераемнасці развіцця адукацыі, навукі і культуры адыгралі таксама манастырскія бібліятэкі, якія з’яўляюцца ў VVI стст. Сярод іх выдзяляюцца унікальныя зборы бібліятэкі манастыра Віварый (на поўначы Італіі, недалёка ад Неапаля), заснаванага ў 555 г. Касідорам. Касідор адыграў значную ролю ў справе тэарэтычнага абгрунтавання ітэлектуальнай хрысціянскай культуры. Ён быў упэўнены, што новая культура павінна засвоіць культуру папярэднікаў і перш за ўсё з дапамогай бібліятэкі. Створаны ім Віварый – узор манастырскай бібліятэкі сярэднявечча. Ім было распрацавана “Кіраўніцтва да вывучэння боскай і свецкай літаратуры” – па камплектаванні фондаў манастырскіх бібліятэк. Скрыпторый і бібліятэка сталі абавязковай часткай сярэдявечнага манастыра. Перапісванне царкоўных кніг прыраўнівалася да апостальскага подзьвігу.

У VVIII стст. Заходняя Еўропа ўяўляла сабой тры вялікія германскія дзяржавы: франкскую ў Галіі, вестготскую ў Іспаніі і лангабардскую ў Італіі, а таксама некалькі невялікіх дзяржаў у Брытаніі і Германіі. Менавіта на поўначы, у Брытаніі і Ірландыі пачынае складвацца той тып манастыра з бібліятэкай і скрыпторыем пры ёй, які безпаспяхова прывіваў у Італіі і Галіі Касідор. Адпаведна тут склаўся тып бібліятэк, які адыграў важную ролю ў развіцці пераемнасці новай культуры. Найбольш значная – бібліятэка Кентэрберыйскага абацтва. З поўначы на кантынентальную Еўропу рушылі манахі-месіянеры, які садзейнічалі стварэнню манастырскіх бібліятэк у Італіі. Найбольш значнымі бібліятэкамі былі бібліятэкі бенедыкціянскага ордэна ў манастырах у Бобіа і Монтэ Касіна. Па статуту манастыроў манахі павінны былі разам з фізічнай працай займацца чытаннем і перапіскай кніг. Бібліятэкі бенедыкціянскіх манастыроў сталі нават тым фундаментам, дзякуючы якому адбыўся культурны ўздым Заходняй Еўропы ў VIII – Х стст. раманска-германская краіна была аб’яднана. Аднак большасць манастырскіх бібліятэк мелі сціплыя зборы. Сярэдні аб’ём фонду бібліятэкі складаў ад 200 да 300 кніг (кодэксаў), а найбольш значныя – 500-600 кніг. У большасці сваёй змест кнігазбораў складала багаслоўская тэматыка, але сустракаліся і антычныя творы. У ІХ – ХІ стст. яны распаўсюджваюцца ў манастырах Францыі і Польшчы. Разам з выкарыстаннем антычнай культуры для паглыблення дагматаў хрысціянства, адбывалася і іх цэнзураванне і знішчэнне. Афіцыйнай датай зацвярджэння першага індэкса забароненых кніг лічыцца 325 г., калі на Нікейскім саборы былі аддадзены анафеме арыянскія ерэтычныя творы, што стала прэцыдэнтам для наступных забарон. Так, у 405 г. папа Інакенцій І склаў наступны спіс ерэтычных твораў, якія падлягалі знішчэнню.

Бібліятэкі царквы. І ўсё ж самымі распаўсюджанымі ў гэты перыяд застаюцца манастырскія бібліятэкі, іх колькасць павялічваецца. Растуць фонды (да 1тысячы тамоў), у якіх асноўнае месца займае багаслоўская літаратура, аднак паступова мяняецца жанравы склад фондаў: з’яўляюцца хронікі, каментарыі, паказальнікі, павучанні, энцыклапедыі, кіраўніцтвы, даведнікі, аповесці, раманы, паэмы, песні. Мова разнастайная – лацінская, арабская, нацыянальныя мовы. Змяншаецца фармат: вялікі застаецца ў Біблій і літургічных рукапісаў. З’яўляюцца зводныя каталогі. У правілах манастыроў з’яўляецца дазвол выносіць кнігі за межы манастыра, што паспрыяла пашырэнню кола чытачоў. Фонды манастырскіх бібліятэк дзеляцца на 2 часткі: даступныя ўсім чытачам і прызначаня для выбраных.

Папаўняліся манастырскія бібліятэкі за кошт паступленняў з скрыпторыяў, якія лічыліся неад’емнай часткай кнігасховішча. Перапісваліся ў некалькіх экзэмплярах: для бібліятэкі, для школы пры манастыры, абацтве ці епіскапстве. Каталогамі служылі інвентарныя вопісы, шафныя вопісы. Прымянялася алфавітная і сістэматычная расстаноўка фондаў.

У ІХ – Х стст. бібліятэкі манастырскага тыпу атрымліваюць усё большае распаўсюджанне. З’явілася нават выказванне, што манастыр без бібліятэкі, тое ж, што лагер без узбраення. А Фама Аквінскі пісаў: “Сапраўдная скрабніца манастыра – бібліятэка, без яе ён усё роўна, што кухня без катла, стол без ястваў, калодзеж без вады, рэчка без рыбы, плашч без іншага адзення, сад без кветак, кашалёк без грошай, лаза без вінаграда…” Гэта бібліятэкі-скрыпторыі.

 З другой паловы ХІІ ст. кніга і бібліятэка становяцца здабыткам не толькі царквы, але школ, універсітэтаў. Паказчыкам роста адукаванасці асобных пластоў грамадства становяцца прыватныя бібліятэкі.

 Бібліятэкі сярэднявечных універсітэтаў. Першыя універсітэты ў Еўропе ўзнікаюць у ХІІ ст. Аднак яшчэ ў ХІ ст. з’явілася бібліятэка Балонскай школы права ў Італіі, якая набыла статус універсітэта. У той жа час узнікла і бібліятэка медыцынскай школы ў Салерна.

У перыяд з ХІІ і да пачатку ХIV ст. універсітэцкія бібліятэкі засноўваюцца ў Парыжы, Монпелье (Францыя), Оксфардзе, Кембрыджы (Англія), Саламанцы (Іспанія), Лісабоне (Партуглія). У ХIV ст – Празе, Кракаве, Вене (Аўстрыя), Йене, Эрфурце, Гейдэльберце (Германія); у XV ст. – у Швецыі, Даніі. На пачатак XVI ст. у Еўропе было больш за 60 універсітэцкіх бібліятэк.

Універсітэты мелі свае скрыпторыі. У фондах бібліятэк шырэй была прадстаўлена свецкая літаратура. Аднак абмежаванні ў выдачы кніг заставаліся. Існавалі правілы і парадак рэгістрацыі і выдачы кніг. Кнігі, прызначаныя для чытання ў бібліятэцы прыкоўваліся ланцугамі да пюпітраў, пра гэта нярэдка адзначалася ў каталогах, якія раскрывалі фонд бібліятэкі па прадметах.

Прыватныя бібліятэкі. Нягледзячы на забарону царквы мець свецкім людзям бібліятэкі, патрэбнасць у чытанні пад уплывам развіцця навукі, рамёстваў, гандлю ўзрастае.

Шмат прыватных бібліятэк было ў Англіі. Гэта бібліятэка абата Джона Уітамстыда, які меў значны збор твораў аўтараў старажытных аўтараў, італьянскіх гуманістаў. Збіраў сямейную бібліятэку герцаг Хемфры Глостарскі. Ён атрымліваў рукапісы з Італіі, Францыі. Пазней яго бібліятэка трапіла ў фонд бібліятэкі Оксфардскага універсітэта. Бібліяфіл Джон Ціптоф меў 400 тамоў, сярод якіх былі і ўкрадзеныя бібліятэчныя рукапісы антычных аўтараў, гуманістаў. Самай знакамітай прыватнай бібліятэкай Англіі была бібліятэка дарэмскага епіскапа Рычарда дэ Бёры. Мяркуецца, што на яе фонд у 1500 тамоў быў складзены каталог. Як дыпламат дэ Бёры падарожнічаў у Італію, Германію, Францыю і там набываў кнігі. Кнігі для яго расшуквалі манахі бедных ордэнаў. Планаваў аддаць сваю бібліятэку студэнтам Оксфардскага універсітэта. Вядомы сваёй працай “Філабіблон”.

Сярод прыватных бібліятэк пэўную групу займаюць каралеўскія бібліятэкі, многія з якіх увайшлі азней у склад нацыянальных. Некаторыя з іх прадаўжаюць іменавацца Каралеўскімі – у Капенгагене (у Даніі), у Швецыі, у Бруселі імя Альберта І. Найбольш ранняй па часе ўзнікнення была бібліятэка французскіх каралёў, якую заклаў Карл V (1364–1380). Інвентарны вопіс, які захаваўся ў Парыжскай нацыянальнай бібліятэцы, налічвае 1 тысячу апісанняў.

Асноўны здабытак фондаў бібліятэк гэтага часу – з’яўленне літаратуры на розных еўрапейскіх мовах, – разнастайнасць зместу, друкаваныя адбіткі з гравіраваных досак. Рост фондаў прывёў да ўзнікнення тэарэтычнага інтарэсу па пытаннях рацыяналізацыі размяшчэння кніг у кнігасховішчах, іх групоўкі ў каталогах, абмежаванне доступу да ідэалагічна шкоднай літаратуры.

БАЛГАРСКАЕ ЦАРСТВА. У 681 г. была заключана афіцыйная дамова паміж славяна-балгарскай дзяржавай і Візантыяй, што аказала дабратворны ўплыў на першае балгарскае царства, славянскую культуру. Садзейнічала гэтаму і прыняцце хрысціянства ад Візантыі ў 865 г. У 892–927 гг. пры двары балгарскага цара Сімеона існаваў славянскі літаратурны цэнтр. ІХ – пачатак Х ст. лічацца залатым векам балгарскага пісьменства, які быў звязаны з імёнамі паслядоўнікаў справы Кірылы і Мяфодзія – гэта чарнарызец Храбр і Іаан Экзарх. Узнік культ кнігі. Помнікі балгарскага пісьменства таго часу атрымалі распаўсюджанне і на землях Старажытнай Русі. У гэты перыяд значную ролю адыгралі Охрыдскі і Прэслаўскі літаратурныя цэнтры або акадэміі, у якіх ажыццяўлялі пераклад царкоўных кніг, іх перапісванне і ўпрыгожанне. Для дэкаратыўнага афармлення ранніх балгарскіх рукапісаў прымянялася балканская “пляцёнка”, геаметрычны або раслінны арнамент.

У Х–ХІ стст. пры буйнейшых цэрквах і манастырах, царскіх палацах узнікаюць першыя бібліятэкі (у Плісцы, Вялікім Прэславе, Охрыдзе і інш.).

Аднак візантыйцы пасля заваявання балгар (1018–1187) імкнуліся знішчыць славянскую дзяржаўнасць, культуру, бібліятэкі. Новы пад’ём наступае са стварэннем другога балгарскага царства (пасля 1187 г.). Але і ён быў не доўгім, бо пад навалай асманскіх туркаў ізноў гінуць старажытныя цэрквы (218) і манастыры (33), а разам з імі і бібліятэкі.

БЕЛАРУСЬ. Перадумовамі стварэння бібліятэк на тэрыторыі старажытнай Беларусі, якія пачалі складвацца ў канцы ІХ – Х стст. з’явіліся

  •  ўзнікненне пісьменства,
  •  распаўсюджанне хрысціянства
  •  і разам з гэтым – рукапісных кніг.

У Ніканаўскім летапісе (1003 г.) у пераліку “граматных” свецкіх людзей першым названы князь Ізяслаў Уладзіміравіч, які “прилежаша прочитанию” кніг. Пра высокі на той час узровень пісьменнасці кажуць таксама графіці полацкіх храмаў, каштоўныя помнікі эпітафікі “Барысавы камяні”. На развіццё кірылаўскай рукапіснай кнігі паўплывалі культурныя сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Беларускія рукапісныя кнігі ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Менску, Новагародку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкамі былі людзі рознага сацыяльнага паходжання – ад князёўны (Ефрасінні Полацкай) да звычайнага гараджаніна (пісца Марціна з Гальшан).

ПОЛАЦКАЕ І ТУРАЎСКАЕ КНЯСТВЫ. У ХІ – ХІІ стст. са стварэннем незалежных княстваў – Полацкага і Тураўскага, ростам гарадоў, умацаваннем ўлады мясцовай знаці патрэба ў граматных людзях, якія маглі б кіраваць дзяржаўнымі справамі, садзейнічаць развіццю гандлю і рамяства, значна ўзрастала. Гэта спрыяла і росту патрэбнасці ў кнігах, у стварэнні бібліятэк. Першыя звесткі аб заснаванні бібліятэк на тэрыторыі Беларусі, якія мы адносім да ХІ ст., у пэўнай ступені з’яўляюцца ўскоснымі, бо складзены па адзінкавых звестках аб перапісванні кніг у ХІ ст. Так, у “Жыцці Ефрасінні Полацкай” (найранейшае датуецца XIV ст.) адзначана: “(С)лучи же ся девице сей учене быти книжному писанию, еще не достигше ей в совершен возраст телеснаго нстества и молитвы плод, и толма бысть любяще учение яко чудится отцу ея о толице любви учениа еяю Вести же разшедшейся по всем градом о мудрости ея и о блазем учении ея...” (Жыціе Еўфрасінні Полацкай // Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова XVI ст. Мн., 2003. С.106). Хаця тут і няма прамых указанняў па якіх кнігах вучылася Прадслава-Ефрасіння, што так высока была ацэнена яе мудрасць і любоў да навукі, аднак можна дапусціць, што паходзілі яны з бібліятэкі полацкіх князёў. Верагодней за ўсё, што гэта быў прыватны кнігазбор Усяслава Брачыслававіча, дзеда Прадславы. Акрамя таго бібліятэкі існавалі пры цэрквах, саборах, а таксама іх маглі мець і некаторыя рэлігійныя дзеячы (напрыклад, Кірыла Тураўскі). У гэты перыяд шырокае распаўсюджанне атрымалі пераклады богаслужбовых кніг, якія прывозіліся з Візантыі, з грэчаскай мовы на царкоўнаславянскую. Ствараліся і арыгінальныя творы, напрыклад “Словы” Кірылы Тураўскага. У Полацку, Тураве, Смалеску займаліся летапісаннем.

Першай з вядомых нам царкоўных, а дакладней – саборных, бібліятэк на тэрыторыі Беларусі была бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Частка кніг гэтай бібліятэкі захавалася і да нашых дзён. Датай стварэння бібліятэкі прынята лічыць год заснавання сабора – 1066 г. Аснову фонда бібліятэкі складалі кнігі для правядзення царкоўнай службы. Гэта абавязковы набор такіх богаслужбовых кніг для праваслаўнай царквы, як статут, альбо тыпікон (Тыпікон Вялікай Царквы, Студыйскі статут, Іерусалімскі статут). Частка кніг для бібліятэкі была ахвяравана сабору полацкім князем Усеваладам, праўнукам кіеўскага князя Уладзіміра. Манахі Сафійскага сабора займаліся перапіскай кніг, якія атрымлівалі з іншых сабораў і манастыроў, ад прыватных асоб. Пры саборы існаваў скрыпторый.

У ХІІ ст. перапіскай кніг займалася Ефрасіння Полацкая, якая арганізавала пры Спаскім манастыры школу, дзе вялася падрыхтоўка манахінь для перапіскі кніг. Пад кіраўніцтвам Ефрасінні дзейнічалі скрыпторыі, у працы якіх вызначалася спецыялізацыя па стварэнні ініцыялаў, мініяцюр, пераплёту. Падзел працы сведчыў аб росце патрэбы ў кнігах. Кнігі захоўваліся ў манастырскай бібліятэцы. Яшчэ ў юнацтве Ефрасіння далучылася да перапісвання кніг і перакладаў з іншых моў, сама пісала арыгінальныя творы. Ужо ў бацькоўскім доме апрача набажэнскай і іншай рэлігійнай літаратуры, княжацкая дачка мела доступ да розных свецкіх кніг, як “Ізборнік”, “Александрыя” і інш. Перапісаныя Ефрасінняй кнігі часткова ішлі на продаж, а выручаныя грошы раздаваліся бедным. У часы Ефрасінні, а можа, і раней у Полацк маглі трапіць кнігі святых Кірылы і Мяфодзія, што стала вядома з апісання бібліятэкі Сафійскага сабора, зробленага ў канцы XVI ст. Не з’яўляецца супярэчлівай і гістарычная верагоднасць, што асветніца магла мець перапіску з Візантыяй (полацкія князі знаходзіліся ў сваяцкіх адносінах з візантыйскім імператарскім домам), а таксама, што яна ліставалася з суайчыннікамі і братамі па духу Кірылам Тураўскім, Кліментам Смаляцічам, а таксама, магчыма з аўтарам “Слова пра паход Ігаравы”.

У ХІ – ХІІ стст. бібліятэкі існавалі і ў Турава-Пінскім, Менскім, Гродзенскім, Смаленскім княствах на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Невялікая бібліятэка была пры Прэабражэнскай царкве ў Тураве. У ёй захоўвалася Тураўскае евангелле ХІ ст., невялікі ўрывак якога зараз знаходзіцца ў бібліятэцы АН Літвы. Асабітую бібліятэку меў Кірыла Тураўскі – рэлігійны дзеяч і пісьменнік, творы якога былі добра вядомымі за межамі Тураўскай зямлі і захоўваліся ў бібліятэках Старажытнай Русі. Невялікія бібліятэкі мелі Менскі кафедральны сабор (ХІІ ст.), Благавешчанская царква ў Віцебску, Барысаглебская царква на Каложы ў Гродне і інш. Звесткі аб многіх царкоўных бібліятэках не захаваліся, але іх наяўнасць бяспрэчная. Нават звычайная прыходская царква павінна была мець 8 абавязковых богаслужбовых кніг. У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу.

КІЕЎСКАЯ РУСЬ (КІЕЎ, НОЎГАРАД, ЧАРНІГАЎ, ПСКОЎ). Першыя бібліятэкі на тэрыторыі Старажытнай Русі з’явіліся ў перыяд стварэння старажытнарускай феадальнай дзяржавы – Кіеўскай Русі. У Кіеве, Ноўгарадзе, Чарнігаве, Уладзіміры і іншых старажытнарускіх гарадах шырокае распаўсюджанне атрымалі пісьменства, перапіска старажытнаславянскіх і пераклад замежных кніг. У гарадах адкрываліся вучылішчы для падрыхтоўкі духавенства і граматных людзей, неабходных для дзяржаўнай службы. Ужо ў Х – ХІ стст. на Русі навучанне ў школах вялося па кнігах, напісаных на грэчаскай, славянскай і старажытнарускай мовах. Пасля ўвядзення хрысціянства ў 988 г. Кіеўскі князь Уладзімір сабраў дзяцей знатных асоб і аддаў іх “на учение книжное”. У летапісе (1028 г.) указваецца, што князь Яраслаў Мудры, каб “учити книгам”, сабраў у Ноўгарадзе да 300 дзяцей. Для “кніжнага навучання” манахаў была арганізавана школа пры Кіева-Пячорскім манастыры (ХІ ст.).

Кнігі і іншыя помнікі пісьменства збіраліся вялікімі князямі і вышэйшым духавенствам, у царкоўных саборах, манастырах, скрыпторыях. У летапісе (1037 г.) адзначалася, што Яраслаў Мудры сабраў у Кіеве шмат пісцоў для перапіскі славянскіх і перакладу грэчаскіх кніг. Частку гэтых кніг ён “положи в святой Софии церкви”. Такім чынам была заснавана першая бібліятэка на Русі.

Паступова колькасць бібліятэк павялічвалася. Асабліва пры княжанні Яраслава Мудрага было шмат перапісана і перакладзена, што садзейнічала распаўсюджанню і бібліятэк. У Ноўгарадзе ў сярэдзіне ХІ ст. у Сафійскім саборы (1045–1051 гг.) узнікла другая буйная старажытнаруская бібліятэка, частка кніг якой захавалася да нашага часу (НБ Р). У ХІ–ХІІ стст. бібліятэкі адкрываліся пры царкоўных саборах у Чарнігаве, Уладзіміры, Растове і інш. гарадах. Тады ж з’яўляюцца першыя манастырскія бібліятэкі. Самай старажытнай лічыцца бібліятэка Кіева-Пячорскага манастыра (ХІ ст.), якая мела багаты збор старажытнарускіх і перакладных кніг.

Ад старажытнарускіх бібліятэк не захавалася вопісаў ці каталогаў. Аб складзе іх фонду гавораць толькі нямногія помнікі кніжнага пісьменства. У асноўным – рэлігійныя творы. З перакладных твораў – жыція святых, гістарычныя, філасофскія, творы па геаграфіі, пераклады грэчаскіх і лацінскіх раманаў і апавяданняў – “Александрыя”, “Аповесць аб Акіры” і інш. Пэўнае месца ў фондах магла займаць і арыгінальная старажытнаруская літаратура, як летапісы (“Аповесць мінулых часоў”), дзяржаўныя дакументы, гістарычныя казанні, быліны і інш.

Царква, змагаючыся з “ерассю” і распаўсюджаннем навуковых ведаў, знішчала “непатрэбную” літаратуру. Гінулі кнігі і бібліятэкі падчас феадальных міжусобіц, войнаў, пажараў. Пра гэта згадваюць і старажытныя летапісы.

Першыя бібліятэкі служылі для распаўсюджання і замацавання рэлігійнай і дзяржаўнай улады феадальнага грамадства. Гэта былі ўстановы з абмежаваным доступам карыстання: для феадалаў і духавенства.

Асабістыя бібліятэкі. Зборам кніг займаўся Яраслаў Мудры, пра якога ў летапісе гаворыцца, што ён любіў царкоўныя статуты і да кніг праяўляў руплівасць, часта чытаючы іх ноччу і днём. Бібліятэка Яраслава Мудрага, заснаваная ў 1037 г., уяўляла з сябе, па меркаванні сучасных даследчыкаў, поліфунцыянальную сістэму з шэрагам падсістэм. Маецца на ўвазе, што бібліятэка з’яўлялася цэнтрам духоўнага і рэлігійнага жыцця, навуковым і асветніцкім цэнтрам. Гэта і кнігасховішча, і архіў (княскі, мітрапалічы, гарадскі). Пры бібліятэцы працаваў скрыпторый, дзейнічала пачатковая, “ніжняя” школа. Прыкладна кнігазнаўцы называюць і колькасць кніг у фондзе бібліятэкі – 950 тамоў: каля 30 – богаслужбовыя кнігі, іншая рэлігійна-дыдактычная літаратура (пераклады і творы мясцовага паходжання – айцоў царквы, творы старажытных аўтараў) “ядро” фонда бібліятэкі, а таксама фондаў саборных, манастырскіх, царкоўных бібліятэк. Кнігі былі на старажытнарускай, царкоўнаславянскай, грэчаскай мовах. Па сутнасці бібліятэка стала своеасаблівым бібліятэчным калектарм, з якога 17 епархій Кіеўскай Русі атрымлівалі літаратуру. Аўтар Ізборніка 1076 г. “грэшы Іаан” указвае, што праца “избрани из многихъ книг княжих”, што ўскосна пацвярджае існаванне значнага кнігазбору Яраслава Мудрага, якім пісьменнік карыстаўся. У Ізборніку Святаслава 1073 г. сучасныя ўкраінскія даследчыкі ўбачалі і зараджэнне бібліяграфічнага апісання вякікакняскай бібліятэкі. Сёння на Украіне працуюць над рэканструкцыяй фонда бібліятэкі Яраслава Мудрага, якая дасць магчымасць узнавіць карціну інтэлектуальнага, навуковага, кагніталагічнага ўзроўняў кіеварускага грамадства, фундамента кніжных традыцый Старажытнай Русі.

Асветнікам слыў і сын Яраслава Мудрага, чарнігаўскі князь Святаслаў, які напаўнаў свае “клети” боскімі і свецкімі кнігамі. Ізборнік Святаслава (1076 г.) быў складзены, як ужо адзначалася, з многіх кніг княскіх. Уладальнікам кніг і бібліятэк быў вялікі князь Уладзімір Манамах, адпраўляючыся ў дарогу браў кнігі з сабой для чытання. Чытаць рэлігійныя кнігі любіў Яраполк Уладзіміравіч. Кіеўскі мітрапаліт Іларыён, ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій, яго вучань Грыгорый, як сведчаць крыніцы валодалі ўласнымі кнігамі.

Большасць старажытнарускіх бібліятэк не захавалася да нашага часу. Татара-мангольскае нашэсце нанесла вялікія страты зборам у Кіеве, Разані, Уладзіміры, Чарнігаве і іншых гарадах.

4.2. БІБЛІЯТЭЧНАЯ ДУМКА ЭПОХІ СЯРЭДНЯВЕЧЧА. Флавій Магн Аўрэлій Касідор Сенатар (каля 487 г. – пасля 578 г.) – пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, культурны і царкоўны дзеяч остготскай дзяржавы. Служыў пры двары готскіх каралёў. Пасля заканчэння службы стаў заснавальнікам манастыра Віварыум і скрыпторыя пры ім. Арганізаваў першую сярэднявечную школу пісьма ў антычных традыцыях і багацейшую бібліятэку, у якой захавалася мноства антычных кніг. У каментарыях да Псалмоў Касідор выказваў думку аб неабходнасці для лепшага разумення Бібліі вывучаць антычную спадчыну, чым садзейнічаў захаванню яе кніжнасці.

Вядомы як біблітэказнаўца сваёй працай “Парады (настаўленні) па духоўным і свецкім чытанні” або “Кіраўніцтва да вывучэння боскай і свецкай літаратуры”, якое мае шырокі тэматычны дыяпазон. Гэта быў своеасаблівы энцыклапедычны звод, які быў адным з асноўных школьных твораў, што перадаваў “простым и неотесанным братьям” назапашанае Рымам багацце культуры. У першую чаргу гэта таксама – дапаможнік па камплектаванню фондаў манастырскіх бібліятэк, своеасаблівая рэкамендацыйная бібліяграфія, у сучасным успрыняцці, якая была зарыентавана на чытачоў-манахаў і, найболей на манахаў-перапісчыкаў. Дададзім, што “Кіраўніцтва” – гэта і каталог першай сярэднявечнай бібліятэкі Еўропы. Клапаціўся Касідор і аб высокім узроўні перапіскі кніг, дакладным парадку і ў срыпторі, і ў бібліятэцы, якую разглядаў як скарбніцу манастыра. У яго працы можна знайсці рэкамендацыі аб тым, як загалоўкі рабіць чырвоным колерам, у якую аправу пераплесці кнігу, як арганізаваць майстэрні пісьма і кнігасховішчы. Касідорам распрацоўваюцца таксама пытанні граматыкі і рыторыкі; ён уводзіў чытача ў вывучэнне сямі свабодных мастацтваў. Акрамя звестак па сутнасці таго ці іншага “мастацтва” прыводзілася бібліяграфічная інфармацыя. “Кіраўніцтвамі”, асабліва яго першай часткай, карысталіся не адно стагоддзе. Яно дайшло да нас у многіх спісках.

Касідор быў пачынальнікам шматлікіх пакаленняў “антыкварыяў”, “лібрарыяў”, “скрыпторыяў”. Некаторыя з унікальных кодэксаў Віварыя захаваліся ў арыгіналах да сучаснасці.

Фоцій (820–891 гг.) – збіральнік твораў антычнасці, эцыклапедыст, візантыйскі патрыярх. Аўтар “Мірыабібліёна” (“Тысячакніжжа”) – спроба бібліяграфічнага апісання калекцый. У працы прыведзены каля 300 антычных і хрысціянскіх твораў, якія былі прачытаны ў літаратурным гуртку пад кіраўніцтвам Фоція. Яго праца – адзін з першых сярэднявечных вопытаў бібліяграфічнага апісання антычных і візантыйскіх, язычніцкіх і хрысціянскіх кніг. Дзякуючы гэтаму мы ведаем аб многіх творах, якія да нас не дайшлі ў арыгінале, а вядомы толькі па Фоціевым спісе. Гэта працы гісторыкаў, серыі хронік, жыція святых і іншая багаслоўская літаратура, творы аратарскага майстэрства, эпісталярныі, трактаты па адміністратыўнаму будаўніцтву, геаграфіі, заканадаўчыя дакументы. Асноўнай кнігай была Біблія.

Ефрасіння Полацкая (каля 1110 – 1173 гг.). Звесткі аб жыцці і дзейнасці Ефрасінні дайшлі да нас дзякуючы “Жыціі Ефрасінні Полацкай”, якое было створана, верагодна, неўзабаве пасля яе смерці. Старэйшы спіс датуецца XIV ст. Арыгінальнасць гэтага твора – у сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадданым служэнні вышэйшым маральным ідэалам. Ідэал ведаў і асветы, любоў да кнігі і найперш да Бібліі ў сярэднявеччы былі шляхам спасціжэння Божай мудрасці, твораў тэалагічнага характару. Шлях дасягнення ідэалу неадлучны ад боскага слова і ведаў, занатаваных у кнігах Свяшчэннага пісання. Перапіска, распаўсюджанне кніг – адна з найважнейшых і богаўгодных місій чалавека. У гэтым сэнс дзейнасці Ефрасінні па перапісванні кніг.

Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасля 1190 гг.) – пісьменнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Аб тым, што Кірыла Тураўскі сваёй перапісваў кнігі, непасрэднага сведчання не захавалася. Аднак ён быў чытачом розных аўтараў, якіх ён адлюстраваў у сваіх творах: Іана Златавуснага, Грыгорыя Назіяніна, Епіфанія Кіпрскага, Феафілакта Балгарскага, Сімяона Лагафета, Ціта Байстрыйскага. Акрамя гэтага карыстаўся апакрыфічнай кнігай Эноха, якая была ў спісах забароненых царквой кніг. Напісаў 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, 2 казанні пра манаскі чын, 2 пасланні, 2 каноны і каля 30 малітваў, якія дайшлі да нас у спісах ХІІІ ст. 2 словы прысвечаны чытанню. Так, “Слове святога Кірылы аб кніжным чытанні і навуцы” гаворыцца:

“Паслухайце, братове, і ўразумейце, дзеці, як належыць нам вераваць у адзінага Бога, у Тройцы існага, – у Бацьку і сына Духа Святога, – і спадзявацца на яго аднаго і павучацца, схіліўшыся да святых кніг – Евангелля, Апостала, Парамійніка, Псалтыра і іншых, а да адрочаных кніг не звяртацца ніколі. Адрочаныя ж: Астраномія і Зоралік, Соннік, Зёльнік, Чароўнік, Птушыныя Чары, Громнік, Каляднік і Жэрабнік. Бо прароцтвы лжывыя ў іх, на святых паклёпы ўзводзяцца. Кнігамі гэтымі д’яблаў прывабліваюць і гутараць з імі. У параўнанні са святымі кнігамі гэтыя маняць і невукаў дураць. А ім падобныя кнігі халдзейскія і элінскія байкі – таксама кашчунныя...” (Асветнікі і мысліцелі Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995. С.626–627). Прыведзеныя словы можна, ў пэўнай ступені лічыць і першым беларускім кіраўніцтвам па чытанні.

У ХІІІ ст. з’яўляецца першы дапаможнік па арганізацыі бібліятэкі. Яго аўтар – Рышард дэ Фурнэвіль (1201–1260). Яго праца “Кнігаведанне” характарызуе магчымасці бібліятэкі ў абслугоўванні чытачоў. Аднак гэта праца не ўлічвала новых дасягненняў па сістэматызацыі ведаў і перадавых поглядаў. Не супадалі погляды Фурневіля з поглядамі Роджэра Бэкана (каля 1214-1294). У Бэкана класіфікацыя будавалася на прызнанні раўнапраўя тэарэтычных і практычных дысцыплін. Аднак яго ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў XVII ст.

Рычард дэ Бёры (сапраўднае прозвішча Онжэрвіль, 1286–1345) – англійскі дзяржаўны дзеяч, епіскап і бібліяфіл. Сабраў багатую калекцыю старажытных манускрыптаў, якую завяшчаў Оксфардскаму універсітэту (бібліятэка не захавалася, рассеяна па розных прыватных калекцыях). Вядомасць дэ Бёры прынёс трактат, напісаны на латыні – “Філабібліён” (“Любакніжжа”, 1345) – арыгінальнае даследаванне аб карысці чытання і любові да кніг. Упершыню твор быў надрукаваны ў Германіі, у Кёльне (1473). На рускай мове поўнасцю апублікаваны ў 1984 г. “Філабібліён” быў задуманы як завяшчанне, першае бібліяфільскае завяшчанне, і своеасаблівая інструкцыя карыстання бібліятэкай. Адначасова гэта гімн кнізе, аўтабіяграфічная аповесць, а таксама бібліятэказнаўчая работа сярэднявечча. “Філабіблон” у шматлікіх спісах разыўшоўся па Еўропе. 7 з іх ёсць зараз у Брытанскім музеі, па два – у Бруселі, Мюнхене, па аднаму – у Дарэме, Базелі, Рыме, Венецыі, Капенгагене, Гётынгеме. Ужо ў 1353 г. Урыўкі “Філабіблона” былі выкарыстаны ў універсітэцкім статуце Оксфарда. З 1473 г. “Філабібліён” выдаваўся 35 раз на 10 мовах. Рычарда дэ Бёры сталі лічыць бацькам еўрапейскай бібліяфіліі.

Літаратура

  1.  Владимиров Л.И. Всеобщая история книги. М., 1988. С.36–51.
  2.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.65-74.
  3.  Колмаков П.К. Бёри // Книга: Энцикл. М., 1999. С.61.
  4.  Кунин В.В. Библиофилы и библиоманы. М., 1984. С.409-438.
  5.  Лаўрык Ю. Найдаўнейшыя беларускія кніжніцы // Роднае слова. 2006. №4. С.80.
  6.  Солонская Н.Г. Реконструкция фонда библиотеки Ярослава Мудрого // Весник БАЕ. 2004. №2. С.44–47.
  7.  Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.30-36.
  8.  Шамурин Е.И. Очерки по истории библиотечно-библиографической классификации. М., 1955. Т.1. С.36–56.
  9.  Шульц Ю.Ф. Кассидор // Книга: Энцикл. М., 1999. С.277.

Пытанні для самакантролю

  1.  Што складала аснову светапогляду ў сярэднявеччы?
  2.  Вызначце ролю Візантыі ў развіцці бібліятэчнай справы?
  3.  Як вы лічыце, у чым адрозненне сярэднявечных бібліятэк Візантыі і Заходняй Еўропы?
  4.  Што вы ведаце аб працы візантыйскага патрыярха Фоція “Мірыябібліён” (“Тысячакніжжа”)?
  5.  Які новы тып бібліятэк з’явіўся ў сярэднявечнай Еўропе?
  6.  Што такое Віварый?
  7.  У чым заключалася ідэя стварэння ўзорнай манастырскай бібліятэкі Касідора?
  8.  Дзе ў Заходняй Еўропе ўзніклі першы універсітэцкія бібліятэкі?
  9.  Які ўклад унёс Рычард дэ Бёры ў бібліяфільства?
  10.  Назавіце асноўныя кніжныя цэнтры Балгарыі?
  11.  Якім часам датуецца ўзнікненне першых бібліятэк у Беларусі і з чым гэта было звязана?
  12.  Вызначце ролю Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага ў кніжнай культуры Беларусі?
  13.  Назавіце першыя бібліятэкі Кіеўскай Русі?
  14.  Каго з рускіх князёў вы можаце як асветніка і заснавальніка бібліятэк?
  15.  Якія пасады з’явіліся ў бібліятэках і скрыпторыях сярэднявечча?
  16.  Што вы можаце сказаць пра інвентарныя вопісы манастыроў?
  17.  Асноўныя дасягненні бібліятэчнай думкі сярэднявечнай Візантыі і Еўропы?

4.3. Бібліятэчная справа феадальнага Усходу

Па часе ўзнікнення больш раннім, па перыяду існавання найбольш доўгатэрміновым былі феадальныя парадкі ў краінах Усходу.

Кітай. Станаўленне феадалізма ў Кітаі было звязана з распаўсюджваннем буддызму. У VI ст. у Кітаі налічвалася 50 тыс. буддысцкіх манастыроў, да 2 мільёнаў манахаў, якія садзейнічалі ўмацаванню свецкай улады. Бібліятэка як грамадскі інстытут фарміруецца і развіваецца ў першую чаргу ў Кітаі. Менавіта Кітай адыграў у адносінах да краін Паўднёва-Усходняй Азіі тую ролю, якую адыграла ў адносінах да Заходняй цывілізацыі Грэцыя. Таму і Кітай, і Грэцыя – гэта прарадзімы бібліятэк.

Важную ролю ў распаўсюджанні бібліятэк адыграла развіццё пісьменства, а таксма шэраг вынаходніцтваў, звязаных з гэтым. Матэрыялам для пісьма ў Кітаі служылі панцыр з чарапахі – найбольш старажытны матэрыял (прыкладна 1500 г. да н.ч.), а таксама бамбук і шоўк (770 – 476 гг. да н.ч.). Паперу першапачаткова кітайцы выраблялі з бамбукавай масы (бамбака, бамбіцына). У ІІ тысячагоддзі да н.ч. у Кітаі вынайшлі паперу. Дынастыя Хань увайшла ў гісторыю Кітая прымяненнем для пісьма паперы (з 76 г.). Цай Лунь у 105 г. удасканаліў спосаб вытворчасці паперы (з драўлянага луба, пянькі, ануч).

У IVVI стст. шырокае распаўсюджанне ў Кітаі атрымалі манастырскія бібліятэкі, у фондах якіх асноўнае месца займала буддысцкая літаратура, былі таксама творы па медыцыне, матэматыцы, астраноміі, граматыцы. Некаторыя з вопісаў фондаў гэтых бібліятэк, якія дайшлі да нашага часу, утрымліваюць звесткі аб назвах, імёнах аўтараў, перакладчыкаў, колькасці скруткаў (цзюаней) кожнага твора. Кнігі мелі шыфры. Складаліся вопісы страчаных кніг, рабіліся паметкі аб захаванасці рукапісаў. Былі спецыльныя людзі, якія займаліся ўзнаўленнем страчаных кніг.

Бібліятэкі былі арыентаваны на выкананне асноўнай функцыі – фондаўтварэння. Кнігі беражліва захоўваліся, выносіліся ў пэўны час на прасушку. Іх зберагалі для наступных пакаленняў. Папаўняліся бібліятэкі за кошт перапіскі, ахвяраванняў, перамяшчэння кніг з аднаго манастыра ў другі, пакупкі. Буйнейшым кніжным рынкам у Кітаі быў манастыр у Сянго.

У Кітаі былі багатыя палацавыя кнігасховішчы. Асаблівы інтарэс да збору старажытных прац праяўлялі Суйскія і Танскія імператары. За дастаўку ў імператарскую бібліятэку старажытных класічных твораў было ўстаноўлена ўзнагароджанне шоўкам. Кітайскія бібліятэкі мелі сотні тысяч рукапісаў, ксілаграфічныя (выразаныя на дрэве) выданні. Апошнія ўзніклі і пачалі распаўсюджвацца ў Кітаі пачынаючы з VIII – ІХ стст. Гэта знізіла кошт на кнігі. Першая захаваная друкаваная кітайская кніга – буддыйскі канон “Алмазная сутра” 868 г., створаная майстрам Ван Чы. У Х – ХIV стст. друкаваная кніга пачынае займаць пануючае становішча.

Пры імператары Чэн-дзі (26 г. да н.ч.) быў створаны каталог палацавай бібліятэкі. Яго аўтар захавальнік бібліятэкі Лю Сянь і яго сын Лю Сінь. Назва – “Сем кароткіх каментарыяў”: “Можна чытаць усю”, “Можна чытаць часткова”, “Можна прапанаваць для яго вялікасці”). Першапачаткова кнігі ў каталогу былі падзелены на 7 раздзелаў, многія апісанні кнігі змяшчалі прадмовы з біяграфіямі аўтараў, кароткім зместам кніг і звесткамі аб працэсе перапісвання і рэдагавання.

Да нашага часу захаваліся значныя зборы бібліятэкі манастыра ў Дуньхуані (IV – пачатак ХІ стст.).

Знешне нязменнымі заставаліся ў Кітаі (аж да пачатку ХХ ст.) і тыпы бібліятэк з тых далёкіх часоў – “Мэн-фу” (“Саюзныя палаты” – кітайскі варыянт палацавых бібліятэк); “Шу юань” (“Кніжныя двары” – аналаг бібліятэкі дзяржаўнага навуковага цэнтра) і прыватныя бібліятэкі. Гэта таксама бібліятэкі, а не архівы, бо развіваецца функцыя даступнасці. Найбольш важную ролю ў жыцці феадальнага Кітая адыгралі дзяржаўныя палацавыя “Саюзныя палаты”, якія ўзначальваў летапісец, напрыклад старажытнакітайскі філосаф Лао-цзы (VIV стст. да н.э., сучаснік Канфуцыя). Гэты тып бібліятэк заставаўся вядучым да пач. ХХ ст.

У VII – Х стст. у Кітаі ўзнікае навуковая ўстанова – “Кніжны двор”. Дзейнасць гэтай установы будавалася як і мусеона на аснове бібліятэкі, таму дадзеную ўстанову можна разглядаць менавіта як бібліятэку. Функцыі захоўвання, абслугоўвання, гарантавалася атрыманне кніг. На аснове кнігі будавалася сістэма выхавання, адукацыі, самаадукацыі. Росквіт “кніжных двароў” прыходзіцца на 960 – 1279 гг. (дынастыя Сун) і час дынастый Мінь (1368–1644) і Цынь (1644–1911), калі “кніжны двор” стаў месцам падрыхтоўкі да дзяржаўных экзаменаў, якія неабходныя былі, каб атрымаць дзяржаўную службу.

Не менш важную ролю у Кітаі ігралі і прыватныя бібліятэкі. Найбольш актыўны час – перыяд 770–476 гг. да н.ч., перыяд “Вясны і восені”. Прыватнымі бібліятэкамі валодалі: гісторык і дзяржаўны дзеяч Сыма Гуан (1017 або 1019–1086). Сабраў 10 тысяч кніг пераважна па гісторыі. Яго бібліятэка мела назву “Сад самотнай радасці” (у пер. на рускую мову – “Сад уединенной радости”). Аб кнігах, якія захоўваліся ў бібліятэках ніхто не павінен быў ведаць. Доўгі час прыватныя бібліятэкі служылі ў мэтах калекцыяніравання.

Кітайскія бібліятэкі адрозніваліся перш за ўсё тым, што кнігадрукаванне тут атрымала распаўсюджанне значна ранней, і бібліятэка ніколі не выконвала функцыя скрыпторыя. Функцыя даступнасці доўгі час была абмежаванай, або зусім адсутнічала аж да ХІХ ст.

 Японія. Кітайскія кнігі вывозіліся ў Карэю, Японію. Да вынаходніцтва складовага пісьменства ў справаводстве Японіі панавала кітайская мова. З Японіі ў Кітай пасылаліся студэнты, святары. Пачынаючы з VII ст. сувязі паміж Кітаем і Японіяй ажывіліся. Фонды японскіх бібліятэк напачатку складаліся адпаведна з кітайскай буддысцкай літаратуры. Карысталіся бібліятэкамі нешматлікія прадстаўнікі знаці, імператарскі двор, зямельная арыстакратыя, буддысцкае духавенства. Захаванне кнігі як і ў Кітаі.

З Кітая ў ХІ ст. буддыйская літаратура распаўсюдзілася і ў Паган (пазней – Бірма, а зараз М’янма), сталіцу Паганскай дзяржавы. У ХІ ст. падчас ваеннага паходу цара Пагана было захоплена шмат буддысцкіх твораў, для якіх у цэнтры сталіцы было пабудавана спецыяльнае памяшканне “Пітака-тайк” (свяшчэнная бібліятэка). Гэта бібліятэка размяшчалася ў шматярусным будынку, які захаваўся і да нашых дзён. У ХІ ст. было створана бірманскае пісьменства, пачалі з’яўляцца ўласныя кнігі, матэрыялам для якіх служылі пальмавыя лісты, а для пераплёту – дошчачкі з рэдкіх пародаў дрэў. Была пабудавана яшчэ адна буйная бібліятэка на беразе возера Мракаі.

Будынкі бібліятэк захаваліся да нашых дзён у іншых краінах Індакітаю, напрыклад у Камбоджы.

 В’етнам. Пасля вызвалення з-пад ярма Танскай імперыі актывізуецца развіццё культуры В’етнама. Самай першай бібліятэкай у В’етнаме лічыцца сховішча Дайхынг, аснову якога складалі таксама буддысцкія кананічныя творы. У гэтым жа сховішчы кнігі друкаваліся і распаўсюджваліся па краіне. У 1070 г. у Ханоі быў закладзены Храм літаратуры. Спачатку гэта гэта было месца багаслужэнняў, школа для заняткаў, цэнтр друкавання кніг ксілаграфічным спосабам, сховішча друкаваных дошчак, а потым пры храме ўзнікла і бібліятэка. Яе чытачамі былі выкладчыкі і навучэнцы школаў. У 1464 г. па каралеўскаму загаду падобныя храмы літаратуры будуюцца і ў правінцыях. У фондах бібліятэк пачынаюць сустракацца ўжо навуковыя, гістарычныя і паэтычныя творы, фальклорныя зборнікі.

У ХІІ ст. ад мангольскага нашэсця гінуць культура і бібліятэкі Кітая, Пагана і іншых краін. Надоўга затрымліваецца іх развіццё ў Японіі, бо краіну раздзіраюць феадальныя войны.

АРАБСКІ ХАЛІФАТ. У VIIVIII стст. арабы Аравійскага паўвострава заваёўваюць тэрыторыі Пярэдняй і Цэнтральнай Азіі, Закаўказзя, Паўночна-Заходняй Індыі, паўночнай Афрыкі і Пірынейскага паўвострава і ўтвараюць адзіную дзяржаву – Халіфат. Арабы, як і візантыйцы, прадоўжылі антычную традыцыю, вывучаючы і перакладаючы на арабскую мову творы Старажытнай Грэцыі і Рыма.

Па ўмовах і часе ўзнікнення, характары дзейнасці арабскія бібліятэкі былі неаднароднымі. Існавалі наступныя бібліятэкі:

  •  “Дамы мудрасці”;
  •  “Дамы навукі”;
  •  далучаныя бібліятэкі: пры школах (медрэсэ); мячэцях, маўзалеях, бальніцах, абсерваторыях.

Дамы мудрасці” – найбольш раннія бібліятэкі Арабскага халіфата. Яны засноўваліся і ўтрымліваліся на сродкі халіфаў і размяшчаліся звычайна ў палацах. Іх чытачы – вучоныя, паэты, правазнаўцы. Яны павінны былі вывучаць Каран, арабскую мову, ствараць новыя паэтычныя і навуковыя работы. Адной з першых бібліятэк гэтага тыпу была заснаваная ў VII ст. бібліятэка халіфаў ў Дамаску, які лічыцца першым навуковым цэнтрам мусульманскага свету. У 689 г. ад бібліятэкі быў аддзелены архіў. У бібліятэку паступалі копіі з розных канцоў свету. Аснова фонда – каранічная літаратура, калекцыі па алхіміі, медыцыне, астраноміі, гісторыі, філасофіі, літаратуры. У VIII ст. бібліятэка была перанесена ў новую сталіцу – Багдад.

На іспанскай тэрыторыі Арабскага халіфата славілася бібліятэка, сабраная эмірам Аль-Хакамам ІІ у Кардове. Фонд – 400 тыс. кніг, каталог складаўся з 44 тамоў па 50 лістоў у кожным. У эміра былі свае агенты, якія адшуквалі і дастаўлялі кнігі ў Кардову. Шматлікія пісцы іх перапісвалі. Штогод перапісвалася 60-80 тысяч экземпляраў копій. Толькі ва ўсходнім прадмесці сталіцы працавала 170 жанчын, якія спецыялізаваліся на вырабе копій каранічных кодэксаў. Эмір акрамя таго клапаціўся аб набыцці менавіта першага арыгінальнага экземпляра кнігі ад аўтара, таму і аўтары былі зацікаўлены ў продажы сваіх твораў і шмат пісалі прац, якія праслаўлялі Аль-Хакама ІІ. Пасля ж яго смерці бібліятэку “пачысцілі”, спаліўшы ерэтычныя працы па філасофіі і астралогіі, па рэлігійных спрэчках.

У Пярэдняй Азіі вылучалася бібліятэка “Дома мудрасці” ўладара Адуд ад-Даула. Ёю кіраваў вакіл, быў бібліятэкар – хазін і інспектар – мушрыф. У ёй былі сабраныя ўсе вядомыя на той час кнігі. памяшканне бібліятэкі ўяўляла сабой доўгую залу са шматлікі прыстройкамі з боку, вялікі вестыбюль. Уздоўж сцен стаялі драўляныя шафы з дзверцамі, якія адчыняліся зверху ўніз. Кнігі пэўнай галіны ведаў займалі асобную шафу. Карысталіся бібліятэкай знатныя асобы, вучоныя, паэты, чыноўнікі, прыязджалі вучоныя з розных гарадоў халіфата, якіх забяспечвалі харчаваннем і жыллём.

З канца ІХ ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі “Дамы навукі”, у якіх захоўванне кніг і абслугоўванне чытачоў спалучыліся з выкладаннем і навучаннем. Багдад, Кордава, Каір, Масул, Іерусалім, Халеб, Дамаск і іншыя гарады халіфата мелі такія бібліятэкі, якімі мелі права карыстацца слынныя граматныя мусульмане. “Дом навукі” ў Масуле, заснаваны каля 890 г., быў асабліва багаты рукапісамі па астраноміі і старажытнагрэчаскай філасофіі. Пры “Доме навукі” працавалі навуковыя гурткі. “Дом навукі” ў Багдадзе (з 993 г.) – навуковы цэнтр і першы мусульманскі універсітэт Ірака. У яго фондзе былі кнігі па філасофіі, геаметрыі, астралогіі, медыцыне, літаратуры. Фонд быў адлюстраваны ў сістэматычным каталогу. Кіравалі бібліятэкай вучоныя, а абслугоўвалі вучоных, пісьменнікаў і філосафаў з розных гарадоў – бібліятэкары. У 1059 г. бібліятэка была спалена перасамі.

Каля палаца халіфаў ў Каіры (з 1005 г.) знаходзілася яшчэ адна бібліятэка падобнага тыпу, якую шчодра фінансавалі ўладары. Спачатку гэта была палацавая бібліятэка, якую заснаваў другі халіф дынастыі аль-Азіз у канцы Х ст. У фондах бібліятэкі налічвалася акрамя значнай часткі рэлігійнай літаратуры і 18 тыс. навуковых прац. Бібліятэкар Алі бен Мухамад аль-Шабушці сачыў за расстаноўкай і забеспячэннем захаванасці фонда, які размяшчаўся ў 40 памяшканнях. Пры наступным пераемніку халіфа бібліятэка значна павялічылася і змянілася яе роля. Яна стала асновай цэнтра “Дар аль-ільм”. Асноўнай задачай арабскіх цэнтраў “дар аль-ільма” было распаўсюджванне рэлігійных ідэй, але ён першапачаткова быў і цэнтрам навуковых дыскусій. Сюды запрашаліся разам з мусульманамі і іудзеі, і хрысціяне, а бібліятэка была адкрыта для ўсіх жадаючых. Акрамя шматлікіх чытальных залаў, у бібліятэцы былі памяшканні для збораў вучоных. Па прыкладу каірскага “Дома навукі” былі пазней створаны аналагічныя цэнтры ў Іерусаліме, Масуле, Трыпалі і іншых гарадах арабскага свету.

Самым вялікім фондам ў канцы ХІ ст. валодала бібліятэка “Дома навукі” ў Трыпалі. Яе фонд – 3 мільёны кніг, у іх ліку 50 тыс. экз. Карана. Працавала 180 супрацоўнікаў. Загінула ад пажару ў час нашэсця крыжаносцаў.

У ІХ – ХІ стст. у Арабскім халіфаце бібліятэку мела кожная больш менш значная мячэць. У ХІ ст. амаль усе школы (мердрэсэ), маўзалеі і бальніцы таксама мелі бібліятэкі. Адзін з буйнейшых кніжных збораў склаўся ў Багдадзе пры медрэсэ Нідамійя (1064 г.). У Нацыянальным музеі ў Дамаску захоўваецца частка фонду сярэднявечнай бібліятэкі мячэці Ан-Нуры, заснавальнікам якой быў султан Нуры-і-Дзін Занкі. Вядомай па сваім часе была бібліятэка медрэсэ Мустансірыйя (з 1233 г.). Быў штат бібліятэкі, у які ўваходзілі дырэктар, памочнікі бібліятэкара, падносчыкі кніг. Чытачы – прафесары, студэнты, якія слухалі лекцыі. Прафесары і студэнты, супрацоўнікі бібліятэкі забяспечваліся харчаваннем і штомесячнай стыпендыяй.

Набыццё кніг ў Халіфаце стала пэўнай модай, а наяўнасць прыватнай бібліятэкі – знакам высокага сацыяльнага статуса, што напамінала адносіны да кніг і кніжнага калекцыяніравання ў Рымскай імперыі. Арабскія бібліяфілы валодалі калекцыямі кніг, якія налічвалі тысячы тамоў. Арабскія пісьменнікі апісвалі прыватныя бібліятэкі, якія змяшчалі нібыта больш за 5 тыс. тамоў, а для іх перавозкі патрабавалася 700 вярблюдаў. З часам гэтыя бібліятэкі паступова развіваліся і пераўтвараліся ў самастойныя. Некаторыя з іх сталі нацыянальнымі.

У ХІ – ХІІІ стст. большасць бібліятэк Арабскага халіфата загінула – падчас барацьбы арабаў з хрысціянамі-крыжаносцамі, так і ў выніку разрабавання мангольскімі заваёўнікамі. У 1236 г. па загаду кардынала Хіменеса была датла спалена Кардоўская бібліятэка. Бібліятэка Багдада была разбурана падчас захопу яе манголамі ў 1258 г.

КАЎКАЗ. Першыя звесткі аб з’яўленні бібліятэк на тэрыторыі Каўказа адносяцца да ІІІ – VII стст. У Арменіі ўжо на пачатку V ст. уводзіцца армянскі алфавіт, ствараецца філасофская, багаслоўская, гістарычная і геаграфічная літаратура на роднай мове. Адкрываюцца першыя школы пры манастырах і бібліятэкі пры школах. Ствараюцца кніжныя калекцыі феадалаў і духавенства.

У Грузіі ў ІІІ – VII стст. складваецца літаратура  на роднай мове, ствараюцца арыгінальныя філасофскія і гістарычныя творы, распаўсюджваецца перакладная літаратура. Асноўнымі культурн-асветнымі цэнтрамі ў Грузіі былі манастыры, пры якіх таксама адкрываліся школы і майстэрні па перапісванні кніг. Найбольш буйным з іх можна назваць кнігасховішча ў Мцхецскім патрыяршым падвор’і, Гарэджскім і іншых манастырах. У пачатку ХІІ ст. пры Гелацкім манастыры паблізу Кутаісі адкрываецца акадэмія і бібліятэка, якая змяшчала вучэбную літаратуру, працы па філасофіі, багаслоўі, астраноміі, матэматыцы і праву. Багатую бібліятэку меў грузінскі цар Давід Будаўнік (1089-1125 гг.), які браў кнігі ў ваенныя паходы.

Пачынаючы з V ст. адкрываюцца бібліятэкі і ў старажытным Азербайджане.

СЯРЭДНЯЯ АЗІЯ. Прыкладна ў ІІ – І стст. да н.э. у Харэзме было створана пісьменства. Вялікі збор помнікаў старажытнага пісьменства, якія адносяцца да ІІІ – IV стст. н.э., быў знойдзены пры раскопках гарадзішча Тапрак-Кала. У гэтым архіве налічвалася 116 дакументаў на скуры і дрэве. Распаўсюджанне асветы ў Сярэдняй Азіі ў IVVI стст. спрыяла ўзнікненню школ і палацавых бібліятэк. Праўда, ужо ў VIIVIII стст. большасць з бібліятэк былі разбураны арабскімі заваёўнікамі.

У ІХ – ХІ стст. культура і асвета Сярэдняй Азіі перажываюць новы ўздым. У Бухары, Самаркандзе, Харэзме і іншых гарадах распаўсюджваецца не толькі пісьменства, але і навука, мастацтва, ажыўляецца гандаль кнігамі. Ствараюцца вялікія кнігасховішчы рэлігійнай і навуковай літаратуры. У Бухары існавалі бібліятэкі пры мячэцях, медрэсэ (школах) і палацах эміра і знатных феадалаў. Найбольшую знакамітасць мела бібліятэка бухарскіх эміраў і медрэсэ Фараджэк. Знакаміты вучоны Ібн-Сіна (Авіцэнна), які наведаў гэтую бібліятэку ў канцы Х – пачатку ХІ ст., пісаў, што яна размяшчалася ў асобным доме, у пакоях якога кнігі размяркоўваліся па навуках. Быў каталог.

У ХІ – ХІІ стст. бібліятэкі адкрываюцца ў Ургенчы, Мерве, Хаджэнце і інш. У Мерве было дзесяць кнігасховішч пры мячэцях, медрэсэ і інш. Самай буйнай была бібліятэка саборнай мячэці Азізійе, налічвала каля 12 тыс. кніг і рукапісаў. Пазней з’яўляюцца бібліятэкі ў Хіве і іншых гарадах Сярэдняй Азіі.

Такім чынам, асноўныя здабыткі ў развіцці бібліятэк сярэднявечча:

  1.  Фармуюцца такія тыпы бібліятэк, як манастырскія, пры адукацыйных і навуковых цэнтрах (арабскія “Дамы навукі”, кітайскія “Кніжныя двары”), палацавыя бібліятэкі (арабскія “Дамы мудрасці”, кітайскія “Саюзныя палаты”); бібліятэкі універсітэтаў; прыватныя бібліятэкі.
  2.  Асноўная функцыя бібліятэк – фондаўтварэнне. Большую частку фондаў складае рэлігійная літаратура. Кнігі і бібліятэкі служаць для распаўсюджання рэлігіі (хрысціянства, буддызм, іслам).
  3.  Паступова склад фондаў бібліятэк папаўняецца літаратурай на шматлікіх еўрапейскіх мовах, становіцца разнастайным іх змест; што прыводзіць да ўзнікнення інтарэсу па распрацоўцы тэарэтычных пытанняў рацыянальнага размяшчэння кніг у кнігасховішчы, групіроўкі ў каталогах.
  4.  Што тычыцца функцыі абслугоўвання, то бібліятэка дае доступ да дакументаў усім свабодным грамадзянам (выключэнне складае Кітай, Паўднёва-Усходняя Азія, дзе функцыя абслугоўвання не развіваецца).
  5.  Адбываюцца змены ў матэрыяле пісьма (з’яўляецца і распаўсюджваецца папера) і форме кніг (з’яўляецца кодэкс).
  6.  Бібліятэка пачынае служыць навуцы і адукацыі.
  7.  Бібліятэка ўступае ў зносіны з іншымі ўстановамі і становіцца іх складовай часткай.
  8.  Бібліятэка канчаткова перастае быць архівам, становіцца самастойнай установай.
  9.  З’ўляюцца першыя спісы забароненых, ерэтычных твораў.
  10.  У асноўным у якасці каталогаў выступаюць інвентарныя вопісы.
  11.  Асноўныя бібліятэказнаўчыя працы, створаныя ў сярэднявеччы тычыліся арганізацыі бібліятэк, камплектавання, распрацоўкі правіл карыстання бібліятэкай, значэння чытання і кнігі.

Літаратура

  1.  Владимиров Л.И. Всеобщая история книги. М., 1988. С.51–54.
  2.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.34-70.
  3.  Горбачевский Б. Люди, книги и библиотеки. М., 1963. С.39.
  4.  Орлов В.И. Библиотеки Японии // Библиотековедение и библиография за рубежом. М., 1961. Вып.8. С.33-35.
  5.  Талалакина О.И. Исследователи культуры Востока о библиотеках Арабского халифата // Библиотековедение и библиография за рубежом. М., 1976. Вып.55. С.58-75.
  6.  Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.19-34.
  7.  Шамурин Е.И. Очерки по истории библиотечно-библиографической классификации. М., 1955. Т.1. С.52–60.
  8.  Kornicki P.E. The book in Japan: a cultural history from the beginnings to the nineteenth century. – Leiden, 1998. – P. 312–412. (Пераклад).

Пытанні для самакантролю

  1.  З чым было звязана ўзнікненне і распаўсюджанне бібліятэк у сярэднявечным Кітаі?
  2.  Назавіце асноўныя тыпы бібліятэк у Кітаі?
  3.  Які даведачны апарат мелі кітайскія бібліятэкі?
  4.  Ці выконвалі бібліятэкі Кітая функцыю скрыпторыя і з чым гэта было звязана?
  5.  На якія краіны Усходу Кітай аказаў значны ўплыў у распаўсюджанні бібліятэк?
  6.  Назавіце асноўныя тыпы бібліятэк Арабскага Халіфата?
  7.  Калі ўзніклі першыя бібліятэкі пры мусульманскіх універсітэтах?
  8.  Як арабы прадаўжалі антычную традыцыю?
  9.  Які склад персаналу мог быць у арабскіх бібліятэках?
  10.  Як удзельнічалі жанчыны Усходу ў бібліятэчнай справе?
  11.  Назавіце асноўныя тыпы бібліятэк у Грузіі і Сярэдняй Азіі?

ЛЕКЦЫЯ 5. Бібліятэкі эпохі Адраджэння (ХІІІ – 1640 г.)

5.1. Бібліятэчная справа і еўрапейскі Рэнесанс

Эпоха Адраджэння ці еўрапейскі Рэнесанс – пераходны перыяд ад сярэднявечча да новага часу, эпоха фарміравання гуманістычнай культуры: гуманістычных ідэй і ідэй рэфармацыі. На першы план выходзіць ідэал свабоднага, усебакова развітага чалавека. Адступае феадальнае мінулае і прыходзіць час актыўнага дыялогу з антычнымі папярэднікамі. Чалавецтва перажывала найвялікшы пераварот у сваім развіцці, гэта была эпоха, якой патрэбны былі тытаны і якая стварыла тытанаў па сіле думкі, па шматграннасці і вучонасці. Гуманізм быў адлюстраваннем хуткага росту свецкай культуры. Павялічваецца колькасць кніг па розных галінах ведаў. Узнікаюць новыя прагрэсіўныя філасофскія школы. Адраджаецца філалогія. Наглядаюцца зрухі ў навуках аб грамадстве. З сярэдзіны XV ст. наступае эпоха вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Узнаўляецца інтарэс да астраноміі, механікі, фізікі, анатоміі, фізіялогіі. У 1543 г. надрукавана праца Мікалая Каперніка “Пра абарачэнне нябесных сфер”. Праўда, новыя ідэі сустракалі моцнае супраціўленне царквы. Гуманісты вялі ідэйную барацьбу з царкоўнай схаластыкай, кальвіністы, лютэране і іншыя рэфармісты – з каталіцызмам.

Найбольш характэрнымі зменамі ў бібліятэчным жыцці сталі:

  1.  Далейшая дыферэнцыяцыя літаратуры, павелічэнне колькасці прыродазнаўчай і грамадскай літаратуры;
  2.  З’яўленне новых чытачоў, якія адчуваюць большую патрэбу ў літаратуры, звязанай з практычнай дзейнасцю;
  3.  Змены ў характары запытаў чытачоў бібліятэкі – узрастае цікавасць да свецкай новай літаратуры;
  4.  Небывала хуткі рост кніжных фондаў у сувязі з вынаходніцтвам кнігадрукавання пры дапамозе рухомых літар (у 40-я гады XV ст.).

Радзіма Адраджэння – Італія, дзе гуманістычныя тэндэнцыі ў грамадскім жыцці праяўляюцца ўжо ў другой палове ХІІІ ст. Паступова на працягу XIV – першай паловы XVII ст. у сферу Адраджэння ўцягваюцца і іншыя краіны Еўропы. (Тэрмін “Адраджэнне” ўведзены ў 1550 г. італьянскім гісторыкам Дж. Вазары).

 ІТАЛІЯ. Пасля падзення ў 1453 г. Візантыі, пачынаецца эпоха росквіту Адраджэння. Ідэалы Адраджэння, пачынаючы з Італіі (Фларэнцыі і Венецыі) засвойваюцца і распаўсюджваюцца ў Еўропе. Абуджаецца інтарэс да вывучэння грэчаскай і лацінскай моў, адраджаецца інтарэс да антычных аўтараў, антычнай спадчыны ў цэлым і да кнігі ў прыватнасці, ідэалаў свабоднай асобы, якія асабліва праяўляюцца ў імкненні да стварэння багатых прыватных бібліятэк, і гэты працэс паступова становіцца агульнаеўрапейскім.

У эпоху Адраджэння ў жыцці грамадства дамінуе менавіта прыватная бібліятэка як адзін з тыпаў бібліятэк. Дзякуючы прыватным бібліятэкам эпохі Адраджэння адбываецца фарміраванне новага тыпу бібліятэк, які быў арыентаваны на агульнадаступнасць, на абслугоўванне шырокага кола грамадзян, што вызначала тэматыку фондаў, палітыку камплектавання, адносіны бібліятэк да задачы захавання сусветнай духоўнай спадчыны.

Адной з такіх прыватных бібліятэк была бібліятэка італьянскага паэта Франчэска Петраркі (1304–1374). Дзякуючы шырокім асабістым сувязям, якія ён усталёўваў і будучы на дыпламатычнай службе, а таксама самастойна перапісваючы тую ці іншую кнігу, Петрарка сабраў значную калекцыю антычных аўтараў. Гэта былі як копіі, так і арыгіналы. Асабліва цаніў Вергілія, не раставаўся з яго творамі нават у дарозе. У 1337 г. Склаў каталог сваёй бібліятэкі “Мае кнігі”, які ўключаў больш за 1 тыс. назваў. Перадаў сваю бібліятэку ў дар ураду Венецыянскай рэспублікі. Яна ўвайшла ў склад бібліятэкі сабора св.Марка.

Збіраў кнігі Джавані Бакача, аднак яго калекцыя была ў параўнанні з бібліятэкай Петраркі значна сціплейшай (сродкі былі меншыя). Бакача таксама хацеў зрабіць сваю бібліятэку агульнадаступнай. Завяшчаў яе ў 1374 г. манастыру Санта Спірыта ў Фларэнцыі.

Самым знакамітым калекцыянерам кніг у Італіі таго часу быў Нікола Нікколі (1363–1437). У адрозненні ад Петраркі ён не займаў высокіх афіцйных пасад, але дзякуючы сваёй бібліятэцы стаў адным з самых вядомых людзей Фларэнцыі. Атрымаўшы пасля смерці бацькі вялікую спадчыну, ён патраціў усё на пакупку кніг. Яго бібліятэка налічвала 800 кніг. У яго бібліятэцы працавала некалькі пісцоў. Сам жа ўладальнік займаўся ў асноўным даследчай працай па выяўленні арыгіналаў, параўноўваў спіскі аднаго твора, вывяраў, пісаў каментарыі да іх. У камплектаванні бібліятэкі Ніколі дапамагаў сакратар Папы рымскага Поджа Брачаліні, у якога таксама была прыватная бібліятэка, для якой ён пабудаваў спецыяльны будынак. Перад смерцю Нікола Ніколі завяшчаў сваю бібліятэку Фларэнцыі з тым, каб на яе аснове была створана публічная бібліятэка. Бібліятэка Ніколі была змешчана ў манастыр Сан Марка. На стварэнне і папаўненне бібліятэкі ахвяраваў вялікую суму грошай Казіма Медзічы і атрымала назву Бібліятэка Медзічы Лаўрэнцыяна або Бібліятэка Лаўрэнцыяна. Пры ўнуку Казіма Медзічы – Ларэнца – для бібліятэкі было пабудавана новае памяшканне, а інтэр’еры былі створаны Мікеланджала Буанароцці. Казіма Медзічы наняў 45 пісцоў, якія за 2 месяцы перапісалі і ўпрыгожылі 200 кніг.

Прыватныя калекцыі бібліяфілаў адыгралі значную ролю ў фарміраванні агульнадаступных бібліятэк эпохі Адраджэння.

У эпоху Адраджэння ў еўрапейскіх дзяржавах, калі ішоў працэс фармавання нацый, нацыянальных моў і культур адбываюцца і значныя змены ў дзейнасці бібліятэк. Адкрываюцца новыя універсітэцкія, публічныя бібліятэкі. Перадаюцца ва ўласнасць гарадам шматлікія манастырскія бібліятэкі. У фондах бібліятэк асноўнае месца пачынаюць займаць кнігі на нацыянальных мовах, фарміруюцца новыя правілы складання каталогаў, расстаноўкі фондаў, абслугоўвання чытачоў.

Гарадскія бібліятэкі даступныя не толькі для духавенства (епіскапаў, манахаў) ці для вучоных і студэнтаў, але і для іншых грамадзян – інжынераў, настаўнікаў, юрыстаў, купцоў, майстроў розных галінах. З бібліятэчнай практыкай у гэты перыяд была звязана дзейнасць многіх знакамітых вучоных.

У канцы ХІІІ ст. такія італьянскія гарады як Фларэнцыя, Балонья, Падуя і іншыя становяцца калыскай, цэнтрамі гуманістычнай культуры. У Італіі найбольш захавалася антычная культурная спадчына – аснова гуманізма. Кнігі і бібліятэкі высока цаніліся гуманістамі. Вучоны, педагог, гуманіст Паола Верджэрыо абвінавачваў свой час і папярэднікаў мінулай эпохі ў гібелі вялікай колькасці багатых бібліятэк. Петрарка лічыў бібліятэкі распаўсюджвальніцамі гуманістычных ідэй і таму яны павінны былі быць у кожным горадзе. Гуманіст Салютаці таксама падкрэсліваў важнасць сістэматычнага папаўнення бібліятэчных фондаў, назначэння на пасады кіраўнікоў бібліятэкамі людзей, якія выдатна былі знаёмымі з кожнай кніжкай у фондзе.

У ХІІІ – XIV стст. у Італіі ствараюцца першыя свецкія бібліятэкі вучэбнага характара. Адной з буйнешых становіцца бібліятэка універсітэта ў Балоньі.

Манастырскія бібліятэкі перажываюць у гэты перыяд упадак. (Монтэ Касіно).

Пазітыўна адбілася на памнажэнні каштоўнасцей бібліятэчных фондаў эміграцыя грэкаў пасля падзення Візантыі і захопу яе туркамі, які прывозілі ў Італію рукапісы антычных аўтараў. Рукапісная традыцыя захоўвалася ў Італіі і нават пасля вынаходніцтва кнігадрукавання (да XVIII ст.).

Тым не менш развіццё кнігадрукавання пашыралася. Так, з 1448 г. па 1500 г. у 246 гарадах Еўропы з’явілася 1099 друкарняў, якімі было выдадзена 40 тыс. назваў кніг, што прынесла нямала клопатаў царкве. І ў 1471 г. папа Сікст IV аб’явіў аб увядзенні папярэдняй цэнзуры друкаваных твораў. Пры папе Льве Х (1513–1521) цэнзура распаўсюдзілася на ўвесь хрысціянскі свет.

У XVI ст. бібліятэкары Італіі значную ўвагу ўдзяляюць тэорыі стварэння каталогаў. Першапраходцам у гэтай справе стаў манах бенедыкціянец Фларыян Трэфлер (выд. 1560 г.). Абавязковымі для бібліятэкі Трэфлер лічыў такія каталогі, як алфавітны, сістэматычны, у якім апісваліся кнігі ў той паслядоўнасці ў якой яны стаялі на паліцах; прадметны – пералік зместу кніг, якія былі ў фондзе з алфавітным паказальнікам да яго і пералік кніг, якія захоўваліся на запасных паліцах. Лічыў, што толькі для бібліятэкара павінен існаваць пералік кніг з запасных паліц; а таксама, што бібліятэка – установа, якая праводзіць ідэі дзяржавы. Сістэма Трэфлера вынікала з рэальна прымяняўшыхся ў той час у практыцы бібліятэк розных краін каталогаў. Вучоны абагуліў гэту разнастайную практыку, даўшы пералік каталогаў у стройнай сістэме

 ДАЛМАЦІЯ, ВЕНГРА-ХАРВАЦКАЯ ДЗЯРЖАВА.

Уплыў італьянскага гуманізма дасягнуў і такіх краін як Далмація, Венгра-Харвація, Чэхія, Польшча. Высокім культурным узроўнем адзначаюцца гарады Далмаціі. Сталіцай краіны адрыятычных славян і цэнтрам сербахарвацкага гуманізму і Адраджэння быў горад Дуброўнік. Неабходна адзначыць багатыя бібліятэкі абацтва Дуброўніка, у якіх былі працы антычных аўтараў, творы неапалітанскіх паэтаў, працы гуманістаў. Найбольш значныя фігуры Адраджэння ў Далмаціі, з якімі звязана і стварэнне бібліятэк былі Вук Бабальевіч, Задра Мафео Валарэса, Марка Маруліч. Так, Вук Бабальевіч, які быў дыпламатам у Канстанцінопалі і Будзе, меў шырокую магчымасць прывозіць адтуль рукапісы. Задра Мафео Валарэса арганізаваў гурток гуманістаў, які карыстаўся бібліятэкай абацтва. Марка Маруліч – заснавальнік харвацкай літаратуры, меў багатую прыватную бібліятэку, якая была даступнай і многім.

Для бібліятэк эпохі Адраджэння ў Далмаціі асноўнымі ворагамі сталі эпідэмія чумы XVXVI стcn., а таксама Напалеонаўскае нашэсце ў пачатку ХІХ ст., калі было знішчана шмат бібліятэчнай рукапіснай спадчыны.

У 1417 г. на службу да венгерскага караля прыехаў Паола Верджэрыо, вядомы італьянскі гуманіст. У Венгрыі была таксама значная італьянская калонія ў сталіцы.

Венгерскі кароль Маціяш Хуньядзі І Корвін (1458–1490 гг.) заснаваў каралеўскую бібліятэку, якая стала месцам сустрэч гуманістаў з розных краін, якую часта параўноўваюць з Александрыйскай бібліятэкай. Бібліятэка налічвала ад 2 да 2,5 тыс тамоў. Пазней бібліятэка была названа “Карвінай”. 2/3 фонда бібліятэкі мела свецкі характар. У бібліятэцы працавала 30 пастаянных перапісчыкаў, якія ведалі старажытныя мовы. Менавіта каралеўская бібліятэка Венгрыі аказала значны ўплыў на развіццё гуманістычнай культуры ў іншых краінах Еўропы. Каштоўныя рукапісы “Карвіны” перапісваліся для бібліятэк Чэхіі, Польшчы, Германіі. Найбольшы росквіт для бібліятэкі – 1480-1490 гг. У каралеўскім палацы знаходзілася таксама і майстэрня кнігадрукавання. Была разбурана туркамі. Часткова яе фонды трапілі ў прыватныя бібліятэкі.

ГЕРМАНІЯ. У XV ст. шырыцца гуманістычны рух у Германіі. Нямецкі гуманізм меў антыфеадальную накіраванасць, нямецкія гуманісты рэзка выступалі супраць каталіцкай царквы.

Рудольф Агрыкола, Конрад Цэльціс, галадндзец Эразм Ратэрдамскі арганізоўвалі гурткі пры германскіх універсітэтах для вывучэння антычных аўтараў, а таксама стваралі бібліятэкі.

Вынаходніцтва кнігадрукавання традыцыйна ў Еўропе звязана з імем Іагана Гутэнберга. На змену вялікафарматным рукапісным кодэксам прыйшла кніга ў той форме, у якой яна дайшла да канца ХХ ст. і бібліятэка перастала выконваць функцыю скрыпторыя. Функцыя збора і захоўвання дакументаў з гэтага часу канчаткова аддзяляецца ад фукнцыі кнігавытворчасці. Друкарні і выдавецтвы становяцца самастойнымі установамі.

Біблятэка перастае быць архівам. Бібліятэка і архіў – самастойныя ўстановы.

Вынаходніцтва кнігадрукавання стала пераломным у разрыве сувязей бібліятэкі з рэлігійна-культавымі ўстановамі. Манастырская бібліятэка перастае быць вядучым тыпам бібліятэк. Дзякуючы кнігадрукаванню адбываюцца змены ў асноўных функцыях бібліятэкі – функцыі захоўвання і абслугоўвання, што асабліва праявілася ў перыяд Рэфармацыі.

У першай чвэрці XVI ст. у Германіі найвышэйшага развіцця атрымала Рэфармацыя, якую ўзначальваў прафесар-багаслоў Вітэнбергскага універсітэта Мацін Лютэр (1483–1546 гг.). пачаткам Рэфармацыі лічыцца 31 кастрычніка 1517 г., калі Марцін Лютэр прыбіў на дзверы сабора ў Вітэнбергу свае 95 рэфарматарскіх тэзісаў. Лічыў, што і гуманізм, і Рэфармацыя павінны вывесці бібліятэку з манастыроў і зрабіць яе свецкай. Асновай развіцця гарадоў лічыў адукаваных, добрасумленных, выхаваных грамадзян. Толькі ім было пад сілу збіраць, захоўваць і з розумам выкарыстоўваць інтэлектуальныя багацці. Стаяў на пазіцыях распаўсюджання літаратуры на розных мовах. Гарады павінны былі не шкадаваць грошай на стварэнне кнігасховішч. Так, у XVXVI стст. у Германіі ствараюцца першыя публічныя бібліятэкі: у Нюрнбергу (1429 г.), у Аўгсбургу (1532 г.). Асновай іх фондаў былі бібліятэкі манастыроў. Такім чынам складваецца своеасаблівы тып бібліятэк – гарадская бібліятэка, якая была сукупнасцю разнастайных па месцы стварэння бібліятэк: бібліятэка ратушы, гарадская бібліятэка і бібліятэка гімназіі, бібліятэка пры царкве.

ФРАНЦЫЯ. Галоўным цэнтрам французскага Адраджэння сталі Парыж, Ліён, некаторыя гарады Навары. У 1530 г. у Парыжы ствараецца новы свецкі універсітэт (насуперак Сарбоне) Каледж дэ Франс. У 1635 г. – французская Акадэмія навук; збіраюцца прыватныя бібліятэкі літаратуразнаўцамі, гісторыкамі. Асабліва вызначаюцца стваральнікі нацыянальнай бібліяграфіі Францыі Франсуа Дэлакруа і дзю Вердзье. Іх працы і да нашага часу маюць значную каштоўнасць і з’яўляюцца важнейшымі крыніцамі старой французскай літаратуры XVI ст.

Так, да работы Дэлакруа па бібліяграфіі прыкладалася праца па арганізацыі каралеўскай бібліятэкі. У 1583 г. была паказана каралю Генрыху ІІІ. Кнігі прапаноўвалася размясціць па 100 шафах, па 100 кніг на 10 паліцах у кожным, што складала 10 тыс. тамоў (праект– аддалены продак дзесяцічных класіфікацый ХІХ–ХХ стст.). У кожнай шафе – пэўная тэматыка, якая павінна была быць адлюстравана у надпісе на шафе. Склаў пералік усіх загалоўкаў для 100 шафаў, якія забяспечыў лічбавым індэксам. 100 шафаў падзялялася на сем вялікіх тэматычных комплексаў або разрадаў: першы разрад, “які адносіўся да ўсіх свяшчэнных прадметаў і да ўсяго, што залежала ад іх” (шафы 1-17); другі – “тычыўся навук і мастацтва” (шафы 18–41); трэці разрад, які “змяшчаў апісанне Сусвету, як цалкам, так і ў прыватнасцях” (шафы 42–62); чацвёрты разрад – “прадметаў, якія адносіліся да чалавечага роду” (шафы 63–72); пяты – “людзей, якія праславіліся на вайне” (шафы 73–81); шосты – “тычыўся тварэнняў бога” (шафы 82–96); сёмы – “тычыўся сумесі з розных мемуараў (шафы 97–107). Кожны з разрадаў меў свае рубрыкі. У класіфікацыі знайшлі адлюстраванне новыя адкрыцці і вынаходніцтвы. Падрабязная дэталізацыя класіфікацыі, арыгіальнае дэцымальнае дзяленне матэрыяла, хоць і не да канца выражанае, робяць праект цікавейшым дакументам XVI ст.

Першая публічная бібліятэка Францыі – бібліятэка кардынала Джуліо Мазарыні (1634 г.). Пэўны час у біблятэцы працаваў кнігазнаўца, публіцыст, прафесар медыцыны, прыдворны ўрач Людовіка ХІІІ Габрыэль Надэ (1600–1653). Быў знаёмы з буйнейшымі бібліятэкамі Еўропы. Пасля смерці Мазарыні бібліятэка стала ўласнасцю каралеўскай сям’і. Надэ ж пераехаў у Стакгольм, дзе стаў бібліятэкарам каралеўскай бібліятэкі Швецыі. Надэ – аўтар дапаможніка “Парады для наладжвання бібліятэкі” (1627). У выданні даваліся рэкамендацыі па паўнаце кніжных збораў, гаварылася аб разнастайнасці ў падборы літаратуры пры камплектаванні фондаў, уважлівых адносінах да “маленькіх” аўтараў і кніг. Надэ надае вялікае значэнне мэтазгоднай растаноўцы фондаў (па факультэтах): Багаслоўе, Медыцына, Юрыспрудэнцыя, Гісторыя, Філасофія, Матэматыка, Гуманітарныя навукі і іншыя, якія неабходна падраздзяляць кожную ў адпаведнасці з іх асаблівасцямі. Унутры павінны быць рубрыкі. Упачатку неабходна ставіць кнігі найбольш старажытных аўтараў і на больш агульныя тэмы. Падкрэслівае неабходнасць двух каталогаў: сістэматычнага і аўтарскага алфавітнага.

У Францыі ідэі гуманізма і Рэфармацыі распаўсюджваліся ў жорсткай барацьбе з царквой. Нялёгкім было супрацьстаянне інквізіцыі. Спецыяльныя манаскія ордэны вялі барацьбу з ерассю (езуіты таксама). У спецыяльных навучальных установах рыхтавалі барацьбітоў за чысціню царквы: каралеўская калегія Каледж Руайяль, заснаваная езуітамі са згоды Генрыха IV. Фамільны каралеўскі замак Шатанеф. Бібліятэка дадзенай установы багата фінансавалася. Выдзяляліся асобна зборы ерытычнай літаратуры.

АНГЛІЯ. Распаўсюджанне гуманізма ў Англіі наспупіла тады, калі ў большасці краін Еўропы адбываўся іх крызіс, у пачатку XVI ст. Цэнтармі становяцца Оксфардскі і Кембрыджскі універсітэты. Асабліва Оксфардскі універсітэт.

У Англіі напачатку Адраджэння вядучае месца працягвалі займаць манастырскія бібліятэкі. Нават бібліятэкі названых універсітэтаў не мелі значных кніжных збораў. Толькі пры Генрыху 8, калі адбылася секулярызацыя манастыроў, адбыліся пэўныя змены і ў кніжных зборах. Праўда, яшчэ да аб’яўлення аб секулярызацыі ў 1533 г. захавальніку асабістай каралеўскай бібліятэкі Джону Леленду было даручана адабраць рукапісы з усіх бібліятэк абацтваў, сабораў, каледжаў для караля. Аднак у большасці выпадкаў апусцеўшыя манастырскія бібліятэкі былі разрабаваны яшчэ да прыезду Леленда. Яму ўдалося сабраць усяго некалькі соцен кніг. Напрацягу 1536–1539 гг. было секулярызавана 800 манастыроў. Аднак большая частка іх фондаў была спалена або парвана. Захаваліся фонды толькі Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў.

У 1549 г. універсітэцкія бібліятэкі ўсё ж не мінула “чыстка”. І бібліятэка оксфардскага універсітэта перастала існаваць Каля 50 гадоў унівесітэт не меў сваёй бібліятэкі. Толькі ў канцы XVI ст. Томас Бадлей, англійскі дыпламат і вучоны, на свае сродкі ўзнавіў кнігасховішча, падарыў шмат кніг. У 1602 г. бібліятэка была ізноў адкрыта. У яе фондах захоўваліся рукапісы IIIII стст. да н.ч. на грэчаскай і лацінскай мовах, калекцыя першых друкаваных выданняў Англіі, першыя п’есы В.Шэкспіра.

Універсітэцкія бібліятэкі Англіі ў XVXVI стст. мелі прадуманую сістэматызацыю літаратуры: кнігі расстаўляліся ў парадку, які быў блізкі да класіфікацыі ведаў Арыстоцеля.

У царкоўных бібліятэках кнігі, як і ў Германіі, якія былі адобраны царквой, перапляталіся ў светлыя пераплёты і размяшчаліся направа ад уваходу, а ерытычныя наадварот – у цёмныя, размяшчаліся злева.

У 1595 г. выйшаў “Каталога англійскіх друкаваных кніг” (Т.1–2) Эндру Маўнсэла, бібліёграфа, кнігапрадаўца. У прадмове – новыя тэндэнцыі правіл складання каталогаў: непасрэднае дасканалае знаёмства з кнігай, шматаспектнае адлюстраванне кнігі, пры групіроўцы – вынясенне на першы план найбольш неабходных чытачам, а імі, як ён лічыў, былі кнігі па прыродазнаўстве і толькі потым гуманітарныя. Пры жыцці Маўнсела выйшлі 1 і 2 тамы яго працы: у першым – выдзелена багаслоўская літаратура і кнігі па пытаннях рэлігіі; у другім – арыфметыка, геаметрыя, астраномія, астралогія, музыка, ваенна мастацтва, а таксама – фізічныя навукі і хірургія. Трэці том павінен быў змяшчаць “кнігі на нашай уласнай мове па грматыцы, логіцы, рыторыцы, праву, гісторыі, паэзіі, палітыцы і інш., якія ў большай ступені заключалі матэрыял для асалоды і задавальнення...”. Нягледзячы на некаторае пашырэнне тэматыкі літаратуры і рост ўдзельнай вагі свецкай кнігі, у манастырскіх і саборных бібліятэках XVXVI стст. па-ранейшаму вядучае месца займае багаслоўская кніга. У каталогах яна (як і папярэдні час) – на першым месцы.

У XVI ст. з’яўляецца праца швейцарца Конрада Геснера (1516–1565), прафесара грэчаскай мовы і філасофіі ў Лазане і Цюрыху, аднасасова, урача, заолага, батаніка, юрыста, гісторыка і бібліёграфа, за якім замацавалася слава “бацькі заходнееўрапейскай бібліяграфіі” – “Усеагульная бібліятэка” (1545). Выданне ўяўляе з сябе бібліяграфічнае апісанне вядомых у часы Геснера кніг, напісаных на грэчаскай, лацінскай і яўрэйскай мовах. Першы том – у алфавіце аўтараў, другі – змяшчае тую самую літаратуру, размешчаную ў сістэматычным парадку па 21 раздзелу. Для другога тома Геснерам была складзена класіфікацыя, каштоўнасць якой заключаецца ў тым, што ён паспрабаваў злучыць у ёй патрабаванні тагачаснай навукі з патрэбнасцямі бібліяграфічнай практыкі. Традыцыйна ён вылучыў тры асноўныя комплексы: сем свабодных навук (кнігі І–ХІІІ), механічныя мастацтвы (кніга ХІІІ), філасофія (кнігі XIV–ХХІ). Навукі размясціў у паслядоўнасці іх вывучэння ў еўрапейскіх школе і універсітэце. Кожны аддзел пачынаўся з падраздзялення “агульнае”, прызначанага для кніг комплекснай тэматыкі, якія ахопліваюць навуку цалкам. Геснер прадугледзеў у сваёй класіфікацыі падраздзяленні для новых тэорый і адкрыццяў таго часу. Шырока выкарыстоўваў сістэму спасылак і адсылак. Галоўныя вартасці працы – гэта новае для таго часу навуковае вырашэнне асноўных пытанняў класіфікацыі, адлюстраванне навуковых праблем сучаснасці, дакладная сістэматызацыя матэрыялу, небывалая да таго дробнасць бібліятэчнай класіфікацыі, прыстасаванасць яе да практычных патрэб чытачоў і інш. Геснер арыентаваў сваю класіфікацыю на патрэбнасці вучоных.

Значны ўклад у развіццё бібліятэчнай класіфікацыі зрабіў англічанін Фрэнсіс Бэкан (1561–1636), які ў 1623 г. надрукаваў сваю працу “Аб вартасцях і удасканаленні навук”. Асноўныя ідэі Фрэнсіса Бэкана тычыліся агульнай структуры класіфікацыі навук. У аснову сваёй класіфікацыі ведаў ён паклаў разнастайныя духоўныя здольнасці чалавека, якія з’яўляюцца крыніцай пазнання. Ён лічыў, што існуюць тры асноўныя здольнасці: Памяць, Уяўленне і Рассудак. Адпаведна гэтаму ўсе веды падзяляюцца на тры групы: Гісторыя, Паэзія і Філасофія або Навука. Галоўнай Бэкан лічыў Навуку. Бэкан дапускаў дваістасць ісціны – адна, пазнаваемы вопыт і назіранне; другая – боскае, спасцігаемае адкравеннем або натхненнем. Адной з асаблівасцяў класіфікацыі Бэкана з’яўлялася ўвядзенне ў агульны класіфікацыйны рад некаторых навук, у яго час не існаваўшых, але якія ў будучым павінны быць створаны. Бэкан стаў першым, хто так падрабязна распрацаваў класіфікацыю ведаў, кіруючыся тым, што ў аснове ўсялякага пазнання ляжыць практычны вопыт.

Што тычыцца прафесіі бібліятэкара, бібліятэкара як прафесіянала, то ў эпоху Адраджэння гэта пытанне паўстае прынцыпова ў іншым ракурсе. Так, урбінскі герцаг Федэрыга да Монтэфельтра (1422–1482), які сабраў бібліятэку ў 1120 тамоў, распрацаваў інструкцыю, у якой сфармуляваў патрабаванні да бібліятэкара. У адпаведнасці з інструкцыяй у абавязкі бібліятэкара ўваходзілі нагляд за парадкам, вядзенне каталога, ахова фонда ад пашкоджанняў, забеспячэнне доступу да фондаў і прастаўленне ў спецыяльным журнале адзнак аб выданых манускрыптах. Монтэльфельтра падае таксама і якасці, якімі павінен валодаць бібліятэкар: вучонасцю, прыемным характарам, прадстаўнічаў знешнасцю, прыгожым словам. Найбольш жа ў сапраўднасці цанілася адукаванасць. Своеасаблівым сімвалам бібліятэкара італьянскага Адраджэння стаў захавальнік Лаўрэнцыяны Антоніо Мальябекі (1633-1715). Ён не надаваў ніякага значэння адзенню, і яго знешні выгляд быў далёкі ад “прыемнага”, бо ён насіў адзенне да тых пор, пакуль яно на ім не згнівала. Эканоміў час на мыцці, адзяванні, ядзе, але напамяць ведаў каталогі ўсіх еўрапейскіх бібліятэк – нават да таго, што мог указаць месцазнаходжанне той ці іншай кнігі на паліцы.

Значную ўвагу ў эпоху Адраджэння надаюць як будове, так і абсталяванню бібліятэк. Ідэальная мадэль бібліятэкі Барока была распрацавана французскім вучоным-езуітам Клодам Клеманам (1596–1642). Клеман абгрунтаваў падыходы да камплектавання бібліятэк, сістэматызацыі літаратуры, абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання ў бібліятэцы помнікаў матэрыяльнай культуры, раскрыў асноўныя элементы візуальнага афармлення бібліятэкі і яе назначэння. Бібліятэка павінна садзейнічаць навуковым заняткам, адукацыйным мэтам. Вучоных-бібліятэкараў Клеман параўноўваў з капітанамі караблёў.

 Вынікі:

  1.  У Еўропе бібліятэка перастае выконваць функцыю скрыпторыя. Накіравана на захоўванне экземпляра тыражыраванага дакумента. Бібліятэка і архіў – самастойныя ўстановы.
  2.  Функцыя збору і захоўвання дакументаў з гэтага часу канчаткова аддзяляецца ад фукнцыі кнігавытворчасці. Друкарні і выдавецтвы становяцца самастойнымі установамі.
  3.  Вынаходніцтва кнігадрукавання стала пераломным у разрыве сувязей бібліятэкі з рэлігійна-культавымі ўстановамі.
  4.  Павелічэнне колькасці копій робіць магчымым пашырэнне кола адукаваных людзей, якія навучаюцца. Бібліятэка працягвае служыць навуцы ў межах ідэалаў, вызначаных антычным светапоглядам.
  5.  У эпоху Адраджэння ў жыцці грамадства дамінуе прыватная бібліятэка.
  6.  Дзякуючы прыватным бібліятэкам эпохі Адраджэння адбываецца фарміраванне новага тыпу бібліятэк, які быў арыентаваны на агульнадаступнасць, на абслугоўванне шырокага кола грамадзян, што вызначала тэматыку фондаў, палітыку камплектавання, адносіны бібліятэк да задачы захавання сусветнай духоўнай спадчыны.
  7.  Эпоха Адраджэння залажыла прынцыпова новыя адносіны ўладальнікаў прыватных бібліятэк з грамадствам, зарыентаваўшы бібліяфілаў на фармаванне калекцый, якія могуць стаць грамадскімі.
  8.  Узнікаюць першыя свецкія бібліятэкі вучэбнага характару (бібліятэкі універсітэтаў, ратуш, гімназій), якія прыцягнуты да працэса перадачы ведаў шырокаму колу грамадзян.
  9.  Бібліятэкі цэркваў, сабораў, манастыроў адступаюць на другі план.
  10.  У фондах бібліятэк асноўнае месца пачынаюць займаць кнігі на нацыянальных мовах, фарміруюцца новыя правілы складання каталогаў, расстаноўкі фондаў, абслугоўвання чытачоў.
  11.  Чытачамі бібліятэк акрамя знаці і духавенства, вучоных, студэнтаў становяцца і іншыя грамадзяне – інжынеры, настаўнікі, юрысты, купцы, майстры розных галін.
  12.  Значная ўвага ўдзяляецца тэорыі стварэння каталогаў (Трэфлер), узнікаюць новыя работы па класіфікацыі (Дэлакруа, Маўнсэла, Геснера, Бэкана), арганізацыі бібліятэкі і камплектавання фондаў (Надэ).
  13.  Распрацоўваюцца новыя спісы забароненых кніг, якія з XVI ст. носяць абавязковы і жорскі характар.
  14.  Грамадства прад’яўляе да бібліятэкара патрабаванні высокага прафесіяналізму і адукаванасці.
  15.  Зачная ўвага пачынае надавацца пабудове, абсталяванню бібліятэк. Распрацоўваецца ідэальная мадэль бібліятэкі.
  16.  Асноўныя тыпы бібліятэк – агульнадаступныя бібліятэкі эпохі Адраджэння (публічныя), гарадскія бібліятэкі эпохі Рэфармацыі, універсітэцкія бібліятэкі, манастырскія бібліятэкі эпохі Барока (конртрэфармацыі).

Літаратура

  1.  Владимиров Л.И. Всеобщая история книги. М., 1988.
  2.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002.
  3.  Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982.
  4.  Шамурин Е.И. Очерки по истории библиотечно-библиографической классификации. М., 1955. Т.1. С.100–139.

Пытанні для самакантролю

  1.  Які тып бібліятэк стаў дамінуючым у эпоху Адраджэння, дзякуючы распаўсюджанню ідэалаў свабоднай асобы?
  2.  Які вядомы італьянскі паэт склаў каталог сваёй бібліятэкі?
  3.  Каму завяшчалі свае бібліятэкі вядомыя дзеячы культуры Італіі?
  4.  Якое значэнне надавалі бібліятэцы і кнігам гуманісты?
  5.  Хто мог з’яўляцца чытачом бібліятэк і як змяніліся ўзаемаадносіны функцыі фондазахоўвання і абслугоўвання?
  6.  Калі ствараюцца першыя свецкія бібліятэкі вучэбнага характару?
  7.  Якую венгерскую бібліятэку параўноўваюць з Александрыйскай і чаму?
  8.  Што змяніла адносіны грамадства да рэлігійна-культавых устаноў?
  9.  Якое значэнне для развіцця бібліятэк мела дзейнасць Марціна Лютэра і Іагана Гутэнберга?
  10.  Які ўклад (пазітыўны ці адмоўны) у бібліятэчную справу зрабіла Францыя?
  11.  Што адбылося ў выніку секулярызацыі манастыроў у Англіі?
  12.  Назавіце асноўных прадстаўнікоў бібліятэчнай думкі эпохі Адраджэння?
  13.  У якім ракурсе паўстае прафесія бібліятэкара ў эпоху Адраджэння?

ЛЕКЦЫЯ 6. Бібліятэкі Беларусі (ХIVXVІІІ cтст.)

6.1. Манастырскія і царкоўныя бібліятэкі

 Утварэнне ў ХІІІ – XIV стст. на беларускіх землях новай дзяржавы – ВКЛ, якое ішло ва ўмовах пастаяннай жорсткай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця, дало магчымасць народам гэтага рэгіёну адстаяць сваю незалежнасць і стварыла ўмовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця. Уключэнне беларускіх зямель у склад новастворанай дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася шляхам пагадненняў вялікіх князёў літоўскіх з феадаламі беларускіх, а потым і ўкраінскіх зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.

Развіццё культуры на тэрыторыі Беларусі пасля ўключэння яе ў склад ВКЛ цесна звязана з фармаваннем беларускай народнасці (XIV – першая палова XVII ст.). Насельніцтва беларускіх зямель захоўвала і развівала тыя традыцыі культуры, якія склаліся яшчэ ў старажытнарускі перыяд. Беларуская культура мела цесныя сувязі як са старажытнарускай культурай, усходнеславянскай, так і з агульнаславянскай і еўрапейскай. Параўнальна высокі ўзровень развіцця беларускіх зямель спрыяў вызначэнню важнай ролі і беларускай культуры ў ВКЛ:

1 – з XIII ст. сталі складвацца характэрныя рысы беларускай мовы, адрозніваўшыя яе ад старажытнарускай, рускай, украінскай;

2 – з 2-й паловы XIV ст. беларуская мова становіцца дзяржаўнай мовай ВКЛ. Яна выкарыстоўвалася як мова справаводства і судовай справы, на ёй пісаліся статуты, пастановы сейма, ствараліся летапісы і хронікі, мастацкія і царкоўныя творы;

3– у XIVXVI стст. кніжнае пісьменства Беларусі характарызавалася высокім для таго часу узроўнем развіцця, што не магло не адбіцца на развіцці бібліятэк.

Манастырскія бібліятэкі. Як мы з вамі ўжо гаварылі, аднымі з першых бібліятэк Беларусі з’яўляліся манастырскія. Яны ўзнікалі пры праваслаўных манастырах, якія будаваліся беларускімі феадаламі для ўмацавання сваіх пазіцый у ВКЛ; а таксама пры каталіцкіх кляштарах (з 1385 г. пасля заключэння Крэўскай уніі па аб’яднанню ВКЛ і Польскага каралеўства для барацьбы з Тэўтонскім ордэнам, каталіцызм быў адной з умоваў уніі, стаў актыўна распаўсюджвацца на тэрыторыі ВКЛ).

Буйнейшымі бібліятэкамі ў гэты перыяд былі бібліятэкі Полацкага дамініканскага Рымска-каталіцкага кляштара, Слуцкага Троіцкага, Супрасльскага, Віцебскага Маркаўскага і Жыровіцкага манастыроў.

Самы ранні з вядомых вопісаў не толькі Беларусі, але і Расіі, гэта “Вопіс Слуцкага Троіцкага манастыра архімандрыта Іосіфа, нарачонага епіскапа Смаленскага, пры здачы яго маёмасці” адносіцца да 1494 г. У вопісе адзначаны 45 рукапісаў манастырскай бібліятэкі. Вядомы таксама вопіс Супрасльскага манастыра, складзены ігуменам Сергіем Кімбарам 1557 г., па якім у бібліятэцы налічвалася 209 кніг, у тым ліку на грэчаскай і лацінскай мовах. “Рэеестр спісання рускіх кніг у скарбніцу манастыра Супрасльскага” 1645 г. можна лічыць спецыяльным бібліяграфічным спісам. Вопісы маёмасці Віцебскага Маркаўскага і некаторых іншых манастыроў адносяцца да больш позняга часу. У іх пераважалі спіскі друкаваных кніг з больш поўным апісаннем (указаннем фармату, месца і года выдання, мовы) і больш сціплай характарыстыкай афармлення (“у скураным пераплёце”, “у пергаменным пераплёце”, “у папяровым пераплёце”). Значная частка кніг, якая належала названым манастырам, захоўваецца сёння ў фондах бібліятэкі АН Літвы і ў Вільнюскай публічнай бібліятэцы. Так, у “Апісанні рукапісаў Віленскай публічнай бібліятэкі” гісторыка Ф.Дарбранскага пазначаны першапачатковыя месцы іх захоўвання.

Кніжныя фонды манастырскіх бібліятэк у Беларусі ў многім былі ідэнтычнымі з фондамі адпаведных бібліятэк у Расіі, але і мелі свае асаблівасці, якія былі абумоўлены нацыянальна-гістарычнымі ўмовамі развіцця беларускіх зямляў. Аснову фондаў складалі рэлігійныя кнігі, якія выкарыстоўваліся пад час царкоўнага багаслужэння. Іх было па некалькі экземпляраў ці нават значная колькасць. Адзінкавымі экземллярамі былі прадстаўлены “творы святых айцоў”, жыццяапісанні вышэйшага духавенства. Значнае месца займала і гістарычная літаратура – заснаваныя на мясцовым матэрыяле летапісы, хронікі, памінальнікі (сінодыкі). У “Слуцкім памянніку” (1517) даецца пералік памерлых асоб царскага і княжацкага родаў і духавенства, у “Памянніку, або Сінодыку Супрасльскай Лаўры” (1631) – пералік амаль усіх вядомейшых на той час літоўскіх і беларускіх княжацкіх родаў, “Памяннік, або Сінодык Жыровіцкі” (1763) утрымлівае радавод духавенства. Асабліва важнае месца ў фондах займала палемічная літаратура.

У XIVXVI стст. беларуская культура развівалася ва ўмовах жорсткай барацьбы каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Разам з тым з другой паловы XVI ст. у Беларусі шырыўся рэлігійна-палітычны рух, распаўсюджваліся ідэі гуманізма, звязаныя з еўрапейскім Адраджэннем, Рэфармацыяй. У 1596 г. была прынята Брэсцкая унія, аб’яднаўшая праваслаўную і каталіцкую цэрквы. Многія феадалы падтрымалі унію. Пад канец XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі амаль 80% насельніцтва было уніятамі. Шэраг праваслаўных храмаў былі пераўтвораны ў уніяцкія: з 1636 па 1755 гг. 164 праваслаўныя цэрквы і 5 манастыроў сталі уніяцкімі. Хаця заставаліся яшчэ 130 праваслаўных. Нярэдка кнігі з праваслаўных бібліятэк ізымаліся, рабіліся падчысткі, прыпіскі, палемічныя заўвагі. У буйных гарадах Беларусі: Полацку, Віцебску, Гродне, Брэсце, Менску, Новагродку і інш., асабліва ў пачатку XVII ст., распаўсюдзілася будаўніцтва касцёлаў, каталіцкіх кляштараў і школаў бернардынцаў, бенедыкціянцаў, дамініканцаў, кармелітаў, базыльян. Умацаваліся пазіцыі езуітаў.

З апошняй чвэрці XVI ст. каталіцкая царква выступае ў ролі цэнзара. У 1575 г. на аснове булы папы Грыгорыя 13 езуіты атрымалі права цэнзуры кніг і прагляду бібліятэк. Першае публічнае спальванне кніг было ажыццёўлена езуітамі ў Вільні ў 1581 г., калі былі спалены кнігі з бібліятэк 13 полацкіх манастыроў, аддадзеных у 1580 г. Стэфанам Баторыем езуітам. У 1603, 1617 гг. каталіцкае духавенства склала каталогі забароненых кніг, у адпаведнасці з якімі праводзіліся чысткі і знішчэнне кніг з манастырскіх бібліятэк. Асабліва узмацнілася дзейнасць езуітаў і уніятаў, калі ў 1696 г. канфедэрацыя саслоўнай Рэчы Паспалітай забараніла беларускую мову, а дзяржаўнай мовай стала польская. У другой палове XVIII ст. на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай засталася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, якая аб’ядноўвала прыкладна 6,5% беларускага насельніцтва.

На развіццё адукацыі і бібліятэчнай справы сур’ёзны ўплыў аказвалі і працяглыя войны: руска-польская 1654–1667 гг., Паўночная вайна 1700–1721 гг. Манастыры і саборы разбураліся, кнігі станавіліся ваеннай здабычай. Гэтым тлумачыцца наяўнасць значных калекцый кніг польскага, літоўскага, беларускага паходжання, напрыклад, у бібліятэцы Лундскага універсітэта ў Швецыі.

Асноўнай крыніцай папаўнення бібліятэк была перапіска рукапісных кніг. Менш кніг ахвяравалася духоўнымі асобамі, феадаламі, мяшчанамі. Кнігамі карысталіся ў асноўным манахі і вышэйшае духавенства манастыра.

Росту кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк у значнай ступені садзейнічала развіццё кнігадрукавання і заснаванне друкарняў. Гэта спрыяла папаўненню фондаў бібліятэк свецкай літаратурай, дазволенай царквой.

У XVIII ст. выключнае значэнне мела пранікненне ў Беларусь ідэй Асветніцтва, калі скарачаецца выпуск рэлігійнай літаратуры з 88 да 45%.

Пасля таго, як было падаўлена паўстанне 1863 г., у Беларусі былі зачынены многія каталіцкія кляштары і ліквідаваны польскія бібліятэкі. 26 з зачыненых манастыроў Гродзенскай і Мінскай губерняў мелі багатыя бібліятэкі. Але самай багатай была бібліятэка ў Полацкім дамініканскім рымска-каталіцкім кляштары: 10 302 кнігі сярод якіх 1949 на польскай, 2563 на французскай, 306 на рускай, 1265 на нямецкай.

Буйнейшай манастырскай бібліятэкай была і бібліятэка Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, які быў заснаваны ў 1498 г. маршалкам ВКЛ Аляксандрам Іванавічам Хадкевічам сумесна з епіскапам смаленскім (пазней кіеўскім мітрапалітам) Іосіфам Солтанам у Блудаўскай пушчы (цяпер Беластоцкае ваяводства ў Польшчы). У 1-й пал. XVI ст. манастыр стаў буйнейшым праваслаўным культурным цэнтрам. Штогод манастыр меў каля 30 000 рублёў прыбытку, частка якога трацілася і на кнігі. Ужо на самым пачатку існавання манастыра было набыта больш за 100 рукапісных кніг. Да 1532 г. у бібліятэцы налічвалася 129 кніг, 5 з іх друкаваныя. У 1645 – каля 600: пераважалі друкаваныя на лацінскай (212) і польскай (152 т.) мовах, больш за 200 кірылічных, асноўная частка – рукапісы: т.зв. Супрасльскі рукапіс (11 ст.), летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст., Супрасльскі Ірмалагіён 1598-1601 гг. і інш. Сярод друкаваных былі і выданні Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. Набываліся кнігі шляхам пакупкі ў Гданьску, Варшаве, Тыкоціне. Значныя ахвяраванні манастыру рабілі Хадкевічы. Так, у 1575 г. былі падараваны манастыру выдадзеныя ў Заблудаве Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам “Евангелле вучыцельнае” (1570), “Псалтыр з Часаслоўцам” (1570), а таксама “Апостал” (1574), надрукаваны І.Фёдаравым у Львове. Манастыр стаў сховішчам фамільных папер Хадкевічаў.

Пры архімандрыце Герасіме Веліконціі (1609–1635) манастыр фармальна прыняў унію, але яшчэ цэлае стагоддзе захоўваў знешнія прыкметы праваслаўя.

У манастыры перапісваліся шматлікія помнікі візантыйскай, старажытнарускай, балгарскай і сербскай літаратуры, выданні Ф.Скарыны, помнікі музычнай культуры. Пазней выдаваліся ў Супрасльскай друкарні, заснаванай у пачатку 1690-х гг. Дзейнічала да 1803 г.(царкоўнаславянскія і уніяцкія кнігі).

Кнігі выдаваліся для чытання нават свецкім асобам (1654 г. – Януш Радзівіл).

Акрамя асноўнай, у манастыры былі і келейныя бібліятэкі.

У 1764 г. у бібліятэцы налічвалася 1456 кніг: больш за 800 на лацінскай мове, больш за 300 на польскай, былі на французскай, італьянскай, нямецкай і інш. У 1836 г. – каля 2000 т. У XIX ст. бібліятэка прыцягнула ўвагу буйнейшых славістаў свету. Пачаўся адток кніжных помнікаў. У 1876 г. бібліятэка (каля 1300 экз.) перададзе ў Віленскую публічную бібліятэку. Сённня большая частка рукапісаў і друкаў бібліятэкі знаходзіцца ў Вільнюсе, С.-Пецярбургу, Маскве, Варшаве і інш. З 1980-х гг. пачаўся працэс аднаўлення Супрасльскага манастыра і рэканструкцыі бібліятэкі.

Другая значная манастырская бібліятэка ў Беларусі – бібліятэка заснаванага ў XV ст. Жыровіцкага манастыра. Бібліятэка была заснавана праваслаўнымі магнатамі Солтанамі і пазней ахвяравана Жыровіцкаму манастыру. Бібліяфілам быў заснавльнік роду, маршалак вялікага князя Казіміра – Солтан Аляксандравіч. У 1613 г. манастыр стаў уласнасцю уніятаў, а Данііл Солтан адрокся ад правоў на маёмасць Жыровіцкага манастыра, які перайшоў да базыльян. Манастыр быў разбураны падчас паўстання Хмяльніцкага ў 1655 г., пацярпела і бібліятэка. З 1660 г. да канца XVIII ст. – перыяд узнаўлення і папаўнення бібліятэкі. З другой паловы 1660-х гг. пры бібліятэцы дзейнічаў скрыпторый. Перапісваліся не толькі богаслужбовыя кнігі, але і хранікальная літаратура, палемічныя творы, рабіліся пераклады на старабеларускую мову. Выдзяляліся сродкі на пакупку кніг. На першым этапе існавання уніі асноўнай мовай была царкоўнаславянская. Адсюль прысутнасць у бібліятэцы вялікай колькасці старажытных славянскіх кніг. На беларускай мове напісана большая частка кніг Жыровіцкага скрыпторыя. З другой паловы XVII ст. у сувязі з прыняццем польскай мовы ў якасці асноўнай дзяржаўнай, царкоўнаславянская літаратура ў манастырскіх бібліятэках паступова выцясняецца лацінапольскай. У сярэдзіне XVIII ст. жыровіцкі кнігазбор становіцца адным з буйнейшых манастырскіх бібліятэк у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ён налічваў некалькі тысяч тамоў, у ліку якіх вялікая колькасць старажытных рукапісных кніг. Бібліятэка складалася з галоўнага збору, які дзяліўся на 17 тэматычных аддзелаў, і кнігасховішча пры саборы, дзе знаходзіліся асабліва каштоўныя кнігі: “Жыровіцкае Евангелле” (вядомае як Евангелле Сапегі, меўся ўласнаручны запіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі), “Энцыклапедя” – зборнік, які ўтрымліваў акрамя выпісак з рускіх летапісаў, шматлікія артыкулы прыродазнаўчага, навуковага зместу, рэлігійна-палемічныя і літаратурныя творы. Быў перапісаны часткова беларускім скорапісам адной рукой, багатай старабеларускай мовай. Кніга захоўваецца ў рукапісным аддзеле РАН. У Жыровіцах быў вялікі фонд дублетаў. Адзінай крыніцай, якая дазваляе ўдакладніць структуру бібліятэкі, з’яўляецца вопіс, складзены ў 1810 г. Па ім у бібліятэцы налічвалася 2686 найменняў у 3867 тамах друкаваных кніг, 192 кнігі “рукапісныя з хораў”, 345 “рукапісаў рознага выгляду” , 93 “розныя эстампы”. У першай палове 18 ст. па распараджэнні караля Аўгуста І у Жыровіцах была адкрыта школа, а пры школе некаторы час дзейнічала друкарня, праўда, ні аднаго выдання не захавалася. У 1836 г. Літоўская уніяцкая кансісторыя разбірала нават справу аб тайным крадзяжы манастырскіх кніг у Жыровіцах. Пры паступленні на пасаду бібліятэкар з гэтага часу павінен быў даваць спецыяльную прысягу. Такую ж прысягу патрабавалі і з бібліятэкара ў Вільні.

У бібліятэцы працаваў беларускі славіст, філолаг, даследчык старажытнаславянскага пісьменства прафесар Віленскага універсітэта пратаірэй М.К.Баброўскі. У 1824–1826 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў Жыровіцах. Тут ён упершыню адкрыў унікальны экземпляр інкунабулы Часаслоўца – першай у свеце кнігі, надрукавнай кірылічным шрыфтам у 1491 г. у кракаўскай друкарні Швайпальта Фіоля. Адзін экземпляр належаў асабіста М.Баброўскаму. Сёння жыровіцкі экземпляр захоўваецца ў Вільнюсе. (адзін з 28 экз., якія дайшлі да нашага часу). Аўтарам першага навуковага апісання кніг жыровіцкай бібліятэкі стаў Ф.М.Дабранскі (1882 г. – “Апісанне рукапісаў Віленскай публічнай бібліятэкі, царкоўнаславянскіх і рускіх”). З 1839 г., калі адбылося аб’яднанне уніятаў і праваслаўных, пачаўся працэс замены і знішчэння уніяцкіх багаслужэбных кніг (мітрапаліт Іосіф Сямашка, па яго сведчанні было знішчана больш за 2 тыс.). Частку рэдкіх і старых кніг мітрапаліт перадаў у бібліятэку С.-Пецярбургскай акадэміі навук. З гэтага часу пачалося распыленне жыровіцкага збору. У 1895 г. большасць фонду бібліятэкі была перамешчана ў Вільню, у Троіцкі манастыр, яшчэ адну частку кніг і рукапісаў перадалі ў Віленскую публічную бібліятэку (рукапісы XVXVII стст). Трэцяя частка кніг Жыровіцкага манастыра трапіла ў бібліятэку духоўнага вучылішча ў Жыровіцах. Пасля ўзнаўлення дзейнасці семінарыі ў 1989 г. пачала працу і бібліятэка. Сёння ў бібліятэцы каля 30 тыс. адзінак кніжнага фонда. Захоўваюцца кнігі на англійскай, французскай, італьянскай, нямецкай, фінскай, польскай, чэшскай, арабскай, сірыйскай і іншых мовах, а таксама на іўрыце; старадрукі 16-18 стст.

Вялікую цікавасць уяўляла бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора, якая існавала з сярэдзіны 11 ст. папўнялася ў ХІІ ст. Ефрасінняй Полацкай. Зберагаліся рукапісныя кнігі пераважна рэлігійнага зместу, арыгінальныя помнікі, у т.л. творы мясцовых паходжання: летапісы, “Жыціе Ефрасінні Полацкай”. Мяркуецца, што фонд бібліятэкі значна папаўняўся ў XVXVI стст. у час эканамічнага, палітычнага і культурнага росту Полацка і ўзмацненнем ролі саборнага кліраса. Па сваім складзе бібліятэка можа быць параўнана з віленскай вялікакняжацкай бібліятэкай, бібліятэкай Супрасльскага і Слуцкага манастыроў. Бібліятэка была разрабавана падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гг. (29 жніўня 1579 г. Полацк быў вызвалены Стэфанам Баторем ад войска Івана Жахлівага). Да гэтага часу адносіцца першае ўпамінанне, сведчанне аб бібліятэцы (рускай бібліятэцы) замежных аўтараў. Пра бібліятэку Сафійскага сабора водгук пакінуў польскі гістарыёграф Рэйнальд Гейдэнштэйн (або Ян Замойскі) у “Запісках аб Маскоўскай вайне”: “У вачах адукаваных людзей амаль не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя дабыча, мела знойдзеная там бібліятэка. Акрамя летапісаў, у ёй было шмат твораў грэчаскіх айцоў царквы і між імі творы Дыанісія Арэапага аб нябеснай і царкоўнай іерархіі, усе на слвянскай мове. Большая частка іх, па сведчанні летапісаў, была перакладзена на гэтую мову з грэчаскай Мефодзіем і Канстанцінам”. Гэта паведамленне апублікавана ў 1584-85 гг. Аб’ём бібліятэкі не ўказваўся (Праз 75 год у новым Сафійскім фондзе налічвалася ўсяго 40 кніг). Далейшы лёс бібліятэкі сумны і запутаны. Сафійскі сабор неаднаразова гарэў у XVIIXVIII стст., а прыхільнікі варагучых хрысціянскіх вераванняў на тэрыторыі Беларусі і Літвы неаднаразова спальвалі кнігі адзін аднаго. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў рускай літаратуры прапаноўвалася версія, што бібліятэка загінула менавіта ад пажару пры ўзяцці Полацка. Былі таксама звесткі, што бібліятэка была перададзена Стэфанам Баторыем езуітам. Была і версія французскага гісторыка XVII ст. Л.Жакоба, што за кошт бібліятэкі, якая захоўвалася ў каменнай Сафійскай царкве, была папоўнена каралеўская бібліятэка ў Кракаве ў 1644 г.

Расійскім даследчыкам Я.Шчапавым ў артыкуле “Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора і Бібліятэка Акадэміі Замойскай” у зб. “Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения” (М., 1976) пералічаны некаторыя з кніг бібліятэкі. Аўтар таксама робіць вывад, што вывезеныя з Полацка кнігі былі падзелены на часткі. Адна з іх трапіла ў Кракаў, у каралеўскую бібліятэку, дзе знаходзілася ў XVII ст., а затым след полацкіх кніг знік разам са слядамі гэтай бібліятэкі. Другая частка кніг перайшла да Яна Замойскага. У фондзе бібліятэкі ардынацыі Замойскіх у Варшаве ўдалося выявіць 11 кніг, з рознай ступенню верагоднасці прыналежнасці іх полацкаму сабору. Полацкія кнігі Замойскі перадаў, заснаванай ім у 1594 г. у горадзе Замосце Акадэміі.

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве захоўваюцца 10 рукапісаў на славянскай мове, у т.л. “Зборнік” 1500-1501 гг.; у бібліятэцы Львоўскага універсітэта імя І.Франко – спіс Пскоўскага 1-га летапісу 1548 г., “Евангелле вучыцельнае” сярэдзіны 16 ст.

Да пачатку кнігадрукавання ў Слуцку ужо існавала адзначаная ў дакументах XV ст. бібліятэка Слуцкага Троіцкага манастыра. Па адзначаным вопісе манастыра 1494 г. указана 19 нановаперапісаных рэлігійных кніг, а таксама 26 даўно перапісаных. У 1678 г. у Благавешчанскай царкве Троіцкага манастыра было “кніг... многа і яны ў вялікім парадку апісаны асоба”. У Троіцкім манастыры знаходзілася рукапіснае “Евангелле” XVI ст. і старадрукаванае львоўскае “Евангелле”. У 1700 г. адзначаны 3 евангеллі, апраўленя ў аксамітныя пераплёты з сярэбранымі пазалочанымі накутнікамі, а таксама кнігі “ў куфры бібліятэчным, акрамя царкоўных 116, апісаных у асобым рэестры”. Пры манастыры існавалі кнігапісныя майстэрні. Вядомы таксама кнігі, перапісаныя “накладам князя Юр’я Сямёнавіча Слуцкага” – “Евангелле”, “спраўленае” ў 1539 г. “Капыльскім Васіліем у манастыры Міколы на Морачы”, “Мінея”, якая ў тым самым годзе “спісана ў градзе ў Слоуцкоу”. Пры двары князя служыў выдатны майстра кнігі дзьяк Устын Яцковіч Чэчаранін. Князі Алелькавічы самі займаліся перапісваннем кніг.

Літаратура:

  1.  Грицкевич А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVIXVIII вв. // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1983. Вып.3. С.52-61.
  2.  Лабынцаў Ю.А. Бібліятэка Супрасльскага Благавешчанскага манастыра // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мн., 1994. Т.2. С.38-39.
  3.  Лаўрык Ю. Бібліятэкі Беларусі ў сярэдзіне XVI – 1-я палова ХІХ ст. // Наша вера. – 2007. – № 2 (40). media. catholic.by/nv. (электронны дакумент).
  4.  Морозова Н.А. Из истории библиотеки Жировицкого монастыря: жировицкие рукописи в библиотеке Академии наук Литвы // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры: зб. навук. арт.: у 2 ч. Мн., 2006. – Ч.1. – С.8088.
  5.  Немировский Е.Л. Иван Фёдоров в Белоруссии. М., 1979. С.62.
  6.  Нікалаеў М.В. Палата кнігапісная. Мн., 1993.
  7.  Попов В.В. Жировичская библиотека // Здабыткі. Мн., 2002. Вып.5. С.58-72.
  8.  Слуховский М.И. Из истории книжной культуры России. М., 1964. 244 с. С.90-92. (Б-ка Полацкага Сафійскага сабора).
  9.  Станкевіч Л.І. Слуцкае Евангелле (XVI ст.) як помнік кніжнай культуры Беларусі // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры: зб. навук. арт.: у 2 ч. Мн., 2006. – Ч.1. – С.43–52.
  10.  Цыбуля В.А. Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мн., 1994. Т.2. С.37.
  11.  Цыбуля В.А. манастырскія і царкоўныя бібліятэкі ў Беларусі / В.А. Цыбуля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1970. – № 3. – С. 50–51.
  12.  Щапов Я.Н. Библиотека Полоцкого Софийского собора и Библиотека Академии Замойской // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблем взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976. С.262-276.

Пытанні для самакантролю

  1.  Што спрыяла развіццю бібліятэк у Вялікім княстве Літоўскім?
  2.  Назавіце буйнейшыя манастырскія і царкоўныя бібліятэкі Беларусі і вызначце іх ролю?
  3.  Якія самыя раннія інвентарныя вопісы манастырскіх бібліятэк вы ведаеце?
  4.  З чым былі звязаны асаблівасці фармавання кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк Беларусі?
  5.  Кім быў заснаваны Супрасльскі Благавешчанскі манастыр, які стаў буйнейшым праваслаўным кніжным цэнтрам?
  6.  Дзе сёння захоўваюцца кнігі з бібліятэкі Супрасльскага Благавешчанскага манастыра і калі пачаўся працэс яго аднаўлення і рэканструкцыі бібліятэкі?
  7.  Што вы ведаеце пра гісторыю заснавання і дзейнасці бібліятэкі Жыровіцкага манастыра?
  8.  Дзе сёння захоўваюцца кнігі з бібліятэкі Жыровіцкага манастыра і калі пачалося ўзнаўленне дзейнасці бібліятэкі?
  9.  Да якога часу адносіцца першае ўпамінанне аб “рускай бібліятэцы” ў замежным друку, у сувязі з якімі падзеямі яно з’явілася?
  10.  Што вам вядома пра гісторыю страты і вывучэння бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора?
  11.  Бібліятэкі якіх каталіцкіх і уніяцкіх кляштараў вам вядомы?
  12.  Хто ажыццяўляў цэнзуру кніг і бібліятэк у Вялікім княстве Літоўскім?

6.2. Навуковыя, вучэбныя і прыватныя бібліятэкі Беларусі ў XVIXVIII стст.

Бібліятэкі духоўных навучальных устаноў. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны навучальныя установы магутнейшага каталіцкага ордэна – ордэна езуітаў, якія стварылі свае калегіумы амаль ва ўсіх буйнейшых гарадах: Вільні, Полацку, Нясвіжы, Новагародку, Менску, Оршы, Магілёве, Брэсце, Гародні, Віцебску. Гэта мела вялікае значэнне для пашырэння ў Беларусі асветы, знаёмства беларускага грамадства з дасягненнямі заходнееўрапейскіх навук, падрыхтоўкі нацыянальнай інтэлігенцыі і адначасова садзейнічала ўмацаванню каталіцкай царквы.

У 1570 г. быў арганізаваны Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 г. у акадэмію з правамі універсітэта. Бібліятэка калегіума, акадэміі, універсітэта была на працягу амаль 200 гадоў адной з буйнейшых і значнейшых бібліятэк на тэрыторыі Літвы і Беларусі. У 1579 г. яе фонд складаў 4,5 тысячы тамоў. У 1773 г. яна налічвала 11 тыс. экз. кніг, у асноўным рэлігійнага зместу на латыні. Акадэмія мела сваю друкарню, перададзеную Мікалаем Радзівілам Сіроткай. Значную матэрыяльную падтрымку ВНУ аказваў сын беларускага дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі – Казімір Леў Сапега, які перадаў сюды каштоўную бібліятэку, а таксама спрыяў адкрыццю ў 1641 г. юрыдычнага факультэта. Дарэчы, на сродкі мсціслаўскай кашталянкі Лізаветы Пузына ў акадэміі была заснавана астранамічная абсерваторыя. Ахвяравалі на бібліятэку польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, віленскі біскуп В.Пратасевіч. Бібліятэка атрымлівала абавязковы экземпляр з уласнай друкарні, а з 1780 г. – з усіх друкарняў ВКЛ. У бібліятэцы вяліся каталогі, кніжны фонд расстаўляўся па 18 аддзяленнях у адпаведнасці з галінамі навук. З 1783 г. Віленская езуіцкая акадэмія – галоўная вышэйшая школа ВКЛ, якая стала насіць амаль свецкі характар. З 1803 г. ВНУ набыла афіцыйны статус універсітэта, у якім дзейнічала 4 факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў. Карысталіся бібліятэкай прафесары і студэнты універсітэта.

У бібліятэцы захоўваліся рэдкія выданні і рукапісы: твор М.Каперніка “Пра абарачэнне нябесных сфер”, працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.Дэкарта, старажытныя пергаменныя кнігі (Псалтыры на царкоўнаславянскай мове, Слуцкі спіс XVI ст. Статута ВКЛ 1529 г. і інш.). Пачынаючы з канца XVIII ст. пачалі стварацца адносна самастойныя кнігазборы факультэтаў. У 1805 г. бібліятэка дазволіла карыстанне сваімі фондамі і іншым пабочным асобам. У 1831 г. універсітэт быў зачынены, а кніжныя фонды падзелены паміж Медыка-хірургічнай і Духоўнай акадэміямі, частка кніг была перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму універсітэтам. Толькі ў 1919 г. была адноўлена дзейнасць універсітэта і бібліятэка некаторыя свае кнігазборы. У 1930-я гг. фонд бібліятэкі складаў 200 тыс. тамоў. У 1985 г. – 4,5 млн., сярод якіх 180 тыс. старадрукаў (312 інкунабул), 189 тыс. рукапісаў, 66 тыс. бібліяграфічных і інфармацыйных выданняў.

З канца XVI ст. і да 1820 г. існавала бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума, пераўтворанага ў 1812 г. у акадэмію. На 1811 г. налічвала каля 40 тыс. тамоў. Складалася з галоўнай, навуковай і польскай бібліятэк. У ХІХ ст. – гэта найбуйнейшы кнігазбор Беларусі, у якім зберагаліся каралеўскія граматы, старажытныя рукапісы, каля 90 Біблій XVIXVII стст. Аснову фонда складалі выданні XVIXVIII стст. на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай мовах, сярод якіх – творы Арыстоцеля (1562), Эразма Ратэрдамскага (1682). Значная частка кнігазбору належала літаратуры, выдадзенай на Беларусі: лекцыі Феафана пракаповіч (Магілёў, 1786), выданні Полацкай езуіцкай акадэміі, яе перыядычнае выданне “Месячнік Полацкі”), календары. Пасля закрыцця акадэміі яе кнігазбор быў перададзены манаскаму ордэну полацкіх піяраў.

У 1830 г. піяры былі пераведзены з Полацка ў Вільню, а кнігазборы бібліятэкі часткамі перададзены бібліятэцы Полацкага кадэцкага корпусу (2080 кніг па дакладных навуках у 1915 г. вывезены ў Сімбірск), Публічнай бібліятэцы ў С.-Пецярбург (389 старажрукаў), бібліятэкам беларускіх гімназій (10 тыс. тамоў). Значную частку фондаў атрымала Віцебская духоўная семінарыя. Якая ў 1900 г. перадала яе бібліятэцы Кіеўскай духоўнай акадэміі.

Са зменамі ў эканамічным жыцці Рэчы Паспалітай узнікае патрэбнасць у спецыяльных навучальных установах. У 1775 г. магнатам і мецэнатам Антонем Тызенгаўзам у Гродне была адкрыта медыцынская школа (акадэмія), якой кіраваў французскі вучоны Жак Эмануіл Жылібер. Па яго ініцыятыве былі створаны кабінет прародазнаўства і гісторыі, анатамічны тэатр, музей, батанічны сад і багатая па тым часе бібліятэка прыродазнаўчай і медыцынскай літаратуры. Жылібер таксама прывёз у Гродна ўласную бібліятэку. Такім чынам, у Гродне з’явілася першая навуковая медыцынская бібліятэка Беларусі. За няпоўных 6 гадоў яе існавання, яна адыграла значную ролю ў развіцці мясцовага прыродазнаўства і медыцыны. У 1781 г. медыцынская акадэмія была пераведзена ў Вільню. На той час фонд бібліятэкі складаў 3 тыс. экз. – гэта былі “ўсе неабходныя для навукі кніжкі”, “французская энцыклапедыя і мноства найноўшых прац, выдадзеных у Францыі і Германіі ў галіне медыцыны і натуральнай гісторыі”.

У 40-х гадах XVIII ст. па ініцыятыве польскага асветніцтва ў Рэчы Паспалітай была праведзена рэформа адукацыі. У першую чаргу былі перабудаваны школы манаскага ордэну піяраў, ўведзена польская мова замест латыні, прыродазнаўчыя і гістарычныя навукі, скараціўся курс тэалогіі, надавалася большае значэнне эстэтычнаму і фізічнаму выхаванню вучняў. Змены ў характары навучання аказалі ўплыў і фармаванне кніжных фондаў бібліятэк піярскіх школ, у якіх стала збірацца і свецкая літаратура. Так, у бібліятэцы піярскай школы пры манастыры ў Шчучыне ў XVIII ст. налічвалася амаль 1500 кніг, сярод якіх пераважала прыродазнаўчая, матэматычная, медыцынская літаратура; былі творы Гамера, Гарацыя, Плутарха, Ціта Лівія, Вальтэра, Мантэск’ё.

У канцы XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі акрамя езуітаў і піяраў свае вучэльні мелі базыльяне, дамініканцы, кармеліты і іншыя каталіцкія ордэны – усяго налічвалася 37 вучэльняў, якія мелі свае бібліятэкі. Значную частку ў іх фондах займалі польскамоўныя падручнікі, у тым ліку, выданні Полацкай і Віленскай езуіцкіх акадэмій. Праўда, навучанне было платнае, таму мелі магчымасць вучыцца і карыстацца бібліятэкамі толькі багатыя дваране. Наяўнасць на беларускіх землях вялікай колькасці вузкасаслоўных (дваранскіх) духоўных навучальных устаноў – спецыфічная для гісторыі асветы Беларусі з’ява.

Што тычыцца бясплатнага агульнадаступнага навучання, то і яно мела месца ў часы ВКЛ. Так, у канцы XVIXVIII стст. у Беларусі ствараліся праваслаўныя брацкія школы, пры якіх дзейнічалі друкарні, бібліятэкі. Першыя брацкія школы з’явіліся ў Вільні (каля 1584 г.), Магілёве (1590 г.), Берасці (1591 г.), Менску (1612 г.), Пінску, Слуцку, Львове, Кіеве, Луцку і інш. Ствараліся звычайна пры манастырах і цэрквах. Брацтвы адыгралі значную ролю ў правядзенні культурна-асветніцкай дзейнасці, у пашырэнні і дэмакратызацыі адукацыі, літаратуры, музыкі, іканапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, школьнага тэатру і г.д.

Аснову фонда брацкіх бібліятэк складалі галоўным чынам выданні брацкіх друкарняў. Найбольш значнымі былі бібліятэкі Віленскай, Магілёўскай, Берасцейскай, Менскай і Полацкай школ. У арганізацыі школ і бібліятэк значную дапамогу аказвалі Віленскае і Львоўскае брацтвы. Праз брацкія бібліятэкі распаўсюджвалася рэлігійна-палемічная антыкаталіцкая публіцыстыка. Аднак у канцы XVII – пачатку XVIII ст. большасць брацкіх школ, друкарняў і бібліятэк былі разгромлены і перасталі дзейнічаць. Адукацыя стала ў Беларусі манаполіяй каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

У 1773 г. сеймам Рэчы Паспалітай была створана Адукацыйная камісія, першае Міністэрства адукацыі ў Еўропе. У Беларусі дзякуючы дзейнасці Адукацыйнай камісіі было адкрыта 20 школ, пры якіх існавалі і невялікія бібліятэкі свецкага кірунку. Нягледзячы на іх нешматлікасць і кароткі тэрмін дзейнасці, яны адыгралі пэўную дадатную ролю ў распаўсюджанні ведаў.

Пасля таго, як Беларусь у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі, на яе тэрыторыі працягвалі функцыянаваць школы і бібліятэкі некаторых каталіцкіх ордэнаў, аднак іх колькасць значна памяншалася.

У канцы XVIII ст. у адпаведнасці з новым школьным статутам 1786 г. Расійскай імперыі ў шэрагу гарадоў Беларусі адкрываюцца народныя вучылішчы (галоўныя – чатырохкласныя і малыя – двухкласныя) у Магілёве, Полацку, Віцебску, Оршы, Копысі, Чэрыкаве, Чаусах і Мсціслаўлі, у якіх прадугледжвалася вывучэнне рускай мовы, гісторыі і геаграфіі. З ростам колькасці народных вучылішч павялічваецца і колькасць бібліятэк у іх. Бібліятэкі народных вучылішч утрымліваліся за кошт прыказаў грамадскай апекі, падбор кніг і іх распаўсюджанне ажыццяўлялі настаўнікі. Так, бібліятэка Полацкага народнага вучылішча ў 90-я гг XVIII ст. налічвала ў сваім фондзе 425 назваў кніг. Большую іх частку складалі творы рускай і заходнееўрапейскай літаратуры, творы па філасофіі і прыродазнаўстве. Толькі 7% – літаратура багаслоўскага зместу. У гэтай бібліятэцы былі творы М.В.Ламаносава, Вальтэра, Ж.-Ж.Русо, асобныя нумары часопісаў М.І.Навікова, працы рускіх філосафаў і матэматыкаў. Падобны склад фонду быў і ў бібліятэках Віцебскага, Магілёўскага і іншых народных вучылішч, які фарміраваўся за кошт, у асноўным, маскоўскіх і с.-пецяргскіх выданняў.

Такім чынам, у выніку адкрыцця ў гарадах Беларусі рускіх школ, іх бібліятэк уплыў каталіцкага духавенства на адукацыю паступова аслабляўся, большае распаўсюджанне атрымлівала свецкая адукацыя, пашыраліся функцыі бібліятэк як асветніцкіх устаноў.

 ПРЫВАТНЫЯ БІБЛІЯТЭКІ.

Атмасферу духоўнага жыцця ў XVIXVIII стст. немагчыма ўявіць і спасцігнуць, не ведаючы, што людзі той эпохі чыталі і збіралі, як складваліся іх кнігазборы, важкая частка спадчыны. Аблічча сярэднявечнай прыватнай бібліятэкі адлюстроўвае агульную культуру тагачаснага грамадства, а яе гісторыя важная крыніца для рэканструкцыі мінулага.

Многія прыватныя (родавыя) бібліятэкі на тэрыторыі Беларусі і Літвы, якія камплектаваліся стагоддзямі, перадаваліся ў спадчыну, распадаліся, перамяшчаліся, гінулі. Менавіта Адраджэнне спрыяла хуткаму росту прыватных кнігазбораў і абумовіла іх характар. На тэрыторыі Беларусі, як адзначаецца даследчыкамі, выдзяляюцца наступныя прыватныя бібліятэкі:

  •  бібліятэкі вялікіх князёў літоўскіх;
  •  бібліятэкі магнатаў;
  •  бібліятэкі навукоўцаў;
  •  бібліятэкі духавенства;
  •  бібліятэкі шляхты;
  •  бібліятэкі мяшчанаў.

Бібліятэкі вялікіх князёў літоўскіх. Першымі князямі ВКЛ, якія цікавіліся кнігамі былі Гедымінавічы. Збіраліся кнігі пры двары князя Вітаўта (1352–1420). Знакамітую для свайго часу бібліятэку меў князь Аляксандр (1492–1506), багатай калекцыяй валодаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары (1467–1545), некаторыя з яго рарытэтаў, як адзначаў яшчэ Л.І.Уладзіміраў, дайшлі да нашага часу.

Найбольш поўна і шырока даследавана бібліятэка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста (1545–1572). Пачатак збору – 1545 г. Жыгімонт Аўгуст закупляў праз сваіх пасрэднікаў літаратуру ў буйнейшых кнігагандлёвых цэнтрах Еўропы: Франкфурце, Лейпцыгу, Кёльне. У 1552 г. яго кнігазбор налічваў да 1273 тамоў. Кнігі перасылаліся ў Кракаў, дзе перапляталіся ў скураныя пераплёты, а потым адпраўляліся ў Вільню на месца асноўнага фондазахоўвання бібліятэкі. Акрамя пакупак кнігі князю дарыліся. У яго зборы была, напрыклад “Біблія” з уласнаручным подпісам самаго Марціна Лютэра, падораная прускім кесарам Альбрэхтам. У 1572 г. кнігазбор складаў звыш 4 тыс. тамоў. Гэта была адна з буйнейшых бібліятэк не толькі ў ВКЛ, але і ў польскім каралеўстве. Мяркуецца, што бібліятэка была закрытай, бо доступ да яе мелі толькі прыдворныя Жыгімонта Аўгуста.

Змест фонду бібліятэкі быў вельмі шырокі і разнастайны. Найбольш была прадстаўлена юрыдычная літаратура (лацінская, французская), творы антычных аўтараў Арыстоцеля, Арыстафана, Цыцэрона, Авідыя і інш. Была таксама геаграфічная літаратура, апісанні падарожжаў і кнігі па гісторыі. Былі таксама выданні па медыцыне, анатоміі, прыродазнаўстве. Разнастайнай была і тэалагічная літаратура розных канфесій. Большая частка збору – друкаваныя кнігі на лаціне.

На кнігах Жыгімонта Аўгуста ІІ быў выціснуты суперэкслібрыс, на якім былі выявы гербаў ВКЛ і Каралеўства Польскага.

У бібліятэцы працавалі каралеўскія бібліятэкары: бацька і сын Тшэцескія, сакратар Боны Сфорцы Станіслаў Кашуцкі, потым Лукаш Гурніцкі.

Свае кнігі князь завяшчаў віленскім езуітам. Сёння ад калекцыі захавалася толькі каля 300 тамоў, 21 з іх – у бібліятэцы Віленскага універсітэта.

Бібліятэкі магнатаў. Кнігазборы меліся, практычна, ва ўсіх магнацкіх палацах. Найстарэйшай вядомай бібліятэкай дадзенага тыпу быў кнігазбор віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (+1539). У яго калекцыі налічвалася больш 70 друкаваных і адна рукапісная кніга на беларускай, лацінскай, польскай і чэшскай мовах. Спісы  фонду датуюцца 1510 годам: першы – гэта “Рэестр кніг рускіх” (пералічаны 39 назваў кірылічнай літаратуры); другі – “Рэестр лацінскіх кніг” – 22 кнігі рэлігійнага і свецкага зместу; трэці – 27 кніг, якія былі куплены ў Пётркаве; чацвёрты – “Рэестр кніг чэшскіх” – 3 назвы, сярод якіх і адзінае польскамоўнае выданне збора – кніга аб Аляксандры Македонскім, акутая срэбрам.

Трэцюю частку кнігазбору складалі кірылічныя рукапісы, што было тыповай з’явай для праваслаўнага культурнага кола тагачаснай Беларусі нават пасля распаўсюджання кнігадрукавання. Пра далейшы лёс бібліятэкі звесткі адсутнічаюць.

У другой палове XVI ст. фарміруюцца найбольш значныя ў Беларусі кнігазборы, якія належалі такім магнатам, як Радзівілы. Прыватны кнігазбор меў Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565), маршалак земскі, канцлер вялікі літоўскі, ваявода віленскі, стараста брэсцкі, ковенскі, барысаўскі і г.д. Можна мяркаваць, што кнігазбор меў пратэстанцкую накіраванасць. (У 1563 г. выдаў сваім коштам “Біблію”). Мясцілася бібліятэка ў брэсцкім замку. Перайшла да яго сына Мікалая Крыштафа Сіроткі (1549-1616), які завяшчаў “кнігі ... ўсе па тэалогіі і палітыцы старажытныя і нядаўна купленыя ... Яну, сыну майму і бібліятэцы замка Нясвіжскага і спадчыннікам ягоным, каб рассеяныя не былі”. Акрамя завяшчання, захаваўся і найбольш ранні прадметны і алфавітны каталог 1651 г., складзены Янам Гановічам (захоўваецца ў Польшчы). У спісе каля 650 кніг (у Галенчанкі звыш 700 – улічаны кнігі з канвалютаў?). Шмат літаратуры гістарычнай (праца Мацея Стрыйкоўскага “Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага”, Мікалая Кшыштафа Радзівіла Сіроткі “Вандраванне ў Святую зямлю”); тэалагічнай (“Жыцці святых” Пятра Скаргі); найбольш жа было лацінскіх кніг гуманістычных аўтараў. Нясвіжскі кнігазбор значна папоўніўся пры Мікалаі Кшыштафу Сіротцы. Пакупка кніг, выйшаўшых у мясцовых друкарнях і друкарнях Польшчы, а таксама суседніх краін – была асноўнай крыніцай камплектавання бібліятэкі.

У XVI ст. пачалі складвацца таксама буйныя кнігазборы ў іншых уладаннях Радзівілаў, у тым ліку ў Клецку, які належаў князю Альбрэхту Радзівілу (пам. у 1592 г.). Багатыя кнігазборы ў канцы XVI – першай палове XVII cт. належалі біржанскай галіне роду Радзівілаў (Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) і яго нашчадкі). Размяшчаліся бібліятэкі і ў некаторых дварах, дзе пражывалі іх уладальнікі, напрыклад у Даляцічах. Аднак асноўныя фонды былі сканцэнтраваны ў Біржах, Кейданах, Любчы і Слуцку.

Кнігі з кнігазбору Радзівілаў, асабліва Багуслава Радзівіла, здзіўлялі сучаснікаў сваімі шыкоўнымі аправамі з выціснутымі на іх залатым артнаментам і гербам, суперэкслібрысам. Па завяшчанню Багуслава Радзівіла ад 1668 г. значная частка яго біржанчкай бібліятэкі перайшла замкавай бібліятэцы ў Круляўцы (каля 500 тамоў), адкуль пазней трапіла ў мясцовы універсітэт (Кёнігсберг). У сярэдзіне XVII cт. бібліятэка налічвала каля 2000 асобных выданняў і канвалютаў. Вядомы рэестр бібліятэкі ад 1710 г., у якім улічана 1440 найменняў – гэта антычная, рэнесансная, рэфартатарская літаратура, гістарычныя, брыдычныя, сеймавыя, картаграфічныя і геаграфічныя выданні.

У 1772 г. кнігазбор бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі быў вывезены ў бібліятэку АН у Пецярбург, частка перададзена Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі, Маскоўскаму універсітэту. Аднак бібліятэка не перастала існаваць. Яна ізноў пачала аднаўляцца і збіралася аж 1939 г. У 1940 г. 20-тысячны збор Радзівілаў з Нясвіжу быў прывезены ў Мінск у бібліятэку АН БССР. Да вайны ён так і не быў улічаны. У Беларусі рэшткі радзівілаўскіх кнігазбораў захоўваюцца ў НББ, ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы.

Да найбольшых магнацкіх бібліятэк адносіцца і кнігазбор Сапегаў, які заснаваў Леў Іванавіч Сапега. Як сведчыць Л.І.Уладзіміраў, адным са шляхоў збору кніг у ВКЛ быў прывоз іх студэнтамі з-за мяжы. Так і Леў Сапега вучыўся ў Лейпцыгу, адтуль прывёз і кнігі. У 1630-х гг. яна налічвала звыш 3000 тамоў. Змест – юрыдычная і гістрычная літаратура, апісанні падарожжаў, кнігі па тэхніцы і механіцы, вайсковай справе і медыцыне, творы антычных аўтараў. Тэалагічнай літаратуры было нешмат. На кожнай кнізе была аправа з пазлацаным экслібрысам – выява герба Сапегаў “Ліс”.

Перадаў сваю калекцыю сынам Казіміру-Лявону, Яну і Крыштафу. Сёння большая частка кніг знаходзіцца ў РНБ у СПб і бібліятэцы Вільнюскага універсітэта (260 кніг), частка – у бібліятэцы Варшаўскага універсітэта і інш.

У 50-70-я гг. XVI ст. дзейнічаў асветніцка-культурны гурток беларускіх магнатаў, у якім збіраліся прадстаўнікі заможных праваслаўных родаў дзеля развіцця нацыянальнай культуры. Члены гуртка князь Юры Слуцкі, найвышэйшы гетман Рыгор Хадкевіч, Аўстафій Валовіч, пісар каралеўскі Міхал Гарабурда абменьваліся кнігамі і ідэямі, падтрымлівалі некаторыя культурныя акцыі (Немировскй. Иван Фёдоров в Белоруссии).

Значную ролю ў культурным жыцці Беларусі XVI ст. адыгрывалі князі Алелькавічы-Слуцкія. Яшчэ ў 15 ст. пры княжацкім двары вёўся летапіс, князь Юрый сам перапісваў кнігі. Алелькавічы садзейнічалі друкарскай справе, мелі свае друкарні і школы. У другой палове XVI ст. бібліятэка князёў Алелькавічаў знаходзілася ў княжацкім замку і была даволі багатай. Карысталіся кнігазборам вучоныя, гісторыкі, напрыклад, у 1576-1578 гг. у бібліятэцы працаваў польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі пры напісанні сваёй “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі”. Мяркуецца, што бібліятэка перайшла разам са Слуцкам кальвінскай галіне роду Радзівілаў.

Міхаіл Гарабурда прывёз з Масквы спіс Бібліі, які потым быў пакладзены ў аснову славутага астрожскага выдання Івана Фёдрава. Слуга Гарабурды, які быў сябрам расійскага першадрукара, склаў паказальнік да “Псалтыры” і “Новага Запавету”, што былі надрукаваны ў Астрозе ў 1580 г. Яго сын Васіль стаў віленскім друкаром.

У 20-30-я гг. 16 ст. існаваў кнігазбор Зяновічаў, асабліва славілася бібліятэка Крыштафа Зяновіча ў родавых маёнтках у Глыбокім і Смаргоні.

Такім чынам, прыватныя кнігазборы ў XVI ст. на тэрыторыі Беларусі сталі тыповай з’явай, што тлумачыцца з аднаго боку высокай адукаванасцю магнатаў, з другога – наяўнасцю ў іх матэрыяльных магчымасцей на пакупку кніг.

Усе бібліятэкі дадзенага тыпу былі вялікімі па аб’ёме (дасягалі 3-4 тыс. экз.) і полілінгвістычнымі (на 3-4 мовах, пераважна на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай). Да 1/3, а то і да 1/2часкі фонда складала рэлігійная літаратура. Цалкам жа можна адзначыць, што змест іх быў разнастайны, вылучаўся энцыклапедычнасцю, была літаратура юрыдычная, гістарычная, геаграфічная, прыродазнаўчая, філасофская і інш.

Бібліятэкі навукоўцаў. У XV ст. узнікаюць першыя бібліятэкі навукоўцаў. У параўнанні з Заходняй Еўропай у ВКЛ былі больш спрыяльныя ўмовы – слабейшая інквізіцыя, князі і магнаты выступалі ў ролі мецэнатаў.

Вядома бібліятэка астранома Бруздзеўскага (ідэйнага настаўніка Мікалая Каперніка) ў Вільні. У 1495 г. ён падарыў бібліятэцы Ягелонскага універсітэта 13 кніг, што складала толькі частку яго калекцыі.

Меў бібліятэку дзяржаўны і культурны дзеяч ВКЛ і Кароны, публіцыст Эразм Вітэлій, які ў 1492–1501 гг. жыў у Вільні, дзе займаў пасаду сакратара вялікакняскай канцылярыі. (Быў, дарэчы, мецэнатам Міколы Гусоўскага). У калекцыі Вітэлія – венецыянскія кнігадрукі, творы італьянскіх класікаў, кірылічныя кнігі.

Сярод навукоўцаў былі і духоўныя асобы, як віленскі біскуп – суфраган Юрый Альбін, аўтар прац па гісторыі антычнай літаратуры. Кнігі з яго бібліятэкі, магчыма, паліліся за іх ерытычны змест. У 1570 г. бібліятэка была перададзена Віленскаму езуіцкаму калегіуму. Некалькі кніг з кнігазбору і сёння захозваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага універсітэта.

90 тамоў налічвала бібліятэка прафесара Каралявецкага (Кёнігсбергскага) універсітэта, аднаго з знакаміцейшых дзеячаў Рэфармацыі ў ВКЛ доктара Абрагама Кульвы. У 1529 г. ён адкрыў у Вільні лютэранскую лацінскую школу для баяраў, у якой вучылася 60 чалавек. Кнігі Абрагам Кульва пачаў збіраць яшчэ падчас вучобы ў 1528/1538 гг. ва універсітэтах Кракава і Вітэнберга. Захаваўся інвентар кніг яго бібліятэкі (79 экз.), значную частку якой складалі кнігі навуковыя і вучэбныя, а таксама дапаможнікі па гісторыі, геаграфіі, дыялектыцы,музыцы, астраноміі; падручнікі па лацінскай і грэчаскай мовах, іўрыце; антычная літаратура. Менш было рэлігійных твораў.

Бібліятэкі духавенства. Аб прыватных кнігазборах духавенства распавядаць цяжэй, асабліва праваслаўнага. Тым не менш яны былі і асновай дадзеных кнігазбораў служылі выданні, прызначаныя для адпраўлення царкоўных абрадаў і малітваў. Не выключана, што ў зборах былв гістарычная, філасофская, юрыдычная літаратура. Захаваліся лацінскія каталогі калекцый членаў Віленскай капітулы Івана Рашкоўскага, Міколы Карызны, Амбразея Бойнарта, Юзафа Сапегі, Авляр’яна Пратасевіча і інш. Акрамя тэалагічнай былі ў зборах творы Цыцэрона, Лукрэцыя, Арыстоцеля, Флавія – цалкам 241 назва.

Бібліятэкі шляхты. Асновай прыватных збораў шляхты станавіліся прывезеныя з-за мяжы кнігі. Яскравым прыкладам можа служыць кнігазбор беларускага шляхціца, паэта-лацініста Саламона Рысінскага, які ў 80-х гг.XVI ст. вучыўся ў Герамніі. 1/3 частку яго збору складалі рэлігійныя творы пратэстанцкага кірунку. Шмат было твораў антычна’ых аўтараў, гуманістычная літаратура (11 выданняў Э.Ратэрдамскага), па гісторыі і філалогіі. Мяркуецца, што пісьменнік-лацініст Венцлаў Мікалаевіч, гуманісты Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, а таксама ўладальнікі шляхецкіх сядзібаў, як Солтаны ў Жыровіцах, мелі свае бібліятэкі. У прыватных бібліятэках шляхты найчасцей сустракаліся кнігі да набажэнства (“Святое пісьмо”), палемічныя выданні на польскай, лацінскай, беларускай мовах, пераклады. Кнігі перамяшчаліся і перадаваліся, выкарыстоўваліся не адным пакаленнем. Напрыклад, Статут ВКЛ (1588), на якім пазначаны прозвішчы яго ўладальнікаў з XVI – да XVIII стст., якім былі Наркевічы, Шалкоўскія, Маркевічы і інш.

Бібліятэкі мяшчан. У XVI ст. кнігазборы мяшчан толькі пачынаюць складвацца, што было звязана з праяўленнем прафесійных і інтэлектуальных патрэб адукаваных прадстаўнікоў дадзенага пласта грамадства. Асноўнымі былі бібліятэкі гарадской вярхушкі. Гэта калекцыя віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча – 111 кніг (12 кірылічных, 5 польскамоўных, значная частка – лацінамоўныя). Сярод іх – “Апостал” Ф.Скарыны, астрожская “Біблія” І.Фёдарава. Антычныя і сярэднявечныя аўтары, пераважна філосафская, гістарычная літаратура, слоўнікі, падручнікі.

Мяркуецца, што падобныя бібліятэкі мелі і іншыя мяшчане, якія прычыніліся да кнігавыдання ў Вільні – Багдан Онкаў (накладца 6 выданняў Ф.Скарыны), Якуб Бабіч, Юрый Адвернік.

Такім чынам, у аснове фарміравання фондаў прыватных кнігазбораў вызначыліся тэндэнцыі: 1) у складзе фондаў пераважала тэалогічная, філасофская, рэлігійная, гуманітарная, прыродазнаўчая і мастацкая літаратура; 2) зборы з’яўляліся полілінгвістычнымі; 3) вызначаліся рэлігійнай талерантнасцю.

Літаратура

  1.  Бібліятэка Віленскай акадэміі / Г.Галенчанка // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мн., 2005. Т.1. С.327.
  2.  Бібліятэка Жыгімонта ІІ Аўгуста / Т.Рошчына // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мн., 2005. Т.1. С.327.
  3.  Бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі / В.А.Цыбулі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1994. Т.2. С.37.
  4.  Бібліятэка Радзівілаў / Т.І.Рошчына // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мн., 2005. Т.1. C.329–330.
  5.  Бібліятэка Храптовічаў / А.Фурс // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мн., 2005. Т.1. С.328.
  6.  Бібліятэкі Сапегаў / М.Нікалаеў // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мн., 2007. Т.1. С.330.
  7.  Бразюнене А. Реконструкция исторических книжных коллекций: опыт, методы, проблемы / А.Бразюнене // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры: зб. навук. арт.: у 2 ч. Мн., 2006. Ч.1. С.143–147. (Пра бібліятэкі Віленскай акадэміі і Бібліятэку Сапегаў).
  8.  Говорова Т.В. Библиотека полоцких иезуитов: факты, сведения, документы / Т.В.Говорова // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. навук. арт.: у 2 ч. Мн., 2006. Ч.1. С.177–184.
  9.  Голенченко Г.Я. Крупные светские частновладельческие библиотеки Белоруссии и Литвы второй половины XVI – середины XVII вв. / Г.Я.Голенченко // Федоровские чтения, 1982. М., 1987. С.100–114.
  10.  Дарашкевіч В.І. Лацінскія кнігі ў прыватных бібліятэках на Беларусі / В.І.Дарашкевіч // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. С.58-73.
  11.  Лаўрык Ю. Найдаўнейшыя беларускія кніжніцы. Прыватныя кнігазборы / Ю.Лаўрык // Роднае слова. 2006. №4. С.80–83.
  12.  Марозава С.В. Стварэнне царквой уласнай сістэмы адукацыі / С.В.Марозава // Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596–1839 гады). Гродна, 2001. С.87–103.
  13.  Мілінкевіч А. Гродзенская Каралеўская медычная школа / А.Мілінкевіч // Гарадзенскія запісы. Гродна, 1993. Вып.1. С.15-20.
  14.  Николаев Н.В. Несвижская библиотека князей Радзивиллов / Н.В.Николаев // Книга в России ХVIII – сер. ХІХ вв. Л., 1989. С.140-147.
  15.  Нікалаеў М. Аблічча сярэнявяковай бібліятэкі. Кнігазборы Сапегаў / М.Нікалаеў // Мастацтва Беларусі. 1985. №7. С.64–67.
  16.  Нікалаеў М.В. Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў XXVIII ст. / М.В.Нікалаеў. Мн., 1993. С.213-220.
  17.  Покало М.И. История библиотечного дела в БССР. Мн., 1983. С.9-21.
  18.  Рощина Т.И. Проект Radziviliana: проблемы и пути реализации / Т.И.Рощина // Программа ЮНЕСКО “Память мира”: деятельность библиотек, архивов, музеев по сохранению документального наследия : матермалы международной конференции, Минск, 30 ноября – 1дек. 2006 г. / Нац. б-ка Беларуси ; сост. Г.В. Киреева. Мн., 2007. С.136–141. С.136–141.
  19.  Стефанович А.В. От реальности к виртуальности: сохранение и пропаганда книжного наследия князей Радзивиллов / А.В.Стефанович // Программа ЮНЕСКО “Память мира”: деятельность библиотек, архивов, музеев по сохранению документального наследия : матермалы международной конференции, Минск, 30 ноября – 1дек. 2006 г. / Нац. б-ка Беларуси ; сост. Г.В. Киреева. Мн., 2007. С.141–150.
  20.  Фурс А. Бібліятэка Храптовічаў: пошукі, знаходкі, перспектывы / А.Фурс // Здабыткі: Дакум. помнікі на Беларусі. Мн., 2005. Вып.7. Матэрыялы Трэціх Міжнародных Кнігазнаўчых чытанняў “Кніга Беларусі: Повязь часоў” (Мінск, 16-17 верас. 2003 г.). Секцыя 2. Беларускія гістарычныя кнігазборы ў часе і прасторы. С.43-49.

Пытанні для самакантролю

  1.  Якія навуковыя бібліятэкі Вялікага княства Літоўскага вы ведаеце?
  2.  Калі была заснавана бібліятэка Віленскага універсітэта і чые прыватныя кнігазборы склалі яе аснову?
  3.  Калі бібліятэка Віленскага універсітэта стала атрымліваць абавязковы экземпляр і як быў арганізаваны даведачны апарат бібліятэкі?
  4.  Які склад фондаў мела бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі (калегіума)?
  5.  Назавіце час дзейнасці першай навуковай спецыяльнай бібліятэкі на тэрыторыі Беларусі?
  6.  Якія каталіцкія і уніяцкія ордэны мелі свае бібліятэкі вучэбнага характара?
  7.  Якая літаратура складала аснову бібліятэк праваслаўных брацтваў?
  8.  Дзе ўзнікаюць першыя бібліятэкі народных вучылішч, які склад фондаў яны мелі?
  9.  Назавіце асноўныя тыпы прыватных бібліятэк Беларусі?
  10.  Бібліятэка якога вялікага князя захавалася да нашага часу?
  11.  Якая роля ў гісторыі культуры Беларусі належыць бібліятэкам Радзівілаў?
  12.  Хто з прадстаўнікоў гуманізму на Беларусі валодаў уласнымі бібліятэкамі? Асаблівасці фармавання і характар іх фондаў?
  13.  Як вы разумееце праблемы рэстытуцыі гістарычных кнігазбораў Беларусі?

ЛЕКЦЫЯ 7. Бібліятэкі Расіі (ХIVXVІІІ cтст.)

7.1. Бібліятэкі Расіі (ХIVXVІІ стст.)

У ХIVXV стст. адбываецца рост палітычнага, эканамічнага і культурнага значэння Вялікага Маскоўскага княства, вакол якога аб’ядноўваліся іншыя рускія княствы. Галоўным носьбітам кніжна-бібліятэчнай культуры застаецца царква.

З ростам манастыроў павялічваюцца і іх кніжныя фонды, бо для распаўсюджання праваслаўнай рэлігіі пры манастырах адкрываліся школы, перапісваліся і перакладаліся кнігі, арганізоўвалася іх захоўванне ў спецыяльных памяшканнях, якія называліся “кніжніцамі”, “кніжнымі палатамі” і інш. Назначаліся кнігазахавальнікі. Манастырскія кніжныя зборы або бібліятэкі з’яўляюцца асноўным тыпам бібліятэк дадзенага часу. Найбольш значнымі зборамі валодалі бібліятэкі Салавецкага манастыра (1478 кніг у 1676 г.), Кірыла-Белазёрскага (каля 1920 у 1664 г.), Іосіфа-Валакаламскага (1150 у 1573 г.), Троіца-Сергіева пад Масквой (623 кнігі ў 1642 г.).

Старажытнейшы кірыла-белазёрскі вопіс, які мае бібліяграфічны характар, адносіцца да канца 15 ст. У другой частцы вопіса распісаны больш за 950 артыкулаў з 24 зборнікаў. Кнігі расстаўляліся у бібліятэцы па прымеце зместу, аўтарства і мэтавага прызначэння. У вопісе 1664 г. 120 рубрык, кожная з якіх мела адпаведнае літарнае ці лічбавае абазначэнне і, часцей, загаловак. Напрыклад, “Глава а. Кнігі цудатворцы Кірыла і вучняў яго...” У кожнай рубрыцы кнігі падзяляліся на друкаваныя і рукапісныя. Ранні і Салавецкі вопіс, які адлюстроўвае 126 кніг на 1514 г. Вопіс 1676 г. гэтага ж манастыра і сведчыць, што кнігі у бібліятэцы расстаўляліся ў алфавітным парадку з наступным падзелам па фармату, а таксама на друкаваныя і рукапісныя Бібліяграфічны характар меў “Каталог павучальным чытанням у царкве на кожны дзень усяго года”, складзены ў 16 ст. у бібліятэцы Іосіфа-Валакаламскага манастыра і інш. Вялікую ролю адыграла царкоўная справаздачнасць, зацверджаная Стаглавым саборам 1551 г., а таксама податныя перапісы. У другой палове 16 ст. кніжныя вопісы ўносіліся ўжо, праўда, не ў абавязковым парадку, у пісцовыя кнігі горада ці павета. За часы праўлення Івана Жахлівага захаваліся ўказанні 40 такіх вопісаў, якія былі ўключаны ў зводны вопіс, складзены ў 17 ст. У ім выбарачна ўключаны 2 672 кнігі, якія знаходзіліся ў маскоўскіх, цвярскіх, яраслаўскіх, разанскіх, валагодскіх, растоўскіх і іншых манастырах.

Па гэтых вопісах можна скласці пэўнае ўяўленне аб складзе фондаў манастырскіх бібліятэк – гэта пераважна творы дзеячаў царквы, павучанні святых айцоў, богаслужбовая літаратура: псалтыры, служэбнікі, малітоўнікі і г.д. Пэўнае месца ў фондах займала арыгінальная і перакладная жыційная літаратура, царкоўна-палемічныя творы, гістарычныя творы (асабліва старажытнарускія летапісы), а таксама творы філасофскага, прыродазнаўчага і прыкладнога характару. Захоўвалася таксама і іншая свецкая літаратура – судзебнікі, кнігі па паляводству, лячэбнікі, творы старажытнарускай мастацкай літаратуры.

Асноўнымі крыніцамі папаўнення манастырскіх бібліятэк былі перапіска, перамяшчэнне з іншых манастыроў, дары прыватных асоб, асабліва ахвяраванні князёў, баяр і духавенства. Кнігі прывозіліся і з-за мяжы.

Абслугоўвалі манастырскія бібліятэкі пераважна манахаў і святароў свайго манастыра, а таксама маглі выдавацца і ў карыстанне іншым манастырам. Можна сказаць, што існаваў своеасаблівы кнігаабмен для чытання ці перапісвання паміж рознымі манастырскімі бібліятэкамі (Троіца-Сергіеў манастыр – 100 тамоў раздадзены ў іншыя манастыры і вёскі і 19 адпраўлены ў Маскву).

Кніжны склад манастырскіх бібліятэк кантраляваўся духавенствам. Складаліся спісы “ерэтычны” кніг, якія прымяняліся ўжо ў XI-XII стст. Вядомы прыклад Ізборнік Святаслава (1073 г.), у якім пералічваюцца “сапраўдныя” і “ложныя”. У “Кірылаўскай кнізе” (1644) прыводзіцца падрабязны пералік кніг “сапраўдных” і “ложных”, якія неабходна спальваць, а на тых, хто іх чытае – накладваўся царкоўны праклён. Што, зразумела, не спрыяла і адмоўна ўплывала на змест кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк, збядняючы іх. Іван Жахлівы на Стоглавым саборы 1551 г. публічна ўключыў “астраломію” ў склад ерэтычных. Гэта было справай сур’ёзнай, бо ерась, па норавах рускага і не толькі рускага сярэднявечча жорстка праследавалася.

Яшчэ і пасля з’яўлення першых друкаваных на Русі ў сярэдзіне XVI ст. (1564 г.), калі яны таксама папаўняць фонды бібліятэк, манастырская бібліятэка застаецца асноўным тыпам бібліятэк. Тое, што захавалася, з’яўляецца каштоўнымі помнікамі старажытнарускага пісьменства і друку, якія захаваліся дзякуючы манастырскім бібліятэкам.

Пэўную цікавасць уяўляе Патрыяршая бібліятэка – цэнтральная бібліятэка Рускай праваслаўнай царквы, створаная ў сярэдзіне XVI ст. Размяшчалася ў патрыяршай рызніцы, што была над царквой Дванаццаці апосталаў. У 1654 г. інак Арсеній Суханаў быў пасланы патрыярхам Ніканам у Грэцыю, адкуль прывёз 498 рукапісаў з афонскіх манастыроў. Па вопісе кніг Нікана ў 1658 г. у фондзе было 1300 рукапісаў, у тым ліку творы Гамера, Сафокла, Эўрыпіда і іншых антычных аўтараў.

Разам з тым з’яўляюцца значныя зборы свецкай кнігі ў прыватных асоб. Найбольш вядомай з’яўляецца бібліятэка ваяводы, князя Андрэя Міхайлавіча Курбскага (1528-1583). Пасля ўцёку ў 1564 г. з Юр’ева, дзе засталася бібліятэка, А.Курбскі трапіў у лівонскі горад Вольмар, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст прымусіў яго расстацца з кнігамі. Новую бібліятэку ён сфарміраваў у Ковелі, у якой былі галоўным чынам творы “айцоў царквы” і царкоўных гісторыкаў. Захавалася перапіска Курбскага і князя Канстанціна Астрожскага аб набыцці ім кніг Іаана Златавуснага, Грыгорыя Багаслова, Кірылы Александрыйскага, Іаана Дамаскіна і інш.

Былі кніжныя зборы і ў іншых феадалаў: князя Дзмітрыя Іванавіча Абаленскага-Нямога (шэраг рукапісаў у 1566 г. трапіў у збор Іосіфа-Валакаламскага манастыра); баярына Івана Іванавіча Хабарава. Вучоныя, пісьменнікі і асветнікі таксама мелі бібліятэкі – саветнік цара Аляксей Фёдаравіч Адашаў, дваранскі публіцыст Іван Сямёнавіч Перасветаў, дыпламат Фёдар Іванавіч Карпаў, пісьменнік і выхавацель царскіх дзяцей Сімяон Полацкі (з 1667 г. у Маскве). Менавіта С.Полацкі раіў адкрываць на Русі школы і бібліятэкі. Пры царскім двары ён заснаваў т.зв. “Верхнюю друкарню”, незалежную ад патрыяршай цэнзуры. Адной з першых кніг быў падручнік для дзяцей “Буквар мовы славенскай”. З драматургічных твораў С.Полацкага пачаўся ў Расіі прафесійны тэатр. За год да смерці працаваў над праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі. Яго бібліятэка змяшчала ў вялікай колькасці кнігі на латыні і польскай мовах: царкоўнаславянскую літаратуру, гістарычныя творы, творы рымскіх класікаў, прапаведнікаў, энцыклапедыі і інш. Многія кнігі з яго бібліятэкі дайшлі да нашага часу. На іх захаваліся паметы, зробленыя ўладальнікам пры чытанні. Памёр у 1675 г. на 51 годзе. Пасля бібліятэка перайшла да яго вучня Сільвестра Мядзведзева. Налічвала больш за 600 назваў: на латыні, грэчаскай, нямецкай, польскай, 18 грэка-славянскіх граматык, шмат лексіконаў. Ёсць звесткі аб бібліятэках у купецкім асяроддзі: багацейшага рода Строганавых. Аніка Фёдаравіч Строганаў паклаў пачатак сямейнай бібліятэцы ў Солі Вычагадскай. “Часоўнік” 1565 г. (Масква) выдання меўся ў 48 экз. Былі творы не толькі рэлігійнай тэматыкі, але і гістарычнай (летапісы, хранографы), забаўляльнай (“Троя”). Налічвалася 208 тамоў (84 назвы). Для прыватнай бібліятэкі значная лічба (у мясцовых царквах – 130).

Бібліятэка маскоўскіх цароў была дынастычнай і ўрадавай адначасова. Фарміраванне яе фонду адносяць не пазней, чым да XVI ст. Існуе версія аб багацейшым складзе яе кніжнага фонду, уключаючы кнігі антычных аўтараў на грэчаскай і лацінскай мовах. У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што для разбору багацейшай бібліятэкі і складання яе каталога быў прызваны Максім Грэк. Загадкавы лёс гэтай бібліятэкі: некаторыя сцвярджаюць, што антычная бібліятэка вялікіх рускіх князёў, існаваўшая паўтысячы гадоў назад, да гэтага часу захоўваецца дзесьці ў крамлёўскі падзямеллі. Бібліятэку не адзін раз шукалі розныя рускія і замежныя спецыялісты, але беспаспяхова. Пытанне застаецца спрэчным і да гэтага часу. Наяўнасць у бібліятэцы кніг XVXVI стст., пераважна рускіх, больш рэальна, але і яны ў большасці не захаваліся. Асабліва вылучаецца бібліятэка цара Івана 4 Жахлівага. Раманаўская ж дынастыя дала для царскай бібліятэкі склад фонду сапраўдны, хаця і вельмі звычайны. У цароў Міхаіла, Аляксея і іншых былі значныя асабістыя бібліятэкі. Аляксей, акрамя таго, сам займаўся “сачыніцельствам”, складаў “віршы”. З царскай бібліятэкі выдаваліся нават кнігі радавітай знаці, прыдворнаму акружэнню. Ёй была больш даступна грамадзянская, свецкая літаратура. Былі паднасныя экземпляры кніг еўрапейскага паходжання. Аднак бібліятэка нават царская не магла раўняцца з бібліятэкай Друкарскага двара, Партыяршай. Але яе прывелігіраванае становішча давала ёй карыстацца ў кіруючых колах асаблівай вядомасцю і нават за межамі Расіі.

У XVIXVII стст. у Расійскай дзяржаве складваецца сістэма урадавых устаноў – прыказаў, пры цары Аляксеі Міхайлавічы (1645–1676) колькасць такіх прыказаў дасягае паўсотні. Пры іх арганізуюцца спецыяльныя бібліятэкі. Першая з іх – Прыказа кнігадрукарскага двара (Тыпаграфская бібліятэка), узнікла ў пачатку XVII ст. У 1649 г. у ёй было 148 кніг, а ў 1679 – 637 на рускай і замежных мовах. Пад канец XVII ст. Тыпаграфская бібліятэка пераўтварылася ў буйнейшае кнігасховішча Расіі, у фондзе якога былі як рэлігійныя, так і свецкія кнігі. Яе карыстальнікамі былі не толькі спраўшчыкі друкарскага двара, але і выкладчыкі Славяна-грэка-лацінскай акадэміі і іншыя асобы.

Адной са значных была і бібліятэка Пасольскага прыказа, у якой захоўваліся кнігі, прывезеныя з-за мяжы. Па вопісах 1673 г. налічвалася 112 кніг і 6 рукапісаў, у 1696 – 333 кнігі, у асноўным на замежных мовах. Тэматыка – палітыка, права, гісторыя, філасофія, прыродазнаўства, рэлігія. Былі слоўнікі, карты, планы гарадоў і перыядычныя выданні.

Свае бібліятэкі мелі ў XVII ст. Пушкарскі і Аптэкарскі прыказы. Першы прыказ Пушкарскі загадваў вырабам артылерыйскага ўзбраення і будаўніцтвам фартыфікацыйных збудаванняў, у яго бібліятэцы збіраліся рускія і замежныя кнігі па тэхніцы, ваеннай спрвае, архітэктуры, астраноміі, матэматыцы, геаметрыі, геаграфіі і інш. У 1637 г. баярын Б.І.Марозаў, які ў той час кіраваў адукацыяй царэвіча Аляксея Міхайлавіча, распарадзіўся прыняць у царскія харомы з Пушкарскага прыказа 29 замежных кніг. Захаваліся звесткі аб выдачы кніг у 1667 г. майстрам, ліцейшчыкам і іншым асобам, а таксама для навучання царскіх дзяцей. У бібліятэцы Аптэкарскага прыказа захоўваліся медыцынскія кнігі – лячэбнікі, траўнікі, творы па анатоміі, фармакалогіі, біялогіі, батаніцы. Медыцынская літаратура набывалася нярэдка за мяжой. Лёс бібліятэкі невядомы. У 1812 г. быў узарваны Арсенал, дзе знаходзіўся і Пушкарскі прыказ. Такім чынам і старыя кнігі былі большай часткай страчаны.

Бібліятэкі спецыяльнага назначэння існавалі ў XVII ст і пры іншых прыказах. Па характару асноўнай дзейнасці яны могуць быць прызнанымі першымі спецыяльнымі бібліятэкамі Расіі. Пушкарская – першая тэхнічная, Аптэкарскага – медыцынскай.

 Бібліятэкі вучэбнага характару. У XVII ст. разам з духоўнымі школамі адкрываюцца першыя вучылішчы свецкага характару. У 1665 г. у Маскве засноўваецца дзяржаўная школа для падрыхтоўкі служачых дзяржаўных устаноў. У канцы 17 ст. па хадатайніцтву жыхароў Масквы адкрываюцца “гімнасіёны”.

У 1687 г. у Маскве адкрываецца Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Пры ёй ствараецца бібліятэка з фондам рэлігійнай, філасофскай і філалагічнай літаратуры. У 1689 г. у бібліятэцы захоўвалася больш за 600 рукапісных і друкаваных кніг на рускай, грэчаскай, лацінскай, нямецкай і іншых мовах, у іх ліку – творы свецкага характару. У пачатку XVII ст. адкрываюцца першыя кніжныя лаўкі, дзе прадаваліся кнігі ў тым ліку і на беларускай і украінскай мовах.

Аднак у адрозненні ад Заходняй Еўропы бібліятэкі на Русі не маглі іграць адметнай ролі ў грамадскім жыцці. Праўда, у Расіі пачаўся працэс актыўнага фарміравання фондаў бібліятэк цэнтральных устаноў і інстытутаў Рускай дзяржавы.

7.2. Пераўтварэнні ў галіне бібліятэчнай справы ў пачатку XVIII ст.

Як вядома, у Расіі XVIII ст. – стагоддзе энцыклапедызма і асветніцтва – пачынаецца з грандыёзных дзяржаўных рэформ у сферы палітыкі, эканомікі, культуры і адукацыі імператара Пятра І (1672–1725), якія ў першай чвэрці XVIII ст. ахапілі ўсе кірункі грамадскай дзейнасці, а таксама мелі вялікае значэнне і для развіцця бібліятэк. Цар-рэфарматар разумеў не толькі ролю інфармаці ў жыцці грамадства, але і актыўна садзейнічаў укараненню кнігадрукавання як важнейшага сродку фармавання ідэалогіі, развіцця навукі, тэхнікі, мастацтва, асветы і культуры цалкам. У гэтых адносінах асабліва вызначальнымі з’яўляюцца два пятроўскія пачынанні. Гэта, па-першае, раздзяленне царкоўнага і свецкага (грамадзянскага) кнігавыдання, і, па-другое, стварэнне новай грамадзянскай азбукі.

1. Асаблівае значэнне мела ўвядзенне ў 1708 г. грамадзянскага шрыфту для друкавання свецкіх выданняў. У распрацоўцы шрыфту прымаў удзел беларус Ілья Капіевіч (1651–1714), які ў адпаведнасці з прывілеям Пятра І ад 1698 г. галандскаму купцу Яну Тэсінгу на друк перакладзеных на рускую мову кніг, гравюр і геаграфічных карт, фактычна кіраваў выдавецтвам. А пасля смерці Я.Тэсінга прадоўжыў выдаваць кнігі для Расіі ў Амстэрдаме. У 1703 – першая руская газета “Ведамасці” (да 1727 г.). Арганізуюцца друкарні ў Маскве ў 1705 г. і Пецярбургу ў 1711 г., якія сталі друкаваць выключна свецкую літаратуру для спецыялістаў. На аснове грамадзянскага шрыфту развіваецца грамадзянскі па сваім змесце, або свецкі друк. Кірылічны друк пераўтвараецца з універсаальнага ў царкоўны не толькі па форме, але і па змесце. Свецкая літаратура набывае сваю форму друкаванага выражэння.

2. Стварэнне новай грамадзянскай азбукі не толькі дэмакратызавала кніжную справу, аблегчыла сам працэс навучання грамаце, але і садзейнічала масаваму распаўсюджанню кнігі, і, значыць, інфармацыі, ведаў сярод рускага народа. Увядзенне новай грамадзянскай азбукі мела і важкае ідэалагічнае значэнне: на першае месца выходзяць свецкія задачы і каштоўнасці, а рэлігійныя адступаюць на другі план. Пазней М.В.Ламаносаў вобразна вызначыў ролю грамадзянскай азбукі, сказаўшы, што пры Пятры І нават літараты знялі свае баярскія шубы.

Паслядоўніцай і прадаўжальніцай рэформ Пятра І была і імператрыца Кацярына ІІ (1729–1796), ідэалы асветніцкага абсалютызму якой служылі ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці. Расійскае грамадства паступова прымае новыя свецкія дзяржаўныя і маральныя нормы і паняцці. Навука, адукаванасць і друк сталі разглядацца як магутныя фактары развіцця грамадства і дзяржавы. У XVIII ст. за параўнальна кароткі тэрмін Расія пераўтварылася ў краіну, якая мела багацейшыя зборы еўрапейскай літаратуры. Санкт-Пецярбург становіцца новай сталіцай.

У 1706 г. па загаду Пятра І у Маскве пры друкарні Васілія Анофрыевіча Кіпрыянава (?-1723) адкрываецца своеасаблівы кніжны склад, уладальнік якога меў права займацца продажам рускіх і замежных кніг, гравюр. Кіпрыянаў прапаноўваў стварыць цэлы комплекс, у які ўваходзілі б кніжнае выдавецтва, друкарня, кніжныя магазіны, гравёрная майстэрня і агульнадаступная Публічная ўсенародная бібліятэка. Бібліятэка разглядалася ім як архіў нацыянальнага (айчыннага) друку. Свае прапановы аб адкрыцці Усенароднай публічнай бібліятэкі Кіпрыянавы (сын Васілій) накіравалі ў Сінод у 1724 і 1727 гг, аднак яны так і не былі падтрыманы, бо разглядаліся пасля смерці Пятра І.

Пры жыцці Пётр І вывучаў прапановы замежных вучоных, якія тычыліся арганізацыі ў Расіі Акадэміі навук і яе бібліятэкі. Найбольш цікавымі былі прадстаўленыя Пятру І у 1712 і 1714 гг. праекты Фёдара Салтыкова. Нягледзячы на тое, што яны не былі рэалізаваны, аднак прапановы аб адкрыцці публічных бібліятэк ва ўсіх губернях Расіі і аб заснаванні бібліятэк пры буйнейшых навучальных установах – акадэміях-гімназіях, якія ў сваю чаргу павінны былі быць у розных рэгіёнах краіны па ўзору Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў. У працэсе падрыхтоўкі праектаў Салтыкоў добра пазнаёміўся з работай бібліятэк Англіі, Галандыі, Швейцарыі і Францыі.

Пра значэнне, якое Пётр І надаваў бібліятэчнай справе можна меркаваць па дзяржаўных пастановах аб бібліятэчнай справе. Так, у “Духоўным рэгламенце”, складзеным Феафанам Пракаповічам, гаворыцца пра неабходнасць арганізацыі бібліятэк пры школах. Шэраг законаў былі накіраваны на забеспячэнне захаванасці старажытных рукапісаў, якія неабходна было збіраць у манастырскіх бібліятэках і перадаваць у дзяржаўныя.

У 1714 г. па загаду Пятра І у Пецярбургу была адкрыта Кунсткамера (музей) і бібліятэка. Доступ да яе быў адкрыты для ўсіх жадаючых. Гэта стала найбольш важнай падзеяй у галіне бібліятэчнай справы ў эпоху праўлення Пятра І, бо была па сутнасці заснавана першая дзяржаўная бібліятэка. У 1714 г. у бібліятэку, якая знаходзілася непасрэдна ў рэзідэнцыі цара, у Летнім палацы, паступаюць калекцыі бібліятэкі Аптэкарскага прыказа, якая была перавезена з Масквы, і бібліятэкі герцага Голштынскага з Рыгі (разам фонд налічваў 2000 тамоў). У 1716 г. паступіў бібліятэчны збор з Мітавы ў колькасці 2700 тамоў. Па загаду цара ў 1714 г. для сістэматызацыі фондаў бібліятэкі ў Пецярбург быў запрошаны з Германіі на пасаду бібліятэкара Іаган Даніэль Шумахер (1728-1761). На 1719 г. бібліятэка налічвала каля 10 тыс. кніг. Пазней бібліятэка папаўняецца і шэрагам прыватных калекцый. У 1724 г. і Кунсткамера і бібліятэка былі перададзены пад ведама заснаванай у тым самым годзе Акадэміі навук. У 1725 г. – каля 12 тыс. Сюды паступае і асабістая калекцыя Пятра І.

З заснаваннем у 1724 г. Акадэміі навук, як было адзначана, пачынаецца адлік дзейнасці яе навуковай бібліятэкі. Важнай крыніцай папаўнення фондаў з’яўлялася закупка літаратуры за мяжой і абмен кнігамі з айчыннымі і замежнымі навуковымі ўстановамі, вучонымі і выдаўцамі: з каралеўскімі бібліятэкамі Парыжа, Лондана, Стакгольма, Вены, Берліна, акадэміі навук Францыі, Англіі, Германіі, Партугаліі і інш. Пад канец XVIII ст. кніжны фонд бібліятэкі вырас да 52 тыс. кніг, з якіх толькі крыху болей чым 4,6 тыc. – кніг і рукапісаў на рускай мове. Адной з крыніц паступлення ў 1780-я гг. стаў абавязковы экземпляр. Урадавым загадам 1783 г. усе казённыя і вольныя друкарні Расіі абавязваліся пастаўляць у Бібліятэку АН адзін экземпляр “Всякой в печать сдаваемой книги”.

З 1728 г. Бібліятэка АН пачала абслугоўваць чытачоў у новым будынку і не толькі акадэмікаў, але і іншых вучоных, дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў знаці. Працавала першапачаткова 2 разы на тыдзень, а з 1742 г. – штодзённа.

Вялікую ўвагу бібліятэцы надаваў рускі вучоны Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711–1765), які ў якасці саветніка акадэмічнай канцылярыі кіраваў навуковай і вучэбнай дзейнасцю акадэміі. Асаблівыя клопаты выказваў аб стане фондаў, іх папаўненні, набыцці рэдкіх і неабходных кніг, іх захаванасці, і нават рэвізіі (у 1761 г.).

У другой палове XVIII ст. адкрываюцца і прынцыпова новыя для Расіі па свайму профілю спецыяльныя навуковыя бібліятэкі – Акадэміі мастацтваў (у Пецярбургу, 1757 г.), у 1756 г. узнікла рэпертуарная бібліятэка Рускага драматычнага тэатра, у 1756 г. – бібліятэка Вольнага эканамічнага таварыства, якая была грамадскай бібліятэкай.

У XVIII ст. упершыню ў Расіі пачынаюць сваю дзейнасць універсітэцкія бібліятэкі. У 1724 г. у Пецярбургу Пятром І быў заснаваны Акадэмічны універсітэт – першая ў Расіі свецкая вышэйшая навучальная ўстанова. Да 1819 г. знаходзіўся ў складзе АН. У 1755 г. па ініцыятыве М.В.Ламаносава быў адкрыты універсітэт у Маскве. Бібліятэка Маскоўскага універсітэта была адкрытая для чытачоў з 1756 г. У 1776 г. загадчыкам універсітэцкай бібліятэкі стаў Харытон Андрэевіч Чабатароў, які вучыў чытачоў-студэнтаў метадам самастойнай працы з кнігай, прывіваў навыкі сістэматычнага чытання і дапамагаў у выбары літаратуры.

У другой палове XVIII ст. адкрываюцца бібліятэкі спецыялізаваных навучальных устаноў. Так, з 1773 г. функцыянуе бібліятэка пры горным вучылішчы ў Пецярбургу, якая стала буйнейшай горна-тэхнічнай бібліятэкай Расіі. У 1799 г. у Пецярбургу пры Адміралцейств-калігіі была адкрыта Марская бібліятэка.

З пашырэннем сеткі горных вучылішчаў на Урале і Алтаі адкрываюцца новыя тэхнічныя бібліятэкі ў Барнауле, на Змяінагорскім рудніку, Паўлаўскім, Сузанскім і Томскіх заводах. Самай старэйшай была казённая бібліятэка ў Барнауле, адкрыта ў 1764 г. Значны ўклад у развіццё бібліятэкі ўнеслі таленавітыя горныя інжынеры-кнігалюбы бацька і сын Фраловы. Першы, Казьма Дзмітрыевіч, інжынер-гідратэхгік папоўніў фонд бібліятэкі ў 1784 г., набыўшы ў Пецярбургу 530 кніг, 350 з якіх перадаў Барнаульскай бібліятэцы, звыш 170 іншым бібліятэкам руднікоў і заводаў. Сын, Пётр Казьміч, выконваў абавязкі інспектара заводскіх вучылішч, кіраваў развіццём бібліятэчнай справы на заводах і рудніках Алтая цалкам. Пры ім была праведзена інвентарызацыя кніжнага фонда, складзены каталог, упарадкавана выдача літаратуры, распрацавана схема класіфікацыі Барнаульскай бібліятэкі. Прычым Фралоў прапанаваў сістэмна-алфавітную расстаноўку кніжнага фонда намнога раней, чым яна была ўведзена ў Пецярбургскай Публічнай бібліятэцы. У канцы XVIII ст. Барнаульская бібліятэка налічвала звыш 7 тыс. кніг на рускай, англійскай і іншых мовах. Акрамя тэхнічнай літаратуры былі мастацкія, гістарычныя, медыцынскія і інш. выданні. У 1809 г. па ініцыятыве Фралова-сына была праведзена рэарганізацыя бібліятэчнага абслугоўвання і кнігі з перыферыйных бібліятэк былі пераведзены ў Барнаульскую казённую бібліятэку. Фонд быў падзелены на 2 часткі: “нерухомую”, у якой былі кнігі для развіцця вытворчасці, і “класічную”, – кнігі для настаўнікаў і навучэнцаў горнага вучылішча.

Шмат для развіцця прафесійнай адукацыі на Урале і стварэння прышкольных бібліятэк зрабіў Васіль Мікітавіч Тацішчаў (1686–1750), вядомы дзяржаўны дзеяч і гісторык. У 1720–1722 гг. і 1734–1737 гг. – кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г.Екацярынбург. Як гісторык, працаваў над заканамернасцямі гістарычнага развіцця Расіі, гістарычны прагрэс звязваў з развіццём асветы. У сваёй працы карыстаўся, у тым ліку, адным са спісаў Полацкага летапісу. Асаблівую ўвагу праявіў да дзейнасці адной з буйнейшых горназаводскіх школ – екацярынабургскай, якой падараваў сваю бібліятэку звыш 1000 кніг (па артылерыі, фортыфікацыі, матэматыцы, гісторыі ў асноўным на замежных мовах). Названую школу закончылі, да прыкладу, І.І.Палзуноў, стваральнік першай універсальнай паравой машыны і канструктар гідрасілавых рухавікоў К.Д.Фралоў. Дадзеныя спецыяльныя бібліятэкі адыгралі значную ролю ў развіцці творчай і наватарскай думкі шэрагу вучоных і вынаходнікаў Расіі XVIII ст.

У канцы XVIII ст. значна актывізавалася і выдавецкая дзейнасць, чаму садзейнічаў загад 1783 г. аб адкрыцці “вольных друкарняў”. У 1784 г. у Маскве была заснавана “Тыпаграфічная кампані” Мікалая Іванавіча Навікова (1744–1818), якая ўключала разам з выдавецтвам і друкарняй, кніжнымі магазінамі (у XVI гарадах) і агульнадаступную бібліятэку-чытальню. Навікоў імкнуўся да распаўсюджання кніг і перыядычных выданняў на ўсёй тэрыторыі Расіі па больш нізкіх цэнах, даступных шырокаму колу насельніцтва. Выпусціў больш за 1000 найменняў выданняў. Пачаў выпускаць першы рускі часопіс крытычнай бібліяграфіі “Санкт-Пецярбургскія вучоныя ведамасці”. Фактычна ён стварыў аснову для адкрыцця па ўсёй краіне сеткі агульнадаступных публічных бібліятэк. Праўда, пасля выдання кнігі Аляксандра Радзішчава “Путешествие из Петербурга в Москву” Навікоў быў арыштаваны і пасаджаны ў Шлісельбургскую крэпасць. Яго друкарні, кніжныя магазіны і бібліятэка былі канфіскаваны і звыш 18 тыс. кніг знішчаны.

У другой палове XVIII ст. узнікае шэраг праектаў адкрыцця публічных бібліятэк, аднак яны не знаходзяць падтрымкі ў Кацярыны ІІ, якая стварае ў Эрмітажы багацейшую палацавую бібліятэку, у аснове – прыватная калекцыя імператрыцы, рукапісы манастырскіх бібліятэк, асабістыя бібліятэкі Вальтэра і Дзідро.

Праўда, у губернскіх гарадах Туле, Іркуцку і Калузе яшчэ ў 80-90-я гг. XVIII ст. адкрываюцца публічныя бібліятэкі. Самая вялікая – Іркуцкая, была бясплатнай, ёю маглі карыстацца жыхары бліжэйшых населеных пунктаў. Падобныя бібліятэкі, якія ствараліся на дабрачынныя ахвяраванні, не былі падтрыманы урадам.

У статуце Акадэміі мастацтваў 1764 г., зацверджаным Кацярынай ІІ, акадэміі прадпісана “мець публічную бібліятэку”, дазваляючы наведванне яе пабочнымі асобамі ў вызначаныя дні. Аднак пашырэнне функцый навуковых бібліятэк не вырашала праблемы даступнасці бібліятэк чытачам “всякого звания”.

У 1766 г. граф Аляксандр Сяргеевіч Строганаў, вядомы мецэнат, відны дзяржаўны саноўнік, прадставіў на разгляд Екацярыны ІІ праект “Плана Публічнай Расійскай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу”. Праект быў аформлены як калектыўнае меркаванне А.С.Строганава і яго бізкага акружэння (ініцыятар праекту – Барыс Салтыкоў, вядомы вальнадумец і вальтэр’янец, які неаднаразова наведваў Вальтэра ў Швейцарыі). Галоўная мэта бібліятэкі, па задумцы яе заснавальнікаў, – “распространение и процветание российского языка”. Адначасова акрамя асветніцкай яны ставілі перад сабой і патрыятычную мэту, не імкнуліся надаць бібліятэцы статус дзяржаўнай. Бібліятэка павінна была належаць спецыяльна створанаму грамадскаму аб’яднанню, члены якога ўносілі на яе карысць пэўныя сумы. Прадугледжвалася таксама, што “генеральна для ўсіх” бібліятэка будзе адчынена толькі два разы на тыдзень. Кацярына ІІ аднеслася да праекта даволі падазрона, асабліва да праяўлення грамадскай ініцыятывы і пакінула яе без адказу. Аднак праз некаторы час Кацярына ІІ прыняла пэўныя вырашальныя крокі па стварэнні нацыянальнай бібліятэкі Расіі. Яна марыла пра ганаровае завяршэнне свайго царавання, і нацыянальная бібліятэка магла стаць увасабленнем моцы расійскай дзяржавы і адначасова сімвалам яе прыхільнасці Асветніцтву.

Пасля падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 г. і ўзяцця Варшавы А.В.Сувораву было прадпісана загадам Кацярыны ІІ ад 21 лістапада 1794 г. забяспечыць атрыманне бібліятэкі Залускіх у якасці ваеннага трафея. Аперацыя па захопу кніжнага збору Залускіх была зарання спланавана і прадумана. Аднак за час падарожжа летам і восенню 1795 г. (на падводах, на суднах з Рыгі) аказаліся значныя страты. У наяўнасці ў Пецярбургу аказалася каля 250 тыс. тамоў, што пацвердзіла рэпутацю бібліятэкі Залускіх як адной з буйнейшых і багацейшых у Еўропе.

Дэкрэтам імператрыцы ад 27 мая 1795 г. было абвешчана аб заснаванні ў С.-Пецярбургу Імператарскай Публічнай бібліятэкі. Аснову задуманай бібліятэкі склаў унікальны збор бібліятэкі Залускіх з Варшавы, што ўтвараў фонд нацыянальнай бібліятэкі польскай дзяржавы. Апошнім распараджэннем Кацярыны ІІ на патрэбы Публічнай бібліятэкі было распараджэнне аб выдзяленні сродкаў на пабудову будынка бібліятэкі (лістапад 1796 г.). У 1801 г. кнігі з Варшавы былі перанесены ў новы будынак. У 1805 г. было створана кнігасховішча рукапісаў – Дэпо манускрыптаў. Бібліятэка была адчынена для чытачоў толькі ў 1814 г. Для станаўлення нацыянальнай бібліятэкі Расіі і яе наступнага развіцця мелі прынцыповае значэнне тыя імпульсы, якія багацейшы фонд варшаўскай бібліятэкі, а таксама іншыя калекцыйныя зборы, увабраўшыя ў сабе скарбы культуры многіх краін і народаў Еўропы, надалі ёй на многія дзесяцігоддзі.

Першыя працы па пытаннях бібліятэчнай справы.

Пад уплывам перадавых грамадска-палітычных поглядаў і рускага асветніцтва фармуюцца новыя погляды на бібліятэку і яе ролю ў жыцці грамадства. У XVIII ст. упершыню пытанні бібліятэчнай справы абмяркоўваюцца на старонках друку.

Складальнікам першых бібліяграфічных дапаможнікаў (рэестраў) у Расіі быў Ілья Капіевіч, які прадставіў Пятру І тры спісы кніг на рускай і лацінскай мовах грамадзянскім шрфтах. У 1710 г. у дадатку да газеты “Ведамасці” (№12) “Реестр книгам гражданским, которые по указу царского величества напечатаны новоизобретенною амстердамскою азбукою по первое число июня нынешнего 1710-го году” быў надрукаваны. У 1776 г. з’яўляецца ў дадатку да лацінскага падручніка “Асновы рыторыкі” І.Бурга “Апісанне расійскіх кніг, сістэматычна размешчаных” М.Бантыш-Каменскага – першы вопыт сістэматычнага бібліяграфічнага паказальніка. У прадмове на латыні было напісана: “Чтение книг настолько полезно и необходимо, что без него невозможно приобрести никакого научного образования. Поэтому я счел правильным, в интересах юношества, предающегося занятиям разными науками, приложить здесь в систематическом порядке разные разряды книг, изданных на отечественном языке, насколько эти книги мне известны.

У першай палове XVIII ст. бібліятэкар, складальнік каталогаў бібліятэкі АН, кнігазнаўца А.І.Багданаў выступіў за агульнадаступнасць бібліятэк. У рукапісе засталася яго грандыёзная праца “Краткое ведение о авторах российских, кто какие на российском языке издавал книги и разные переводы, и к тому следующее известие. Упершыню ён задумаў стварыць рэпертуар рускай кнігі па розных крытэрыях: храналагічным, па тыпаграфіях, па загалоўках, па аўтарах. па жанрах. В.В.Кіпрыянаў бачыў асноўную задачу “Публічнай усенароднай бібліятэкі” ў Маскве “ў навучанні расійскага народа”. Ролю бібліятэк у распаўсюджанні ведаў падкрэсліваў М.В.Ламаносаў. Лічыў, што без бібліятэкі немагчыма развіццё навукі.

У 1793 г. выходзіць “Лексікон” (слоўнік) Васілія Мікітавіча Тацішчава, дзе ўпершыню даецца азначэнне слоў “бібліятэка” і “бібліятэкар”. Бібліятэка – палата, дзе мноства або некалькі кніг для агульнанароднай карысці захоўваецца і для чытання жадаючым у назначаныя часы або па просьбе адкрываюцца”, а кніжны фонд рэкамендуецца расстаўляць па навуках і па мовах з выдзяленнем ерытычных, а таксама рэдкіх рукапісаў Бібліятэкар “павінен быць многіх навук і розных моў... навучаны”, складаць апісанні бібліятэкі, з чытачамі абыходзіцца паважліва і ласкава.

У 1776 г. да 50-годдзя АН на французскай мове была выдадзена кніга памочніка бібліятэкара АН Іагана (Людвіга Іаганавіча)К.Бакмейстэра “Вопыт аб Бібліятэцы і Кабінеце рэдкасцей і Гісторыі натуральнай Санктпецярбургскай Акадэміі навук”. У 1779 і 1780 гг. кніга перавыдаецца на рускай мове. Аўтар падрабязна апісвае гісторыю і стан бібліятэкі, дае кароткі нарыс развіцця іншых бібліятэк Расіі, прыводзіць пералік рукапісных і друкаваных помнікаў старажытнарускага пісьменства і рэдкіх выданняў, якія захоўваліся ў бібліятэцы. Акрамя таго вызначае ролю бібліятэк у грамадстве. У 1779 г. выходзіць у друку прамова Харытона Андрэеевіча Чабатарова “Слова пра спосабы і шляхі, якія вядуць да асветы”, дзе раскрываецца значэння чытання кніг, надаецца роля кіраўніцтву чытанню і крытычнага падыходу да засваення прачытанай літаратуры.

Вяршыняй біябібліяграфіі ў другой палове XVIII ст. стаў “Опыт исторического словаря о российских писателях” М.І.Навікова. Значнай бібліяграфічнай працай лічыцца “Бібліятэка расійская” Дамаскіна – репертуар кнігам, першы вопыт у Расіі прымянення храналагічнай сістэматыкі. “Расійская вучоная гісторыя” – так казаў пра сваю працу Дамаскін. Закончыў працу ў 1785 г. Бібліяграфія ахоплівала друкаваныя кнігі з 1517 да 1785 гг., некалькі дзесяткаў рукапісаў. Цалкам улічана 3804 кнігі.

Расстаноўка фондаў – актуальнае пытанне, якое ў Расіі таксама атрымлівае развіццё. У 1742 г. выходзяць першыя друкаваныя каталогі Бібліятэкі АН. Аднак больш распаўсюджаны рукапісныя, т.зв. сшыткавыя каталогі, якія складаліся ў сістэматычным і алфавітным парадку. Звычайна практыкавалася расстаноўка фонда “па навуках ці факультэтах”, дзяліўшая фонд на 4 часткі: філасофскую, юрыдычную, медыцынскую і багаслоўскую літаратуру.

Бібліятэка становіцца той установай, якая пачынае служыць навуцы ў якасці установы, якая забяспечвае аснову навуковай дзейнасці, што выклікае патрэбнасць у вызначэнні пэўных патрабаванняў да навуковай бібліятэкі Узнікае патрэбнасць і ў прынцыпова новым інстытуце дзяржаўнасці, якім становіцца нацыянальная бібліятэка.

Літаратура:

  1.  Абрамов К.И. История библиотечного дела в России. Ч.1 М., 2001. С.26-48.
  2.  Бендерский И. В стенах древних монастырей // Библиотекарь. 1991. №4. С.58-60.
  3.  Вильчур Н. Из истории технических библиотек на Алтае // В помощь работникам массовых библиотек. М., 1955. С.467-475.
  4.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.96-102, 135-148.
  5.  Глухов А.Г. Из глубины веков. М., 1971. С.91-104.
  6.  Каратыгина Т.Ф. История технических библиотек в СССР. М.: Книга, 1981. 168 с. С.16-24.
  7.  Кукушкина М.В. Монастырские библиотеки Русского Севера. Л., 1977. С.12-23.
  8.  Любарский Я. Библиотека Аптекарского приказа // Библиотекарь. 1950. №1. С.30-31.
  9.  Пенчко М.В. Библиотека Московского университета в XVIII веке. М., 1968. 125 с.
  10.  Слуховский М.И. Библиотечное дело в России до XVІІІ в. М., 1968. С.44-128.
  11.  Тихомиров М.Н. О библиотеках Московских царей (Легенды и действительность) // Новый мир. 1960. №1. С.196-202.

Пытанні для самакантролю

  1.  Як называліся бібліятэкі ў Расіі, якія засноўваліся пры манастырах?
  2.  Назавіце буйнейшыя манастырскія бібліятэкі і які змест фондаў ім быў характэрны?
  3.  Роля царкоўнага справаводства ў дзейнасці манастырскіх і царкоўных бібліятэк?
  4.  Што вы ведаеце аб Патрыяршай бібліятэцы?
  5.  Назавіце вядомейшыя прыватныя кнігазборы?
  6.  Роля Сімяона Полацкага і яго кнігазбору ў Маскоўскай Русі?
  7.  Міф ці рэальнасць бібліятэка Івана Жахлівага?
  8.  Што такое бібліятэкі “царскіх прыказаў” і якія з іх вы ведаеце?
  9.  Калі ўзнікаюць першыя бібліятэкі вучэбнага характару?
  10.  Якія пераўтварэнні адбыліся ў галіне бібліятэчнай справы ў пачатку XVIII ст. і з чым гэта было звязана?
  11.  Калі была заснавана першая навуковая бібліятэка Расіі і хто прымаў удзел у яе арганізацыі і дзейнасці?
  12.  Якія спецыяльныя бібліятэкі адкрываюцца ў другой палове XVIII ст.?
  13.  Што вы ведаеце аб праектах адкрыцця публічных бібліятэк?
  14.  Калі афіцыйна было абвешчана аб заснаванні ў С.-Пецярбургу Імператарскай Публічнай бібліятэкі і які еўрапейскі кнігазбор склаў яе аснову?
  15.  Якое развіццё атрымала бібліятэказнаўчая думка ў Расіі ў XVIII ст.?
  16.  Які ўклад у развіццё кніжнай культуры Расіі ўнеслі вядомыя дзеячы XVIIXVIII стст., што былі па паходжанні з беларускіх земляў?

ЛЕКЦЫЯ 8. Бібліятэкі ў эпоху Асветніцтва

(другая палова ХVІІ – пачатак XІХ ст.)

8.1. Новы бібліятэчны светапогляд

 Асветніцтва – гэта эпоха развітання з феадальным мінулым. Прадстаўнікі Асветніцтва прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства, дзяржавы. Усталяванню Асветніцтва спрыялі навуковыя адкрыцці ў прыродазнаўстве і дасягненні гуманітарных навук. У кожнай краіне, у кожнага народа Асетніцтва мела свае асаблівасці і храналогію, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сацыяльна-эканамічных адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ўжо ў XVI ст. перамагла першая ў свеце буржуазная рэвалюця. У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза (XVII ст.) патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У XVII ст. адбываецца буржуазная рэвалюцыя ў Англіі, дзе Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар; у канцы XVIII ст. – у Францыі, дзе Асветніцтва дасягнула найвышэйшай ступені напярэдадні Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыі. Вальтэр жа стаў сімвалам Асветніцтва (“эпоха Вальтэра”), які патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, ускладаў надзеі на асветнага манарха. У Германіі Асветніцтва ўзнікла ў 2-й палове XVIII ст. Г.Лесінг, Ф.Шылер, І.Гётэ выступалі абаронцамі адзінства Германіі. У ЗША Асветніцтва мела больш акрэслены буржуазны характар, стала ідэалогіяй барацьбы з англійскім абсалютызмам. У славянскіх краінах Асветніцтва праявілася найбольш яскрава ў Польшчы. На Беларусі ідэі Асветніцтва распаўсюдзіліся ў 2-й палове XVIII – пач. XIX ст. (І.Храптовіч, І.Яленскі, К.Лышчынскі, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч, Б.Дабашэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі і інш., філарэты і філаматы).

Прадстаўнікі Асветніцтва жылі з думкай аб іншых, аб сваім месцы ў грамадстве, яго зменах да лепшага, распаўсюджвалі ідэі роўнасці не толькі перад Богам, але і перад законам. У эпоху Асветніцтва ўпершыню пачынае сцвярджацца гістарычны погляд на жыццё грамадства.

Асветніцтва разглядаецца, у пешую чаргу, як эпоха далучэння ўсіх і кожнага да адукацыі, культура становіцца даступнай народу. Адукацыя ж стала панацэяй ад усіх сацыяльных бед, і развіццё гэтага працэса абумоўлена шырокім распаўсюджаннем друкаванага тэксту. Сапраўдным прадстаўніком Асветніцтва лічыўся чалавек, які чытае, і таму крытэрыем Асветніцтва становяцца яго адносіны да друкаванага тэксту. Адсюль і адносіны да бібліятэк, якія разглядаюцца як установы па распаўсюджанні ідэй Асветніцтва. Такім чынам, фарміруецца новы бібліятэчны светапогляд:

 1. Бібліятэка мяняе свае арыенціры ў сферы абслугоўвання – становіцца агульнадаступнай.

2. Своеасаблівую ролю пачынае адыгрываць такі тып бібліятэкі як прыдворная.

3. Сімвалам эпохі Асветніцтва становіцца і пэўны тып кнігі – “Энцыклапедыя”.

4. З цягам часу і бібліятэку пачынаюць успрымаць як “энцклапедычную” бібліятэку, лічачы, што універсальная бібліятэка павінна быць энцыклапедычнай (камплектаванне фондаў разнастайнай літаратурай на розных мовах).

5. У распаўсюджванні ідэй Асветніцтва вялікую ролю адыгралі часопісы і кнігі кішэннага фармату.

6. Паступова бібліятэку сталі ўспрымаць як адну з важнейшых устаноў грамадства, як сацыяльны інстытут, ад арганізацыі і актыўнасці работы якога залежыць і ўзровень адукаванасці грамадзян.

Навукавая бібліятэка ў такіх краінах як Англія, Францыя, Германія у многім не адпавядала ідэалам новай эпохі. Таму зразумела прапаноўваліся ідэі па яе ўдасканаленні. Найбольшы ўплыў на бібліятэкі таго часу аказалі ідэі французскага вучонага Габрыэля Надэ і яго праца “Парады па ўстройстве бібліятэкі” (1627?), у якой ён разглядаў бібліятэку як універсальную, у фондах якой павінны быць адлюстраваны ўсе віды друкаванай прадукцыі. Асаблівую ролю надаваў сістэматычнай расстаноўцы фондаў, ролі самаго бібліятэкара, які павінен ацэньваць кнігі па іх карыснасці.

Самая большая ўвага прафесійнаму вырашэнню праблем арганізацыі работы бібліятэкі надавалася ў Германіі. Значную ўвагу пытанням арганізацыі ўнутранай работы бібліятэкі надаваў Готфрыд Вільгельм Лейбніц (1646-1716), філосаф і бібліятэкар:

– кнігі і бібліятэкі – інструмент для атрымання ведаў,

– бібліятэка – гэта адно са звёнаў інтаграванай сістэмы ведаў, у якую ўваходзяць архівы, выдавецтвы, друкарні, а таксама школы, установы навукі і культуры.

Лейбніц распрацаваў

– ідэальную для свайго часу канцэпцыю навуковай бібліятэкі. Адным з элементаў гэтай канцэпцыі быў план “Кніжнае ядро” (“Nucleus Libraris”): 1 раз у паўгода павінны рыхтавацца спісы новых выданняў. Аднак імператар Леапольд І яго не падтрымаў.

– Замест каталогаў кніжных кірмашаў (у Франкфурце і Лейпцыгу) прапаноўваў рыхтаваць агляды новых выданняў з падрабязнай характарыстыкай аўтара, зместу.

– Прапаноўваў стварыць “Цэнтральны камітэт па пытаннях кнігавыдання і кніжнага гандлю”, або нават цэлы комплекс інстытутаў, якія садзейнічалі б развіццю навукі.

– Сфармуляваў ідэю стварэння зводнага каталога бібліятэк краіны.

– Прапанаваў ідэю стварэння цэнтральнай навуковай бібліятэкі універсальнага профілю, фонды якой папаўняліся б на аснове навукова абгрунтаваных прынцыпаў камплектавання. Бібліятэчныя ідэі Лейбніца былі рэалізаваны ў Прыдворнай бібліятэцы ў Вольфенбютэлі – рэзідэнцыі браўншвейгскіх герцагаў. Лейбніц кіраваў Герцагскай бібліятэкай з 1690 г., 23 гады, сумяшчаючы з кіраўніцтвам Прыдворнай бібліятэкай у Гановеры.

 АНГЛІЯ.

Буржуазная рэвалюцыя ў Англіі прывяла да развіцця бібліятэк універсітэтаў, каледжаў. У 1662 г. бібліятэкі Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў атрымалі права на абавязковы экземпляр. Пад канец XVIII ст. фонды бібліятэк названых універсітэтаў атрымалі адлюстраванне ў друкаваных каталогах.

Для бібліятэк пачынаюць будаваць спецыяльныя будынкі.

У 1684 г. у Лондане засноўваецца першая бібліятэка для грамадскага карыстання.

У 20-я гг. XVIII ст. кнігагандляры сталі адкрываць невялікія платныя бібліятэкі. Аднак прыватныя калекцыі былі па свім аб’ёме і колькасці значна большыя. Бібліятэка лічылася неад’емнай часткай кожнага добранадзейнага дома.

Пачынаючы з 1740 г. у Лондане і ў правінцыях адкрываліся падпісныя бібліятэкі, якія выдавалі кнігі на дом. Пазней некаторыя з іх пераўтварыліся ў бясплатныя публічныя бібліятэкі.

Ствараюцца першыя кніжныя клубы.

Самай значнай падзеяй для гэтага часу становіцца ўсё ж стварэнне нацыянальнай бібліятэкі. У 1753 г. парламент прыняў закон аб стварэнні Брытанскага музея і яго бібліятэкі. Асновай фондаў паслужылі кнігазборы Х.Слоўна, Катонаў, графаў Харлеяў і інш. У 1757 г. кароль Генрых ІІ далучыў да бібліятэкі музея і каралеўскую бібліятэку. Бібліятэцы таксама перайшло права на абавязковы экземпляр усіх кніг, якія выходзілі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі. Адкрылася бібліятэка для наведванняў у 1759 г.

Вопыт працы англійскіх бібліятэк па загаду Пятра І вывучаў Шумахер, акадэмік Пецярбургскай АН Г.Ф.Мілер.

 ШАТЛАНДЫЯ. Падобна развівалася бібліятэчная справа ў Шатландыі. Бібліятэка юрыдычнага факультэта Эдынбургскага універсітэта (з 1682 г.) пачынае такса атрымліваць абавязковы экземпляр з 1710 г. і пераўтвараецца ў нацыянальную бібліятэку Шатландыі.

З’яўляюцца таксама падпісныя і публічныя бібліятэкі. Да сярэдзіны XVIII ст. тут, як і ў Англіі, манастырскія бібліятэкі паступова прыходзяць да ўпадку, распаўсюджваюцца свецкія бібліятэкі.

ЗША. Адкрыццё першых бібліятэк для насельніцтва адносіцца да перыяду каланіяльнай залежнасці Паўночнай Амерыкі ад Англіі. Першай была бібліятэка, адкрытая ў 1697 г. Томасам Брэем у Анопалісе ў Паўднёвай Караліне. Усяго ім было створана на яго сродкі, сабраныя па падпісцы ў Англіі, 39 бібліятэк, галоўнай мэтай якіх было распаўсюджанне рэлігіі.

Дзякуючы Бенджаміну Франкліну (1706-1790) ствараюцца першыя свецкія бібліятэкі. Так, пры “Філадэльфійскім бібліятэчным таварыстве”, члены якога ажыццўлялі пакупку кніг для сумеснага карыстання, была створана бібліятэка. Франклін арганізаваў карыстанне бібліятэкай па папярэдняй падпісцы. У бібліятэцы, тыя хто выплачваў штогадовыя ўзносы, карысталіся кнігамі бясплатна. Кнігі адзін раз на тыдзень выдаваліся і на дом. Строга каралася тыя, хто губляў кнігі. Кнігі ў амерыканскіх гарадах былі дарагімі, і ў асноўным гэта былі падручнікі і календары. Уся літаратура выпісваліся з Англіі. Бібліятэка ў Філадэльфіі, у якой налічвалася 5 тыс. тамоў, стала ўзорам для заснавання падпісных бібліятэк у іншых раёнах краіны.

У 1747 г. адкрылася агульнадаступная бібліятэка ў Род-Айлендзе. Дэкларацыя незалежнасці, прынятая ў 1776 г., абвясціла адказнасць грамадства за асвету грамадзян. Аб неабходнасці  ўсеагульнага бясплатнага і абавязковага навучання, стварэння публічных бібліятэк настойваў Томас Джэферсан (1743-1826). Аднак гэта не было прынята.

Своеасаблівымі публічнымі бібліятэкамі былі платныя бібліятэкі для служачых, рабочых, бібліятэкі каледжаў, якія пазней сталі універсітэтамі. Плата за чытанне ў іх была невысокай.

Бібліятэкі вышэйшых навучальных устаноў – гэта бібліятэка Гарвардскага універсітэта (адкрыта ў 1636 г.), у 1701 г. – Йельскага універсітэта, у 1759 г. – бібліятэка каледжа ў Пенсільваніі (зараз універсітэт) і бібліятэка Каралеўскага каледжа ў Нью-Йорку (зараз Калумбійскі універсітэт) і інш.

У 1780 г. была створана амерыканская Акадэмія мастацтваў і навук.

ФРАНЦЫЯ. Бібліятэкі Францыі яшчэ даВялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі былі даступнымі для пэўных пластоў грамадства. Гэта бібліятэка французскіх каралёў, якая з 1737 г. адкрылася для дзяржаўных дзеячаў, вучоных. Але група гэта была невялікай, а бібліятэка магла абыходзіцца без каталогаў.

Рэарганізацыя бібліятэк пачалася з прыняцця дэкрэтаў Устаноўчага сходу аб перадачы царкоўнай маёмасці ў распараджэнне нацыі.

1. 15 студзеня 1790 г. выйшла інструкцыя аб паскарэнні перадачы літаратуры муніцыпалітэтам, і яе захаванні, расстаноўцы. У выніку з’явіліся вялікія кнігасховішчы, запоўнены багацейшымі калекцыямі.

2. 30 сакавіка 1792 г. выйшаў наступны дэкрэт аб канфіскацыі маёмасці эміграваўшых прыхільнікаў караля. Дзяржава атрымала такім чынам яшчэ адну крыніцу папаўнення кніжных збораў, якія зберагаліся ў т.зв. “літаратурных дэпо”, якіх было 8.

3. 10 кастрычніка 1792 г. быў прыняты дэкрэт “Аб прыпыненні продажу бібліятэк..., карцін і навуковых дапаможнікаў, якія знаходзіліся ў дамах эмігрантаў”. Такім чынам было адабрана 250 тыс. кніг з 20 бібліятэк. З 24 пастаноў і законаў Канвента аб бібліятэках толькі 6 тычылася аховы кніг. Нават знішчэнне бібліятэчных каштоўнасцяў каралася 2-гадовых турэмным заключэннем.

4. Дэкрэт ад 2 студзеня 1792 г. уводзіў улік кніжных фондаў і іх справядлівае размеркаванне паміж дэпартаментамі. Цалкам жа было канфіскавана 10 млн. тамоў. Перш за ўсё кнігі паступалі ў Каралеўскую бібліятэку, якую ў 1795 г. абвясцілі нацыянальнай. Аднак быў адменены абавязковы экземпляр, узноўлены толькі ў 1810 г., а на выдаўцоў быў распаўсюджаны толькі ў 1925 г. Частка кніг трапіла ў бібліятэку Арсенала, якая стала публічнай; бібліятэку Нацыянальнага інстытута навук і мастацтваў, у іншыя бібліятэкі дэпартаментаў.

5. Дзякуючы Дэкрэту ад 25 лютага 1795 г. былі адкрыты бібліятэкі пры цэнтральных школах. Ствараліся грамадскія бібліятэкі пры дыскрыктах (да студзеня 1794 г. – 555 бібліятэк). Канфіскаваныя кнігі, ацэньваліся як карысныя, бескарысныя, шкодныя. Бібліятэкам адводзілася актыўная палітычная роля ў грамадстве. Была створана бібліятэчная секцыя Камітэта народнай адукацыі.

6. 15 мая 1791 г. зацверджана інструкцыя па інвентарызацыі і каталагізацыі, па якой прадугледжвалася стварэнне зводнага каталога. Быў таксама прыняты дэкрэт аб арганізацыі каталогаў у кожнай бібліятэцы. Пытаннямі класіфікацыі займаліся Гюбер Амейлон, Арман Гастон Камюс. Было ўзнята пытанне аб стварэнні нацыянальнай бібліяграфіі. Разглядалася пытанне аб неабходнасці спецыяльнай падрыхтоўкі бібліятэчных кадраў.

ГЕРМАНІЯ. Раздробленасць, міжусобныя войны неспрыяльна адбіліся і на бібліятэчнай справе Германіі.

Распаўсюджаныя ў гэты перыяд прыдворныя бібліятэкі ў большасці сваёй ўяўлялі выпадковыя зборы, і толькі лічыліся адкрытымі для ўсіх жадаючых. Цяжкае становішча было і ў Берлінскай каралеўскай бібліятэцы, адкрытай у 1661 г. Бібліятэкары не атрымлівалі жалаванне. Кнігі амаль не выдаваліся на дом, а ў чытальнай зале было 8 сталоў, 8 крэслаў і 8 чарнільніц.

Толькі асобныя бібліятэкі Германіі ўяўлялі з сябе ўзорныя ўстановы. Гэта прыдворная бібліятэка герцага Вольфенбютэльскага, у якой працаваў Лейбніц. Аснову гэтай бібліятэкі складаў збор асабістай бібліятэкі браўншвейгскага і люнебургскага герцага Аўгуста (1579-1666). У 1661 г. у бібліятэцы налічвалася больш за 116351 друкаваную адзінку, якія былі пераплецены ў 28415 тамаў, і 2003 рукапісы. Бібліятэка стала буйнейшай бібліятэкай паўднёвай Еўропы, а да канца 17 ст. – стала буйнейшай бібліятэкай Еўропы і свету. Па колькасці яе фонд у 6 раз быў большы за фонд Каралеўскай бібліятэкі ў Парыжы. Прыкладна ў 1620 г. у бібліятэцы было створана спецыяльнае прыстасаванне для чытання кніг – “кніжнае кола”. У 1706-1710 гг. для бібліятэкі быў узведзены спецыяльна спраектаваны будынак, які стаў першым у Еўропе свецкім будынкам навуковай бібліятэкі, якая была зарыентавана на актыўнае служэнне навуцы. На даху быў устаноўлены глобус. Унутры будынка размяшчалася вялікая ратонда, якая ўяўляла сабой чытальную залу, акружаную паліцамі з кнігамі, якія размяшчаліся ўздоўж сцен на двух ярусах. У бібліятэцы прымянялася сістэма растаноўкі фонду, распрацаваная Лейбніцам.

З 1771 г. да 1781 г. кіраваў бібліятэкай нямецкі драматург Готхальд Лесінг. У адным з пісем 1770 г. ён пісаў: “Я лічу сябе захавальнікам бібліятэчных скарбаў, і не хацеў бы быць сабакам на сене, але мне не хацелася б быць і слугой у хляве, які кідае ў кармушку сена кожнаму галоднаму каню”.

Выдзяляецца таксама Каралеўская бібліятэка ў Дрэздэне. Дзякуючы рэформам, праведзеным яе кіраўніком Іаганам Міхаэлем Франке (1717-1775), яна пераўтварылася ў адну з перадавых бібліятэк Германіі. Рэформы былі накіраваны перш за ўсё на арганізацыю абслугоўвання шырокай публікі, і іх мэтай было стварэнне большь камфортных умоў для работы чытачоў.

Лепшай жа навуковай бібліятэкай Еўропы ў XVIII ст. стала бібліятэка Гётынгенскага універсітэта. Аўтарам унікальнай канцэпцыі фарміравання і развіцця бібліятэкі з’яўляецца першы куратар Гётынгенскага універсітэта барон Герлах Адольф фон Мюнхаўзен. У Гётынгене быў створаны такі універсітэт, дзе роля галоўнага інструмента развіцця ўпершыню адводзілася бібліятэцы, якая арыентавалася на абслугоўванне навукі цалкам. Значны ўклад у развіццё бібліятэкі ў гэтым кірунку зрабіў яе першы дырэктар Хрыстыян Готлаб Хейнэ (з 1764 па 1812 гг.). Асноўны элемент канцэпцыі Гётынгенскай бібліятэкі – непрарыўнае, планамернае і навукова абгрунтаванае набыццё айчыннай і замежнай літартуры. Было таксама вызначана, што доступ да фонду павінен ажыццяўляцца праз алфавітны і сістэматычны каталогі, наладжваліся цесныя сувязі з галандскімі кнігагандлярамі, бо Галандыя на той час была цэнтрам сусветнага кніжнага гандлю. У бібліятэцы вялі каталог новых кніг, якія рэкамендаваліся для набыцця, у якім адзначаліся ўсе паступіўшыя з цягам часу кнігі. Гётынгенская бібліятэка стала такім чынам свайго роду эталонам і яе вопыт аказаўся асабліва карысны там, дзе спрабавалі прывесці ў адпаведнасць дзейнасць той ці іншай навуковай бібліятэкі з новымі ідэаламі і патрабаваннямі новай эпохі.

8.2. Гётэ і змены ўзаемаадносін бібліятэкі, грамадства і дзяржавы.

Развіццё навуковай бібліятэкі ў XVIII ст. у адпаведнасці з прадуманай дзяржаўнай палітыкай у галіне навукі, адукацыі і культуры стала магчымым дзякуючы дзейнасці Іагана Вольфгана фон Гётэ (1749-1832), які на працягу больш чым 30-ці год (пачынаючы з 1797 г.) выконваў функцыі міністра адной з невялікіх дзяржаў раздробленай Германіі герцагства Саксэн-Веймар-Эйзенах. Канцэпцыю развіцця навукі, культуры і адукацыі Веймарскай дзяржавы Гётэ ўпершыню выклаў у дакладзе “Аб розных аспектах мясцовай дзейнасці”, які быў падрыхтаваны ў 1795 г. Галоўны акцэнт быў зроблены на характарыстыку ролі бібліятэк і іншых устаноў, развіццё якіх забяспечвала, на думку Гётэ, паўнацэннае навуковае і культурнае жыццё грамадства, садзейнічала павышэнню адукаванасці, і ў канчатковым выніку вызначала ступень развіцця самой дзяржавы.

Што тычыцца бібліятэк. то Гётэ ў першую чаргу надаваў вялікае значэнне

  •  каардынацыі і кааперацыі ў іх дзейнасці;
  •  выказаў ідэю стварэння адзінага зводнага каталога бібліятэк герцагства (трох бібліятэк: Герцагскай у Веймары, Замкавай і Універсітэцкай у Йене);
  •  карыстанне фондамі бібліятэк герцагства праз міжбібліятэчны абанемент ліквідавала б дубліваранне ў камплектаванні.

Першым аб’ектам рэформ Гётэ-міністра стала прыдворная герцагская бібліятэка. Веймарская бібліятэка, заснаваная ў 1691 г. і да Гётэ была зарыентавана менавіта на чытача. Асаблівы клопат у адносінах да бібліятэкі выказвала дачка браўшвейгскага герцага Карла Ганна Амалія (1739-1807). Па яе загаду для Герцагскай бібліятэкі быў прадастаўлены будынак “Зялёнага замка” з вялікай авальнай залай (перабсталяваны пад бібліятэку ў 1761-1766 гг.). У 1787 г. Фрыдрых Шылер пісаў: “Тутэйшая бібліятэка значная і знаходзіцца ва ўзорным парадку. Тут ёсць і сістэматычны каталог, па якім можна знайсці кнігу на паліцы за некалькі хвілін”. Аднак толькі ў параўнанні з іншымі бібліятэкамі Германіі таго часу бібліятэка была такой.

Першачарговую ўвагу Гётэ надаваў пытанням забеспячэння захаванасці фондаў і арганізацыі паўнацэннага абслугоўвання чытачоў Бібліятэкі. Гётэ вызначыў кола звестак, неабходных для вызначэння рэальнага становішча спраў у бібліятэцы:

  •  склад фонду (колькасць непераплеценых, г.зн. непрыгодных да выкарыстання, і страчаных кніг, колькасць дублетаў);
  •  стан каталогаў бібліятэкі (ступень паўнаты адлюстравання фонда і ступень яго даступнасці чытачам);
  •  стан абслугоўвання чытачоў (колькасць выдадзеных кніг і дынаміка выдачы, час абслугоўвання);
  •  арганізацыя работы бібліятэкі (характар размеркавання бягучай работы сярод персанала, фінансавыя расходы).

У 1798 г. Гётэ падрыхтаваў дакумент па арганізацыі работы бібліятэк. Асабліва важнае месца адводзілася кантролю за захаваннем фондаў і за тым як ім карыстаюцца. 24 студзеня выйшла спецыяльная інструкцыя, якая абавязвала весці рэгістрацыю ўсіх новых паступленняў і усіх кнігавыдач. Былі прыняты меры па ачыстцы фондаў Бібліятэкі ад дублетаў, якія распрадаваліся на аўкцыёнах, а за атрыманыя грошы набываліся новыя кнігі. Быў уведзены расклад па абслугоўванні чытачоў. 26 лютага ў Бібліятэцы былі ўведзены новыя правілы карыстання бібліятэкай: вызначаны час, калі бібліятэка адкрыта для чытачоў, вызначаны парадак выдачы кніг з абавязковым выпісваннем квітанцыі на кожную кнігу і распіскай пры яе вяртанні. Устаноўлены максімальны тэрмін, на які выдавалася кніга – 3 месяцы. Чытача папярэджвалі, што аб тых, хто не прытрымліваецца гэтых правіл, будуць публікаваць у газетах. Была ўведзена абавязковая рэгістрацыя чытачоў, нават і для герцагскай сям’і. Сам Гётэ прытрымліваўся ўсіх правіл. За 54 гады карыстання бібліятэкай яму было выдадзена, як зафіксавана, праз абанемент 2276 тамоў.

Згодна распараджэнню Гётэ ад 18 красавіка 1798 г. у абавязкі кожнага супрацоўніка ўваходзіла вядзенне дзённіка, дзе падрабязна распісвалася што было зроблена за працоўны дзень. Гётэ таксама патрабаваў месячныя, квартальныя і гадавыя справаздачы. Па меркаванні Гётэ, бібліятэкар і вучоны былі дзвюма рознымі прынцыпова прафесіямі. Бібліятэкар выконваў сваю місію пасрэдніка паміж ведамі і тымі, каму яны патрэбны.

Галоўным прадметам увагі Гётэ становіцца якасць камплектавання фонда. Бібліятэка атрымала абавязковы экземпляр, ролю якога іграў экземпляр, які прадастаўляў цэнзар. Для бібліятэкі імкнуліся атрымаць прыватныя зборы знакамітых асоб Веймара. Бібліятэка стала развівацца як навуковая гуманітарнага профілю. Паступова яна становіцца цэнтрам духоўнага жыцця Веймара.

Універсітэт для Гётэ быў аб’ектам не меншай увагі. Галоўнай жа мэтай універсітэцкай рэформы стала рэфармаванне універсітэцкай бібліятэкі ў Йене (з 1817 да 1824 гг.), у выніку якога бібліятэка стала цэнтрам універсітэта, які абслугоўваў усе накірункі яго дзейнасці.

Бібліятэка універсітэта ў Йене, створаная ў 1548 г., была адной са старэйшых універсітэцкіх бібліятэк Германіі. Аднак яна не ўяўляла сабой адзінага арганізма – гэта былі 9 разрозненых асобных збораў. І галоўным інструментам, які аб’яднаў асобныя часткі бібліятэкі ў Йене ў адзінае цэлае сталі яе каталогі. Гётэ быў упэўнены, што сістэматычны каталог – гэта фундамент бібліятэкі.

Нормай для універсітэцкіх бібліятэк таго часу было спалучэнне выкладчыцкіх і бібліятэчных абавязкаў. Гётэ ж у 1818 г. афіцыйна вызваліў дырэктара бібліятэкі ад выкладчыцкай дзейнасці, што фактычна стала першым крокам на шляху да бібліятэчнай прафесіяналізацыі, і Георг Готліб Гюльденапфель стаў першым у гісторыі нямецкіх бібліятэк прафесійным кіраўніком бібліятэкі.

Пасля завяршэння рэформ універсітэцкай бібліятэкі ў Йене ў герцагстве Саксэн-Веймар-Эйзенах склалася ідэальная ў параўнанні з іншымі дзяржавамі Германіі таго часу сістэма устаноў навукі, адукацыі і культуры, у якой бібліятэкі займалі асаблівае становішча. Менавіта тут пачала ажыццяўляцца бібліятэчная палітыка ў маштабах дзяржавы, якая ў сваю чаргу была складовай часткай навуковай, адукацыйнай і культурнай палітыкі.

8.3. Узнікненне нацыянальных бібліятэк.

У XVIIXVIII стст. у Еўропе фармуецца бібліятэка новага тыпу – нацыянальная бібліятэка, якая становіцца адным з важнейшых інстытутаў дзяржавы і мае пэўныя абавязкі ў адносінах да грамадзян. Звычайна, нацыянальная бібліятэка – гэта цэнтральная універсальная бібліятэка, якая валодае самым значным фондам літаратуры універсальнага профілю. Нацыянальная бібліятэка ствараецца як агульнадаступная бібліятэка, даспутнасць жа прыводзіцца ў адпаведнасць з патрабаваннямі забеспячэння захаванасці унікальнага фонду, які павінен пастаянна (вечна) захоўвацца.

Нацыянальная бібліятэка прынцыпова адрозніваецца ад іншых бібліятэк тым, што з’яўляецца бібліятэкай, якая выконвае ў адносінах да сваёй дзяржавы спецыфічныя унікальныя функцыі. Разам з тым бібліятэка мае інтэрнацыянальную прыроду. У адносінах да сусветнай супольнасці нацыянальная бібліятэка ўжо па сваёй прыродзе выконвае асобую місію, і з самага пачатку свайго існавання павінна праяўляць цікавасць да працы аналагічных бібліятэк.

Нацыянальная бібліятэка ўзнікае як своеасаблівы, прынцыпова новы інстытут дзяржаўнасці. Яго з’яўленне абумоўлена зменамі прыярытэтаў дзяржаўнага развіцця. З’яўленне нацыянальных бібліятэк было абумоўлена фармаванне і развіццём мадэлі цэнтралізаванай нацыянальнай дзяржавы, і таму можна гаварыць аб прынцыпова новай мадэлі самой дзяржавы.

Нацыянальная бібліятэка як новы інстытут дзяржаўнасці ў краінах Еўропы першапачаткова была зарыентавана на рэалізацыю функцыі, якую можна ахарактарызаваць як функцыю “нацыянальнай памяці”. У Еўропе ў XVIII ст. фарміруецца мадэль нацыянальнай дзяржавы. Нацыя разглядаецца як супольнасць грамадзян, аб’яднаных агульнай мовай.

Першыя нацыянальныя бібліятэкі ўзніклі не на “пустым месцы”. Яны ствараліся на аснове багатых прыватных калекцый, або падораных дзяржаве, або набытых дзяржавай для сваіх грамадзян. Часцей за ўсё асновай будучых збораў станавіліся бібліятэкі, якія належалі манархам. Так, у склад фонда адкрытай у Лондане ў 1759 г. нацыянальнай бібліятэкі Вялікабрытаніі – Бібліятэкі Брытанскага музея ўвайшла бібліятэка караля Георга. Значным было папаўненне прыватнай бібліятэкай каралеўскага ўрача Ханса Слоўна ў 42 тыс. тамоў. У некаторых выпадках датай стварэння нацыянальнай бібліятэкі становіцца атрыманне абавязковага экземпляра (нацыянальная бібліятэка Швецыі – Стакгольмская Каралеўская бібліятэка, з 1661 г.). У іншых выпадках дата зараджэння нацыянальнай бібліятэкі звязваецца з датай адкрыцця бібліятэкі для шырокай публікі. Так, у 1793 г. становіцца агульнадаступнай Каралеўская бібліятэка ў Капенгагене, і з гэтага часу становіцца нацыянальнай бібліятэкай Даніі. Датай заснавання Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы лічыцца 1795 г., калі Каралеўская бібліятэка атрымала новы будынак. У аснове яе фонда – збор Карла V. З 1537 г. атрымлівала абавязковы экземпляр. У аснову фонда Бібліятэкі Рэчы Паспалітай імя Залускіх – нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, атрымаўшай гэты статус і назву ў 1774 г., была пакладзена прыватная калекцыя, сабраная братамі Залускімі (Юзэфам і Анджэеем), якая налічвала больш за 400 тыс. тамоў. Была на свой кошт адкрыта Анджэеем ў Варшаве ў 1747 г. для шырокай публікі. Кіраваў бібліятэкай. Была адкрыта для чытачоў у аўторак і чацвер. Па ініцыятыве Юзафа пасля смерці брата, польскі сейм у 1773 г. разгледзеў праект заснавання ў Варшаве на аснове дадзенай бібліятэкі універсітэта і Акадэміі навук. Пасля смерці Юзафа кароль Станіслаў Аўгуст усклаў кіраўніцтва бібліятэкай на Эдукацыйную камісі, першую ў Еўропе цэнтралізаваную ўстанову (міністэрства) ў сферы адукацыі. У пачатку 1790-х гг. гэта бібліятэка стала адной з чатырох буйнейшых бібліятэк Еўропы – разам з Каралеўскай бібліятэкай у Парыжы, Бібліятэкай Брытанскага музея ў Лондане і Каралеўскай бібліятэкай у Мюнхене. Гісторыя бібліятэкі абрываецца ў 1794 г., пасля падаўлення паўстання Тадэуша Касцюшкі і страты незалежнасці Польшчай, восенню таго ж года фонды бібліятэкі былі па распараджэнню Екацярыны ІІ вывезены ў С.-Пецярбург.

Такім чынам, пасля Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі у капіталістычных краінах складваецца адзіны тып навуковых і культурных устаноў. Характэрным было дзяленне на навуковыя і публічныя бібліятэкі (асветніцкіх таварыстваў, рабочых гурткоў, прафсаюзаў, партый).

Літаратура

  1.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.71-73, 103-135, 162-173, 184-192.
  2.  Володин Б.Ф. Европейский феномен библиотеки Залуских // Петербургская библиотечная школа. 1997. №3. С.39-52.
  3.  Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.53-99.
  4.  Фирсов Г.Г. Библиотечная деятельность Гете и библиотеки Веймара и Йены // Библиотековедение и библиография за рубежом. 1983. Вып.94. С.3-11.
  5.  Шира Д.Х. Введение в библиотековедение. М., 1983. С.39-61.

Пытанні для самакантролю

  1.  Асаблівасці Асветніцтва ў краінах Еўропы?
  2.  Якая роля адводзілася бібліятэцы і ў чым заключаўся новы біблдіятэчны светапогляд?
  3.  У якой еўрапейскай краіне ўдзялялася найбольшая ўвага вырашэння прафесійных праблем арганізацыі работы бібліятэк і з чыімі імёнамі гэта было звязана?
  4.  Якія новаўвядзенні ва ўзаемаадносіны бібліятэкі, грамадства і дзяржавы былі зроблены І.В. фон Гётэ?
  5.  Якія змены адбыліся ў бібліятэчнай справе Англіі пасля буржууазнай рэвалюцыі?
  6.  Якія асноўныя дакументы па бібліятэчнай справе былі прыняты Канвентам у Францыі?
  7.  Які новы тып бібліятэк фармуецца ў эпоху Асветніцтва і як гэта звязана з развіццём мадэлі цэнтралізаванай нацыянальнай дзяржавы?
  8.  Чые прыватныя кнігазборы становяцца асновай нацыянальных бібліятэк?
  9.  Дата заснавання якіх бібліятэк звязваецца з атрыманнем бібліятэкай абавязковага экземпляру?
  10.  Якія задачы выконвалі бібліятэкі універсітэтаў?
  11.  Як рэалізоўваўсяпрынцып агульнадаступнасці ў эпоху Асветніцтва ў краінах Еўропы і ЗША?

ЛЕКЦЫЯ 9. Бібліятэчная справа ў XIX – пачатку XX стст.

Навуковыя і нацыянальныя бібліятэкі

Развіццё навукі ў XIX ст., як і ў эпоху Асветніцтва, праходзіла пад знакам ідэалізацыі яго магчымасцей у плане ўздзеяння на індывідума і на грамадства.

У першай палове XIX ст. найбольш інтэнсіўна развіваліся гуманітарныя навукі. Пазней усё больш яскрава адчувалася арыентацыя на даследаванні, якія мелі ярка выражанае практычнае значэнне.

У XIX ст. склаліся прынцыпова новыя ўяўленні аб універсітэце, які стаў разглядацца не толькі як месца перадачы ведаў, але і як установа, дзе гэтыя веды з’яўляюцца. У гэты час асабліва актыўна папаўняюцца фонды многіх універсітэцкіх бібліятэк. Бібліятэкі Кембрыджскага і Оксфардскага універсітэтаў у Англіі, Гарвардскага і Калумбійскага становяцца ў XIX ст. аднымі з самых буйнейшых навуковых бібліятэк свету.

Набірае сілу навуковая дзейнасць ва універсітэтах, якая фінансуецца дзяржавай – гэта навуковая палітыка (Прусія). Германія становіцца ў XIX ст. краінай, якая вызначала развіццё сусветнай навукі, і застаецца такой да канца первшай сусветнай вайны. Навуковыя бібліятэкі Германіі становяцца інстытутам развіцця навукі. Змены, якія адбыліся ў навуковых бібліятэках гэтай краіны, вызначылі наступнае развіццё навуковых бібліятэк і іншых краін свету.

Навуковыя бібліятэкі ў Германіі. Найбольш спрыяльныя ўмовы для правядзення дэмакратычных рэформ склаліся менавіта ў Прусіі. Адукацыйная рэформа, у тым ліку і універсітэцкая (як важнейшая яе складаючая), стала магчымай дзякуючы дзейнасці нямецкага вучонага Вільгельма фон Гумбальдта (1767-1835). В.фон Гумбальдт імкнуўся да стварэння ў Прусіі цэнтралізаванай дзяржаўнай сістэмы адукацыі, выступаў за ўсеагульнае права на яго атрыманне, рэалізоўваў на практыцы адзін са сваіх асноўных пастулатаў аб свабодзе даследчыцкай дзейнасці і свабодзе выкладання, што, у сваю чаргу, патрабавала змены ролі універсітэцкай бібліятэкі (перш за ўсё ў вядучым універсітэце Прусіі – Берлінскім).

У пачатку XIX ст. бібліятэка Берлінскага ун-та была адной з лепшых у Прусіі і ў Германіі. Як складовая частка універсітэта, яна была самым цесным чынам звязана з Каралеўскай б-кай і кіраванне ёю да 1873 г. было ў кампетэнцыі галоўнага бібліятэкара менавіта Каралеўскай бібліятэкі. Каралеўская б-ка, заснаваная па ініцыятыве прускага караля Фрыдрыха II, аказала вялікі ўплыў на развіццё і іншых універсітэцкіх бібліятэк:

ва ўніфікацыі сістэмы кіравання – асабліва пры расрацоўцы іх статута, у аснову якіх былі паладзены Правілы Каралеўскай б-кі ад 1813 г. – гэта статуты б-к універсітэтаў у Брэслау (Вроцлаў) (1815), Боне (1819), Кёнігсберга (Калінінград) (1823) і Гале (1831). Правілы адлюстроўвалі імкненне да дакладнай арганізацыі сістэматычнай расстаноўкі фондаў і вядзення сістэматычнага каталога. Что касается университетской библиотеки Берлина, то ее Устав также был подготовлен (в 1831 г.) на основе Правил Королевской библиотеки;

у новаўвядзеннях у абслугоўванні чытачоў (пашыраецца кола чытачоў, ўзрастае попыт на літаратуру, павялічваецца колькасць наведванняў);

у арганізацыі працы б-к (павелічэнні гадзін выдачы літаратуры, працяг працы б-кі) па паляпшэнні ўмоў работы ў бібліятэцы.

Што тычыцца каталогаў, то яны не адпавядалі запатрабаванням новага часу. Значны ўклад у змяненне такога становішча зрабіў першы універсітэцткі прафесар па бібліятэказнаўству — прафесар універсітэта ў Гётынгене Карл Дзяцко (1842-1903), які распрацаваў інструкцыю па апісанні друкаваных выданняў. Палажэнні інструкцыі сталі асновай т.зв. «Прускай інструкцыі», прымяненне якой зрабіла магчымым вырашэнне праблему уніфнікацыі каталогаў у краіне.

Ота Хартвіг (1830-1903), дырэктар універсітэцкай б-кі ў Гале, прымае рашэнне аб неабходнасці алфавітнага каталога для чытачоў. Першы такі каталог з’яўляецца ў універсітэцкай б-цы ў Гале ў канцы XIX ст. Па яго ж ініцыятыве была апублікавана сістэма класіфікацыі сістэматычнага (рэальнага) каталога б-кі.

Для б-к Германіі не было характэрным паслядоўнае камплектаванне айчыннай і замежнай літаратурай. Новым стаў падыход да камплектавання ў сувязі з увядзеннем так зв. сістэмы рэферэнтаў (або сістэмы галіновых рэферэнтаў). За пэўным спецыялістам было як камплектванне, так і вядзенне адпаведных разделаў сістэматычнага каталога, падтрымка кантактаў з чытачамі-спецыялістамі пэўнай галіны. Пасля 1906 г. гэта сістэма распаўсюдзілася па ўсёй Германіі, дзякуючы актыўнай дзейнасці генеральнага дырэктара Каралеўскай бібліятэкі ў Берліне Адольфа фон Харнака (1851-1930).

Павелічэнне патока новай навуковай літаратуры патрабавала адмаўлення ад універсальнасці фондаў. Навуковая б-ка перастае быць «энцыклапедычнай бібліятэкай». У 1887 г. упершыню была выказана ідэя распрацоўкі профіля камплектавання кожнай б-кі. Яе аўтар Роберт фон Моль (1799-1875), гал.б-р ун-кай б-кі Цюбінгена, прафесар у галіне навукі аб дзяржаве.

Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёма фондаў універсітэцкіх б-к патрабавала новых архітэктурных рашэнняў.

Адной з праблем была неадпаведнасць бібліятэчнага персанала патрабаванням новага часу. Так, О. Хартвіг быў упэўнены, што ў бібліятэку павінен прыйсці бібліятэкар-прафесіянал, што кваліфікацыя бібліятэкара патрабуе пастаяннай увагі, а гэтаму павінна садзейнічаць прафесійная прэса. Ён заснаваў першы прафесійны часопіс “ .............................................” і стаў кіраваць працай па яго выданні. Ён таксама заснаваў і першае прафесійнае аб’яднанне нямецкіх бібліятэкараў – “Саюз нямецкіх бібліятэкараў”.

На базе Берлінскага універсітэта пачала функцыянаваць вышэйшая бібліятэчная школа. Да канца першай сусветнай вайны заставалася адзінай навучальнай установай, дзе рыхтавалі прафесійных бібліятэкараў.

У канцы XIX ст. у аб’яднанай О. В. Бісмаркам Германіі наглядаецца тэндэнцыя да рэфармавання бібліятэчнай справы ва ўсёй краіне. У Германіі ў адрозненні ад Вялікабрытаніі, Францыі і іншых краін Еўропы – не было агульнанацыянальнай бібліятэкі. Аднак у 1913 г. гэта праблема была вырашана шляхам стварэння Нямецкай бібліятэкі ў Лейпцыгу, але самае галоўнае не было буйнай універсальнай навуковай б-кі, што стала асноўным стымулам агульнагерманскай бібліятэчнай рэформы, па якой меркавалася замест нацыянальнай б-кі стварыць у Каралеўскай б-цы ў Берліне копіі каталогаў усіх буйнейшых навуковых б-к Прусіі. Спрабавалі рэалізаваць гэты план ужо пасля заканчэння першай сусветнай вайны.

У апошняй чвэрці XIX ст. навуковая б-ка канчаткова адмаўляецца ад арыентацыі на мадэль «энцыклапедычнай б-кі», г. зн. ад прынцыпа універсальнасці камплектавання, што адлюстроўвала аб’ектыўную тэндэнцыю да дыферэнцыяцыі навук, да большай спецыялізацыі. Будучы інструментам навукі, навуковая б-ка адгукнулася на змены менавіта такім чынам.

Навуковыя бібліятэкі ў Расіі. Актівізація бібліятэчнай дзейнасці не толькі ў Санкт-Пецярбургу, але і ў розных рэгіёнах краіны з’являецца адной з самых характэрных рыс перыяда XIX ст. – пачатку XX ст. Гэта тычыцца дзейнасці універсітэцскіх біблліятэк, якія поўнасцю знаходзіліся на дзяржаўным бюджэце.

У пач. XIX ст. буйнейшай універсітэцкай б-й з’яўлялася б-ка Маскоўскага ун-та, у якой налічвалася звыш 20 тыс. кніг. У пачатку гэтага стагоддзя асабліва вылучаецца бібліятэка Казанскага унта, рэктарам якога ў 1827-1846 гг. быў выдатны вучоны-матэматык Мікалай Іванавіч Лабачэўскі (1792-1856), які адначасова займаў і пасаду дырэктара б-кі ун-та. М. І. Лабачэўскі дабіўся рэарганізацыі сістэмы камплектавання б-кі (на навуковай аснове), асаблівую ўвагу надаваў рашэнню пытанняў забеспячэння захаванасці фондаў і будаўніцтва новага будынка б-кі, дабіўся пераўтварэння б-кі ў публічную ў плане абслугоўвання шырокага кола «посторонних» чытачоў.

На 1895 г. найбольш значнымі былі фонды б-к Москоўскага (240 тыс. тамоў) і Пецярбургскага (230 тыс. тамоў) унтаў. Фонд б-кі Казанскага ун-та налічваў 147 тыс. тамоў.

У другой палове XIX – пач. XX стст. узмацняюцца кантакты рускіх вучоных з калегамі з іншых краін, развіваецца кнігаабмен, фарміруюцца прыватныя б-кі, а таксама развіваюцца дзяржаўныя, грамадскія і іншыя бібліятэкі. У гэты час рэзка павялічваецца і аб’ём кнігавыдавецкай дзейнасці ў Расіі. У 1860-я гг. выпуск кніг вырас з 1773 назваў у 1861 г. да 5451 найменняў у 1877 г. Лідэрам у справе кнігавыдання становіцца Пецярбург (63,4%).

У пачатку XX ст. у Расіі рэальна склалася сістэма бібліятэк, якая ўключала бібліятэкі самых розных тыпаў і відаў. Буйнейшай была нацыянальная – Імператарская Публічная б-ка. Па стану на 1917 г. яе фонд складаў болльш за 2 млн найменняў. Другой па велічыне была Бібліятэка Акадэміі навук, фонд якой у 1911 г. складаў каля 800 тыс. тамоў. З-е месца ў сістэме навуковых бібліятэк займала бібліятэка Румянцаўскага музея ў Маскве, фонд якой складаў па стану на 1917 г. амаль 1 млн тамоў. Да буйнейшых бібліятэк адносіліся бкі універсітэтаў і іншых вышэйшых навучальных устаноў – бібліятэка Маскоўскага універсітэта (у 1911 г. – каля 350 тыс. тамоў) і Петраградскага універсітэта (у 1910 г. – каля 300 тыс. тамоў).

У 1850–1870-я гг. у Расіі разам з універсітэцкімі бібліятэкамі і бібліятэкамі іншых вышэйшых вучэбных устноў адкрываюцца бібліятэктэкі Вышэйшых жаночых курсаў, народных універсітэтаў, гімназій і ліцэяў. У пач. XX ст. многія з іх налічвалі па 30-40 тыс. тамоў.

Да ліку буйнейшых бібліятэк адносіцца і бібліятэка Гістарычнага музея ў Маскве (каля 250 тыс. тамоў). Сярод бібліятэк з найбольш каштоўнымі па складзе фондамі былі бібліятэкі заканадаўчых устаноў – Дзяржаўнага Савета і Дзяржаўнай Думы (разам каля 300 тыс.тамоў) і бібліятэкі Ваенных ведамстваў – Генеральнага штаба, Марскога міністэрства, Ваеннай акадэміі і інш. (цалкам больш за 350 тыс. кніг). Да ліку вельмі багатых і надзвычай каштоўных адносілася таксама бібліятэка Эрмітажа і бібліятэкі іншых палацаў, у тым ліку прыгарадных палацаў Пецярбурга (Петрограда), якія належалі царскай сям’і, агульны фонд якіх складаў каля 100 тыс. тамоў.

Нацыянальныя бібліятэкі асобных краін.

У пач. XIX ст. нацыянальныя бібліятэкі існуюць у большасці краін Еўропы – Вялікабрытаніі, Даніі, Іспаніі, Нідэрландах, Партугаліі, Расіі, Францыі, Швецыі і іншых. Пры гэтым кожная мела свае асаблівасці.

Буйнейшыя нацыянальныя бібліятэкіВялікабрытаніі і Францыі. Паступова ў лік еўрапейскіих лідэраў увайшла Імператарская Публічная бібліятэка ў С.-Пецярбургу.

Адначасова на працягу XIX ст. ішоў працэс фармавання яшчэ адной нацыянальнай бібліятэкі, якая стала з часам буйнейшай як па аб’ёму фондаў, так і па маштабах дзейнасці бібліятэкай свету, – Бібліятэкі Кангрэса. На амерыканскім кантыненце, у тым ліку і ў краінах Лацінскай Амерыкі, складваецца мадэль нацыянальнай дзяржаўнай бібліятэкі, якая некалькі адрозніваецца ад еўрапейскай мадэлі нацыянальнай бібліятэкі “нацыянальнай дзяржавы”.

У Еўропе ж арыентацыя на мадэль бібліятэкі “нацыянальнай дзяржавы” праявілася нават у краіне, якая ўяўляла сабой нехарактэрную для Еўропы таго часу “нацыянальную дзяржаву”, а менавіта ў Аўстра-Венгрыі.

Нацыянальная бібліятэка Іспаніі. Працэс фарміравання Нацыянальнай б-кі ў Іспаніі, якая была створана ў 1836 г., цікавы тым, што тут з самага пачатку гаворка ішла не толькі аб выкананні ўжо пэўных функцый збору з найбольшай паўнатой усёй друкаванай прадукцыі краіны і яе пастаяннага захоўвання, а таксама распаўсюджання бібліяграфічнай інфармацыі пра гэтыя выданні, але і аб пэўных абавязках у адносінах да бібліятэк краіны і нават аб вызначэнні асноў узаемадзеяння з бібліятэкамі рэгіянальнага ўзроўню.

Ідэя стварэння такой бібліятэкі, як Бібліятэка Картэса, была выказана ў пачатку стагоддзя адным з буйнейшых бібліёграфаў краіны Барталомэ Хасэ Галада. Бібліятэка была створана ў 1811 г. Пачала атрымліваць два абавязковыя экземпляры ўсёй друкаванай прадукцыі краіны. Праз год былі прыняты статут бібліятэк правінцый і план развіцця Нацыянальнай Іспанскай бібліятэкі Картэса, у якіх былі вызначаны прынцыпы ўзаемадзеяння нацыянальнай бібліятэкі і цэнтральных бібліятэк правінцый краіны па камплектаванні, вядзенні каталогаў і г. д. Аднак стварэнне навукова абгрунтаванай сістэмы бібліятэк Іспаніі ў гэты час не ўдалося ажыццявіць з-за ваенных дзеянняў 1814 г.

Бібліятэка Брытанскага музея. Прафесійнае бібліятэчнае грамадства XIX ст. лічыла Бібліятэку Брытанскага музея ў Лондане ўзорнай у плане арганізацыі яе дзейнасці.

Нацыянальная бібліятэка разглядалася ў Англіі як важнейшы інстытут дзяржавы і атрымлівала неабходную для яе развіцця падтрымку: выдзяленне фінансаў, падтрымка рэформ, якія ажыццяўляліся па ініцыятыве кіраўніцтва бібліятэкі. У першай палове XIX ст. фонды бібліятэкі сталі імкліва расці, што ў значнай ступені стала магчымым за кошт паступленняў кніг з калоній – у першую чаргу, з Паўднёва-Усходняй Азіі. У выніку гэтага было створана спецыялізаванае падраздзяленне – аддзел усходніх кніг і рукапісаў.

З 1814 г. атрымлівае абавязковы экземпляр усіх выданняў Вялікабрытаніі, а таксама і ўсёй Брытанскай імперыі.

Значную ролю ў развіцці Бібліятэкі Брытанскага музея адыграў яе дырэктар Антоніо Паніццы (1798–1879), кіраваў з 1856 па 1866 гг. Заслугай Паніццы які імкнуўся прынцыпова палепшыць яе дзейнасць, з’яляецца расрацоўка і ўкараненне канцэпцыі камплектавання Бібліятэкі як цэнтральнай універсальнай навуковай бібліятэкі. Галоўны крытэрый камплектавання замежнай літаратурай – вычарпальная паўната камплектавання літаратурай на еўрапейскіх мовах. Гэта азначала, што па паўнаце фондаў літаратуры на ўсіх еврапейскіх мовах бібліятэка павінна была быць другой у свеце – пасля нацыянальнай бібліятэкі пэўнай краіны, у якой гэтай мовай карыстаюцца. Бібліятэка Брытанскага музея з таго часу гарантавала паўнату рэпертуару кніг на рускай, венгерскай, галандскай і іншых еўропейскіх мовах. Вырасла папулярнасць Бібліятэкі, у яе не было канкурэнтаў ва ўсёй Еўропе. Тут былі створаны ідэальныя для свайго часу ўмовы. У чытальнай зале налічвалася 450 месцаў, непасрэдна ў чытальнай зале ў аткрытым доступе быў размешчаны фонд даведачнай літаратуры.

Вялікае значэнне надавалася ў Бібліятэцы каталагізацыі. На ўсе фонды ствараўся друкаваны алфавітны каталог. Работа над ім была пачата ў перыяд кіраўніцтва Антоніо Паніццы. Паніццы надаваў вялікае значэнне прафесійнаму ўзроўню супрацоўнікаў Бібліятэкі, прад’яўляў да іх высокія патрабаванні. Імкнуўся прыцягянуць да працы ў Бібліятэцы прафесіяналаў самага высокага класа шляхам высокай аплаты іх працы.

Нацыянальная бібліятэка ў Парыжы. Французскую Нацыянальную бібліятэку (1795 г. па дэкрэту ад 16 кастрычніка) фактычна да 1814 г. працягвалі называць Бібліятэкай караля. Значная часка канфіскаваных кніжных фондаў (300 тыс. тамоў) дапоўнілася яшчэ 157 тыс. тамоў. Разбор фонда такога аб’ёму патрабаваў даволі працяглага часу. Усё гэта ўплывала на якасць абслугоўвання. У 1859 г. гэту бібліятэку наведаў В.І.Сабальшчыкоў, бібліятэкар Імператарскай Публічнай бібліятэкі і быў шакіраваны тым, што “в чтение не выдаются книги, противные нравственности; театральные пьесы; сочинения авторов, находящихся в живых, романы как отдельно изданные, так и помещенные в собраниях сочинений; издания с иллюстрациями; все журналы и периодические издания за последние 20 лет; брошюры юмористические и имеющие отношение к современности; книги адресов; всякого рода учебные книги и вообще все, что можно получить во всех библиотеках для чтения”.

У якасці “літаратурнага дэпартаменту” выкарыстоўвалася аддзяленне Нацыянальнай бібліятэкі, узнікшае на аснове Бібліятэкі Арсенала (заснавана ў сярэдзіне XVIII ст.). Менавіта з гэтай бібліятэкай звязана бібліятэчная дзейнасць паэта Адама Міцкевіча (1798–1855), які працаваў тут бібліятэкарам з 1852 г. да канца жыцця.

Вырашыць праблему каталагізацыі не ўдавалася аж да канца XIX ст.

Работу па сістэматызацыі фонда Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы і яго каталагізацыі завяршылі толькі ў канцы XIX – пач. XX стст. Быў створаны поўны карткавы алфавітны каталог і парыхтаваны да выдання друкаваны каталог усіх выданняў, якія былі ў бібліятэцы. На працягу XIX ст. вялася вялікая работа па стварэнні лепшых умоў для чытачоў. У 1867 г. была адкрыта новая чытальная зала. Фонды былі аддзелены ад чытальнай залы, створана цэнтральнае пяціяруснае кнігасховішча з выкарыстаннем металічных канструкцый.

Імператарская Публічная бібліятэка ў Пецярбургу. В першай палове XIX ст. усё больш актыўна праяўляе сябе нацыянальная бібліятэка Расіі – Імператарская Публічная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу, якая афіцына адкрылася 14 студзеня 1814 г. Актыўная работа па сістэматызацыі і расстаноўцы кніг, і, нарэшце, па падрыхтоўцы Бібліятэкі да адкрыцця, пачалося ў 1808 г., з моманту прыходу Аляксея Мікалаевіча Аленіна (1763–1843), які спачатку быў памочнікам дырэктара бібліятэкі, а ў 1811 г. стаў яе дырэктарам. На момант яе адкрыцця фонд складаў 243 тыс. тамоў, сярод якіх доля рускіх кніг складала ўсяго 1%. З 1810 г. бібіліятэка пачала атрымліваць абавязковы экземпляр, за своечасовым паступленнем якога быў устаноўлены строгі кантроль. Вырашэнню задачы рэтраспектыўнага камплектавання садзейнічала работа па стварэнню нацыянальнай рускай бібліяграфіі. Супрацоўнік бібліятэкі Васілій Сцяпанавіч Сопікаў (1765–1818) пачаў выдаваць (з 1813 г.) кіраўніцтва па пошуку расійскіх кніг “Опыт российской библиографии”. Пад кіраўніцтвам вучонага-гісторыка Аляксандра Іванавіча Ермалаева (1779–1828) быў сфарміраваны багаты фонд рускай рукапіснай кнігі. Цалкам за перыяд з 1814 да 1850 гг. фонд бібліятэкі павялічыўся ў 2 разы і пераўзышоў 500 тыс. тамоў.

Да працы ў Бібліятэцы былі прыцягнуты выдатны дзеячы рускай навукі і культуры, якія не толькі зрабілі вялікі ўнёсак у яе развіццё, але праявілі сябя за годы работы ў Бібліятэцы як таленавітыя бібліятэкары. Яны садзейнічалі пошуку новых, больш дасканалых форм і метадаў бібліятэчнай работы, чым значна ўзбагацілі бібліятэчную тэорыю. Сярод іх быў і пісьменнік, байкапісец Іван Андрэевіч Крылоў (1769–1844), які прапрацаваў тут бібліятэкарам з 1812 да 1841 гг. У адрозненне ад кіраўнікоў іншых вядучых нацыянальных бібліятэк Еўропы, перш за ўсё Бібліятэкі Брытанскага музея, А. М.Аленін адмовіўся ад сістэмы друкаваных каталогаў і ўвёў тры рукапісныя каталогі – два алфавітных (адзін – па назвах кніг, другі – па аўтарах) і сістэматычны каталогі.

Рост фондаў запатрабаваў пашырэння плошчаў бібліятэкі. У 1817–1819 гг. архітэктар Карл Іванавіч Росі (1775–1849) прыступае да распрацоўкі плана будаўніцтва новага будынку Бібліятэкі.

Паслядоўнікі А. М.Аленіна – Дзмітрый Пятровіч Бутурлін (1790–1849) і асабліва дырэктар-рэфарматар Мадэст Андрэевіч Корф (1800–1876) шмат увагі ўдзяляў развіццю бібліятэкі як навуковай бібліятэкі універсальнага профілю.

У бібліятэцы актыўна працавалі бібліятэкары і вучоныя з Германіі – Карл Бекер (1821–1883), Бернгард Лорн (1805–1881), Роберт Мінілаў (1811–1883) і інш., якія, займаючы кіруючыя пасады, садзейнічалі засваенню нямецкай канцэпцыі навуковай бібліятэкі.

Актыўным памочнікам Корфа ў рэфармаванні працэса камплектавання быў яго намеснік – пісьменнік, музыказнаўца і філосаф Васілій Фёдаравіч Адоеўскі (1804–1869). Ён лічыў бібліятэку важнейшым звяном у развіцці навукі. Пры Корфе былі ўведзены два новых званні – “ганаровы член” і “ганаровы карэспандэнт”. Значную ролю ў развіцці бібліятэкі адыграў Васілій Іванавіч Сабальшчыкоў (1808–1872), які быў і бібліятэкарам-наватарам, і архітэктарам, і бібліятэказнаўцам, якога лічаць заснавальнікам рускага бібліятэказнаўства. Загадваў Аддзяленнем мастацтваў і тэхналогіі з 1850 г., калі гэта аддзяленне пачало стварацца на аснове збору эстампаў. Пасля смерці Сабальшчыкова аддзяленне на працягу 34 год узначальваў Уладзімір Васільевіч Стасаў (1824–1906).

З 1849 г. В.І.Сабальшчыкоў займаўся таксама арганізацыяй збору іншамоўных твораў пра Расію – аддзялення “Росіка”, стварэннем яго алфавітнага і інвентарнага каталога, распрацоўкай яго класифікацыі. З 1844 г. ён з’яўляўся таксама архітэктарам Бібліятэкі. Сабальшчыкоў з’яўляецца аўтарам першых буйных рускіх прац па бібліятэчнай справе, важнейшая з якіх – “Пра ўстройства грамадскіх бібліятэк і складанні іх каталогаў”.

З імем В.І.Сабальшчыкова звязана перамяшчэнне з Пецярбурга ў Маскву бібліятэкі Мікалая Пятровіча Румянцава (1754–1826). 1 ліпеня 1862 г. у Маскве адбылося афіцыйнае адкрыццё бібліятэкі Румянцаўскага музея, якая стала буйнейшай бібліятэкай Масквы і адной з вядучых бібліятэк Расіі. Бібліятэка пачала актыўна папаўняць свае фонды (у 1863 г. фонд – каля 100 тыс. тамоў, у канцы XIX ст. – амаль 500 тыс. тамоў).

Бібліятэка Кангрэса ў Вашынгтоне. 24 красавіка 1800 г. прэзідэнт ЗША Джон Адамс падпісаў закон аб пераводзе Кангрэса з Філадэльфіі ў новую сталіцу краіны – Вашынгтон. Пры гэтым была звернута ўвага на тое, што Кангрэс не мае бібліятэкі. Першапачаткова Бібліятэка Кангрэса размяшчалася ў адным будынку з Кангрэсам і Вярхоўным судом ЗША. Вялікую ролю ў фарміраванні яе фондаў, асабліва ў выдзяленні сродкаў для набыцця кніг у Вялікабрытаніі і арганізацыі іх дастаўкі ў Вашынгтон, адыграў Томас Джэферсан (1743–1826), трэці прэзідэнт ЗША (з 1801 г.). Кніжны збор Джэферсана быў адным з самых багатых і найбольш якасных па свайму складу сярод прыватных кніжных збораў свйго часу. Джэферсан асабіста сачыў за з’яўленнем новых выданняў, меў дар адбору менавіта таго, што ўяўляла найбольшую навуковую каштоўнасць. Сваю дзейнасць ён не мысліў без кніг – работа з кнігамі стала яго прывычкай, і штодзень чытаў па некалькі гадзін. На 1814 г. у бібліятэцы Джэферсана налічвалася прыкладна 6,5 тыс. кніг.

Пераўтварэнне Бібліятэкі Кангрэса ў важнейшы дзяржаўны інстытут звязана з імем Эйнсварта Рэнда Спофарда, паслядоўніка бібліятэчнай філасофіі Джэферсана. Ён кіраваў бібліятэкай з 1864 да 1897 гг. У 1870 г. па яго ініцыятыве быў прыняты закон аб аўтарскім экземпляры, адпаведна якому бібліятэка пачала атрымліваць па два экземпляры ўсіх друкаваных і іншых дакументаў. Быў таксама ініцыятарам будаўніцтва новага будынку для бібліятэкі ў 1873 г.

У 1899 г. дырэктарам Бібліятэкі Кангрэса становіцца былы дырэктар Бостанскай публічнай бібліятэкі Герберт Патнэм, які кіраваў ёю на працягу 40 год – да 1939 г. Менавіта пры Г.Патнэме Бібліятэка Кангрэса канчаткова зацвярджаецца як адзін з важнейшых дзяржаўных інстытутаў ЗША, як нацыянальная бібліятэка, якая валодала самым поўным фондам друкаваных дакументаў, надрукаваных у краіне, як буйнейшая ў краіне навуквая бібліятэка універсальнага профілю, і, нарэшце, як бібліятэка, якая займае асобае становішча сярод бібліятэк краіны і бібліятэк усяго свету. З самага пачатку сваёй дзейнасці на пасадзе дырэктара Г.Патнэм вызначае галоўныя прыярытэты камплектавання фондаў бібліятэкі – у поўном аб’ёме выданні, якія выходзілі ў свет на тэрыторыі краіны і тыя, што паступалі па лініі аўтарскага экземпляра, літаратура па заканадаўству, “амерыкана”, літаратура універсальнага профілю. Асобая ўвага надавалася літаратуры па гісторыі.

Бібліятэка атрымлівала ў дар унікальныя амерыканскія прыватныя зборы, набывала буйнейшыя прыватныя зборы ў ЗША і за мяжой. Сярод замежных калекцый – купленая ў 1907 г. бібліятэка сібірскага купца Г.В.Юдзіна. Значнае месца адводзілася ў бібліятэтэцы раскрыццю фондаў – гэта распрацоўка і прымяненне ўласнай класіфікацыі, атрымала назву Класіфікацыі Бібліятэкі Кангрэса. У 1901 г. бібліятэка пачынае весці цэнтралізаваную каталагізацыю, г.зн. работу па падрыхтоўцы і выпуску друкаваных картак для каталогаў іншых бібліятэк. Для бібліятэк краіны гэта работа мела вялікае значэнне, бо тым самым стваралася аснова для уніфікацыі іх каталогаў. На пачатак 1920-х гг. бібліятэка стала цэнтральным бюро каталагізацыі для трох тысяч амерыканскіх бібліятэк. Фонды бібліятэкі сталі прадастаўляцца шырокаму колу карыстальнікаў праз міжбібліятэчны абанемент. Увага ўдзялялася фарміраванню штату высокакваліфікаванага персаналу бібліятэкі. У першыя дзесяцігоддзі XX ст. Бібліятэка Кангрэса стала буйнейшай бібліятэкай свету як па колькасці фондаў, так і па маштабах сваёй дзейнасці.

Стварэнне нацыянальных бібліятэк у краінах Лацінскай Амерыкі. У XIX – пач. XX стст. нацыянальная бібліятэка стала неад’емнай часткай кожнай незалежнай дзяржавы. Нацыянальныя бібліятэкі з’яўляюцца не толькі ў краінах Еўропы – асабліва актыўна ў XIX ст. ідзе працэс станаўлення нацыянальных бібліятэк у дзяржавах Лацінскай Амерыкі.

Цалкам мадэль нацыянальнай бібліяткі, якая фармавлася ў краінах Лацінскай Амерыкі, адрозніваецца ад мадэлі, яка атрымала распаўсюджанне ў XVIII ст. у краінах Еўропы. Тут яна адразу ж фармавалася як адзін з важнейшых інстытутаў дзяржавы, і ў сілу гэтага адкрыццё нацыянальнай бібліятэкі ў многіх выпадках супадала з набыццём дзяржавай незалежнасці. Так, у Перу, атрымаўшым незалежнасць ад Іспаніі ў 1821 г., Нацыянальная бібліятэка была заснавана ў тым самым годзе (у Ліме). У яе стварэнні самае актыўны ўдзел прымаў кіраўнік барацьбы за незалежнасць Перу і іншых краін Лацінскай Амерыкі генерал Хасэ дэ Сан-Марцін. У год абвяшчэння незалежнасці Балівіі (1836 г.) была заснавана Нацыянальная бібліятэка ў Сукры. Стварэнне нацыянальнай бібліятэкі магло папярэднічаць абвяшчэнню незалежнасці краіны, і ў гэтым выпадку стварэнне нацыянальнай бібліятэкі азначала фармаванне аднаго з інстытутаў новай дзяржавы і садзейнічала набыццю незалежнасці. Так, у 1813г. урад Чылі выступае са зваротам да грамадзян сваёй краіны, у якім паведамляе аб рашэнні стварыць у Санцьяга Нацыянальную бібліятэку – літаратурны інстытут, дзейнасць якога ва ўмовах замежнага панавання будзе садзейнічаць асвеце грамадзян. У гэтым самым дакуменце паведамлялася, што сродкі на стварэнне бібліятэкі былі выдзелены буйнейшымі нацыянальнымі прадпрыемствамі, палітыкамі, прадстаўнікамі духавенства. З 1818 г. – года абвяшчэння незалежнасці Чылі – бібліятэа атрымлівае абавязковы экземпляр.

Некаторыя з нацыянальных бібліятэк краін Лацінскай Амерыкі ў момант іх стварэння да абвяшчэння незалежнасці ствараліся на аснове ўжо сфармаваных калекцый. Так, Нацыянальная бібліятэка, заснаваная ў Буэнас-Айрэсе ў 1810 г., была створана на аснове багатага кніжнага збору епіскапа, які стаў агульнадаступным з 1796 г. Незалежнасць жа Аргенціны была прызнана ў 1816 г. Створаная таксама ў 1810 г. Нацыянальная бібліятэка Бразіліі – краіны, незалежнасць якой была прызнана ў 1822 г., была створана на аснове калекцый Каралеўскай бібліятэкі ў Лісабоне, якая была створана каралём Партугаліі Хазе I замест бібліятэкі, згарэўшай у час лісабонскага землятрусу 1755 г. Бібліятэка была перавезена з Партугаліі ў Бразілію, калі ўзнікла пагроза захвату краіны войскамі Напалеона. У 1814 г. Нацыянальная бібліятэка ў Рыа-дэ-Жанейра была адкрыта для публікі (у дадзеным выпадку афіцыяльны статус нацыянальнай гэта бібліятэка атрымала ў 1878 г.).

“Нацыянальныя бібліятэкі” Аўстра-Венгрыі. Феномен Аўстра-Венгерскай імперыі заключаўся перш за ўсё ў тым, што гэта дзяржава, у адрозненні ад іншых краін Еўропы таго часу, развівалася не на аснове кансалідацыі грамадзян краіны, якія размаўляюць на адной мове, а ўяўляла сабою шматнацыянальную і шматмоўную дзяржаву.

Нацыянальная бібліятэка Аўстра-Венгрыі – Прыдворная бібліятэка ў Вене – у XIV ст. яна фармавалася як прыватны збор габсбургскіх імператараў. У 1808 г. было прынята палажэнне аб абавязковым экземпляры. Разам з венскай Прыдворнай бібліятэкай у Габсбургскай імперыі былі і іншыя бібліятэкі, якія выконвалі пэўныя функцыі нацыянальных бібліятэк – функцыі “памяці нацыі”. Гэтыя бібліятэкі ўяўлялі з сябе своеасаблівыя цэнтры кансалідацыі народаў, якія пражывалі на тэрыторыі Аўстра-Венгрыі, на аснове агульнай мовы і агульнай культуры. Гэта былі бібліятэкі, якія будучы свайго роду нацыянальнымі або цэнтрамі “памяці нацыі”, з’яўляліся або паступова станавіліся навуковымі бібліяткамі універсальнага профілю і ў далейшым афіцыйна сталі нацыянальнымі бібліятэкамі. Асабліва вызначаліся ў гэтыя гады будучыя нацыянальныя бібліятэкі Венгрыі, Чэхіі, і ў некаторай ступені – Польшы,а таксама ў Сербіі і Славакіі.

У адпаведнасці з загадам імператара Франца II ад 26 лістапада 1802 г. у венгерскай сталіцы (Пеште) па ініцыятыве венгерскага арыстакрата Феранца Сечані (1754–1820) і на яго сродкі ў 1803 г. была адкрыта Венгерская бібліятэка імя Сечані. З 1804 г. Атрымлівае абавязковы экземпляр усіх выданняў, якія выдаюцца ў Венгрыі. У 1773 г. яна стала першай у Еўропе агульнадаступнай бібліятэкай. У 1780 г. дырэктарам бібліятэкі становіцца Карэл Рафаэль Унгар (1744–1807). Па яго ініцыятыве ў Клеменцінуме (былым манастыры, размешчаным у цэнтры Прагі) былі сабраны ўсе кніжныя фонды, якія належалі універсітэту. Паступова да іх былі далучаны калекцыі ордэна езуітаў. Асаблівую ўвагу Карэл Унгар удзяляў стварэнню калекцыі кніг на чэшскай мове, а таксама на іншых мовах, выдадзеных у розны час на тэрыторыі чэшскіх зямель. Функцыі чэшскай нацыянальнай бібліятэкі ў канцы XVIII ст. пачала выконваць бібліятэка Карлава універсітэта ў Празе. У 1782 г. атрымліваеабавязковы экземпляр. Створаны фонд атрымаў назву “нацыянальная бібліятэка”.

Дадатковыя функцыі бярэ на сябе бібліятэка Ягелонскага універсітэта ў Кракаве, якая знаходзілася на тэрыторыі польскай Галіцыі і ўваходзіла ў той час у склад Аўстра-Венгрыі. З 1868 г., разам з функцыямі універсальнай навуковай бібліятэкі, гэта бібліятэка пачынае ў адпаведнасці з планам дырэктара бібліятэкі Караля Эстрайхера (1827–1908) выконваць новыя функцыі, вызначаныя ім як функцыі “памяці нацыі”.

Бібліятэкі адыгрывалі вялікую ролю ў развіцці нацыянальнай культуры і іншых народаў Аўстра-Венгерскай дзяржавы. Значны ўнёсак у фармаванне архіва славенскага і харвацскага пісьменства зрабілі бібліятэка ліцэя ў Любляне (з 1807 г. Атрымлівае абавязковы экземпляр; у 1919 г. – універсітэцская бібліятэка) і універсітэцкая бібліятэка ў Загрэбе (створана ў 1776 г., з 1848 г. Атрымлівае абавязковы экземпляр).

У 1863 г. у невялікім славацкім горадзе Марціне ствараецца культурна-асветніцкае таварыства, якое дзейнічала на дабраахвотнай аснове і атрымала назву Маціца Славацка. Гэта таварыства выконвала функцыі нацыянальнага музея, нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра, цэнтральнага выдавецтва кніг на славацкай мове, а таксама бібліятэкі, збіраўшай помнікі славацкага пісьменства.

У XIX ст. у Аўстра-Венгрыі прадпрымаліся спробы стварыць бібліятэку, якая адлюстроўвала б у сваіх фондах і пісьмовую спадчыну сербаў. У Пешце ў 1826 г. было заснавана сербскае літаратурнае таварыства (Маціца сербска) з бібліятэкай, якую сталі называць таксама, як і само таварыства – Маціца сербска. Нацыянальная бібліятэка Сербіі (Народная бібліятэка Сербіі) была заснавана ў Белградзе паздней. Афіцыйна датай яе заснавання лічыцца 1832 г. Тры бясплатных абвязковых экземпляры бібліятэка атрымлівае толькі ў 1870 г.

Літаратура

  1.  Андреев М. Н.И.Лобачевский – библиотекарь Казанского университета // В помощь работникам массовых библиотек. М., 1955. С.422-434.
  2.  Бабинцев С.М. И.А.Крылов – библиотекарь публичной библиотеки // В помощь работникам массовых библиотек. М., 1955. С.415-421.
  3.  Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.71-73, 103-135, 162-173, 184-192.
  4.  Глухов А.Г. “Хранить как огонь жизни” Н.И.Лобачевский и книга // Библиотековедение. 1997. №5-6. С.123-132.
  5.  История Государственной публичной библиотеки имени М.Е.Салтыкова-Щедрина. Л.: Лениздат, 1963. С.11-48. [Пра В.І.Сабальшчыкова, У.У.Стасава]. р/ф.
  6.  Каневский Б.Н. Библиотека Конгресса США (исторический очерк) // Библиотековедение и библиография за рубежом. 1990. Вып.126. С.101-118.
  7.  Миллер Э. Антонио Паницци и Британский музей // Библиотековедение и библиография за рубежом. Вып.30. С.57-62.
  8.  Шира Д.Х. Введение в библиотековедение. М., 1983. С.39-61.

Пытанні для самакнтролю

  1.  У чым заключалася новае ўяўленне аб універсітэце ў ХІХ ст.?
  2.  У якой краіне Еўропы склаліся найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця навуковых бібліятэк і чаму?
  3.  Роля бібліятэкі Берлінскага універсітэта і Каралеўскай бібліятэкі (у Берліне)ў развіцці іншых універсітэцкіх бібліятэк?
  4.  Якія прапановы ўнёс першы універсітэцкі прафесар па бібліятэказнаўстве ў Гётынгене Карл Дзяцко?
  5.  Які ўклад у развіццё бібліятэчнай справы Германіі зрабіў Ота Хартвіг?
  6.  Што такое “сістэма рэферэнтаў”?
  7.  Каму належыць ідэя рапрацоўкі профіля камплектавання і ў сувязі з чым яна ўзнікла?
  8.  Назавіце вядучыя навуковыя бібліятэкі Расійскай іпмерыі?
  9.  Каму і дзе ў Расіі ўдалося рэалізаваць ідэю абслугоўвання шырокага кола чытачоў ва універсітэцкай бібліятэцы?
  10.  Назавіце буйнейшыя нацыянальныя бібліятэкі пач. ХІХ ст.?
  11.  Які ўклад зрабіў А.Паніццы ў дзейнасць Бібліятэкі Брытанскага музея?
  12.  Што ўяўляла з сябе Нацыянальная бібліятэка Францыі ў ХІХ ст.?
  13.  Якія асаблівасці меў працэс фармавання нацыянальнай бібліятэкі ў Іспаніі?
  14.  Калі была створана нацыянальная бібліятэка ў ЗША і хто ўнёс значны ўклад у яе развіццё?
  15.  Чым адрознівалася мадэль нацыянальнай бібліятэкі краін Лацінскай Амерыкі ад еўрапейскай мадэлі?
  16.  Як вы разумееце феномен “нацыянальных бібліятэк” Аўстра-Венгрыі?
  17.  Калі была адкрыта для чытачоў нацыянальная бібліятэка Расіі – Імператарская Публічная бібліятэка ў С.-Пецярбургу?
  18.  Хто з выдатных дзеячаў рускай навукі і культуры працаваў у Імператарскай Публічнай бібліятэцы?
  19.  Які ўклад унёс В.У. Сабальшчыкоў?

ЛЕКЦЫЯ 10. Бібліятэчная справа ў XIX – пачатку XX стст.

Агульнадаступныя бібліятэкі

10.1 Англа-амерыканская канцэпцыя публічнай бібліятэкі. У Еўропе найбольшае разуменне значымасці агульнадаступных бібліятэк было характерна для самай развітай у эканамічных адносінах дзяржавыа таго часу – Вялікабрытаніі, дзе яшчэ ў XVIII ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі “абанементныя бібліятэкі” – камерцыйныя бібліятэкі, якія існавалі на сродкі чытачоў (на плата за права карыстацца кнігамі). Рабіліся спробы стварэння асветніцкіх перасоўных абанементных бібліятэк, арыентаваных на абслугоўванне сельскага насельніцтва.

З пачатку XIX ст. у Вялікабрытаніі ролю агульнадаступных бібліятэк сталі больш актыўна выконваць бібліятэкі “школ механікаў”, якія былі накіраваны на прафесійную адукацыю рабочых. Аднак паступова яны пачалі выконваць і больш шырокія асветніцкія задачы. На 1850 г. у Вялікабрытаніі (разам з Ірландыяй) налічвалася больш за 700 такіх бібліятэк з фондамі ў памеры каля 2 тыс. тамоў. Імі карысталіся звыш 100 тыс. чалавек. Актыўна стала выказвацца ідэя стварэння бясплатных муніцыпальных публічных бібліятэк.

У сярэдзіне XIX ст. у сувязі з прыняццем бібліятэчнага заканадаўчага акту сталі ўжываць тэрмін “бясплатная публічная бібліятэка”. На першым этапе вырашэння праблемы арганізацыі шырокага бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў Вялікабрытаніі ў 1845 г. был прыняты закон аб музеях. Згодна якому ў гарадах з насельніцтвам звыш 10 тыс. можна было ствараць музеі, размяшчаючы ў адным будынку і музей, і бібліятэку. У 1850 г. прыняты закон аб публічных бібліятэках, у адпаведнасці з якім у гарадах з начельніцтвам звыш 10 тыс. дазвалялася ствараць муніцыпальныя бібліятэкі, якія павінны ўтрымлівацца на сродкі ад сабраных падаткаў. У 1855 г. дзеянне закона было расппаўсюджана на населеныя пункты з колькасцю звыш 5 тыс. жыхароў. Першая муніцыпальная публічная бібліятэка была адкрыта ў 1852 г. в Манчэсцеры. На працягу першых 12 год пасля прынятцця закона было адкрыта толькі 23 бібліятэкі, а на 1883 г. іх налічвалася 125. Паступова ў Вялікабрытаніі склалася мадэль публічнай бібліятэкі, якая застаецца практычна нязменнай і да сёняшняга часу. У адпаведнасці з гэтай мадэллю ствараецца сістэма публічных бібліятэк, у якую ўваходзяць буйнейшая цэнтральная бібліятэка і бібліятэкі-філіялы.

Асаблівасць брытанскіх публічных бібліятэк – арыентацыя пераважна на інтарэсы сярэдняга класа, адпаведна, развіццё бібліятэк як інстытута сярэдняга класа.

Адкрыццё публічных бібліятэк у Вялікабрытаніі садзейнічала аб’яднанню бібліятэкараў – у 1877 г. была створана Бібліятэчная асацыяцыя.

Яшчэ больш смелыя ідэі стварэння публічных бібліятэк быліажыццёўлены ў жыццё ў Злучаных Штатах Амерыкі. Атрымаўшы незалежнасць, ЗША па тэмпах свайго развіцця сталі апереджаць іншыя краіны свету. Так, у Дэкларацыі незалежнасці пяці паўночна-усходніх штатаў (Вермонт, Джорджыя, Масачусэтс, Пенсільванія, Паўночная Караліна) было заяўлена, што грамадства бярэ на себя адказнасць за асвету грамадзян. У 1840-я гг. узнік рух за стварэнне публічных бібліятэк для ўсяго насельніцтва. Спрыяльныя ўмовы для стварэння паўнавартаснай публічнай бібліятэкі склаліся ў сярэдзіне XIX ст. у Бостане, дзе ў 1848 г. заканадаўчы сход штата Масачусэтс прыняў закон, які дазваляў увядзенне ў Бостане спецыяльных падаткаў для фінансавання публічнай бібліятэкі, што і вызначыла механізм функцыянавання бібліятэк. Бібліятэка ў Бостане была адкрыта ў 1850 г. і пачала хутка папаўняць свае фонды. У 1860-е гг. яе фонд – 160 тыс. тамоў, у 1886 г. – 500 тыс. тамоў.

Першы закон, які дазваляў стварэнне публічных бібліятэк у гарадах штата, быў прыняты ў 1849 г. у штаце Нью Тэмпшыр. Аналагічныя законы былі прыняты і ў іншых штатах Новай Англіі – Масачасутэс (1851), Мэн (1854), Вермонт (1865), Канектыкут (1867). Пасля заканчэння Грамадзянскай войны (1861–1865) законы аб бібліятэках прымаюцца ў цэнтральных і заходніх штатах краіны.

Амерыканская публічная бібліятэка з самага пачатку існуе на грошы падаткаплацельшчыў пэўнай абшчыны і зарыентавана на бібліятэчнае абслугоўванне жыхароў гэтай тэрыторыі з улікам яе асаблівасцяў і мясцовай спецыфікі. Часта іх называюць “месцовымі бібліятэкамі”. Спецыфіку работы той ці іншай мясцовай бібліятэкі вызначае Савет апекуноў бібліятэкі (першы быў створаны ў 1852 г. у Бостане).

Шляхам стварэння публічных бібліятэк планавалася вырашыць у першую чаргу прагматычныя пытанні, якія ўзнікалі пры з’яўленні неабходнасці ствараць установы для пазашкольнай адукацыі насельніцтва. Амерыканская публічная бібліятэка (як і брытанская) арыентавалася на інтарэсы сярэдняга класса, была цесна звязана са школай. Пры гэтым публічная бібліятэка разглядалася як прынцыпова новы і вельмі важны грамадскі інстытут, звязаны з непрарыўнай адукацыяй і развіццём асобы. Акрамя таго, у ЗША публічная бібліятэка фармавалася як грамадскі інстытут у адпаведнасці з важнейшым прынцыпам амерыканскай канстытуцыі – правам на свабодны і адкрыты абмен ідэямі: “Наша свабода і наша сістэма заснаваны ў немалой ступені на свабодным доступе грамадзян да інфармацыі, сабранай у публічных бібліятеках”. Прынцыпова важнай асаблівасцю публічнай бібліятэкі з’яўляецца адкрыты доступ. Адкрыты доступ адлюстроўваў не столькі пэўны метад расстаноўкі фонду і абслугоўвання чытачоў, колькі стаў адлюстраваннем пэўных педагагічных уяўленняў аб тым, што даючы чытачам літаратуру з фондаў, агульнадаступная бібліятэка павінна быць абсалютна нейтральнай. Чытач павінен мець права выбору, і бібліятэка не павінна аказваць на яго ціск. Прынцып адкрытага доступу – галоўны прынцып арганізацыі і функцыянавання амерыканскай (і англа-амерыканскай) публічнай бібліятэкі. Даведачная бібліятэка – важнейшы і абавязковы элемент публічнай бібліятэкі.

У перыяд з 1850 да 1875 гг. у ЗША было адкрыта 2240 публічных бібліятэк (з іх у 1875 г. 18 было адкрыта на грамадскія сродкі). Працэс фармавання і развіцця публічных бібліятк па ўсёй краіне стаў хуткім і паспяховым дзякуючы вялікім сродкам, укладзеным у гэтую справу шматлікі мецэнатамі. Лідэрам па размаху мецэнацтва стаў амерыканец шатландскага паходжання Эндру Карнэгі (1835–1919), уладальнік буйных сталеліцейных заводаў. На яго сродкі ў ЗША і іншых англамоўных краінах было ўзведзена 2509 бібліятэчных будынкаў, у іх ліку ў ЗША – 1681, Вялікабрытаніі і Ірландыі – 660, Канадзе – 125, Новай Зеландыі – 18, Паўднёвай Афрыцы – 12, Вест-Індыі – 5, Аўстраліі – 4, а таксама па аднаму на Сейшэльскіх астравах, Маўрыкіі і Фіджы. Значную фінансавую дапамогу аказвалі (разам з Нью-Йоркскай карпарацыяй Карнэгі) фонд Ракфелера, фонд Форда і іншыя фонды, агенцтвы і мецэнаты. Публічныя бібліятэкі імкнуліся, у сваю чаргу, ўвекавечыць памяць тых, хто ўнёс уклад у іх развіццё (прысвойвалася імя мецэната або бібліятэцы, або адной з яе залаў, а таксама ўстанаўлівалі памятныя дошкі). Што, у сваю чаргу, пабуджала на новае мецэнацтва.

Інтэнсіўны працэс стварэння публічных бібліятэк садзейнічаў фармаванню ў ЗША прафесійнай бібліятэчнай грамадскасці. У 1876 г. у Філадэльфіі па ініцыятыве дырэктара бібліятэкі Калумбійскага універсітэта ў Нью-Йорку Мэлвіла Дзьюі (1851–1931) было створана прафесійнае аб’яднанне бібліятэкараў – Амерыканская бібліятэчная асацыяцыя. Асацыяцыя пачала выдаваць прафесійны “Бібліятэчны часопіс”. У 1887 г. па ініцыятыве М. Дзьюі пры Калумбійскім універсітэце была адкрыта прафесійная бібліятэчная школа, пры гэтым асаблівую ўвагу ён удзяляў прыцягенню ў бібліятэчную прафесію жанчын.

10.2 Канцэпцыя “Народнай бібліятэкі”. Інакш фармаваліся агульнадаступныя бібліятэкі кантынентальнай Еўропы. Кожная еўрапейская краіна прайшла свой шлях, і сфармаваныя ў той ці іншай краіне агульнадаступныя бібліятэкі мелі свае асаблівасці. Аднак іх агульныя рысы дазваляюць адзначыць своеасаблівы тып агульнадаступных бібліятэк Еўропы – гэта народныя бібліятэкі.

Найбольш цікава праходзіў працэс фармавання народных бібліятэк у Прусіі, Саксоніі і некаторых іншых германскіх дзяржавах, а пасля аб’яднання Германіі ў 1871 г. – цалкам у краіне. З’яўленню народных бібліятэк у Германіі папярэднічалі раннія формы першых агульнадаступных бібліятэк – чытацкія таварыствы і платныя камерцыйныя бібліятэкі. Сам этот термин “народная бібліятэка” з’явіўся спачатку ў назве бібліятэкі, адкрытай у 1838 г. у г. Заксэнхаузэн, у 1843 г. – у Франкфурце-на-Майне. Акрамя таго, фармаванне ў Германіі канцэпцыі “народной бібліятэкі” было цесна звязана з ідэямі народнай педагогікі, якія ў адрозненні ад англа-амерыканскіх “нейтральных” адносін да чытачоў, адмовы ад уздзеяння на яго пры выбары літаратуры, былі заснаваны на прадастаўленні чытатачам толькі “добрай” літаратуры.

Стварэнне народных бібліятэк у Германіі звязана ў першую чаргу з імем аднаго з буйнейшых дзеячаў народнай асветы Карла Беньяміна Прэйскера (1786–1871), які з’яўляўся прыхількам ідэй нямецкага асветніка Іагана Готфрыда Гердэра (1744–1803), упэўненага ў тым, што чалавек павінен быць усебакова адукаваным. Спрабуючы ўпэўніуь сваіх сучаснікаў у неабходнасці развіцця народнай адукацыі і стварэння бібліятэк для народа, Прэйскер звяртаў увагу на тое, што “існуюць два сродкі трымаць народ у падпарадкаванні: бізун (або штык) і народная адукацыя”. Аднак гэта канцэпцыя не стала жыццядзейнай, бо не улічвала палітычную рэальнасць. Тым не менш менавіта па ініцыятыве Прэйскера ў 1833 г. у саксонскім горадзе Гросенхайме была адкрыта першая ў Германіі агульнадаступная гарадская бібліятэка, арганізаваная на базе школьнай бібліятэкі (1828 г.). Народныя бібліятэкі адрозніваліся ад агульнадаступных бібліятэк англамоўных краін (публічных бібліятэк) і тым, што арыентаваліся на абслугоўванне не толькі сярэдняга класу, адрозніваліся і магчымасцямі абслугоўвання, вызначанымі іх фінансаваннем.

Супярэчлівае становішча нямецкіх бібліятэк праяўлялася ў наступным: з аднаго боку, узнікла сетка народных бібліятэк, абмежаваных у сваім развіцці нязначнымі сродкамі, але развіваўшыхся ў адпаведнасці з вызначанымі дзяржаўнымі ведамствамі ўяўленнямі аб народнай адукацыі, а з другога боку, у многіх гарадах працягвалі працаваць буйныя старыя гарадскія бібліятэкі з багацейшымі фондамі, якія ў гэты час сталі пахлдзіць на музеі. У выніку бурных дыскусій (перш за ўсё, на старонках створанага ў 1884 г. прафесійнага часопіса “Zentralblatt fur Bibliothekwesen”) узнік рух за пошук новай канцэпцыі агульнадаступнай бібліятэкі, арыентаванай на ідэалы амерыканскай публічнай бібліятэкі. Так, на 25-м агульным сходзе Таварыства распаўсюджання народнай адукацыі было прапанавана нават адмовіцца ад самаго паняцця “народная бібліятэка” і замяніць яго на тэрмін “кніжная зала”. “Кніжныя залы” разглядаліся як інстытут, які выконвае не толькі адукацыйную, але і функцыю патрыятычнага выхавання. Прыклад “кніжных залаў” спрыяў таму, урад Прусіі значна павялічыў сродкі на патрэбы народных бібліятэк, аднак сама канцэпцыя “кніжных залаў” таксама аказалася нежыццяздольнай.

Актыўным дзеячам рузу за развіццё народных бібліятэк Германіі быў Вальтер Хофман (1879–1952), у будучым дырэктар гарадскіх бібліятэк у Лейпцыгу і кіраўнік Нямецкага цэнтра народнай бібліятэчнай справы. Пры яго непасрэдным удзеле ў Германіі і склалася сістэма народных бібліятэк, кожная з якіх была звязана з інтарэсамі свайго рэгіёну і з яго чытачом. Нямецкая народная бібліятэка не толькі не адмовілася ад педагагічнага ўздзеяння, а, насупраць, больш поўна выкарыстоўвала яго магчымасці.

Арганізаваная ў 1906–1908 гг. свабодная агульнадаступная бібліятэка ў Дрэздэн-Плаўэне і сетка народных бібліятэк Дрэздэна сталі прынцыпова новай мадэллю народной бібліятэкі. У яе аснову былі пакладзены патрабаванні да фонду, які павінен быў быць максімальна вызвалены ад “нізкапробнай” літаратуры. Бібліятэка не павінна, па меркаванні Хофмана, арыенттавацца на так званага “макулатурнага чытача”. Асабліва ён падкрэсліваў неабходнасць стварэння кніжнага ядра бібліятэкі, якое ўключала б усё найбольш цікавае і каштоўнае ў літаратуры ўсіх часоў і народаў. Хофман лічыў, што бібліятэка не можа быць нейкай нейтральнай асветніцкай установай, якая “не служыць нейкім палітычным і рэлігійным мэтам”. Сам жа бібліятэкар павінен, паводле Хофмана, імкнуцца не да колькаснага, а да якаснага чытання. Кіраванне ж бібліятэкай для яго азначала збор і аналіз статыстычнай інфармацыі, эканамічны аналіз дзейнасці бібліятэкі. Хофман аказаў вялікі ўплыў на развіццё бібліятэк іншых краін, у прыватнасці, дрэздэнская мадэль была ўзята за аснову арганізацыі работы Гарадской бібліятэкі Будапешта.

10. 3. Уплыў дзвюх канцэпцый на развіццё бібліятэчнай справы

У Францыі ў XIX ст. склалася наступная сітуацыя з агульнадаступнымі бібліятэкамі. З аднаго боку, у буйных гарадах краіны існавалі гарадскія бібліятэкі з багацейшымі фондамі, якія не былі арыентаваны на абслугоўванне шырокага кола чытачоў. У большасці з іх, як і ў Нацыянальнай бібліятэцы, былі назапашаны вялікія калекцыі нацыяналізаваных збораў, якія неабходна было разабраць і каталагізаваць. З другога боку, у краіне пачалі працаваць сціплыя па сваіх магчымасцях народныя бібліятэкі, фонды якіх не пераўзыходзілі ста кніг.

У некаторых краінах узнікненне народных бібліятэк было звязана з сацыяльнымі зменамі. Так, у Іспаніі гэта стала магчымым пасля Вераснёўскай рэвалюцыі 1868 г. Глава новага ураду Мануэль Руіс Зарыла выступіў ініцыятарам стварэння народных бібліятэк пры школах, што было сфармуявана ў загадзе ад 18 студзеня 1869 г. У 1869–1870 гг. было створана 93 народные бібліятэкі, у кожнай з якіх налічвалася ў сярэднім 150 кніг. У 1882 гг. колькасць народных бібліятэк дасягнула 746, а іх агульны фонд склаў 171 083 экз..

Асобае значэнне мелі бібліятэкі для народа ў краінах, дзе іх станаўленне праходзіла ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху. Найбольшую спецыфіку гэты працэс меў у Балгарыі (ва ўмовах унутранай бацьбы за самабытнасць нацыянальнай культуры і дзяржаўную незалежнасць ад Асманскай імперыі). У сярэдзіне XIX ст. тут з’явіліся бібліятэкі народных “чыталішч”, якія істотна адрозніваліся ад народных бібліятэк іншых краін Еўропы. Чыталішчы ўяўлялі з сябел грамадскія культурна-асветніцкія цэнтры балгарскай культуры і балгарскай мовы. Ядром чыталішча была бібліятэка, але пры гэтым пры іх працавалі аматарскія калектывы – драматычны тэатр і хор, тут чыталіся і лекцыі. Чыталішчы захаваліся і ў XX ст.

У большасці еўропейскіх краін народныя бібліятэкі як пэўны від агульнадаступнай бібліятэкі працягвалі больш або менш паспяхова развівацца ў рэчышчы канцэпцыі бібліятэкі гэтага віду з улікам нацыянальнай спецыфікі. Выключэннем сталі краіны Паўночнай Еўропы, у якіх яшчэ да першай сусветнай вайны народныя бібліятэкі сталі пераўтварацца ў публічныя бібліятэкі англа-амерыканскага тыпу.

Народным бібліятэкам у Фінляндыі папярэднічалі бібліятэкі чытацкіх таварыстваў. У 1794 г. у г.Вааса была адкрыта бібліятэка па падпісцы. Гэта і іншыя падобныя бібліятэкі сталі бібліятэкамі для сярэдняга класа. У Фінляндыі рух за стварэнне народных бібліятэк і за актывізацыю народнай адукацыі меў сваю спецыфіку. Па-першае, тут гэты рух першапачаткова ўзначаліла царква. У 1856 г. пачалося стварэнне валастных бібліятэк на народныя сродкі. Хаця бібліятэкі ствараліся і па-за царквой, гэту працу ў асобе архіепіскапа Эдварда Бергенхейма ўзначаліла царква. Па-другое, значны, а то і галоўны імпульс гэтаму працэсу даў рух фінаманаў – прыхільнікаў ліберально-буржуазнага руху за роўныя правы фінскай мовы са шведскай. Наступныя стымулы ў развіцці народных бібліятэк былі звязаны з прыняццем у 1865 г. “Загада аб абшчыне”, а таксама з дзейнасцю створанага ў 1874 г. Таварыства народнай асветы. У адпаведнасці з “Загадам аб абшчыне” было афіцыйна прызнана самакіраванне абшчын, а бібліятэкі ў значнай ступені перайшлі пад кіраўніцтва абшчынай. Таварыства народнай адукацыі выступіла ініцыятарам стварэння па ўсёй Фінляндыі сеткі абшчынных бібліятэк пры народных школах. Упершыню аб неабходнасці падтрымкі народных бібліятэк было сказана ў 1879 г. настаўнікам народной школы Каарле Верка. У пачатку XX ст., а менавіта ў 1912 г. у г.Турку гарадская бібліятэка стала публічнай бібліятэкай амерыканскага тыпу.

Тэмпы развіцця народных бібліятэк у Фінляндыі істотна адрозніваліся ад аналагічных працэсаў у іншых скандынаўскіх краінах. Так, у Швецыі яшчэ ў 1842 г. у адпаведнасці з загадам аб народных школах праца па народнай адукацыі была ўскладзена на пастараў, якія павінны былі весці гэту працу з выкарыстаннем сабраных абшчынай друкаваных кніг. Каля 1870 г. практычна кожная абшчына мела сваю бібліятэку.

Сувязь народной бібліятэкі з народнай адукацыяй была надзвычай цеснай і ў Даніі, дзе бібліятэкі ствараліся пры школах, але самі бібліятэкі былі адкрыты для ўсіх жадаючых. Школьнымі бібліятэкарамі працавалі настаўнікі, і гэта вызначыла тыя асобыя, характэрныя менавіта для Даніі адносіны да кнігі і да чытання як да крыніцы жывога слова. У бюджэце на 1882–1883 гг. парламентам Даніі былі прадугледжаны сродкі на падтрымку народных бібліятэк, але гэта сума аказалася невялікай. У канце XIX ст. у краніе налічвалася 1100 публічных бібліятэк, але пры гэтым адчувалася адсутнасць прамежкавага звяна паміж вялікімі гарадскімі бібліятэкамі і маленькімі народнымі бібліятэкамі ў сельскай мясцовасці. У 1892 г. школьным настаўнікам Андрэасам Жакам Штэенбергам (1854–1929), старшынёй таварыства аматараў кнігі, было прапанавана стварыць у краіне сеткі публічных бібліятэк з цэнтральнымі і перасоўнымі бібліятэкамі (на амерыканскі ўзор). У 1909 г. галоўны бібліятэкар Каралеўскай бібліятэкі X.О.Ланге прапанаваў план стварэння ў кожнай камуне краніы бібліятэкі і абгрунтаваў іх задачы. У тым самым годзе была створана новая дзяржаўная установа – інспекцыя публічных бібліятэк (узначаліў А.Штэенберг), задачай якой было размеркаванне сродкаў для публічных бібліятэк і кантроль за іх выкарыстаннем. Для развіцця публічных бібліятэк мела значэнне тэндэнцыя дэцэнтралізацыі захоўвання дацскай нацыянальнай літаратуры і стварэння за межамі нацыянальнай бібліятэкі яшчэ аднаго буйнага кнігасховішча – Дзяржаўнай бібліятэкі ў Орхусе, у якой быў створаны фонд дублетаў, зарыентаваны на абслугоўванне чытачоў праз іншыя бібліятэкі па міжбібліятэчным абанеменце. Гэта бібліятэка была адкрыта ў 1902 г.

Найбольшы ўплыў амерыканскай бібліятэчнай справы праявіўся ў Нарвегіі, дзе народныя бібліятэкі былі рэарганізаваны ў канцы XIX – пачатку XX стст. па ўзоры амерыканскіх публічных бібліятэк. Быў уведзены адкрыты доступ, прычым асаблівая ўвага надавалася даведачнаму абслугоўванню.

У Індыі ў невялікім княстве Барода на ўсходзе краіны была створана ідэальная сетка бібліятэк, ўтрыманне якой на дзве трэці ўзяла на сябе дзяржава. Правіцель Бароды – магараджа – для арганазацыі бібліятэчнай сеткі па сваёй ініцыятыве запрасіў сюды ў пачатку XX ст. трох амерыканскіх бібліятэкараў. За два гада была створана цэнтральная бібліятэка, арганізавана бібліятэчнае абслугоўванне прыкладна ў 40 гарадскіх і 450 сельскіх бібліятэках. Акрамя таго, было заснавана бібліятэчнае таварыства, пачаў выдавацца прафесійны часопіс на англійскай і дзвух мясцовых мовах, арганізаваны паўгадовыя бібліятэчныя курсы. Аднак цалкам бібліятэчнае абслугоўванне дадзенага княства было, выключэннем, чым правілам у адносінах да іншых рэгіёнаў Індыі.

У Японіі адным з вынікаў буржуазнай рэвалюцыі Мэйдзі (1867–1869) стала свайго роду “адкрыццё” свету. У гэты час у Японіі атрымала развіццё канцэпцыя еўрапейскай бібліятэкі. На змену старому тэрміну “бунка”, г. зн. “склад кніг”, (японская “библиотека”), з’явіўся іншы тэрмін – “тосёкан”, – “інстытут (як установа) кніг і ілюстраваных матэрыялаў”. Упершыню быў выкарыстаны пры перайменаванні створанага ў 1870-я гг. Такійскага інстытута кнігі. З 1880 г. ён стаў называцца Такійская бібліятэка, якая з гэтага часу пачала працаваць пад кіраўнічтвам Міністэрства адукацыі і стала агульнадаступнай бібліятэкай. З 1897 г. называецца Імперскай. У 1892 г. была створана Японская бібліятэчная асацыяцыя, а ў 1899 г. быў выдадзены Загад, які дазваляў адкрываць бібліятэкі арганізацыям і прыватным асобам. Асаблівае значэнне для распаўсюджання заходняй мадэлі бібліятэкі мела арганізацыя прыватных бібліятэк. На муніцыпальным узроўні ствараюцца зарыентаваныя на заходнія народныч бібліятэкі “цуцоку тосёкан” (адна з першых – прэфектурная бібліятэка ў г.Осака, створана ў 1904 г.).

У канце XIX ст. рух за рэфармаванне сістэмы адукацыі і стварэнне бібліятэк, якія б ігралі важнейшую ролю ў гэтым працэсе, ахоплівае і Кітай, дзе як і ў Японіі, асобую ролю на першым этапе стварэння агульнадаступных бібліятэк ігралі прыватныя бібліятэкі, што перадаваліся ў грамадскае карыстанне. Сярод прыхільнікаў рэформ, перадаваўшых свае прыватныя бібліятэкі ў агульнае карыстанне, быў Сюй Шулан – уладальнік вялікай бібліятэкі ў 70 тыс. тамоў у г.Шаосінь, які перадаў свой збор у карыстанне жыхарам горада. Ініцыятарамі адкрыцця бібліятэк выступалі і грамадскія арганізацыі. Так, у 1895 г. Пекінскае таварыства за развіццё ведаў адкрыла бібліятэку паблізу завода глазураваных эмаляў. У 1909 г., у першы год праўлення апошняга кітайскага імператара Сюань-туна, былі прыняты “Правілы функцыянавання сталічных і правінцыйных бібліятэк”, якія мелі сілу дзяржаўнага закона: “Бібліятэкі будуюцца для захавання нацыянальнага духа, выхавання людзей з незаурядными здольнасцямі, падрыхтоўкі буйных вучоных, спецыялістаў, даследчыкаў, асоб, якія спасцігаюць рамяство. Імі карыстаюцца студэнты і адукаваныя асобы. Мэтай з’яўляецца шырокі збор матэрыяла, прадастаўленне яго жадаючым”. У 1915 г. былі апублікаваны “Рэгламент народнай бібліятэкі” і “Бібліятэчны рэгламент”. Згодна з гэтым дакументам, кожная правінцыя і кожны павет павінны былі пбудаваць народную бібліятэку, закліканую абслугоўваць чытачоў бясплатна. Першая такая бібліятэка (Сталічная піпулярная бібліятэка) была адкрыта ў 1915 г. у Пекіне. У 1916 г. яе штодзень наведвала ў сярэднім 895 чалавек, у той час як навуковую Пекінскую бібліятэку – у сярэднім 34 чалавекі ў дзень. Была адкрыта і спецыяльная зала для дзяцей. У кожным павеце былі створаны бібліятэкі і цэнтральны кніжны фонд, які дазволіў арганізаваць нестацыянарнае абслугоўванне на сяле з дапамогай перасоўных бібліятэк. Асаблівая ўвага надавалася абслугоўванню жанчын, якія раней не мелі права чытаць у адной чытальнай зале з мужчынамі, і дзяцей.

Публічныя і народныя бібліятэкі ў Расіі. У пачатку XIX ст. у Расіі ізноў вяртаюцца да прапаноў арганізацыі агульнадаступных бібліятэк. Адным з ініцыятараў стварэння такіх бібліятэк у губернскіх гарадах быў Аляксандр Філіпавіч Смірдзін (1795–1857), вядомы кнігавыдавец, ініцыятар выпуску папулярнага часопіса “Библиотека для чтения”, уладальнік знакамітай кніжнай лаўкі на Неўскім праспекце ў Пецярбургу (с 1832 г.). Смірдзін падбіраў для кожнай бібліятэкі камплект, які ўключаў звыш 1000 кніг, які можна было набыць з вялікай скідкай. У адносінах да гэтага камплекта можна ўжыць тэрмін “ядро агульнадаступнай бібліятэкі”: (творы А.С.Пушкіна, А.С.Грыбаедава, І.А.Крылова, Д.І.Фанвізіна, Дж.Г.Байрана, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і іншых выдатных пісьменнікаў.

У 1830-я гг. у розных рэгіёнах Расіі пачынаюцьстварацца губернскія і павятовыя бібліятэкі. Іх стварэнню садзейнічалі ініцыятывы прэзідэнта Вольнага эканамічнага таварыства адмірала Мікалая Сямёнавіча Мардвінава (1754–1845). У 1830 г. ён выступіў з прапановай адкрыцця губернскіх і павятовых бібліятэк у Расіі: “Публичные библиотеки для чтения учреждаются по губерниям с той целью, дабы по возможности распространять повсеместно общее просвещение и, в особенности, полезные сведения до местности каждого края относящиеся”. 5 ліпеня 1830 г. з’явіўся цыркуляр, па якому “...предписано было, циркулярно, губернаторам пригласить к совещанию губернских и уездных представителей дворянства, директоров гимназий и вообще ревнителей просвещения, как из среды дворянства, так и купечества, чтобы совокупно с ними приискать средства для учреждения библиотек”.

У XIX ст. у Расіі паняцце “публічная бібліятэка” ўжывалася ў адносінах да буйных губернскіх і павятовых бібліятэк. Як і ў адносінах да Імператарскай публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу, што характарызавала абслугоўванне шырокай публікі. Пры гэтым яго выкарыстанне не было звязана з тым тэрмінам, які стаў ужывацца ў англійскай мове і паступова набываў характарыстыку пэўнага віду агульнадаступнай бібліятэкі. У першай палове XIX ст. была адкрыта 31 губернская публічная бібліятэка і 7 павятовых бібліятэк. Бібліятэкі адкрываліся перш за ўсё там, дзе ідэя іх стварэння была падтрымана губернатарам і мясцовым дваранствам. Аднак у некаторых гарадах губернскія бібліятэкі не змаглі працягваць сваю дзейнасць з-за фінансавых праблем і былі закрыты.

У другой палове XIX ст. назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці бібліятэк у Расіі. У “Указателе библиотек России”, падрыхтаваным Грыгорыем Мікалаевічам Генадзі (1826–1880) у 1864 г., было адзначана, што ў краіне налічвалася 275 бібліятэк, уключаючы грамадскія, прыватныя і важнейшыя асабістыя зборы (праца Г.М.Генадзі была першай падобнай зводнай працай у Расіі). У 1884 г. іх колькасць павялічваецца да 509, а ў 1894 – да 772.

Другая палова XIX – пач. XX стст. – гэта эпоха інтэнсіўнага развіцця рускай нацыянальнай культуры, росквіту літаратуры і мастацтва. У кола буйных і каштоўных па складу фондаў уваходзілі бібліятэкі розных грамадскіх арганізацый, у тым ліку дваранскіх клубаў, літаратурна-мастацкіх гурткоў, розных таварыстваў і саюзаў, а таксама адкрытыя для агульнага карыстання абанементныя бібліятэкі.

У больш складаных умовах развіваліся народныя бібліятэкі на так званых “нацыянальных ускраінах” Расійскай імперыі, дзе да 1900 г. в спісках міністэрства народнай асветы, па якім можна было набываць кнігі для народных бібліятэк, не з’явілася ніводнай кнігі на мясцовых мовах (напрыклад, эстонскай). Таму і роля народных бібліятэк аказалася вельмі нязначнай, што ў сваю чаргу замацавала і нават узмацніла цікавасць да фармавання асабістых бібліятэк.

Цалкам стварэнне народных бібліятэк як масавай і абавязковай з’явы з’яўляецца заслугай земстваў – мясцовых органаў самакіравання. Калі ў 1892 г. налічвалася толькі 33 народныя бібліятэкі, то ўжо ў 1898 г. – 3002, у 1904 – 4,5 тыс., у 1911 – 10 тыс., у 1914 – 12 627, у 1916 – каля 15 тыс.

Пры актыўнай падтрымцы земстваў была ажыццёўлена адна з самых маштабных акцый па стварэнні сеткі бясплатных народных бібліятэк на сродкі мецэната і кнігавыдаўца Фларенція Фёдаравіча Паўленкава (1839–1900), згодна завяшчанню якога ў Расіі было створана 2 тыс. народных бібліятэк (да 1909 г.).

Разам з тым існавалі і іншыя віды народных бібліятэк. Так, з 1895 г. сталі ўзнікаць бібліятэкі “попечительств о народной трезвости”, якіх да 1908 г. стала каля 4 тыс. З 1894 г. адкрываюцца народныя бібліятэкі духоўнага ведамства, (да 1900 г. – каля 1 тыс.). Значную групу складалі народныя бібліятэкі асветніцкіх таварыстваў. Агульная колькасць народных бібліятэк дасягнула ў 1916 г. да 21–24 тыс. Большасць “паўленкаўскіх” і іншых агульнадаступных бібліятэк размяшчілася ў прыстасаваных для бібліятэкі памяшканнях.

Кадры для земскіх бібліятэк рыхтаваліся на кароткачасовых курсах. Найбольш істотную ролю ў іх падрыхтоўцы адыгралі адкрытыя ў 1913 г. пры Народным універсітэце імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве па ініцыятыве Любові Барысаўны Хаўкінай (1871–1949) Маскоўскія бібліятэчныя курсы, якія былі разлічаны на 3, а затым на 4 тыдні. К 1917 г. да іх дабавіўся двухтыднёвы практыкум. З імем Л.Б.Хаўкінай звязаны і іншыя важнейшыя ініцыятывы ў бібліятэчнай справе Расіі. За свой кошт яна выдала работы, якія сталі настольнымі кнігамі бібліятэкараў – “Библиотеки, их организация и техника” (СПб., 1904), “Руководство для небольших библиотек” (першае выданне выйшла ў С.-Пецярбургу ў 1911 г.) і інш. У пач. XX ст. была выдадзена адна з галоўных прац выдатнага вучонага Мікалая Аляксандравіча Рубакіна (1862–1946) – “Среди книг. Опыт обзора русских книжных богатств в связи с историей научно-философских и литературно-общественных идей. Справочное пособие для самообразования и для систематизации и комплектования общеобразовательных библиотек и книжных магазинов” (Т. 1–3. М., 1911–1915).

У пач. XX ст. у Расіі ствараюцца разнастайныя аб’яднанні бібліятэчных работнікаў (усяго іх было 24), і найбольш буйным з іх было Таварыства бібліятэказнаўства, арганізаванае ў 1908 г. у Пецярбургу. З 1910 да 1915 г. выдавала першы ў Расіі прафесійны бібліятэчны часопіс “Бібліятэкар”. Найбольш значным мерапрыемствам таварыства стаў I Усерасійскі бібліятэчны з’езд, праведзены ў С.-Пецярбургу ў 1911 г. На гэтым з’езде была пастаўлена задача стварэння сеткі бібліятэк на розных тэрытарыяльных узроўнях. Асаблівая ўвага была ўдзелена губернскім бібліятэкам як цэнтрам бібліятэчнай сеткі, стварэнню асновы для каардынацыі работы бібліятэк, рэалізацыі агульнадзяржаўнага праекта па стварэнні зводных каталогаў і сістэмы міжбібліятэчнага абанемента. У якасці галоўнай умовы развіцця бібліятэк на з’ездзе ставілася неабходнасць падрыхтоўкі бібліятэкараў для навуковых бібліятэк шляхам арганізацыі вышэйшых бібліятэчных курсаў, а таксама ўвядзення конкурснай сістэмы для прыёму на працу і распрацоўка прафесійных патрабаванняў да бібліятэкараў. На з’ездзе крытыкавалася палітыка дзяржавы ў адносінах да бібліятэк, якая была вызначана ўдзельнікамі з’езду як нездавальняючая (недастатковае фінансаванне бібліятэк і нездавальняючая іх матэрыяльная база). Адсутнасць зацікаўленасці ўлады прыводзіла да супрацьпастаўлення падыходаў у стварэнні агульнадаступных бібліятэк у краінах Захаду і ў Расіі. Аўтары шматлікіх публікацый свядома паказвалі карціну бібліятэчнай справы ў Расіі з негатыўнага боку і, ідэалізавалі замежны вопыт.

Вынікі: У грамадстве ўзнікла патрэбнасць у павышэнні адукацыйнага ўзроўню ўсяго насельніцтва, што прывяло да перагляду ўяўленняў аб характары бібліятэчнага абслугоўвання.

Павелічэнне маштабаў камплектавання прывяло да неабходнасці перагляду падыходаў у арганізацыі захоўвання фондаў і арганізацыі бібліятэчнага абслугоўвання. Найбольш удалыя рашэнні з’явіліся ў выніку дзейнасці буйнейшых нацыянальных бібліятэк.

Інтэнсіўнае развіццё навукі прывяло да павелічэння маштабаў выдавецкай дзейнасці. У канцы XIX ст. бібліятэкі канчаткова адмаўляюцца ад ідэй вычарпальнага камплектавання ўсёй навуковай літаратуры. Бібліятэкі арыентуюцца на спецыялзацыю і на пошук шляхоў узаемадзеяння.

Агульнадаступныя бібліятэкі развіваюцца па двух кірунках, першы з якіх быў абумоўлены ініцыятывамі, звернутымі да ўлады. Гэта лінія звязана з закладзенымі ў эпоху Адраджэння традыцыямі стварэння гарадскіх агульнадаступных бібліятэк, з падтрымкай адкрытых у эпоху Рэфармацыі гарадскіх бібліятэк у пратэстанцкіх краінах і рэгіёнах Еўропы, са стварэннем гарадскіх бібліятэк у Францыі ў выніку рэвалюцыйных падзей канца XVIII ст. У гэтым кантэксце неабходна расзглядаць і стварэнне ў Расіі публічных губернскіх і паавятовых бібліятэк.

Развіццё другога кірунку было абумоўлена выключна грамадскімі ініцыятывамі. Іх мэтай была арганізацыя бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў краіны незалежна ад месца пражывання на самым нізавым узроўні. Характар рэалізацыі гэтых ініцыятываў быў вызначаны ў першую чаргу асаблівасцямі сістэмы мяцовага самакіравання краіны.

У ХІХ – пач. ХХ ст. у Еўропе, краінах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі з’яўляецца патрэбнасць, накіраваная на спецыялізацыю бібліятэк, пошук шляхоў узаемадзеяння. Асноўныя тыпы бібліятэк: нацыянальныя, навуковыя (універсітэцкія і інш.), агульнадаступныя – гарадскія (у Расіі – губернскія і павятовыя), народныя і публічныя (у англа-амерыканскім разуменні).

Літаратура

1. Абрамов К.И. История библиотечного дела в России. Ч.1 М., 2001.

2. Абрамов К.И. История библиотечного дела в СССР. М., 1980.

3. Амбарцумян З. Мелвин Дьюи (1851-1931) // Библиотековедение и библиография за рубежом. 1966. Вып.18. С.35-50.

6. Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.

9. Лукашов И.В. Развитие представлений о статусе библиотековедения в дореволюционной России // Сов. библиотековедение. 1989. №6. С.17-23.

10. Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982.

11. Шамурин Е.И. Очерки по истории библиотечно-библиографической классификации. Т.2. М., 1955.

Пытанні для самакатролю

  1.  Які асноўны кірунак развіцця бібліятэчнай справы вызначыўся ў ХІХ – пачатку ХХ ст.?
  2.  Назавіце асноўныя палажэнні англа-амерыканскай канцэпцыі публічнай бібліятэкі?
  3.  Ц сувязі з чым і дзе стаў ужывацца тэрмін “бясплатная публічная бібліятэка”?
  4.  Калі і дзе ўзнікае сістэма публічных бібліятэк?
  5.  Калі ў Вялікабрытаніі ўзнікае рух за стварэнне публічных бібліятэк і якія асаблівасці ён меў?
  6.  Які ўплыў мелі палажэнні амерыканскай Канстытуцыі аб праве на свабоду і адкрыты абмен ідэямі і інфармацыяй на асноўныя прынцыпы агульнадаступнасці публічных бібліятэк?
  7.  Калі і па чыёй ініцыятыве створана Амерыканская бібліятэчная асцыяцыя і прафесійны часопіс?
  8.  Пры якім універсітэце ў ЗША ў 1887 г. адкрываецца прафесійная бібліятэчная школа?
  9.  Якія асаблівасці мела канцэпцыя “народнай бібліятэкі”?
  10.  З чыім імем звязана стварэнне народных бібліятэк у Германіі?
  11.  На каго арыентавалася ў абслугоўванні народная бібліятэка?
  12.  Калі створаны прафесійны бібліятэчны часопіс у Германіі?
  13.  Чыёй заслугай у Германіі з’яўляецца стварэнне сістэмы народных бібліятэк і ў чым заключаліся ідэі гэтага бібліятэказнаўцы?
  14.  Які ўплыў абедзьве канцэпцыі аказалі на развіццё бібліятэчнай справы ў Еўропе і Паўднёвай Азіі?
  15.  З чыімі імёнамі звязана вяртанне ідэі арганізацыі агульнадаступных бібліятэк у Расіі?
  16.  З імем Ф.Ф. Паўленкава звязана ўзнікненне якога тыпу бібліятэк?
  17.  Дзе ўзнікае першая прафесійная падрыхтоўка бібліятэкараў у Расіі і Германіі, хто быў ініцыятарам?
  18.  Калі заснавана першае прафесійнае аб’яднанне бібліятэкараў Расіі і якая падзея адбылася ў 1911 г.?

ЛЕКЦЫЯ 11. Бібліятэчная справа ў Беларусі (ХІХ – пач. ХХ ст.)

Першая палова ХІХ ст. У пачатку ХІХ ст. у Беларусі праводзіцца рэформа асветы. У Расійскай іпмерыі створана міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі падзелена на 6 вучэбных акруг. Беларускія губерні – Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская ўвайшлі ў склад Віленскай вучэбнай акругі, папячыцелем якой стаў Адам Чартарыйскі. Адукацыйным, адміністратыўным і культурным цэнтрам была Вільня і Віленскі універсітэт.

 Бібліятэка Віленскага універсітэта стала буйнейшай навуковай бібліятэкай Паўночна-Заходняга краю. Атрымлівала штогадовае фінансаванне ад царскага ўраду. Фонд бібліятэкі на 1832 г. налічваў 60 тыс. экземпляраў, з якіх 15% – прыродазнаўчая і медыцынская літаратура; 15% – па грамадскіх і гуманітарных навуках; каля 50% – мастацкая літаратура і перыёдыка. У 1814 г. былі прняты правілы карыстання бібліятэкай: у бібліятэцы фондам мог карыстацца кожны, браць дадому толькі прафесары універсітэта, настаўнікі гімназіі, чыноўнікі вучэбнай акругі. У маі 1832 г. універсітэт і бібліятэка зачынены.

 Бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1812 г. Полацкі езуіцкі калегіум пераўтвораны ў акадэмію з правамі універсітэта. Да 1820 г. з’яўляўся яшчэ адным навуковым цэнтрам Беларусі. У 1813 г. у бібліятэцы налічвалася 40 тыс. тамоў. У 1820 г. акадэмія і бібліятэка зачынены.

У 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы абвешчана аб аб’яднанні уніяцкай і праваслаўнай царквы. Манастырскія бібліятэкі перадаюцца расійскім вучэбным установам, Імператарскай публічнай бібліятэцы ў С.-Пецярбургу.

 Бібліятэкі агульнаадукацыйных навучальных устаноў. У 1828 г. быў прыняты школьны статут і на тэрыторыі Беларусі былі адкрыты ў першай трэці ХІХ ст. 6 гімназій і 17 павятовых вучылішч, бібліятэкі якіх сталі асноўнымі цэнтрамі распаўсюджання кніг.

У 1830-я гг. ХІХ ст. адкрываюцца губернскія публічныя бібліятэкі. Па ініцыятыве прэзідэнта Вольнага эканамічнага таварыства М.С.Мардвінава. У Магілёве публічная бібліятэка адкрыта 25 кастррычніка 1833 г. з фондам у 51 экз. кніг і перыядычных выданняў. Бібліятэка была платнай. Фінансаванне адсутнічала. Існавала на ахвяраванні некаторых выдаўцоў. Бібліятэкарам быў В.Ігнатовіч. У Гродне публічную бібліятэку было дазволена адкрыць у ліпені 1834 г. Яе чытачамі былі чыноўнікі, памешчыкі. Фонд на 1845 г. налічваў 1427 тамоў у асноўным ахвяраваных прыватнымі асобамі, а таксама афіцыйныя перыядычныя выданні. Бібліятэкарам быў чыноўнік І.Мірановіч. З сярэдзіны 1830-х гг. вырашалася пытанне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі ў Мінску. І толькі ў 1845 г. бібліятэка пачала выдаваць кнігі. Была адчынена 3 разы на тыдзень. Кнігі выдаваліся на 15 дзён. Гэта бібліятэка была першай у Беларусі, у якой было прыменена бясплатнае абслугоўванне. Чытачамі з’яўляліся ў асноўным чыноўнікі. Па “Росписи русских книг Минской губернской библиотеки для чтения”, выдадзенай у 1849 г., у бібліятэцы налічвалася 1697 экз. кніг. Большасць складала мастацкая літаратура, а таксама былі кнігі па ўсеагульнай гісторыі, геаграфіі, гісторыі Расіі і Польшчы; прыродазнаўчая, медыцынская і сельскагаспадарчая літаратура.

У 1830-я гг. з’яўляюцца кабінеты для чытання пры кніжных лаўках, якія выконвалі ў некаторай ступені функцыі публічных бібліятэк. У першай палове ХІХ ст. адкрываюцца ў асноўным прыватныя кніжныя лаўкі польскіх кніг.

У 1840 г. у Магілёўскай губерні была адкрыта Горы-Горыцкая земляробчая школа, пры якой пачала дзейнасць першая спецыяльная сельскагаспадарчая бібліятэка Беларусі з фондам у 165 экз. кніг. Загадваў бібліятэкай прафесар Б.А.Міхельсон. З 1842 г. школа была рэарганізавана ў інстытут. На 1850 г. у бібліятэцы налічвалася 4095 экз. навуковай, вучэбнай, мастацкай літаратуры, перядычныя выданні. За бібліятэкай быў строгі нагляд з боку міністэрства асветы, губернатара, паліцыі. У сакавіку 1864 г. за ўдзел у паўстанні Горы-Горыцкі інстытут быў закрыты. Перастала існаваць і бібліятэка.

На снове цыркуляра генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю М.Н.Мураўёва ад 28 скаавіка 1864 г. былі закрыты бібліятэкі, якія змяшчалі ў сваіх фондах польскамоўную літаратуру. У выніку не засталося ніводнай публічнай бібліятэкі.

Другая палова ХІХ ст. Пачынаючы з 1867 г. па Царскім загадзе гарадскія і грамадскія бібліятэкі перадаваліся ў падпарадкаванне Міністэрству ўнутраных спраў. У 1884 г. у Віленскай вучэбнай акрузе былі распаўсюджаны “Часовыя правілы”, па якіх прадугледжвалася назначэнне спецыяльных упаўнаважаных за адкрыццё і ўтрыманне бібліятэк. Былі складзены “Алфавітныя спіскі твораў друку, якія не павінны быць у .... публічных бібліятэках і грамадскіх чытальнях”. Нягледзячы на гэта ў Беларусі ўжо на 1886 г. налічвалася 35 публічных бібліятэк:

  •  грамадскія публічныя бібліятэкі;
  •  камерцыйныя бібліятэкі і кабінеты для чытання;
  •  прышкольныя народныя бібліятэкі.

Да канца ХІХ ст. іх стала каля 1000.

З другой паловы ХІХ ст. у Беларусі узнікаюць грамадскія бібліятэкі ў Мінску, Магілёве, Пінску, Віцебску, Ваўкавыску, Ашмянах, Наваградку. Ствараюцца па ініцыятыве інтэлігенцыі і гарадскога самакіравання. Былі платнымі. У 1870-я гг. узнікаюць камерцыйныя бібліятэкі і кабінеты для чытання. Іх арганізоўвалі мяшчане з камерцыйнай мэтай. У 1871–1897 гг. у Мінскай губерні іх было каля 60. Бібліятэкі мелі губернскія гімназіі, духоўныя семінарыі. Так, бібліятэка Віцебскай губернскай гімназіі ў 1880 г. налічвала 13 тыс. кніг і перыядычных выданняў. У канцы 1870-х –1880-я гг. адкрываюцца бібліятэкі для “публікі” пры народных вучылішчах. На пашырэнне народных бібліятэк значны ўплыў аказала распаўсюджанне рэвалюцыйнага руху 1880–1890-х гг. Першая такая бібліятэка была адкрыта на ахвяраванні ўстаноў і прыватных асоб у 1890 г. пры Белавежскім вучылішчы ў Гродзенскай губерні. Кіраванне бібліятэкай ажыццяўляла дырэкцыя гродзенскіх народных вучылішч. Кнігі выдаваліся толькі на дом. Бібліятэкай маглі карыстацца розныя асобы (домаўладальнікі). У 1892 г. быў выдадзены нават цыркуляр аб стварэнні народных бібліятэк як асобных адддзелаў у школьных бібліятэках. Работу такіх бібліятэк рэгламентавалі “Правілы аб бясплатных народных чытальнях і аб парадку нагляду за імі”. Пры камплектаванні народных бібліятэк кіраваліся “Каталогом книг и повременных изданий, допускаемых к употреблению в бесплатных читальнях. Гэтыя бібліятэкі ў Беларусі былі пад наглядам Віленскай вучэюнай акругі і стлі “моцным саюзнікам у распаўсюджанні і зацвярджэнні пачаткаў рускай народнасці і праваслаўя”.

У другой палове ХІХ ст. у Беларусі дзейнічалі і нелегальныя бібліятэкі рабочых і марксісцкіх гурткоў. Адна з першых такіх бібліятэк узнікла ў Мінску ў сярэдзіне 1870-х гг. У 1892 г. створана бібліятэка марксісцкай групы “Освобождение труда” (Г.В.Пляханаў) у Віцебску. Мела бібліятэку і створаная ў 1903 г. у Мінску група РСДРП. У другой палове 1890-х гг. узнікаюць бібліятэкі і сацыял-дэмакратычных арганізацый у Гомелі, Віцебску, Мінску.

Пачатак ХХ ст. У перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэвалюцыі 1905–1907 гг. царскі ўрад вымушаны быў зняць некаторыя абмежаванні, устаноўленыя раней на дзейнасць бібліятэк. Цыркуляр 1906 г. па Віленскай акрузе паведамляў аб адмене “Правіл” 1890 г., у 1907 г. былі адменены алфавітныя спісы забароненых кніг. У пачатку ХХ ст. у губернскіх і павятовых гарадах Беларусі павялічваецца колькасць грамадскіх публічных бібліятэк. З’явіліся новыя публічныя бібліятэкі ў Мінску:

у 1900 г. створана Мінская публічная бібліятэка імя А.С.Пушкіна. Была платнай бібліятэкай. Сродкі на бібліятэку выдзяляліся гарадской думай. У 1914 г. фонд бібліятэкі складаў 15 тыс. экз. Бібліятэкай карысталіся каля 2 тыс. чытачоў;

у 1911 г. адкрыта бібліятэка-чытальня імя Л.М.Талстога;

у 1912 г. – бібліятэка-чытальня па вул.Аляксандраўскай (Багдановіча) да юбілею 1812 г. Падобныя бібліятэкі адкрываюцца ў Оршы (1900 г.), Бабруйску (1901 г.), Віцебску (1906 г.), Полацку, Гомелі (1911 г.). Гэтыя бібліятэкі знаходзіліся ў распараджэнні гарадскіх дум. Атрымлівалі ахвяраванні, утрымліваліся за кошт платы за чытанне.

У 1897 г. у гарадах Беларусі, а пазней і ў сельскай мясцовасці з’яўляюцца бібліятэкі-чытальні, арганізаваныя таварыствамі апекі аб народнай цвярозасці. Так, напрыклад, у 1903 г. іх было 385.

Задавальнялі патрэбы у чытанні і камерцыйныя бібліятэкі. На пачатак 1914 г. толькі ў Мінскай губерні іх налічвалася звыш 50.

У пачатку ХХ ст. з’яўляюцца бясплатныя народныя бібліятэкі – новы тып бібліятэк. Арганізуюцца ў сельскай мясцовасці. Сродкі на іх утрыманне выдзялялі сродкі сельскія таварыствы. Ініцыятарамі стварэння народных бібліятэк былі студэнты-гродзенцы беларускага гуртка Пецярбургскага універсітэта, у ліку якіх быў вядомы ў будучым дзеяч бібліятэчнай справы Яўген Хлябцэвіч. Аснову фондаў гэтых бібліятэк складалі кнігі расійскага выдаўца Ф.Ф.Паўленкава. У гэтыя ж бібліятэкі пастаўляліся і выданні беларускіх выдавецтваў (“Загляне сонца і ў наша аконца”), расійскіх – “Знание”, “Посредник” і інш., бібліятэкі АН Расіі (СПБ). На ахвяраванні Ф.Ф.Паўленкава ў Беларусі было створана 11 народных бібліятэк: 9 – у Гродзенскай і 2 ў Мінскай губернях. Распаўсюджвалі літаратуру сярод жыхароў звыш 100 вёсак. Дзейнасць народных бібліятэк на І Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе ў 1911 г. з’явілася штуршком да развіцця “самастойнай думкі народа” і ініцыятывы сялян да адкрыцця бібліятэк (Я.Хлябцэвіч).

І ўсё ж бібліятэчнае абслугоўванне сельскага насельніцтва ажыццяўлялі пераважна прышкольныя народныя бібліятэкі. Аднак адбывалася яно пад строгім наглядам у адпаведнасці з “Правіламі аб народных бібліятэках пры нізшых вучэбных установах” 1912 г.

Земствы, створаныя ў Беларусі ў 1911 г., спрабавалі распрацоўваць праекты арганізацыі сеткі бібліятэк, аднак ваенныя абставіны 1914 г. не дазволілі іх ажыццявіць.

На 1913 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 851 публічная бібліятэка з фондам 423 тыс. экз., з іх у гарадах – 83 бібліятэкі з фондам 185 тыс. экз.; у сельскай мясцовасці – 768 бібліятэк з фондам 238 тыс. экз. У горадзе на 100 жыхароў прыходзілася 19 кніг публічных бібліятэк, на сяле – 4. У горадзе бібліятэкамі карысталіся 3–3,5% насельніцтва, у вёсц – 0,2-0,3%.

У канцы ХІХ – пач. ХХ ст. адкрываюцца бібліятэкі навуковых і культурных таварыстваў. Да 1914 г. іх было 54. Абслугоўвалі толькі членаў таварыства. Існавалі за кошт членскіх складак і ахвяраванняў. Найбольш значнымі былі бібліятэкі таварыстваў урачоў у Мінску, а таксама ў Магілёве, Віцебску і Гродне. Мелі бібліятэкі таварыствы сельскай гаспадаркм. Так, у 1876 г. была арганізавана бібліятэка Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі з фондам у 1175 экз. Была бібліятэка таварыства сельскай гаспадаркі ў Віцебску. Мела бібліятэку Мінская балотная станцыя.

Каштоўная бібліятэка была арганізавана пры Віцебскай вучонай архіўнай камісіі ў 1909 г. Арганізавана мясцовымі краязнаўцамі. У бібліятэку прысылалі кнігі 103 установы, сярод іх нават Каліфарнійскі універсітэт, Смітсанаўскі інстытут з Вашынгтона, Нью-Йоркская публічная бібліятэка. У 1911 г. бібліятэка налічвала 1859 назваў кніг і 3726 перыядычных выданняў.

Багатая біліятэка была сфаравана Беларускім навуковым таварыствам, створаным у Вільні ў 1907 г. У 1914 г. налічвала 50 тыс. кніг і перыядычных выданняў, рукапісы па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі, Літвы.

На пачатку ХХ ст. на Беларусі ствараюцца наступныя таварыствы: у 1902 г. – Таварыства вывучэння Беларускага краю ў Магілёве (Е.Раманаў – заснавальнік), у 1908 г. у Мінску быў арганізаваны Царкоўны гістарычна-археалагічны камітэт па збору рукапіснай і старадрукаванай кнігі. У час суссветнай вайны бібліятэка Камітэта была эвакуявана ў Разань і толькі ў 1922 г. была часткова вернута і перададзена Беларускаму дзяржаўнаму музею.

У некаторай ступені Віцебская вучоная архіўная камісія як гістарычнае таварыства ў 1909–1919 гг. Ставіла перад сабой мэту збору і аховы помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, у тым ліку рукапісаў, старадрукаў, іх выданне. У кнігазборы налічвалася 3700 тамоў. Актыўнымі сябрамі таварыства былі Е.Р.Раманаў, А.П.Сапуноў, В.С.Арсеньева, Я.Ф.Карскі, В.В.Ключэўскі, П.П.Сямёнаў-Цяншанскі, А.А.Шахматаў, Б.І.Эпімах-Шыпіла.

У 1907 г. у Вільні ўзнікла Таварыства сяброў навук, якое выдавала “Рочнік”, а пазней “Атэнэум Віленьскі”. У Мінску у 1912 г. было створана Таварыства амтараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Да гэтага там жа існавала Віленская археаграфічная камісія (1864–1915). На працягу ХІХ ст. узніклі і існавалі таксама шэраг грамадскіх арганізацый, таварыстваў, у статутах якіх адзначаўся пункт аб стварэнні і праве на стварэнне бібліятэк.

У 1905–1907 гг. у Беларусі з’явіліся рабочыя бібліятэкі. Адкрываліся звычайна пры раённых і партыйных арганізацыях. Аднак у 1907 – 1910 гг. дзейнасць іх была спынена.

Распаўсюджвальнікамі спецыяльных ведаў з’яўляліся ведамасныя бібліятэкі, якія пачалі арганізоўвацца з канца ХІХ ст. Буйнейшай была бібліятэка пры ўпраўленні Палескай чыгункі з фондам у 8637 кніг і 39 назваў перыядычных выданняў. Абслугоўвала 518 чытачоў і служачых упраўлення і чыгуначнікаў. У 1910 г. адкрыта бібліятэка пры Лібава-Роменскай чыгунцы ў Мінску, у 1908 г. – у Гомелі.

Бібліятэказнаўцы Беларусі. Я.Хлябцэвіч.

ЛЕКЦЫЯ 12. Прыватныя кнігазборы Беларусі (ХІХ – пач. ХХ ст.)

У залежнасці ад уладальніцкай прыналежнасці кнігазборы ХІХ ст. падзяляюцца на грамадскія, вучэбныя, царкоўныя і прыватныя. У Беларусі ў пачатку ХІХ ст. налічвалася дзесяткі прыватных бібліятэк са значнымі па аб’ёму зборамі, якія фарміравалі прадстаўнікі розных пластоў беларускага грамадства. Сярод іх патрэбна выдзеліць у першую чаргу сядзібныя кнігазборы заможнай шляхты:

– князёў Радзівілаў (у Нясвіжы); Сапегаў (у Дзярэчыне Слонімскага павета); Любецкіх (у Шчучыне); Вітгенштэйнаў (каля Вільні ў Верках); Паскевічаў (у Гомелі); графаў Тышкевічаў (у Лагойску); Плятэраў (у Краславе); Храптовічаў (у Шчорсах Наваградскага павета); Прозараў (у Хойніках Рэчыцкага павета); Вішнявецкіх (Братня Рэчыцкага павета); Гутэн-Чапскіх (у Станькава на Міншчыне: 8555 адзінак, у тым ліку 329 друкаў з эпохі Ягелонаў, рукапісы і каля 270 аўтографаў, у 1894 г. збор перамешчаны ў Кракаў, дзе створаны музей Чапскіх, Чапскі ўласнаручна склаў свій збор і выдаў 4 тамы каталогаў манет і медалёў. Ф.Коперам быў складзены таксама спіс друкаў эпохі Ягелонаў);

 кнігазборы духавенства

  •  кнігазбор Бергеля (у Слуцку, былі рукапісы і ўсходнеславянскія старадрукі);

прыватныя бібліятэкі прадстаўнікоў адукванага грамадства:

  •  бібліятэка Масальскіх (у Бялынічах);
  •  кнігазбор Слізняў (пад Слонімам);
  •  Юндзілаў (у Івацэвічах);
  •  Пуслоўскіх (у Мерачоўшчыне на Гродзеншчыне);
  •  Тызенгаўзаў (у Паставах на Віцебшчыне);
  •  Легатовіча (у Мінску);
  •  збор Трамбіцкага (у Пружанскім раёне, меў рэдкія кнігі і рукапісы першага беларускага славіста, прафесара Віленскага універсітэта Міхала Баброўскага – працы па беларускім пісьменстве, гл. ЛіМ. 1970. 30 кастр.);
  •  значная бібліятэка Ю.Жабы (у маёнтку Шо);
  •  бібліятэка А.Ігнатовіча (у Гарадку пад Віцебскам, гл. Полымя. 1975. №8. С.247–249);

кнігазборы беларускіх краязнаўцаў, этнографаў:

  •  Аляксандра Ельскага (у Замосці Ігуменскага павета);
  •  Е.Р.Раманава (у Магілёве);
  •  Г.Х.Татура (у Мінску. Больш за 30 год збіраў свае кнігі. Па даведкавых бібліяфільскіх выданнях у кнігазборы значылася каля 6500 тамоў славянскіх, расійскіх і польскіх кніг, прысвечаных Беларусі; лічыцца, што кнігазбор трапіў да Я.Тышкевіча, а потым у Львоўскі музей графа Шэптыцкага, збіралася выкупіць Расійская АН);
  •  П.Н.Гаховіча (у Тураве Мінскай вобл.);
  •  М.Гаўсмана (у Мінску);
  •  А.Хмары (у Сёмкаве, набываў кнігі па дварах і плябанях, матэрыял па справах Польшчы і Літвы, шмат рэдкіх кніг, дакументаў. Бібліятэку наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўкі, да 1888 г. збор быў у Сёмкаве, потым з сядзібай перайшоў да родных Хельхоўскіх, у 1916 г. збор налічваў 5 000 адзінак, у 1918 г. падпаў пад знішчэнне);

асобныя бібліяфільскія калекцыі:

  •  С.П.Зубакіна (у Мінску, найбольш буйны і знакаміты ў ХІХ – пачатку ХХ ст. кнігазбор выкладчыка Мінскай гімназіі, філолага. Налічваў каля 10 000 тамоў па гісторыі, прыродазнаўстве, усеагульнай і расійскай славеснасці, кнігі былі адзначаны пячаткай і экслібрысам, Беларуская Рада збіралася выкупіць кнігазбор пасля смерці З., аднак была рэквізавана бальшавікамі і стала базай для папаўнення іншых бібліятэк);
  •  І.Х.Каладзеева (у Новабарысаве, самы значны кнігазбор у Расіі, прысвечаны руска-французскай вайне 1812 г., адлюстроўваючы эпоху 1805–1815 гг., быў перамешчааны ў Расію і ахвяраваны ў 1912 г. маскоўскаму музею 1812 г.);
  •  П.А.Горскага (у Бабруйску);
  •  Ф.А.Кудрынскага (у Нясвіжы);
  •  А.М.Семянтоўскага-Курылка (у Полацку);
  •  І.Я.Спрогіса (у Вільні);
  •  В.І.Харкевіча (у Вільні);
  •  Г.М.Юрчанка (у Віцебску) і іншыя.

Гэтыя прыватныя зборы ўяўлялі з сябе кнігазборы на славянскіх і замежных мовах, былі даступнымі не толькі пэўнаму колу асобаў, але былі вядомымі па ўсёй Расіі. Так, амаль усе названыя бібліяфільскія кнігазборы былі адзначаны ў вядомых польскіх і расійскіх бібліяфільскіх выданнях таго часу: Радзішэўскага Ф. (Wiadomość historyczno-statystyczna o znakomitszych bibliotekach I archiwach, publicznych I prywatnychKraków, 1875), Парадзелава М.Я. (Адресная книга русских библиофилов и собирателей гравюр, литографий, лубков и прочих произведений печати. М., 1904), Шумскага Е.А. (Справочная книга для русских библиофилов и коллекционеров. Одесса, 1905).

Акрамя характэрнага для Беларусі ХІХ ст. фармавання сядзібных кнігазбораў, займаліся калекцыянаваннем і пісьменнікі (У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч), навукоўцы (у Вільні, Мінску – Легатовіч, Баброўскі, Бампі, Зубакін).

Прадстаўленая класіфікацыя калекцый можа быць дапоўнена таксама такімі асаблівасцямі, як моўная (нацыянальная): кнігазборы, якія лічыліся на той час яшчэ і польскімі (асноўная частка), расійскімі (асбліва пасля паўстання 1863–1864 гг.), яўрэйскімі (Напрыклад, Бампі, Рабіновіча, Цукермана, Ландсберга), татарскімі; а таксама рэлігійныя (езуіцкія – да 1773 г., уніяцкія – да 1836 г., іншых каталіцкіх ордэнаў (ліквідаваны ў асноўным да 1860-х гг. ХІХ ст.), праваслаўныя, зборы мячэцяў (у асноўеым рукапісныя) і старасвецкія (каля Веткі).

Прыватныя кнігазборы Беларусі сталі своеасаблівай і ўнікальнай з’явай у гісторыі бібліятэк ХІХ – пач. ХХ ст. ст., бо па-сутнасці выконвалі функцыі пэўных навуковых і грамадска-культурных цэнтраў Беларусі. Такім з’яўляўся, да прыкладу, Музей старажытнасцей і бібліятэка Аляксандра Ельскага (1834–1916). Кнігазбор пісьменніка, літаратара, краязнаўццы, бібліяфіла, які размяшчаўся ў яго маёнтку ў Замосці недалёка ад Мінска. Налічваў каля 10 тыс. Тамоў. Пераважалі польскія выданні, пачынаючы ад ХVI ст. да новых часоў. Былі таксама выданні на лацініцы, рускай, французскай і іншых еўрапейскіх мовах па розных галінах ведаў: па гісторыі, праву, нумізматыцы, палітыцы, белетрыстыцы, мастацтву (вельмі багаты аддзел). Шырокая карэспандэнцыя Ельскага дазваляла яму мець неабходныя бібліяфільскія кантакты з Мінскам, Вільняй, Варшавай, Кракавам, С.-Пецярбургам, Масквой, Дрэздэнам і інш. Свае творы ён друкаваў, адліваючы ўручную шрыфты для капіравання ў маёнтку, такім чынам пашыраў і распаўсюджваў свае творы па вёсках. Супрацоўнічаў з шэрагам навуковых таварыстваў: Сяброў навукі (у Вільні, куды падараваў вялікую колькасць карэспандэнцыі А.Ктркора), Кракаўскай акадэміяй, Вольным эканамічным таварыствам, Румянцаўскім музеям, Маскоўскім этнаграфічным таварыствам і інш. Апублікаваў першапачатковы спіс выданняў на беларускай мове ў часопісе “Край” (СПб., 1886. №30. С.14), у 1892 г. у 8 т. “Вялікай ілюстраванай энцыклапедыі (польскай)” надрукаваў працу “Беларуская літаратура і бібліяграфія”, у якой улічаны адзінкі беларускіх замежных выданняў, усе выданні Дуніна-Марцінкевіча, В.Карартынскага, А.Ельскага, Я.Лучыны, даюцца звесткі аб першым выданні 1891 г. “Дудкі беларускай” Ф.Багушэвіча. Ад кнігазбору па адных меркаваннях засталося 650 асобнікаў, па іншых – звыш 2 000 матэрыялаў (?), якія, у асноўным, знаходзяцца ў Польшчы (у Кракаве, Варшаве, Вільні, Мінску, Львове, Кіеве). Меў таксама багатую калекцыю аўтографаў (А.Міцкевіча – 2 партфелі, якія зараз знаходзяцца ў Кракаве).

Асноўнымі крыніцамі фармавання бібліяфільскіх кнігазбораў быў мясцовы кніжны гандаль: у кнігарнях і на кірмашах распаўсюджваліся новыя расійскія і замежныя выданні, а таксама купляліся і прадаваліся старыя кнігі (Аляксандр Валіцкм і Соф’я Савіцкая, Бейліны, Завадскія, Сыркін, Фрумкін, Фрэнкель, Гарадзенскі, Гадлеўскі і інш.). Кніжны гандаль быў выгаднай справай. У адной толькі Вільні ў 1860-я гг. Было 15 кнігарняў, быў буйны кніжны склад купца Нэймана і вялікі кніжны магазін. У Мінску лік кнігарняў таксама быў значны: у другой палове ХІХ ст. – у сярэднім да 12 кнігараняў штогод былі адкрыты для чытачоў і пакупнікоў. Быў распаўсюджаны букіністычны гандаль. На пачатак ХХ ст. у Вільні было ўжо 40 кніжных магазінаў, 11 бібліятэк, 2 кабінеты для чытання, 35 друкарняў, 10 літаграфій, 15 хуткадрукарняў, каля 200 друкарскіх машын і 700 рабочых дзень і ноч прадаўжалі справу Ф.Скарыны (З надрукаванай справаздачы Інспектара друкарняў г.Вільні за 1902 г.). З 1818 г. у Вільні дзейнічала Друкарскае таварыства, якое мела на мэце друкаваць і распаўсюджваць у народзе сваю прадукцыю. Правінцыя жыла тым, ўто зыходзіла з цэнтра Літвы – Вільні.

На пачатку ХІХ ст. у Беларусі была разгорнута дзейнасць Румянцаўскага гуртка па збору рэдкіх рукапісаў, дакументаў і выданняў у калекцыю графа-бібліяфіла Румянцава. Сярод сяброў гэтага гуртка былі гамяльчане, палачане, віленцы І.Грыгаровіч, І.Даніловіч, І.Лабко, П.Сасноўскі. У 18128 г. па загаду цара быў створаны Румянцаўскі музей і кніжныя скарбы, сабраныя на Беларусі, былі перавезены з С.-Пецярбурга, дзе яны былі ў асноўным сканцэнтраваны, у Маскву.

Ужо ў 1837 г. загадам цара Мікалая І пачалася адсылка з беларускіх гарадоў грамат і “слупкоў”, рукапісных кніг у Пецярбургскую Археаграфічную камісію. Мінскі гурток Варшаўскага таварыства апекі над помнікамі мінуўшчыны на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. таксама займаўся аховай культурнай спадчыны, якая мела каштоўнасць для польскай дзяржавы ад вывазу ў Расію, збіраючы так званыя польскія матэрыялы, якія пасля былі вывезены ў Польшчу.

Літаратура:

1. Дзеля блiзкiх i прышласцi: Матэр. мiжнар. навук.-практ. канф. "Унiверсiтэты Ельскiх" (да 165-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Ельскага), Мiнск, 7 кастр. 1999 г. / Склад.: Л.Доўнар, Т.Дзем`яновiч; Рэдкал.: Доўнар Л.I. i iнш. - Мн.:Бел. ун-т культуры, РВФ "Ковчег", 1999. - 156 с., iл.

2. Доўнар Л.І. Мiнскiя кнiгазборы ХIХ стагоддзя // Здабыткi. – Мн., 1998. – Вып. 3. – С. 60-72.

3. Емец И.П. [Краткий исторический очерк развития библиотечного дела в Белоруссии…] // Новицкая Л. Библиотечное дело в Белоруссии (XVI в. – 1917 г.) : библиогр. указ. Мн., 1982. С.32-68.

4. Ильевский З. Павленковская библиотека в Остромечеве // Свіцязь. Мн., 1989. С. 207-210.

5. Кісялёва В. Бібліятэкі імя Ф.Ф.Паўленкава // Помнікі гісторыі і культуры. 1985. №1. С.36.

6. Колоско Н.М. Из истории библиотечного дела в Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции // Библиотечное дело в БССР. Мн., 1968. С.5-11. р/ф, аб, к/х.

7. Леончиков В.Е. Е.И.Хлебцевич – видный советский библиотековед и библиограф // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1976.

8. Лявончыкаў В.Е. Бібліятэчна-бібліяграфічная дзейнасць Аляксандра Ельскага // Бібліятэчны свет. 2001. №2. С.24-25.

9. Мархель У.І. Кнігазбор Сыракомлі // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977. С.69-107. Тое самае: Свіцязь. Мн., 1989. С.222-228.

10. Ошерович С.О. К истории библиотечного дела в городе Минске // Библиотечное дело в БССР. Мн., 1969. С.23-26.

11. Падліпскі А. Віцебскія кнігалюбы мінулага: З гісторыі прыватных бібліятэк ХІХ – пач. ХХ ст. // Свіцязь. Мн., 1989. С. 211-221.

12. Пакала М.І. Публічныя бібліятэкі: [На Беларусі] // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3. С.26-27.

13. Покало М.И. Губернские публичные библиотеки Белоруссии в первой половине ХІХ в. // Книга в Белоруссии: книговедение, источники, библиография. Мн., 1981. С.123-135.

14. Покало М.И. История библиотечного дела в БССР. Мн., 1986. С.31-59.

15. Умецкая Я. Патаемная бібліятэка народнікаў: [Віцебск. 1884 г.] // Беларусь. 1972. № 6. С.28.

16. Цыбуля В.А. Грамадскія спецыяльныя бібліятэкі Беларусі (ХIX – пач. ХХ ст.) // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1976. №2. С.31-33.

17. Цыбуля В.А. Народная бібліятэка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1977. №3. С.33-34; №2. С.86-95.

Пытанні для самакантролю

  1.  З чым было звязана закрыццё ў Беларусі бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў у першай палове ХІХ ст.?
  2.  Калі ў Беларусі узнікаюць першыя публічныя бібліятэкі?
  3.  Якія функцыі выконвалі кабінеты для чытання пры кніжных лаўках?
  4.  Калі і дзе ў Беларусі была створана першая спецыяльная сельскагаспадарчая бібліятэка?
  5.  Як паўплываў на становішча публічных бібліятэк загадМ. Мураўёва ад 28 сакавіка 1864 г.?
  6.  Учыё падпарадкаванне перадаваліся гарадскія і грамадскія бібліятэкі ў адпаведнасці з царскім загадам 1867 г.?
  7.  Па чыёй ініцыятыве ствараліся грамадскія бібліятэкі і якія бібліятэкі гэтатага тыпу вы ведаеце?
  8.  Дзе была адкрыта першая бібліятэка пры народным вучылішчы (народная бібліятэка)?
  9.  Якімі дакументамі рэгулявалася дзейнасць народных бібліятэк і народных чытальняў пры навучальных установах?
  10.  Якія нелегальныя бібліятэкі вы ведаеце?
  11.  Калі былі адменены спісы забароненых кніг і правілы аб наглядзе за народнымі бібліятэкамі?
  12.  Якія публічныя бібліятэкі былі адкрыты ў Мінску на пачатку ХХ ст.?
  13.  Хто з’яўляўся ініцыятарам адкрыцця бясплатных народных бібліятэк?
  14.  Калі ўпершыню з’явіліся праекты арганізацыі сеткі бібліятэк?
  15.  Бібліятэкі якіх навуковых і культурных таварыстваў вы ведаеце?
  16.  Як вы разумееце ролю прыватных кнігазбораў як навуковых і культурных цэнтраў тагачаснай Беларусі, з чым гэта было звязана?

ЛЕКЦЫЯ 13. Асноўныя кірункі развіцця бібліятэчнай справы і міжнароднае бібліятэчна-бібліяграфічнае супрацоўніцтва ў XX – пачатку ХХІ стст.

Бібліятэчная справа паміж дзьвюмя сусветнымі войнамі. Навуковыя бібліятэкі. У выніку разбурэння бібліятэк, разрыву навуковых сувязяў з Германіяй, ізаляцыяй ад нямецкай навукі, крызісу у пэўных сферах навукі і прамысловых даследаванняў адпаведна ўзнікае неабходнасць стварэння спецыялізаваных служб дакументацыі па збору замежных публікацый у галіне навуковых даследаванняў. Так, у Вялікабрытаніі ў 1916 г., у Германіі ў 1920 г. ствараюцца таварыствы тыпу экстраннай дапамогі навуцы. Пры названым таварыстве ў Германіі быў створаны таксама Камітэт па справах бібліятэк. Упершыню ў гісторыі бібліятэчнай справы з боку дзяржавы быў зроблены крок у дапаамозе бібліятэкам па камплектаванні замежнай літаратурай. Гэта садзейнічала далейшай спецыялізацыі навуковых бібліятэк Германіі. Прынцыплва новы падыход да камплектавання быў звязаны і з ростам кнігавыдавецкага патоку.

Пасля першай сусветнай вайны ў абслугоўванні чытачоў важнейшую ролю адыгрывалі буйнейшыя навуковыя бібліятэкі універсальнага профілю і, у першую чаргу, – нацыянальныя. У гэты перыяд асабліва інтэнсіўна развіваецца Нацыянальная бібліятэка ў Парыжы. У 1934 г. для бібліятэкі было пабудавана 8-павярховае кнігасховішча ў Версалі. Буйнейшай жа бібліятэкай свету становіцца Бібліятэка Кангрэса ЗША – нацыянальная бібліятэка краіны. У 1939 г. адкрыты 2-гі будынак бібліятэкі Джона Адамса для размяшчэння ў ім 10-мільённага збору, тамсама быў размешчаны і аддзел рэдкіх кніг.

У першай палове ХХ ст. асноўнай тэндэнцыяй у камплектаванні бібліятэк з’яўляецца адмова ад вычарпальнага камплектавання, якое было абгрунтавана нямецкім бібліятэказнаўцам Георгам Леям (1877–1968). Пад універсальнай бібліятэкай сталі разумець бібліятэку універсальнага профілю, якая мае пры гэтым абавязкова яскрава выражаную спецыялізацыю ў профілі камплектавання і пэўныя навукова абгрунтаваныя абмежаванні рамак гэтага профілю.

У 1920–30-я гг. актыўна развіваюцца спецыяльныя бібліятэкі. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс адбываецца ў ЗША, дзе актыўна працуе, створаная ў 1909 г. Асацыяцыя спецыяльных бібліятэк. Ствараюцца таксама бібліятэкі даследчыцкіх устаноў і фірм – тэхнічныя бібліятэкі, якія засноўваюць адпаведныя асацыяцыі, напрыклад, у 1924 г. у Вялікабрытаніі створана Асацыяцыя бібліятэк і інфармацыйнае бюро.

Паміж бібліятэкамі складваюцца адносіны, заснаваныя на каардынацыі іх дзейнасці: у планаванні, абмене бібліяграфічнай інфармацыяй, дакументамі. Актыўна развіваецца міжбібліятэчны бібліятэчны абанемент (МБА). У 1924 г., напрыклад, уся Германія ўжо была ахоплена МБА. Развіваецца ідэя стварэння зводных друкаваных каталогаў бібліятэк пэўнай краіны.

Эфектыўнай формай узаемадзеяння бібліятэк лічыцца цэнтралізаваная каталагізацыя. Так, у ЗША Цэнтральнае бюро каталагізацыі стала абслугоўваць 3 тыс. бібліятэк.

Інтэнсіўна вялася ў 1920–30-я гг. сумесная бібліяграфічная работа. Прыкладам можа быць дзейнасць бібліятэк скандынаўскіх краін, якія спецыялізаваліся ў галіне сельскай гаспадаркі, тэхнікі, педагогікі і медыцыны.

Пасля першай сусветнай вайны ўзнікла неабходнасць устанаўлення больш цесных прафесійных сувязяў і кантактаў паміж рознымі краінамі ў галіне бібліятэчнай справы. Значную падтрымку міжнароднаму супрацоўніцтву аказваў, створаны ў 1895 г. у Бруселі па ініцыятыве Поля Атле (1868–1944) Міжнародны бібліяграфічны інстытут, які ініцыіраваў распрацоўку УДК, праект бібліяграфічнай рэгістрацыі артыкулаў у навуковых часопісах або праект стварэння Універсальнага бібліяграфічнага рэпертуару. У 1931 г. Міжнародны бібліяграфічны інстытут перайменаваны ў Міжнародны інстытут дакументацыі, а ў 1937 г. – у Міжнародную федэрацыю па дакументацыі – ФІД. У 1927 г. на канферэнцыі Бібліятэчнай асацыяцыі ў Эдынбургу, прысвечанай яе 50-годдзю, было прапанавана стварыць Міжнародную федэрацыю бібліятэчных асацыяцый (ІФЛА). Першы кангрэс ІФЛА быў праведзены ў 1929 г. у Італіі, у якім прымалі ўдзел і прадстаўнікі з СССР.

Народныя бібліятэкі. Пасля першай сусветнай вайны захоўвалася і развівалася канцэпцыя народнай бібліятэкі (у Германіі, у краінах Паўднёвай Еўропы). Так, у Германіі, у Лейпцыгу ў 1924 г. з мэтай больш поўнага выкарыстання патэнцыялу народных бібліятэк быў створаны Інстытут вывучэння чытача і пісьменства.

У 1920-я гг. інтэнсіўна развіваюцца публічныя бібліятэкі як ў Еўропе, так і ў Азіі. У значнай ступені ўплыў на іх развіццё аказвала англа-амерыканская канцэпцыя публічных бібліятэк, якая заключалася, у першую чаргу, у распрацоўцы і прыняцці бібліятэчных законаў. У лідэры ў гэтай справе выйшла Чэхія, якая атрымала незалежнасць у 1918 г. Ужо ў 1919 г. у Чэхіі быў прыняты бібліятэчны закон (на працягу 10 год павінны былі быць створаны бібліятэкі ва ўсіх гарадах і вёсках). Сродкі выдзяляліся органамі мясцовага кіраўніцтва. У 1921 г. быў прыняты бібліятэчны закон у Фінляндыі, які садзейнічаў стварэнню сеткі бібліятэк з галаўнымі бібліятэкамі і іх філіяламі. Ідэі стварэння публічных бібліятэк па англа-амерыканскім узоры спалучаліся з нацыянальнай спецыфікай, якая выражалася, напрыклад, у архітэктурна-планіровачным вобліку бібліятэк.

Развіццё бібліятэчнай справы ў СССР, зразумела, мела свае асаблівасці.У аснову арганізацыі бібліятэчнай справы быў пакладзены прынцып “сацыялістычнага бібліятэчнага будаўніцтва”. Пасля 1922 г. ён становіцца абавязковым для ўсіх саюзных рэспублік. Бібліятэчная справа развіваецца ў супярэчлівых умовах: з аднаго боку рэалізуюцца ідэі І Усерасійскага з’езду (1911 г.), з другога боку – таталітарны рэжым з жорсткім кантролем, ліквідацыя недзяржаўнай формы бібліятэк. Ужо ў першым ленінскім праграмным дакуменце ўказвалася аб актыўным выкарыстанні бібліятэк новай уладай (работа “О задачах Публичной библиотеки в Петрограде”). У лістападзе 1917 г. быў створаны Народны камісарыят асветы, стаў ажыццяўляць кіраўніцтва сістэмай бібліятэчнага абслугоўвання. Нацыянальнай бібліятэкай новай дзяржавы ў адпаведнасці з пастановай Прэзідыума ЦВК СССР ад 6 лютага 1925 г. стала Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У.І.Леніна, ранейшая Румянцаўская бібліятэка. Збор і захоўванне ўсёй друкаванай прадукцыі, якая выходзіла на тэрыторыі краін. Праўда, усё, што выходзіла на рускай мове і на мовах іншых народаў СССР за межамі, у асноўным, трапляла ў “спецсховы”. У 1927 г. пачалося ўзвядзенне новага будынку для бібліятэкі. Губернскія (абласныя) бібліятэкі разглядаліся ў той час як навуковыя бібліятэкі.

У 1920-я гг. у іх асяроддзі ідзе працэс каардынацыі і кааперацыі, робяцца спробы стварэння асацыяцый навуковых бібліятэк. У 1930 г. створана адзіная сетка акадэмічных бібліятэк Ленінграда.

Развіваецца сістэма падрыхтоўкі кадраў для бібліятэк. У 1918 г. па указанні Н.К. Крупскай пачата падрыхтоўка бібліятэкараў у Інстытуце пазашкольнай адукацыі (С.-Пецярбургскі універсітэт культуры і мастацтваў). У 1930 г. адкрыты Маскоўскі бібліятэчны інстытут (Маскоўскі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў).

17 ліпеня 1918 г. выйшаў дэкрэт Савета народных камісараў “Аб ахове бібліятэк і кнігасховішчаў РСФСР”. На самай справе паклаў пачатак маштабнай нацыяналізацыі бібліятэк. Рэквізацыі падлягалі нават прыватныя бібліятэкі, у якіх было больш за 500 кніг, і нават звыш 100. Па нормах Народнага камісарыята асветы бібліятэка аднаго вучонага не павінна перавышаць 2 тыс. тамоў.

На аснове нацыяналізаваных фондаў ствараліся і новыя бібліятэкі: навуковыя (Акадэміі грамадскіх навук, Дзяржаўная навукова-тэхнічная і эканамічная бібліятэка, Нэофілалагічная (замежнай літаратуры) бібліятэка). На дзяржаўным узроўні прымаліся рашэнні аб продажы цэлых бібліятэк за мяжу ў адпаведнасці з пастановай Савета народных камісараў ад 23 студзеня 1928 г. “О мерах к усилению экспорта и реализации за границей предметов старины и искусства”. Пераразмеркаваныя бібліятэчныя складзіраваліся і вельмі слаба апрацоўваліся. У 1923 г. з’явілася інструкцыя Н.К.Крупскай аб забароне выдаваць чытачам “ідэалагічна шкодную літаратуру”. Праўда, у 1920-я гг. спрабавалі ўвесці УДК, вялася работа па падрыхтоўцы цэнтралізаванага выпуску друкаваных картак для бібліятэк краіны. Ідэалагічны ціск пабуджаў на распрацоўку практычных і навуковых пытанняў у галіне бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці. У 1930-я гг. у СССР склаўся прынцыпова іншы тып агульнадаступнай бібліятэкі – “масавая” – разнавіднасць агульнадаступнай бібліятэкі таталітарнай дзяржавы. Бібліятэка лічылася адным з важнейшых сацыяльных інстытутаў, які выконваў не толькі адукацыйныя і асветніцкія функцыі, але і пэўныя ідэалагічныя (у адпаведнасці з ленінскім прынцыпам партыйнасці). Масавая бібліятэка СССР – інструмент “дзяржаўнага гвалту”, для якога быў характэрны уніфікаваны фонд, абавязковае кіраўніцтва чытаннем. На аснове цэнтралізаванага дзяржаўнага кіраўніцтва сетка масавых бібліятэк ахоплівала ўсю краіну. Аднак масавая бібліятэка была максімальна набліжана да насельніцтва і з’яўлялася бясплатнай. Ёй належыць і значная роля ў ліквідацыі безграматнасці насельніцтва. З замежнага вопыту прымаліся ў асноўным тэхналагічныя элементы бібліятэчнай работы. Упершыню ў праекце пастановы “О постановке библиотечного дела” 1918 г. У.І.Ленін выкарыстаў паняцце швейцарска-амерыканская бібліятэчная сістэма. На канец 1938 г. сетка масавых бібліятэк уключала 77,5 тыс. бібліятэк: 38,5 тыс. – дзяржаўныя, 19,3 тыс. – калгасныя, 15,3 тыс. – прафсаюзныя, 4,5 тыс. – іншыя бібліятэкі.

Навуковыя бібліятэкі Трэцяга рэйха. У 1933 г. у Германіі ўсталёўваецца ўлада нацыянал-сацыялістаў, а бібліятэка становіцца, як і ў СССР, магутным аб’ектам ціску з боку дзяржавы. У ёй таталітарная дзяржава бачыла патэнцыянальную небяспеку для свайго існавання. Таму дзяржава пачала ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю бібліятэк: у фарміраванні іх фондаў, у абслугоўванні чытачоў. Усё было падпарадкавана жорсткай ідэалогіі: навука, адукацыя. Навуковыя бібліятэкі падпарадкоўваліся Міністэрству навукі, адукацыі і народнай асветы Рэйха. У 1934 г. была створана Служба камплектавання нямецкіх бібліятэк. У 1936 г. міністр прапаганды Ёзэф Гебельс забараняе імпарт замежных публікацый, а з 1937 г. – дапускаецца толькі са згоды Тайнай паліцыі (Гестапа). Жорсткія правілы кантроля распаўсюдзіліся і на кнігаабмен, на дары і выданні, якія прывозіліся з-за мяжы. Усё, што было створана ў навуцы не немцамі лічылася непрыдатным для Германіі. Камплектаванне навуковых бібліятэк было накіравана “на адлюстраванне народных поглядаў пры максімальным скарачэнні замежнай літаратуры і акцэнце на каштоўных нямецкіх па духу творах”. Праводзіліся чысткі персанала, фонда: ішло вызваленне ад марксісцкіх твораў, сацыял-дэмакратычных выданняў, адзін экземпляр якіх накіроўваўся ў спецфонды забароненай літаратуры (ствараліся ў буйнейшых навуковых бібліятэках з мэтай іх вывучэння. Правядзення 9 лістапада 1938 г. “крыштальная” ноч мела негатыўны ўплыў і на бібліятэчную справу. Напрыклад, каб атрымаць чытацкі білет, чытач-замежнік павінен быў даказаць сваё арыйскае паходжанне. Такім чынам, самая дасканалая ў свеце сістэма навуковых бібліятэк перастала быць асноўным каналам абмену навуковай інфармацыяй.

Пасляваенны час. Другая сусветная вайна нанесла значныя страты і разбурэнні бібліятэкам і бібліятэчным фондам. Страты толькі масавых бібліятэк у СССР склалі 100 млн. кніг. З Германіі ў 1945–1946 гг. было прывезена ў якасці трафеяў да 10 млн. тамоў. У 1943 г. у Маскве быў створаны Дзяржаўны фонд літаратуры, які займаўся папаўненнем савецкіх бібліятэк, якія панеслі страты ў гады вайны.

У 1944 г. Любоў Барысаўна Хаўкіна заклікала да вывучэння замежнага вопыту на навуковым узроўні. Аднак з канца 1940-х у 1950-я гады наступіў перыяд “халоднай вайны”, калі бібліятэкі і цалкам бібліятэчная справа былі ўцягнуты ў гэты працэс. Савецкія друкаваныя матэрыялы яшчэ з 1944 г. праходзяць асобую рэгістрацыю ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША, якая супрацоўнічае з ФБР. Асаблівасць “халоднай вайны” – актыўнае насаджэнне свайго бібліятэчнага вопыту, якое было характэрна для ЗША і СССР. У “хрушчоўскую адлігу” (з сярэдзіны 1960-х гг.) сітуацыя мяняецца і ў першую чаргу ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. Пачынае выходзіць зборнік “Библиотековедение и библиография за рубежом”, які выдае Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У.І.Леніна. Рэдагаваўся зборнік у навуковым цэнтры па вывучэнні замежнага вопту. Актывізаваліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі і семінары.

У сацыялістычных краінах агульным для бібліятэчнай справы быў працэс “саветызацыі” бібліятэчнай справы: дзяржаўнае цэнтралізаванае кіраўніцтва, уніфікацыя бібліятэк усіх тыпаў і відаў, планавы падыход, сістэма метадычнага кіравання і г.д. Дзяржава кантролявала выпуск друкаванай прадукцыі. Для раскрыцця фондаў выкарыстоўвалас, распрацаваная ў СССР Бібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя (ББК). У ГДР у 1967 г. была створана гарадская сістэма кааперацыі бібліятэк, якая ўключала і навуковыя і агульнадаступныя бібліятэкі. Ва Усходняй Германіі захоўвалася традыцыя класічнай бібліятэчнай справы краіны, у прыватнасці, сістэма рэферэнтаў. Нзіраецца працэс ўзвядзення новых будынкаў для бібліятэк, для якіх неабзодны былі новыя памяшканні ў сувязі са значным павелічэннем колькасці друкаванай прадукцыі. У Польскай народнай рэспубліцы ў бібліятэчнай справе адсутнічаў афіцыёз і дэмагогія. У Польшчы склалася бібліятэказнаўства як навука; нацыянальная бібліятэчная сістэма, якую ўзначальвала Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве; развівалася дзяржаўная падтрымка бібліятэчнай справы. У шэрагу краін сацыялістычнага лагеру ў галіне статыстычных паказчыкаў даходзіла да абсурду. Напрыклад, у Румыніі, у якой агульная колькасць насельніцтва складала 22 млн. 755 260 чалавек, бібліятэчным абслугоўваннем было ахоплена 26 млн. 700 000 чытачоў.

Першы глыток свабоды ў савецкіх бібліятэках адчулі ў час хрушчоўскай “адлігі”. Менавіта тады, чытачы змаглі пазнаёміцца з перакладнымі выданнямі заходнееўрапейскай і амерыканскай літаратуры, а таксама прачытаць першыя публікацыі А.Салжаніцына і іншыхбудучых дысідэнтаў. Аднак ў той самы час была разгорнута беспрэцэдэнтная вайна з рэлігіяй, у выніку якой амаль усе рэлігійныя выданні сталі недаступнымі для масавага чытача.

У брэжнеўскі час, разам з інтэнсіўным развіццём бібліятэчнай сеткі, назіраецца аднабаковы падыход да камплектавання бібліятэчных фондаў. Бібліятэкі былі перагружаны шматлікімі выданнямі работ класікаў марксізму-ленінізму, матэрыяламі апошніх з’ездаў КПСС, такмімі, напрыклад, “шэдэўрамі веку”, як “Малая Земля”, “Цаліна” і інш. У той самы час актыўна працаваў Галоўліт, друкаваліся спісы забароненай літаратуры, ішла вайна з так званай дысідэнцкай літаратурай, якую ніхто не чытаў, але ўсе абмяркоўвалі. У СССР праводзілася палітыка татальнай русіфікацыі.

Змены ў сферы бібліятэчнай дзейнасці, асабліва адчувальныя, пачаліся напярэдадні 1989 г. і пэўнай кропкай адліку новага часу ў жыціі еўрапейскіх бібліятэк стала разбурэнне Берлінскай сцяны:

  •  адмова ад уніфікацыі ў назвах бібліятэк. Першая – Дзяржаўная бібліятэка Эстоніі – Нацыянальная бібліятэка Эстоніі; Дзяржаўная бібліятэка ЧСР – Нацыянальная бібліятэка ў Празе; Дзяржаўная бібліятэка Румыніі – Нацыянальная бібліятэка Румыніі.
  •  змена статуса: выкарыстанне ў поўным аб’ёме патэнцыялу гэтага тыпу бібліятэк. Для нацыянальных бібліятэк адкрываецца магчымасць рэальнай інтэрграцыі ў сусветныя бібліятэчныя працэсы.
  •  працэсы абнаўлення адбываліся і ў жыцці прафесійнай бібліятэчнай супольнасці. У 1989 г. створана Ленінградскае, цяпер Пецярбургскае бібліятэчнае таварыства і Маскоўскае бібліятэчнае таварыства. У пачатку 1990-х гг. ствараюцца Расійская бібліятэчная асацыяцыя, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя (у 1992 г.).
  •  прымаюцца законы аб бібліятэчнай справе (у Расіі ў 1994 г., у Беларусі – у 1995 г. быў прыняты Закон аб бібліятэчнай справе РБ”);
  •  ліквідуецца цэнзура і адкрываюцца спецфонды;
  •  бібліятэкі атрымліваюць права на падпіску любых перыядычных выданняў незалежна ад іх палітычнага кірунку;
  •  значную ролю ў дэмакратызацыі бібліятэчнай справы адыграла сістэма Інтэрнет.

У новых умовах бібліятэчная сістэма, напрыклад, Расіі будуецца на спалучэнні трох узроўняў бібліятэк – (г.зн. дзяржаўных бібліятэк), рэгіянальнага (г.зн. бібліятэк суб’ектаў Федэрацыі) і мясцовага ўзроўня. Кожны рэгіён атрымаў магчымасць распрацоўваць самастойную бібліятэчную палітыку з улікам спецыфікі дадзенага рэгіёна. Нарэшце, на заканадаўчым узроўні было вырашана пытанне аб агульнарасійскіх нацыянальных бібліятэках – гэта РНБ і РДБ. У 2000 г. прынята федэральная праграма захавання бібліятэчных фондаў бібліятэк Расіі. Усяго ў Расіі звыш 130 тыс. бібліятэк. Асноўнымі друкаванымі перыядынымі органамі з’яўляюцца – “Библиотека”, “Библиотечное дело”. Выйшла “Библиотечная энциклопедия” (.....).

Асноўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўчай думкі зрабілі К.І.Абрамаў, Ю.У.Грыгор’еў, Ю.Н.Сталяроў, А.М.Ванееў.

Міжнароднае бібліятэчна-бібліяграфічнае супрацоўніцтва. Пасля другой сусветнай вайны назіраецца ўзмацненне актыўнасці навуковых бібліятэк у пошуку шляхоў кааперацыі. У 1946 г. у рамках ААН была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры – ЮНЕСКА, штаб-кватэра якой размясцілася ў Парыжы. Асноўным органам гэтай міжнароднай арганізацыі з’яўляецца Генеральная канферэнцыя, якая збіраецца 1 раз на два гады. На сесіях зацвярджаецца праграма, бюджэт, выбіраецца Выканаўчы савет, па прадстаўленні якога назначаецца Генеральны дырэктар. Супрацоўніцтва з краінамі ажыццяўляецца праз нацыянальныя камісіі па справах ЮНЕСКА. Першыя праекты і праграмы ЮНЕСКА па бібліятэчнай справе тычыліся дапамогі дзяржавам-членам ЮНЕСКА ва ўзнаўленні знішчаных у час вайны бібліятэк. У 1949 г. быў прыняты Маніфест ЮНЕСКА аб публічных бібліятэках. З 1951 г. наладжаны збор бібліятэчнай статыстыкі дзяржаў-членаў ЮНЕСКА.  З моманту ўзнікнення ЮНЕСКА праяўляе цікавасць да школьных і дзіцячых бібліятэк. З 1947 г. выходзіў Бюлетэнь ЮНЕСКА для бібліятэк (6 нумароў у год), з 1957 г. – выходзіў і на рускай мове. З 1979 г. – гэта “Часопіс ЮНЕСКА па інфарматыцы, бібліятэчнай справе і архівазнаўству” (выходзіць штоквартальна). ЮНЕСКА выдае таксама серыі манаграфій па бібліятэчнай справе. З 1972 г. пачалося ажыццяўленне канцэпцыі міжнароднай сістэмы перадачы інфармацыі ЮНІСІСТ. У 1974 г. былі распрацаваны рэкамендацыі па стварэнні нацыянальных сістэм інфармацыі – НАТІС. Праграмы НАТІС і ЮНІСІСТ сталі новым этапам дзейнасці ЮНЕСКА. Іх ажыццяўленне садзейнічае арганізацыі служб дакументацыі, бібліятэк, архіваў на нацыянальнай, рэгіянальнай і міжнароднай аснове. У адпаведнасці з гэтымі праграмамі ў 1976 г. была прынята Агульная праграма па інфармацыі, якая патрабуе каардынацыі інфармацыйнай дзейнасці ЮНЕСКА і спецыялізаваных устаноў ААН, а таксама супрацоўніцтва з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі – ІФЛА.ФІД. ІСО. З 1992 г. ЮНЕСКА ажыццяўляе праграму “Памяць свету” па ахове і прапагандзе сусветнай дакументальнай спадчыны. Мэта праграмы – стварэнне новых падыходаў да аховы дакументальнай спадчыны, дэмакратызацыя доступу да яе, забеспячэнне больш шырокіх ведаў аб значнасці гэтай спадчыны і неабходнасці яе захавання. Асноўныя задачы праграмы – абарона рукапісных, друкаваных і аўдыёвізуальных збораў; захаванне бібліятэчных і архіўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння; пашырэнне ўзаемнай інфармацыі дзяржаў-удзельніц Праграмы аб сваёй дакументальнай спадчыне і аблягчэнне доступу да яе, забеспячэнне найлепшых умоў захавання, кансервацыі і бяспекі. На падставе Праграмы “Памяць свету” распрацоўваюцца нацыянальныя праграмы – “Памяць Амерыкі”, “Памяць Расіі”, Памяць Беларусі” (падрыхтаваны праект) і інш. У складзе ЮНЕСКА звыш 140членаў.

У 1947 г. узнавіла сваю дзейнасць Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый ІФЛА, створаная ў 1927 г., – незалежная міжнародная арганізацыя, якая мае афіцыйны кансультатыўны статус у ЮНЕСКА. Яе мэты – пашырэнне міжнароднага ўзаемаразумення, супрацоўніцтва, развіцця навуковых даследаванняў у ва ўсіх галінах бібліятэчнай дзейнасці і інфарматыкі. Асноўнымі органамі арганізацыі з’яўляецца Савет і Выканаўчае бюро. Датацыі выдзяляюцца ЮНЕСКА. З 1975 г. выдае свой штоквартальны часопіс. Адной з асноўных праграм ІФЛА – праграма Універсальнага бібліяграфічнага уліку (УБУ), пытанне аб стварэнні якой было пастаўлена ў 1970 г. на сесіі ІФЛА ў Маскве, і асноўны прынцып гэтай праграмы заключаецца ў максімальна аператыўным прадстаўленні дакумента ў максімальна поўнай форме і з максімальнай дакладнасцю. З 1974 г. Міжнародны цэнтр УБУ размяшчаецца ў Лондане. Створана таксама праграма па ўсеагульнай даступнасці выданняў – ЮАП. Вялікай увагі заслугоўвае праграма ІФЛА “Захаванасць і кансервацыя” (ПАК), распрацаваная ў 1980-я гг., – накіравана на міжнародную каардынацыю дзейнасці бібліятэк, у тым ліку ў сферы дзейнасці навуковых лабараторый. Мэта праграмы – размеркаванне абавязкаў паміж бібліятэкамі па захаванасці фондаў. ІФЛА распрацаваны адзіныя правілы і міжнародныя стандарты каталагізацыі твораў друку, адзіныя правілы Міжнароднага міжбібліятэчнага кнігаабмену (ММБА). У структуры ІФЛА створаны камісія па бібліяграфіі (з 1965 г.), камісія па бібліятэказнаўстве і навуковых даследаваннях (створана ў 1970–1975 гг.). ІФЛА супрацоўнічае з ФІД і ІСО.

У складзе ІФЛА каля 1800 членаў, уключаючы 155 асацыяцый. 1118 устаноў і 425 індывідуальных членаў са 154 краін свету, якія прадстаўляюць усе тыпы бібліятэк. Падрабязная інфармацыя пра ІФЛА на яе сайце – www.ifla.org.

У 1944 г. на аснове Міжнароднай федэрацыі нацыянальных асацыяцый па стандартызацыі быў створаны Камітэт Аб’яднаных Нацый па каардынацыі распрацоўкі стандартаў. У 1946 г. перайменаваны ў Міжнародную арганізацыю па стандартызацыі – ІСО. Асноўная мэта ІСО – садзейнічанне стандартызацыі ў сусветным маштабе для аблягчэння міжнароднага тавараабмену і ўзаемадапамогі, а таксама для пашырэння супрацоўніцтва ў галіне інтэлектуальнай, навуковай, тэхнічнай і экалагічнай дзейнасці; ІСО вызначае прынцыповыя асновы стандартызацыі, распрацоўвае і публікуе міжнародныя стандарты; садзейнічае міжнароднаму абмену вопытам стандартызацыі, каардынуе намаганні ўсіх міжнародных і нацыянальньных органаў стандартызацыі. Адным з дасягненняў ІСО з’яўляецца распрацоўка Міжнароднай стандартнай сістэмы індэксавання кніг ISBN. У адпаведнасці са статутам ІСО членамі яе з’яўляюцца нацыянальныя арганізацыі па стандартызацыі (з 1993 г. – Беларусь). Органы ІСО – Генеральная асамблея, Савет, які ўзначальвае прэзідэнт, Цэнтральны сакратарыят знаходзіцца ў Жэневе. Асноўны від публікацый ІСО – стандарты, перыядычныя выданні

З 1937 г. Міжнародны інстытут дакументацыі быў рэарганізаваны ў Міжнародную федэрацыю па дакументацыі – ФІД. Займаецца сродкамі давядзення навуковай інфармацыі да спажыўца, удасканаленнем УДК, выдае праўкі да УДК. У рабоце ФІД прымаў удзел індыйскі бібліятэказнаўца Шыалі Рымамрыта Ранганатан (1892–1972). Вядомы сваёй працай “Пяць законаў бібліятэчнай навукі”. Адзін з законаў ён ахарактарызаваў як “Закон неперадузятасці (беспристрастия)”: не навязваць уласнага меркавання пра кнігі чытачу, быць аб’ектыўным у працы, ацэнцы палітычных падзей. Распрацаваная ім і апублікаваная ў 1934 г. “Класіфікацыя двухкроп’ем” аказала значны ўплыў на развіццё бібліятэчных класіфікацый. З 1954 г. ён узначальваў Міжнародную камісію па вывучэнні агульных метадаў бібліятэчнай класіфікацыі. Шэраг пачынанняў ФІД апошніх гадоў паказвае, што і гэта міжнародная арганізацыя вырашае задачы з улікам і сацыяльнай спецыфікі краін і кантынентаў. Займаецца таксама пытаннямі падрыхтоўкі кадраў інфармацыйных работнікаў. ФІД правяла некалькі міжнародных канферэнцый па пытаннях адукацыі. Мае рэгіянальныя камісіі з сакратарыятам у Бразільскім інстытуце бібліяграфіі і дакументацыі (Рыо-дэ-Жэнейра) і ў Нацыянальным цэнтры навукова-тэхнічнай інфармацыі ў Токіа.

Першай спробай кааперацыі – была кааперацыя ў галіне камплектавання ў маштабах усёй краіны – гэта “Фармінгтонскі план” (з 1947 г.): удзельнічалі 60 бібліятэк, у т. л. Бібліятэка Кангрэса, Нью-Йоркская публічная бібліятэка, буйнейшыя універсітэцкія бібліятэкі. Цэнтралізаваная каталагізацыя – Аўтаматызаваны бібліятэчны цэнтр з інтэрактыўным доступам – OCLC. З сяр. 1990-х гг. абслугоўвае 10 тыс. бібліятэк розных тыпаў і відаў: сутнасць у размеркаванай каталагізацыі і МБА). У Германіі забеспячэнне бібліятэк замежнай літаратурай узяла на сябе дзяржава (Нямецкае даследчыцкае таварыства аплочвала 50% выдаткаў, астатняе – розныя фонды і недзяржаўныя арганізацыі). Удзельнічала спачатку 17 бібліятэк ў адпаведнасці з профілем рубрыкатара таварыства. З 1990 г. – і бібліятэкі Усх. Германіі.

У 1957 г. прыняты першы міждзяржаўны план  камплектавання замежнай літаратурай – “СКАНДЫЯПЛАН”. Удзельнікі – бібліятэкі Даніі, Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі размеркавалі паміж сабой галіны камплектавання. У 1976 г. – НОРДІНФО. Кіруе вялікімі кааперыраваннымі праграмамі па камплектаванню замежнай літаратурай; ажыццяўляе і падтрымлівае даследаванні па бібліятэчнай справе і адукацыі, стварае зводны каталог перыядычных выданняў Скандынавіі НОСП. У выніку Скандын. краіны маюць адну з лепшых у свеце сістэм бібліятэчна-бібліяграфічнага абслугоўвання.

У Еўропе адзін з найбольш паспяхова рэалізаваных карпаратыўных праектаў па каталагізацыі з’яўляецца праект аўтаматызацыі працэсаў сумеснай каталагізацыі РІСА Цэнтра бібліятэчнай аўтаматызацыі Каралеўскай бібліятэкі ў Нідэрландах.

Асаблівае месца займаюць праекты па раскрыцці фондаў каштоўнай нацыянальнай літаратуры, яе захаванасці (Германія, Францыя). У Расіі – праграма ЛИБНЕТ – па стварэнні агульнарасійскай інфармацыйнай камп’ютэрнай сеткі. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Федэральным законам “Аб інфармацыі…”, 1995 г.). У Беларусі – Электронная бібліятэка Беларусі.

Еўрапейскія праекты:

  •  стварэнне Еўрапейскага рэгістра страхавых мікраформ (ЭРОММ) – Еўрапейская б-ка мікраформ,
  •  стварэнне Кансорцыума навуковых (даследчыцкіх) бібліятэк, БД еўрапейскай кнігі ручнога прэса,
  •  стварэнне аб’яднання б-к Балтыйскага рэгіёна “Бібліятэка Балтыка”.

Міжнар. аб’яднанне краін Азіі – Кансорцыум нацыянальнай б-кі і дакументацыі (Інданэзія, Малайзія, Сінгапур, Тайланд і Філіпіны).

Уплыў інфарматызацыі.

Актыўнае ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій у практыку работы бібліятэк пачынаецца з 1980-х гг.: увод запісаў на абанеменце, кантроль перыёдыкі, вядзенне справаздачы. Пазней – доступ да інфармацыйных рэсурсаў іншых бібліятэк. Інфарматызацыя ахоплівае не толькі навуковыя, але і публічныя бібліятэкі.

ЗША: У 1983, 1984 гг. – пачата аўтаматызацыя бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў. З другога боку бібліятэкі ўсё болей арыентуюцца на гуманітарныя навукі, выкарыстанне традыцыйных папяровых дакументаў. У ЗША , Германіі фарміруецца новы тып бібліятэкі – незалежнай даследчыцкай бібліятэкі гуманітарнага профіля – гэта сінтэз навуковай бібліятэкі і музея. Напрыклад, Фолджэрская шэкспіраўская бібліятэка ў Вашынгтоне. Аднак яна існуе незалежна ад сродкаў дзяржавы, на сродкі мецэнатаў. Перавага аддаецца захаванасці фондаў. Нямецкі вучоны Міхаэль Кнох сфармуляваў крытэрыі даследчыцкай бібліятэкі: выкарыстанне навейшых тэхналогій, адначасова і захаванне формы класічнайй навуковай бібліятэкі.

Электронныя б-кі, г.зн. зборы тэкстава-графічнх файлаў. З’явіліся ў пач. 1970-х гг. Электронная бібліятэка – новая магчымасць, атрыманая дзякуючы Інтэрнету. Старэйшая электронная публічная бібліятэка, якая існуе і сёння, носіць імя “Гутэнберг”. Аўтар праекту – Майкл Харт – аператар камп’ютэра Xerox Sigma V універсітэта Ілінойса (ЗША), які ён пачаў ажыццяўляць у 1971 г. Першым дакументам, які быў разасланы па сетцы амерыканскіх універсітэцкіх бібліятэк, была “Дэкларацыя незалежнасці”. Перавагі і недахопы адкрытых электронных бібліятэк, якія сталі відавочнымі за гэты час:

Электронны тэкст у Інтэрнеце не толькі спрошчвае доступ да кнігі – часта ён адзіна магчымы. Доступ – імгненны з любой кропкі планеты, дзе ёсць інтэрнет. Абнаўленне і папаўненне – вельмі хуткае. Сёння ў многіх газетных і часопісных выданняў ёсць свае сайты. Аднак, як толькі мы паспрабуем дабіцца дакладнасці і паўнаты, мы сутыкаемся з вялікімі цяжкасцямі. Важнейшай праблемай, вырашэнне якой можа радыкальным чынам паўплываць на напаўненне электронных бібліятэк з’яўленне ліцэнзійная чысцмня.

Часопіс “Электронные библиотеки” піша аб праекце “Памяць Амерыкі”, які стаў ядром будучай Нацыянальнай электроннай бібліятэкі (НЭБ) (з 1996 г.), стаў ажыццяўляцца пры падтрымцы Кангрэса ЗША, а таксама прыватных інвестараў (на працягу 5 год). Агульны бюджэт праекту склаў 60 мільёнаў долараў. У межах праекта алічбавана 5 мільёнаў дакументаў па амерыканскай гісторыі. Праект ажыццяўляўся сіламі асобнага падраздзялення (каля 90 чалавек). Штогадовы бюджэт складаў 12 млн. дол. Стварэнне агульнадаступных інфармацыйных рэсурсаў, выкананых на высокім прафесійным узроўні, справа не толькі энтузіястаў і падзьвіжнікаў, гэта, у першую чаргу, справа дзяржавы. Скараціць інфармацыйную няроўнасць і панізіць інфармацыйна-адукацыйны бар’ер у небагатай краіне можна толькі з дапамогай танных камп’ютэрных тэхналогій. Неабходна рэальная фінансуемая рэальнымі грашовымі сродкамі дзяржаўная программа развіцця электронных бібліятэк.

Нацыянальныя бібліятэкі. Значныя змены праявіліся ў дзейнасці Бібліятэкі Кангрэса ЗША, якая скіравала сваю дзейнасць

  •  на абслугоўванне шырокай публікі, што адбілася на рэарганізацыі дзейнасці бібліятэкі, даведачнага аддзела бібліятэкі;
  •  на пашырэнне функцый бібліятэкі праз рэалізацыю канцэпцыі бібліятэкі, як “мультымедыйнай энцыклапедыі” (дзе адначасова захоўваюцца традыцыйныя дакументы, фільмы, карты, музычныя матэрыялы), а таксама праз рэалізацыю праекта “Амерыканскай памяці”, які ў сваю чаргу, прадастаўляе шматканальны доступ да фондаў бібліятэкі праз электронны каталог (у выніку сталі даступнымі 20 млн. апісанняў дакументаў);
  •  на ўзвядзенне трэцяга будынка Бібліятэкі – Мемарыяльнага будынка Джэймса Мэдзісана (4-ы прэзідэнт). Дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю будынка стала магчымай рэалізацыя канцэпцыі бібліятэкі як мультымедыйнай энцыклапедыі.

На рэалізацыю праекта стварэння Нацыянальнай дыгітальнай бібліятэкі.

У канцы ХХ ст. нацыянальныя бібліятэкі многіх краін – Вялікабрытаніі, Даніі, Кітая, Расіі, Францыі, Эстоніі і іншых краін пераехалі ў новыя будынкі. Пашырэнне плошчы пацягнула за сабой пашырэнне функцый бібліятэк. З 1972 г. Бібліятэка Брытанскага музея стала называцца Брытанскай бібліятэкай. Зарыентавала сваю дзейнасць таксама на абслугоўванне шырокай публікі. У бібліятэцы адкрыты залы для мастацкіх выстаў, культурных акцый. Хаця пры гэтым захоўваецца навуковы характар абслугоўвання гуманітарыяў. Нацыянальная бібліятэка Францыі ў Парыжы новы будынак атрымала ў 1996 г. Абслугоўвае не толькі навуковых работнікаў, алі і шырокае кола чытачоў. А асноўным прыярытэтам у дзейнасці публічных бібліятэк становіцца абслугоўванне навукоўцаў. Паралельна працуюць дзве сістэмы чытальных залаў па гуманітарных, сацыяльных, прыродазнаўчых і тэхнічных навуках. У новай канцэпцыі бібліятэкі – энцыклапедычнасць. Фонд бібліятэкі складае 10 млн. тамоў. Бібліятэка забяспечвае доступ да інфармацыйных рэсурсаў краіны і адказвае за стварэнне нацыянальнага зводнага каталога. Звязаныя ў адзіную сетку фонды французскіх бібліятэк дазволілі рэалізацыю ідэі энцыклапедычнай бібліятэкі.

У 1990-я гг. многія нацыянальныя бібліятэкі перайшлі да рэалізацыі маштабных праектаў па стварэнні лічбавых аналагаў сваіх калекцый (Бібліятэка Кангрэса ЗША) – Нацыянальная дыгітальная бібліятэка; лічбавая калекцыя кітайскай кнігі (Нацыянальная бібліятэка Кітая). Магутны рывок Кітая звязаны з прадуманай канцэпцыяй новага будынка бібліятэкі.

У 1992 г. пачалося стварэнне аддзялення Нацыянальнай бібліятэкі Нарвегіі ў мястэчку Рана (у горнай частцы на поўначы краіны). Кнігасховішчы размешчагы ў шахтах былых руднікоў. Гэта і дэпазітарый і эксперыментальная лабараторыя, у якой вядзецца вывучэнне захаванасці дакументаў на нетрадыцыйных носьбітах.

Асаблівая ўвага нацыянальных бібліятэк – кантроль за захаваннем культурнай спадчыны сваіх нацый і забеспячэнне доступу да гэтай спадчыны: інтэлектуальнай спадчыны ўсіх этнічных і нацыянальных груп той ці іншай краіны.

Дацкая Каралеўская бібліятэка рэалізуе прынцыпова новую культурную канцэпцыю нацыянальнай бібліятэкі. У бібліятэцы створана культурная ўстанова з 5-цю выставачнымі заламі, 7 залаў – для заняткаў, канферэнцый, бібліятэчны магазін і інш. Працуюць даследчыя і культурныя інстытуты. Цэнтральнае месца ў сферы культурнай актыўнасці краіны займаюць Нацыянаяльная бібліятэка і універсітэцкая бібліятэка, навукова-даследчыя ўстановы, Нацыянальны музей кнігі і друкаваных выданняў, Нацыянальны музей фатаграфій, Цэнтр дацкай мовы.

Такім чынам, сучасная нацыянальная бібліятэка – гэта культурны цэнтр; гэта памяць нацыі; гэта энцыклапедычная бібліятэка; гэта бібліятэка, якая абслугоўвае шырокае кола карыстальнікаў.

Цэнтральная рэгіянальная бібліятэка – гэта бібліятэка, якая мае афіцыйны статус цэнтральнай бібліятэкі адміністратыўнай адзінкі дзяржавы, рэспублікі, края, вобласці, раёна. З канца 1950-х гг., напрыклад, у СССР цэнтральныя рэгіянальныя бібліятэкі актыўна пачынаюць займацца краязнаўчай работай. Становяцца рэгіянальнымі інфармацыйнымі цэнтрамі па культуры і мастацтву. Займаюцца адукацыяй бібліятэкараў, кансультатыўнай дапамогай. Вядуць навукова-даследчую работу ў галіне бібліятэчнай справы. Інтэнсіўнае развіццё рэгіянальнага аспекта бібліятэчнай справы звязана з развіццём мясцовага кіравання ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі. Узнікаюць бібліятэчныя агенцтвы, якія выконваюць функцыі архіва урадавых матэрыялаў і дакументаў штата (ЗША). У Фінляндыі цэнтральныя рэгіянальныя бібліятэкі з’яўляюцца ў пачатку 1960-х гг. – гэта цэнтральныя гарадскія бібліятэкі, якія выконваюць метадычныя функцыі; МБА; ЭК. Для Еўропы – Германія – традыцыйна федэратыўная структура (землі): фарміруюцца нават бібліятэчныя рэгіёны ў адпаведнасці з федэратыўнай структурай; у Іспаніі – рэгіянальная бібліяграфія, архіў літаратурнай спадчыны, культурны цэнтр. З 1980-х гг. у Францыі пачынаюць узнікаць агенцтвы кааперацыі, якія аб’ядноўвалі 18 буйнейшых рэгіёнаў). Асноўныя функцыі рэгіянальных бібліятэк – захаванне кніжных фондаў, даступнасць; укараненне новых тэхналогій, адукацыя бібліятэкараў.

На сучасным этапе ўзмацняюцца функцыі цэнтральных рэгіянальных бібліятэк як рэгіянальных архіваў культурнай спадчыны, рэалізуючых на фоне працэсаў глабалізацыі шматлікія культурныя праграмы рэгіянальнага, нацыянальнага значэння.

Публічны бібліятэкі: нацыянальныя мадэлі сучаснасці.

Уплыў канцэпцыі публічнай агульнадаступнай бібліятэкі на навуковыя бібліятэкі (Германія: навуковыя і агульнадаступныя народныя бібліятэкі).

У канцы ХХ ст. аднясенне бібліятэкі да пэўнага тыпу стала практычна немагчымым. Навуковыя становяцца бліжэй да публічных і наадварот. Публічная і агульнадаступная бібліятэка разглядаюцца як сінонімы.

У ФРГ – арыентацыя на педагагічнае ўздзеянне. На сучасным этапе выкарыстоўваецца медыятэка. У Нідэрландах – канцэрты класічнай музыкі ў навук. бібліятэках. Галандыя – мастацкія выставы, арганізацыя культурнай прасторы. Фінляндыя – спалучэнне з нестацыянарным абслугоўваннем у дзяржаўных гарадскіх бібліятэках. У Францыі – адмова ад мадэлі народных бібліятэк, увядзенне нестацыянарнага абслугоўвання.

Асаблівасці нацыянальных мадэляў звязаны з формай уласнасці публічнай біліятэкі. У адносінах да публічнай бібліятэкі – адмова ад паняцця “бібліятэка”, да – медыятэкі, выкарыстанне эл. тэхнікі. Кожная бібліятэка становіцца політыпалагічнай:

зберагае духоўную спадчыну пэўнага рэгіёна, краіны.

Такім чынам этап развіцця бібліятэк, які ахопліваў час паміж дзвюмя сусветнымі войнамі, калі адбываліся змены ў абслугоўванні на рэгіянальным і дзяржаўным узроўня, характарызуецца

  •  каардынацыяй і кааперацыяй ў дзейнасці бібліятэк;
  •  краіны дзеляцца на тры групы: краіны, якія развіваюцца на аснове дэмакратычнасці;
  •  таталітарныя краіны;
  •  краіны трэцяга свету, дзе адсутнічае развітая бібліятэчная структура.

Асноўнымі тыпамі бібліятэк былі нацыянальныя, навуковыя, спецыяльныя, агульнадаступныя (публічныя і масавыя).

Сучасны этап – гэта этап развіцця бібліятэк ва ўмовах глабальнай  інфарматызацыі. Асноўныя тыпы бібліятэк застаюцца тымі самымі, аднак межы паміж рознымі тыпамі бібліятэк і рознымі тыпалагічнымі падыходамі становяцца ўсё менш дакладнымі. Назіраецца пэўная ўмоўнасць у выдзяленні тыпаў бібліятэк. Акрамя традыцыйнай бібліятэкі з’яўлецца электронная бібліятэка.

Навуковая бібліятэка можа выконваць функцыі публічнай, а публічная – можа быць даследчыцкай бібліятэкай. Тым не менш, нязменнай застаецца асноўная функцыя бібліятэкі – 1) збор і захоўванне дакументаў пісьменства, хаця змяняюцца традыцыйныя носьбіты інфармацыі; у адпаведнасці з фукцыяй захавання суадносіцца і фукцыя даступнасці; 2) функцыя абслугоўвання набывае больш шырокае значэнне ў сувязі з пашырэннем дзенасці бібліятэкі, як культурнага цэнтра.

Літаратура

1. Абрамов К.И. Истоки советской цензуры библиотечного дела // Библиотековедение. 1996. №6. С.66-77.

2. Абрамов К.И. История библиотечного дела в России. Ч.2. М., 2001. 160 с. [Пра К.І.Абрамава на с.4 вокладкі].

3. Абрамов К.И. История библиотечного дела в СССР. М., 1980. С.135-332.

4. Ванеев А.Н. Развитие библиотековедческой мысли в СССР. М., 1980. 232 с.

7. Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.244-289.

16. Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.157-249.

Пытанні для самакантролю

  1.  Які тып бібліятэк пасля першай сусветнай вайны адыгрываў важнейшую ролю ў абслугоўванні чытачоў?
  2.  Якая асноўная тэндэнцыя ў камплектаванні бібліятэк стала пераважаючай у першай палове ХХ ст.?
  3.  Што новага з’явілася ў прафесійнай дзейнасці спецыяльных бібліятэк?
  4.  На чым заснаваны ўзаемаадносіны паміж бібліятэкамі і якія формы ўзаемаадзеяння вы ведаеце?
  5.  Калі і з якой мэтай быў створаны Міжнародны бібліяграфічны інстытут?
  6.  Калі была створана Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый ІФЛА?
  7.  Якое развіццё атрымліваюць канцэпцыі народнай бібліятэкі і англа-амерыканская канцэпцыя публічных бібліятэк пасля першай сусветнай вайны?
  8.  Які прынцып быў пакладзены ў аснову арганізацыі бібліятэчнай справы ў СССР?
  9.  Што стала пачаткам маштабнай нацыяналізацыі бібліятэк?
  10.  Які прынцыпова іншы тып агульнадаступнай бібліятэкі склаўся ў СССР?
  11.  Дзе ўпершыню У.І.Ленін выкарыстаў паняцце “швейцарска-амерыканская” бібліятэчная сістэма?
  12.  Як развіваецца сістэма падрыхтоўкі кадраў для бібліятэк у СССР?
  13.  Якія бібліятэкі выконвалі функцыю нацыянальных бібліятэк?
  14.  Чым сталі навуковыя бібліятэкі Трэцяга Рэйха?
  15.  Якія страты былі нанесены бібліятэкам Другой сусветнай вайной і як паўплывала на дзейнасць бібліятэк “халодная вайна”?
  16.  Што агульнае вызначаецца ў бібліятэчнай справе сацыялістычных краін?
  17.  Чым вызначалася камплектаванне бібліятэчных фондаў у савецкі час?
  18.  Калі і якія дэмакратычныя змены пас\чаліся ў жыцці бібліятэк сацыялістычнага лагеру?
  19.  Каго з бібліятэказнаўцаў вы ведаеце, хто зрабіў значны ўклад у развіццё гісторыі бібліятэчнай справы і бібліятэказнаўчай думкі ў СССР?
  20.  Роля ЮНЕСКА ў міжнародным бібліятэчна-бібліяграфічным супрацоўніцтве?
  21.  Якія міжнародныя арганізацыі ў галіне бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці вы ведаеце?
  22.  Калі і ў якіх краінах быў прыняты першы міждзяржаўны план камплектавання замежнай літаратурай?
  23.  Якія карпаратыўныя праекты вы ведаеце?
  24.  Калі пачынаюць актыўна ўкараняцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў дзейнасць бібліятэк?
  25.  Дзе ўзнікае новы тып бібліятэкі – незалежная даследчая бібліятэка?
  26.  Што такое электронная бібліятэка?
  27.  Якія змены праявіліся ў дзейнасці нацыянальных бібліятэк у эпоху інфарматызацыі?
  28.  Роля цэнтральных рэгіянальных бібліятэк як краязнаўчых цэнтраў?
  29.  Як вы разумееце політыпалагічнасць бібліятэк?
  30.  Якія функцыі застаюцца нязменнымі, пастаяннымі?

ЛЕКЦЫЯ 14. Бібліятэчная справа ў БССР

У адпаведнасці з дэкрэтамі СНК РСФСР “Аб ахове бібліятэк і кнігасховішч” і “Аб парадку рэквізацыі бібліятэк, кніжных складаў і кніг наогул” (1918 г.) на тэрыторыі Беларусі ў 1919–1920-х гг. пачалася іх рэалізацыя Наркамасветы БССР. Нацыяналізаваныя кнігі перадаваліся і новым бібліятэкам. Было створана спецыяльнае кнігасховішча ў Мінску. Частка асабліва каштоўных кніг – рукапісы, інкунабулы, страдрукаваныя выданні – была адпраўлена ў бібліятэчны аддзел Наркамасветы РСФСР.

Сельскае насельцтва абслугоўвалі пераважна “хаты-чытальні” (“избы-читальни”), якія праводзілі ідэі партыі. На канец 1920 г. у Віцебскай губерні іх налічвалася 416, у Гомельскай – 772, у Мінскай – 1130.

Функцыянавалі навуковыя і спецыяльныя бібліятэкі (Горы-Горыцкая сельскагаспадарчага інстытута).

У студзені 1919 г. пачалі працаваць курсы па падрыхтоўцы кадраў для бібліятэк пра аддзелах народнай адукацыі.

У красавіку 1921 г. пры Галоўпалітасвеце БССР створана цэнтральная міжведамасная бібліятэчная камісія (ЦБК). 26–28 снежня 1921 г. прайшла Першая Усебеларуская канферэнцыя бібліятэчных работнікаў, на якой было зацверджана 7 цэнтралізаваных сістэм – Мінская гарадская і 6 павятовых, быў прыняты план цэнтралізацыі сеткі бібліятэк.

Ролю нацыянальнай бібліятэкі выконвала, адкрытая 1 кастрычніка 1921 г. бібліятэка Белдзяржуніверсітэта. Пастановай СНК БССР ад 15 верасня 1922 г. бібліятэка была пераўтворана ў Беларускую дзяржаўную і універсітэцкую бібліятэку. Пры бібліятэцы была створана Беларуская кніжная палата. З 1922 г. у бібліятэцы стаў працаваць беларускі аддзел. На 1925 г. фонд бібліятэкі – 220 тыс. экз. 10 жніўня 1932 г. бібліятэка была рэарганізавана ў Дзяржаўную бібліятэку і Бібліяграфічны інстытут імя У.І.Леніна. У 1930-я гг. першым дырэктарам Іосіфам Бенцыянавічам Сіманоўскім арганізаваны МБА. На 1941 г. у Дзяржаўнай бібліятэцы налічвалася звыш 2 млн. экз.

У 1925 г. створана бібліятэка Інбелкульта, якая пасля пераўтварэння Інбелкульта ў АН БССР, з 1929 г. – бібліятэка АН БССР. У бібліятэцы налічвалася 30 тыс. экз. літаратуры. У 1941 г. на аснове пастановы “Аб перадачы маёмасці і каштоўнасцей замка Радзівіла” бібліятэка атрымала бібліятэку і архіў Радзівілаў з Нясвіжа. На 1941 г. у бібліятэцы налічвалася 345 тыс. экз.

У 1938 г. філіял Дзяржаўнай бібліятэкі пры Доме ураду пераўтвораны ва Урадавую бібліятэку імя М.Горкага. Бібліятэкі існавалі пры 26 ВНУ. У 1940 г. пры Мінскім медінстытуце створана Рэспубліканская медыцынская бібліятэка.

З 1929 г. пачалася падрыхтоўка кадраў пры Магілёўскім палітасветтэхнікуме, дзе былі арганізаваны пастаянныя курсы і пашыраны набор на бібліятэчнае аддзяленне.

У 1929 г. пачаў працу бібліятэчны калектар у сістэме ЦС прафсаюзаў Беларусі. Пашрылася колькасць прафсаюзных бібліятэк, узрасла колькасць масавых бібліятэк. Аднак недахоп у літаратуры быў вельмі адчувальным, асабліва пасля “чыстак” бібліятэчных фондаў, калі заставалася толькі палова фондаў. У 1934 г. быў праведзены перапіс бібліятэк, па чкім у БССР налічвалася 4259 масавых, 1 – дзіцячая, 430 – навуковых і спецыяльных бібліятэк. Усяго – 9715 бібліятэк з фондам у 9 млн. 766 229 экз.

За гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэкі Беларусі, кніжныя фонды якіх не былі эвакуіраваны, панеслі вялікія і, у большасці сваёй, непапаўняльныя страты: знішчана і разрабавана каля 500 навуковых бібліятэк з кніжным фондам у 5 млн. тамоў, 4172 масавыя бібліятэкі, валодаўшыя 5027,9 тыс. тамоў. Пад разбурэнне трапіла больш за 90% будынкаў, дзе размяшчаліся бібліятэкі.

Значную ролю ў папаўненні беларускіх бібліятэк адыграў, створаны ў лютым 1943 г. па рашэнню СНК СССР Дзяржаўны фонд літаратуры. Літаратура для бібліятэк Беларусі перадавалася і з дублетных фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна, Бібліятэкі АН СССР, Публічнай бібліятэкі імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына, бібліятэк гарадоў Тбілісі, Ерэвана, Ташкента, Баку, Рыгі, Вільнюса, Тарту, Казані, Саратава і іншых.

З даваеннага кніжнага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (заснавана ў 1922 г.), які налічваў каля 2 млн. экземпляраў, засталася ўсяго 321,3 тыс. экземпляў. Літаратура для бібліятэкі стала паступаць у сталіцу адразу ж пасля вызвалення Мінска, у пачатку ліпеня 1944 г.: з Дзяржаўнага фонда літаратуры (35 тыс.), Усесаюзнай кніжнай палаты (55 тыс. экземпляраў). Усяго за 1944 – 1945 гг. з розных крыніц камплектавання было сабрана каля 600 тыс. экземпляў.

Значныя страты ў час вайны панесла і бібліятэка АН БССР (заснавана ў 1925 г.), памяшканне якой выкарыстоўвалася пад салдацкія казармы, а пасля з рэшткамі кніг і абсталявання было спалена. Даваенны фонд бібліятэкі налічваў толькі 345 тыс. друкаваных адзінак апрацаванай літаратуры, акрамя гэтага чакала адпаведнага афармлення 20-цітысячная кніжная калекцыя Радзівілаў, прывезеная ў 1940 г. з Нясвіжа. За час вайны каштоўнейшыя фонды бібліятэкі трапілі пад разрабаванне. Работу па аднаўленню фонда бібліятэкі пачалі праводзіць таксама яшчэ ў 1943-1944 гг. у Маскве, куды была эвакуіравана АН БССР. Акрамя адбору кніг з дзяржаўных кніжных фондаў маскоўскіх бібліятэк, значная частка літаратуры куплялася ў букіністычных магазінах, набываліся прыватныя бібліятэкі вучоных. У выніку для бібліятэкі было сабрана 25 тыс. экземпляраў кніг. Праводзіўся пошук і вяртанне ў бібліятэку літаратуры, вывезенай фашыстамі, а таксама той, якая захоўвалася пад час акупацыі ў мінчан. Дзякуючы гэтай працы ў бібліятэку было вернута больш 7 тыс. кніг.

Не мінулі рабаўнікі і фонд Урадавай бібліятэкі імя М. Горкага (заснавана ў 1933 г.), які таксама аказаўся не эвакуіраваным з Мінска і панёс значныя страты. У пачатку 1944 г. у прыгарадзе Гомеля Нова-Беліцы, дзе на той час часова размяшчаўся урад БССР, пачаўся шлях аднаўлення бібліятэкі. Ужо праз пяць дзён пасля вызвалення сталіцы, 8 ліпеня, СНК БССР вызначыў пастаянны штат Урадавай бібліятэкі імя М. Горкага (дырэктар Сямён Восіпавіч Ашаровіч), якая першай з навуковых бібліятэк рэспублікі пачала дзейнасць у горадзе.

У ліпені 1944 г. узнаўляецца Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка. Фонд бібліятэкі, створанай напярэдадні вайны, у 1940 г., быў поўнасцю знішчаны. Чатыры пасляваенныя гады былі накіраваны на фарміраванне фонда, стварэнне даведачнага аппарату бібліятэкі. І толькі ў 1948 г. у бібліятэцы пачала праводзіцца актыўная работа з чытачамі.

1 жніўня 1944 г. у Мінск з падмаскоўнай станцыі Сходня вярнулася бібліятэка Беларускага дзяржаўнага універсітэта (заснавана ў 1921 г.), якая налічвала каля 24 тыс. кніг і 1 тыс. часопісаў, перададзеных акрамя Дзяржфонда літаратуры з бібліятэк Маскоўскага універсітэта, Маскоўскага педагагічнага інстытута, набытых у букіністычных магазінах і ў прыватных асоб. Бібліятэка разгарнула сваю дзейнасць ужо ў пачатку 1944-45 навучальнага года.

Пасля вызвалення Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі і іншых краін у сталіцу стала паступаць і трафейная літаратура, у тым ліку вывезеная фашыстамі з навуковых бібліятэк Беларусі. Да канца 1945 г. было атрымана каля 60 вагонаў кніг колькасцю каля 1 млн. тамоў, значная частка якіх раней належала Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. Сярод гэтых кніг былі старадрукі і рэдкія кнігі, у тым ліку і кнігі беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Першыя дзяржаўныя мерапрыемствы ў галіне бібліятэчнай справы тычыліся як узнаўлення кніжнага фонду бібліятэк сталіцы і Беларусі (“Аб узнаўленні кніжнага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І.Леніна, абласных, гарадскіх і раённых бібліятэк” (ліпень 1944 г.), так і падрыхтоўкі бібліятэчных кадраў. У кастрычніку 1944 г. адкрываецца бібліятэчны факультэт у Мінскім педагагічным інстытуце, а з 1946 г. у Мінску працуе яшчэ і бібліятэчны тэхнікум (у 1961 г. пераведзены ў Магілёў). У складзе Камітэта па справах культурна-асветніцкай работы СНК БССР у красавіку 1945 г. арганізавана бібліятэчнае ўпраўленне.

У верасні 1944 г., нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, у напалову разбураным і неацяпляльным будынку пачынае абслугоўванне чытачоў Дзяржаўная бібліятэка БССР. У гэтым жа будынку былі выдзелены тры стэлажы і адзін рабочы стол для бібліятэкі АН БССР. Кнігі назапашваліся ў калідорах і паграбах. На 1946 г. фонд бібліятэкі АН БССР дасягнуў 250 тыс. экземпляраў. Камплектаванне бібліятэкі каардынавалася Дзяржаўнай бібліятэкай БССР, тым больш, што дырэктарам па сумяшчальніцтву быў І.Б. Сіманоўскі (да пачатку 1950 г.). Бібліятэка АН БССР у камплектаванні аддавала перавагу прыродазнаўчым і дакладным навукам, а ДБЛ БССР – грамадскай і гуманітарнай літаратуры.

Ужо ў маі 1945 г. разглядаецца пытанне аб аднаўленні масавых бібліятэк і выдзяленні для іх памяшканняў. У 1946 г. было прынята рашэнне і аб аднаўленні і выдзяленні памяшкання для першай дзіцячай бібліятэкі Беларусі імя М. Астроўскага (дырэктар Ханум Ісакавіч Гаранок), якая існавала ў Мінску яшчэ да вайны (у 1924 г.). Кніжны фонд бібліятэкі быў знішчаны і часткова вывезены. Асноўнымі крыніцамі ж паступлення літаратуры для адноўленай дзіцячай бібліятэкі сталі Бібліятэчны калектар, кніжныя крамы, ДБЛ БССР. Кнігі для дзіцячай бібліятэкі закуплялі нават у Ленінградзе. У красавіку 1947 г. бібліятэка прыняла сваіх першых юных чытачоў.

Арамя таго, што кнігі з даваенных бібліятэчных фондаў вярталіся насельніцтвам, арганізацыямі і ўстановамі, якім удалося захаваць іх ад разрабавання ў час акупацыі, вялася барацьба і з продажам бібліятэчных кніг на рынках, рэквізоўвалася літаратура ў спекулянтаў і перадавалася ў бібліятэкі горада. Усяго да канца 1945 г. у БССР было адноўлена 60,8% бібліятэк і 28% кніжнага фонду (у параўнанні з 1940 г.). Асаблівая ўвага надавалася развіццю навуковых і спецыяльных бібліятэк рэспублікі, большасць з якіх размяшчалася ў сталіцы.

У 1948 г. была наладжана работа усіх аддзелаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, агульны фонд якой па колькасці дасягнуў даваеннага ўзроўню. Бібліятэка атрымлівала ўсесаюзны бясплатны і платны экземпляры, тры камплекты абавязковага экземпляру беларускага друку, займалася ўнутрысаюзным кнігаабменам. Узрасла роля бібліятэкі як цэнтра метадычнай і бібліяграфічнай работы ў БССР. З 1947 г. пачаўся паквартальны выпуск “Летапісу друку БССР”, з 1955 г. – штомесячны. У 1948 г. упершыню былі выдадзены друкаваныя карткі на кніжную прадукцыю БССР, у 1955 г.– анатаваныя карткі для гарадскіх і раённых, сельскіх і калгасных, дзіцячых і школьных бібліятэк. Бібліятэка адна з першых узнавіла МБА. З 1946 па 1956 г. кніжны фонд ДБЛ БССР павялічыўся з 1500 тыс. да 2124 тыс. экземпляраў. Узрасла колькасць чытачоў з 9, 7 тыс. да 24, 7 тыс., колькасць кнігавыдач – з 230, 5 тыс. да 923, 3 тыс. экземпляраў.

Пасля пераезду ў адноўлены будынак АН БССР у студзені 1948 г. наладзілася інтэнсіўная праца Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР, якая з лютага 1946 г. размяшчалася па вул. Маскоўскай. За адзін год удвая павялічылася колькасць чытачоў, у пяць раз – наведванні. Бібліятэка атрымлівала абавязковы экземпляр твораў друку СССР і беларускіх выданняў. Адным з першых, хто ахвяраваў свае кнігі ў бібліятэку быў народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас. У жніўні 1956 г. бібліятэцы прысвоена яго імя (з 25 мая 1948 г. бібліятэка насіла імя В.Г. Бялінскага). У пачатку 1950-х гг. бібліятэка прыступіла да навукова-бібліяграфічнай дзейнасці, першым вынікам якой стаў біябібліграфічны паказальнік, надруканавы ў 1952 г. на машынцы. Усталяваўся сістэматычны кнігаабмен з акадэмічнымі бібліятэкамі саюзных рэспублік, міжнародны кнігаабмен (у 1958 г. – 137 замежных партнёраў). Значнай падзеяй для бібліятэкі стала пакупка каштоўнага прыватнага збору кніг Адама Багдановіча (2, 5 тыс. экз.) у 1957 г. Рост фонда бібліятэкі (у 1958 г. – 690 тыс. экземпляраў кніг) і карыстальнікаў (3156 чытачоў, кнігавыдача – 108 тыс.) выклікалі прыняцце рашэння аб распрацоўцы праекта пабудовы спецыяльнага будынка для бібліятэкі.

У 1948 г. завяршыліся рамонтныя работы чытальнай залы і дамашняга абанемента Урадавай бібліятэкі. У 1950 г. абсталявана і адкрыта лекцыйная зала, кабінет савецкага будаўніцтва, які стаў выдаваць інфармацыйна-бібліяграфічны агляд “БССР па матэрыялах цэнтральнага друку”. З 1950 г. збіраюцца матэрыялы для хронікі г. Мінска, у шэрагу міністэрстваў створаны філіялы бібліятэкі. У 1956 г. адкрываецца кабінет новай тэхнікі. Найбольш інтэнсіўнымі гадамі камплектавання фонда былі 1944–1952 гг, калі яго колькасць узрасла больш за 234 тыс. экземпляраў. З 1944 г. бібліятэка атрымлівае абавязковы экземпляр літаратуры.

У снежні 1948 г. Рэспубліканская навукова-медыцынская бібліятэка размясцілася ў сваім даваенным памяшканні медыцынскага інстытута. Былі арганізаваны кнігасховішча і чытальная зала для навуковых работнікаў, пачалося стварэнне каталогаў і арганізацыя сеткі медыцынскіх бібліятэк. У абслугоўванні выкарыстоўваўся МБА і завочны абанемент. У 1950-я гады бібліятэка заняла вядучае становішча ў сістэме бібліятэк Міністэрства аховы здароўя БССР, у якой на 1955 г. налічвалася 184 бібліятэкі з кніжным фондам 779,1 тыс. экземпляраў. У 1954 г. медыцынская бібліятэка стала самостойнай установай, размясціўшыся пры абласной клінічнай бальніцы, і да 1960 г. была адзінай галіновай бібліятэкай Беларусі.

У 1946–1958 гг. аднаўляліся фонды і абслугоўванне чытачоў у бібліятэках ВНУ, ствараліся новыя бібліятэкі. Так, у 1948 г. адкрываецца бібліятэка пры Мінскім інстытуце замежных моў, у 1954 г. – пры інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Удасканальваецца дзейнасць бібліятэкі БДУ, у якой у 1948–1949 навучальным годзе адчыняе дзверы новая чытальная зала на 100 месцаў. Дзякуючы выдавецкай дзейнасці універсітэта (з 1947 г.), бібліятэка змагла аднавіць кнігаабмен з іншымі навуковымі ўстановамі. У 1948 г. бібліятэкай карысталіся 1563 чытачы, колькасць наведванняў дасягнула 37844, а фонд склаў 76767 тамоў.

З 1949 г. пачалося стварэнне буйнейшай гарадской публічнай бібліятэкі, якая спачатку размяшчалася ў летняй чытальні парка імя М.Горкага, а ў студзені 1952 г., калі бібліятэка атрымала новы будынак па вуліцы К.Маркса, 8 (першы загадчык М.А. Яўсейчык), ёй было надзена імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. На момант адкрыцця кніжны фонд бібліятэкі складаў 17139 экземпляраў.

У пачатку 1949 г. у БССР налічвалася 418 бібліятэк (акрамя бібліятэк пры хатах-чытальнях і сельскіх клубах), сярод якіх 12 – абласных, 27 – гарадскіх, 175 – раённых, 15 – дзіцячых. У Мінску дзейнічала шэсць самастойных бібліятэк.

4 верасня 1958 г. у Мінску адкрыта першая сярод бібліятэк саюзных рэспублік нотна-музычная бібліятэка (заг. І.С. Васюкевіч). Музычная літаратура закуплялася ў букіністычных магазінах, паступала з замежных краін – Польшчы, Венгрыі, Германіі. Яе фонд у пачатку 1959 г. склаў 10 тыс. адзінак, а карысталася бібліятэкай 1588 чытачоў. У культурна-асветніцкіх мэтах з 1960 г. бібліятэка адкрывае універсітэты культуры на розных прадпрыемствах горада, папулярызуючы тым самым музычнае мастацтва. За 10 год дзейнасці бібліятэкі яе фонд склаў звыш 82 тыс. адзінак. Бібліятэкай карысталіся 6 тыс. чытачоў. У 1990 г. фонд бібліятэкі – 20770 адзінак, карыстальнікаў – 9 тыс.

У 1958 г. новыя памяшканні атрымліваюць старэйшыя публічныя бібліятэкі – гэта бібліятэка імя Л.М. Талстога, якая ўзнавіла сваю дзейнасць у снежні 1946 г. (заг. Л.І. Кавалеўская), і дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (у Мінску). У 1959 г. у Мінску адбылася першая агульнагарадская канферэнцыя бібліятэчных работнікаў, на якой былі падведзены вынікі аднаўлення бібліятэчнай справы пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адзначаны страты каштоўнейшых кніжных калекцый па гісторыі Беларусі. Для рэалізацыі функцыі дзяржаўнага кантролю і каардынацыі работы бібліятэк усіх ведамстваў у студзені 1960 г. ствараецца Бібліятэчная інспекцыя Міністэрства культуры БССР (7 ліпеня 1987 г. пераўтворана ў аддзел бібліятэк), і міжведамасныя бібліятэчныя саветы, арганізаваныя пры Міністэрстве культуры, абласных упраўленнях, гарадскіх і раённых аддзелах культуры.

У пачатку 1960-х гадоў атрымліваюць распаўсюджанне грамадскія бібліятэкі пры домаўпраўленнях. У сталіцы размяшчалася 16 грамадскіх бібліятэк.

Па перапісу бібліятэк Беларусі, праведзенаму ў 1960 г., у Мінску дзейнічала 468 бібліятэк розных тыпаў: 127 – масавых, 74 – школьныя, 29 – навуковых, 35 – бібліятэк ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 69 – тэхнічных. Былі таксама ўлічаны бібліятэкі навукова-даследчых інстытутаў, органаў кіравання, медыцынскіх устаноў.

У пачатку 1960-х гадоў складваюцца і арганізацыйна афармляюцца сістэмы універсальных і галіновых навуковых бібліятэк, адкрываюцца новыя бібліятэкі, у кожнай сістэме вызначаецца галоўная бібліятэка – цэнтр метадычнага і бібліяграфічнага кіраўніцтва бібліятэкамі сваёй сістэмы, каардынацыі іх работы. Так, у сакавіку 1960 г. на базе бібліятэкі Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР была арганізавана Беларуская рэспубліканская навуковая сельскагаспадарчая бібліятэка, у верасні 1965 г. – Беларуская рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка, у 1967 г. – Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры (дырэктар К.М. Паневіна). Рэспубліканскія і абласныя універсальныя бібліятэкі былі вызначаны як вядучыя ў рэгіянальнай інфармацыйнай сістэме. Прадугледжвалася ўзаемадзеянне бібліятэк рэгіёна і органаў навукова-тэхнічнай інфармацыі.

Да 40-годдзя з часу заснавання новы корупс атрымала ДБЛ БССР. У спецыяльна ўзведзеныя будынакі пераязджаюць ФБАН БССР (снежнь 1967 г.), Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна (лістапад 1971 г.), Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Я. Купалы (1976 г.), РНМБ (1977 г.).

У гэты перыяд актывізуецца і працэс арганізацыі абласных, раённых дзіцячых бібліятэк. У 1978–1988 гг. у ДБЛ БССР працаваў спецыялізаваны аддзел, які выконваў функцыі навукова-метадычнага і навукова-даследчага цэнтра па рабоце з дзецьмі.

Па рашэнню Мінгарвыканкама 28 лютага 1968 г. буйнейшая гарадская бібліятэка імя Я. Купалы стала цэнтральнай бібліятэкай. Пачала ажыццяўляць метадычнае кіраўніцтва масавымі бібліятэкамі горада. У 1972 г. абслугоўвала каля 10 тыс. чытачоў, 60% з якіх складала моладзь. Праўда, біблітэчная інспекцыя адзначала недастатковы працэнт у складзе чытачоў рабочай моладзі (6, 5%), а таксама адсутнасць адпаведных кантактаў з камсамольскімі арганізацыямі. Дарэчы, цалкам па Мінску ў гэты час з 220 тыс. камсамольцаў, чытачамі бібліятэк з’яўляліся 132 тыс., г.зн. 60%. На базе адной з масавых бібліятэк сталіцы была створана першая ў рэспубліцы спецыяльная гарадская маладзёжная бібліятэка “Юнацтва” (1967 г.), якая ў 1976 г. размясцілася ў новым памяшканні па вуліцы Прытыцкага, 42. Хаця сетка масавых бібліятэк Мінска ў канцы 1960-х гг. прадаўжала папаўняцца, напрыклад бібліятэкай № 15 па вул. Талбухіна, у новы будынак пераехала бібліятэка № 10, аднак у новых мікрараёнах бібліятэк не хапала. Таму большы попыт мелі бібліятэкі па месцы працы. Так, у Мінску дзейнічалі 113 бібліятэк прафсаюзных арганізацый, некаторыя з якіх, напрыклад бібліятэкі трактарнага, аўтамабільнага і шарыкападшыпнікавага заводаў, мелі спецыяльныя добра абсталяваныя памяшканні.

Паляпшэнню бібліятэчна-бібліяграфічнага і інфармацыйнага абслугоўвання спецыялістаў садзейнічала адзіная сістэма МБА, якая была сфарміравана ў пачатку 1970-х. Дзейнічала 9 рэспубліканскіх галіновых цэнтраў МБА: ДБЛ БССР і ФБАН БССР – па грамадскіх навуках, літаратуразнаўству, мастацтву і мовазнаўству; РНПБ – па педагагічных навуках і народнай адукацыі; ФБАН БССР і ФБ БДУ – па грамадскіх і дакладных навуках; Урадавая бібліятэка – па тэхнічных навуках, Дарожная навукова-тэхнічная бібліятэка Беларускай чыгункі – па чыгуначным транспарце; РНСГБ – па сельскай гаспадарцы; РНМБ – па медыцыне; РНМБФК – па фізічнай культуры і спорту. У абласцях выдзялялася 25 універсальных і галіновых цэнтраў МБА.

На 1 сакавіка 1971 г. у рэспубліцы налічвалася 20358 бібліятэк з кніжным фондам 116473 тыс. экземпляраў. Бібліятэчным абслугоўваннем было ахоплена 80% насельніцтва. Кніжны фонд толькі мінскіх бібліятэк склаў каля 20 млн. экземпляраў. Найбольшай папулярнасцю карысталіся бібліятэкі на прадпрыемствах і ўстановах, а таксама ўласныя бібліятэкі. Беднасць фондаў масавых бібліятэк і іх ідэалагічная накіраванасць параджалі дэфіцыт пэўнай літаратуры, якую можна было адшукаць, у большасці, у прыватных фондах хатніх бібліятэк. Тым не менш, 1972 год у БССР быў абвешчаны Міжнародным годам кнігі, бібліятэкі і навыкаў чытання. У гэты год адзначалася 50 год з часу заснавання ДБЛ БССР. У дар ад ДБЛ СССР бібліятэка атрымала “Астрожскую Біблію” Івана Фёдарава 1581 году выдання.

У пачатку 1970-х гг. вырашаліся і задачы падрыхтоўкі кадраў і павышэння кваліфікацыі. Так, у 1971 г. быў створаны Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, а ў 1975 г. на базе бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута – Мінскі інстытут культуры. З 1970 г. пачынаюць адлік спецыяльныя выданні, прысвечаныя бібліятэчнай справы рэспублікі – “Вопросы библиотековедения и библиографии”. Выдаваліся спачатку Мінскім педінстытутам, з 19.... г. – Мінскім інстытутам культуры. Да ........ г. выйшла 16 выпускаў. Апошні выпуск меў назву “Пытанні ............................................................. У 1986 г. для студэнтаў бібліятэчнага факультэта быў выдадзены першы спецыяльны вучэбны дапаможнік “История библиотечного дела в БССР” М.І. Пакала. З кастрычніка 1975 г. адкрылася і бібліятэка інстытута культуры (заг. З.В. Супрун), на якую ўскладваліся задачы стварэння ўзорнай бібліятэкі і асноўнай вытворчай базы па падрыхтоўцы бібліятэчных спецыялістаў.

З пачатку 1976 г пры Міністэрстве культуры БССР пачала дзейнасць Рэспубліканская міжведамасная бібліятэчная камісія, якая і фарміравала бібліятэчную палітыку ў 1970–1980-я гады. Гэты перыяд характарызуецца актыўнай дзейнасцю калегіі Міністэрства культуры БССР і бібліятэчнага савета пры Міністэрстве культуры БССР (з кастрычніка 1976 г.).

Галоўным кірункам дзейнасці бібліятэк у 1974–1980 гг. стала цэнтралізацыя сеткі бібліятэк, у выніку якой завяршылася цэнтралізацыя сеткі масавых бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры рэспублікі, у тым ліку дзіцячых; сеткі прафсаюзных бібліятэк. Так, у 1979 г. у БССР функцыянавала 141 ЦБС – 117 раённых, 24 гарадскія, у тым ліку 2 дзіцячыя (Магілёўская і Мінская). Адзіныя фонды ЦБС БССР фарміраваліся як універсальныя.

У пачатку 1980-х гадоў арганізоўвалася праца і перасоўных пунктаў выдачы літаратуры. Так, у Мінску кніганошы ЦБС абслугоўвалі 36 прадпрыемстваў гандлю і бытавога абслугоўвання. Для нестацыянарнага абслугоўвання выкарыстоўваліся бібліёбусы. Пры бібліятэках ствараліся народныя універсітэты культуры, лекторыі, музеі, клубы па інтарэсах і інш.

У ліпені 1978 г. было прынята рашэнне аб стварэнні на базе Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска, у якую ўвайшлі 10 дзіцячых бібліятэк горада. Значную ролю ў абслугоўванні ў 1970–80-я гг. адыгралі такія нестацыянарныя формы абслугоўвання дзіцячага чытача, як пункты выдачы, бібліёбус, перасоўкі ў школах і піянерскіх лагерах, дзіцячых садках, а таксама філіялы.

Абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна ўзначаліла дзейнасць па цэнтралізацыі і развіццю сеткі масавых бібліятэк Мінскай вобласці, у якую ўвайшлі 28 цэнтралізаваных сістэм вобласці, аб’ядноўваючыя 944 бібліятэкі. У студзені 1989 г. адбываецца аб’яднанне абласных бібліятэк імя А.С. Пушкіна і дзіцячай імя Я. Маўра на базе абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. У 1990 г. іх аб’яднаны фонд склаў 789988 экземпляраў дакументаў, а колькасць чытачоў – 36215.

У 1980 г. у БССР была завершана і рэарганізацыя прафсаюзных бібліятэк. З 685 прафсаюзных бібліятэк рэспублікі было цэнтралізавана 449, а 50 бібліятэк прадоўжылі дзейнасць як самастойныя ўстановы. Прафсаюзныя бібліятэкі развіваліся па галіноваму прынцыпу. Большасць з іх – гэта бібліятэкі на буйнешых прадпрыемствах тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці, трактарнага і аўтамабільнага сельскагаспадарчага машынабудавання, Беларускай чыгункі. якіх стала 307

У 1977 г. на базе навукова-тэхнічнай бібліятэкі Беларускага інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў Дзяржплана БССР, а таксама фондаў ДБЛ БССР, дублетных фондаў навукова-тэхнічнай літаратуры Урадавай бібліятэкі імя М. Горкага, ФБАН БССР створана Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, якая стала адной з буйнейшых навуковых бібліятэк Беларусі, дэпазітарыем літаратуры па тэхніцы, эканоміцы, прамысловасці і сумежных галінах, нацыянальным цэнтрам патэнтнай дакументацыі, рэгіянальным цэнтрам па МБА, метадычным цэнтрам для сеткі навукова-тэхнічных бібліятэк прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў рэспублікі. У 1977 г. фонд бібліятэкі – 9,1 млн. экземпляраў, наведванняў – 18 тыс.

Пад канец 1970-х гадоў складваецца сістэма навукова-тэхнічнай інфармацыі ў галіне культуры і мастацтва. Выдаюцца “Хроніка культурнага жыцця рэспублікі”, паказальнік “Новая літаратура па культуры і мастацтву БССР”. Сумесна з БелДДІНТІ было вырашана пытанне аб выкарыстанні з 1985 г. у абслугоўванні абанентаў аўтаматызаванай сістэмы НТІ “Саюзкультура”. Пачалі функцыянаваць нізавыя службы ва ўстановах і арганізацыях. І ўжо ў канцы 1980-х гг. у ДБЛ БССР пачынаюць прымяняцца элементы аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў. Загадам Міністэрства культуры БССР № 184 ад 1.12.1989 г. “О создании республиканской автоматизированной информационно-библиотечной системы (АБИС)” бібліятэка вызначана ў якасці галоўнай у сістэме дзяржаўных бібліятэк. У 1986 г. выходзіць зводны каталог “Кніга Беларусі, 1517-1917” і завяршаецца работа па стварэнню каталога беларускіх перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца.

Працэсы рэарганізацыі закранулі і Кніжную палату, якая з 15 верасня 1922 г. з’ўлялася структурным падраздзяленнем ДБЛ БССР. У 1977 г. Дзяржаўная кніжная палата БССР стала самастойнай установай пры Дзяржкамітэце Савета Міністраў БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю.

Канец 1960–1980-я гады – перыяд актывізацыі навукова-даследчай работы ў вядучых бібліятэках Беларусі. Так, з 1968 г. ДБЛ БССР прыступіла да выдання зборнікаў аб развіцці бібліятэчнай справы ў рэспубліцы. У 1974 г. у пачынае працу навукова-даследчы аддзел, на які ўскладаецца функцыя рэспубліканскага навуковага цэнтра. У 1979 г. сектар рэдкай і старадрукаванай кнігі пераўтвораны ў аддзел (загадчык Таццяна Іванаўна Рошчына). ДБЛ БССР і навуковыя бібліятэкі Мінска ў гэты час правялі шэраг даследаванняў бібліятэчных фондаў, чытання моладзі, абслугоўвання студэнтаў. Адной з буйнейшых навуковых бібліятэк Беларусі, якія ажццяўлялі інфармацыйнае забеспячэнне навукова-даследчыцкай работы, па-ранейшаму заставалася і ФБАН БССР (7 мая 1981 г. перайменавана ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа АН БССР, дырэктар у 1961–1995 Міхаіл Пятровіч Стрыжонак). У сярэдзіне 1960-х гадоў створаны аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, дзякуючы дзейнасці якога вялася праца ў галіне навуковых даследаванняў па кнігазнаўству і бібліятэчнай справе (загадчык Лідзія Іванаўна Збралевіч). У пачатку 1970-х гадоў пачалі выдавацца такія навуковыя зборнікі, як “Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии” (Вып.1-2. 1970-1972), “Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии” (1974). Бібліятэка мела 26 бібліятэк філіялаў і існавала як цэнтралізаваная сістэма, якая вызначалася самой структурай інстытутаў АН, у кожным з якіх была свая профільная бібліятэка. У 1980 г. было распрацавана “Палажэнне аб каардынацыі камплектавання кніжных фондаў буйнейшых навуковых бібліятэк г.Мінска”.

У 1980-я гг. удасканальваецца дзейнасць бібіліятэк вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у якіх значная ўвага надаецца адкрытаму доступу, паляпшэнню фарміравання фондаў. Загадам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР “Аб зацвярджэнні бібліятэкі БДУ Рэспубліканскім метадычным цэнтрам бібліятэк вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў БССР”, прянятым у 1986 г., Фундаментальная бібліятэка БДУ зацвярджалася Рэспубліканскім метадычным цэнтрам для бібліятэк вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў БССР. Хаця неабходна адзначыць, што функцыя метадычнай і кансультацыйнай дапамогі іншым бібліятэкам ВНУ рэспублікі выконвалася ёю яшчэ з пачатку 1960-х гадоў. У 1980-я гг. палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база шэрагу бібліятэк ВНУ. У новыя памяшканні пераехалі бібліятэкі Беларускага інстытута фізічнай культуры, Мінскага медінстытута, пашырыліся плошчы бібліятэкі політэхнічнага інстытута і Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Сетка бібліятэк ВНУ у Беларусі ўключала 31 бібліятэку, 13 з якіх размяшчаліся ў Мінску.

У 1981 г. унесены змены ў пералік бібліятэк, якія выконвалі функцыі рэспубліканскіх дэпазітарыяў. Зыходзячы з профілю кніжных фондаў, былі вылучаны 5 бібліятэк-дэпазітарыеў: ДБЛ БССР, ЦНБ АН БССР, РНТБ, РНМБ, РНСГБ. Абласныя універсальныя бібліятэкі выконвалі функцыі дэпазітарыеў краязнаўчай літаратуры.

У пачатку 1980-х гг. у Мінску налічвалася 511 бібліятэк. Буйнешымі фондамі ў 1980 г. валодалі РНТБ – 12234,9 тыс., ДБЛ БССР – 5007,1 тыс., ЦНБ АН БССР – 1716,4 тыс., ФБ БДУ – 1640,6 тыс., Урадавая бібліятэка – 1110,7 тыс., РНМБ – 649,7 тыс., РНСГБ – 517,2 тыс., РНМБФК – 485,3 тыс., РНПБ – 410,0 тыс. экземпляраў.

Сацыяльна-эканамічныя і сацыяльна-культурныя змены, дэмакратызацыя грамадства, што пачаліся ў краіне з другой паловы 1980-х гг, паставілі новыя патрабаванні да зместу дзейнасці бібліятэк. У сувязі з цікавасцю да “забароненых” аўтараў і твораў, узрастае колькасць чытачоў, адначасова адчуваецца недахоп літаратуры з-за абмежаванага фінансавання бібліятэк. Асаблівай папулярнасцю ў масавых бібліятэках карыстаюцца Дні інфармацыі. Наглядаецца рост творчай ініцыятывы бібліятэкараў. У 1988 г. былі зняты абмежаванні ў падпісцы бібліятэк на перыядычны друк, пачаўся продаж насельніцтву кніг з абменных фондаў бібліятэк. Сталі выкарыстоўвацца платныя паслугі (начны абанемент, ксеракапіраванне). Знакавай падзеяй была ліквідацыя спецфондаў бібліятэк і перавод літаратуры, якая захоўвалася ў іх, у агульныя кніжныя фонды. Далейшае развіццё бібліятэк звязвалася з укараненнем новых інфармацыйных тэхналогій, паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк, узвядзеннем новага будынка для ДБЛ БССР. З ліпеня 1990 г. ДБЛ БССР і ЦНБ АН БССР аднесены да ліку навукова-даследчых устаноў. У 1990–1991-х гадах буйнейшыя навуковыя бібліятэкі Мінска прыступілі да аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў. Якасна новы этап у развіцці бібліятэчнай справы Беларусі быў звязаны і з адраджэннем нацыянальнай свядомасці, культуры, мовы.

З канца 1980 – пач. 1990-х гг. ствараюцца бібліятэкі шэрагу грамадскіх арганізацый і таварыстваў, аднаўляюцца царкоўныя бібліятэкі. Так, 1 сакавіка 1988 г. рашэннем Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку створаны культурна-асветніцкі цэнтр “Выспа” (існаваў да 2002 г.). У яго структуру ўваходзіла і ЦБС, якая ўключала Цэнтральную бібліятэку (зараз Спецыяльная гарадская бібліятэка для сляпых г. Мінска) і 17 філіялаў у ва ўсіх буйнейшых гарадах Беларусі. Кніжныя фонды гэтых бібліятэк акрамя звычайнай друкаванай прадукцыі змяшчалі спецыяльную літаратуру для інвалідаў па зроку: агучаную і рэльефна-кропкавую літаратуру шрыфтам Брайля. ЦБС забяспечвала 7 спецшкол і мела 8 бібліятэк-перасовак.

Адначасова, у пачатку 1990-х гг. адбываецца працэс рэарганізацыі і скарачэння дзяржаўных бібліятэк: прафсаюзных, школьных, спецыяльных і навуковых. На 1990 г. у Беларусі налічвалася больш за 12 тысяч бібліятэк розных ведамстваў, з іх 6239 – публічныя бібліятэкі, у тым ліку ў гарадах 1248, у сельскай мясцовасці – 4991, кніжны фонд якіх складаў 93, 3 млн. экземпляраў. Аднак на працягу толькі гэтага года было зачынена больш за 750 бібліятэк (13%). Самай складанай праблемай стала камплектаванне бібліятэчных фондаў. Абазначылася тэндэнцыя да скарачэння сукупнага фонду бібліятэк Беларусі (амаль на 15%). Перагляд агульнай сеткі бібліятэк Мінска прывёў таксама да памяншэння іх колькасці да 463. Іх агульны фонд складаў 52598,0 тыс. экземпляраў. Пераадоленню крызіса ў гэтай галіне садзейнічалі працэсы пераасэнсавання бібліятэкай свайго месца і ролі ў хутка зменлівым грамадстве, пошуку шляхоў павышэння сацыяльнай эфектыўнасці сваёй дзейнасці. Першай спробай вызначэння новага кірунку развіцця бібліятэк стала распрацоўка “Канцэпцыі развіцця бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь”, якая была падрыхтавана міжведамасным творчым калектывам яшчэ ў 1990-1991 гг. Грамадства нанова асэнсоўвала ролю і магчымасці бібліятэк як фактара свайго адраджэння.

Літаратура

  1.  Библиотечное дело в БССР : документы и материалы. 1941-1958 / ГБЛ БССР и др. ; редкол. : К.С.Санько и др. – Мн. : Выш. шк., 1984. – 287 с.
  2.  Бібліятэчная справа на Беларусі : дакументы і матэрыялы. 1959-1975 / НББ ; рэдкал. : Л.Г.Кірухіна (адказ. рэд.) і інш. – Мн., 2000. – 533 с.
  3.  Бібліятэчная справа на Беларусі : дакументы і матэрыялы. 1976-1990 / НББ ; рэдкал. : Л.Г.Кірухіна (адказ. рэд.) і інш. – Мн., 2004. – 595 с.
  4.  Галузо А.Ф. Из истории восстановления Государственной библиотеки БССР им. В.И.Ленина (1944-1950 гг.) / А.Ф.Галузо ; Минск. гос. пед. ин-т // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. – Мн., 1975. – С. 85-96.
  5.  Герасімаў В.М. Да гісторыі стварэння Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і фарміравання яе кнігазбораў (1933-1945 гг.) // Здабыткі : дакум. помнікі на Беларусі. – Мн., 2005. – вып.7. – С. 79-90.
  6.  Любина Р.Г. Фундаментальная библиотека Белорусского государственного университета им. В.И. Ленина / Р.Г. Любина // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1969. – С. 37-50.
  7.  Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 1922 – 1992: да 70-годдзя з дня заснавання і 100-годдзя з дня нараджэння першага дыр. І.Б.Сіманоўскага: Бібліягр. паказ. Навук.-бібліягр. аддз. ; склад. З.А.Сядая., рэд.Р.М.Чыгірова, А.В.Мураўёва. – Мн., 1992. – 232 с.
  8.  Ошерович С.О. К истории библиотечного дела в городе Минске / С.О. Ошерович // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1969. – С.23-36.
  9.  Ошерович С.О. Пройденный путь / С.О.Ошерович // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1968. – С. 71-93.
  10.  Покало М.И. История библиотечного дела в БССР / М.И. Покало. – Мн. : Выш. шк., 1986. – 200 с.
  11.  Раевская Т.В. Библиотека им.Л.Н.Толстого – одна из старейших библиотек города Минска / Т.В. Раевская // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1969. – С. 51-55.
  12.  Санкова И.А. Некоторые вопросы деятельности библиотек Белоруссии на современном этапе / И.А. Санкова // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1968. – С. 4-18.

Лекцыя 15. Сучасны стан развіцця бібліятэчнай справы ў Беларусі (пасля 1991 г.)

Адчувальныя дэмакратычныя пераўтварэнні ў бібліятэчнай сферы пачаліся з вызначэннем Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы. Важкім крокам на шляху дэмакратызацыі бібліятэчнай справы краіны і сталіцы стала перайменаванне Дзяржаўнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь імя У.І. Леніна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1992 г.), што адкрывала новыя магчымасці для ажыццяўлення асноўных фукцый бібліятэкі – “памяці нацыі” і “памяці свету”, і тым самым рэальнай інтэграцыі ў сусветныя бібліятэчныя працэсы, як міжнародныя праграмы па захаванню фондаў нацыянальных дакументаў (“Памяць свету”, якая ажыццяўляецца пад эгідай ЮНЕСКА).

У 1992 г. па ініцыятыве доктара педагагічных навук, прафесара БДУКМ Васіля Емельянавіча Лявончыкава была створана Беларуская бібліятэчная асацыяцыя (ББА) – першая і адзіная грамадская арганізацыя ў Белараусі, аб’яднаўшая спецыялістаў ў галіне бібліятэчнай справы. 16 чэрвеня – дзень стварэння ББА, які да афіцыйнага зацвярджэння лічыўся Днём бібліятэк Беларусі, а з прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 г № 483 свята “Дзень бібліятэк” было зацверджана на дзяржаўным узроўні (адзначаецца 15 верасня). Пасаду прэзідэнта ББА займалі В. Е. Лявончыкаў (1992–1994 г.), Г.М.Алейнік (1994–1997), У.М.Сарока (1997–2001), П.М.Лапо (2001–2005, з 2003 г. – старшыня рады ББА), Н.С. Чуева (з 2005 г.). 17 мая 1995 г. выйшаў эксперыментальны нумар першага грамадскага прафесійнага выдання бібліятэкараў Беларусі – “Веснік ББА” (выдаваўся ў друкаваным і электронным фармаце да 2001 г.). У красавіку 1996 г. бібліятэчная грамадскасць атрымала і прафесійны часопіс “Бібліятэчны свет” (гал. рэд. з 2006 г. – В.Е.Лявончыкаў), адным з заснавальнікаў якога выступіла ББА.

У 1997 г. НББ і ББА уступілі ў Міжнародную федэрацыю бібліятэчных асацыяцый (ІФЛА), было наладжана супрацоўніцтва з Дэпартаментам дакументацыі, бібліятэк і архіваў ЮНЕСКА.

Наступнай адметнай з’явай стала прыняцце ў 1995 г. Закона “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь” (новая рэдакцыя – у 2002 г.), дзякуючы якому быў пакладзены пачатак фарміраванню заканадаўчых асноваў па-сапраўднаму свабоднага доступу грамадзян да інфармацыі. Ён даў сілу такім нарматыўным дакументам, як “Палажэнне аб краязнаўчай рабоце бібліятэк Рэспублікі Беларусь”, “Палажэнне аб арганізацыі сукупнай сеткі бібліятэк Рэспублікі Беларусь”, “Часовае палажэнне аб адзінай сістэме міжбібліятэчнага абанемента ў Рэспубліцы Беларусь”, “Прыкладнае палажэнню аб дзяржаўнай бібліятэцы-клубе”, “Палажэнне аб цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме”, “Тыпавыя штаты цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”. У пачатку 1990-х гадоў пачаўся працэс пераўтварэння масавай бібліятэкі ў публічную бібліятэку.

У мэтах распрацоўкі праектаў заканадаўчых актаў і рашэнняў ураду па бібліятэчнай справе, праграм развіцця бібліятэк рэспублікі, а таксама для ўзаемадзеяння і каардынацыі дзейнасці бібліятэк розных сістэм і галін у 1999 г. быў створаны Рэспубліканскі бібліятэчны савет пры Міністэрстве культуры – цэнтральны орган кіравання ў галіне бібліятэчнай справы ў Беларусі, які павінен быў рэалізоўваць адзіную дзяржаўную культурную палітыку; разам з адпаведнымі міністэрствамі, арганізацыямі і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй распрацоўваць нарматыўныя дакументы і ажыццяўляць кантроль за іх выкананнем; узначальваць распрацоўку рэспубліканскіх комплексных мэтавых праграм; вызначаць дзяржаўныя патрабаванні да ўзроўню бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Дзяржаўнае кіраванне бібліятэкамі ажыццяўляюць таксама міністэрствы і арганізацыі, якія валодаюць уласнымі сеткамі бібліятэк: адэдэмічныя, навукова-тэхнічныя, медыцынскія, бібліятэкі аграпрамысловага комплексу, бібліятэкі ВНУ, бібліятэкі школ і сярэдніх спецыяльных устаноў; прафсаюзныя бібліятэкі; бібліятэкі воінскіх частак.

Кардынальныя перамены ў выдавецкай структуры рэспублікі – узнікненне значнай колькасці недзяржаўных выдавецкіх прадпрыемстваў – выявілі недасканаласць у сістэме рассылкі абавязковых экземпляраў для бібліятэк Беларусі (у адпаведнасці з Пастановай Кабінета Міністраў РБ ад 24.06.1996 г. “Аб парадку рассылкі абавязковых бясплатных і платных экземпляраў друкаваных выданняў”), калі з-за ігнаравання абавязковай рассылкі пэўнымі выдаўцамі ў фондах бібліятэк пачалі стварацца лакуны. У сувязі з гэтым бібліятэчная супольнасць (прадстаўнікі Нацыянальнай кніжнай палаты, НББ, вядучых галіновых бібліятэк краіны) выступілі з ініцыятывай распрацоўкі і прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абавязковым экземпляры”. Аднак працэс абмеркавання зацягнуўся на доўгі час (не вырашана пытанне і да сёняшняга дня). У некаторай ступені выхаду з такой сітуацыі паспрыяла аднаўленне ў другой палове 1997 г. сістэмы платнага рэспубліканскага экземпляра. Важным кірункам стаў міжнародны кнігаабмен і дары (асабліва выданняў беларускай дыяспары).

Камерцыялізацыя значнай часткі выдавецкай прадукцыі Беларусі, рэзкае памяншэнне колькасці выпуску навуковай літаратуры, скарачэнне тыражоў, выданне кніг на сродкі аўтараў, перадрукоўка аднайменных назваў кніг замежных аўтараў рознымі выдавецтвамі і г.д. абвастрыла праблему якасці папаўнення бібліятэчных кнігазбораў. Таму бібліятэкі павінны былі перабудоўваць сваю працу і прымяняць прынцыпы новага арганізацыйна-тэхналагічнага рэжыму камплектавання, займацца сістэматычным маркетынгавым вывучэннем кніжнага рынку, працаваць напрамую з выдавецкімі установамі.

Аднак у фарміраванні сукупнага інфармацыйнага рэсурсу бібліятэк краіны памяншэння колькасных паказчыкаў па аб’ёму кніжных фондаў пазбегнуць не ўдалося. З 1996 г. штогод адпаведна спісу выданняў, плануемых для папаўнення фондаў публічных бібліятэк за кошт дзяржавы мэтавым прызначэннем, выдавалася пэўная колькасць кніг, якія бібліятэкі атрымлівалі бясплатна (усяго пастаўлена 349 назваў кніг агульным тыражом 831 тыс. экз.). У верасні 2005 г. на дзяржаўным узроўні прынята рашэнне аб паляпшэнні камплектавання бібліятэк сацыяльна значымымі выданнямі, якія выпускаюцца ў рамках дзяржзаказу за кошт сродкаў бібліятэк.

Прыярытэтным напрамкам мадэрнізацыі бібліятэк акрамя камплектавання стала і камп’ютэрызацыя. Актывізацыя працы ў галіне аўтаматызацыі бібліятэчнай справы была скіравана на стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы шляхам аб’яднання бібліятэк у адзіную сетку. Так, у рамках рэалізацыі “Праграмы інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на 1991– 1995 гады і на перыяд да 2000 года” была створана міжбібліятэчная група па распрацоўцы машыначытаемых бібліяграфічных запісаў зводнага каталога бібліятэк Беларусі, а паміж Акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пачалося цеснае супрацоўніцтва на аснове дагавора аб выкананні работ па тэме “Распрацоўка зводнага электроннага каталога на базе НББ і ЦНБ з сеткавым інтэрфейсам аддаленага доступу”. З’явілася дакументы, рэгламентуючыя работу з электроннымі рэсурсамі ў Рэспублцы Беларусь: Закон Рэспублікі Беларусь “Аб электронным дакуменце” (1999), “Прыкладная інструкцыя па рабоце з машыначытаемымі дакументамі ў арганізацыях, на прадпрыемствах і ведамствах архівах Рэспублікі Беларусь” (1996), “Правілы ўліку і перадачы электронных (машыначытаемых) дакументаў на дзяржаўнае захоўване” (1997).

Ініцыятыўнай групай ББА напрыканцы 1990-х гадоў была распрацавана “Канцэпцыя інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк Беларусі”. Падтрыманая Фондам інфарматызацыі рэспублікі, “Канцэпцыя” садзейнічала стварэнню асновы інтэграцыі інфармацыйна-бібліятэчнай прасторы Беларусі, і лягла ў падмурак тых дакументаў і працэсаў, рэалізацыя якіх дазволіць стаць бібліятэчнай сетцы рэспублікі актыўным, паўнавартасным удзельнікам у вырашэнні задач інфарматызацыі грамадства Беларусі і забяспечыць іх паспяховае выкананне. Працэс інфарматызацыі бібліятэк краіны вылучаны як прыярытэтны і ажыццяўляецца ў рамках Галіновай праграмы па інфарматызацыі аб’ектаў культуры і Галіновай праграмы захавання і развіцця культуры ў Рэспубліцы Беларусь на 200