72974

Урадавая палiтыка пад час падзелаў Рэчы Паспалітай (канец XVIII ст.)

Лекция

История и СИД

Жнівень 1772 г. – першы падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі былі ўключаны Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага, амаль усё Віцебскае ваяводства, усё Мсціслаўскае і ўсходняя частка Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).

Беларуский

2014-12-02

133.88 KB

0 чел.

1. Урадавая палiтыка пад час падзелаў Рэчы Паспалітай (канец XVIII ст.)

Жнівень 1772 г. – першы падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі былі ўключаны Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага, амаль усё Віцебскае ваяводства, усё Мсціслаўскае і ўсходняя частка Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).

Студзень 1793 г. – другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі адышлі Правабярэжная Ўкраіна, а таксама цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінскам, Барысавам, Бабруйскам, Рэчыцай, Слуцкам, Навагрудкам, Пінскам і Мазыром.

Пасля падаўлення паўстання 1794 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795 г.). Расія далучыла Літву, заходнюю частку Беларусі і Заходнюю Валынь.

Урад Кацярыны II, пад час праўлення якой адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, і Беларусь была далучана да Расійскай імперыі, праводзіў на новых тэрыторыях цэнтралісцкую аб’яднальную палітыку, яе канчатковай мэтай было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі.

На Беларусі з 1777 г. былі распаўсюджаны агульнарасійскія адміністратыўныя органы кіравання і расійская сістэма адміністратыўнага падзелу. Канчаткова яна аформілася пасля губернскіх рэформ 1796 і 1801 гг. – былі ўтвораны Літоўскае (пасля Віленскае) генерал-губернатарства (Віленская, Мінская і Гродзенская губерні) і Беларускае генерал-губернатарства (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Губерніі былі падзелены на паветы. Кіруючыя пасады займалі прысланыя з расійскіх губерній чыноўнікі. Але другарадныя пасады ў губернска-павятовай адміністрацыі маглі займаць прадстаўнікі мясцовага дваранства. Відавочнасць пераёмнасці ўлады стварыла захаванне дзейнасці тых палажэнняў Статута 1588 г., якія не супярэчылі расійскаму заканадаўству.

Беларуская шляхта атрымала ад расійскіх улад роўныя правы з расійскім дваранствам і абяцанне захаваць зямельную маёмасць. Галоўнае патрабаванне – прынесці прысягу на вернасць. Шляхта страціла права на канфедэрацыі, на прыватнае войска, на ўдзел у Сеймавых паседжаннях – але атрымала права выбіраць членаў губернскіх і павятовых судоў, а так сама атрымліваць займы ў цэнтральных банках Расіі і права займацца вінакурэннем. Пасля трэцяга падзелу пераважная большасць шляхты прысягнула Кацырыне II. Толькі найбольш радыкальная шляхта пакінула новыя межы імперыі, галоўным чынам гэта былі ўдзельнікі паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Так, да 1800 г. канфіскавана было толькі 26 маёнткаў (каля 38.000 сялян) па ўсёй Беларусі.

Адначасова з “прыручэннем” мясцовай шляхты ўрад займаўся распаўсюджаннем русскага землеўладання на далучаных землях. Фонд падараванняў – дзяржаўныя маёнткі і канфіскаваныя шляхецкія. Да пачатку XIX ст. было раздадзена 208.550 душ (1/4 частка дзяржаўных сялян Беларусі). Але вялікія памеры падараванняў (па 5-15 тысяч) не садзейнічалі з’яўленню на Беларусі вялікай колькасці рускіх дваран. Новых землеўладальнікаў можна было проста пералічыць: Р. Пацёмкін, П. Румянцаў-Задунайскі, С. Зорыч, А. Сувораў, М. Рапнін і інш. Падараванні перапыніў Аляксандр I с прычыны рэзкага росту незадаволеннасці сялян, бо іх становішча рэзка пагаршалася. Павел I нават выдаў маніфест у красавіку 1797 г. аб абмежаванні паншчыны трымя днямі ў нядзелю, але памешчыкі ігнаравалі ўказ, а ўрад не настойваў на яго выкананні.

Урад захаваў канфесійную сітуацыю, якая склалася ў межах былой Рэчы Паспалітай. Таму каталіцкай шляхце і духавенству падстаў для недавольства створана не было. Захаваўся і ордэн езуітаў, забаронены ў Еўропе згодна рашэнню папы – Кацярына II шукала падтрымкі ўплывовай рэлігійнай арганізацыі. У 1773 г. у Магілёве была заснавана Беларуская каталіцкая епархія, якая ў 1782 г. пераўтварылася ў архібіскупства. Гэта было зроблена, каб перапыніць умяшальніцтва ў рэлігійныя справы з-за межаў імперыі. У гэтым жа рэчышчы каталіцкія манастыры былі выведзены з падпарадкавання замежным генералам і перададзены епархіальным біскупам (1795 г.). У 1798 г. на беларускіх землях было ўтворана тры каталіцкія епархіі (з шасці расійскіх). Улады пільна сачылі за каталіцкім духавенствам – але значных перашкод у звычайнай дзейнасці не чынілі. Адносіны паміж канфесіямі былі складанымі – з-за пераходу вернікаў з адной канфесіі ў другую. Афіцыйна гэта забаранялася, завыключэннем перахода ў праваслаўе. Так, у красавіку 1794 г. быў выдадзены аб пераводзе ўніятаў у праваслаўе, так званым “уз’яднанні”. Дзякуючы адміністратыўнаму націску ўз’ядналася каля 1.500.000 чалавек з Усходней Беларусі і Ўкраіны. Але справа не была даведзена да канца, нават частка вернікаў вярнулася да ўніі. Адначасова назіраліся прыклады пераводу ўніятаў у каталіцкую веру, асабліва пашыраныя ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Гэта рабілася як памешчыкамі, так і ў выніку падманнай агітацыі ксяндзоў.

Беларускія сяляне з’яўляліся галоўным падатковым саслоўем. Адразу пасля далучэння ім была зроблена значная палёгка, але праз некалькі год падушны падатак быў уведзены ў поўным аб’ёме. Дзяржаўныя падаткі збіраліся на Беларусі серабром (да 1811 г.), у той час як рускія сяляне плацілі асігнацыямі, курс якіх да сярэбраных грошаў быў у некалькі разоў меншы. Да того, у дачыненні сялян уводзілася рэкруцкая павіннасць, невядомая ў Рэчы Паспалітай.

Што тычыцца гарадоў, то трэба адзначыць скасаванне магдэбурскага права. Частка гарадоў і мястэчак атрымалі правы згодна даравальнай граматы гарадам Расійскай імперыі 1785 г. Жыхары іншых мястэчак пераводзіліся ў разрад сялян і маглі быць падараваныя прыватным уладальнікам. Адначасова ўрад адмяніў уладу феадалаў над гарадамі і паступова выкупаў населеныя пункты з прыватных рук. На гараджан, як і на сялян, пашыралася рэкруцкая павіннасць.

Для яўрэйскага насельніцтва вызначалася “мяжа аседласці”, у якую ўваходзілі беларускія і частка ўкраінскіх губерняў. Ім дазвалялася жыць толькі ў гарадах гэтых губерній, займацца толькі рамёствамі і гандлем, забаранялася займацца земляробствам. Яўрэі атрымалі права запісвацца ў мяшчанскае ці купецкае саслоўі пры ўмове спагнання з іх двайных дзяржаўных падаткаў. Гэты закон на доўгі час абумовіў спецыфіку развіцця гарадоў Беларусі, яе прамысловасці, а так сама і грамадска-палітычныя адметнасці беларускага рэгіёну, асабліва ў канцы XIX – пачатку XX стст.

Далучэнне да Расіі спачатку значна паўплывала на паскарэнне эканамічнага развіцця Беларусі. Былі акрэслены напрамкі гаспадарчай спецыялізацыі рэгіёну як часткі гаспадарчага комплексу імперыі. Попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю паспрыяў павялічэнню пасяўных плошчаў, асабліва пад тэхнічныя культуры. Пашыраліся гандлёвыя сувязі і развівалася мануфактурная прамысловасць.

У выніку далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі тут пашырылася і замацавалася прыгонніцтва, паскорылася эканамічнае развіццё, а палітычнае і культурнае жыццё пераарыентавалася ў усходнім накірунку.

Урадавая палітыка ў першай палове XIX ст. звязана з імёнамі расійскіх імператараў Аляксандрам І і Мікалаям I. Для эпохі Аляксандра І (1801-1825 гг.) была характэрна палітыка «заходніцтва». Разачараванне вынікамі французскай рэвалюцыі прывяло самыя шырокія колы еўрапейскай грамадскасці да ўмацавання веры ў эвалюцыйны, рэфармісцкі шлях дзяржаўнага развіцця. Але намер Аляксандра І павярнуць краіну на шлях канстытуцыйнай манархіі і вырашыць сялянскае пытанне сустрэў ва ўрадавых колах Расіі моцную апазіцыю з боку кансерватараў, праціўнікаў лібералізацыі дзяржаўнага жыцця. Заходніцкі курс паступова згубіў сваю дынаміку, а ў 20-х гадах ён змяніўся ўзмацненнем самадзяржаўных тэндэнцый. Кіраванне Мікалая І (1825-1855 гг.) гэта вяртанне да традыцыйнага шляху развіцця Расіі. Ідэалагічным абгрунтаваннем яго стала «тэорыя афіцыяльнай народнасці», мэта якой – умацаванне асноў манархічнага праяўлення. Негледзячы на розныя падыходы ў здзяйсненні ўнутранай палітыцы, абодвух імператараў аб’ядноўвала адно тэрміновае вырашэнне «польскага пытання».

Падзелы Рэчы Паспалітай паклалі канец існаванню адной з дзяржаў Усходняй Еўропы і абумовілі ўзнікненне «польскага пытання». Яго асаблівасць – пастаяннае імкненне пераважнай большасці польскага грамадства да аднаўлення страчанай дзяржаўнасці. «Пытанне» аказвала ўплыў на ўсе сферы ўрадавай палітыкі, у тым ліку, ў заканадаўчай, саслоўнай, нацыянальна-рэлігійнай і ў галіне асветы. Формы і метады гэтай палітыкі мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне. Землi ВкЛ разглядаліся як спрадвечна рускія, таму адной з галоўных задач урад лічыў вяртанне страчаных на працягу ХVІІ-ХVІІІ стст. пазіцый праваслаў’я, ліквідацыі ўплыву Рыму на ўнутраныя справы Расіі, асабліва якiя тычылася царквы i асветы.

У пачатку XIX ст. характар урадавай палітыкі на тэрыторіі Беларусі вызначаўся імкненнямі Аляксандра I увесці канстытуцыю, а так сама яго згодай на магчымае аднаўленне дзяржаўнасці Польшчы. Гэта прыцягнула на бок імператара польскіх дзеячаў, у тым ліку А. Чартарыйскага і М. Агiнскага, садзейнічала стварэнню Каралеўства Польскага са сваёй канстытуцыяй і мясцовай адміністрацыяй (у 1815 г.). Вынікам такой палітыкі з’явілася незвычайнае ўзмацненне польскага ўплыву ў галіне культуры і мовы, умацаванне пазіцый каталіцызму. Тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Віленскай навучальнай акругі, польскай па характару свёй дзейнасці.

Але раскрыццё на пачатку 20-х гадоў у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў спрыяла змяненню ўрадавай палітыкі на Беларусі. 3 гэтага часу асноўным яе накірункам становіцца ўсямернае паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. З Віленскай вучэбнай акругі ў 1824 г. былі выключаны і перададзены ў Пецярбургскую вучэбную акругу дзве беларускія губерні Віцебская і Магілёўская, а А. Чартарыйскі вызвалены ад пасады папячыцеля акругі і зменены М. Навасільцавым.

Курс гэты яшчэ больш узмацняецца ў канцы 20-х гадоў і асабліва ў сувязі з польскім нацыянальным паўстаннем 1830-1831 гг. Была створана Беларуская навучальная акруга з дакладна акрэсленымі адміністрацыйна-этнічнымі межамі беларускай тэрыторыі. Адначасова ўрад развярнуў выдавецкую дзейнасць па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, каб даказаць, што гэта тэрыторыя была здаўна «рускай».

Саслоўная палітыка, якая праводзілася на тэрыторыі Беларусі, была накіравана на ўмацаванне пазіцый Расіі, і яна ўлічвала гістарычныя асаблівасці, якія склаліся на працягу стагодзяў. Наглядалася значная розніца ў прававым статусе дваранства ў Расіі і Беларусі. Так, у Расіі не было сацыяльнай групы, адпаведнай беларускай дробнай шляхце, якая часам набліжалася да становішча селяніна-аднадворца. Працэнт дваранскага саслоўя ў Расіі быў намнога ніжэй, чым у Беларусі. Збяднелыя дваране ў Расіі гублялі свае прывілеі і пераходзілі на дзяржаўную ваенную або грамадзянскую службу. На Беларусі збяднелая шляхта фармальна не адрознівалася ад магнатаў і юрыдычна мела з імі аднолькавыя правы. У былой Рэчы Паспалітай шляхта не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства дзяржаўнай уладзе. Традыцыя гэта ўзыходзіла да эпохі «залатых вольнасцей шляхецкіх». У Расіі, дзе існавала неабмежаваная манархія, традыцыі палітычнага жыцця былі іншыя. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі яшчэ з канца ХVIII ст. вызначалася асцярожнасцю.

Мясцовым дваранам прадастаўляліся ўсе правы і прывілеі, якімі валодала расійскае дваранства, дазвавалялася права карыстання «мясцовымі законамі», калі яны не супярэчылі расійскім. На тэрыторыі Беларусі да 1840 г. дзейнічаў Статут ВкЛ І588 г. Аднак мясцовая адміністрацыя стваралася па расійскіх нормах і была строга падпарадкавана цэнтральнай уладзе.

Новым ва ўрадавай палітыцы быў дыферэнцыраваны падыход да розных груп беларускага дваранства. На першы план вылучаецца палітыка ў адносінах да дробнай шляхты, якая складала абсалютную большасць мясцовага прывілеяванага саслоўя. Яна праявілася ў так званым «разборы» шляхты, ў прыпісцы былых шляхціцаў да розных груп падатковага саслоў’я. «Разбор» шляхты быў дэклараваны яшчэ ў 1772 г., але яго рэалізацыя праводзілася марудна, бо існавала ўскладненая юрыдычная сістэма доказаў дваранскага паходжання. Штуршком для паскарэння “разбору” шляхты з’явілася паўстанне 1830-1831 гг. Разбор праводзіўся так сама з прычыны стварэння адзiнай эканамічнай i палітычнай прасторы імперыі, i пашырэння фіскальнай практыкі ўрада, якая праводзілася з мэтай павелічэння колькасці плацельшчыкаў падаткаў і пастаўшчыкоў рэкрутаў.

3 канца ХVIII ст. дваранства Беларусі з’яўлялася актыўным удзельнікам выступленняў за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Палітыка ўрада ў адносінах да іх была дваістай. Удзельнікі найбольш масавых выступленняў (паўстанне Т. Касцюшка, паход Напалеона 1812 г.) практычна засталіся без пакарання. Гэтым урад спрабаваў прыцягнуць на свой бок вышэйшае саслоўе беларускіх губерняў – магнатаў і паноў. Адначасова адбываўся працэс абмежавання праў і прывілей мясцовай шляхты. У выніку яе становішча пагоршылася, а яе імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай узмацнілася.

Значным было паўстанне 1830-1831 гг., і як вынік на прадстаўнікоў дробнай шляхты ў першую чаргу абрушыліся рэпрэсіі – арышты, высылка ва ўнутраныя губерні імперыі, сакрэтны наглад паліцыі, цэнзура асабістай перапіскі.

Сялянскае пытанне на тэрыторыі Беларусі на працягу першай паловы XIX ст. зведала значную эвалюцыю. Беларускіх памешчыкаў зацікавіла «вызваленне сялян» у Остзейскім краі ў 1816-1819 гг., па якому сяляне атрымлівалі асабістую свабоду без зямлі.

Пасля паўстання 1830-1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх саюзнікаў, пастараўся прыцягнуць іх на свой бок. Адным з такіх пачынанняў была рэформа кіравання казённымі маёнткамі і дзяржаўнымі сялянамі. Яна праводзілася міністэрствам дзяржаўных маёмасцей з 1837 г. У адрозненні ад вялікарасійскіх губерняў, рэформа П.Д. Кісялёва на Беларусі складалася з трох частак: рэформы сістэмы кіравання; палітыкі «апякунства» ў адносінах да сялян; шэрагу аграрных мерапрыемстваў, вядомых пад назвай «люстрацыі дзяржаўных маёмасцей». Рэформа пачалася з перабудовы апарату кіравання дзяржаўнай вёскай. У аснову заснавання нiжэйшых ступеняў кiравання была пакладзена «Ўстанаўленне аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» (І838 г.). 28 снежня 1839 г. для заходніх губерняў было выдадзена спецыяльнае «Палажэнне аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці».

Рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі садзейнічала істотнаму паляпшэнню становішча дзяржаўных сялян. У выніку рэформы агульная плошча надзельнага фонду павялічылася на 10,7%. Але адначасова за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5%. Перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнаваліся правы атрымання спадчыны, уласнасці, занятаку гандлем і промысламі. Рэформа Кісялёва насіла буржуазны характар. Перавод на аброк спрыяў паскарэнню маёмаснай дыферэнцыяцыі, працэсу першапачатковага накаплення капіталу, вызваліў працоўныя рукі для капіталістычнай вытворчасці, стымуляваў рост гарадоў, з’явіўся адным з падрыхтоўчых мерапрыемстваў урада па вырашэнню аграрнага пытання ў Расіі.

3 сакавіка 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў падрыхтоўку інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. У 1844 г. быў створаны Камітэт заходніх губерняў для выпрацоўкі «Правілаў для кіравання маёнткамі па зацверджаных для гэтага інвентарах». Былі складзены інвентары-апісанні памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй сялянскіх надзелаў і агульнай для ўсіх маёнткаў колькасцю паншчынных дзён.

Увядзенне ў дзеянне перагледжаных і зноў складзеных інвентароў пачалося ў Беларусі з 1845 г. Для цяглавай сялянскай гаспадаркі, у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі, у маёнтках устанаўліваліся надзелы памерам ад 4 да 9 дзесяцін. Такая гаспадарка павінна была адпрацаваць на паншчыне 3 дні з канём (мужчынская паншчына) і 1 дзень без каня (жаночая паншчына). Падводная павіннасць павінна была выконвацца за кошт паншчынных дзён. Памешчыкам забаранялася самавольна ўстанаўліваць згонныя дні, а таксама абкладаць сялян «данінай» – натуральнымі паборамі. Аднак памешчыкі сталі на абарону сваёй уласнасці, перашкаджалі перагляду старых і складанню новых інвентароў. Уваходзячы ў склад інвентарных камітэтаў, яны дабіваліся для многіх маёнткаў не толькі захавання былых прыгонніцкіх павіннасцей, але і ў шэрагу выпадкаў іх павелічэння. Асцерагаючыся абвастрэння адносін з мясцовымі памешчыкамі, урад асабліва не падганяў іх. Да 1857 г. перагледжаныя і зноў складзеныя інвентары былі ўведзены ў дзеянне толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў Беларусі. А ў сувязі з падрыхтоўкай сялянскіх рэформ неабходнасць ва ўвядзенні інвентароў зусім адпала.

Рэформы 30-50-х гг. захавалі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармiравання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі празмерна радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала, феадальная ўласнасць заставалася пакуль некранутай.

Урадавая палітыка ў галіне асветы. Адной з важнейшых задач расійскі ўрад лічыў рэарганізацыю адукацыі, на асновах, якія б адпавядалі яго інтэрэсам. Сістэма адукацыі Беларусі ў першай чвэрці XIX ст. была пабудавана згодна з рэформай адукацыі 1802 г. Уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі (1803-1824 гг.), якую ўзначальваў князь А. Чартарыйскі. Навучальная акруга мела поўную самастойнасць і кіравалася асобным «Статутам» (1803 г.). А. Чартарыйскі карыстаўся неабмежаваным даверам Аляксандра І і мог праводзіць ідэі аднаўлення самастойнасці Польшчы.

У аснову сістэмы адукацыі Беларусі, як і Расіі, былі пакладзены прынцыпы бессаслоўнасці, бясплатнасці навучання на ніжэйшых яго ступенях, пераемнасці навучальных праграм.

Згодна з рэформай стваралася некалькі тыпаў навучальных устаноў. Пачатковая школа была прадстаўлена аднакласнымі прыхадскімі вучылішчамі для ніжэйшых саслоўяў. Сярэднюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы і гімназіі. У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. у Беларусі таксама дзейнічала сетка вучылішчаў пры каталіцкіх і базыліянскіх манастырах. Яны давалі сярэднюю адукацыю і прыраўноўваліся да павятовых вучылішчаў і гімназій. Колькасць іх на працягу першай трэці XIX ст. паступова скарачалася, а ў 1832 г. у сувязі з закрыццём каталіцкіх манастыроў яны былі пераўтвораны ў свецкія.

Вышэйшую адукацыю даваў Віленскі ўніверсітэт. Ен меў 4 факультэты, бібліятэку, батанічны сад, астранамічную абсерваторыю, анатамічны музей, лабараторыі. Першымі рэктарамі ўніверсітэта былі браты I. і Я. Снядэцкія. У функцыі ўніверсітэта ўваходзіла арганізацыя навучальнага працэсу ў навучальнай акрузе наогул. Універсітэт павінен быў распрацоўваць навучальныя праграмы, выпускаць падручнікі, прызначаць настаўнікаў у гімназіі і вучылішчы. 3 1805 г. універсітэт выдаваў штомесячны навукова-літаратурны часопіс «Dziennik Wilenski» і быў своеасаблівым цэнтрам культурнага жыцця края, вакол якога згуртоўвалася мясцовая інтэлігенцыя.

Раскрыццё ў 1823 г. тайных таварыстваў у навучальных установах Віленскай акругі дало пачатак працэсу дэпаланiзацыi сістэмы асветы Беларусі. Дзеля гэтага праводзіўся перагляд праграм і падручнікаў, забаронялася заснаванне любых таварыстваў. Па плану новага папячыцеля акругі М. Навасільцава пачалася ліквідацыя павятовых вучылішчаў з гімназічным курсам навук. Яны былі пераўтвораны ў звычайныя павятовыя вучылішчы, выпускнікі якіх не мелі права вучыцца ва ўніверсітэце. Навучальныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губерній у 1824 г. былі перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі на 5 гадоў.

Важным элементам школьнай справы на беларускіх землях была дзейнасць езуіцкіх навучальных устаноў і асабліва Полацкай акадэміі, якая адкрылася ў 1812 г. Яна мела факультэты моў, вольных навук (філасофія, прыродазнаўчыя і грамадзянскія), тэалогіі. Да самага свайго закрыцця ў 1820 г. акадэмія была цэнтрам вышэйшай каталіцкай адукацыі ўсёй Расіі. Сярэдняя каталіцкая адукацыя Беларусі першай чвэрці XIX ст. была прадстаўлена Галоўнай духоўнай семінарыяй пры Віленскім універсітэце і Полацкай уніяцкай семінарыяй.

Праваслаўная духоўная адукацыя Беларусі знаходзілася ў стадыі фарміравання. Яго духоўным цэнтрам па-ранейшаму заставалася Магілёўская семінарыя, якая многа зрабіла для стварэння пачатковых духоўных школ (Гомель, Невель).

Пасля ўступлення на прастол імператара Мікалая I пачаліся змяненні ў сістэме асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынцып строгай саслоўнасці. Згодна з «Уставам навучальных устаноў» 1828 г. пачатковая і сярэдняя адукацыя падзялялася на тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыхоцкія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для «сярэдняга» саслоўя трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва ўніверсітэты. Устаў ліквідаваў пераемную сувязь паміж ступенямі. Узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнаму становішчу вучня.

У адпаведнасці з палажэннем «Устава» 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга замест былой Віленскай (1829 г.). У дадатках да Ўстава была абазначана мэта стварэння акругі «неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі». У новую вучэбную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. - Мінская губерні.

Падзеі 1830-1831 гг. прымусілі ўрад актывізаваць сваю адукацыйную палітыку на Беларусі. Міністэрству народнай асветы і папячыцелю акругі рэкамендавалася прыкласці ўсе магчымыя намаганні да пераходу на выкладанне на рускай мове і для збліжэння мясцовых жыхароў з «прыроднымі рускімі». У маі 1832 г. у сувязі з закрыццём Віленскага ўніверсітэта была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі з цэнтрам у Віцебску.

Выпускнікам былога Віленскага ўніверсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачынае весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску. У 1840 г. у Горы-Горках была адчынена земляробчая школа, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут (ВНУ). Усяго на пачатку 60-х гг. у Беларусі налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адно вышэйшае, 12 сярэдніх, 21 духоўнае вучылішча, звыш 400 пачатковых школ.

Адметнай рысай мясцовай сістэмы асветы стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. У эпоху Аляксандра I былі адчынены юнкерскія вучылішчы ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, пры Мікалаі І былі адчынены кадэцкія карпусы ў Полацку (1835 г.) і Брэсце (1842 г.). Яны разглядаліся ўрадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю і таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.

Заканадаўства. Адносіны самаўладства да пануючага саслоўя былі лаяльнымі, але ў шляхецкай свядомасці жыла ідэя былой незалежнасці ВкЛ, якая яскрава адлюстроўвалася ў так званым літвінскім патрыятызме. Расійскі ўрад дакладна рэагаваў на гэту асаблівасць менталітэту мясцовага дваранства і па-рознаму падыходзіў да вырашэння амаль усіх найбольш істотных праблем былога ВкЛ і Польшчы. Напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандар І, каб забяспечыць падтрымку з боку дваранства Літвы і Беларусі, знізіў падаткі, які паступалі ў казну з Беларусі, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць ВкЛ пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М.К. Агінскі, К. Любецкі, К. Пляцер, К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект «Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім», у склад якога павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай.

Акрамя ідэі аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага Аляксандр І меў план, прапанаваны князем Адамам Чартарыйскім. Ён прапанаваў аднавіць усё Каралеўства Польскае ў межах 1772 г., не звяртаючы ўвагі на ВкЛ. Гэты план падтрымліваўся большасцю польскай і апалячанай шляхты Літвы і Беларусі. Ажыццяўленне праектаў зацягвалася, а вайна з Напалеонам наогул іх перакрэсліла.

Паўстанне 1830-1831 гг. поўнасцю пахавала ідэю аўтаноміі. Урад імператара Мікалая І распрацаваў праграму зліцця беларускіх зямель з імперыяй. Яна супадала з уніфікацыяй агульнарасійскага заканадаўства і кадыфікацыяй законаў Расійскай імперыі. 1 студзеня 1831 г. расійскае заканадаўства было ўведзена ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а 25 чэрвеня 1840 г. – у Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці, дзейнасць Статута 1588 г. была адменена. У 1840-1842 гг. урадам былі праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўпарадкаванню мясцовага справаводства. Замест агульнага наймення Беларускіх і Літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх асобныя назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Мінская губерня афіцыяльна не адносілася ні да Беларускіх, ні да Літоўскіх. Назвы «Ўкраіна» і «Літва» замяняліся на Паўднёва-Заходні і Паўночна-Заходні край. Назва «Беларусія» і «беларускі» край, як і «Маларасія», «маларасійскі» і «Вялікарасія», «вялікароскі» афіцыйна не выключаліся з дзяржаўнага i афiцыйнага ўжытку, паколькi мелi агульны корань “рос”, якi сведчыў аб адзiнстве паходжання «трох плямён русскага народа».

Канфесіянальная палітыка. Асноўным зместам канфесіянальнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было аднаўленне страчаных пазіцый праваслаўя. Аднак формы і метады дасягнення галоўнай мэты пры Аляксандры І і Мікалаі І былі неаднолькавымі. Праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным і маральным стане, яе веруючымі былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Каталіцкае дваранства не клапацілася пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў. Пачасціліся выпадкі пераводу праваслаўных і ўніяцкіх сялян у каталіцызм, уз’яднанне ўніятаў з праваслаўем спынілася. Шырокай свабодай карысталася каталіцтва і нават пратэстантызм. 3 дазволу імператара па ўсёй Беларусі зацвярджаліся езуіцкія місіі. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой выявілася супрацоўніцтва каталіцкага духавенства з напалеонаўскай адміністрацыяй, езуіты былі выдвараны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана.

Мікалай І шукаў у праваслаўнай царкве апору для сваёй палітыкi. У мэтах павышэння прэстыжу праваслаўнай царквы, адукацыйнага ўзроўню духавенства ў канцы 20-х пачатку 30-х гг. была праведзена царкоўная рэформа. Змянілася становішча праваслаўнай царквы і ў Беларусі. У 1826 г. католікам забаранялася будаваць капліцы ў мясцовасцях з пераважна праваслаўным насельніцтвам. У 1827-1830 гг. былі праведзены мерапрыемствы па рэфармiраванню ўніяцкай царквы i збліжэнні яе з праваслаўем. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры ўніяцкія епархіі рэарганізаваны ў Беларускую і Літоўскую. У базіліянскія манастыры загадвалі прымаць толькі ўніятаў, у практыцы богаслужэння выкарыстоўваць “мясцовы дыялект”. Прадугледжвалася ліквідацыя залежнасці ўніяцкага духавенства ад памешчыкаў-католікаў. У аснову ўніяцкага навучання была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. Для ўніятаў была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (у 1828г.). Адначасова адбывалася ачышчэнне ўніяцкай царквы ад лацінскіх абрадаў.

Шляхецкае паўстанне 1830-1831 гг. вызначыла лёс уніяцкай царквы. Дзейнасць іерархаў уніяцкай царквы, прыхільнікаў уз’яднання з праваслаўем, прымае больш мэтанакіраваны і актыўны характар. У маі І835 г. быў заснаваны Сакрэтны камітэт па справах уніяцкай царквы, які займаўся дзейнасцю па ўз’яднанню дзвюх цэркваў. Пасля смерці ўніяцкага мітрапаліта Іасафата Булгака ў І838 г. – праціўніка ўз’яднання, старшынёй грэка-уніяцкай калегіі быў прызначаны епіскап Літоўскі Іосіф Сямашка, а Беларускую епархію ўзначаліў епiскап Васіль Лужынскі. 12 лютага 1839 г. у Полацку епіскапамі і начальніцкім духавенствам быў падпісаны «Саборны акт» аб уз’яднанні цэркваў і напісана прашэнне на вышэйшае імя. 25 сакавіка «сінадальны ўчынак» зацвердзіў Мікалай I. Уніятам былі пакінуты тыя абрады і звычаі, якія не супярэчылі сутнасці праваслаўя. Усяго ў 1839 г. уз’ядналася каля 1 607 прыходаў і больш 1 млн. 600 тыс.чалавек.

2. Грамадска–палітычны рух на Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя

На пачатку XIX ст. грамадска-палітычная сітуацыя на Беларусі шмат у чым вызначалася падзеямі агульнаеўрапейскага маштабу: французскай буржуазнай рэвалюцыей (1789-1794), падзеламі Рэчы Паспалітай, вайной 1812 г. і г.д.

Французская рэвалюцыя садзейнічала распаўсюджванню рэвалюцыйных і дэмакратычных ідэй, спрыяла актывізацыі радыкальна-дэмакратычных рухаў у еўрапейскіх краінах. Адначасова яна выклікала рэзкае супрацьдзеянне правячых колаў большасці еўрапейскіх краін. Апошнія імкнуцца кансалідавацца, каб стварыць перешкоду распаўсюджванню рэвалюцыйных ідэй і рэальных рэвалюцыйных здзяйсненняў.

Практычна ва ўсіх еўрапейскіх краінах назіраюцца рэвалюцыйныя ўзрушанні. Для значнай часткі беларускай шляхты – адзінага правадзейнага суб’екта тагачаснага грамадства, прычынай незадаволенасці была роспач аб Рэчы Паспалітай, імкненне да яе рэстаўрацыі. Побач з гэтым, у дэмакратычна-радыкальных колах выспяваюць ідэі аб неабходнасці вызвалення сялян ад прыгоннага стану, дэмакратычных переаўтварэняў у грамадстве.

Ва ўмовах абсалютысцкай Расійскай імперыі легальным асяродкам, дзе маглі праяўляцца апазіцыйныя настроі былі губернскія і павятовыя шляхецкія дэпутатскія сходы, якія мясцовае дваранства разглядалі як былыя сеймікі Рэчы Паспалітай. Гэта становішча вызывала рэзкае супрацьдзеянне мясцовай расійскай адміністрацыі.

Вайна 1812 г. паміж Расіяй і Францыяй, яе вынікі, стварэнне ў 1815 г. Царства Польскага не спраўдзілі надзей пэўнай часткі шляхецтва на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не дзіўна, што пры такой сітуацыі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай узнікаюць разнастайныя суполкі, якія дзейнічаюць у гэтым накірунку.

Першай тайнай арганізацыяй стала “Віленская асацыяцыя”, якая дзейнічала ў 1796-1797 гг. і мела аддзяленні ў Мінску, Брэсце, Кобрыне, Ашмянах. Галоўнай мэтай удзельнікі асацыяцыі ставілі аднаўленне Рэчы Паспалітай згодна з Канстытуцыяй 3 мая 1791 года з дапамогай звонку ад Францыі. Гэтая ідэя была папулярнай сярод шляхты, але асацыяцыя хутка была раскрыта – у шляхты яшчэ не было вопыту канспіратыўнай работы.

Частка гэтых арганізацый мела масонскі характар. Масоны – рэлігійна-маральны рух, які ўзнік на пачатку XVIII ст. у Англіі. Пад гэтым вызначэннем хаваюцца рухі разнастайнай накіраванасці, у тым ліку рэвалюцыйнай. Масонскія арганізацыі ў пачатку XIX ст. існавалі ў большасці еўрапейскіх краін і не выклікалі, пераважна, актыўнага супрацьдзеяння з боку ўлад, даволі часта ў склад масонскіх ложаў уваходзілі ўплывовыя асобы.

На тэрыторыі Царства Польскага суполкі масонаў аднаўляюць сваю дзейнасць у 1814 г. Расійскія ўлады ведалі аб іх існаванні і не мелі нічога супраць. Гэтыя арганізацыі звязвалі свае надзеі на ўваскрашэнне вялікай Польшчы з расійскім імператарам у якасці польскага караля. 3 цягам часу сярод польскіх масонаў узнікаюць радыкальныя плыні, для якіх справа рэстаўрацыі Рэчы Паспалітай робіцца чыста нацыянальнай польскай справай, дзе ўжо няма месца Аляксандру I і Расіі. Як вынік – у 1822 г. абвешчаны агульнаімперскі ўказ, забараняўшы дзейнасць масонскіх лож.

3 польскімі масонскімі арганізацыямі цесна звязана дзейнасць масонаў на Беларусі і Літве. У 1819 г. у Вільні ўзнікае адгалінаванне польскага «Нацыянальнага масонства», сярод яго першых членаў – Міхаіл Ромер. У 1820 г. «Нацыянальнае масонства» фармальна прыпаняе свае існаванне, але пры гэтым многія яго члены ўваходзяць у зноў створанае «Патрыятычнае таварыства» (1821 г.), і мясцовае віленскае аддзяленне «Нацыянальнага масонства» трансфармуецца ў правінцыйны савет «Патрыятычнага таварыства» (старшыня - М. Ромер, члены: К. Радзівіл, Я. Вайніловіч, К. Навамейскі, А. Солтан). Літоўская ложа колькасна пашыраецца, цераз Т. Зана масоны ўсталёўваюць сувязь з мясцовымі тайнымі арганізацыямі студэнцкай і вучнёўскай моладзі. На тэрыторыі Беларусі і Літвы існуе ў гэты час мясцовых нешматлікіх ложаў у Мінску, Несвіжу, Навагрудку, Гродне.

Паралельна з масонскімі арганізацыямі і ў пэўнай сувязі з імі ў беларуска-літоўскім рэгіёне ўзнікаюць патаемныя (цалкам ці часткова) асацыяцыі, якія месцяцца пераважна ў Віленскім універсітэце.

У канцы 1817 – пачатку 1818 г. студэнты Т. Зан, А. Міцкевіч, Я. Яжоўскі (усяго 12 чалавак) заснавалі тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. – шанавальнікі ведаў). Члены суполкі першапачаткова ставілі польскія нацыянальныя асветніцка-культурныя мэты. Пэўны час філаматы заставаліся нешматлікай групоўкай. У 1819 г. яны разгарнулі актыўную прапагандысцкую дзейнасць сярод вучнеўскай моладзі Вільні. Вынікам гэтай працы стала заснаванне, з дазволу ўніверсітэтскага кіраўніцтва, у маі 1820 г. па ініцыятыве Т. Зана “Таварыства прамяністых”. Мэты гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі супадалі з філамацкімі. Прамяністыя шчыра верылі ва ўзаемны добратворны ўплыў, прапаведывалі высокамаральныя ідэі і адпаведным чынам паводзілі сябе, практыкаваліся ў гімнастычных гульнях. Дзейнасць прамяністых выклікала незадаволенасць тагачаснага віленскага капітула і ўлад, якія ў 1820 г. распусцілі арганізацыю.

У канцы 1820 г. філаматы ініцыіравалі стварэнне новай тайнай арганізацыі філарэтаў (ад. грэч. – аматары дабрачыннасці), на чале з Т. Занам. Гэтая арганізацыя перарасла ўзровень студэнцкай карпарацыі, яна ўключала ў сябе шырокія колы моладзі, у тым ліку і за межамі Вільні.

Галоўная мэта філарэтаў была палітычнага хакрактару – аднаўленне Рэчы Паспалітай. Такім чынам адбылася эвалюцыю ад асветніцка-навуковых, маральна-этычных мэтаў да палітычных. Сярод членаў былі асобы дэмакратычных поглядаў, якія лічылі неабходным адмену прыгоннага права, вылучалі лозунг роўнасці ўсіх членаў грамадства, імкнуліся да вывучэння беларуска-ліцвінскага краю, звычак, фальклору, побыту насельніцтва, не цураліся беларускай мовы.

Вясной 1823 г. уладам стала вядома аб існаванні шматлікіх тайных юнацкіх арганізацый. Па загаду цара ў красавіку 1824 г. быў створаны спецыяльны камітэт, у які ўвайшлі А.А. Аракчэеў, М.М. Навасільцаў, які прысудзіў кіраўнікоў філарэтаў і філаматаў да высылкі ва ўнутраныя губерні (Т. Зан, Я. Чачот, А. Міцкевіч і інш.). Частка падследных была аддадзена ў салдаты, некаторыя пазбеглі пакарання.

Была праведзена «чыстка» прафесуры Віленскага ўніверсітэта: ад працы былі адхілены I. Лялевель, Ю. Галухоўскі. І.М. Даніловіч, М.К. Баброўскі. Сваіх пасад былі пазбаўлены рэктар універсітэта Твардоўскі і папячыцель Віленскай вучэбнай акругі А. Чартарыйскі.

Пакаранні не прыпынілі нелегальны рух. Шмат членаў тайных арганізацый па тым ці іншым прычынам здолелі пазбегнуць пакарання і працягвалі дзейнічаць у накірунку польскага нацыянальнага адраджэння. Напрыклад, былы філамат М. Рукевіч стаў у 1823 г фундатарам таварыства «Ваенныя сябры» сярод афіцэраў Літоўскага асобнага корпусу; гэтая суполка мела свае філіялы: «Згода», куды ўваходзілі грамадзянскія асобы і «Заране» – з вучняў Беластоцкай і Свіслацкай гімназій. 24 снежня 1825 г. члены суполкі «Ваенныя сябры» капітан К.Г. Ігельстром спрабаваў ініцыяваць адмову ад прысягі Мікалаю I батальена Літоўскага корпусу, але спроба аказалася няўдалай. Удзельнікі выступлення былі пакараныя высылкай у Сібір і на Каўказ.

Беларусь была таксама арэнай дзейнасці дзекабрыстаў. Пасля паўстання Сяменаўскага палка ў Пецярбургу (1820 г.) на заходнюю ўскраіну імперыі былі перадыслацыраваны гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А.А. Бястужаў-Марлінскі, М.С. Лунін, А.I. Адоеўскі, К.Ф. Рылееў, М.М. Мураўёў і інш. У 1821 г. быў напісаны «мінскі вырыянт» Канстытуцыі, аўтарам якога быў кіраўнік “Паўночнага таварыства” М.М. Мураўеў. Дзекабрыстамі быў распрацаваны «Бабруйскі план», згодна з ім трэба было арыштаваць Аляксандра I пад час смотру войскаў у Бабруйскай цытадэлі. Гэта дало б штуршок дзяржаўнаму перавароту ў імперыі. Але дрэнная падрыхтоўка сарвала выкананне плана. У лютым 1826 г. прапаршчык С.I. Трусаў (член таварыства «Злучаных славян») спрабаваў узняць паўстанне Палтаўскага палка Барысаўскага гарнізона.

Дзекабрысты і члены мясцовых польскіх тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Адной з тэм перагавораў было вызначэнне межаў паміж будучымі свабоднымі Польшчай і Расіей. Так, дзекабрысты згадзіліся на перадачу Беларусі Польскай дзяржаве.

Рэжым новага расійскага імператара Мікалая I (1825-1855 гг.) быў пазбаўлены ўсялякіх ліберальных памкненняў. Гэта хутка адчулі жыхары Царства Польскага і Заходніх губерняў Расіі, што выклікала нарастанне апазіцыйных настрояў. У снежні 1828 г. у Варшаве ўзнікае «Таварыства падхарунжых», ініцыятарам стварэння якога быў П. Высоцкі, да арганізацыі далучаюцца члены раней разгромленных суполак. «Таварыства» планавала забойства Мікалая I пад час яго каранацыі ў Варшаве (май 1829 г.) і захоп улады. Тэрмін выступлення некалькі разоў пераносіўся, але непасрэдны штуршок паўстанню далі рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г.

Паўстанне пачалося ў ноч з 28 на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Курсанты школы падхарунжых захапілі арсенал, іх падтрымала большасць насельніцтва Варшавы. Намеснік імператара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, брат расійскага імператара, прыняў рашэнне аб адыходзе рускіх воінскіх часцей з тэрыторыі Царства Пальскага (польскія нацыянальныя часці далучыліся да паўстання).

Сярод кіраўніцтва паўстаннем вылучаліся дзве плыні: кансерватыўна-арыстакратычная, на чале з А. Чартарыйскім і дэмакратычны клуб («левіца»), кіраваў якім I. Лялевель. Першыя імкнуліся, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. ці шырокай нацыянальнай аўтаноміі (уключаючай усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у межах Расіі). Здзяйсненне грунтоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў кансерватары не лічылі патрэбным. Прадстаўнікі гэтага накірунку займалі большасць уплывовых пасад у арміі, урадзе, былі большасцю ў сейме.

«Левіца» – шляхецкія рэвалюцыянеры адлюстроўвалі інтарэсы прагрэсіўнай і рэвалюцыйнай часткі сярэдняй і дробнай шляхты, буржуазіі, студэнцка-вучнёўскай моладзі. Гэтая плынь не была кансалідаванай, яе ўплыў у сейме, урадзе і арміі быў нязначным. У змаганні з расійскім самадзяржаўем галоўнай сілай яны лічылі польскі народ. «Левіца» трывала падкрэслівала, што змаганне ідзе не супраць рускага народа, а накіравана супраць расійскага абсалютызму, які з’яўляецца ворагам і рускага народу. У студзені 1831 г. быў вылучаны лозунг «За нашу і вашу свабоду». I правыя і левыя ніякім чынам не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, якія на іх думку, павінны былі ўліцца ў склад незалежнай Польшчы.

Узнаўленне шляхецкай феадальна-манархічнай Польшчы ў межах 1772 г. на ўсходзе было галоўнай, а для многіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў – адзінай мэтай паўстання 1830-1831 гг.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы непасрэдная і актыўная падрыхтоўка да паўстання пачынаецца ў студзені 1831 г. Вялася вусная агітацыя, рассылаліся пісьмовыя адозвы, збіраліся сродкі і зброя. Але ніякіх абяцанняў наконт аблягчэння становішча прыгоннага сялянства не было.

Тым часам у Варшаве шляхта, якая збегла туды з заходніх губерняў аб’ядналася ў “Клуб аб’яднаных славян”, які звярнуўся да Сейму з заявай, што беларускі, літоўскі і ўкраінскі рэгіёны далучаюцца да паўстання. Сейм прапанаваў “Клубу” прымаць удзел у сеймавых пасяджэннях (часова, да правядзення нармальных выбараў). 25 студзеня 1831 г. Варшаўскі ўрад звярнуўся з заклікам да насельніцтва Беларусі, Літвы і Ўкраіны, у якім адзначалася, што Сейм і Ўрад абвясцілі цэласнасць і незалежнасць Польшчы, таму і насельніцтва ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай павінна прымаць актыўны ўдзел у барацьбе.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя меры. У снежні 1830 г. у Заходняй Беларусі і Літве аб’яўляюць ваеннае становішча, узмацняюцца расійскія гарнізоны, больш пільным становіцца нагляд за насельніцтвам. Найбольш падазроныя асобы этапіруюцца ў глыб Расіі, адбываецца чыстка мясцовай адміністрацыі – чыноўнікі палякі і католікі замяняюцца рускімі. У снежні 1830 г. з’явіўся ўказ згодна з якім маенткі памешчыкаў, якія збеглі ў Царства Польскае, падлягалі секвестру.

На пачатку 1831 г. арганізуецца Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Большасць членаў камітэта прытрымлівалася памяркоўна-кансерватыўных поглядаў. Камітэт прызнаваў вяршэнства Варшаўскага ўрада і не праяўляў асаблівай ініцыятывы. Сярод яго спраў быў збор грашовых сродкаў на мэты паўстання, арганізацыя майстэрні па вырабу зброі, спробы каардынацыі дзейнасці павятовых камітэтаў.

К вясне 1831 г. на Беларусі і Літве склалася вельмі напружаная сітуацыя. Перадыслакацыі расійскіх вайсковых кантынгентаў, рэквізіцыі на патрэбы арміі вялі к пагаршэнню і так дрэннага становішча большасці насельніцтва. Узбуджальна дзейнічалі чуткі аб поспехах польскай арміі. Да таго ж, у многіх рэгіёнах Беларусі і Літвы не было значных рускіх вайсковых сіл.

Узброенае выступленне на Беларусі ахапіла ў першую чаргу Ашмянскі, Браслаўскі і Свенцянскі паветы Віленскай, Вілейскі і Дзісненскі паветы Мінскай губерняў. Агульнага кіраўніцтва ў паўстанцаў не існавала, практычна адсутнічала і каардынацыя дзеяняў, звычайна рух абмяжоўваўся тэрыторыяй павета. У выпадку перамогі і авалодання цэнтрам павета, шляхта абірала павятовы ўрад, кіраўніка ўзброеннымі сіламі, іншыя органы ўлады. Кіруючыя пасады ў большасці займалі прадстаўнікі буйной і сярэдняй шляхты, якія і пры расійскім рэжыме выконвалі розныя адміністратыўна-распараджальныя функцыі.

Паўстанцкія ўлады неадкладна абвяшчалі акты паўстання, прыводзілі насельніцтва да прысягі, абвяшчалі набор рэкрутаў, шляхце, далучыўшайся да паўстання, гарантавалася захаванне ўсіх саслоўных і маёмасных правоў.

Сяляне і мяшчане заклікаліся рашуча ўзяцца за зброю і адстойваць новую ўладу. Вольныя ад вайсковых абавязкаў павінны былі падпарадкавацца сваім памешчыкам і адміністрацыі, выконваць звычайныя павіннасці. У выпадку не падпарадкавання памешчыкам і адміністрацыі вінаватых чакалі жорсткія пакаранні. Каталіцкае і ўніяцкае духавенства павінна было схіляць насельніцтва да змагання супраць рускіх і да паслушэнства сваім уладарам і паўстанцкім уладам. За невыкананне рэкруцкіх набораў уласнікам сялян гразілі пакаранні, уключаюцы смяротную кару. Такім чынам мяркавалася стварыць шматлікае паўстанцкае войска. Але гэтыя планы засталіся нерэалізаванымі, бо сутыкнуліся з нежаданнем сялянства, а таксама сабатажам значнай часткі буйных і сярэдніх памешчыкаў, якія не жадалі пазбавіцца працоўных рук. На тэрыторыі пяці, раней узгаданых, паветаў Віленскай і Мінскай губерняў у паўстанні прыняло ўдзел крыху болей за 10 тыс. чалавек.

Паўстанцкі рух на Беларусі меў пераважна рэйдавы характар. Паўстанцы ў зручны момант захоплівалі цэнтр павета, іншыя населеныя пункты. Пры набліжэнні царскіх войскаў інсургенты часам аказвалі жорсткае супраціўленне, у шэрагу выпадкаў пакідалі месцы дыслакацыі без супраціўлення і адыходзілі ў бяспечныя месцы.

Сяляне не спачувалі паўстанню, бо не бачылі ў ім для сябе ніякай карысці. Многія з іх аказаліся ўцягнутымі ў пастанцкі рух пад пагрозай карных санкцый. Пры зручным моманце частка іх кідала паўстанцкія атрады і накіроўвалася да хаты ці хавалася ў лесе, дзе часам яны аб’ядноўваліся і пачыналі змагацца з памешчыкамі – прыгнятальнікамі, не робячы розніцы паміж рускімі і сваімі прыгоннікамі.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя і рашучыя захады, каб не дапусціць з’яднання шляхецкага руху з сялянскім. 3 красавіка 1831 г з’явіўся ўказ, якім прадугледжвалася падсуднасць шляхціцаў-паўстанцаў ваеннаму суду з наступнай канфіскацыяй іх маёмасці. Адначасова сялянам абяцалася прабачэнне, калі яны дабраахвотна складуць зброю і вярнуцца дамоў.

На Беларусь і Літву былі ўводзены дадатковыя вайсковыя кантынгенты, фарміравалася спецыяльная рэзервовая армія, прызначаная для падаўлення паўстання ў Віленскай і Мінскай губернях. Значная роля ў зацішэнні належыць генерал-паліцмайстару рэзервовай арміі М.М. Мураўеву, які быў добра знаемы з сітуацыяй на Беларусі. У выніку, у канцы мая паўстанцкі рух на Віленшчыне і Міншчыне быў падаўлены. Адначасова паўстання пачалося на Гродзеншчыне ў Белавежскай пушчы. На Гродзеншчыне рух супаў з прыходам на Беларусь з Польшчы экспедыцыйных атрадаў, да якіх далучаюцца мясцовыя жыхары (іх налічвалася каля 1000 чал.). Дзейнаць белавежскіх паўстанцаў сур’езна пагражала камунікацыям расійскай арміі, перашкаджала яе дзеянням на терыторыі Польшчы, таму прымаліся экстраныя і рашучыя меры.

У маі 1831 г. у Варшаве Сейм прапанаваў шляхце прадставіць па 1 дэпутату ад кожнага павета заходніх губерняў для ўдзелу ў сеймавых паседжаннях, а Варшаўскі нацыянальны ўрад прымае рашэнне аб накіраванні на тэрыторыю Беларусі і Літвы рэгулярных польскіх войскаў для дапамогі мясцовым паўстанцам. Цераз Белавежскую пушчу да Вільні накіраваўся атрад генерала Хлапоўскага, дзе адбылося яго злучэнне з мясцовымі паўстанцамі і з другім экспедыцыйным корпусам польскіх войск пад кіраўніцтвам генерала А. Гелгуда. Паўстанцы ставілі мэтай захоп Вільні. 19 чэрвеня 1931 г. каля Вільні адбылося рашучае сражэнне. Рускія войскі без асаблівых цяжкасцей адбілі атакі паўстанцаў, а потым перашлі ў контрнаступленне. Паўстанцы адступілі, сярод іх пашырылася дэмаралізацыя і дэзерцірства. Рэшткі экспедыцыйных атрадаў і мясцовых паўстанцаў здолелі адыйсці на тэрыторыю Польшчы і працягнулі змаганне.

У чэрвені - ліпені паўстанцкі рух разгарнуўся на поўдні – у Мазырскім, Рэчыцкім і Пінскім паветах. Арганізатарамі і кіраўнікамі былі мясцовыя памешчыкі Ф. Кеневіч, Т. Пуслаўскі, колькасць паўстанцаў склала каля 1300 чалавек, але дасягнуць нейкіх рэальных поспехаў яны не здолелі. У першай палове жніўня паўстанне фактычна зышло на нет. У верасні, у лясах Заходняй Беларусі і Літвы засталіся беглыя сяляне, частка найбольш актыўных удзельнікаў - кіраўнікоў, якія не маглі разлічваць на літасць.

Паўстанне 1830-1831 гг. было шляхецкім па сваім мэтам, кіравалася польскай і апалячанай шляхтай, якая з’яўлялася галоўнай рухаючай сілай. Яго галоўная мэта – гэта рэстаўрацыя шляхецкай Рэчы Паспалітай. Не гледзячы на кансерватызм, паўстанне нанесла моцны ўдар па самаўладству, садзейнічала замацаванню рэвалюцыйных змен у Францыі і Бельгіі, паспрыяла разгортванню нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іншых еўрапейскіх краінах.

На ўдзельнікаў і западозраных ва ўдзеле ў паўстанні абрынуліся рэпрэсіі. Ствараліся спецыяльныя губернскія следчыя камісіі, якія пільна разглядалі справы. Сотні шляхціцаў былі пазбаўлены сваіх маёнткаў, арыштаваны, сасланы, мноства знайшло выратаванне ў эміграцыі.

Рэзка актывізаваліся дзеянні па «разбору шляхты» з мэтай выключыць з прывіляванага дваранскага саслоўя мелкапамесную і беззямельную шляхту – галоўных удзельнікаў паўстання. Дзеля гэтага праводзілася татальная праверка дакументаў на дваранскую годнасць. У выніку тысячы сямей былых шляхціцаў папоўнілі падатковыя станы сялян-аднадводцаў і мяшчан. Тэрмін “шляхта” быў забаронены для выкарыстання ў рускай мове.

Адначасова расійскія ўлады абаранялі правы памешчыкаў, калі апошнія адкрыта не выступалі супраць самаўладдзя. Агульная амністыя ўдзельнікам паўстання была абвешчана ў каранацыйным маніфесце новага імператара Аляксандра II (26 жніўня 1856 г.).

Вынікамі няўдалага паўстання стала адмена аўтаноміі Каралеўства Польскага і скасаванне Польскай Канстытуцыі 1815 г. Кіраўніцтва імперыяй узяла курс на татальную русіфікацыю заходнягя края, у выніку чаго была скасавана ўніяцкая царква (1839 г.), быў зачынены Віленскі ўніверсітэт (1832 г.), адменена дзеянне Статута 1588 г. Масавая эміграцыя найбольш актыўнай і адукаванай часткі шляхты адбілася на адраджэнні беларускай культуры.

Рэпрэсіі, безумоўна, абмяжоўвалі магчымасці нацыянальна-вызваленчага руху, але цалкам пагасіць імкненне да волі, нацыянальнай і сацыяльнай свабоды не змаглі.

У той час найбольш актыўную і радыкальную пазіцыю займалі эмігранцкія арганізацыі. Шэраг з іх лічыў, што трэба аднавіць узброеную барацьбу. Пачалася засылка на тэрыторыі Польшчы і Заходніх губерняў Расійскай імперыі спецыяльных эмісараў, якія павінны былі ствараць з мясцовых жыхароў узброеныя атрады для разгортвання партызанскай барацьбы.

Так, пад час “Экспедыцыі палкоўніка Ю. Заліўскага” 1833 г. тэрыторыя Беларусі была падзелена на акругі, у кожную прызначаліся эмісары. Галоўная стаўка рабілася на прыцягненне сялян да паўстання. Агучваліся лозунгі: надзяленне сялян зямлёй, рэстаўрацыя Рэчы Паспалітай у выглядзе дэмакратычнай дзяржавы. На пачатку 1833 г. на тэрыторыю Беларусіі прыбылі М. Валовіч, П. Пішчатоўскі, М. Ходзька і інш. Аднак эмісары былі хутка арыштаваныя ўладамі, сяляне не падтрымалі “экпедыцыю”.

Па ранейшаму цэнтрам нацыянальнай і сацыяльнай барацьбы заставалася Вільна. Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта дзейнічалі створаныя на яго базе медыка-хірургічная і рымска-каталіцкая акадэміі. У 1836 г. сярод студэнтаў першай ўтвараецца «Дэмакратычнае таварыства», лідэрам якога быў студэнт Ф. Савіч. Акрамя студэнтаў у склад суполкі ўваходзілі прадстаўнікі разначынскай інтылегенцыі, выхадцы з шляхецкага асяроддзя.

Кіраўнік, частка членаў суполкі прытрымліваліся радыкальных дэмакратычных поглядаў, іх ідэалам было грамадства роўных магчымасцей для ўсіх. Члены таварыства крытычна ацэньвалі дзейнасць сваіх папярэднікаў у 1830-1831 гг., папракалі іх за немагчымасць ўзняцца да прызнання роўнасці ўсіх людзей. Савіча нават не палохала фізічная расправа над прыгоннікамі дзеля вырашэння сялянскага пытання. Савіч і яго аднадумцы выступалі за роўнаць усіх людзей, права кожнага народа на самастойнасць, заклікалі да сумеснай барацьбы розных народаў супраць царызму, прапагандавалі рэспубліканскі лад. У 1837 г. «Дэмакратычнае таварыства» стала часткай нелегальнай арганізацыі «Садружнасць польскага народа» на чале з Ш. Канарскім, і якая на тэрыторыі Заходніх губерняў Расійскай імперыі вядома пад назвай «Маладая Польшча». У чэрвені 1838 г. улады выкрылі арганізацыю Савіча, яе кіраўнік і іншыя актыўныя члены былі сасланы на Каўказ салдатамі ў дзеючую армію.

У 1846-1849 гг. дзейнічала тайная арганізацыя «Саюз свабодных братоў», вядомы яе суполкі ў Ашмянах, Вільна, Гродне, Лідзе і Мінску, колькаць удзельнікаў дасягала 200 чалавек. Найбольш актыўна дзейнічала мінскае адгалінаванне, якое разгарнула сваю дзейнасць сярод вучнеўскай моладзі, вайскоўцаў мінскага гарнізона. У Бараўлянах, каля Мінска, была наладжана вытворчасць зброі і патронаў. «Саюз свабодных братоў» ставіў перад сабой мэту сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, свабоду Польшчы і Расіі. Гэтым памкненням ў вялікай ступені садзейнічалі рэвалюцыйныя падзеі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Улады ў 30-50я гг. праводзілі актыўныя і досыць паспяховыя пошукі тайных таварыстваў, таму рэвалюцыйныя падзеі 1848 г. у Еўропе не знайшлі працягу на Беларусі. У 50-я гг. нараджаецца новая – рэвалюцыйна-дэмакратычная ідэалогія, якая хутка прыйдзе на змену шляхецкай ідэі бырацьбы супраць рускага самаўладдзя.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў канцы XVIII – 50-х гг. XIX ст.

Сельская гаспадарка. Беларусь у XIX стагоддзі з’яўлялася рэгіёнам, дзе панавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Напярэдадні 1861 г. у памешчыкаў было каля 12 млн. дзесяцін (70%) зямлі, і толькі звыш 4 млн. дзесяцін (прыблізна 27%) знаходзілася ў карыстанні каля 1 млн. сялян. У буйных латыфундыях ствараліся сярэднія па велічыні маёнткі, з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чалавек, якія здаваліся ў арэнду. Рост таварнасці адбываўся за кошт павелічэння паншчынных павіннасцей сялян. Галоўныя павіннасці – паншчына і аброк. Марудна ўводзіліся капіталістычныя формы гаспадарання, такія як прымяненне ўдасканаленых сельскагаспадарчых машын; праца наёмных рабочых; увядзенне травасеяння і шматпольных севазваротаў. Гэтаму перашкаджала танная праца прыгонных сялян.

Асноўная маса памешчыкаў лічыла прыгоннае права падмуркам рацыянальнай гаспадаркі і не збіралася ад яго адмаўляцца. Але была ўмова, якая садзейнічала развалу феадальнага эканамічнага механізму – гэта попыт на хлеб і прадукцыю сельскай гаспадаркі ў Заходняй Еўропе ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. з адначасовым ростам ёмістасці ўнутранага рынку.

У першай палове XIX ст. вызначаецца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. Віцебская і паўночныя паветы Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў – гэта раён ільна - і бульбавоцтва. Паўдневыя паветы (Пінскі, Навагруцкі, Гомельскі і інш.) беларускіх губерняў – гэта вырошчванне і перапрацоўка цукровых буракоў. Гродзеншчына – гэта рэгіён танкаруннай авечкагадоўлі, у 40-х гг. XIX ст. там налічвалася 600 тыс. авечак. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў 40-50-я гг. спецыялізаваліся адзінкавыя памешчыцкія гаспадаркі, што мелі вінакурныя заводы.

Такім чынам, у памешчыкаў Беларусі было імкненне ўзнімаць прадукцыйнасць сваіх гаспадарак, вырабляць больш таварнай прадукцыі.

Сялянская саслоўе было неаднародным. Каля 70% беларускіх сялян мелі сваю гаспадарку і карысталіся зямельным надзелам з умовай выканання павіннасцяў. Каля 30% – гэта дваровыя сяляне, якія не вялі сваёй гаспадаркі, працавалі на памешчыцкім двары і знаходзіліся на натуральным утрыманні. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях пераважала сялянскае падворнае землекарыстанне, а ў Віцебскай і Магілёўскай – абшчыннае.

Прылады працы ў сялян былі самыя простыя, тыя ж, што і ў папярэдні перыяд. Толькі ў адзінкавых заможных сялянскіх гаспадарках былі веялкі, малацілкі і іншыя машыны. Агратэхніка, як і раней, – рэгулярнае трохполле. У заможных гаспадарках пачалі сеяць кармавыя травы, асушваць балоты, набываць лепшае насенне для пасеву, ужываць на ўгнаенне глей і торф.

Культуры выкарыстоўвалі ў асноўным тыя ж, але з’явілася бульба (у сярэдзіне стагоддзя займала каля 4% плошчы). Увядзенне ў севазварот бульбы садзейнічала пераходу ад трох - да чатырохполля. Ураджайнасць культур заставалася невялікай, збожжавых у сярэднім сам-3, бульбы – сам-6. На сялянскую гаспадарку прыходзілася два валы або адзін конь, 1-4 авечак і свіней, кароў, так сама і птушка. Памер зямельных надзелаў быў неаднолькавы, у сярэднім каля 10-12 дзесяцін. Складаўся ён з дзвюх аднолькавых частак – цяглай і прыёмнай доляў. За цяглую сяляне адбывалі паншчыну, за прыёмную плацілі аброк.

Са старажытных часоў захаваліся зямельныя сервітуты, яны давалі сялянам права карыстацца сенажаццямі, ляснымі ўгоддзямі, пасвіць жывёлу, лавіць рыбу і г.д. Усё гэта на пэўных умовах было значнай падмогай для сялян.

Павіннасці сялян былі разнастайныя. Самай цяжкай формай была здача сялян панамі падрадчыкам па кантрактах на сплаўныя, будаўнічыя і зямельныя работы на працяглы перыяд. Гаспадары адрываліся ад асабістай гаспадаркі, якая прыходзіла ў заняпад. Значна выраслі памеры паншчыны – яны дасягалі шасці дзён у нядзелю з гаспадаркі, пры гэтым селянін выкарыстоўваў свой інвентар і цяглую сілу. Аброчныя сяляне выплочвалі ад 20 да 80 руб. у год, плацілі даніну прадуктамі і выконвалі дадатковыя павіннасці ў маёнтках.

У 50-я гг. XIX ст. наглядаецца няспынны рост нядоімак дзяржаўных падаткаў. Падушны падатак беларускія сяляне плацілі залатой і срэбнай манетай, што было ў 4-5 разоў даражэй за асігнацыі (асігнацыямі плацілі падушны падатак сяляне суседніх расійскіх губерній). На 1856 г. нядоімкі з беларусаў склалі 8 млн. руб., гэта каля 30% усіх нядоімак па імперыі.

Сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам праз таргі і кірмашы. Але яе гандлёвыя сувязі насілі аднабаковы характар – амаль усе атрыманыя грошы ішлі на выплату памешчыцкіх і дзяржаўных падаткаў. На развіццё сваёй гаспадаркі, пакупку зямлі, машын, насення, жывёлы грошай не заставалася. Сялянская гаспадарка, як і раней, заставалася натуральнай. Другая крыніца грошай – адыходныя промыслы, яны былі звязаны з сезоннымі, сплаўнымі і земляробчымі работамі. Вялікая колькасць сялян працавала ў 50-я гг. на будаўніцтве чыгунак за межамі тэрыторыі Беларусі.

Наглядалася расслаенне сялянскіх гаспадарак, яно было больш глыбокім у заходняй і цэнтральнай частках Беларусі. Але заможных сялян у Беларусі ў параўнанні з цэнтральнымі губернямі Расіі было значна меньш.

Такім чынам, да сярэдзіны XIX ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі паглыбіўся і можна гаварыць аб яе крызісе. Яго прыкметы – зніжэнне прыбытковасці памешчыцкіх маёнткаў; рост дзяржаўных нядоімкаў; маёмаснае і сацыяльнае расслаенне сялянства (заможная вярхушка вяла гандлёвае земляробства або валодала прадпрыемствамі і капіталамі); паступовае ўкараненне элементаў капіталізму (прымяненне вольнанаёмнай працы, машыннай тэхнікі, спецыялізацыя гаспадарак, пастаўка прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці на рынак і інш.).

Прамысловы пераварот і станаўленне фабрычна-заводскай прамысловасці на Беларусі ў першай палове XIX ст.

У першай палове XIX ст. Беларусь уступіла ў стадыю прамысловага перавароту. Прамысловы пераварот — гэта пераход ад заснаванай на ручной працы мануфактуры да машыннай індустрыі. У выніку яго прамысловасць пераўтвараецца ў галоўную галіну грамадскай вытворчасці.

Да пачатку XIX ст. найбольш распаўсюджанымі відамі прамысловай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца промыслы, рамёствы і мануфактуры ў гарадах і мястэчках. Шырокае развіццё атрымалі палатняная, суконная, гарбарная, кравецкая, шавецкая, ганчарная вытворчасці, апрацоўка дрэва, выраб скур і г.д.

У гарадах вядучае месца займала рамесная вытворчасць. Рост яе таварнасці выклікаў ліквідацыю самастойнасці і карпаратыўнай замкнённасці цэхаў, іх манаполію ў вытворчасці. Члены цэхаў атрымлівалі права наймацца на фабрыкі і заводы. Узніклі буйныя майстэрні з наёмнымі рабочымі. Гарацкое рамяство задавальняла патрэбы не толькі жыхароў горада, але і навакольнага вясковага насельніцтва. У канцы 50-х гг. XIX ст. на Беларусі налічвалася да 16,5 тыс. рамеснікаў.

Прыгонныя вотчынныя мануфактуры ў пачатку XIX ст. пераважалі над капіталістычнымі, але паступова яны трансфармаваліся ў капіталістычныя. Вотчынныя мануфактуры працавалі пераважна дзеля задавальнення патрэб памешчыка-прыгонніка і яго гаспадаркі. Капіталістычныя выраблялі прадукцыю на продаж. Меньшая даходнасць прыгонных мануфактур у параўнанні з прадпрыемствамі, на якіх працавалі вольнанаёмныя рабочыя, з’яўлялася пацвярджэннем крызісу прыгоннай гаспадаркі.

У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. кола мануфактур пашырылася. У 1801-1805 гг. у беларускіх губернях было больш за 300 прадпрыемстваў. З 50-х гг. XIX ст. пачаўся хуткі рост капіталістычных мануфактур з вольнанаёмнымі рабочымі. Уласнікамі мануфактур з’яўляліся купцы, мяшчане і рамесніцкія майстры. На 57 капіталістычных мануфактур у 1860 г. працавала 1.746 рабочых, яны выпускалі прадукцыі на 752 тыс. руб., гэта каля 48% прадукцыі ўсіх мануфактур.

Адначасова (другая чвэрць XIX ст.) адбывалася ўзбуйненне вотчынных мануфактур. Іх частка адносілася да тыпу фабрычна-завоцкіх прадпрыемстваў. Арандатары вотчынных мануфактур выкупалі станкі, будынкі, зямлю і перабудоўвалі прадпрыемствы на капіталістычны лад (металургічны завод у Налібоках).

Першыя фабрыкі і заводы ў Беларусі, як і мануфактуры, былі прыгоннымі. Паравыя машыны ў беларускай прамысловасці з’явіліся ў 20-я гг. XIX ст. на суконных прадпрыемствах памешчыка Пуслоўскага ў мястэчках Хомску Кобрынскага і Косаве Слонімскага паветаў. У 1841 г. узнік мукамольны завод капіталістычнага тыпу ў Магілёве, ён быў аснашчаны паравым рухавіком, размяшчаўся ў цагляным будынку, усе рабочыя былі вольнанаёмнымі, затым цукровы завод у Беліцы.

Сярод рэгіенаў лідыравалі Гродзенская губерня (суконныя прадпрыемствы) і Магілёўская губерня, адставала Мінская губерня. Кошт прадукцыі фабрычнай прамысловасці Беларусі ў 1852 г. склаў 2,5 млн. руб., у 1859 г. – амаль 5 млн. руб. Размяшчэнне прадпрыемстваў залежала ад транспартных шляхоў, крыніц сыравіны і працоўнай сілы. Дамінуючымі галінамі фабрычна-завадской прамысловасці ў гэты перыяд былі суконная, папяровая і шкляная. Другасны характар мелі палатняная, дывановая, канатная, медная і некаторыя іншыя галіны.

На працягу першай паловы XIX ст. дробная вытворчасць у прамысловасці пераважала. Хаця колькасць прадпрыемстваў у ей у параўнанні з 1796 г. скарацілася ў 2,3 раза, але аб’ём прадукцыі вырас да 7.105 тыс. руб. Гэта ўдвая больш за мануфактурную і фабрычную вытворчасці разам. Так сама пануючай яшчэ заставалася прамысловасць, заснаваная на прыгоннай працы. Па колькасці прадпрыемстваў на 1860 г. яна пераўзыходзіла капіталістычную ў 1,5 раза, па колькасці рабочых у 1,8 раза, па валавой прадукцыі ў 2,8 раза.

З 1796 па 1861 г. адбываўся рост гарадоў. Насельніцтва гарадоў павялічылася ў 4 разы – з 80 да 320 тыс. Там зменьшылася колькасць і ўдзельная вага пануючага класа феадальнага грамадства (дваран і духавенства), павялічылася колькасць купцоў, рамеснікаў і працуючых па найму.

Больш заметнымі сталі перамены ў нацыянальным складзе гарацкога насельніцтва Беларусі, значна вырасла колькасць яўрэяў (прычына – існаванне “мяжы аседласці”) і рускіх (новае чыноўніцтва).

Развіццю гандлю спрыяў рост колькасці вольнанаёмных рабочых. Да 40-50-х гг. XIX ст. у гарадах і мястэчках вырасла колькасць купецтва, з’яўляецца катэгорыя гандлюючых сялян. Асноўнай формай гандлёвых адносін у 30-50-я гг. XIX ст. былі кірмашы. Самыя вялікія былі ў Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях, нязначныя – у Віленскай і Мінскай (на Беларусі быў 351 кірмаш з прывозам на 7,4 млн. руб.). Буйнымі былі кірмашы ў мястэчку Зэльва Гродзенскай губерні (721 тыс. руб.), у Бешанковічах (664 тыс. руб.) і ў Любавічах Магілеўскай губерні (501 тыс. руб.). Развозна-разносны гандаль у гарадах, мястэчках і сельскай мясцовасці пасля кірмашоў займаў другое месца. Базары існавалі амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі. Стацыянарны гандаль адбываўся ў штодзённа працуючых гандлёвых установах – лаўках, крамах, магазінах, піцейных дамах, карчмах, кавярнях і г.д.

Знешні гандаль у асноўным вёўся па рэках і каналах. Галоўны гандлёвы шлях – Днепр, асноўны пункт транзітнага гандлю – Юрбург на р. Нёман (сучасны горад Літвы Юрбаркас). 3 Беларусі тавары траплялі ў еўрапейскія і азіяцкія краіны і калоніі Амерыканскага кантынента. За мяжу з беларускіх губерняў вывозілі прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, лес і драўляныя вырабы, прадукцыю перапрацоўчай прамысловасці. Імпартаваліся еўрапейскія фабрычныя тавары, металы, соль, рыба, вінаградныя віны, садавіна, машыны і абсталяванне. Працягваўся традыцыйны гандлёвы абмен з царствам Польскім, але з апошнім у Расійскай імперыі з 1822 па 1850 г. існавала мытная мяжа.

Між тым як унутраны, так і знешні гандаль развіваўся марудна. Яго развіццю ў вялікай ступені перашкаджаў кепскі стан шляхоў зносін. Тэмпы росту гандлю ў 50-я гг. XIX ст. у параўнанні з другой паловай XVIII ст. знізіліся.

Першая палова XIX ст. – перыяд далейшага фарміравання капіталістычных адносін. Аб гатым сведчылі новыя капіталістычныя мануфактуры, заводы і фабрыкі, дзе працавалі вольнанаёмныя рабочыя, укаранялася паравая машынная тэхніка. Але тэмпы прамысловага развіцця беларускіх губерній былі ніжэйшымі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Еўрапейскай часткі Расіі. Галоўныя прычыны – панаванне прыгоннай сістэмы гаспадарання і канкурэнцыя з боку расійскай і польскай прамысловасці, якія мелі значную перавагу ў сваім развіцці.

Спробы гаспадарчых рэформаў. Крызісныя з’явы ў гаспадарцы прымушалі царскія ўлады рабіць пэўныя захады па рэфарміраванню існуючых парадкаў. Першыя спарадычныя меры прымаліся яшчэ ў пачатку стагоддзя, Але былі непаслядоўнымі і абмежаванымі. Так, у 1801 г. Расійскі ўрад даў дазвол набываць і прадаваць землі купцам, мяшчанам і дзяржаўным сялянам (упершыню купцы і мяшчане Беларусі набылі гэта права яшчэ ў 1775 г. згодна з пастановай Сейму Рэчы Паспалітай). А ў 1803 г. быў выдадзены ўказ аб так званых “вольных хлебапашцах”. Памешчыкі мелі права адпускаць прыгонных з зямлёй за вялізны выкуп, але за імі заставаліся павіннасці згодна з узаемным дагаворам. У 1848 г. вольныя хлебаробы былі ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.

Інвентарная рэформа 1844-1857 гг.. З мэтай абмежаваць бескантрольную ўладу памешчыкаў, царскі ўрад увеў абавязковыя інвентары – гаспадарчае апісанне памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй колькасці прыгонных, памераў зямельных надзелаў, выконваемых павіннасцяў. У 1844 г. было зацверджана палажэнне аб стварэнні дваранскіх камітэтаў у заходніх губернях для складання абавязковых інвентароў памешчыцкіх маёнткаў. У камітэтах ўдзельнічалі самі памешчыкі, таму складзеные імі інвентары сялянам палёгкі не неслі.

Па інвентарах уся зямля, якая знаходзілася ў фактычным карыстанні сялян, захоўвалася за імі. Для вызначэння павіннасцей за аснову была прынята трэцяя частка даходу з вылучаных сялянам зямель. Інвентарныя правілы часта парушаліся памешчыкамі, тым не менш дзяржава ў некаторай ступені ахоўвала сялян ад празмерных апетытаў іх гаспадароў. Да 1857 г. інвентары былі ўведзены толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў (сяляне актыўна супрацьдзейнічалі іх ўвядзенню), таму можна гаварыць аб правале рэформы.

Адначасова ў сістэме кіравання дзяржаўнай маёмасцю (каля 465 тыс. сялян на Беларусі) патрабавалася рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Яна была праведзена ў 1837-1841 гг. міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым. Рэформа мела тры накірункі: рэформа кіравання дзяржаўнай вёскай; “папячыцельская” палітыка; “люстрацыі дзяржаўных маёмасцяў”.

Рэформа кіравання вёскай пачалася ў 1837 г. згодна з спецыяльным палажэннем. Была адменена арэнда дзяржаўных маёнткаў, і быў створаны бюракратычны аппарат кіравання сялянамі, утрыманне якога лягло на плечы дзяржаўных сялян.

“Папячыцельская палітыка” ўключала арганізацыю харчовай дапамогі сялянам, арганізацыю пачатковага навучання для дзяцей і арганізацыю медыцынскай дапамогі. Харчовая дапамога на выпадак перыядычных неўраджаяў складалася ў стварэнні грамадскіх запасаў зерня. Галоўнай крыніцай папаўнення кармоў служылі грамацкія заворванні. Аднак колькасць хлеба ў крамах не павялічвалася. Не лепш былі справы і з іншымі пачынаннямі «папячыцельскай палітыкі». Да таго ж мерапрыемствы папячыцельства фінансаваліся не дзяржавай, а з сум сялянскіх капіталаў і грамадскага збору.

Мэта люстрацыі дзяржаўных маёмасцяў – павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўнай вёскі праз ліквідацыю сялянскага малазямелля (пераразмеркаванне зямельнага фонду паміж маёнткамі і перасяленне сялян) і рэгламентацыю і ўніфікацыю павіннасцяў. Яна праводзілася ў два этапы: да 1844 г. з захаваннем фальварачна-баршчыннай сістэмы, і з 1844 г. па 1857 г. – паскораны ўвод аброчнай сістэмы.

Гэта сялянская рэформа мела буржуазны характар, бо спрыяла пашырэнню таварна-грашовых адносін на вёсцы.

Акрамя таго, у першай палове стагоддзя былі праведзены гільдэйская рэформа 1824 г. і грашовая рэформа 1839-1843 гг. (міністрам фінансаў Е.Ф. Канкрыным).

Мэта першай рэформы была ў пашырэнні правоў купецтва трэцяй гільдыі. Больш таго, акрамя купецтва іншыя асобы (мяшчане, сяляне, рамеснікі) атрымалі права набываць гільдэйскія пасведчанні. Сяляне мелі права трымаць ткацкія станкі, мяшчане маглі закупаць і перапрадаваць сельскагаспадарчыя тавары, аднак на абмежаванай тэрыторыі.

Сутнасць грашовай рэформы была ў замене папяровых грошай (асігнацый) на крэдытныя білеты, якія павінны былі свабодна разменьвацца на срэбра. У сваю чаргу, срэбраная манета вызначалася як галоўная манета абарачэння, мера ўсіх грашовых папер, каштоўных папер і аблігацый. Рэформа мела станоўчы вынік, бо дапамагла ўмацаваць фінансы дзяржавы.

Праведзеныя рэформы садзейнічалі пашырэнню таварна-грашовых адносін у феадальнай гаспадарцы. Але асноўная іх мэта – захаваць феадальнае землеўладанне і прыгонную сістэму. Таму рэформы кардынальна не вырашылі праблему адставання гаспадарчага развіцця ўсёй дзяржавы і Беларусі як яе часткі ад перадавых краін.

4. Паўстанне 1863-1864 гг.

Пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг. польская шляхта разам з апалячанай беларускай шляхтай не страцілі надзею зноў вярнуцца да аднаўлення былой Рэчы Паспалітай. Спрыяльныя ўмовы склаліся на мяжы 50-60-х гг. Расійская імперыя пацярпела паражэнне ў Крымскай вайне, у імперыі колькасна і якасна раслі сялянскія хваляванні. Да таго новы цар – Аляксандр II вызначаўся сваімі ліберальнымі поглядамі. Аднак сярод удзельнікаў барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці Польшчы ўжо не было таго адноснага адзінства, якое яны мелі тры дзесяцігоддзі таму. З’явілася ўплывовая рэвалюцыйна-дэмакратычная плынь, якая акрамя аднаўлення дзяржаўнасці ставіла яшчэ шмат іншых мэтаў.

Напярэдадні паўстання аформіліся лагеры “белых” і “чырвоных”. Белыя прадстаўлялі інтарэсы буйной буржуазіі і заможнага шляхецтва. Яны спадзяваліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года пры дапамозе ваеннага і дыпламатычнага націску на Пецярбург заходнееўрапейскіх краін, а так сама праз мірныя працэсіі і калектыўныя заявы на імя цара. Гэта было кансерватыўнае крыло паўстанцаў, якое не жадала актыўных ваенных дзеянняў супраць рускіх улад і асабліва не жадалі дапускаць удзелу сялян у паўстанні, калі яно ўсеж-такі пачнецца.

“Чырвоныя” – гэта прадстаўнікі дробнай і беззямельнай шляхты, інтэлігенцыі, гараджан, студэнцтва і часткова сялянства. Яны былі больш неаднародным блокам, у сваю чаргу падзяляліся на левых і правых. Правыя былі больш памяркоўнымі. У сваіх мэтах яны дапускалі самавызначэнне для беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў у межах адноўленай Рэчы Паспалітай. Для сялян яны прапанавалі ва ўласнасць іх зямельныя надзелы з адменай часоваабавязанага становішча, але свае маёнткавыя землі аддаваць адмаўляліся. Дасягнуць гэтых мэт трэба было праз агульнанацыянальнае польскае паўстанне. Больш радыкальныя патрабаванні азвучылі левыя – ці рэвалюцыянер-дэмакраты. Яны імкнуліся стварыць дэмакратычную народную дзяржаву, агучылі права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, украінцаў, літоўцаў. Левыя патрабавалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне і перадаць усю зямлю сялянам, а сялян актыўна прыцягваць да ўзброенага паўстання, нават пераўтварыць паўстанне ў сялянскую (народную) рэвалюцыю. Залог поспеху паўстання яны бачылі і ў саюзе з рэвалюцыйнымі сіламі Расіі. Вядома, такія супярэчнасці не спрыялі адзінству ў радах паўстанцаў.

Для кіравання падрыхтоўкай паўстання “чырвоныя” вясной 1862 г. стварылі ў Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт, які потым кантралявалі “белыя”, а летам 1862 г. у Вільні ўтварыўся Літоўскі правінцыяльны камітэт – у які ўваходзілі і “чырвоныя” і “белыя”. Актыўную дзейнасць павялі “чырвоныя”, у прыватнасці, левае іх крыло. Збіраліся сродкі на паўстанне, ствараліся мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі. З чэрвеня 1862 па май 1863 год К.Каліноўскі, В.Урублеўскі і Ф.Ражанскі выдаюць 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда” – агітацыйнага выдання, арыентаванага на сялянства. Аднак, вялікага поспеха газета не мела, часта сяляне нават здавалі тых, хто прывозіў ім гэтыя пракламацыі. Газеты пісаліся на беларускай мове, але друкаваліся лацінкай, на той час больш вядомай беларускаму насельніцтву.

Паўстанне пачалося ў Варшаве ў ноч з 22 на 23 студзеня 1863 года без узгаднення з ЛПК. Але праграмму ЦНК падтрымаў і ЛПК, які выдаў Маніфест Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. У ім абвяшчалася раўнапраўе ўсіх грамадзян, сялянскія надзелы аб’яўляліся ўласнай маёмасцю сялян, адмяняліся феадальныя павіннасці, беззямельныя сяляне атрымлівалі невялікія надзелы. Але адначасова захоўвалася памешчыцкае землеўладанне і выкупная здзелка не была адменена. Маніфест з’яўляўся буржуазнай рэвалюцыйнай праграмай.

1 лютага 1863 года ЛПК звярнуўся з адозвай да насельніцтва Беларусі і Літвы прыняць удзел у паўстанні. Калі ў студзені паўстанцкія атрады дзейнічалі дзе-нідзе, то ў сакавіку-красавіку 1863 года яны былі сфарміраваны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У красавіку нават быў захоплены павятовы горад Горкі (Магілёўская губерня), гэтаму паспрыялі студэнты мясцовага аграрнага інстытута. У атрадах, якімі кіравалі прадстаўнікі левага крыла “чырвоных”, прымалі актыўны ўдзел і сяляне, але ўвогуле іх колькасць сярод паўстанцаў не была вызначальнай – толькі каля 20%. Гэта было вынікам значных уступак сялянам з боку ўрада, а так сама супрацьдзеяннем “белых”. “Белыя” ў сакавіку 1863 года па ўказанні з Варшавы (ЦНК) захапілі ўладу і пераўтварылі ЛПК у “Адзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы”, быў узяты курс на згортванне ваенных дзеянняў. К.Каліноўскі вымушаны быў падпарадкавацца, каб не ўносіць раскол у паўстанцкія рады. Ён узначаліў паўстанцкія атрады ў Гродзенскай губерніі.

Царскі ўрад хутка кінуў вялікія сілы на падаўленне паўстання. Неабмежаваныя паўнамоцтвы атрымаў новы Віленскі генерал-губернатар М.М.Мураўёў, які меў вопыт падаўлення паўстання 1830-1831 гадоў. Актыўныя дзеянні Мураўёва, разнагалоссі паміж паўстанцамі паўплывалі на яго вынік. У маі 1863 года Мураўёў прыбыў у Вільню, у маі адбылася буйная, але безвыніковая бітва каля вескі Мілавіды Слонімскага павета, і ў маі паўстанне было задушана на большай частцы Беларусі – ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях. Толькі ў Гродзенскай атрады Каліноўскага яшчэ супраціўляліся. Да чэрвеня 1863 года “белае” кіраўніцтва паўстання збегла ў эміграцыю, іх замянілі “чырвоныя”, якія спрабавалі дабіцца пералома на сваю карысць. Але ініцыятыва ўжо даўно перайшла да рускіх войск і адміністрацыі М.М.Мураўёва. Восенню 1863 года на Беларусі паўстанне практычна было падаўлена. У студзені 1864 года ўлады арыштавалі Каліноўскага, а пакаралі смерцю яго 10 сакавіка 1864 года. У апошнія тыдні свайго жыцця К.Каліноўскі напісаў і перадаў на волю “Лісты з-пад шыбеніцы”, у якіх ён заклікаў беларусаў змагацца “...за сваю Бацькаўшчыну”, ён не прызнаваў права ўладарыць на беларускай зямлі ні для польскага, ні для рускага ўрадаў. Такім чынам, “Лісты з-пад шыбеніцы” ўпершыню закранаюць праблему афармлення беларускай нацыянальнай ідэі. Па сваёй сутнасці паўстанне 1863 года было дэмакратычнай рэвалюцыяй, накіраванай супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці.

Пасля падаўлення паўстання ўрад пачаў праводзіць цэлы шэраг адкрытых і патаемных мерапрыемстваў, якія павінны былі прадухіліць у далейшым выступленні супраць расійскага ўрада ў Паўночна-Заходнім крае. Распрацаваны гэты мерапрыемствы былі ў сценах Заходняга камітэта, які дзейнічаў з 2 кастрычніка 1862 па студзень 1865 года ў Пецярбургу.

Удзельнікі паўстання, якія былі схоплены ўладамі, падвяргаліся рэпрэсіям. 128 паўстанцаў было пакарана смерцю, больш за 10 тысяч саслана на катаргу ці на пасяленне на акраіны імперыі. Маёнткі памешчыкаў-удзельнікаў паўстання канфіскаваліся і прадаваліся выхадцам з цэнтральных расійскіх губерняў па сімвалічных коштах. Землеўладальнікам-каталікам (іх лічылі палякамі) забаранялася пакупаць і арандаваць зямельную маёмасць ў крае, а для сялян-каталікоў уводзілася абмежаванне ў 60 дзесяцін на гаспадарку. Змяняліся ўмовы правядзення сялянскай рэформы, урад пайшоў на значныя ўступкі.

Быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарачалася колькасць сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў, у пакінутых установах уводзіўся паліцэйскі і царкоўны кантроль за выкладаннем. Было забаронена выкладанне польскай мовы, замест яе выкладалася руская. Праводзілася палітыка “ратацыі” дробнага чыноўніцтва. Мясцовае пераводзілася ў цэнтральныя губерні, замянялася рускім чыноўніцтвам. Зноў аднавіўся ў 1864 годзе “разбор” шляхты – патрабаванне дакументальна падцвердзіць сваё шляхецтва. Каталіцкае духавенства канчаткова страціла давер уладаў, таму апошнія манастыры зачыняліся, касцёлы перадавалі праваслаўнай царкве. Да тагож, з-за паўстання на Беларусі буржуазныя рэформы былі праведзены з істотнымі абмежаваннямі, а Земская рэформа наогул затрымалася амаль на 50 год.

Але паўстанне паўплывала на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Расіі і Еўропе, і самае галоўнае – садзейнічала абуджэнню беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

5. Вызваленчая барацьба ў 60–90-я гг. XIX ст.

Сялянскі рух. Сялянская рэформа не задаволіла сялянства. Большая частка зямель засталося ва ўладанні памешчыкаў, за памешчыкамі заставаліся і сервітуты. Яны закабалялі сялян, выкарыстоўваючы патрэбу сялян у зямлі. Высокая грашовая плата за арэнду, рознага рода “адработкі” нівеліравалі станоўчыя вынікі рэформы. Да таго, сялянства хутка абеззямельвалася ў выніку хуткага росту насельніцтва.

Калі адразу пасля рэформы, ў 1860-я гг. наглядаўся рэзкі спад выступленняў сялян, то ў 1870-я і асабліва ў 1890-я гг. наглядаецца значны іх рост. Патрабаванні сялян былі простыя – вяртанне “адрэзкаў”, памяньшэнне падаткаў і павіннасцяў, ліквідацыя саслоўнай няроўнасці і паліцэйскага нагляду. Да традыцыйных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі дадаюцца канфлікты паміж беднымі сялянамі і новай сялянскай буржуазіяй – кулакамі, якія эксплуатавалі сваіх былых суседзяў не менш актыўна за дваранства.

Адметнай формай сялянскага руху ў тыя часы было імкненне да перасялення на свабодныя землі ў Сібір і паўднёва-расійскія губерніі. Асабліва яно было пашырана ў усходніх рэгіёнах Беларусі, дзе асабліва вострай была праблема малазямелля і ўвогуле глебы былі неякаснымі. Паступова ў непісьменнае і маласвядомае сялянства пачалі пранікаць элементы грамадзянскасці, што мела вынікам большую арганізаванасць выступленняў. Для барацьбы з імі адміністрацыя прыцягвала вайсковыя каманды.

Народніцтва звязана з разначынным этапам вызваленчага руху, які прыйшоў на змену дваранскаму і будзе ў сваю чаргу зменены пралетарскім. Сялянская рэформа 1861 г. была вельмі непаслядоўнай. Яна вызвала рэзкае незадавальненне сялянства. Але яшчэ яна вызвала і шырокі рух разначыннай інтэлігенцыі, якая шукала шляхі сацыяльнай перабудовы Расіі, зыходзячы з асаблівасцей яе развіцця. А.І.Герцэн і М.Г.Чарнышэўскі прапагандавалі магчымасць пераходу Расіі ад феадалізму адразу да сацыялізму мінуючы капіталізм з дапамогай арцелі і сялянскай абшчыны, якая ідэалізавалася і ўспрымалася як галоўная ячэйка сацыялістычнага грамадства. Гэты “аграрны сацыялізм” Герцэна і быў пакладзены ў падмурак ідэалогіі народнікаў. У народніцтве перапляталіся рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі і сялянскі ўтапічны сацыялізм.

У народніцтве развівалася два накірункі – рэвалюцыйны (неабходнасць усерасійскага сялянскага паўстання) і рэфарматарска-ліберальны (праз рэформы). Першай народніцкай арганізацыяй была “Зямля і воля” (1861-1864 гг.). У склад яе ў 1862 годзе ўвайшоў “Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы”, палову якога складалі выхадцы з Беларусі. Праграма “ЗВ” – гэта права кожнага на зямлю, самакіраванне сялянскіх абшчын, добраахвотная федэрацыя абласцей, выбарны ўрад. “ЗВ” актыўна падтрымала паўстанне 1863 года, у прыватнасці, пазіцыю “чырвоных”. Але намаганні пашырыць паўстанне на расійскія губерніі скончыліся безвынікова, пасля падаўлення паўстання і арышту шэрага кіраўнікоў арганізацыі яна самараспусцілася вясной 1864 года.

У 1870-1880-х гадах аформілася тры праграмы народніцтва – прапагандысцкая (П.Лаўроў), анархічная-бунтарская (М.Бакунін), згодніцкая (Л.Ткачоў). Большасць народніцкіх арганізацый кіравалася ідэямі М.Бакуніна, які зыходзіў з прынцыпа “ўсё для народа, усё сіламі народа” – што азначае дасягнення сацыялізму праз усерасійскае сялянскае паўстанне. П.Лаўроў выступаў за больш грунтоўную падрыхтоўку да рэвалюцыі. У 1876 годзе пачала дзейнічаць другая “Зямля і воля”, якая акрамя арганізацый у галоўных гарадах імперыі мела так сама гурткі і на Беларусі. Так, у 1877 годзе М.Велер арганізаваў гурток у Мінску. Шмат беларусаў было і ў іншых мясцовых і цэнтральных оаранізацыях “ЗВ” – гэта М.Судзілоўскі, К.Брэшка-Брэшкоўская, г.Ісаеў, С.Гаховіч, М.Янчэўскі, А.Зундзіловіч. Кіраўнікі землявольцаў (М.Пляханаў, А.Міхайлаў, А.Абалешаў) імкнуліся стварыць моцную дысцыплінаваную арганізацыю рэвалюцыянераў. Праграма “ЗВ” прадугледжвала правядзенне сялянскай рэвалюцыі, нацыяналізацыю зямлі, замену імперыі федэрацыяй абшчын. Прадугледжвалася так сама фізічнае знішчэнне найбольш шкодных ці выдатных асоб з урада. Па сутнасці, праграма была пабудавана пад уплывам ідэй М.Бакуніна.

Народавальцы сутыкнуліся з непрадбачанымі цяжкасцямі. Хаджэнне ў народ скончылася правалам – большасць “хадакоў” сялянамі было здадзена ў паліцыю, а ўрад узмацніў рэпрэсіі. У выніку абвастрыліся супярэчнасці ўнутры арганізацыі паміж прыхільнікамі прапаганды і тэрору. Гэтыя супярэчнасці прывялі да расколу “ЗВ” у 1879 годзе на “Чорны перадзел” і “Народную волю”. Лідэр “Чорнага перадзелу” М.Пляханаў адмовіўся ад палітычнай барацьбы, галоўным накірункам дзейнасці лічыў ажыццяўленне перадзелу зямлі памешчыкаў паміж сялянаў – адсюль і назва арганізацыі. Спачатку большасць народніцкіх арганізацый Беларусі стала на бок “ЧП”, у Мінску нават была заснавана цэнтральная тыпаграфія арганізацыі, некаторы час тут працаваў М.Пляханаў і беларус А.В.Бонч-Асмалоўскі. Аднак, у 1881 годзе арганізацыі “ЧП” у імперыі былі выкрыты і разгромлены, і кіраўнікі апынуліся за кратамі ці ў вымушанай эміграцыі. Таму народнікі падаліся больш на бок “Народнай волі”.

Кіраўнікі “Народнай волі” лічылі магчымым адначасова ажыццявіць сацыяльны і палітычны пераварот, апошні – шляхам сістэматычнага тэрору, які падтрымае ўсё грамадства. Сігналам да народнага паўстання яны лічылі забойства цара. Але восьмы замах на Аляксандра II Вызваліцеля, здзейснены беларусам з Мазыршчыны Ігнатам Грынявіцкім, вызваў у грамадстве зусім іншую рэакцыю, не тую, на якую разлічвалі тэрарысты. Наадварот – распачатыя рэпрэсіі абяскровілі народавольчаскія цэнтры. Негледзячы на тое, што на пазіцыі “НВ” перайшло шмат чорнаперадзельцаў і на Беларусь ў 1881 годзе прыехалі лідары “НВ” Р.Альпенберг, М.Грачэўскі, М.Аўчыннікаў, была разгромлена “Паўночна-Заходняя арганізацыя Народнай волі”, створаная ў 1882 годзе на базе беларускіх гурткоў “НВ” з кіруючым цэнтрам у Вільні. Аднак народніцкія гурткі працягвалі існаваць у беларускіх гарадах, пераважна сярод вучнёўскай моладзі.

Праграма “НВ” была досыць папулярная ў асяроддзі сацыялістычных гурткоў 1880-х гг. З дзейнасцю рэвалюцыйных народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса і ўзнікненне першых рабочых гурткоў. У 1890-х гадах народавольчаскія і блізкія да іх арганізацыі пачалі выкарыстоўваць іншую саманазву – “сацыялісты-рэвалюцыянеры”.

Беларускае ідэйнае народніцтва. На Беларусі ідэі народнікаў падзялялі кіраўнікі “правага” крыла “чырвоных” пад час паўстання 1863 года – гэта К.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.Серакоўскі. А з 1874 года ў Пецярбургу пачалі ўтварацца нелегальныя гурткі студэнтаў навучальных устаноў, выхадцаў з беларускіх губерняў. На пачатак 1880-х гадоў наспела неабходнасць стварыць цэнтр беларускага народніцтва ў Пецярбурге, і зроблена гэта было на базе беларускага студэнцкага зямляцтва. Ідэйна неабходнасць беларускага народніцкага руха абгрунтоўвалася яшчэ І.Грынявіцкім і ў ананімных адозвах да беларускага студэнцтва. У 1881 годзе ў адозве “Да беларускай моладзі” ёсць заклік дзейнічаць на карысць Беларусі, але пакуль яшчэ ў межах існуючай палітычнай сістэмы. Прыкладна такіе па складу і “Лісты аб Беларусі”, якія выйшлі ў 1882 годзе пад псеўданімам Даніла Баравік. Але гэта згодніцкая пазіцыя не ўсімі была падтрымана. У 1884 годзе Шчыры Беларус заклікае звергнуць цара разам з іншымі рэвалюцыйнымі сіламі Расіі. У тым жа годзе студэнты пецярбургскіх ВНУ А.Марчанка, Х.Ратнер, М.Стацкевіч, У.Крупскі структурна аформілі Беларускую сацыял-рэвалюцыйную групу “Гоман”, якая існавала з пачатку 1880-х гадоў і пачалі выдаваць аднайменны часопіс (выйшла 2 нумары). Гоманаўцы падзялялі асноўныя палажэнні праграмы “Народнай волі”, але дадаткова яны выступалі за аб’яднанне ўсіх рэвалюцыйных сіл імперыі і распрацавалі пытанне аб існаванні асобнай беларускай нацыі, выставілі патрабаванне сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларусаў у супрацлегласць да афіцыйнай тэорыі “заходнерусізму”. Гоманаўцы так сама спрабавалі абвясціць сябе цэнтрам усіх народніцкіх арганізацый Беларусі, але стварыць адзіную народніцкую беларускую арганізацыю не здолелі – вельмі добра працавала царская сыскная паліцыя і існавалі разнагалоссі паміж мясцовымі гурткамі. З разгромам “НВ” перастала існаваць і група “Гоман”.

У 1884-1895 гг. галоўнае месца ў народніцкім рухе занялі ліберальныя народнікі, праграма якіх мела буржуазна-рэфармісцкі характар і была разлічана на паляпшэнне становішча дробных вытворцаў пры захаванні асноў дзяржаўнага і грамадскага ладу. Некаторыя ідэі ліберальнага пародніцтва прапагандаваліся ў газеце “Мінскі лісток”. Ліберальныя народнікі на Беларусі выступалі за ўмацаванне сялянскага землеўладання, за наданне ільгот сялянам і спрабавалі праводзіць гэты накірунак праз мясцовы адзел Сялянскага Пазямельнага банка ў Мінску. Так сама народнікі ініцыявалі прабуджэнне цікавасці да гісторыі края і нацыянальнай культуры Беларусі.

6. Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 1860-1870-х гг.

У сярэдзіне XIX ст. Расійская імперыя стаяла ў кроке ад рэвалюцыйнага выбуху. Адсутнічалі станоўчыя вынікі папярэдняй палітыкі па сялянскаму пытанню. У 1858-1860 гг. толькі ў Беларусі адбылося звыш 40 буйных выступленняў сялян. Наглядаўся агульны крызіс гаспадаркі краіны. Рэзка вырасла запазычанасць памешчыкаў перад Дваранскім банкам, што гаварыла аб крызісе панскай гаспадаркі. Татальнае адставанне Расіі ад Еўропы выявілася пад час Крымскай вайны 1853-1856 гг.

Патрабавалася тэрміновае прыняцце мер па рэфармаванню краіны, і ў першую чаргу – трэба было адмяніць прыгонніцтва. На этане падрыхтоўкі рэформы ў студзені 1857 г. быў створаны «Сакрэтны камітэт па сялянскай справе». Ен збіраў пажаданні памешчыкаў аб умовах правядзення рэформы. Памешчыкі Беларусі і Літвы прапанавалі вызваліць сялян, але без зямлі.

20 лістапада 1857 г. віленскаму генерал-губернатару Ў.І.Назімаву быў накіраваны рэскрыпт ад імператара Аляксандра II – першы афіцыйны ўрадавы дакумент аб сялянскай рэформе. Ім дазвалялася стварыць у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях камітэты і агульную камісію ў Вільна для выпрацоўкі праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Згодна з рэскрыптам урад рэкамендаваў памешчыкам даць сялянам невялікія надзелы зямлі – іх сядзібы за выкуп, бо ўрад разумеў небяспечнасць беззямельнага вызвалення сялян.

8 студзеня 1858 г. «Сакрэтны камітэт» быў пераўтвораны ў Галоўны камітэт па ўпарадкаванні сельскага насельніцтва. Гэта было афіцыйным пачаткам рэфармавання. Ен збіраў прапановы ад усіх губернскіх камітэтаў імперыі. Беларускія памешчыкі адзінадушна прапанавалі вызваліць сялян без зямлі. Толькі Віцебскі і Магілёўскі камітэты былі не супраць надзялення сялян зямлей за выкуп. У гэтых губернях глеба была нізкай якасці, а большасць памешчыкаў атрымлівала даходы ў выглядзе аброку.

Асноўныя дакументы рэформы былі рапрацаваныя ў Рэдакцыйных камісіях. 19 лютага 1861 г. яны былі падпісаныя Аляксандрам II.

Маніфест аб адмене прыгоннага права аб’яўляў аб пачатку правядзення рэформы ў дзяржаве, указваў на прычыны і мэты рэформы.

У “Агульным палажэнні” змяшчаліся адзіныя для імперыі прынцыпы правядзення рэформы: памешчыкі былі ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы; частка зямлі адводзілася сялянам у пастаяннае карыстанне без права маёмасці; на 9 год уводзілася часоваабавязанае становішча сялян, і яны адпрацоўвалі паншчыну ці выплачвалі аброк ў поўным дарэформеным памеры, ім была забаронена пакідаць зямлю; уводзіліся ўстаўныя граматы, якія вызначалі пазямельнае ўпарадкаванне і павіннасці сялян на карысць памешчыка; але адмянялася асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў; сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы – яны маглі займацца промысламі, гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом.

Уласнікам зямлі селяніна рабіла выкупная здзелка. З пераходам на выкуп часоваабавязаныя адносіны спыняліся, сяляне залічваліся ў разрад уласнікаў. Правілы выкупу былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Выкупная сума была такога памеру каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20% выкупной сумы, астатнюю частку – 80% памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй выкупныя плацяжы і працэнты за ссуду (выплаты цалкам адменены 1 студзеня 1907 г.). Па сутнасці, сяляне выкупалі не зямлю, а кампенсавалі памешчыкам свае феадальныя павіннасці.

Утвараліся органы кіравання сялянамі – сельскія і валасныя ўправы. Яны кіравалі зборам подацяў, аб’яўлялі сялянам дзяржаўныя законы, сачылі за грамадскім парадкам. Для практычнага ажыццяўлення рэформаў 1861 г. былі ўведзены спецыяльныя пасады – міравыя пасрэднікі (прызначаліся з мясцовых памешчыкаў), павятовыя міравыя з’езды і губернскія ўстановы па сялянскіх справах.

«Мясцовае палажэнне для вялікарускіх, новарасійскіх і беларускіх губерняў» дзейнічала ў Магілёўскай і васьмі паветах Віцебскай губерні дзе панавала абшчыннае землекарыстанне. У ім былі вызначаны межы сялянскага надзелу – “вышэйшы” ад 4 да 5,5 дзесяціны і “ніжэйшы” ад 1 дзесяціны 800 кв. сажняў да 1 дзесяціны 200 кв. сажняў. У сялян з большым надзелам праводзілі адрэзкі. Так у Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку “адрэзак” сяляне страцілі ад 25 да 40% зямлі.

За карыстанне надзелам вызначаліся павіннасці – паншчына ці аброк і інш. Захоўвалася сельская абшчына, пры выкананні павіннасцяў уводзілася кругавая парука – багацейшыя абшчыннікі выконвалі павіннасці за бедных.

«Мясцовае палажэнне для Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветаў Віцебскай губерні» мела свае асаблівасці. Нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся, за сялянамі захоўваліся прысядзібныя і палявыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель. Але і сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Панскія лясы заставаліся выключна ў распараджэнні памешчыка, захоўвалася сервітутнае права. У выкананні павіннасцяў дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.

Дадатковыя правілы – яшчэ адна група дакументаў, якая адносіліся да асобных груп прыгоннага насельніцтва.

Сяляне засталіся незадаволеныя такой свабодай. Яны не падпарадкоўваліся загадам мясцовых улад, адмаўляліся адбываць паншчыну і выконваць павіннасці, адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы.

Усяго на Беларусі толькі ў 1862 г. адбылося звыш 150 сялянскіх выступленняў. У 1863 г. сялянскі рух пашырыўся і супаў па часе з нацыянальна-вызваленчым паўстаннем пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Апошняя акалічнасць вымусіла ўрад пайсці на значныя ўступкі. Так, з 1 мая 1863 г. часоваабавязанае становішча сялян Мінскай, Віленскай, Гродзенскай і часткова Віцебскай губерняў адмянялася, яны станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў. З 1 студзеня 1864 г. у астатніх паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў праводзілася такая ж працэдура. Значна змяншаліся выкупныя плацяжы, а 9 красавіка 1863 г. Былі створаны камісіі для праверкі памераў сялянскіх надзелаў. Зямлю атрымалі больш за 20 тыс. абеззямеленых двароў, іншым вярнулі адрэзкі. Хутка было завершана складанне выкупных актаў. Гэтыя палёгкі былі ініцыяваны Віленскім генерал-губернатарам М.М. Мураўёвым, які кіраваў падаўленнем паўстання 1863 г. Але да паўстання Мураўёў быў прыхільнікам жорскай палітыкі ў адносінах да сялян, і толькі неабходнасць недапусціць злучэння нацыянальна-вызваленчага і сялянскага руха прымусіла яго пайсці на ўступкі сялянам.

Пасля 1863 г. перагледзелі землеўпарадкаванне і дзяржаўных сялян (20% сельскага насельніцтва Беларусі). З 16 мая 1867 г. яны адразу пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў.

Такім чынам, на Беларусі адмена прыгонніцтва мела свае асаблівасці. Так, памеры сялянскіх надзелаў былі вышэйшымі, чым па Расіі. Былі зменшаны выкупныя суммы. Але захоўвалася памешчыцкае землеўладанне – у памешчыкаў знаходзілася больш паловы лепшай зямлі, а каля 40% сялян былі малазямельнымі. Захаваліся сервітуты, цераспалосіца і абшчыннае землекарыстанне ва ўсходняй частцы Беларусі. Сяляне атрымалі асабістыя і маёмасныя правы, саслоўнае самакіраванне. Быў створаны рынак рабочай сілы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Але калі адмена прыгонніцтва прайшло на больш спрыяльных умовах, то буржуазныя рэформы 60-70-х гг. на Беларусі мелі значныя абмежаванні.

Так, на Беларусі наогул не была праведзена земская рэформа, якая ўводзіла органы самакіравання, выбарныя ад усіх саслоўяў губернскія і павятовыя сходы (гаспадарчыя органы) і ўправы (выканаўчыя органы). Яны займаліся справамі мясцовай гаспадаркі, аховы здароў’я, адукацыі, добраўпарадкавання і дабрачыннасці. Выбарчая сістэма будавалася па прынцыпе маёмаснага цэнзу, таму ў сходах і ўправах была значная перавага дваран. На Беларусі пераважала апалячанае дваранства, апазіцыйнае царскаму ўраду. Таму ў беларускіх губернях рэформа была праведзена толькі ў 1911 г. з вялікімі абмежаваннямі для каталіцкага дваранства.

Гарадская рэформа 1870 г. (праведзена на Беларусі ў 1876 г.) мела мэтай упарадкаваць кіраванне гарадамі. Ствараліся органы кіравання – гарадскія думы і ўправы. На чале ўправы стаяў гарадскі галава, ён адначасова з’яўляўся і старшынёй гарадской думы. Выбары праходзілі на аснове маёмаснага цэнзу. Выбарчым правам карысталіся толькі плацельшчыкі гарадскіх падаткаў. У беларускіх гарадах, дзе большасць насельніцтва складалі “іншаверцы” – яўрэі, былі ўведзены абмежаванні для гэтай катэгорыі гараджан. Спачатку яны мелі права займаць 1/3 частку месцаў у органах гарадскога самакіравання, а ў выніку конррэформы – па новаму Гарадавому палажэнню 1892 г. – толькі 1/10 частку месц.

У распараджэнні гарадскіх дум і ўпраў былі пытанні развіцця прамысловасці і гандлю; арганізацыі адукацыі і медыцынскага абслугоўвання; утрымання пажарнай аховы, паліцыі і казармаў. Думы і ўправы не мелі органаў выканаўчай улады і падпарадкоўваліся губернатарам і міністру ўнутраных спраў.

У выніку судовай рэформы 1864 г. (на Беларусі пачалася ў 1872 г.) ліквідаваліся саслоўныя суды; утвараліся акруговыя суды і судовыя палаты; судовыя палаты разглядалі апеляцыі і займаліся палітычнымі справамі, абслугоўвалі некалькі губерняў; акруговыя суды ўтвараліся ў кожнай губерні; міравы суд разбіраў дробныя правапарушэнні. Суд станавіўся адкрытым, галосным і незалежным ад ураду; ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, для засведчання розных актаў была ўведзена пасада натарыўса.

На Беларусі міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся МУС. У 1900 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях быў уведзены інстытут земскіх начальнікаў. Яны прызначаліся з мясцовага дваранства і мелі права караць сялян без рашэння міравых судоў.

Судовая рэформа была значным крокам наперад у параўнанні з дарэформенным судом і адыграла вялікую ролю ў станаўленні буржуазных адносін у Расійскай імперыі.

Ваенная рэформа 1862 г. мела мэтай стварэнне арміі буржуазнага тыпу з кваліфікаваным асабістым саставам, сучаснай зброяй, добра падрыхтаванымі афіцэрскімі кадрамі. Імперыя была падзелена на 15 ваенных акруг (Віленская ўключала ўсю Беларусь). Адкрываліся ваенныя навучальныя ўстановы, на Беларусі гэта кадэцкія корпусы ў Полацку і Брэсце.

У 1874 г. быў выдадзены закон аб усеагульнай воінскай павіннасці мужчын, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Армія скарачалася ў мірны час і павялічвалася ў перыяд ваенных дзеянняў за кошт запаснікаў. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся.

З мэтай пашырэння магчымасцяў друку, у тым ліку мясцовага, была праведзена цэнзурная рэформа 1865 г. Згодна з ёй была адменена папярэдняя цэнзура для твораў аб’емам больш 10 друкаваных аркушаў, але заставалася абавязковая папярэдняя цэнзура для твораў меньшага аб’ему; абавязковая папярэдняя цэнзура існавала для правінцыяльных органаў перыядычнага друку.

Пасля рэформы актыўна пачалі адкрываца прыватныя тыпаграфіі, якія мелі сучаснае абсталяванне, з’яўляліся перадавымі прадпрыемствамі і склалі новую галіну вытворчасці.

Рэформа адукацыі прадугледжвала ўвядзенне новага ўніверсітэцкага статута, а так сама новага статута гімназіі (уводзіліся з 1864 г.). Атрымліваць адукацыю зараз маглі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Гімназіі былі двух тыпаў: класічныя і рэальныя. Класічная гімназія рыхтавала сваіх выхаванцаў да паступлення ва ўніверсітэты. Рэальныя гімназіі рыхтавалі вучняў да работы ў прамысловасці і гандлі.

У 1864 г. было зацверджана «Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах». Грамадскія ўстановы і прыватныя асобы з дазволу ўлад маглі адкрываць пачатковыя вучылішчы. Але на Беларусі народныя вучылішчы знаходзіліся пад дадатковым наглядам паліцыі і праваслаўнай царквы.

Рэформы 60-70-х гг. не краналі асноў самадзяржаўя і ў значнай ступені захоўвалі прывілеі дваранства, аднак садзейнічалі пераўтварэнню Расійскай дзяржавы з феадальнай манархіі ў буржуазную. І яшчэ, – на Беларусі буржуазныя рэформы былі праведзены з абмежаваннямі.

7. Эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя. Сельская гаспадарка ў 60–90-я гг. XIX ст.

Развіццё капіталістычнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы.

Памешчыцкая гаспадарка. У 60-70-я гг. у памешчыцкай гаспадарке ўсталявалася пераходная сістэма гаспадарання – адработачная сістэма, якая спалучала рысы феадальнай і капіталістычнай сістэм. Яе сутнасць – сяляне з прычыны эканамічнай неабходнасці арандавалі зямлю ў памешчыкаў, за што працавалі на зямлі памешчыка са сваім інвентаром і рабочай жывёлай. Пры капіталістычнай сістэме гаспадарання памешчыцкая зямля апрацоўвалася ўжо інвентаром і цяглай жывёлай уладальніка. Дэфіцыт сродкаў у часткі памешчыкаў не дазволіў ім адразу перайсці да капіталістычнага спосабу вытворчасці. Капіталістычная сістэма гаспадарання пераважала на захадзе Беларусі, а на ўсходзе – змешаная адработачна-капіталістычная.

Землеўладанне на Беларусі. Памешчыкам у другой палове 70-х гг. належала 8,7 млн. (50,5%) дзесяцін зямлі, казне – 1,6 млн. (9,9%), цэрквам і манастырам – 122,9 тыс. (0,7%) дзесяцін. Пераважала буйное землеўладанне (звыш 500 дзесяцін на ўладальніка).

Працэс пераходу да бессаслоўнага землеўладання адбываўся замаруджана. Прычынамі гэтага былі эканамічная ўстойлівасць буйных памешчыцкіх гаспадарак, арганізаваных на капіталістычны лад; абмежаванні, уведзеныя ўрадам пасля 1863 г., якія забаранялі каталікам набываць зямлю, сялянам-каталікам купляць больш за 60 дзесяцін на аднаго чалавека, і забараняла мець зямлю яўрэям; мэтанакіраванае насаджэнне землеўладання рускіх памешчыкаў.

Сельскагаспадарчая вытворчасць у памешчыцкай гаспадарке. Павелічэнне вытворчасці ішло экстэнсіўным шляхам, у выніку пашырэння пасяўных плошчаў. Вядучай галіной, як і раней, заставалася вытворчасць збожжа. Беларусь у 60–70-я гг. становіцца важным рэгіёнам экспарту збожжа (жыта, авёс, ячмень)за мяжу. Адначасова на Беларусь увозілася пшаніца.

Пачалі распаўсюджвацца мнагапольныя севазвароты, выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны (у Мінскай губерні ў 20% абследаваных маёнткаў). Капіталізм у памешчыцкай гаспадарцы рабіў першыя крокі.

Сялянская гаспадарка

Сярэдні надзел былых памешчыцкіх сялян вагаўся ад 3,9 да 5,1 дзесяцін на рэвізскую душу, а былых дзяржаўных ад 5,5 да 6 дзесяцін, а пражытачны мінімум забяспечваў надзел больш 8 дзесяцін зямлі на душу. Па дэмаграфічных прычынах надзелы хутка скарачаліся – да 1900 г. на душу прыходзілася ад 2,1 да 3,2 дзесяціны.

Галоўная галіна сялянскай гаспадаркі – земляробства. Раслі пасевы і ўраджайнасць збожжавых культур. Але хутчэй пашыраліся плошчы і раслі зборы кармавых і тэхнічных раслін. У гаспадарках заможных сялян выкарыстоўваліся палепшаныя прылады працы, штучныя ўгнаенні, сартавое насенне. За 60-90-х гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў сялян павялічылася на 50%, галоўным чынам у гаспадарках заможных сялян.

У другой палове XIX ст. на Беларусі сялянства давала каля 25% таварнага збожжа, 75% таварнага льну, значную частку бульбы, прадуктаў мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Тым не меньш, сялянская гаспадарка заставалася адсталай, аб гэтым сведчыць ручная праца, трохпольная сістэма, састарэлыя прылады працы – драўляная саха і барана.

Стрымліваючымі фактарамi развіцця сялянскай гаспадаркі былi: існаванне буйнога памешчыцкага землеўладання; шматлікія павіннасці; захаванне абшчыны; захаванне сервітутаў – уласнасці памешчыкаў, якой сяляне карысталіся на пэўных умовах; захаванне церазпалосіцы (на Беларусі пашырана больш, чым у Расіі).

Маёмаснае і класавае расслаенне сялянства паскорылася пасля рэформы 60-х гг., калі зямля стала аб’ектам свабоднай куплі-продажу. Яе сяляне набывалі праз Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Мэтамі дзейнасці банка былі выдача доўгатэрміновых пазык сялянам з мэтай куплі зямлі; дапамога памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах; банкаўская ацэнка прадаваемай зямлі. Да 1890 г. сялянскія таварыствы ў пяці беларускіх губернях набылі праз Сялянскі банк каля мільёна дзесяцін зямлі.

Сусветны аграрны крызіс 80-90-х гг. XIX ст.

Прычына крызісу: ўвоз у Еўропу таннага збожжа з Амерыкі, Канады, Аргенціны і Аўстраліі, гэта вызвала рэзкае падзенне цаны на збожжа. На Беларусі з 1881 да 1887 г. цэны на жыта знізіліся ў сярэднім у 2 разы.

Вынікі крызісу для Беларусі былi вызначальныя. Адбылася пераарыентацыя памешчыцкай гаспадаркі на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Для гэтага заводзілі жывёлу палепшаных парод. Пашырылася вытворчасць масла і сыру. Беларусь заняла трэцяе месца ў імперыі ў гэтай галіне вытворчасці. Памешчыкі пачалі шырока ўкараняць машынную тэхніку. Паскорыўся пераход да шматпольных севазваротаў, больш увагі надавалася несенняводству.

Не ўсе памешчыцкія гаспадаркі здолелі выйсьці з крызіса, так у 1899 г. у банкі было закладзена 56,8% панскіх маёнткаў. У выніку памяньшалася дваранскае землеўладанне і павялічвалася сялянскае – за 1877-1905 гг. імі куплена 1,6 млн. дзесяцін. Паскорылася дыферэнцыяцыя сялян (10% – заможныя, сераднякі – 32%, бедната – 60% на пачатак XX ст.). Пашырылася здача ў арэнду дваранскай зямлі (у 1887 г. – 2,5 млн. дзесяцін).

Яшчэ больш выразнай стала спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. Асноўныя галіны для Беларусі – малочная жывёлагадоўля, ільнаводства, бульбаводства. Ільнаводства было пашырана ў Віленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Лён прадаваўся на ўнутраным рынку і за мяжой у Германіі, Аўстра-Венгрыі. Канапляводства было пашырана ў Магілёўскай губерні. Рынак збыту пянькі – Англія (праз Рыгу) і Германія (праз Польшчу і Лібаву). Бульбаводства пашыралася па ўсіх беларускіх губернях. Бульба ўжывалася ў ежу, была асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці. Гандлёвае агародніцтва і садоўніцтва існавала ў асобных гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян і адыгрывала прыкметную ролю на мясцовым узроўні.

Пасля рэформы 1861 г. поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі стрымліваліся перажыткамі прыгонніцтва. Тым не менш, гаспадарка Беларусі здолела выйсці з ціскоў крызісу, знайсці сваё месца як ў расійскай, так і сусветнай гаспадарцы.

Развіццё капіталізму ў прамысловасці

Пасля 1861 г. прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць ў трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскай вытворчасці (буйной машыннай індустрыi). Але важную ролю мелі іншыя формы вытворчасці.

Рамесная вытворчасць на Беларусi мела свае асаблівасці развіцця. Вырасла прыкладна ў тры разы колькасць прадпрыемстваў (58,1 тыс.), рабочых (110 тыс.) і сумы вытворчасці (14,1 млн. руб.); адбывалася спецыялізацыя рамяства; побач з рамеснікам дзейнічаў пасрэднік – скупшчык.

Дробнакапіталістычныя прадпрыемствы (без паравых рухавікоў і з колькасцю наёмных рабочых ад 5 да 16 чалавек) пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці; вырасла iх колькасць да 17,1 тыс.; колькасць рабочых і сума вытворчасці (44 млн. руб.) Да 90-х гг. Дробнакапiталiстычныя прадпрыемствы выраблялі палову прамысловай прадукцыі Беларусі.

Перавага дробнакапіталістычных прадпрыемстваў на Беларусі мела свае падставы. Гэта iснаванне “мяжы аседласці яўрэйскага народа”. Яўрэі не мелі права валодаць зямлёй і пражываць на вёсцы, таму асноўнае іх заняцце – рамяство і дробны гандаль. Іншыя прычыны – адсутнасць на Беларусі буйных радовішчаў сыравіны для развiцця цяжкай прамысловасці; большая мабільнасць дробных прадпрыемстваў, што працавалі па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны; суседства Беларусі з буйнымі прамысловымі раёнамі царскай Расіі: Цэнтральным, Пецярбургскім, Прыбалтыйскім, Польскім, у якіх буйная прамысловасць пераважала над сярэдняй і дробнай.

Капіталістычная мануфактура – гэта прадпрыемствы з больш чым 16 рабочымі, дакладным падзелам працы, без паравых рухавікоў. На працягу разглядаемага перыяду вырасла іх колькасць – з 140 да 760. На канец стагоддзя мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, цагельнай, ганчарнай вытворчасці. Колькасць рабочых склала 28,8 тыс.

Фабрычна-завадская прамысловасць. Трэба выдзяліць два перыяды ў развіцці фабрычна-заводскай вытворчасці. 60-70-я гг. вызначаліся павольным ростам вытворчасці, панаваннем дробнатаварнай вытворчасці. 80-90-я гг. вызначаліся прамысловым пад’ёмам, ростам колькасці фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

Прамысловы пераварот (шырокае выкарыстанне паравых рухавікоў) пачаўся на Беларусі ў дарэформенны час. На Беларусі ён пачаўся ў металаперапрацоўчай і вінакурнай прамысловасці. Крычны спосаб атрымання жалеза быў заменены пудлінгавым у домнах. Прадпрыемствы з домнамі і паравымі рухавікамі – гэта Старынкаўскі чыгуналіцейны завод, Барысаўшчынскі металургічны завод, Налібоцкі металургічны камбінат. На першых двух да 1861 г. вырабляліся паравыя машыны. Асаблівасці прамысловага перавароту на Беларусі: ён завяршыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі, толькі ў канцы 90-х гг. бо асноўная колькасць буйных прадпрыемстваў была пабудавана ў 80-90-я гг., на сродкі акцыянерных кампаніі і банкаў. У 1890 г. фабрыкі і заводы Беларусі давалі 47,8% усёй прамысловай прадукцыі з рэгіёну, але захоўваўся нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытворчасці, пераважалі малыя і сярэднія прадпрыемствы (да 50 рабочых). Прадпрыемстваў з колькасцю рабочых больш за 500 было толькі 1% (па Расіі 3,5%).

Акцыянерныя кампаніі з’явіліся як вынік канцэнтрацыі вытворчасці. На Беларусі да 1900 г. дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якія адкрывалі буйныя прадпрыемствы. У стварэнні акцыянерных кампаній актыўны ўдзел прымалі банкі, якія валодалі значнымі капіталамі. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, пярвічная апрацоўка лесу і льну. Найбольш уплывовыя банкі: Мінскі камерцыйны банк (1873 г.) – вядучы ў рэгіёне; Азова-Данскі камерцыйны банк (з 1871 г. філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску); Пецярбургска-Азоўскі банк у 90-я гг. меў аддзяленне ў Мінску; Дзяржаўны банк меў 5 аддзяленняў у губернскіх гарадах; Віленскі прыватна-камерцыйны банк (філіялы ў Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме); Камерцыйны банк у Беластоку.

Фабрычна-заводская прамысловасць садзейнічала росту гарадоў. Але буйныя прамысловыя цэнтры на Беларусі не сфарміраваліся. Беларуская прамысловасці спецыялізавалася на перапрацоўцы сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны, прадпрыемствы размяшчаліся пераважна ў сельскай мясцовасці.

Галоўныя галіны вытворчасці на Беларусі – гэта харчовая (пераважна вінакурная) прамысловасць; дрэваапрацоўчая (запалкавая і папярова-друкарская); тэкстыльная; металаапрацоўчая прамысловасць разам з чыгуначнымі майстэрнямі; сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная прамысловасць, выраб шкла; гарбарная; хімічная прамысловасць.

Прамысловасць Беларусі знаходзілася ў залежнасці ад сусветных эканамічных крызісаў. Пад час крызісаў 1873-1875 і 1881-1882 гг. на Беларусі найбольшыя страты панеслі дробная вытворчасць і мануфактуры, але фабрычна-заводская прамысловасць не была закранута. Крызісы з’явіліся штуршком да замены дробнай і мануфактурнай прамысловасці фабрычнай. Бурны прамысловы ўздым прыйшоўся на 90-я гг. Пад час яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Асабліва хутка развівалася буйная прамысловасць (рост на 13,3%). З 1890 да 1900 г. узнікла 16 тыс. новых прадпрыемстваў; удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расіі склала каля 5%, колькасць рабочых 10%. У цэлым прамысловасць Беларусі ў параўнанні з іншымі раёнамі Расіі дасягнула сярэдняга ўзроўню развіцця.

Развіццё транспарту, сродкаў сувязі, гандлю. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту

Транспартная сетка на Беларусі ў гэты перыяд складалася з водных шляхоў, сухапутных шасэ, чыгунак.

Чыгуначнае будаўніцтва пачалося ў 60-я гг. Як вынiк – паскорылася развіццё прамысловасці, пашырыўся гандаль, вырасла таварнасць сельскай гаспадаркі, пашырыўся тэхнічны прагрэс, паскорылася спецыялізацыя эканомікі раёнаў, сфарміраваліся ўсерасійскі і абласныя рынкі, акрэсліўся грамадскі падзел працы, больш актыўнай стала міграцыя насельніцтва.

Пецярбургска-Варшаўская чыгунка – першая на Беларусі (прайшла праз Гродна ў 1862 г.). У 1866 г. адкрыты Дзвінска-Полацка-Віцебскі ўчастак Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 245 вёрстаў. Чыгунка склала значную канкурэнцыю суднаходству па Заходняй Дзвіне, паскорыла эканамічнае развіццё рэгіёну. Маскоўска-Брэсцкая чыгунка (70-я гг.) – важнейшая ў эканамічных і ваенных адносінах. Лібава-Роменская чыгунка (1871-1874 гг.) прайшла праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін. Мела важнае эканамічнае значэнне. Прывіслінская чыгунка (1873 г.) прайшла праз Брэст на Кіеў. Палескія чыгункі (80-я гг.) складаліся з некалькіх ліній, звязалі Пінск, Жабінку, Лунінец, Гомель, Беласток, Баранавічы, Бранск, Асіповічы, Старыя Дарогі паміж сабой і раней пабудаванымі чыгункамі. Мелі важнае эканамічнае значэнне. Пецярбургска-Адэская чыгунка (1902 г.) прайшла праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Жлобін.

У пачатку XX ст. Беларусь была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі ў Расіі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы.

Водныя шляхі зносін атрымалі другараднае значэнне. Тым не менш, грузапаток на іх таксама павялічваўся. Па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы плавала ў 1900 г. 310 непаравых і 23 паравыя судны. Хутка развівалася паравое суднаходства на Немане і Заходняй Дзвіне.

У гандлi на гэты час памяншацца роля кірмашоў, расце роля крамнага і магазіннага гандлю, у канцы XIX ст. склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі. Цэнтрамі абласных рынкаў становяцца найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар сувязяў паміж рынкамі вызначаўся асаблівасцю эканамічнага развіцця (спецыялізацыяй) кожнага з раёнаў. Да пачатку XX ст. Беларусь мела трывалыя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі Расіі, стала часткай усерасійскага рынку. Для гандлю Беларусі была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў, увоз прамысловых тавараў і збожжа.

Развіццё капіталістычных адносін стымулявала сацыяльныя працэсы – фарміраванне грамадскіх класаў буржуазіі і пралетарыяту. Крыніцы фарміравання прамысловай буржуазіі – гэта: дваране (уладальнікі вінакурань, лесапільных, цукровых, крухмала-патачных, мукамольных, вінакурных, смола-шкіпідарных, суконных, металаапрацоўчых, цагельных, кафляных, шкляных і іншых прадпрыемстваў); заможныя мяшчане (гандляры-скупшчыкі), што арандавалі і выкуплялі прамысловыя прадпрыемствы; купцы; заможныя рамеснікі; сяляне (валодалі 16 мануфактурамі і фабрыкамі ў харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і сілікатнай галінах).

Згодна з перапісам 1897 г. ў пяці заходніх губернях да дробнай буржуазіі адносіліся 103 тыс. чал., сярэдняй 47 тыс., буйной 33 тыс. чал. Па нацыянальным складзе гэта яўрэі – 60%, беларусы – 17%, рускія – 10%, палякі – 10%, іншыя нацыянальнасці да 3%.

Асноўныя крыніцы фарміравання пралетарыяту – гэта: збяднелыя сяляне; члены сем’яў рабочых; рамеснікі; дробныя гандляры; рабочыя рамесных майстэрань і мануфактур.

У трох апошніх катэгорыях пераважалі прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, гэта адбілася на нацыянальным складзе пралетарыяту. Увогуле, асаблівасць беларускага пралетарыяту – яго шматнацыянальны склад (беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы, латышы, татары). Сярод рабочых чыгуначных майстэрань і дэпо, паравозных машыністаў, тэлеграфістаў пераважалі рускія. На лесапавале, будаўніцтве і рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці працавалі перважна беларусы. У запалкавай, тытунёвай, гарбарна-абутковай галінах вытворчасці, у друкарнях пераважалі яўрэйскія рабочыя.

На пачатак XX ст. на Беларусі было 178,8 тыс. рабочых, занятых у прамысловасці, у тым ліку 33,6 тыс. у фабрычна-заводскай і 116,3 тыс. у рамеснай і дробна-капіталістычнай вытворчасці. Акрамя таго, у памешчыцкіх і кулацкіх гаспадарках працавала шмат батракоў. Усяго на Беларусі налічвалася прыкладна 400 тыс. пастаянных наёмных работнікаў.

Пасля сялянскай рэформы да пачатку XX ст. капіталістычны спосаб вытворчасці паступова ўсталёўваўся ва ўсіх галінах гаспадаркі Беларусі.

8. Культура Беларусі ў першай палове XIX cт.

Развіццё культуры Беларусі першай паловы XIX стагоддзя прадстаўляе працэс, які генетычна звязаны з папярэднай эпохай. Але гэты працэс характарызаваўся новымі рысамі і асаблівасцямі, якія адрознівалі яго ад папярэдняга перыяду. Галоўныя з іх – свецкасць культуры і рацыяналізм ў развіцці грамадскай свядомасці. Царква згубіла самастойную ролю ў асвеце і культуры. Пачынаўся працэс дыферэнцыяцыі культуры, з’яўленне яе новых накірункаў (навука, мастацкая літаратура, свецкі жывапіс, тэатр і інш.). У грамадстве пашыраецца сістэма перадачы культурных каштоўнасцей (свецкая школа, выдавецтва кніг, газет, часопісаў, развіццё тэатра і інш.). Духоўнае жыццё беларускага грамадства становіцца больш багатым. У першай палове XIX ст. абывалася дэмакратызацыя агульнакультурнага прагрэсу: пашыралася кола вытворцаў і спажыўцоў культурных каштоўнасцяў, павялічылася магчымасць далучэння да культуры розных сацыяльных груп. Аднак саслоўныя абмежаванні стрымлівалі працэс дэмакратызацыі культуры.

Асаблівасцю развіцця культуры Беларусі першай паловы XIX ст. быў працэс яе паланізацыі, найбольш відавочны ў першай трэці стагоддзя. Гэта было абумоўлена палітыкай Аляксандра I, якая была накіравана на аднаўленне польскай дзяржаўнасці, і знайшла падтрымку ў асяроддзі польскіх магнатаў і паланізаванага беларускага шляхецтва. Цэнтрам польскага ўплыву была Вільня з яго ўніверсітэтам. Працэс паланізацыі некалькі паменьшыўся, але не спыніўся пры Мікалаі I, які праводзіў адначасова палітыку русіфікацыі Беларусі.

Хаця царква і страціла манапольны ўплыў на развіццё культуры, яе роля была яшчэ вельмі вялікай. Уплывовым фактарам развіцця культуры Беларусі гэтага часу стала супрацьстаянне дзвюх канфесій: праваслаўнай і каталіцкай, носьбітаў розных культурных і духоўных каштоўнасцяў. Каталіцызм, у асноўным, з’яўляўся рэлігіяй прывілеяванага, дваранскага саслоўя. Праваслаўе было звязана пераважна з сялянствам і мяшчанствам Беларусі. Цэнтрам праваслаўнай культуры Беларусі быў Магілёў з духоўнай семінарыяй, якую заснаваў архіяпіскап Георгі Каніскі. Выхаванцы гэтай установы шмат зрабілі для адраджэння праваслаўнай культуры. Сярод іх буйнейшы лінгвіст, фалькларыст і этнограф I.Насовіч (1788-1877).

Падзел беларускага грамадства па саслоўнай і канфесійнай прыкмеце прывёў да існавання на Беларусі двух культурных накірункаў: польскага, носьбітам якога ў асноўным было беларускае дваранства, і «заходнерускага», прадстаўнікамі якога з’яўляліся: праваслаўнае і часткова ўніяцкае духавенства, купецтва, мяшчанства. Абапіраючыся на праваслаўе, прыхільнікі «заходнерускага» накірунку аднаўлялі, як ім здавалася, асновы традыцыйнай, народнай культуры Беларусi. Наяўнасць гэтых дзвюх плыняў у агульнай культуры Беларусі, безумоўна, стрымлівала працэс стварэння адзінай беларускай нацыі.

Культура Беларусі разглядаемага перыяду адлюстроўвала сацыяльную структуру тагачаснага грамадства. Яе складанымі часткамі былі: магнацкая культура, памесна-дваранская культура сярэдняй і дробнай шляхты, культура мяшчан і нерадавітага насельніцтва гарадоў і мястэчак, сялянская культура. Па ўзроўню развіцця культуры розныя рэгіёны Беларусі істотна адрозніваліся паміж сабою. Ролю галоўных культурных цэнтраў адыгрывалі буйныя гарады Беларусі. Напрыклад, на працягу ўсёй першай паловы XIX ст. прызнаным навуковым і літаратурным цэнтрам Беларусі была Вільня, дзе знаходзіўся ўніверсітэт; у сценах якога атрымлівала адукацыю беларуская моладзь.

Іншымі важньмі культурнымі цэнтрамі Беларусі былі Магілёў, Віцебск, Мінск, Слонім. Вельмі значны ўклад у развіццё культуры Беларусі ўносілі магнацкія цэнтры: рэзідэнцыя Храптовічаў у Шчорсах, маёнтак М.Агінскага ў Залессі, маёнтак Ваньковічаў у Мінску і інш.

Асвета і навука. У першы гады XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі была праведзена рэформа сістэмы адукацыі, навучанне было падзелена на тры прыступкі: вышэйшае, сярэдняе і пачатковае. Створанае Міністэрства народнай асветы (1802 г.) цэнтралізавала дзяржаўнае кіраўніцтва школай. У кожным губернскім горадзе стваралася гімназія, у павятовым горадзе – павятовае вучылішча. Пры кожным царкоўным прыходзе – царкоўнапрыходскія вучылішча, у якія прымаліся дзеці “ўсялякага стану” без розніцы “полу і год”. Прадугледжвалася пераемная сувязь паміж школамі розных ступеняў.

Асноўным асяродкам навукі і адукацыі Беларусі ў першай трэці XIX ст. быў Віленскі ўніверсітэт, з 1803 г. – Імператарскі. Адначасова ён з’яўляўся вучэбным і адміністрацыйным цэнтрам навучальнай акругі. Ён не толькі ажыццяўляў кантроль за работай школ, але яго выкладчыкі прымалі ўдзел у складанні праграм навучання, у напісанні падручнікаў.

Падзеі 1820-30 гг. прывялі да ліквідацыі Віленскай навучальнай акругі, закрыцця ўніверсітэта, ўнеслі істотныя змены ў сістэму асветы Беларусі. Пераемнасць навучання была парушана. Выпускнікам Віленскага ўніверсітэта, як удзельнікам рэвалюцыйных падзей, забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Настаўніцкія кадры для Беларусі рыхтаваліся Пецярбургскім педагагічным інстытутам і створанай у 1834 г. Віцебскай настаўніцкай семінарыяй.

Асаблівасцю развіцця асветы Беларусі першай паловы XIX ст. з’яўлялася наяўнасць каталіцкай манастырскай адукацыі (вучылішчы піяраў, францысканцаў і інш. манаскіх ардэноў), нягледзячы на паступовае яе скарачэнне. Новай з’явай у развіцці адукацыі стала стварэнне сістэмы духоўнага, а таксама зараджэнне ваеннага і прафесійнага навучання.

Вялікая роля ў духоўным жыцці грамадства належала інтэлігенцыі. Па свайму сацыяльнаму складу інтэлігенцыя Беларусі была ў асноўным дваранскай. Аднак у асяроддзі мастацкай і навуковай інтэлігенцыі з’явіліся разначынцы. Заслугай пакалення беларускай інтэлігенцыі стала спроба аб’яднаць, звязаць народную і прафесійную культуру. У адукаванага выхадца з беларускай шляхты, разначынца з’явілася цікавасць да мясцовай гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, мовы. Гэтыя галіны навуковых ведаў звязаны з імёнамі I.Грыгаровіча, М.Баброўскага, 3.Даленгі-Хадакоўскага, Т.Нарбута, А.Кіркора, I.Даніловіча, братоў Я. і К.Тышкевічаў і шмат іншых. Гэта былі людзі розных палітычных поглядаў і культурных накірункаў. Так, з імем пратаіерэя I.Грыгаровіча (1792-1852) звязана дзейнасць гісторыка-асветніцкага гуртка ў Магілёве, удзельнікі якога былі аб’яднаны пошукам, зборам і апрацоўкай гістарычных матэрыялаў, аднаўленнем мінулага роднага краю. Ім быў складзены і выданы першы зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі пад назвай «Беларускі Архіў старажытных актаў» (1824). Дзейнасцю гуртка цікавіўся граф М.Румянцаў, пад кіраўніцтвам і на сродкі якога былі сабраны рукапісныя, этнаграфічныя, нумізматычныя калекцыі, створана бібліятэка, якая паклала пачатак вядомаму ў Маскве Румянцаўскаму музею.

Прадстаўніком гістарычнай навукі быў прафесар Віленскага ўніверсітэта I.Даніловіч (1788-1843). Прыхільнік аднаўлення суверэнітэту ВкЛ, ён свае працы звязваў з яго гістарычньм мінулым. Ім былі выдадзены Статут ВКЛ 1529 г., Судзебнік Казіміра IV 1468 г., Супрасльскі летапіс і іншыя крыніцы па гісторыі Беларусі. Прыкладна ў тым жа накірунке развівалася навуковая дзейнасць гісторыка, прафесара Віленскага ўніверсітэта М.К.Баброўскага (1784-1848), заснавальніка беларусазнаўства і славяназнаўства. М.К.Баброўскі адкрыў Супрасльскі летапіс і старадрукі Ф.Скарыны. З дзейнасцю гэтых навукоўцаў звязана зараджэнне на Беларусі археаграфіі, крыніцазнаўства, славяназнаўства, а таксама беларусазнаўства.

Вялікую вядомасць у першай палове XIX ст. атрымала дзейнасць Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага (1784-1825), які лічыцца пачынальнікам беларускай археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства; братоў Канстанціна (1806-1868) і Яўстафія (1814-1873) Тышкевічаў, стваральнікаў беларускай археалогіі і музеязнаўства. Па ініцыятыве братоў Тышкевічаў у 1842 г. быў створаны першы на Беларусі прыватны музей старажытнасцяў у Лагойску. Экспанаты лагойскага музея склалі аснову першага публічнага музея старажытнасцяў у Вільні (1855 г.). У 1855 г. Я.Тышкевіч арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археаграфічную камісію, якая займалася зборам, вывучэннем і публікацыяй дакументаў, якія звязаны з гісторыяй Беларусі, Украіны і Літвы. Свой уклад у развіццё беларусазнаўства ўнёс П. Шпілеўскі (1823-1861), аўтар «Падарожжа па Палессі і беларускім краі», «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках». У 1840-я гг. пачынаецца творчая, культурна-асветніцкая і выдавецкая дзейнасць А. Кіркора (1818-1886). Ён надрукаваў шматлікія навуковыя матэрыялы ў польскай і рускай перыёдыцы. Асабліва каштоўнай для станаўлення беларускай этнаграфіі была яго праца «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857-1859), напісаная ў адпаведнасці з праграмай Рускага геаграфічнага таварыства. У ёй было надрукавана больш за сотню беларускіх песен і прыказак, слоўнік беларускай мовы.

Вялікая цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі Беларусі, якая выразна праявілася ў першай палове XIX ст. – сведчанне развіцця працэсу духоўнага адраджэння Беларусі. Аднак першая палова стагоддзя была звязана з развіццём не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых навук. Так у Віленскім універсітэце працавалі ўраджэнцы Беларусі батанік і біёлаг С.Юндзіл, фізіёлаг М.Гамаліцкі. 3 Горы-Горацкім земляробчым інстытутам была звязана дзейнасць заснавальнікаў хімічнай навукі Беларусі К.Шмідта і I.Цютчава.

Мастацтва. У мастацкай культуры Беларусі першай паловы XIX ст. змяніліся ідэйна-мастацкія накірункі ў параўнанні з папярэднім часам, адначасова суіснавалі розныя мастацкія стылі. Адбываўся паступовы адыход ад класіцызму, які ляжаў у аснове асветніцкай ідэалогіі (матывамі дзеянняў героя – грамадзянскі абавязак і служэнне грамадству) да рамантызму. Узрастае ўвага да чалавека, яго ўнутранага свету. На Беларусь рамантызм прыйшоў у пачатку XIX ст. Сутнасцю рамантызма было імкненне супрацьпаставіць рэльнай рэчаіснасці абагулены ідэальны вобраз.

Рамантызм мастакоў Беларусі нельга аддзяляць ад расійскага і агульнаеўрапейскага. Яго асаблівасцю быў інтарэс да мясцовай гісторыі, стварэнне на палатне моцнай, свабоднай асобы. Гэта цікавасць была звязана з гісторыяй ВкЛ, і распрацоўка гэтай праблематыкі садзейнічала абуджэнню інтарэса да гісторыі Беларусі ўвогуле. Да гістарычнай тэматыкі звярталіся многія пісьменнікі, паэты. Гісторыя была прадметам творчасці А.Міцкевіча. Яго творы, напісаныя на польскай мове, трэба лічыць і культурным скарбам Беларусі. У сваіх ранніх творах «Мешка, князь Навагрудка», «Бульба», а таксама ў паэмах «Дзяды», «Пан Тадэвуш», «Гражына» А.Міцкевіч выкарыстоўваў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі. Блізкімі па настрою, думках да Міцкевіча былі У.Сыракомля, Я.Чачот. Празаічны зборнік Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» прадстаўляюць сабой, па водгукам сучаснікаў, беларускі цыкл «1000 і адной ночы».

У 1840-я гады ў культуры Беларусі праявіўся пераход ад рамантызму да рэалізму. Аб гэтым сведчыць творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча. Першым творам пісьменніка сталі лібрэта аперэт «Рэкруцкі яўрэйскі набор» «Спаборніцтва музыкаў», «Чароўная вада» – п’есы, напісаны на польскай мове і пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет музычная п’еса В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія»), у якой упершыню загучала жывая беларуская мова. У 1850-я гг. пісьменнік стварае вершаваныя расказы «Вечарніцы» і «Гапон», «Халімон на каранацыі», займаецца перакладамі. На пачатку 1860-х гадоў ён стварае свой лепшы твор – фарс-вадэвіль «Пінская шляхта».

У першай палове XIX ст. усё большую ролю ў грамадска-культурным і ідэйным жыцці Беларусі адыгрывае тэатр. Асноўнай формай тэатральнай дзейнасці ў гэты час з’яўляецца прыватная антрэпрыза. Як правіла, такі тэатр быў «аб’яздны», гэта значыць меў базу ў губернскім або буйным павятовым горадзе і перыядычна вандраваў па навакольным гарадам, мястэчкам, маёнткам і кірмашах. Пастаянныя тэатральныя калектывы дзейнічалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродна (тэатр Саламеі Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). У выніку рэфармавання тэатральнай дзейнасці ў 1845-1847 гг. у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя тэатры, якія знаходзіліся пад кантролем тэатральнай дырэкцыі, вызначаўся тэатральны сезон. Тым не менш дзейнасць «аб’язных» груп пасля гэтага не спынілася. Яны існавалі і ў больш позні час. Адлюстроўвая моўную сітуацыю ў краі, рэпертуар тэатра быў двухмоўным – польскім і рускім. На сцэне ставіліся п’есы польскіх, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў.

Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў вельмі папулярны сярод шляхецтва, чыноўнікаў і афіцэраў. Падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі стала ўзнікненні першай аматарскай трупы беларускага нацыянальнага тэатра В.Дуніна-Марцінкевіча. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм’ера спектакля – камічнай оперы «Рэкруцкі яўрэйскі набор», лібрэта да якога напісаў В.Дунін-Марцінкевіч, а музыку – С.Манюшка і К.Кжыжаноўскі. 9 лютага 1852 г. адбылася прэм’ера «Ідыліі» на музыку тых жа аўтараў.

Адным з асноўных накірункаў мастацтва Беларусі першай паловы XIX ст. была музыка. У грамадстве ўзмацнялася цікавасць да камерных і публічных канцэртаў. Музыка гучала ў салонах мясцовай магнатэрыі, яе выкладалі ў навучальных установах, адбываліся сольныя выступленні, аркестровыя канцэрты, праходзілі музычныя спектаклі. Першая палова XIX ст. – час пачатку збора і публікацыі беларускай народнай песні, спробы яе кампазітарскай і канцэртнай апрацоўкі (дзейнасць ўраджэнца Віцебшчыны А.Абрамовіча, асабліва яго паэма «Беларускае вяселле»). Шырокую вядомасць атрымалі творы М.Агінскага, Д.Стэфановіча, Ф.Міладоўскага і іншых таленавітых музыкантаў і выканаўцаў.

Свой след у беларускай музычнай культуры пакінуў класік польскай музычнай культуры, ураджэнец Ігуменскага (цяпер Чэрвенскі р-н) павета Мінскай губерні С.Манюшка. Беларускія народныя песні і мелодыі ўвайшлі ў творы кампазітара. Музычную адукацыю С.Манюшка атрымаў у Мінску ў таленавітага музыканта і настаўніка Д.Стэфановіча. 3 Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і опер. Асабліва плённым аказалася творчае сяброўства кампазітара з В.Дуніным-Марцінкевічам.

Архітэктура. У канцы XVIII ст. стыль барока змяніўся класіцызмам. Для яго развіцця на Беларусі характэрна аб’яднанне як заходнееўрапейскага, так і рускага накірункаў з мясцовымі мастацкімі традыцыямі. Галоўную ролю ў фарміраванні архітэктурнага выгляду беларускіх гарадоў адыграла Віленская архітэктурная школа, творчасць рускіх архітэктараў: М.Львова, В.Стасава, А.Мельнікава, англічаніна Дж.Кларка. Гэта быў час рэгулярнай тыпавой забудовы гарадоў і мястэчак Беларусі. У адрозненні ад сярэдневяковай хаатычнай забудовы, горад разглядаўся як цэласная, строга спланаваная сістэма, заснаваная на прынцыпах рацыяналізма і класічных ідэалаў. У старых гарадах Беларусі – Мінску, Віцебску, Полацку і інш. вялося ўпарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйняліся кварталы, ствараліся новыя плошчы. У гэтых гарадах праекцыйны цэнтр звычайна сумяшчаўся з гістарычна склаўшымся ансамблем горада. Архітэктура цэнтра вызначалася як новай забудовай, так і манументальнай архітэктурай XVII-XVIII стст., галоўным чынам манастырамі, касцёламі, калегіўмамі. Гэта прыдавала цэнтрам беларускіх гарадоў некаторую сваеасаблівасць.

Асаблівасцю горадабудаўніцтва гэтага часу было развіццё ансамблевай забудовы, узвядзенне будынкаў спецыяльнага дзяржаўнага і грамадскага прызначэння (адміністрацыйныя, навучальныя, бальніцы). У кожным губернскім горадзе на цэнтральнай плошчы акрамя сабораў узводзіліся дзяржаўныя ўстановы і тарговыя рады, якія сталі прадметам новага грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Тут узнікалі школы, музеі, бібліятэкі. Прынцыпы прамавугольнай планіроўкі найбольш паслядоўна здзейснены ў Клімавічах, Суражы, Мсціслаўі, Чавусах.

У дварцова-сядзібным будаўніцтве Беларусі класіцызм абумовіў геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі. З’явіўся новы тып палаца – цэнтрычная кампактная забудова з купалам, у кампазіцыі якой часта пабудаваны галерэі-каланады, размешчаныя паўкругам або франтальна. Галоўны кампазіцыйны акцэнт прысядзібнага дома быў манументальны порцік. Сярод выдатных помнікаў гэтага тыпу патрэбна назваць палац графа М.Румянцава (з 1830-х гадоў ён перайшоў да фельдмаршала I.Паскевіча) у Гомелі, палацы генерал-губернатара ў Віцебску і віцэ-губернатара ў Гродна. Да выдатных помнікаў гэтага архітэктурнага накірунку адносяцца культавыя забудовы: Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чачэрску, Пакроўская царква ў Стрэшневе, касцёлы ў Лідзе і Шчучыне.

Класіцызм не быў адзіным архітэктурным накірункам Беларусі першай паловы XIX ст. Побач з ім развіваецца неаготыка – архітэктурны аналаг эпохі сентыменталізму і рамантызму. Захапленне сярэдневяковым гатычным стылем на Беларусі пачынаецца на рубяжы стагоддзяў. Неаготыка да 1830-40 гг. суіснавала побач з класіцызмам, прымяненне яна знайшла ў культавых збудаваннях і «англійскім» пейзажна-паркавым мастацтве, загарадных прысядзібных комплексах.

У першай палове XIX ст. у культавых пабудовах праваслаўнай царквы наглядаецца ўплыў старажытнарускай архітэктурнай культуры. Пачаткам развіцця «руска-візантыйскага стылю» лічацца 1830-я гады. Развіццё гэтага стылю адбывалася ў дзвух накірунках: перабудова існуючых каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў і ўзвядзенне новых цэркваў па праектам Сінода і прыватных асоб. Найбольшага росквіту стыль дасягніў у другой палове XIX – пачатку XX ст., калі пачалося масавае будаўніцтва цэркваў-“мураўёвак” за дзяржаўны кошт.

Жывапіс. Распаўсюджанне класіцызму і рэалізму першай палове XIX ст. азначала сур’ёзныя змены ў жывапісу Беларусі. У 1830-40-я гг. ідэйныя каноны акадэмізма (іерархічнасць каштоўнасцяў жанраў) станавіліся неактуальнымі. Захоўваўся прыярытэт гістарычнага жывапісу, але набываў папулярнасць бытавы жанр, пейзаж, з’явіўся новы жанр – нацюрморт.

Важную ролю ў развіцці жывапісу ў гэты перыяд адыграла Віленская школа жывапісу – аддзяленне выяўленчага мастацтва факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага ўніверсітэта, якая прытрымлівалася класічных канонаў у жывапісу. Яе заснавальнікам быў прафесар Ф.Смуглевіч, які ўвайшоў у гісторыю жывапісу як майстар вялікіх шматфігурных кампазіцый на гістарычныя і рэлігійныя тэмы, пейзажыст і бытапісец. За чвэрць стагоддзя свайго існавання школа падрыхтавала больш 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў і выкладчыкаў малявання для навучальных устаноў Беларусі. Для ўдасканналення ведаў і атрымання вышэйшай адукацыі найбольш адораныя студэнты накіроўваліся ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў або ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (Строганаўскае вучылішча). Падрыхтоўцы прафесійных мастакоў на Беларусі вялася так сама і ў Полацкай езуіцкай акадэміі.

Буйным майстрам партрэтнага жанра на Беларусі быў член Акадэміі мастацтваў I.Аляшкевіч (1777-1830). Мастак стварыў партрэты А.Чартарыйскага, Л.Сапегі, М.Радзівіла, А.Міцкевіча і інш. У апошнія гады жыцця I.Аляшкевіч пісаў рэлігійныя кампазіцыі, напрыклад, «Мадона з дзіцяцям». Не менш цікавым партрэтыстам быў Ю.Пешка (1767-1831). Ён шмат пісаў партрэтаў прадстаўнікоў віленскай шляхты і духавенства – віленскага саветніка Вейса, партрэт С.Солтана і партрэт вядомай мецэнаткі Тэафілы Радзівіл.

Выдатным партрэтыстам быў В.Ваньковіч (1799-1842), аўтар партрэтаў дзеячаў літаратуры і мастацтва, навукі (кампазіцыйны партрэт «Міцкевіч на скале Аю-Даг», партрэты містыка А.Тавянькоўскага і яго жонкі Караліны, піяністкі М.Шыманоўскай, паэта А.Гарэцкага. Радавы маёнтак В.Ваньковіча ў Сляпянкі пад Мінскам быў цэнтрам, які групаваў вакол сябе лепшыя мастацкія сілы Беларусі першай паловы XIX ст. Тут бывалі Я.Дамель, М.Кулеша і іншыя мастакі, скульптары, кампазітары Беларусі.

Вядомым гістарычным жывапісцам гэтага часу быў Я.Дамель (1789-1840). На сваіх палотнах ён адлюстроўваў найбольш драматычныя моманты гістарычнага развіцця. Гэта карціны «Смерць князя Панятоўскага», «Гібель прадвадзіцеля крыжаносцаў Ульрыха ў Грунвальдскай бітве», «Павел I вызваляе Касцюшка з няволі» і інш. Большую вядомасць атрымала карціна «Пераход Напалеона праз Беразіну». Акрамя гістарычных палотнаў для творчасці Я.Дамеля характэрны шматлікія рэлігійныя кампазіцыі, а таксама партрэты, якія адрозніваюцца глыбокім псіхалагізмам.

Вялікі ўклад у беларускі пейзажны жывапіс унеслі мастакі В.Садоўнікаў, I.Герасімовіч, В.Дмахоўскі. Крыху ў баку ад агульнага развіцця пейзажнага жывапісу Беларусі стаіць творчасць мастака-этнографа і гісторыка Напалеона Орды (1807-1883). Усё сваё жыццё мастак прысвяціў адлюстраванню цікавых месцаў Беларусі, Літвы і Ўкраіны, якія звязаны з вялікімі гістарычнымі падзеямі і выдатнымі асобамі, якія тут нарадзіліся. Н.Орда ў асноўным працаваў як акварэліст («Разваліны замка ў Лідзе», «Крэва», «Мір», «Нясвіж», «Белая вежа» і інш.).

Выдатным прадстаўніком беларускага жывапісу быў І.Т.Хруцкі (1810-1885). Гэты мастак увайшоў у сусветны жывапіс як заснавальнік жанра класічнага нацюрморта. У 1839 г. за нацюрморт «Кветкі і плады» ён атрымаў званне акадэміка. Аднак не менш яскрава мастак праявіў сябе ў жанры партрэта і пейзажа.

У творчасці жывапісцаў Беларусі першай паловы XIX ст. інтэнсіўна развіваўся бытавы жанр. Мастакі стварылі шмат яркіх жывапісных палотнаў, дзе паказана багацце матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Першымі ў гэтым жанры на Беларусі сталі выхавальнікі Віленскай школы жывапісу К.Кукевіч, Ю.Карчэўскі, К.Русецкі і інш. Нягледзячы на ўплыў класіцызму ў творчасці прадстаўнікоў бытавога жанру ўсё больш зацвярджаецца рэалістычны элемент.

Жывапіс Беларусі першай паловы XIX ст. багаты і разнастайны. Яго станаўленне і развіццё адбывалася ў агульным накірунку развіцця рускага, польскага, літоўскага і ўкраінскага жывапісу. Эвалюцыя яго ад класіцызма да рэалізму складала не толькі сутнасць развіцця беларускага жывапісу, але і шляхі яго далейшага ўдасканалення.

Блізка да жывапісу знаходзіцца мастацтва складання мазаічных пано. Выдатным беларускім мазаістам Нікадзімам Сілівановічам (1834-1919) у Ісакіеўскім саборы Пецярбурга была выканана мазаічная кампазіцыя для галоўнага іканастаса “Тайная вячэра”. За бліскучую работу Н.Сілівановіч атрымаў званне акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў.

Адной з форм выяўленчага мастацтва Беларусі першай паловы XIX ст. была скульптура. Сярод скульптараў таго часу найбольшую вядомасць набылі сям’я Ельскіх (Караль і яго сыны Казімір і Ян), Я.Астароўскі, Р.Слізень. Іх творчасць была разнастайна па жанру. Гэта былі партрэты-бюсты, медальёны і барэльефы гістарычных дзеячаў Беларусі, Літвы і Польшчы, родных, знаёмых. Вялікае месца ў іх творчасці займала касцёльная скульптура.

К сярэдзіне XIX ст. завяршыўся адзін з вялікіх этапаў у гісторыі беларускай культуры. У цяжкіх умовах, калі ўплывала польская культура і пачаўся працэс русіфікацыі, ішоў працэс фарміравання і развіцця нацыянальнай культуры. Перш за ўсё ён вызначыўся ў станаўленні сучаснай беларускай мовы, новай беларускай літаратуры, асэнсаванні гістарычнага шляху, які прайшоў народ.

Разам з тым к канцу прыгоннай эпохі ў грамадска-культурным жыцці народа Беларусі выразна праявілася неадпаведнасць паміж дасягнутым узроўнем духоўнай культуры і авалоданнем культурнымі каштоўнасцямі. У грамадстве былі абмежаваны магчымасці для распаўсюджвання асветы і народнай адукацыі. Гэта сведчыла аб крызісе ў духоўным жыцці беларускага народа. Феадальны строй уступаў у супярэчнасць не толькі з сацыяльна-эканамічным, але і з грамадска-культурным прагрэсам.

9. Культура Беларусі другой паловы XIX стагоддзя.

Адукацыя і навука. На Беларусі правядзенне Адукацыйнай рэформы 1864 года супала з пераадоленнем наступстваў паўстання 1863 года, у якім актыўны ўдзел узялі навучэнцы Горы-Горацкага земляробчага інстытута і сярэдніх навучальных устаноў. Гэта абумовіла асаблівасці рэфармавання адукацыі на Беларусі. Так, у 1864 г. быў зачынены земляробчы інстытут – апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі часоў імперыі. З гэтага часу вышэйшую адукацыю беларусы атрымлівалі за межамі Радзімы. Зачыняліся так сама некаторыя гімназіі – Навагрудская і Свіслацкая. Забаранялася выкладанне на польскай і беларускай мовах. Пачатковых школ было вельмі мала. Таму абвешчаныя прынцыпы рэформы – усесаслоўнасць, свецкасць, даступнасць, пераемнасць адукацыі, на Беларусі не дзейнічалі. На Беларусі не была праведзена Земская рэформа – таму не існавалі земскія пачатковыя школы для сялянскіх дзетак. А царкоўна-прыхадскія школы былі пастаўлены пад нагляд паліцыі і праваслаўнай царквы, а не міністэрства адукацыі. Сярэднюю адукацыю атрымлівалі ў павятовых вучылішчах (няпоўную) ці гімназіях, але навучанне там было платным і для большасці жыхароў з гэтай нагоды недаступным. Да тагож, у 1887 годзе з’явіўся ўказ “Аб кухарчыных дзецях”, згодна з якім у гімназіі недапушчаліся дзеці прыслугі. Асобнымі ўказамі ўводзіўся цэнз на навучанне ў гімназіях і вну для асоб яўрэйскага паходжання. З гэтай нагоды на Беларусі заставаўся высокі ўзровень непісменнасці.

Пасля падаўлення паўстання 1863 года значныя перашкоды зведала развіццё беларускай культуры. Ва ўмовах ваеннага становішча, якое дзейнічала на Беларусі, любая грамадская дзейнасць, не адобраная ўрадам, была амаль немагчымай. Таму часта культурная дзейнасць беларусаў разгортвалася за межамі беларускіх губерняў. Так, у 1868 годзе ў Пецярбурге паэт В.Савіч-Заблоцкі стварыў асветніцкую арганізацыю “Крывіцкі вязок”, у межах якой меўся намер наладзіць выданне літаратуры на беларускай мове, у тым ліку падручнікаў для простых людзей. Але з-за праследванняў з боку ўлад культурны гурток распаўся.

У другой палове 1880-х гадоў у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына) якія імкнуліся абудзіць нацыянальную самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная (недзяржаўная) газета на Беларусі “Мінскі лісток” і календары. На іх старонках друкаваліся матэрыялы А.Багдановіча, І.Янчука, М.Доунар-Запольскага пра гісторыю, мову, беларускі этнас, а так сама літаратурныя творы Янкі Лучыны і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэтыя выданні па сведчанні сучаснікаў, абудзілі беларускі нацыянальны рух. Да з’яўлення “Мінскага лістка” перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены толькі ўрадавымі “Губернскімі ведамасцямі...” і “Епархіальнымі ведамасцямі”, якія кантралявала праваслаўная царква. Разам з гэтым гуртком, на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вялікі ўплыў зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да “Дудкі беларускай” з’яўляецца маніфестам нацыянальнага адраджэння.

У другой палове стагоддзя пашырылася навуковае вывучэнне Беларусі. Былі створаны буйныя працы па гісторыі беларускага края М.Доўнар-Запольскім, М.Любаўскім, М.Уладзімірскім-Буданавым, А.П.Сапуновым, А.Кіркорам.

Вялікае значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў і этнографаў. Так, у 1870 годзе І.І.Насовіч выдаў “Слоўнік беларускай мовы”; М.Я.Нікіфароўскі у 1895 годзе – “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”; Я.Ф.Карскі ў 1885 годзе “Агляд гукаў і форм беларускай мовы”; П.В.Шэйн ў 1887-1893 гадах выдаў “Матэрыялы да вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”; Е.Р.Раманаў у 1886-1891 гадах выдаў першыя пяць выпускаў “Беларускага зборніка”. Руская адміністрацыя садзейнічала выданням гэтых навуковых прац, бо лічыла, што яны падтрымліваюць тэзіс аб “рускім” характары краю. Тым часам змест прац паказваў, што Беларусь – самастойны ў этнічным плане рэгіён.

Беларуская літаратура развівалася ў другой палове стагоддзя ў неспрыяльных умовах. Забарона на выданне польскіх кніг недазволіла друкаваць беларускія творы на “лацінке”, найбольш пашыранай у тыя часы сярод простага народа і інтэлігенцыі. Да тагож, літаратура развівалася разам з сацыяльнай самасвядомасцью творцаў – гэта азначае, што літаратурныя творы мелі дэмакратычны характар, антыўрадавы па сваёй сутнасці.

Бацькам беларускага культурнага адраджэнне стаў Францішак Багушэвіч, які адным з першых абгрунтаваў самастойнасць беларускай мовы. Яго зборнікі вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” выйшлі за межамі Радзімы – у Кракаве і Познані (тэрыторыя Аўстра-Венгерскай імперыі, дзе нацыянальныя меньшасці мелі права на культурную аўтаномію). У прадмовах да зборнікаў паэт адстойваў роўнасць роднай мовы з іншымі еўрапейскімі, заклікаў шанаваць і захоўваць яе. У вершах Ф.Багушэвіч галоўным чынам пісаў пра гаротнае жыццё беларускага сялянства, аграбленага пад час рэформы 1861 года і прыгнятаемага як эканамічна – панамі, так і нацыянальна – царскім урадам. Багушэвіч стварыў у паэзіі напрамак рэалізму і народнасці. Вядома, такія вершы ў Расійскай імперыі друкаваць было нельга. Паслядоўнікамі Ф.Багушэвіча былі Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) і Адам Гурыновіч.

Янка Лучына аднолькава добра пісаў на некалькіх мовах – рускай, польскай і беларускай. Але яго беларускія вершы доўгі час не друкаваліся, што не дало раскрыцца паэту цалкам як таленту і вялікай постаці беларускай літаратуры. Толькі пасля яго смерці гурток беларускага студэнцтва выдаў у Пецярбургу яго беларускамоўны зборнік “Вязанка”. А.Гурыновіч замацаваў у беларускай паэзіі пазіцыі рэалізму і народнасці. Ён адводзіў паэзіі важную ролю – будзіць у народа прагі да лепшага жыцця, да барацьбы за гэтае жыццё. У 1890-я гады ў беларускую літаратуру прыйшлі такія новыя імёны, як Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі), Цётка (Элаіза Пашкевіч), талент якіх яскрава раскрыецца ў пачатку XX стагоддзя.

Тэтральнае жыццё беларускіх гарадоў было звязана галоўным чынам з паказам твораў рускай і сусветнай класікі лепшымі трупамі Расіі, якія гастралявалі па Беларусі. Асабліва актывізавалася тэтральнае жыццё Мінска пасля ўзвядзення асобнага будынка тэатра ў 1890 годзе на тэрыторыі Аляксандраўскага сквера. Так, у 1890-я гады тут паказвалі спектаклі трупы знакамітай А.Яблачкінай, А.Южынай, Пецярбургская оперная трупа Я.Ізмайлова, украінская трупа М.Старыцкага. З гастролямі выдатных выканаўцаў была звязана актывізацыя музычнага жыцця ў беларускіх губернях. Беларусь у 1890-я гады наведалі Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, А.Мазіні, С.Рахманінаў, Л.Скрабін, А.Зілоці і інш. Высокая музычная культура беларускай публікі прываблівала сюды выдатных спевакоў і выканаўцаў. Яе атрымлівалі ў навучальных установах – у навучальных праграмах семінарый і гімназій музычнай адукацыі надавалася значная ўвага. У 1871 годзе было створана Мінскае музычнае вучылішча арганістаў, адзінае на Беларусі. Да таго, у буйных беларускіх гарадах дзейнічалі музычныя таварыствы, якія ставілі мэтай падняцце ўзроўню музычнай культуры насельніцтва. У 1898 годзе ў Мінску ўзнікла культурна-асветніцкая арганізацыя “Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў”, якая складалася з літаратурнай, драматычнай, мастацкай і музычнай секцый. Арганізацыя стала цэнтрам літаратурнага і тэатральнага жыцця Мінска, наладжвала выставы, літаратурные чытанні і г.д.

Выяўленчае мастацтва другой паловы XIX стагоддзя развіваецца ў межах рэалізму. Выдатным беларускім мастаком гэтага перыяду лічыцца К.Э.Альхімовіч (1840-1916), які працаваў у жанрах гістарычным (“Пахаванне Гедыміна”, “Смерць Глінскага ў турме”), бытавым, а так сама ў графіке (ілюстрацыі да твораў А.Міцкевіча). На гэты час прыходзіцца росквіт дзейнасці акадэміка Акадэміі мастацтваў, мазаіста і мастака Н.Ю.Сілівановіча (1830-1918). Ён спецыялізаваўся ў бытавым жанры – “Дзеці ў двары”, “У школу”, “Салдат з хлопчыкам” – у гэтых картынах выяўляюцца сацыяльныя сімпатыі мастака. Сярод беларускіх пейзажыстаў трэба адзначыць А.Гараўскага (1833-1900). Пейзажыст імкнуўся пісаць маляўнічыя краявіды беларускай зямлі (“Вечар у Мінскай губерніі”, “Бераг ракі Свіслач”), тым самым зрабіць сваё мастацтва зразумелым для шырокіх колаў простага насельніцтва.

На развіццё архітэктуры значны ўплыў аказала хуткае развіццё прамысловасці і рост гарадоў менавіта ў другой палове стагоддзя. Вялікую ролю набыло грамадзянскае, жыллёвае і прамысловае будаўніцтва, якое вялося згодна з тыпавымі праектамі. Развівалася будаўнічая тэхніка, шырока выкарыстоўваліся новыя будаўнічыя матэрыялы – бетон, металічныя канструкцыі. Гэта суправаджалася пошукам новага архітэктурнага стылю, які павінен быў адпавядаць новым умовам, новым каштоўнасцям капіталітычнай гаспадаркі і буржуазнай ідэалогіі. А пакуль ішлі пошукі – у архітэктуры панавала эклектыка – спалучэнне элементаў разных архітэктурных стыляў (готыкі, барока, класіцызму, старажытнарускага дойлідства і г.д.) пры будаўніцтве і ў афармленні аднаго будынка.


 

А также другие работы, которые могут Вас заинтересовать

45239. Сущность, функции, принципы и технологии организации информационного паблисити 21 KB
  Существует негативная практика продвижения информации паблисити коммерческая информация. Темы некоммерческой информации паблисити: история компании; темы связанные с экологией; социальные темы; технологии компании; фото-архив фирмы; фирменная статистика; неформальная жизнь компании; нетрадиционное использование продукции фирмы конкурс. Сбор информации паблисити: силами всех сотрудников фирмы или силами прессотдела. Принципы: некоммерческая основа движения информации.
45240. PR-текст как форма маркетинговой коммуникации: жанровая разновидность, технология создания 29.5 KB
  Жанровая разновидность: Оперативно-новостной: приглашение пресс-релиз краткая новостная информация. Комбинированные тексты подборка информационных материалов простых текстообъединенных общей тематикой в фирменные папки для пресс-конференции: пресс-релиз приглашение байлайнер пресскит. Прессрелиз: формат А4; тема текущие новости организационные новости комментарии к событиям некоммерческая информация; адресаты доставки редакции СМИ информационные агентства; формы распространения факс электронная почта; этикет...
45241. ПР - текст как форма маркетинговой коммуникации: жанровая разновидность, технологии создания 44.5 KB
  ПР текст как форма маркетинговой коммуникации: жанровая разновидность технологии создания. И в том и в другом случае единицей коммуникации является текст который организуется с целью достижения максимального воздействия на реципиента. В узком смысле: Текст результат речетворческого процесса который характеризуется признаками: завершенность связность цельность жанровая оформленность. Как организованное множество языковых знаков текст приобретает смысл лишь в процессе коммуникации т.
45242. Этапы и технологии формирование материалов паблисити 28 KB
  Источник сообщения ничего не платит прессе за размещение. Этапы формирования: подготовительный сбор информации о фирме и ее деятельности статистика история маркетинговая информации: анализ информации в зависимости от вида СМИ; структурирование материала – выстраиваем структуру фирменный бланк и различия в соответствии с формой подачи – прессрелиз и т. Жанровая разновидность паблисити: Оперативноновостной: приглашение прессрелиз краткая новостная информация. Комбинированные тексты подборка информационных материалов...
45243. статья. Технология создания: Приглашение: адресное обращение к аудитории четкая социальная ориентация; . 32 KB
  Исследовательско-новостной комментирующий новость: бэкграундер не сама новость а то что под ней лист вопросов-ответов. Прессрелиз сто сообщение содержащее важную новость или полезную информацию для широкой аудитории.; шрифт – 14; интервал – 15; принцип перевернутой пирамиды: заголовок – суть и интрига; 1 абзац – лидерабзац содержит новость; комментарии и иллюстрации к новости – 34 позиции в порядке убывания; резюме; призыв к действию; даты написания прессрелиза и публикации в СМИ; координаты специалиста составившего...
45244. Информационные ПР-акции: функции, формы, каналы коммуникации 29.5 KB
  Формы: пресс-конференция конференция брифинг семинар симпозиум день открытых дверей телемост имиджевые теле и радио интервью и т. Теле и радио интервью: информационные цели – формирование информационного имиджа; представление руководства. Классификация интервью: интервьюмнение интервьюфакт имиджевое интервью. Инициаторы интервью: журналисты прессслужба.
45245. Брифинг как информационная ПР - акция: цели, аудитория, методика подготовки 28 KB
  Брифинг как информационная ПР акция: цели аудитория методика подготовки Брифинг это плановое мероприятие которое проводится с регулярной периодичностью и посвящается распространению текущей информации о деятельности организации или компании. Например брифинги регулярно проводит министерство иностранных дел. На брифингах министерства внутренних дел проходящих раз в неделю можно услышать официальную статистику ДТП раскрытых преступлений узнать о планируемых профилактических мерах по борьбе с организованной преступностью. Еще одна...
45246. Методика подготовки и проведения пресс-конференций 34.5 KB
  Методика подготовки и проведения пресс-конференций Тема: социально-значимая и актуальная не коммерческая дискуссионная диалог спор. Пресс-конференция проводится по мере накопления информации или при наличии глобальных новостей. Мотивация: мотивация организации пресс-конференции; мотивация журналистов статусные персоны корпоративность – присутствие всех СМИ наличие компромата самопрезентация. Прессконференция проводится при хорошем знании журналистов критическая масса – 30 – 40.
45247. Корпоративные коммуникации и материалы корпоративной прессы: виды, функции, принципы организации 34 KB
  В результате оглашения конкретных цифр и фактов сотрудники получают полное представление о готовых итогах развития и перспективах роста компании. Такой отчет может содержать: письмо руководителя в котором выражается благодарность сотрудникам и описывается работа компании ее основные достижения в течение года; отчет об использовании фондов. Этот документ часто оформляется в виде графиков и диаграмм характеризующих использование организацией поступивших средств; анализ финансового положения предприятия; отчет об участии компании в...