76673

Б. А. ТАРАШКЕВІЧ – АЎТАР ПЕРШАЙ “БЕЛАРУСКАЙ ГРАМАТЫКІ”

Реферат

Исторические личности и представители мировой культуры

Мова – гэта не толькі сродак зносін людзей, але і важнейшы элемент нацыянальнай культуры кожнага народа. Гэта і выклікае цікавасць носьбітаў мовы да самой мовы, да яе гісторыі, да вытокаў яе фарміравання і гістарычных умоў функцыянавання...

Беларуский

2015-01-31

93 KB

0 чел.

PAGE  14

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

“ПАЛЕСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ”

БІЯТЭХНАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ

КАФЕДРА БІЯЛОГІІ

РЭФЕРАТ

Б. А. ТАРАШКЕВІЧ – АЎТАР ПЕРШАЙ  “БЕЛАРУСКАЙ ГРАМАТЫКІ”

Выканала:

студэнтка 2 курса

біятэхналагічнага факультэта

спецыяльнасці  “біялогія”

Жмайлік  Вікторыя  Сяргееўна

Навуковы кіраўнік:

Місюкавец Л. П.

Пінск 2014

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ……………………………………………………………………3 – 5

1. “ГРАММАТИКА СЛОВЕНСКА СЪВЕРШЕННАГО ИСКУССТВА СЬМИ ЧАСТИЙ СЛОВА, И ИНЫХ НУЖДНЫХ, НОВО СЪСТАВЛЕННА Л (ЛАЎРЭНЦІЕМ) Z (ЗІЗАНІЕМ) – АДНА З ПЕРШЫХ ДАСКАНАЛЫХ І ГРУНТОЎНЫХ ГРАМАТЫК……………….……………………………….6 – 7

2. “ГРАММАТИКА СЛАВЕНСКИЯ ПРАВИЛНОЕ СИНТАГМА” МІЛЕЦІЯ СМАТРЫЦКАГА – ВЯРШЫНЯ  МОВАЗНАЎЧАЙ  НАВУКІ  НА БЕЛАРУСІ………………………………………………………………......8 – 10

3. “ГРАМАТЫКА СЛОВЕНСКАЯ” ІВАНА УЖЭВІЧА – ФІЛАЛАГІЧНЫ ДАПАМОЖНІК СТАРАЖЫТНАЙ ПАРЫ………………………………11 – 13

ЗАКЛЮЧЭННЕ…………………………………………………………………14

СПІС ЛІТАРАТУРЫ……………………………………………………………15

УВОДЗІНЫ

Мова – гэта не толькі сродак зносін людзей, але і важнейшы элемент нацыянальнай культуры кожнага народа. Гэта і выклікае цікавасць носьбітаў мовы да самой мовы, да яе гісторыі, да вытокаў яе фарміравання і гістарычных умоў функцыянавання, а таксама абуджае цікавасць да перспектыў, шляхоў і напрамкаў далейшага развіцця нацыянальнай мовы.

Цікавасць грамадства да сваёй мовы, гісторыі яе фарміравання і развіцця з’явіліся перадумовамі складвання звестак аб мове і гісторыі яе развіцця ў асобную дысцыпліну – гісторыю мовазнаўства. Беларускае мовазнаўства – навука аб беларускай мове, яе вывучэнні і развіцці. Такім чынам, у межах гісторыі беларускага мовазнаўства вывучаюцца, даследуюцца і разглядаюцца ў першую чаргу працы аб беларускай мове.

У гісторыі беларускага мовазнаўства можна вылучыць наступныя перыяды:

  1.  ХVІ – ХVІІ стст. У гэты час на Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця, наперш, у рэлігіі і навуцы, была пашырана царкоўнаславянская мова. Беларуская ж мова ў гэты перыяд выкарыстоўвалася як дапаможны сродак навуковай распрацоўкі царкоўнаславянскай мовы.
  2.  Першая палова ХІХ ст. (1800 – 1850 гг). Гэты перыяд вызначаецца стварэннем першых прац па беларускай мове і першымі спробамі выкарыстання фактаў беларускай мовы ў дачыненні да даследавання іншых моў.

Гэтыя перыяды лічацца т.зв. “данавуковымі“, паколькі яшчэ не аформілася параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, якое зрабіла своеасаблівую рэвалюцыю ў навуцы аб мове, і з развіццём якога пачалося ўласна развіццё мовазнаўства.

  1.  Другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. У гэты час адбываецца фарміраванне галоўных напрамкаў беларускага мовазнаўства. На гэты перыяд прыпадае дзейнасць многіх навукоўцаў, якіх цікавіла гісторыя беларускага народа і яго мовы. У даследаваннях той пары, якія мелі пераважна этнаграфічны характар, вельмі многа каштоўнага лінгвістычнага матэрыялу.
  2.  20-я гг ХХ ст. – пачатак ХХІ ст. Гэта перыяд сістэматызаванага вывучэння беларускай мовы, які характарызуецца паглыбленнем традыцыйных напрамкаў і ўзнікненнем новых накірункаў лінгвістычных пошукаў. Характэрнай рысай гэтага перыяду з'яўляецца актыўны ўплыў грамадства на мову, дзяржаўнае рэгуляванне мовазнаўчых даследаванняў. У сувязі з гэтым чацвёрты перыяд гісторыі беларускага мовазнаўства з'яўляецца часам вялікіх здабыткаў і цяжкіх страт у беларускім моваўнаўстве і беларускай культуры ўвогуле.

Як вядома, асноўныя асаблівасці беларускай мовы склаліся не пазней ХІІІ ст. Пісьмовая форма пачала фарміравацца пазней – прыкладна ў  ХІV ст. на аснове жывой народнай гаворкі і агульнаўсходнеславянскіх моўных традыцый. Захавалася нямнога звестак пра старажытныя дапаможнікі для вывучэння мовы. Гэта выразаная на дошцы недзе ў ХІІІ – ХІV стст. азбука, якую адшукалі ў Ноўгарадзе ў 1954 годзе; азбука на бяросце, зробленая, як мяркуюць даследчыкі, хлопчыкам Анфімам у ХІІ – ХІІІ стст. (яе знайшлі ў 1956 годзе таксама ў Ноўгарадзе). Прыкладамі некаторых старажытных слоўнікаў могуць быць т. зв. гласарыі – пераклады і тлумачэнні на палях старонак у помніках эпохі Старажытнарускай дзяржавы.

Сур'ёзнай арыгінальнай працы па мовазнаўстве на ўсходнеславянскіх землях не было амаль да канца ХVІ ст. І толькі з канца ХVІ ст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны з'явілася кнігадрукаванне, пачалі выходзіць разнастайныя граматыкі, буквары, азбукі, слоўнікі і іншыя вучэбныя дапаможнікі па царкоўнаславянскай мове, якая ў той час яшчэ шырока выкарыстоўвалася ў сферах навукі, культуры, а таксама ў рэлігійнай сферы.

Царкоўнаславянская мова была ў той час сродкам барацьбы з каталіцызмам, з Захадам. І таму адной з важных задач было ўзвысіць прэстыж царкоўна-славянскай мовы, надаць ёй выразнасць. Аўтары вучэбных дапаможнікаў зыходзілі з неабходнасці ачысціць царкоўнаславянскую мову ад мясцовых і ўстарэлых слоў, растлумачыць незразумелыя словы, узняць культуру царкоўнаславянскай мовы і тым самым паставіць яе нараўне з іншымі распрацаванымі мовамі, якімі былі на той час лацінская і польская.

Праваслаўныя брацтвы, якія існавалі на Беларусі і Украіне, узялі на сябе клопат пра выданне царкоўнаславянскіх вучэбных дапаможнікаў. У гэтых дапаможніках адлюстраваліся характэрныя рысы ўсходнеславянскіх моў: правілы царкоўнаславянскай мовы нярэдка тлумачыліся па-беларуску, беларускія словы прыводзіліся як адпаведнікі да царкоўнаславянскіх.

1. “ГРАММАТИКА СЛОВЕНСКА СЪВЕРШЕННАГО ИСКУССТВА СЬМИ ЧАСТИЙ СЛОВА, И ИНЫХ НУЖДНЫХ, НОВО СЪСТАВЛЕННА Л (ЛАЎРЭНЦІЕМ) Z (ЗІЗАНІЕМ) – АДНА З ПЕРШЫХ ДАСКАНАЛЫХ І ГРУНТОЎНЫХ ГРАМАТЫК

Адной з першых дасканалых і грунтоўных граматык з'яўляецца “Грамматика словенска съвершеннаго искусства сьми частий слова, и иных нуждных. Ново съставленна Л (Лаўрэнціем) Z (Зізаніем)”, якая выйшла ў 1596 годзе ў Вільні. На 192 старонках кнігі ў форме пытанняў і адказаў, якія даюцца не толькі па-царкоўнаславянску, але і “па-руску”, г. зн. па-беларуску, былі выкладзены граматычныя асновы царкоўнаславянскай мовы, яе гукавы склад. “Граматыка...” насычана правіламі, вызначэннямі, узорамі скланення іменных часцін мовы, спражэння дзеясловаў. Граматыка Лаўрэнція Зізанія прызначалася ў першую чаргу для вывучэння царкоўнаславянскай мовы, якой карысталіся на ўсходнеславянскіх землях у канцы ХVІ стагоддзя і якая да гэтага часу паступова насычалася мясцовымі моўнымі элементамі. Таму аўтар пры тлумачэнні асобных з'яў царкоўнаславянскай мовы выкарыстоўваў і асаблівасці беларускай мовы, што надавала працы адметны каларыт, садзейнічала збліжэнню мовы рэлігійнага пісьменства з жывой беларускай гаворкай. Мясцовы моўны матэрыял выкарыстоўваўся не як аб'ект даследавання, а як сродак апісання царкоўнаславянскай мовы.

“Граматыка” Л.Зізанія складалася з чатырох частак: арфаграфіі, прасодыі, этымалогіі і сінтаксіса. У “Арфаграфіі” апісаны літары, якія падзелены на галосныя і зычныя. Асаблівасці правапісу галосных выкладзены ў “Канонах арфаграфіі”, змешчаных у канцы кнігі. У правапіснай сістэме “Граматыкі” адлюстраваны працэс больш-менш свабоднага пранікнення народна-гутарковай стыхіі ў рэлігійнае пісьменства. Гэта выразна праявілася ў паасобных выпадках перадачы некаторых спецыфічных рыс беларускай мовы: акання, зацвярдзення губных, шыпячых і [р].

У другой частцы “Прасодыя” падрабязна разглядаюцца асаблівасці націску і яго віды. У гэтай жа частцы змешчаны параграф аб знаках прыпынку і ўжыванні цітлы.

У трэцяй частцы “Этымалогія” Л.Зізаній выдзяляе восем часцін мовы: “различие, имя, местоимя, глагол, причастие, предлог, наречие, союз”. Кожная часціна мовы атрымала падрабязнае тлумачэнне і апісанне. Найбольшая ўвага надаецца імёнам (назоўніку, прыметніку, лічэбніку) і дзеяслоўным формам. Л.Зізаній побач з царкоўнаславянскімі прыводзіў і ўсходнеславянскія формы, агульныя для беларускай і ўкраінскай моў. Зізаній выкарыстаў уласцівыя беларускай мове формаўтваральныя сродкі пры апісанні асаблівасцей утварэння ступеней параўнання прыметнікаў (суфіксы -ейш, -ш; прэфікс -най). Тэндэнцыя выкарыстання беларускіх форм побач з царкоўнаславянскімі адлюстравана пры разглядзе займеннікаў, дзеясловаў цяперашняга часу. Уздзеянне жывой беларускай гаворкі на царкоўнаславянскую мову выразна праявілася ва ўжыванні многіх беларускіх лексем: але, годность, дарую, деля, ведаці, лагодная і іншых.

“Граматыка...” Л.Зізанія адыграла важную ролю ў развіцці беларускай мовы. Яна была шырока распаўсюджаным падручнікам у Беларусі, Літве, на Украіне і ў Расіі. Яе ведалі таксама ў Сербіі, Балгарыі і ў Польшчы. Некалькі дзесяцігоддзяў яна была настольнай кнігай у брацкіх школах. Праца Л.Зізанія з’явілася ўзорам для пазнейшых складальнікаў граматык.

2. “ГРАММАТІКА СЛАВЕНСКИЯ ПРАВИЛНОЕ СИНТАГМА” МІЛЕЦІЯ СМАТРЫЦКАГА – ВЯРШЫНЯ МОВАЗНАЎЧАЙ НАВУКІ НА БЕЛАРУСІ

Вяршыняй мовазнаўчай навукі на Беларусі ў пачатку ХVІІ ст. з’явілася “Грамматика славенския правилное синтагма” Мілеція Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 годзе ў Еўі каля Вільні. Яго праца – водгук на запатрабаванні беларускага культурнага асяроддзя. Больш за стагоддзе “Граматыка...” М. Сматрыцкага была асноўным падручнікам, па якім у школах Беларусі, Маскоўскай Русі і Украіны вывучалі царкоўнаславянскую мову. Пра высокі аўтарытэт “Граматыкі...” сведчыць той факт, што яна двойчы перавыдавалася з нязначнымі зменамі ў Маскве (у 1648 і 1722 гг.). У ХVІІІ – першай палове ХІХ стст. яна стала “вратами учености” , як адзначыў М. В. Ламаносаў, для ўсіх славянскіх народаў.

Выдадзеная для практычных патрэб школьнай асветы, “Граматыка...” М. Сматрыцкага мела не толькі культурнае, але і грамадска-палітычнае значэнне: пасля яе з’яўлення прадстаўнікі каталіцызму і уніяцтва перасталі гаварыць пра царкоўнаславянскую мову як пра неўнармаваную, малазразумелую і граматычна не распрацаваную. “Граматыка...” М. Сматрыцкага з’явілася ўзорам стварэння шматлікіх граматычных дапаможнікаў не толькі ва ўсходняй частцы славянскага свету, але і на паўднёва-славявянскіх землях, краінах каталіцкага Захаду.

Асноўнае прызначэнне “Граматыкі...” М. Сматрыцкі бачыў у тым, каб навучыць правільна чытаць і разумець царкоўнаславянскія тэксты, а таксама пісаць. М. Сматрыцкаму ўдалося ўстанавіць нормы царкоўнаславянскай мовы, надаўшы ім пэўную стройнасць і паслядоўнасць. Поспеху садзейнічала сур’ёзная навуковая аснова, якая адрознівала гэтую граматыку ад папярэдніх, якія не маглі атрымаць усеагульнага прызнання.

Напісаная ў рэчышчы грэчаскіх і лацінскіх мовазнаўчых традыцый, “Граматыка...” М. Сматрыцкага вызначалася ўдала распрацаванай структурай. У склад яе ўваходзілі наступныя часткі: арфаграфія, этымалогія (навука пра часціны мовы), прасодыя (вучэнне пра віды націску і абазначэнне яго на пісьме), тэорыя вершаскладання і сінтаксіс. Пад арфаграфіяй М. Сматрыцкі разумеў не толькі правілы перадачы слоў на пісьме, але і правільнае вымаўленне, пастаноўку знакаў прыпынку. Усе гукі ён падзяліў на галосныя і зычныя. Сярод галосных ён адрозніваў галосныя поўнага ўтварэння і рэдукаваныя (ь, ъ), якія не абазначалі гука, а ўжываліся для абазначэння цвёрдасці або мяккасці зычных. Зычныя М. Сматрыцкі падзяліў на “полгласна” (вымаўляюцца з удзелам голасу) і “безгласна” (вымаўляюцці без удзелу голасу). Гэты падзел намеціў сучаснае размежаванне звонкіх і глухіх зычных.

М. Сматрыцкі быў першаадкрывальнікам і вынаходцам многіх лінгвістычных тэрмінаў. Ён упершыню ўжыў паняцці ‘зборныя назоўнікі‘, ‘месны (сказательный) склон‘, упершыню вылучыў новую часціну мовы – выклічнік – і даў яе апісаннне. Даў характарыстыку дзеепрыслоўю як форме дзеяслова. Усяго ён вылучыў восем часцін мовы, якія падзяліў на скланяльныя (імя, дзеяслоў, займеннік, дзеепрыметнік) і нескланяльныя (прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік).

М. Сматрыцкі падзяліў усе склоны на прамыя і ўскосныя, адзначыў, што прыметнікі могуць мець поўную і кароткую формы і падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Адным з першых М. Сматрыцкі пачаў распрацоўваць пытанні стылістычнага сінтаксісу, даў падрабязнае апісанне разнастайных стылістычных фігур. Невялікі раздзел “Граматыкі...” прысвечаны тэорыі вершаскладання, дзе выкладзены парады тым, хто хоча пісаць вершы, апісаны найбольш ужывальныя стопы і вершаваныя памеры (метры).

Істотнай часткай “Граматыкі...” з’яўляецца вучэнне аб сінтаксісе. Аўтар выклаў правілы спалучэння прыметніка з назоўнікам, дзеясловам і імем у родным склоне, дзеяслова з імем ў давальным склоне.

Уласна беларускіх моўных асаблівасцей у “Граматыцы...” нямнога, пераважна гэта лексічныя, правапісныя і акцэнталагічныя адметнасці. М. Сматрыцкаму былі добра вядомы асаблівасці народна-гутарковага вымаўлення, таму ў адным з правілаў ён раіў не змешваць на пісьме [ф] і [хв], размяжоўваць выбухны і фрыкатыўны [г], не блытаць [е] і [ђ]. Гэтыя і іншыя асаблівасці жывой мовы не парушалі структуру царкоўнаславянскай мовы, а толькі падкрэслівалі, што аўтар выразна іх адрозніваў.

“Граматыка...” М. Сматрыцкага кадыфікавала царкоўнаславянскую мову, якая была вядома на тэрыторыі Беларусі і Украіны і адчувала пэўны ўплыў з боку беларускай і ўкраінскай моў, што вызначыла наяўнасць у мове варыянтных граматычных форм, лексічных адзінак, асобных арфаграфічных і акцэнталагічных адхіленняў.

“Граматыка...” М. Сматрыцкага аказалася сур’ёзнай навуковай працай. Доўгі час ёй не было роўных у славянскім свеце.

3. “ГРАМАТЫКА СЛОВЕНСКАЯ” ІВАНА УЖЭВІЧА – ФІЛАЛАГІЧНЫ ДАПАМОЖНІК СТАРАЖЫТНАЙ ПАРЫ

Асобнае месца сярод філалагічных дапаможнікаў старажытнай пары займае  “Граматыка словенская”  Івана (Иоанна) Ужэвіча. “Граматыка...” І. Ужэвіча ў наш час вядома ў дзвюх рукапісных рэдакцыях 1643 і 1645 гг. Першая з іх захоўваецца ў Нацыянальнай Бібліятэцы ў Парыжы, другая – у бібліятэцы г. Араса на поўначы Францыі. Аналіз складу “Граматыкі...” сённяшнімі даследчыкамі паказвае, што І.Ужэвіч адлюстраваў і апісаў стан сучаснай яму беларускай літаратурнай мовы, надзвычай дакладна зафіксаваўшы лексічныя, фанетычныя, словаўтваральныя і марфолага-сінтаксічныя змены, якія адбываліся ў ёй да ХVІІ ст.

“Граматыка...” напісана на лацінскай мове, якая ў той час шырока выкарыстоўвалася ў Еўропе, а ілюстрацыйны матэрыял і парадыгмы пададзены кірыліцай. “Граматыка...” была арыентавана перш за ўсё на заходнееўрапейскага чытача, які цікавіўся мовай сваіх суседзяў з Усходняй Еўропы. Сваёй “Граматыкай...” І. Ужэвіч хацеў пазнаёміць замежнага чытачы са сваёй Радзімай, яе багатай і дасканалай мовай.

Пасля выдання ў 1970 г. “Граматыкі...” Ужэвіча ўкраінскімі моваведамі ва ўкраінскіх навуковых выданнях з’явілася серыя артыкулаў, у якіх падкрэслівалася, што праца  І. Ужэвіча – гэта граматыка ўкраінскай мовы. На жаль, у беларускім мовазнаўстве “Граматыка...” І. Ужэвіча аказалася амаль незаўважанай. У сярэдзіне 70-х гг. ХХ ст. англійскі беларусіст Дж. Дынглі ў спецыяльным артыкуле пераканаўча паказаў перавагу ў гэтай “Граматыцы...” беларускіх моўных рыс. Даследчык зрабіў вывад, што адлюстраваная ў ёй мова з’яўляецца літаратурна-пісьмовай мовай ВКЛ, і “Граматыку...” трэба прызнаць часткай лінгвістычнай спадчыны Беларусі. Дж. Дынглі ўстанавіў таксама, што сам І.Ужэвіч паходзіць аднекуль з паўднёва-заходняй часткі Беларусі. З-за абмежаванасці моўнага матэрыялу “Граматыкі...” (у ёй няма тэкстаў, толькі сказы, многія сказы незакончаныя) пытанне аб тым, якая мова апісана ў “Граматыцы...” – беларуская ці ўкраінская – наўрад ці можна вырашыць канчаткова. Аднак варта падкрэсліць, што гэта не царкоўнаславянская мова. Тэрмін ‘словенская‘ ў загалоўку ўжыты не ў тым значэнні, якое ён меў ва ўсходнеславянскай граматычнай традыцыі ХVІ – ХVІІ стст. (стараславянская, царкоўнаславянская), а як родавае абазначэнне розных славянскіх моў. “Граматыка...” І. Ужэвіча ў пэўнай ступені прадстаўляла адразу некалькі славянскіх моў, вядомых аўтару, аднак асноўным прадметам “Граматыкі...” была адна мова – тая, на якой размаўлялі ruteni. У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ХV – ХVІІ стст. тэрмін ruteni побач з russi і roxolani абазначаў разам беларусаў і ўкраінцаў, у адрозненне ад тэрміна moschovitae, які ўжываўся для абазначэння “московитов, великорусов”. У  І. Ужэвіча sacra lingua sclavonica (царкоўнаславянская мова) супрацьстаіць мове, якая з’яўляецца аб’ектам “Граматыкі...” (ruteni). Такім чынам, “Граматыка...” І. Ужэвіча ўяўляе сабой першы ва ўсходнеславянскай традыцыі вопыт апісання не царкоўнаславянскай мовы, а літаратурна-пісьмовай мовы, якой карысталіся ў ВКЛ у ХVІ – ХVІІ стст. і якая ў аднолькавай ступені з’яўляецца спадчынай беларусаў і ўкраінцаў. Перш за ўсё гэтым цікавая для нас “Граматыка...” І. Ужэвіча.

“Граматыка словенская” І. Ужэвіча складаецца з трох частак: фанетыка-арфаграфічнай, марфалагічнай і сінтаксічнай. Пры разглядзе гукаў і літар (гэтыя паняцці яшчэ не размяжоўваліся) вылучаліся 43 літары, з іх 24 зычныя, астатнія – галосныя.

У правапісе І. Ужэвіч зафіксаваў найбольш адметныя асаблівасці старабеларускага пісьма, якія адлюстравалі спецыфічныя фанетычныя працэсы ў народна-гутарковай мове. Ён не адрозніваў на пісьме літары ђ і е, што сведчыла пра супадзенне гукаў [ђ] і [е] у адным – [э]; адлюстраваў працэс зацвярдзення губных на канцы слова, шыпячых, [ц], [р]. Гэтым “Граматыка...”  І. Ужэвіча збліжалася з нормамі старабеларускага дзелавога пісьменства, якое арыентавалася на перадачу асноўных фанетычных асаблівасцей жывой мовы. І. Ужэвічам шырока перададзены разнастайныя асіміляцыйна-дысіміляцыйныя працэсы. Да спецыфічных беларускіх рыс, адлюстраваных у “Граматыцы...”, належаць напісанне прыстаўной і (ірце), спалучэння зн замест здн і інш. Пры афармленні форм роднага склону неадушаўлёных абстрактных назоўнікаў мужчынскага роду І.Ужэвіч прапанаваў канчатак -у- (кошту, розуму). З іншых асаблівасцей можна адзначыць ужыванне словаформ з канчаткамі –амі (-ямі) для творнага, -ахъ (-яхъ) для меснага склону назоўнікаў множнага ліку (каменями, въ соболяхъ). Характэрнымі для беларускай мовы марфалагічнымі паказчыкамі вызначалася і сістэма прыметніка, напрыклад, канчаткам -ого для прыметнікаў мужчынскага роду і –ое для жаночага роду ў родным склоне адзіночнага ліку (вдячного, святое); суфіксамі –ш-, -ейш-, прэфіксам най- для ўтварэння форм ступеней параўнання (смачнейший, найсмачнейший).

Па сутнасці ўпершыню І. Ужэвіч даў трохчленную класіфікацыю часавых форм дзеяслова (цяперашні, будучы, прошлы), што адпавядала рэальнаму стану мовы. Услед за М.Сматрыцкім І.Ужэвіч разгледзеў дзеепрыслоўе. У граматычна-правапіснай сістэме І.Ужэвіч адлюстраваў працэс станаўлення марфалагічных норм старабеларускай мовы. Ён засяродзіў увагу на апісанні сінтаксічных асаблівасцей народнай мовы, у прыватнасці, параўнальных прыметнікавых канструкцый (слонце яснейшое месеца), інфінітыўных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў (ён упившися пошол спати). У лексічным складзе “Граматыкі...” І. Ужэвіча добра адлюстраваны працэс фарміравання слоўніка беларускай мовы на пэўным гістарычным этапе. У слоўнікавым, як і ў граматычным складзе, “Граматыка...” І. Ужэвіча адлюстравала характэрны для свайго часу працэс узаемаўплыву і ўзаемаўзбагачэння беларускай і польскай моў.

На жаль, “Граматыка словенская” не была надрукавана і не змагла адыграць належнай ролі ў распрацоўцы мовы тагачаснай свецкай літаратуры. Аднак усё зробленае Іванам Ужэвічам дае падставы сцвярджаць, што яго імя павінна стаяць побач з імёнамі такіх выдатных дзеячоў эпохі беларускага Адраджэння, як Ф.Скарына, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Будны і інш.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Такім чынам, буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі засведчылі высокі ўзровень мовазнаўчай думкі на Беларусі ў старажытныя часы. Аб’ектам іх распрацовак была ў асноўным царкоўнаславянская мова. Уласна беларуская мова стала аб’ектам вывучэння значна пазней. Аднак традыцыі старажытнага ўсходнеславянскага мовазнаўства адыгралі станоўчую ролю ў яе распрацоўцы.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

  1.  Гуліцкі,  М. Ф. // Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі. –  Мн., 1978. – 192 с.
  2.  Крамко,  І. І., Юрэвіч,  А. К.,  Яновіч,  А. І. // Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. – Мінск, 1968, т. 2. – 342с.
  3.  Паўлавец,  Дз. //   Рупнасцю “мнагагрэшнага мніха Мялеція”: “Граматыка” Мялеція Сматрыцкага. –  Роднае слова. № 4. 2001. С.45-47.
  4.  Паўлавец,  Дз.  // Настаўніца добрай славянскай мовы: “Граматыка” Лаўрэнція Зізанія. –  Роднае слова. № 2. 1996. С.46-49.
  5.  Тамашэвіч,  Т. І. //  Гісторыя беларускага мовазнаўства”. – Мн., 1995. – 345 с.
  6.  Яскевіч,  А.А. //  Старабеларускія граматыкі: праблемы агульнафіласофскай цэласнасці. – 2-е выд. – Мн., 2001. – 284 с.


 

А также другие работы, которые могут Вас заинтересовать

80752. The Periods in the History of English 26.74 KB
  The evolution of English in the 1,500 years of its existence in England has been an unbroken one. Within this development, however, it is possible to recognize three main periods. Like all divisions in history, the periods of the English language are matters of convenience and the dividing lines between them purely arbitrary.
80753. The Origin and Position of English 27.12 KB
  The English language of today is the language that has resulted from the history of the dialects spoken by the Germanic tribes who came to England in the manner described. It is impossible to say how much the speech of the Angles differed from that of the Saxons or that of the Jutes. The differences were certainly slight.
80754. The Verb. The Old English verb 28.59 KB
  The inflection of the verb in the Germanic languages is much simpler than it was in Indo-European times. A comparison of the Old English verb with the verbal inflection of Greek or Latin will show how much has been lost. Old English distinguished only two simple tenses by inflection a present and a past, and, except for one word...
80755. Methods of sentence analysis. Subordination grammar and constitutional grammar 26.75 KB
  The nominative parts of the simple sentence, subject, predicate, object, adverbial, attribute parenthetical enclosure addressing enclosure. The parts are arranged in a hierarchy. The ultimate and highest of this integral modification is the scheme as a whole.
80756. Verb. Morphological classification symantic and structural classification of verbs 28.04 KB
  There are exist finite and non-finite forms of a verb. Non-finite forms or the so called verb its are infinitive, the participle and the gerund. The verb forms differ in their meaning, as function. the finite form them denotes a process.
80757. NOUN. SEMANTIC AND STRUCTURAL CLASSES OF NOUNS 27.98 KB
  The categorical functional properties of the noun are determined by its semantic properties. The most substantive function of the noun is hat of the subject in the sentence. The function of the object in the sentence is also typical of the noun as the substance word.
80758. THE ARTICLE AND ITS STYLISTIC POTENTIAL 27.64 KB
  Newspaper style was the last of all styles of written literary english to be recognized as a specific form of writing standing apart from other forms. Information in the english newspaper is conveyed through the medium of: brief news item, press reports (parlimentary, of court proceeding...
80759. SYNTATICAL EXPRESIVE MEANS AND STYLISTIC DEVISES 27.52 KB
  Within the language as a system there establish themselves certain definite types of relations between words, word-combinations, sentences and also between larger spans of utterances. The term supra-phrasal unit is used to denote larger unit than a sentence.
80760. Synonyms, euphemisms and antonyms 28.96 KB
  Traditional linguistics defines synon. As words of the same category of parts of speech conveying the same concept but differing either in shades of meaning or in stylistic characteristics. A more modern and effective approach to the classification of synonyms may based on the definition describing synonyms as words differing in connotations...