88993

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Книга

История и СИД

Дапаможнік прызначаны для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў. У ім сцісла і паслядоўна выкладзены асноўныя моманты гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Раскрываюцца асноўныя тэрміны, даецца храналогія падзей, вызначаюцца кантрольныя пытанні і заданні.

Беларуский

2015-05-07

1.42 MB

4 чел.

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

УСТАНОВА АДУКАЦЙЫІ

«ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ»

ІНСТЫТУТ ПАСЛЯДЫПЛОМНАЙ АДУКАЦЫІ

УСТАНОВЫ АДУКАЦЙЫІ

«ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ІМЯ ЯНКІ КУПРАЛЫ»

І.Ф. КІТУРКА

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Вучэбны дапаможнік

для студэнтаў-завочнікаў непрофільных спецыяльнасцяў

 

Гродна 2006

УДК 947.6

ББК 63.3 (4 Беі)

    К 45

   

Рэцэнзенты:

  

доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я.Купалы С.В. Марозава;

кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.Ф. Голубеў

 

Кітурка, І.Ф.

Гісторыя Беларусі: дапам. / І.Ф. Кітурка. ― Гродна : ГрДУ, 2006. –     с.

К45

       ISBN 985-417-

Дапаможнік прызначаны для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў. У ім сцісла і паслядоўна выкладзены асноўныя моманты гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Раскрываюцца асноўныя тэрміны, даецца храналогія падзей, вызначаюцца кантрольныя пытанні і заданні. Для арганізацыі самастойнай працы прапаноўваюцца тэмы рэфератаў і спіс літаратуры па тэме.

Будзе карысным для выкладчыкаў гісторыі, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

УДК 947.6

ББК 63.3 (4 Беі)      

ISBN 985-417-

ЗМЕСТ

Уводзіны

Тэма 1. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

1. Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі. Гаспадарчае жыццё людзей у першабытную эпоху.

2. Асаблівасці разлажэння першабытнага грамадства на беларускіх землях.

3. Духоўная культура людзей у першабытным грамадстве.

4. Праблема этнагенезу беларусаў.

Тэма 2. Эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх зямель у эпоху ранняга феадалізму (ІХ– пачатак ХІІІ ст.)

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ – пачатку  ХІІІ ст.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадстве.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы.

6. Культура Беларусі ў ІХ – пачатку ХІІІ ст.

Тэма 3. Вялікае княства Літоўскае (другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ ст.)

1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.

2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў.

3. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ. Судовая сістэма.

4. Сацыяльная структура грамадства ВКЛ.

5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ.

6. Гарады Беларусі ў ХІV–ХVІ ст.

Тэма 4. Эканамічнае,  палітычнае і культурнае развіццё Беларусі ў ХVІ – першай палове ХVІІ ст.

1. Палітычная сітуацыя ў ВКЛ у першай палове ХVІ ст.

2. Лівонская вайна. Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.

3. Валочная памера –  аграрная рэформа сярэдзіны ХVІ ст.

4. Уплыў ідэй Адраджэння на культуру Беларусі ў ХVІ ст. – першай палове ХVІІ ст.

5. Рэфармацыя ў Беларусі і Берасцейская царкоўная унія.

6. Палітычная сітуацыя на землях Беларусі ў першай палове ХVІІ ст.

Тэма 5. Беларусь у другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст.

  1.  Войны сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. і іх уплыў на развіццё Беларусі.
  2.  ВКЛ у Паўночнай вайне (1700 – 1721).
  3.  Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. Ідэалогія Асветніцтва.

4. Спробы мадэрнізацыі жыцця ў другой палове ХVІІІ ст. Рэформы А.Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях.

5. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т.Касцюшкі 1794 г.

Тэма 6. Эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё Беларусі

ў ХІХ ст.

1. Змены ў становішчы беларускага насельніцтва пасля далучэння да

   Расійскай імперыі.

2. Беларусь у вайне 1812 г.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

  Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

4. Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі.  

5. Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

Тэма 7. Беларусь у перыяд станаўлення буржуазнага грамадства (другая

            палова ХІХ ст.)

1. Сялянская рэформа 1861 г.

2. Асаблівасці дзяржаўных ліберальных рэформ 60-70-х г. ХІХ ст. у Беларусі.

3. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў    паслярэформенны перыяд.

4. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Шляхі зносін. Гандаль.

5. Нацыянальна-вызваленчы рух на беларускіх землях у другой палове ХІХ ст.

Тэма 8. Беларусь у час войнаў і рэвалюцый пачатку ХХ ст.

  1.  Палітычная сітуацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Рэвалюцыя 1905 −1907 г.
  2.  Сельская гаспадарка і прамысловасць Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа.
  3.  Беларускі нацыянальна-вызваленчы і культурны рух у пачатку ХХ ст.
  4.  Беларусь у гады Першай сусветнай вайны.
  5.  Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 1917 − 1921 г. Утварэнне беларускай дзяржаўнасці.

Тэма 9. Беларусь у міжваенны перыяд (1921−1939).

  1.  Новая эканамічная палітыка (НЭП) і беларусізацыя ў БССР.
  2.  БССР у перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі.
  3.  Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у канцы 1920-х − 1930-я г.
  4.  Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

Тэма 10. Беларусь у 1941−1990 г.

  1.  Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941−1945).
  2.  Аднаўленне эканомікі Беларусі ў пасляваенны перыяд: поспехі і страты (1945−1953). Вынікі вайны для Беларусі.
  3.  Лібералізацыя ў БССР часоў «адлігі» (1953−1964).
  4.  Развіццё БССР у 1965−1985 г. «Застой» і наспяванне крызісу.
  5.  Палітыка перабудовы і пачатак дэмакратызацыі грамадства (1985−1990).

Тэма 10: Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці (1990–2006)

  1.  Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі і эвалюцыя палітычнай сістэмы.
  2.  Эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь у 1990 – 2006 г.
  3.  Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне.
  4.  Духоўнае і культурнае жыццё беларускага народа на рубяжы стагоддзяў.

Заключэнне

Спіс выкарыстанай і рэкамендуемай літаратуры

Дадатак

УВОДЗІНЫ

Старажытнае лацінскае выслоўе гаворыць: «Historia est magistra vitae», што ў перакладзе азначае: «Гісторыя ёсць настаўніца жыцця». Сапраўды, гісторыя, асноўная задача якой заключаецца ў вывучэнні мінулага, на самой справе з’яўляецца не толькі «памяццю пра былое». Гісторыя – гэта спадчына, падмурак і вопыт, абапіраючыся на якія, народы будуюць сваё далейшае жыццё.

Кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю. Яна дазваляе чалавеку ўсвядоміць, што ён – не «рэч у сабе», а прадстаўнік пэўнага этнасу са сваімі традыцыямі, асаблівасцямі матэрыяльнай і духоўнай культуры. Менавіта гісторыя фарміруе чалавека як грамадзяніна і патрыёта, выхоўвае пачуццё прыналежнасці да сваёй краіны, адказнасці за яе будучае. Веданне і шанаванне мінулага свайго народа заўсёды з’яўлялася паказчыкам цывілізаванасці, а гістарычнае бяспамяцтва было прыкметай варварства і неразвітасці духа.

Беларускі народ мае багатую гісторыю, насычаную як гераічнымі, так і трагічнымі падзеямі. Іх вывучэнне і асэнсаванне павінна зыходзіць, у першую чаргу, з пункту гледжання карыснасці ці шкоднасці гэтых падзей для развіцця саміх беларусаў і іх дзяржавы. Аднак пры гэтым не трэба забываць, што Беларусь належыць да еўрапейскай цывілізацыі. Беларускі народ у сваім развіцці карыстаўся яе асноўнымі дасягненнямі і зрабіў свой уклад у яе спадчыну.

Дадзены вучэбны дапаможнік па курсу "Гісторыя Беларусі" прызначаны для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў і выкладчыкаў гісторыі. У ім сцісла і паслядоўна выкладзены асноўныя моманты гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. У канцы кожнай тэмы раскрываюцца асноўныя тэрміны, даецца храналогія падзей, вызначаюцца кантрольныя пытанні і заданні. Для арганізацыі самастойнай працы прапаноўваюцца тэмы рэфератаў і спіс літаратуры па тэме. Працай могуць карыстацца ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Аўтар выказвае шчырую падзяку рэцэнзентам – доктару гістарычных навук, прафесару кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы С.В.Марозавай і кандыдату гістарычных навук, дацэнту, старшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.Ф.Голубеву за іх заўвагі і парады.

Тэма 1. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

1. Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі. Гаспадарчае жыццё людзей у першабытную эпоху.

2. Асаблівасці разлажэння першабытнага грамадства на беларускіх землях.

3. Духоўная культура людзей у першабытным грамадстве.

4. Праблема этнагенезу беларусаў.

1. Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі. Гаспадарчае жыццё людзей у першабытную эпоху. Першабытнае грамадства аб’ектыўна застаецца найбольш складаным перыядам у вывучэнні гісторыі любой краіны. Пры даследаванні гэтага часу фактычна адзінай крыніцай з’яўляюцца дадзеныя археалагічных раскопак, абапіраючыся на якія, вучоныя спрабуюць рэканструіраваць гістарычнае мінулае.

Прынята лічыць, што прарадзімай чалавека з’яўляецца Усходняя Афрыка і Паўднёвая Азія, дзе прыкладна тры мільёны гадоў таму людзі вылучыліся з жывёльнага свету. Распаўсюджанне чалавека ў Еўропе адбылося значна пазней, каля 600 тыс. гадоў таму, і ўвогуле прыпала на ледавіковую эпоху.

Ледавікі ў старажытнасці пакрывалі і тэрыторыю сучаснай Беларусі. Магчыма, што першыя насельнiкi з’явіліся тут пасля адыходу буйнога валдайскага абледзянення, у прамежку каля 100–40 тыс. гадоў да н. э. Пра гэта сведчаць грубаабабітыя каменныя прылады працы, знойдзеныя археолагамі каля вёсак Абідавічы Быхаўскага раёна і Свяцілавічы Веткаўскага раёна. Як лічаць вучоныя, крамянёвыя скрэблы, востраканечнікі і ручныя рубілы маглі быць зроблены неандэртальцамі. Неандэртальцы з’яўляліся непасрэднымi папярэднiкамi сучаснага чалавека, але па знешнім выглядзе яшчэ значна ад яго адрозніваліся: мелі моцна развітае надброўе, шырокія насавыя адтуліны, наяўны патылічны валік, даволі валасатае цела і інш.

Больш упэўнена можна сведчыць, што засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося 40–30 тыс. гадоў таму. Археолагамі выяўлены добра захаваўшыяся стаянкі першабытных людзей каля вёсак Юравічы Калінкавіцкага раёна і Бердыж Чачэрскага раёна. Час з’яўлення гэтых стаянак ― адпаведна 26 тыс. гадоў і 23,5 тыс. гадоў да н. э. Іх насельнікі ўжо былі людзьмі сучаснага антрапалагічнага тыпу  краманьёнцамі. Яны валодалі тэхнікай пласцінчатай апрацоўкі крэменю і выраблялі больш дасканалыя і разнастайныя, у параўнанні з неандэртальцамі, прылады працы, такія як нажы, сякеры, разцы і інш.

Перыяды пацяплення на тэрыторыі сучаснай Беларусі змяняліся часамі пахаладання, але такія цяжкія ўмовы толькі загартоўвалі першабытных людзей, вымушалі іх прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя, вынаходзіць новыя спосабы здабывання ежы, што ў выніку садзейнічала развіццю іх інтэлекту.

Поўнаму засяленню тэрыторыі Беларусі першабытным чалавекам спрыялі прыродна-кліматычныя ўмовы, якія ўсталяваліся пасля канчатковага адыходу ледавіка, прыкладна 14–12 тыс. гадоў таму: вільготны клімат, багаты раслінны і жывёльны свет і, як спадчына ледавіковай эпохі, вялікая колькасць рэк і азёр. Археолагамі знойдзена і даследавана звыш за 60 стаянак таго часу.

Абавязковай умовай, якая першапачаткова забяспечыла эвалюцыю чалавека, была наяўнасць каля стойбішча старажытных людзей не толькі вады і жывёлы аб’ектаў палявання, але і камянёў, якія падыходзілі для вырабу прылад працы. Камяні выкарыстоўваліся і ў якасці матэрыялу для пабудовы першабытных жытлаў, выкладкі ачагоў. Пры дапамозе двух камянёў чалавек навучыўся высякаць агонь і тым самым авалодаў адной з прыродных стыхій.

Таму, згодна з археалагічнай перыядызацыяй, першы перыяд станаўлення і развіцця чалавека невыпадкова называецца каменным векам. Для тэрыторыі Беларусі ён датуецца 100–3 тыс. гадоў да н. э. У адпаведнасці з матэрыялам, з якога старажытныя людзі выраблялі прылады працы, вучоныя выдзяляюць яшчэ два перыяды першабытнага грамадства: бронзавы век (2 тыс. да н. э. VІІІ ст. да н. э.) і жалезны век (VІІ ст. да н. э. VІІ ст. н. э.).

Каменны век з’яўляўся самым працяглым па часе,  і для лепшага вывучэння гэты перыяд прынята падзяляць на:

  •  палеаліт (ранні каменны век – 100–10 тыс. гадоў да н. э.);
  •  мезаліт (сярэднекаменны век – 9–5 тыс. гадоў да н. э.);
  •  неаліт (новы каменны век – канец 5–3 тыс. да н. э.).

Палеаліт. Жыццё чалавека ў першабытную эпоху ўпрост залежала ад забяспечанасці харчаваннем. Самым старажытным, найпрасцейшым і трывалым відам гаспадарчай дзейнасці людзей з’яўлялася збіральніцтва. З дапамогай прымітыўных прылад працы палкі-капалкі, рога жывёлы людзі здабывалі розныя карэнні і расліны. Збіральніцтва не патрабавала ад чалавека спецыяльных навыкаў, але і не заўсёды магло забяспечыць яго неабходнай колькасцю ежы. Таму ў працэсе эвалюцыі і барацьбы за існаванне чалавек па сутнасці стаў драпежнікам, і галоўную ролю ў яго жыцці пачало адыгрываць паляванне.

Паляванне было больш складаным відам гаспадарчай дзейнасці, патрабавала ад чалавека стварэння прынцыпова іншых прылад працы, а таксама вывучэння звычак звяроў, умення на практыцы прымяняць атрыманыя веды. Згодна з дадзенымі археалагічных раскопак, на працягу ўсяго ранняга каменнага веку людзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі палявалі на буйных звяроў, у прыватнасці, на маманта. Паляванне на гэтую жывёлу, дарослая асоба якой важыла каля трох тон, для першабытнага чалавека было справай няпростай і небяспечнай. Людзі ўжывалі так званую загонна-аблаўную сістэму палявання, калі з дапамогай крыкаў і агню імкнуліся загнаць маманта ў загадзя падрыхтаваную яму-пастку. Але нават патрапіўшы ў яе мамант уяўляў вялікую пагрозу для чалавека, паколькі яго біўні па памерах значна пераўзыходзілі прымітыўную зброю людзей. Аднак пры станоўчым выніку палявання спажыванне маманта фактычна было безадходным: яго мяса і тлушч выкарыстоўваліся ў ежу, а косці і скура для будаўніцтва жытла, вырабу вопраткі, абутку і прылад працы.

Гаспадарчая дзейнасць чалавека ў першабытным грамадстве насіла калектыўны характар, паколькі адзін чалавек не мог забяспечыць сябе сродкамі харчавання, абараніцца ад драпежнікаў і супрацьстаяць прыродным стыхіям. Як лічаць вучоныя, першым чалавечым калектывам з’яўлялася праабшчына, або першабытны чалавечы статак, які складаўся з 20–30 чалавек на чале з правадыром. Храналагічна праабшчына на тэрыторыі Беларусі існавала ў перыяд 100 тыс. гадоў да н. э. 35 тыс. гадоў да н. э.

Эвалюцыя гаспадарчых адносін, удасканаленне прылад працы прывялі да зменаў і ў грамадскім ладзе: прыкладна 35 тыс. гадоў да н. э. пачалі ўтварацца парныя саюзы, якія складалі родавую абшчыну. Чалавек стаў ператварацца ў сацыяльную істоту, члена родавага і вытворчага калектыву. Род  калектыў кроўных родзічаў, які вёў сваё паходжанне па адной лініі і меў агульную маёмасць. Для першабытнага грамадства праца была абавязковым і неабходным сродкам выжывання, прычым назіраўся яе пола-ўзроставы падзел, калі гаспадарчыя абавязкі размяркоўваліся паміж членамі роду ў залежнасці ад полу і ўзросту. Нягледзячы на тое, што ў гаспадарчым жыцці галоўная роля належала мужчыне-паляўнічаму, на чале роду першапачаткова стаяла жанчына, паколькі пры неўпарадкаваных шлюбных адносінах роднасць можна было вызначыць толькі па жаночай лініі. Гэты перыяд у развіцці грамадства атрымаў назву матрыярхат. Унутры роду існавала экзагамія  жорсткая забарона шлюбных сувязяў паміж членамі роду.

Мезаліт. Асноўнымі заняткамі першабытных людзей у перыяд палеаліту і мезаліту былі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства. Яны складалі аснову прысвойваючай гаспадаркі, пры якой людзі нічога не выраблялі самі, а ўжывалі ў ежу толькі тое, што давала ім прырода.

З пачаткам мезаліту ледавік канчаткова адступіў і на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўсталяваўся клімат, блізкі да цяперашняга, што натуральна прывяло да зменаў у флоры і фауне. Чарговы раз прырода ўнесла карэктывы і ў гаспадарчую дзейнасць людзей. Зніклі маманты, на якіх людзі палявалі дзесяткі тысяч гадоў, і з’явіліся новыя віды звяроў і птушак, а значыць, узнікла неабходнасць пошуку новых метадаў палявання і вырабу больш дасканалай зброі. Галоўным вынаходніцтвам чалавека ў гэты час становіцца першае механічнае прыстасаванне – лук і стрэлы.

У час мезаліту людзі пачалі вырабляць так званыя мікраліты дробныя дэталі састаўных прылад працы, зробленыя з крэменю. Мікраліты звычайна ўстаўляліся ў пазы касцяных ці рагавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў.

Знікненне мамантаў пазбавіла чалавека галоўнай крыніцы харчавання і тым самым павялічыла вагу іншых гаспадарчых заняткаў, у першую чаргу рыбалоўства. Вядома, што ў перыяд мезаліту людзі на тэрыторыі Беларусі для рыбнай лоўлі выкарыстоўвалі розныя прыстасаванні: кручкі, гарпуны, пляцёныя з лыка сеткі і інш. Акрамя таго, рыбалоўства садзейнічала ўзнікненню аселага ладу жыцця, паколькі людзям не трэба было пераходзіць з месца на месца ў пошуках здабычы, як гэта рабілі паляўнічыя. На карысць гэтай думкі сведчаць знаходкі каменных сякер з драўлянай ручкай, якія, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваліся людзьмі пры будаўніцтве жытлаў.

Верагодна, што менавіта ў мезаліце адбыліся змены і ў грамадскім жыцці людзей – з’явіліся першыя племянныя супольнасці. Яны ўзніклі ў выніку аб’яднання некалькіх экзагамных родаў, звязаных агульнасцю паходжання, тыпам гаспадарчых заняткаў, звычаяў і абрадаў. Разам з тым існаваў звычай эндагаміі, калі шлюбныя адносіны дазваляліся толькі ўнутры вызначанай племянной супольнасці.

Неаліт стаў якасна новым этапам у жыцці старажытных людзей, які характарызаваўся пераходам ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі  людзі пачалі займацца земляробствам і жывёлагадоўляй. І хоць напачатку доля іх прадукцыі ў рацыёне чалавека была невялікая і ў перыяд неаліту па-ранейшаму панавала прысвойваючая гаспадарка, усё ж, дзякуючы земляробству і жывёлагадоўлі, у людзей упершыню з’явілася магчымасць нарыхтаваць ежу пра запас. Гэта ўнесла пэўныя змены ва ўзаемаадносіны чалавека з навакольным асяроддзем, пазбавіла яго безумоўнай залежнасці ад прыроды. У першабытных людзей з’явіўся вольны час, і яны атрымалі магчымасць выкарыстоўваць яго для далейшага ўдасканалення гаспадаркі.

Для таго, каб займацца земляробствам, патрабаваліся новыя прылады працы, у сувязі з чым павялічылася патрэба ў высакаякаснай сыравіне крэмені. У неаліце пачалася шахтавая здабыча крэменю. Старажытныя шахты на тэрыторыі Беларусі выяўлены каля пасёлка Краснасельскі (Гродзенская вобл.). Даследаванне вучонымі гэтага археалагічнага помніка дазволіла ўявіць карціну далёкага мінулага і высветліць, што старажытныя шахцёры здабывалі крэмень спецыяльным наборам гарняцкіх інструментаў, зробленых пераважна з рогаў высакароднага аленя. У гэты час людзі авалодалі новай тэхналогіяй апрацоўкі крэменю шліфаваннем. У выніку з’явіліся высакаякасныя прылады працы: нажы і кінжалы, скрабкі, праколкі, свёрдлы, разцы, долаты, сякеры і інш.

Важным вынаходніцтвам чалавека ў перыяд неаліту стаў выраб глінянага посуду (керамікі), у якім можна было захоўваць зерне, арэхі і ягады, гатаваць ежу на вогнішчы. Першыя керамічныя гаршкі найчасцей ляпіліся з шырокіх гліняных стужак, а звонку абмазваліся моцнаразбаўленай глінай. Для большай устойлівасці дно такога посуду звычайна рабілася завостраным. Ужыванне прыгатаванай ежы спрыяла павелічэнню працягласці жыцця людзей, а выкарыстанне новых інтэнсіўных формаў гаспадарання абумовіла хуткі рост насельніцтва (на тэрыторыі Беларусі археолагамі выяўлена больш за 600 неалітычных стаянак).

Такім чынам, у час неаліту адбыліся якасныя карэнныя змены ў развіцці першабытнай гаспадаркі. Шахтавая здабыча крэменю, новыя тэхнікі ў вытворчасці прылад працы, выраб глінянага посуду і тканага адзення, а галоўнае паступовы пераход да земляробства і жывёлагадоўлі далі вучоным падставы характарызаваць гэты перыяд як «неалітычную рэвалюцыю».

 Бронзавы век першым перыядам у гісторыі чалавецтва, калі людзі пачалі апрацоўваць метал. Бронза гэта сплаў медзі і волава. Узнікненне і актыўнае пашырэнне металургіі садзейнічала актывізацыі абмену, у першую чаргу, металічнымі вырабамі, а таксама якасным крэменем і бурштынам.

У бронзавым веку вытворчая гаспадарка пачала адыгрываць дамінуючую ролю, у сувязі з чым земляробства i жывёлагадоўля паступова станавіліся галоўнымі заняткамі людзей, прычым удзельная вага жывёлагадоўлі была больш значная. З-за недахопу на тэрыторыі Беларусі медзі і бронзы прылады працы па-ранейшаму рабілі з каменя, а метал выкарыстоўваўся пераважна для вырабу зброі і ўпрыгажэнняў.

Адбыліся значныя змены і ў грамадскім жыцці людзей. Ужо ў перыяд ранняга бронзавага веку пачала ўзрастаць роля мужчыны ў жыцці абшчыны. Працай мужчын стваралiся пастаянныя харчовыя запасы, што садзейнічала ўтварэнню вялiкiх патрыярхальных сем’яў і складванню патрыярхальна-родавага ладу (патрыярхату). Развіццё вытворчасці прывяло да ўзнікнення прыватнай уласнасці, замены родавай абшчыны суседска-родавай, усталявання патрыярхальнага рабства і зараджэння падзелу грамадства на класы.

Адметнай рысай эпохі бронзы было пранікненне на тэрыторыю Беларусі народаў індаеўрапейскай моўнай групы. «Прарадзіма» індаеўрапейцаў, на думку большасці вучоных, знаходзілася ў Пярэдняй Азіі. У выніку вялікай міграцыі (у 4–3 тыс. да н. э.) індаеўрапейцы сталі рассяляцца па тэрыторыі Еўропы і змешвацца з карэнным (аўтахтонным) насельніцтвам, у выніку чаго яны набылі адметныя рысы і паклалі пачатак утварэнню многіх народаў германцаў, балтаў, славян і інш.

Першымі плямёнамі індаеўрапейскай моўнай групы, якія праніклі на тэрыторыю Беларусі і часткова асімілявалі, а часткова выцеснілі з яе карэннае, хутчэй за ўсё фіна-ўгорскае насельніцтва, былі балты (продкі сучасных літоўцаў, латышоў і існаваўшых у старажытнасці прусаў і яцвягаў). У бронзавым веку землі сучаснай Беларусі былі заселены плямёнамі некалькіх археалагічных культур, якія займалі акрэслены рэгіён і адрозніваліся паміж сабой спосабамі вырабу прылад працы, керамічнага посуду, жыллёвых пабудоў, пахавальных абрадаў: культура шнуравой керамікі, сярэднедняпроўская, тшцінецка-соснінская культуры і інш.

Жалезны век. Адкрыццё жалеза старажытнымі людзьмі з’явілася пачаткам вялікага тэхнічнага перавароту ў гісторыі чалавецтва. Пашырэнню чорнай металургіі на землях Беларусі спрыялі даступнасць сыравіны і адносна нескладаная тэхналогія атрымання жалеза, якое здабывалі з балотнай і азёрнай руды. З’яўленне і выкарыстанне жалеза значна паўплывала на характар матэрыяльнай культуры і гаспадаркі. У першую чаргу, жалеза стала якасна новым матэрыялам для вырабу прылад працы: з’явіліся жалезныя сякеры з драўляным тапарышчам, матыкі, ралы, што садзейнічала пераходу ад матыкавага да лядна-агнявога земляробства.

Гэта была цэлая сістэма гаспадарання, якая патрабавала ад чалавека цяжкай і напружанай працы. Неабходна было высекчы лес, выкарчаваць пні, высахшыя дрэвы спаліць, а попел выкарыстаць у якасці ўгнаення. Зямельная дзялянка, прыгодная для сяўбы, называлася ляда. Але такая зямля магла пладаносіць толькі на працягу трох-чатырох гадоў, таму людзі вымушаны былі адначасова распрацоўваць некалькі дзялянак. Нягледзячы на тое, што такі спосаб гаспадарчай дзейнасці патрабаваў ад чалавека значных высілкаў, ён прыносіў большыя ўраджаі і, як следства, большую, чым у папярэдні перыяд, незалежнасць ад вынікаў прысвойваючай гаспадаркі.

З другога боку, павелічэнне колькасці прадуктаў харчавання спрыяла росту насельніцтва, і таму натуральна, што ў жалезным веку пачалася барацьба паміж родамі і плямёнамі за лепшыя землі. Гісторыя паказвае, што чалавечая думка эвалюцыяніравала не толькі ў напрамку ўдасканалення прылад працы, але і зброі, якая з вынаходніцтвам жалеза стала прынцыпова новай і высакаякаснай для таго часу: дзіды і стрэлы з жалезнымі наканечнікамі, баявыя жалезныя сякеры і інш. З мэтай абароны ў гэты перыяд старажытныя людзі пачалі будаваць умацаваныя паселішчы — гарадзішчы. Гарадзішча звычайна займала плошчу ад 5 да 20 сотак. Вакол яго выкопвалі равы і насыпалі валы, на якіх рабілі сцены з бярвёнаў. Сярэдзіну гарадзішча займалі жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

Разам са з’яўленнем жалезных прылад працы, паляпшэннем апрацоўкі зямлі знікла неабходнасць весці гаспадарку цэлым родам, гэта ўжо магла рабіць асобная сям’я. Такім чынам, на змену суседска-родавай абшчыне прыйшла суседская (тэрытарыяльная) абшчына. Ад удзелу ў сельскагаспадарчых работах вызваляліся старэйшыны і правадыры, якія з цягам часу здолелі сканцэнтраваць у сваіх руках агульнаабшчынную ўласнасць.

Так, у жалезным веку пачалося разлажэнне першабытных адносін. Сталі ўтварацца новыя саюзы плямён, якiя аб’ядноўваліся на падставе ўжо не родасных сувязяў, а тыпу гаспадаркi.

2. Асаблівасці разлажэння першабытнага грамадства на беларускіх землях. Перыяд разлажэння першабытнага грамадства на беларускіх землях вучоныя датуюць VІ VІІІ ст. н. э. і звязваюць яго з так званым «вялікім перасяленнем народаў» і прыходам на тэрыторыю Беларусі славянскіх плямёнаў.

У выніку перасялення адбылося паглыбленне маёмасна-сацыяльнага расслаення, ваенна-племянная вярхушка памнажала свае багацці. Апорай рода-племянной арыстакратыі станавілася дружына – аб’яднанне прафесійных воінаў, якія страцілі сувязь са сваімі родамі. У выніку сфарміравалася своеасаблівая арганізацыя грамадства, якая атрымала назву «ваенная дэмакратыя». Яна кіравалася ваенным правадыром, саветам старэйшын і народным сходам. Час ваеннай дэмакратыі характарызаваўся несупыннымі міжплемяннымі войнамі. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы.

У гэты час адбыліся важныя змены ў гаспадарчым жыцці насельніцтва. Галоўным заняткам жыхароў Старажытнай Беларусі стала сельская гаспадарка, а яе вядучай галіной ― земляробства. Лядна-агнявое земляробства пачало выцясняцца ворыўным, якое было заснавана на выкарыстанні больш дасканалых прылад працы (металічных наральнікаў, насошнікаў, сярпоў і інш.), прымяненні арганічных угнаенняў, усталяванні паравай сістэмы ў форме двухполля. Асноўнай сельскагаспадарчай культурай па-ранейшаму было жыта. Пры такой сістэме земляробства, у адрозненне ад лядна-агнявой, адпала неабходнасць штогод высякаць і карчаваць новыя лясныя дзялянкі, праца значна палегчылася, а ўраджайнасць павялічылася.

Важную ролю ў гаспадарчым жыцці чалавека адыгрывала жывёлагадоўля, якая забяспечвала земляробства цяглавай сілай і ўгнаеннямі, людзей ― мясам, воўнай, скурамі. Вядома таксама, што буйная рагатая жывёла станавілася прыкметай багацця і эквівалентам абмену.

У перыяд разлажэння першабытнага грамадства разам з удасканаленнем гаспадарчай сістэмы на новы ўзровень узнялося рамяство. Узніклі новыя тэхналогіі ў апрацоўцы металаў, дрэва, будаўніцтве жылля і г. д., з’явіліся прафесійныя рамеснікі.

Яшчэ адной асаблівасцю VІІ VІІІ ст. н. э. было суіснаванне розных эканамічных укладаў:

  •  першабытны ўклад захоўваўся ў трывалым існаванні сялянскай абшчыны;
  •  рабаўладальніцкі ўклад праяўляўся ў існаванні рабоў (у асноўным ваеннапалонных), але не атрымаў на землях Беларусі класічнага развіцця;
  •  феадальны ўклад, які стаў дамінуючым на працягу амаль тысячагоддзя.

Гаспадарка, пры якой даволі працяглы час суіснавалі некалькі эканамічных укладаў, атрымала назву шматукладнай.

У перыяд разлажэння першабытных адносін на тэрыторыі Беларусі адбыўся пераход да феадалізму, мінуючы рабаўладальніцтва. Вывучаючы гэты феномен гістарычнага развіцця Беларусі, вучоныя вызначылі некалькі прычын.

1. Найперш, гэта кліматычныя і геаграфічныя асаблівасці Беларусі. Класічнае рабства, пры якім раб не меў ніякай уласнасці, знаходзіўся на поўным утрыманні рабаўладальніка і быў фактычна яго «гаворачай прыладай працы», развівалася ў краінах з гарачым кліматам, дзе выдаткі на ўтрыманне раба былі мізэрныя. Ва ўмовах Беларусі са зменамі пораў года, калі зімой трэба было карміць фактычна непрацуючага раба, рабства было эканамічна неэфектыўным.

2. Наяўнасць на тэрыторыі Беларусі вялікай колькасці свабодных зямель рабіла больш эфектыўным выкарыстанне працы сялян-абшчыннікаў, якія, у адрозненне ад рабоў, забяспечвалі сябе ўсім неабходным і былі зацікаўлены ў выніках сваёй працы.

3. Да таго ж эканамічнае развіццё Заходняй Еўропы да канца І тысячагоддзя н. э. паказала эканамічную неперспектыўнасць рабаўладальніцтва ў параўнанні з феадалізмам.

Падводзячы вынікі развіцця першабытнаабшчыннага грамадства, неабходна акрэсліць яго характэрныя рысы:

  •  жыццё людзей абшчынамі;
  •  наяўнасць калектыўнай уласнасці на прылады і вынікі працы;
  •  падзел працы па полу і ўзросту;
  •  панаванне прысвойваючай гаспадаркі;
  •  наяўнасць прымітыўных прылад працы.

3. Духоўная культура людзей у першабытным грамадстве. Ужо ў эпоху палеаліту развіццё інтэлекту і з’яўленне чалавека разумнага спрыяла таму, што ў старажытных людзей узнікла неабходнасць разабрацца ў навакольным свеце, высветліць сваё месца ў ім, даведацца пра прыродныя з’явы, пра тое, што азначае сон. Так узніклі першабытнае мастацтва і рэлігійныя вераванні.

Рэлігія  гэта светапогляд і светаадчуванне, а таксама спецыфічныя дзеянні (культ), заснаваныя на веры ў звышнатуральныя сілы. Найбольш раннімі формамі першабытнай рэлігіі з’яўляліся:

  •  татэмізм ― вераванні, звязаныя з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам) і татэмам (пэўным відам жывёл ці раслін). Татэмы аберагалі, не прычынялі ім шкоды, клапаціліся пра павелічэнне іх колькасці. Род звычайна насіў імя татэмнай жывёлы ці птушкі;
  •  фетышызм ― вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных (камяні, дрэвы) або зробленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і пакланенне ім. Старажытныя людзі насілі амулеты, першымі з якіх былі зубы забітых жывёл. Людзі верылі ў тое, што фетышы маюць здольнасць вылечваць ад хваробы, аберагаць падчас палявання і вайны, ахоўваць жытло, поле і г. д.;
  •  магія (чараўніцтва) ― абрады, таямнічыя дзеянні, загаворы і заклінанні з мэтай паўплываць на істоты, прадметы і з’явы навакольнага свету. Магія падраздзялялася на лячэбную (знахарства), ваенную, сельскагаспадарчую, любоўную і інш. Па мэтавай накіраванасці выдзяляюць таксама белую і чорную магію;
  •  анімізм ― сістэма ўяўленняў і вераванняў аб духах і душы. Вера першабытных людзей у тое, што душа пасля смерці чалавека не памірае, а жыве асобна ад цела, прывяла да ўзнікнення пахавальных абрадаў. У курганы-могільнікі разам з целамі продкаў людзі клалі прылады працы, посуд, адзенне і іншыя рэчы, каб душа памерлага мела магчымасць карыстацца імі ў замагільным жыцці.

У першабытным грамадстве ўзнікла і вера ў добрых і злых духаў, якія нібыта насялялі навакольнае асяроддзе і жылі побач з чалавекам: вадзяніка, лесавіка, хатніка, ваўкалака, русалку і інш. Каб іх задобрыць добрых і злых духаў, першабытныя людзі звычайна прыносілі ім ахвяры. Існавалі спецыяльныя свяцілішчы ― капішчы, якія вядомы на землях Беларусі з эпохі бронзы. Яны ўяўлялі сабой пляцоўкі круглай формы, у цэнтры якіх размяшчалі ідала і месца для вогнішча.

Мастацтва. У сувязі з адсутнасцю на тэрыторыі Беларусі горных масіваў тут не маглі з’явіцца, як у іншых еўрапейскіх краінах, наскальныя роспісы або выявы на сценах пячор. Даступнымі матэрыяламі для першабытных мастакоў былі камень, дрэва і косць.

Першымі і найбольш распаўсюджанымі мастацкімі вырабамі, вядомымі на землях Беларусі, былі касцяныя фігуркі жанчын, празваныя «палеалітычнымі Венерамі». Існуе некалькі гіпотэз наконт іх прызначэння:

  •  некаторыя лічаць, што яны былі характэрнымі для перыяду матрыярхату і адлюстроўвалі адзіную прарадзіцельку, сімвалізавалі адзінства кроўнай сувязі членаў роду;
  •  другія сцвярджаюць, што фігуркі выконвалі магічную ролю і спрыялі паспяховаму паляванню;
  •  іншыя мяркуюць, што «палеалітычныя Венеры» былі помнікамі культу звышнатуральнай усемагутнай істоты, погляду якой баяліся, і таму яе выявы рабілі без твару.

З развіццём грамадскіх адносін змянялася і мастацтва. Адлюстраваннем узрастання ролі мужчыны ў паўсядзённым жыцці стала тое, што ў неаліце сустракаліся ўжо выключна мужчынскія выявы на косці, а таксама на посудзе. Выявы на кераміцы спалучалі эстэтычныя і магічныя функцыі. Як лічаць вучоныя, радыяльныя ўзоры на донцах сведчылі аб пакланенні Сонцу; трохвугольнікі на гліняных вырабах маглі сімвалізаваць як багіню неба, так і быць знакам зямлі; арнамент у выглядзе паўкругоў з кропкамі мог азначаць зерне, якое акрапляецца нябеснай вільгаццю. Сярод археалагічных знаходак былі таксама шырока распаўсюджаны касцяныя і драўляныя фігуркі птушак і жывёлы: лося, качкі, чаплі і інш.

З развіццём металургіі з’явіліся новыя мастацкія вырабы з медзі і бронзы: падвескі, скроневыя кольцы, бранзалеткі і інш. Нярэдкімі былі ўпрыгажэнні з бурштыну, косці, каляровых камянёў. Хутчэй за ўсё, у бронзавым веку ўпрыгажэнні пачалі губляць магічны сэнс і ўсё больш набывалі эстэтычныя і сацыяльныя функцыі.

4. Праблема этнагенезу беларусаў. Важным пытаннем гісторыі любога народа з’яўляецца праблема яго паходжання — этнагенезу. Этнагенез заключае ў сабе як пачатковыя этапы ўзнікнення якога-небудзь народа, так і далейшае фармаванне яго этнаграфічных, лінгвістычных і антрапалагічных асаблівасцяў. Ключавым паняццем у гэтым працэсе з’яўляецца этнас (ад грэч. еthnos ― племя, народ) ― устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, побыту, культуры, рысаў псіхікі і самасвядомасці, адлюстраванай у адзінай назве і ўяўленні пра агульнасць паходжання. Асноўнымі гістарычнымі формамі этнасу з’яўляюцца племя, народнасць, нацыя.

Пытанне аб этнічнай аснове беларускага насельніцтва застаецца дыскусійным і канчаткова нявырашаным. Сёння існуе некалькі канцэпцый паходжання беларусаў. Фактычна ўсе яны прызнаюць, што вызначальным момантам у фармаванні беларускага этнасу стала засяленне тэрыторыі Беларусі, як і значнай часткі Еўропы, славянскімі плямёнамі на рубяжы VІ-VІІ ст. н.э. Гэты працэс у гісторыі атрымаў назву «Вялікае перасяленне народаў». Варыятыўнасць канцэпцый абумоўлена ў асноўным дыскусіяй пра ўзаемаадносіны славян з іншымі плямёнамі на беларускіх землях і ступенню іх уплыву на этнагенез беларусаў.

Праблема этнагенезу беларусаў была ў пэўнай меры прадметам дыскусіі як у навуцы, так і ў палітыцы. Гэта не выпадкова, паколькі гістарычная прыналежнасць і нацыянальная самаідэнтыфікацыя заўсёды знаходзіліся ў аснове палітычнай свядомасці. З гэтай прычыны ўзнікалі канцэпцыі, якія грунтаваліся не на навуковых фактах, а на пажаданнях ці меркаваннях, і, як правіла, ствараліся пад зараней вызначаныя палітычныя дактрыны і таму мелі палітычны, а не навуковы характар.

Вялікаруская канцэпцыя.  Гэтая тэорыя мела статус афіцыйнай у ХІХ ст., а таксама ў савецкі час. Адным з яе асноўных аўтараў з’яўляецца М.В.Каяловіч (1828–1891). Згодна з яго поглядамі, расійскі народ складаецца з трох плямёнаў: вялікаросаў (рускіх), маларосаў (украінцаў) і беларусаў. Таму, на думку М.В.Каяловіча, «бязглузда было б дзяліцца на племянныя групы, а тым больш праводзіць гэты падзел у народ. Гэта псавала б расійскае народнае адзінства і перашкаджала б развіццю простага народу ў кожнай племянной групе... Толькі ў адзінстве з Усходняй Расіяй любоў да Беларусі можа мець законнае і плённае выяўленне».

Такім чынам, у адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй, ігнаравалася існаванне самабытнага беларускага этнасу, а тэрыторыя Беларусі прызнавалася часткай вялікарускай тэрыторыі, законнай спадчынай кіеўскіх і маскоўскіх князёў, расійскіх імператараў, што ў пэўнай ступені апраўдвала ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.

Згаданая тэорыя аспрэчваецца сёння многімі вучонымі, паколькі гістарычныя крыніцы сведчаць, што ніколі не існавала старажытнарускага народа, які б падзяліўся на беларусаў, украінцаў і рускіх. На самай справе існавалі старажытнаславянскія протанароды, якія склаліся ў самастойныя этнасы, кожны з якіх пайшоў сваім гістарычным шляхам.

Польская канцэпцыя. Карані яе ― у апошняй чвэрці ХVІІІ ст., калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй у Польшчы ўзнік палітычны рух, мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. (да першага падзелу). Каб абгрунтаваць прэтэнзіі палякаў на беларускія землі, прыхільнікі гэтай канцэпцыі сцвярджалі, што беларусы з’яўляліся часткай польскага этнасу, паколькі ў мовах гэтых народаў шмат агульных словаў. Разам з тым яны імкнуліся паказаць і палітычную адсталасць беларускага народа, які нібыта запазычыў польскія палітычныя інстытуты і сам стаў часткай Польшчы.

Гэтая тэорыя не атрымала шырокага распаўсюджання з прычыны непрыкрытай тэндэнцыйнасці. Але сама наяўнасць дзвюх супрацьлеглых і ўзаемавыключальных канцэпцый ― вялікарускай і польскай ― сведчыць пра тое, што беларусы з’яўляюцца самабытным і паўнапраўным этнасам, паколькі не маглі адначасова быць часткай польскага і рускага народаў.

Тэорыя «балцкага субстрату» разглядае этнагенез беларусаў праз прызму асіміляцыі (змешвання) славянскага і балцкага насельніцтва. Яе аўтары В.Сядоў і Г.Штыхаў лічаць, што паколькі славяне знаходзіліся на больш высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, чым балты, то апошнія хутчэй пераймалі славянскія звычаі, спосаб вядзення гаспадаркі і вайны, што ў выніку прывяло да славянізацыі балтаў.

Гэтая канцэпцыя паходжання беларусаў атрымала назву «балцкай» або тэорыі «балцкага субстрата». Сутнасць яе заключаецца ў тым, што ў выніку славянізацыі балцкага насельніцтва і змешвання з ім прышлых носьбітаў славянскай мовы на тэрыторыі Беларусі намецілася аддзяленне часткі ўсходнеславянскай народнасці, што садзейнічала затым станаўленню беларускай мовы і фармаванню беларускага этнасу.

Існуе шэраг дадзеных, якія сведчаць, што антрапалагічны тып славянскіх плямён крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў сфармаваўся ў выніку змяшэння і своеасаблівага сімбіёзу славян з балтамі. Менавіта пад уплывам балцкіх дыялектаў на вялікай тэрыторыі паміж вярхоўямі Дняпра і Нёманам, ад Дзвіны да Прыпяці сталі выпрацоўвацца фанетычныя асаблівасці беларускай мовы — «аканне», «дзеканне», «цэканне», цвёрды «р» і інш. Пра колішнюю сувязь гэтых народаў сведчаць вядомыя толькі на этнічна беларускіх і літоўскіх землях агульныя культы змяі і каменя, старажытныя песні з агульнымі матывам і зместам і інш.

Крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая канцэпцыя. Яе аўтары сцвярджалі, што асновай беларускага этнасу непасрэдна сталі славянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія засялілі беларускія землі ў канцы VІ-VІІ ст. н. э. Славянскія плямёны не ўступалі ў этнічны кантакт з балтамі, а папросту выцеснілі іх з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, згодна з гэтай тэорыяй, продкамі беларусаў былі «чыстыя» славяне, а балцкі элемент не прысутнічаў у этнагенезе беларусаў.

Але дадзеныя археалагічных раскопак падаюць шматлікія прыклады балта-славянскага збліжэння на беларускіх землях, што праяўлялася ў адметных жаночых упрыгажэннях, керамічных вырабах, прыладах працы.

Разам з тым нельга не адзначыць надзвычай высокую ролю крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў у складванні беларускага этнасу. Вучоныя даказваюць, што ў той час, калі яны прыйшлі на тэрыторыю Беларусі, гэта ўжо былі не плямёны і нават не саюзы плямёнаў, а ўстойлівыя сацыяльна-культурныя супольнасці, якія сфарміраваліся стыхійна і былі па сутнасці протанародамі. Усе яны, хутчэй за ўсё, прадстаўлялі сабой асобныя этнічныя супольнасці, а некаторыя з іх (крывічы) сваёй высокай культурай, палітычнай і сацыяльнай арганізацыяй аказалі вызначаючы ўплыў на фармаванне беларускага этнасу.

Акрамя пералічаных канцэпцый паходжання беларусаў, існуе шэраг іншых: крывіцкая, паводле якой продкамі беларусаў з’яўляюцца пераважна крывічы; фіна-ўгорская, якая прызнае фіна-ўгорскі кампанент у фармаванні беларускага этнасу; старажытнаруская, згодна з якой у ІХ-Х ст. сфармавалася новая этнічная супольнасць старажытнаруская народнасць, з якой і ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.

Такім чынам, наяўнасць шэрагу розных, нават супрацьлеглых канцэпцый паходжання беларускага этнасу сведчыць пра складанасць дадзенага пытання і неабходнасць яго далейшага даследавання.

Асноўныя прыкметы беларускага этнасу

  1.  Этнічная тэрыторыя. Фармаванне беларускага этнасу праходзіла на тэрыторыі, якая значна перавышала межы сучаснай Беларусі і ўключала ў сябе таксама Віленшчыну, Беласточчыну, Смаленшчыну, Заходнюю Браншчыну.
  2.  Граматычныя, фанетычныя і лексічныя асаблівасці мовы, якія складваліся ў ХІІІ-ХІV ст. — «дзеканне», «цэканне», «аканне», цвёрды «р», выкарыстанне словаў «каб», «калі», «ці», «чы» і інш. Гэтыя характэрныя асаблівасці беларускай мовы зафіксаваны ў трох Статутах ВКЛ (1529, 1566, 1588 гг.).
  3.  Спецыфічныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сярод іх можна вылучыць наступныя:
  •  тыпы пасяленняў — мястэчкі, фальваркі, засценкі;
  •  тыпы жылля — зрубавая хата, якая складалася з двух памяшканняў – хаты і сеняў;
  •  абрады і звычаі — каляды, масленіца, купалле, дзяды, талака, сябрына і інш.;
  •  адзенне і народная кухня.
  1.  Этнічная самасвядомасць. Саманазва беларускага насельніцтва з ХІV ст. — «ліцвіны», чым адрознівалі сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы, якіх называлі «маскавітамі» ці «маскалямі», ад балцкага насельніцтва («жамойтаў», «яцвягаў») і ад палякаў.
  2.  Наяўнасць у краіне этнічных меншасцяў (палякаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў, татар і інш.) паказвае і падкрэслівае самабытнасць беларускай этнічнай большасці. Прадстаўнікі іншых этнасаў з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі пры розных абставінах: па дамоўленасці з іншымі дзяржавамі, як следства палітыкі Вялікага княства Літоўскага, з-за войнаў, у выніку вымушанай эміграцыі.
  3.  Своеасаблівасць менталітэту. Менталітэт (ад лацінскага mentalis — разумовы) — своеасаблівы тып мыслення, светапогляду асобнага чалавека або якой-небудзь супольнасці. Адлюстроўваецца ў спецыфічных уяўленнях людзей аб прасторы і часе, прыродным і сацыяльным асяроддзі, меркаваннях аб саміх сябе і прадстаўніках іншых груп насельніцтва.

Менталітэт беларусаў фармаваўся працяглы гістарычны час і набываў свае рысы ў адмысловых абставінах сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага жыцця.

У старажытны перыяд для менталітэту беларусаў былі ўласцівы: паганскі (язычніцкі) політэізм (вера ў адначасовае існаванне многіх багоў), пантэізм (абагаўленне зямлі, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і г. д.), анімізм (вера ў бессмяротнасць душы), адчуванне непарыўнай еднасці чалавека з усёй навакольнай прасторай.

Пасля прыняцця хрысціянства ў канцы Х ст. адбывалася перапляценне двух тыпаў светабачання — паганскага і хрысціянскага, для якога стаў характэрны монатэізм (вера ў аднаго бога).

Ва ўсе часы беларусам былі ўласцівы прывязанасць да сваёй зямлі-карміцелькі, роднага кутка, адданая любоў да Радзімы, гуманнасць. Менталітэт беларусаў заўсёды вызначаўся талерантнасцю — цярпімасцю ў адносінах да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, сацыяльных груп.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Археалагічная культура  агульнасць аднастайных па матэрыяльнай культуры археалагічных помнікаў на акрэсленай тэрыторыі і храналагічна блізкіх па часе існавання.

Вытворчая гаспадарка  гаспадарка, пры якой людзі забяспечвалі сябе прадуктамі харчавання дзякуючы ўласнай працы (земляробства, жывёлагадоўля).

Матрыярхат  перыяд у гісторыі родавай абшчыны, калі жанчына адыгрывала вядучую ролю ў сістэме сямейна-шлюбных адносін і сваяцтва вялося па жаночай лініі (адпаведна, патрыярхат  па бацькоўскай).

Неалітычная рэвалюцыя  тэрмін, якім абазначаецца якасна новы перыяд у гаспадарчым жыцці першабытнага чалавека, які адбыўся ў перыяд неаліту, звязаны з пераходам старажытных людзей ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі.

Першабытнаабшчынны лад  перыяд у гісторыі, які ахоплівае час ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення класавага грамадства. Характарызуецца паступовай біялагічнай эвалюцыяй чалавека, узаемаабумоўленасцю абшчынных, роднасных і эканамічных сувязяў паміж людзьмі, калектыўнай уласнасцю на сродкі вытворчасці, ураўнальным размеркаваннем сродкаў існавання.

Прысвойваючая гаспадарка  тып гаспадаркі, пры якой людзі нічога не выраблялі самі, а спажывалі ў ежу прадукты прыроды (збіральніцтва, паляванне, рыбалоўства).

Род  калектыў кроўных родзічаў, якія вялі сваё паходжанне па адной лініі (мацярынскай або бацькоўскай), усведамлялі сябе патомкамі агульнага продка і мелі агульнае родавае імя (часцей за ўсё гэта была назва якой-небудзь жывёлы ці птушкі).

Родавая абшчына аб’яднанне кроўных родзічаў, якія мелі калектыўную ўласнасць і вялі агульную гаспадарку.

Рэлігія светапогляд і светаадчуванне, а таксама спецыфічныя дзеянні (культ), заснаваныя на веры ў звышнатуральныя сілы.

Шматукладная гаспадарка  тып гаспадаркі перыяду разлажэння першабытнага грамадства, у якой суіснавалі розныя эканамічныя ўклады (першабытны, рабаўладальніцкі, феадальны).

Этнас устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, побыту, культуры, рысаў псіхікі і самасвядомасці, адлюстраванай у адзінай назве і ўяўленні пра агульнасць паходжання. Асноўнымі гістарычнымі формамі этнасу з’яўляюцца племя, народнасць, нацыя.

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

100 35 тыс. гадоў да н. э. час з’яўлення першых людзей на тэрыторыі Беларусі.

100–10 тыс. гадоў да н. э. палеаліт.

9–5 тыс. гадоў да н. э. мезаліт.

канец 5–3 тыс. да н. э. неаліт.

2 тыс. да н. э. VІІІ ст. да н .э.  бронзавы век.

VІІ ст. да н .э. VІІ ст. н. э.  жалезны век.

VІІ VІІІ ст. н. э.  масавае рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі.

VІІІ ст. н. э.  існаванне шматукладнай гаспадаркі.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Калі адбылося трывалае засяленне першабытнымі людзьмі тэрыторыі сучаснай Беларусі? Што перашкаджала больш ранняму яе засяленню?

2. Вызначце асноўныя рысы, характэрныя для прысвойваючай, вытворчай і шматукладнай гаспадарак.

3. Дакажыце, што на землях сучаснай Беларусі не было падставаў для развіцця рабаўладальніцтва.

4. Дайце характарыстыку асноўных формаў першабытнай рэлігіі.

5. Якія канцэпцыі этнагенезу беларусаў вам вядомы?

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Гаспадарка першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі ў каменным веку.

2. Эвалюцыя прылад працы ў першабытную эпоху.

3. Шматукладная эканоміка на землях Беларусі ў перыяд разлажэння першабытных адносін.

4. Зараджэнне і развіццё мастацтва ў першабытную эпоху.

5. Праблема этнагенезу беларусаў.

ЛІТАРАТУРА

  1.  Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. – Мінск : БелЭн, 1993.
  2.  Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад пачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск : Экаперспектыва, 2000.
  3.  Горемыкина В.И. История первобытного общества. – Минск : Выш. шк., 1973.
  4.  Загорульский Э.М. Древняя история Белоруссии (очерки этнической истории и материальной культуры до ІХ в.). – Минск : Изд-во БГУ, 1977.
  5.  Калечиц Е.Г. Первоначальное заселение территории Белоруссии. – Минск, 1984.
  6.  Копытин В.Р. Каменный век на территории Белоруссии. – Минск : Изд-во МГПИ, 1990.
  7.  Піваварчык С., Семянчук Г. Археалогія Беларусі. – Гродна, 1997.
  8.  Саракавік І.А. Беларусазнаўства.  Мінск : Веды, 1998.
  9.  Чарняўскі М. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі. – Мінск : Народная асвета, 1981.

Тэма 2. Эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх зямель у эпоху ранняга феадалізму (ІХ– пачатак ХІІІ ст.)

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ– пачатку  ХІІІ ст.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадстве.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы.

6. Культура Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст.

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці. Тэрмін «феадалізм» у навуковы ўжытак упершыню ўвёў французскі гісторык Ф.Гізо ў ХІХ ст. Гэтым тэрмінам ён абазначаў новы перыяд у гаспадарчым і сацыяльным жыцці грамадства, які прыйшоў на змену рабаўладальніцкаму.

Сярод асноўных рысаў феадальнага грамадства вучоныя вылучаюць наступныя:

  •  асноўным сродкам вытворчасці пры феадалізме з’яўлялася зямля;
  •  зямля знаходзілася ў манапольнай уласнасці феадалаў і з’яўлялася прыкметай палітычнай улады;
  •  надзяленне непасрэднага вытворцы (селяніна) сродкамі вытворчасці (зямлёй) з прымацаваннем яго да зямлі (пазаэканамічны прымус);
  •  наяўнасць феадальнай рэнты ў трох асноўных формах: даніна прадуктовы падатак (натуральны аброк), чынш  грашовы падатак, паншчына  адпрацовачная павіннасць;
  •  панаванне натуральнай гаспадаркі, пры якой усё, што выраблялася, спажывалася пераважна ў межах гэтай жа гаспадаркі;
  •  нізкі, руцінны стан тэхнікі.

У еўрапейскіх краінах феадалізм існаваў з сярэдзіны І тысячагоддзя н. э. па ХІХ ст. Станаўленне і развіццё феадальных адносін можа адбывацца двума шляхамі: сінтэзным і бяссінтэзным. У некаторых краінах Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу родаплемянных і рабаўладальніцкіх адносін. Ён грунтаваўся на запазычванні некаторых гаспадарчых і тэхнічных дасягненняў Рымскай імперыі: двух- і трохполля, добрага ўгнаення глебы і інш., а таксама на развіцці дробнай вытворчасці і існаванні свабодных абшчыннікаў.

Пры бяссінтэзным шляху развіццё феадалізму праходзіць больш марудна. Яно было ўласціва для краін, у якіх сувязь з рымскім грамадствам адсутнічала ці была слабая. На такіх землях станаўленне феадалізму адбывалася пасля разлажэння родавага ладу. Менавіта такім шляхам, без уліку рымскіх традыцый, мінуючы рабаўладальніцтва, пачалося развіццё феадальных адносін на тэрыторыі Беларусі.

У адпаведнасці з гістарычнымі даследаваннямі прынята лічыць, што ў сваім развіцці феадалізм прайшоў тры перыяды. У гісторыі Беларусі этапы феадалізму храналагічна выглядаюць наступным чынам:

1) перыяд ранняга феадалізму (ІХ першая палова ХІІІ ст.), у якім адбылося станаўленне феадальных адносін, сфармавалася саслоўе землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, узніклі першыя дзяржаўныя ўтварэнні;

2) перыяд развітога феадалізму (другая палова ХІІІ першая палова ХVІІІ ст.), найвышэйшая стадыя, якая характарызавалася развітымі феадальнымі адносінамі, стратай сялянамі асабістай свабоды, уздымам эканомікі і культуры;

3) перыяд крызісу феадалізму і зараджэння капіталістычных адносін (другая палова ХVІІІ першая палова ХІХ ст.), у аснове якога было разлажэнне традыцыйных для феадалізму грамадскіх і гаспадарчых парадкаў, развіццё таварна-грашовых адносін, рост гарадоў, складванне ўнутранага рынку і г. д.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст. Станаўленне феадальных адносін на землях Беларусі адбывалася ва ўмовах існавання шматукладнай гаспадаркі. Як і раней, значную ролю ў жыцці сельскага насельніцтва адыгрывала абшчына (верв, мір). Яна  складалася з усіх сем’яў вёскі і выконвала адміністрацыйныя, судовыя і гаспадарчыя функцыі. Насельніцтва абшчыны было звязана кругавой парукай ― разам адказвала за здзейсненыя злачынствы і выкананне павіннасцяў, працавала на карысць усёй абшчыны. Ворыўныя землі былі ў карыстанні асобных двароў, а ў абшчынным ― лугі, сенажаці, вадаёмы.

Навукова даказана, што ва ўсходніх славян існавалі выразныя рысы рабаўладальніцтва (хатняе рабства), хаця яно і не атрымала шырокага распаўсюджання. Асноўнай крыніцай захопу нявольнікаў была вайна.

Але галоўнай характарыстыкай перыяду ІХ першай паловы ХІІІ ст. стаў працэс усталявання і паглыблення феадалізму, які, з аднаго боку, заключаўся ў фармаванні буйнога землеўладання князёў, знаці і царквы, а з другога ― у тым, што свабодныя абшчыннікі траплялі ў залежнасць ад феадалаў.

З утварэннем на землях Беларусі першых дзяржаваў-княстваў ішло фарміраванне і сацыяльнай структуры феадальнага грамадства. Выразна аформілася феадальная іерархія («феадальная лесвіца»). На чале грамадства стаяў князь, які лічыўся вярхоўным уласнікам зямлі. Ён абапіраўся на баяр (родавую знаць), ваенна-служылую знаць, якая складала старэйшую і малодшую дружыны, духавенства.

Феадальнае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася ў дзвюх формах:

1) вотчыннае (безумоўнае)  з правам продажу, раздзелу і перадачы па спадчыне;

2) часовае (умоўнае)  землі з правам часовага карыстання, якія за сваю службу атрымлівала ад князя ваенна-служылая знаць.  

Разам з тым з канца Х ст. пасля прыняцця хрысціянства ўласнікам зямлі стала і царква.

Паводле аднаго з самых старажытных помнікаў права на землях усходніх славян − «Рускай праўды», свабоднае насельніцтва мела назву «людзі», або «людзіны». Але непазбежным вынікам з’яўлення буйнога землеўладання было ўзмацненне феадальнай залежнасці сялян. Некаторыя свабодныя абшчыннікі − смерды − паступова траплялі ў залежнасць ад дзяржавы, а потым і ад феадалаў. Трапіць у залежнасць можна было рознымі шляхамі, аб чым сведчаць наступныя катэгорыі сялян:

  •  закупы ― збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць на яго гаспадарцы за «купу», пакуль не вярнуць грошы;
  •  радовічы ― сяляне, якія знаходзіліся ў залежнасці ад феадала ў адпаведнасці з дамовай («радам»);
  •  ізгоі ― у ХІ-ХІІ ст. так называліся людзі, якія ў выніку якіх-небудзь абставін выйшлі са свайго звычайнага грамадскага становішча. Большасць з іх складалі сяляне, якія былі па нейкіх прычынах выгнаны з абшчыны, засталіся без зямлі і былі вымушаны пайсці ў залежнасць да феадала;
  •  чэлядзь, халопы несвабодныя людзі, рабы, якія знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад феадала. Гісторыкі лічаць, што чэлядзь фарміравалася з палонных, захопленых у час вайны, а халопы з мясцовага люду.

Такім чынам, у ІХ першай палове ХІІІ ст. сацыяльная структура раннефеадальнага грамадства поўнасцю сфармавалася.

Аснову гаспадаркі ў адзначаны перыяд трывала складала земляробства, развіццю якога садзейнічалі спрыяльныя прыродныя і кліматычныя ўмовы, а таксама эвалюцыя прылад працы. Ворныя прылады выраблялі з дрэва, металічнымі былі толькі асобныя іх часткі. Людзі карысталіся драўляным ралам з жалезным наральнікам, плугам, матыгай, сярпом, драўлянай рыдлёўкай і інш. Значным крокам наперад у развіцці земляробства стала з’яўленне ў канцы ІХ-Х ст. якасна новай ворнай прылады двухзубай драўлянай сахі з двума металічнымі сашнікамі. Ворнае земляробства ўжывалася з прымяненнем паравай сістэмы ў выглядзе двухполля ці трохполля.

У перыяд ранняга феадалізму на землях Беларусі вырошчвалі амаль усе вядомыя сёння збожжавыя культуры, галоўнай з якіх было жыта. Сярод іншых культур можна адзначыць пшаніцу, ячмень, проса, лён, каноплю, грэчку, агуркі, цыбулю, моркву, рэдзьку. Ураджайнасць земляробства была ў сярэднім сам-3. Гэта значыць, што людзі атрымлівалі ўраджай у тры разы большы ў параўнанні з затрачаным насеннем.

Важную ролю ў гаспадарчым жыцці адыгрывала і жывёлагадоўля. Насельніцтва беларускіх зямель разводзіла коней, буйную рагатую жывёлу, свіней, хатнюю птушку. Гэтая галіна гаспадаркі забяспечвала людзей не толькі мясам, малаком, скурай, але таксама цяглавай жывёлай і ўгнаеннем, неабходнымі для вядзення ворыўнага земляробства.

Разам з тым у разглядаемы перыяд людзі займаліся і промысламі, галоўнымі з якіх былі рыбалоўства, паляванне, збор грыбоў і ягад. Акрамя таго, займаліся бортніцтвам – зборам мёду дзікіх пчол, даглядалі дуплы і нават стваралі новыя. Развівалася таксама і хатняе рамяство: ткацтва, выраб посуду і інш.

Такім чынам, сельская гаспадарка з’яўлялася асновай гаспадарчай дзейнасці людзей на беларускіх землях у ІХ першай палове ХІІІ ст. Узровень яе развіцця дазваляў не толькі пракарміцца адной сям’і, але і стварыць дадатковы прыбавачны прадукт, які быў неабходнай умовай для развіцця рамяства і гандлю.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадств. У выніку росту прадукцыйных сіл у земляробстве і жывёлагадоўлі, шырокага распаўсюджання і ўдасканалення жалезных прылад працы з’явілася магчымасць вызваліць ад працы ў сельскай гаспадарцы пэўную частку людзей, здольных да рамяства. Такім чынам, адбылося выдзяленне рамяства ў самастойную гаспадарчую галіну. У гістарычнай літаратуры гэты працэс атрымаў назву другога грамадскага падзелу працы.

З аддзяленнем рамяства ад земляробства цесна звязана ўзнікненне гарадоў. Горад агароджаны (адсюль назва «горад»), умацаваны населены пункт, жыхары якога займаліся пераважна рамяством і гандлем. Шляхі ўзнікнення гарадоў былі рознымі. Часта гарады ўтвараліся на месцах былых гарадзішчаў жалезнага веку, а таксама вакол феадальных замкаў ці як прыгранічныя крэпасці. Важнымі фактарамі ўзнікнення, развіцця і росту гарадоў былі іх геаграфічнае становішча і наяўнасць гандлёвых шляхоў.

Першым горадам на землях Беларусі лічыцца Полацк. Ён быў заснаваны крывічамі на месцы ўпадзення ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну і ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., аднак даследаванні беларускіх археолагаў сведчаць, што горад узнік як мінімум на сто гадоў раней за першую згадку ў летапісе. У ліку старажытных беларускіх гарадоў пісьмовыя крыніцы называюць: Тураў (980), Ізяслаўль (Заслаўе) (каля 985), Берасце (1019), Віцебск (1021), Менск, Орша (1067), Пінск (1097), Слуцк (1116), Гародня (1127), Мсціслаў (1135), Гомель (1142) і інш. Усе старажытныя беларускія гарады былі заснаваны на берагах вялікіх рэк, па якіх праходзілі рачныя гандлёвыя шляхі.

На думку гісторыкаў, свае назвы беларускія гарады маглі атрымаць наступнымі шляхамі:

  1.  ад назваў рэк, на берагах якіх былі заснаваны: Полацк ― ад ракі Палаты, Віцебск ― ад Віцьбы, Пінск ― ад Піны, Гародня ― ад Гараднічанкі, Слуцк ― ад Случы і інш.;
  2.  ад імёнаў князёў, якім належалі гарады: Тураў ад князя Тура, Ізяслаўль ад Ізяслава, Барысаў ад Барыса і г. д.;
  3.  легендарнае (звязанае з легендай) паходжанне назвы некаторых гарадоў (Берасце, Наваградак).

Звычайна раннефеадальныя гарады складаліся з дзвюх асноўных частак:

  •  дзядзінца  умацаванага цэнтра, дзе жыў князь з дружынай і размяшчаліся адміністрацыйныя і культавыя пабудовы. У абарончай сістэме спалучаліся прыродны ландшафт (высокі бераг ракі, абрыў) і штучныя ўмацаванні (земляны вал, драўляны частакол, вежы);
  •  рамесніцкага пасаду неўмацаванай часткі горада, дзе жылі і працавалі рамеснікі.

Найбольш буйныя гарады мелі яшчэ вакольны горад, які займаў прамежкавае становішча паміж дзядзінцам і пасадам. Будаваліся гарады цалкам з дрэва: драўлянымі былі княжацкія палацы, жылыя пабудовы, дрэвам масцілі вуліцы.

У жыцці раннефеадальнага грамадства гарады адыгрывалі вялікую ролю і выконвалі шмат функцый. Яны з’яўляліся цэнтрамі рамеснай вытворчасці. Як сведчаць крыніцы, у вывучаемы перыяд у гарадах Беларусі налічвалася каля 40 рамесных спецыяльнасцяў. Вядучая роля належала кавальству, якое забяспечвала неабходнымі прыладамі працы сельскую гаспадарку і многія віды рамёстваў. Добра былі развіты ювелірная справа, апрацоўка дрэва, ганчарства, ткацтва, гарбарства і інш.

Аддзяленне рамяства ад земляробства і горада ад сяла прывяло да развіцця гандлю. Функцыю гандлёвых цэнтраў выконвалі гарады. У іх размяшчаліся рынкі, на якіх можна было набыць ці абмяняць рамесную прадукцыю, сыравіну, прадукты харчавання. У гарадах, якія знаходзіліся на важнейшых водных магістралях, ажыццяўляўся і знешні гандаль. У ІХ – першай палове ХІІІ ст. асноўным накірункам на землях Беларусі быў гандаль з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, а таксама з усходнеславянскімі княствамі: Кіеўскім і Наўгародскім. З беларускіх зямель вывозілі футра, мёд, воск, лён. Прадметамі імпарту пераважна былі вырабы з металу, каштоўныя камяні, тканіны, віно, вострыя прыправы.

Узнікаючы вакол феадальных замкаў, гарады выконвалі таксама функцыю адміністрацыйна-фіскальных цэнтраў. У гарадах абвяшчаліся новыя законы, сюды звозілася даніна, сабраная з падданага насельніцтва.

Важнай функцыяй гарадоў была ваенна-абарончая. Створаная вакол горада абарончая сістэма і наяўнасць у горадзе ваеннай сілы дружыны рабілі яго месцам, дзе можна было знайсці сховішча ў час варожых нападаў і арганізаваць абарону.

З прыняццем у 988 г. хрысціянства гарады сталі і культурна-рэлігійнымі цэнтрамі. Спачатку толькі ў гарадах будаваліся храмы, перапісваліся кнігі, ствараліся вырабы прыкладнога мастацтва і г. д.

Такім чынам, з утварэннем гарадоў на землях сярэднявечнай Беларусі адбывалася хуткае развіццё рамяства, гандлю, культуры.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях. З’яўленне першых дзяржаўных утварэнняў ва ўсходніх славян у перыяд ранняга феадалізму цалкам адпавядала аналагічным працэсам у Заходняй Еўропе. Першыя дзяржавы фактычна з’яўляліся племяннымі княжаннямі. Летапісы паведамляюць, што ў другой палове ІХ ст. славянскія плямёны палян, драўлян, славенаў, крывічоў і дрыгавічоў мелі свае племянныя княжанні.

Полацкае княства з цэнтрам у горадзе Полацку было першай дзяржавай, якая ўзнікла на беларускіх землях. Полацк займаў вельмі выгаднае геастратэгічнае становішча. Заходняя Дзвіна ў той час з’яўлялася часткай шляху, па якім ішоў міжнародны гандаль Візантыі і Арабскага халіфата з усходнеславянскімі княствамі і скандынаўскімі краінамі. Ён праходзіў праз Няву, Волхаў, Ловаць, Заходнюю Дзвіну да Дняпра і меў назву шляха «з варагаў у грэкі». Займаючы на гэтай важнай воднай магістралі фактычна цэнтральнае месца, Полацк з умацаванага паселішча хутка ператварыўся ў моцны транзітны і гандлёвы цэнтр.

Акрамя таго, Полацкае княства знаходзілася паміж двума іншымі дзяржаўнымі ўтварэннямі ўсходніх славян — Кіеўскім і Наўгародскім княствамі. Кожнае з гэтых княстваў імкнулася заключыць саюз з Полацкам, каб разам мець эканамічную і ваенную перавагу ў рэгіёне. Вядома, што ў 907 г. Полацк быў саюзнікам Кіева, а полацкая дружына прымала ўдзел у паходзе кiеўскага князя Алега на сталіцу Візантыі — Канстанцінопаль (Царград). Паход скончыўся перамогай Кіева, а Канстанцiнопаль вымушаны быў плаціць даніну і Полацку.

У другой палове Х ст. летапісы згадваюць першага вядомага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў «з-за мора», княжыў у Полацкай зямлі і валадарыў ёю. У гэты ж час Полацк становіцца ахвярай барацьбы за вярхоўную ўладу паміж наўгародскім князем Уладзімірам і яго братам, кіеўскім князем Яраполкам. Саюз з Полацкам мог стаць вырашальным у гэтай барацьбе, таму ў перыяд паміж 975 і 978 г. Уладзімір і Яраполк  адначасова звярнуліся да полацкага князя з падобнай прапановай. Летапісы гэтую дыпламатычную акцыю спрошчана падаюць як сватанне вышэйзгаданых князёў да дачкі Рагвалода Рагнеды. Згодна з летапісам, Рагнеда выбрала Яраполка, дадаўшы пры гэтым, што яна не хоча выходзіць за Уладзіміра ― «сына рабыні» (Уладзімір быў пазашлюбным сынам кіеўскага князя). Але хутчэй за ўсё, выбар Рагнеды быў абумоўлены тым, што полацкі князь хацеў бачыць сваім палітычным саюзнікам больш уплывовага і моцнага кіеўскага князя.

Далей для Полацка падзеі разгортваліся вельмі трагічна. Уладзімір з войскам нечакана напаў на горад, знішчыў полацкую княжацкую сям’ю, а Рагнеду прымусова зрабіў сваёй жонкай. Пазней ён забіў Яраполка, заняў кіеўскі трон і на некаторы перыяд (каля 20 гадоў) аб’яднаў пад сваёй уладай Наўгародскае, Полацкае і Кіеўскае княствы. Утвораная Уладзімірам дзяржава атрымала ў гістарыяграфіі назву «Кіеўская Русь».

Залежнасць Полацк ад Кіева працягвалася нядоўга. Пасля 988 г. Рагнеда, якая так і не даравала Уладзіміру забойства сваіх сваякоў, зрабіла няўдалы замах на яго жыццё. Уладзімір параіўся з баярамі і замест пакарання Рагнеды адправіў яе разам з іх сынам Ізяславам назад, у Полаччыну, у спецыяльна пабудаваны горад Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе Мінскай вобласці). Такім чынам, была адноўлена вотчына Рагнеды, а пасля запрашэння палачанамі Ізяслава на княжанне ў Полацк аднавілася ў Полацкай зямлі і дынастыя Рагвалодавічаў — унукаў Рагвалода. З таго часу полацкiя князi вялi барацьбу за аднаўленне і ўмацаванне незалежнасцi Полацка.

Размешчанае на двух важных гандлёвых шляхах — па Дняпру ў Чорнае мора і па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае — Полацкае княства вымушана было ўступіць у барацьбу з двума другімі цэнтрамі ўлады на ўсходнеславянскіх землях — з Кіевам і Ноўгарадам. Тры цэнтры былі вельмі падобныя па свайму палітычнаму і эканамічнаму паходжанню, а з часоў Уладзіміра іх аб’ядноўвалі і дынастычныя сувязі. Агульнымі для гэтых княстваў былі царкоўнаславянская мова і агульнахрысціянскія каштоўнасці, якія пачалі распаўсюджвацца сярод кіруючай эліты.

Значных поспехаў у барацьбе за незалежнасць Полацка дасягнуў сын Ізяслава, князь Брачыслаў (1003 – 1044). Ён паспяхова змагаўся з Ноўгарадам за волакі — сухапутныя шляхі паміж рэкамі, валоданне якімі прыносіла значныя прыбыткі ў скарб. У 1021 г. Брачыслаў здзейсніў паход на Ноўгарад і захапіў горад, але на зваротным шляху ў Полацк быў разбіты кіеўскім князем Яраславам Мудрым (сынам Рагнеды і Уладзіміра). У выніку Брачыслаў і Яраслаў Мудры заключылі саюз, па якому да Полацкага княства далучаліся важныя гарады Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула пры Усяславе Брачыславічы, ці, як называлі яго летапісы, Усяславе Чарадзеі (1044 – 1101). Пры ім канчаткова было зацверджана, што ўладанні Рагвалодавічаў утвараюць асобную, незалежную зямлю, вылучаную з астатняй Русі, і ў  другой палове ХІ ст. Полацк зрабiўся асноўным сапернiкам Кiева. Каб паказаць сваю роўнасць з вялікімі князямі Яраславічамі (сынамі Яраслава Мудрага) і падкрэсліць незалежнасць Полацкага княства, па загаду Усяслава ў Полацку быў пабудаваны сабор Святой Сафіі, які стаў уровень з кіеўскім і наўгародскім Сафійскімі саборамі.

У 1065 – 1078 гг. паміж войскамі Усяслава Чарадзея і Яраславічаў адбыўся шэраг бітваў, найбольш жорсткай з якіх была бiтва на Нямiзе ў 1067 г. У сувязі з гэтай падзеяй упершыню ў летапісах згадваецца г. Менск. Бітва на Нямізе была прайграна Усяславам Чарадзеем, а насельнiцтва Менска знішчана. Апісваючы гэтую падзею, летапiсец адзначаў: «На Нямізе снапы сцелюць з галоваў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жываты кладуць, веюць душу ад цела...».  

З рэшткамі сваёй дружыны Усяслаў адышоў да Дняпра, але падманам быў захоплены Яраславічамі ў палон. Больш за год прасядзеў полацкі князь у порубе (турме) у Кіеве, пакуль не быў вызвалены паўстаўшымі жыхарамі горада. Усяслаў Чарадзей на некаторы час стаў кіеўскім князем, але потым вярнуўся ў Полацк.

У 1097 г. у Любечы адбыўся з’езд князёў Рурыкавічаў, на якім адбылася спроба ўпарадкавання адносін паміж нашчадкамі Яраслава Мудрага. Яго вотчына раздзялілася на ўдзелы трох ліній – Ізяславічаў, Святаславічаў і Усеваладавічаў. Гэтая дамова не тычылася Полацкай зямлі, і таму Усяслаў Чарадзей не быў запрошаны на гэты з’езд. Такім чынам, нашчадкі Яраслава Мудрага прызналі незалежнасць Полацкага княства. Да канца ХІ ст. вотчына Усяслава не ведала спусташэнняў, і гэта быў перыяд, калі Полацкае княства дасягнула найбольшай сваёй магутнасці.

Вышэйпералічанае дазваляе сцвярджаць, што Полацкае княства было першай дзяржавай на беларускiх землях, паколькi Полацкая зямля мела ўсе неабходныя атрыбуты дзяржаўнасці.

1. Тэрыторыю — узнiкшы як горад на беразе Дзвiны i Палаты, Полацк здолеў аб’яднаць паўночна-ўсходнюю i цэнтральную часткi беларускiх зямель. У другой палове ХІ ст., у перыяд найбольшай магутнасці Полацкага княства, яно межавала з Наўгародскай зямлёй на поўначы, са Смаленскай — на ўсходзе, з Тураўскай — на поўдні, з балцкімі народамі — на захадзе.

2. Насельніцтва, якое ўсведамляла сябе жыхарамі менавіта гэтай дзяржавы і адрознівала сябе ад тых, хто жыў за межамі іх княства. Жыхары Полацкага княства называлі сябе крывічы-палачане.

3. Органы кіравання, якія ў Полацкім княстве можна вызначыць як княжацка-вечавы лад. Веча — агульны сход грамадзян, які збіраўся ў Полацку. Веча валодала вялікімі паўнамоцтвамі: запрашала князя, а таксама магло прагнаць яго («указаць яму шлях»), абвяшчала вайну і заключала мір, прызначала падаткі. Практычна ўсе найважнейшыя справы дзяржаўнай палітыкі ажыццяўляліся толькі са згоды большасці паўнапраўных грамадзян.

Паўнамоцтвы князя распаўсюджваліся ў асноўным у сферы выканаўча-распараджальнай дзейнасці. Ён абавязаны быў клапаціцца пра абарону краіны, кіраваць войскам і збіраць падаткі. Полацкае княства мела сваю ўласную дынастыю Рагвалодавічаў — «Рагвалодавых унукаў».

4. Войска. Галоўнай ваеннай сілай з’яўлялася княжацкая дружына. Полацкая дружына ўжо ў 907 г. прымала ўдзел у паходзе кіеўскага князя Алега на Царград.

5. Законы. Пануючым было так званае «звычаёвае права» — сістэма няпісаных прававых норм, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін і абапіраліся на агульнапрынятасць і даўнасць ужывання і прызнаваліся дзяржавай.

6. Падатковая сістэма. Падаткі з насельніцтва збiраліся князем разам з дружынай у выглядзе данiны натуральнымі прадуктамі: зернем, мёдам, футрам i г.д. Збор данiны ва ўсходніх славян называўся «палюддзе».

Такiм чынам, Полацкае княства стала першай дзяржавай на беларускіх землях, якая па ўзроўню развiцця не саступала iншым моцным княствам таго часу – Кiеўскаму i Наўгародскаму.

Тураўскае княства. Але Полацкае княства не было адзінай дзяржавай на землях Старажытнай Беларусі. У басейне ракі Прыпяць у Х ст. на аснове племяннога саюза дрыгавічоў утварылася Тураўскае княства. Пра раннюю гісторыю Тураўскага княства звестак няма. Упершыню цэнтр княства г. Тураў згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 980 г. Першым летапісна вядомым князем гэтай дзяржавы быў Тур, ад яго імя, згодна летапісу, насельніцтва празвалася тураўцамі.

Тураўскае княства таксама мела выгаднае геаграфічнае становішча, паколькі праз яго тэрыторыю праходзілі міжнародныя гандлёвыя магістралі. Першая па Прыпяці і Дняпру вяла ў Чорнае мора; другая мела напрамак на Польшчу і праходзіла па рэках Прыпяць – Піна – Мухавец – Буг; трэцяя праз сістэму рэк Прыпяць – Ясельда – Рось – Нёман вяла ў Балтыку.

Тураўскае княства, якое межавала з больш моцнай Кіеўскай дзяржавай, да 80-х гадоў Х ст., хутчэй за ўсё, заставалася самастойным, а ў 980-я гады трапіла ў залежнасць ад Кіева. Вядома, напрыклад, што кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч пакінуў кіраваць у Тураве свайго сына-намесніка Святаполка.

Грамадска-палітычны лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў з кіеўскімі мелі права займаць кіеўскі трон. У такім выпадку ў Тураў прызначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. Горадам і воласцю кіравала веча; ёсць звесткі, што веча нават выбірала епіскапа. Гэта было незвычайнай з’явай, паколькі епіскапаў па царкоўных законах павінен быў прызначаць мітрапаліт.

Аднак на развіццё Тураўскага княства вельмі адмоўна ўплывала адсутнасць сваёй правячай дынастыі. Прадстаўнікі розных княжацкіх родаў, якія займалі тураўскі прастол, не дбалі пра мясцовыя інтарэсы. У выніку такой палітыкі Тураўшчына нават губляла землі. Так, у 1142 г. Тураўскае княства страціла гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў, а ў 1155 г. — Мазыр.

   Берасцейская зямля. Важным цэнтрам Сярэдняга Пабужжа з’яўляўся горад Берасце. Разам з гарадамі Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік тэрыторыя Берасцейскай зямлі ўяўляла сабой практычна адзіную ў сацыяльна-палітычных адносінах вобласць, нягледзячы на тое, што этнічны склад насельніцтва тут быў вельмі разнастайны.

Берасце адыгрывала ролю заходняга фарпоста на землях усходніх славян, і да сярэдзіны ХІІ ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Тураўскага княства. За магчымасць мець уплыў на гэтую тэрыторыю ў другой палове ХІІ ст. змагаліся кіеўскія і галіцка-валынскія князі і нават польскія каралі. У выніку, як і Тураўскае княства, Берасцейская зямля ў другой палове ХІІ ст. трапіла ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Верхняе Панямонне з’яўлялася тэрыторыяй, на якой ад старажытнасці жылі балцкія плямёны яцвягаў, літвы і дайновы. Каланізацыя гэтых зямель славянамі ажыццяўлялася пазней за іншыя тэрыторыі. Верхняе Панямонне ўключала гарады Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Слонім і інш.

Як сведчаць летапісы, з канца Х ст. тэрыторыя Гарадзеншчыны трапіла ў сферу палітычных інтарэсаў кіеўскіх князёў: «на яцвягаў» хадзілі Уладзімір Святаслававіч і Яраслаў Мудры. Апошні ў 1044 г. заснаваў Наваградак.

Некаторы час Верхняе Панямонне знаходзілася ў палітычным падпарадкаванні Галіцка-Валынскага княства. Аднак у першай трэці ХІІ ст. у летапісах паведамляецца аб самастойным гарадзенскім князі Усеваладку (1116–1141), які ў 1127 г. прымаў удзел у паходзе на Полацк. Гэты факт сведчыў пра тое, што Гародня ўжо была цэнтрам удзельнага княства. Дынастычныя шлюбы звязвалі гарадзенскіх князёў з кіеўскімі, і яны перыядычна арганізоўвалі сумесныя ваенныя паходы.

У сярэдзіне ХІІІ ст. Верхняе Панямонне адыграла знакавую ролю ў гісторыі Беларусі, паколькі менавіта гэтыя землі сталі тэрытарыяльным ядром новай дзяржавы, вакол якой перад пагрозай знешніх ворагаў пачалі аб’ядноўвацца аслабленыя ўдзельныя ўсходнеславянскія княствы.

Такім чынам, у перыяд ІХ – ХІ ст. развіццё беларускіх зямель характарызавалася ўзнікненнем на іх тэрыторыі раннефеадальных княстваў-дзяржаў, для якіх быў уласцівы прынцып арганізацыі насельніцтва не на падставе кроўных сувязяў, а па тэрытарыяльнай прыкмеце. Пазней працэс утварэння і развіцця дзяржаў-княстваў змяніўся феадальнай раздробленасцю (1101 – сярэдзіна ХІІІ ст.) — з'явай, якая была характэрнай для ўсіх краін, якія развіваліся па шляху феадалізму.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы. Феадальная раздробленасцьгэта працэс падзелу раннефеадальных дзяржаў на ўдзельныя княствы. Так, пасля смерцi Усяслава ў 1101 г. Полацкая дзяржава была падзелена на 6 удзельных княстваў: Полацкае, Менскае, Вiцебскае, Лагойскае, Ізяслаўскае і Друцкае. Асаблівасцю феадальнай раздробленасці ў Полацкім княстве было тое, што міжусобная барацьба мела не сепаратысцкі характар, а вялася за дамінаванне на дадзенай тэрыторыі.

Найбольш моцным стаў Менскі ўдзел. Менскі князь Глеб Усяслававіч (? – 1119) праводзіў актыўную палітыку, накіраваную на ўзмацненне і пашырэнне тэрыторыі княства, імкнуўся аб’яднаць усе беларускія землі вакол Менска. Кіеўскія князі арганізавалі некалькі паходаў супраць князя Глеба. Апошні быў захоплены ў палон, кінуты ў кіеўскі поруб, дзе хутка памёр.

Незалежную ад Кіева палітыку імкнуліся весці і іншыя нашчадкі Усяслава Чарадзея. У 1127 г. быў здзейснены паход паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю. За «непаслушэнства» Кіеву ў 1129 г. некаторыя князі Полацкай зямлі былі высланы ў Візантыю. Незадаволеныя кіраваннем стаўленнікаў Кіева палачане ў 1132 г. узнялі паўстанне і на вечы пастанавілі вярнуць сваіх князёў з Візантыі. Але не ўсе высланыя князі вярнуліся ў свае ўдзелы.

У барацьбу за незалежнасць ад Кіева ў ХІІ ст. уключылася і Тураўскае княства. У 1158 г. тураўскі князь Юрый Яраславіч адмовіўся падпарадкоўвацца Кіеву. Натхнёныя княжацкім прыкладам, жыхары Турава вытрымалі дзесяцітыднёвую аблогу вялікага варожага войска, якое складалася з кіеўскай, галіцкай, смаленскай і луцкай дружын. Вораг адышоў, і такім чынам была абаронена незалежнасць Турава і ўсяго княства.

Аднак у другой палове ХІІ ― пачатку ХІІІ ст. Тураўская зямля таксама перажывала працэс феадальнага драблення. Спачатку яна была падзелена паміж сынамі Юрыя Яраславіча на Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы, пазней выдзеліліся Клецк, Берасце, Драгічын. У выніку землі былога Тураўскага княства трапілі пад уплыў больш моцных галіцка-валынскіх князёў.

Паглыбленне феадальнай раздробленасці суправаджалася міжусобнымі войнамі. Дробныя князі таксама прагнулі самастойнасці і са сваімі землямі і дружынамі выходзілі з-пад улады кіраўнікоў удзелаў.

Фактычна ўсе краіны, якія сталі на шлях феадалізму, у сваім развіцці прайшлі тры стадыі: ад раннефеадальных дзяржаў праз перыяд феадальнай раздробленасці да стварэння цэнтралізаваных дзяржаў. Такім чынам, феадальная раздробленасць была заканамерным этапам эвалюцыі феадальных краін.

Сярод асноўных прычын, якія абумовілі феадальную раздробленасць, можна вызначыць дзве:

1) палітычную, якая была звязана з наяўнасцю ў раннефеадальным грамадстве васальнай залежнасці ― сістэмы своеасаблівых адносін паміж феадаламі. Князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі называлі адзін аднаго «братамі»). Баяры з’яўляліся васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу атрымлівалі маёнткі. Пачынаючы з ХІ-ХІІ ст. з’явіліся асабістыя дружыны найбуйнейшых баяр з васалаў трэцяга ўзроўню. Узмацненне ўдзельных князёў прыводзіла да аслаблення цэнтральнай улады і садзейнічала распаду раннефеадальных дзяржаў;

2) эканамічную, якая была абумоўлена панаваннем натуральнай гаспадаркі, калі ўсе землі Беларусі мелі так званую эканамічную аўтаркію (незалежнасць): усё неабходнае для жыцця выраблялася і спажывалася ў межах адной гаспадаркі і не было жыццёвай неабходнасці для пашырэння эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі.

Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя вынікі. На першым этапе падзел вялікіх княстваў на асобныя ўдзелы ствараў спрыяльныя ўмовы для росту гарадоў, развіцця рамёстваў і культуры, удасканалення натуральнай гаспадаркі. Зразумела, што пры існаваўшых у той час сродках камунікацыі кіраўніцтва невялікімі тэрыторыямі было больш эфектыўным. Аднак перманентнае вядзенне разбуральных міжусобных войнаў стала адмоўна адбівацца на гаспадарчым жыцці. Разбуралася сельская гаспадарка, заняпаў шлях «з варагаў у грэкі», які некалькі стагоддзяў прыносіў трывалыя прыбыткі ў скарб Полацкага княства і іншых беларускіх зямель. Да таго ж, раз’яднаныя ўдзелы не маглі аказаць належнага адпору знешнім захопнікам. Толькі напрыканцы ХІІ ― пачатку ХІІІ ст. пад пагрозай знешніх ворагаў на беларускіх землях сталі праяўляцца тэндэнцыі да палітычнай і эканамічнай кансалідацыі.

6. Культура Беларусі ў ІХ – пачатку ХІІІ ст. Культура народаў у перыяд ранняга сярэднявечча ў многім вызначалася рэлігійнымі ўяўленнямі. Дахрысціянскай рэлігіяй насельніцтва на беларускіх землях было язычніцтва (паганства) — вера ў многіх багоў. Сярод вярхоўных багоў у старажытных насельнікаў Беларусі былі: Пярун — бог грому і маланкі, Вялес — бог жывёлагадоўлі, гандлю, багацця, уладар замагільнага свету, апякун язычніцкіх святароў-вешчуноў, Ярыла — бог урадлівасці і вайны, Дажбог — бог Сонца, Лада — багіня дабрабыту і апякунка сямейнага жыцця і інш. У пантэоне багоў адлюстроўвалася як пакланенне людзей прыродным з’явам, так і іх гаспадарчая дзейнасць.

Аднак з узнікненнем першых дзяржаўных утварэнняў, усталяваннем княжацкай улады, развіццём рамяства і гандлю з’явілася патрэба ў больш шырокіх ведах, граматнасці, трывалых сувязях з іншымі краінамі і ў новым асэнсаванні чалавекам свайго жыцця. Гэта не маглі забяспечыць язычніцкія вераванні, і таму наспела неабходнасць у прыняцці новай рэлігіі, якой на землях усходніх славян стала хрысціянства.

Хрысціянства прыйшло на тэрыторыю Беларусі пасля таго, як у 988 г. муж Рагнеды кіеўскі князь Уладзімір ахрысціў сваіх падданых. Візантыйскі варыянт хрысціянства стаў дзяржаўнай рэлігіяй і, як сведчаць крыніцы, уводзіўся ў Кіеўскім княстве хутка, часта нават з прымяненнем сілы.

У Полацкім княстве хрысціянская вера распаўсюджвалася больш спакойна. У гістарычных крыніцах не згадваюцца факты насілля альбо прымусу пры ўвядзенні новай рэлігіі на беларускіх землях. У Полацкай зямлі існавалі свае перадумовы для прыняцця хрысціянства, да таго ж, полацкія воіны ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю ў 907 г. і ўжо мелі ўяўленне аб хрысціянстве. Існуе думка, што кіруючая эліта Полацкага княства яшчэ раней прыняла хрысціянства, якое прыйшло на гэтую тэрыторыю праз Скандынавію.

Але больш упэўнена можна сцвярджаць, што хрысціянства ў Полацку было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве. Ізяслаў, сын Уладзіміра і Рагнеды, хутка пасля прыняцця новай веры стаў княжыць у Полацку. Аб яго клопаце па распаўсюджванню тут хрысціянства ўскосна сведчыць характарыстыка, дадзеная Ізяславу ў Цвярскім летапісе, дзе сказана, што ён «прилежаще прочитанию божественных писаний», гэта значыць, быў вельмі набожны. Княгіня Рагнеда таксама шчыра прыняла новую веру, пашырала яе сярод сваіх суродзічаў-крывічоў павольна, абдумана, высвятляючы сутнасць Хрыстовай навукі. Дзякуючы Рагнедзе з Полацка хрысціянства распаўсюдзілася на ўсю Полаччыну, Смаленшчыну і іншыя крывіцкія землі. Апошнія гады свайго жыцця Рагнеда правяла ў манастыры пад імем чарніцы Анастасіі.

Пасля прыняцця хрысціянства ў буйных княствах пачалі стварацца епархіі. Так, у 992 г. узнікла епархія ў Полацку, а ў 1005 г. — у Тураве.

Усталяванне хрысціянства адбывалася адначасова з існаваннем паганства, таму працэс хрысціянізацыі расцягнуўся на стагоддзі. Трывалымі аказаліся шмат якія язычніцкія традыцыі, як, напрыклад, шанаванне памерлых продкаў («дзяды») ці святкаванне Купалля. Хрысціянская царква так і не змагла іх пераадолець, таму многія язычніцкія звычаі не зніклі, а сталі арганічнай часткай хрысціянскай культуры на тэрыторыі Беларусі. У выніку тут усталяваўся так званы сінкрэтызм – арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных паганскіх уяўленняў з хрысціянскімі.

Вынікі прыняцця хрысціянства былі вельмі значнымі. Распаўсюджанне новай веры садзейнічала развіццю на землях Беларусі пісьменнасці і адукацыі. Пры царквах і манастырах перапісваліся кнігі і адкрываліся школы. У беларускіх гарадах вялося летапісанне. Вялікую навуковую каштоўнасць маюць знойдзеныя ў Віцебску і Мсціслаўлі берасцяныя граматы-лісты, змест якіх сведчыць пра тое, што граматай у той час валодалі не толькі прадстаўнікі духавенства і знаці, але і простыя гараджане.

На беларускіх землях разгарнулася мураванае дойлідства. Саборы, царквы і манастыры сталі самымі велічнымі і прыгожымі будынкамі таго часу. Так, маючы шырокія сувязі з Візантыяй і Заходняй Еўропай, Полацк развіваўся як буйны культурны цэнтр з уласнай архітэктурнай школай. У 50-я гады ХІ ст. у Полацку быў пабудаваны грандыёзны Сафійскі сабор. Ён меў сем купалоў, а ў сярэдзіне быў аздоблены фрэскамі. Сярод помнікаў старажытнага мураванага дойлідства можна назваць Спаскую царкву ў Полацку, Ніжнюю і Барысаглебскую (Каложскую) царквы ў Гродне (другая палова ХІІ ст.). Вядомым помнікам абарончага дойлідства канца ХІІІ ст. з’яўляецца Камянецкая (Белая) вежа. Яна была пабудавана дойлідам Алексам па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост і мела шмат агульнага з еўрапейскімі вежамі тыпу «данжон».

Хрысціянства прынесла на беларускія землі не толькі пісьменнасць, адукацыю і мастацтва, але і змены ў норавах. Хрысціянская вера ўзвышала чалавека над прыродай, вучыла рабіць дабро і цярпліва пераносіць пакуты зямнога жыцця. Але разам з тым нават у самых складаных жыццёвых сітуацыях у чалавека заставалася надзея на дапамогу Бога. Хрысціянскія запаведзі — не забі, не падмані, не ўкрадзі, шануй бацьку і маці і разам з тым знікненне ўласцівых для язычніцтва ахвярапрынашэнняў і кроўнай помсты — садзейнічалі прагрэсіўнаму развіццю грамадства.

Ефрасіння Полацкая. Найбольшае праяўленне новай культуры знайшло сваё адлюстраванне ў дзейнасці Ефрасінні Полацкай (каля 1120 – 1173). Яна была ўнучкай Усяслава Чарадзея і ў свецкім жыцці мела імя Прадслава. Ад замужаства маладая дзяўчына збегла ў манастыр, пастрыглася ў манашкі і атрымала новае імя — Ефрасіння. Яна заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, займалася перапісваннем багаслоўскіх кніг, адкрыла школу, бібліятэку. Па яе замове ў 1161 г. майстар Лазар Богша стварыў шэдэўр старажытнабеларускага эмальернага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, які знік падчас другой сусветнай вайны.

Ефрасіння Полацкая напрыканцы свайго жыцця здзейсніла падарожжа да «Гасподняй дамавіны» ў Палесціну, дзе і памерла 23 мая 1173 г. Пазней яна была кананізавана праваслаўнай царквой і каталіцкім касцёлам і ўключана ў лік святых беларускай зямлі.

Кірыла Тураўскі. Вялікі ўклад у развіццё старажытнабеларускай культуры ўнёс пісьменнік і прамоўца, выдатны сын Тураўскай зямлі Кірыла Тураўскі (каля 1130 – 1182). Найбольшую вядомасць яму прынеслі яго «словы», прысвечаныя розным біблейскім сюжэтам, якімі ён імкнуўся схіліць да хрысціянскай веры як мага больш людзей. У 1158 г. ён быў прызначаны Тураўскім епіскапам. Словы і прытчы Кірылы Тураўскага карысталіся сярод насельніцтва шырокай папулярнасцю, за што яго яшчэ пры жыцці іменавалі Златавустам.

Прыняцце хрысціянства, безумоўна, было станоўчай з’явай, якая паўплывала на змены маральных каштоўнасцяў усходніх славян, пашырыла іх эканамічныя і палітычныя зносіны з іншымі краінамі, спрыяла развіццю культуры, літаратуры, мастацтва. Хрысціянская вера выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць.

Такім чынам, культура беларускіх зямель у перыяд ранняга сярэднявечча вылучалася высокім узроўнем развіцця. Вызначальную ролю, безумоўна, адыгралі прыняцце хрысціянства і распаўсюджанне пісьменнасці. Аднак наяўнасць моцных язычніцкіх традыцый надавала адметнасць культурным працэсам на землях усходніх славян.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Веча (ад стараславянскага вет – рада) – народны сход, орган дзяржаўнай улады (разам з князем) у асобных княствах.

Волакі – назва месца найбольшага збліжэння дзвюх суседніх судаходных рэк, па якому караблі перацягвалі (валаклі) з адной рэчкі ў другую або перавозілі грузы.

Даніна – натуральны аброк. На землях усходніх славян вядомы з ІХ ст. як асноўны падатак насельніцтва на карысць дзяржавы, а таксама як падатак з заваяваных народаў.

Натуральная гаспадарка  тып гаспадаркі, пры якой усё, што выраблялася, спажывалася ў межах гэтай жа гаспадаркі.

Палюддзе («хадзіць па людзях») – штогадовы аб’езд князем з дружынай падуладных тэрыторый з мэтай збору даніны.

Паншчына  апрацоўка сялянамі зямлі феадала ўласным інвентаром і цяглавай жывёлай.

Сінкрэтызм – арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных паганскіх уяўленняў з хрысціянскімі.

Феадальная раздробленасцьпрацэс дзялення раннефеадальных дзяржаў на ўдзельныя княствы.

Чынш грашовая рэнта.

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

859 г. – першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пра крывічоў.

862 г. – першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пра Полацк.

980 г. – згадка ў летапісе пра полацкага князя Рагвалода і Рагнеду.

980 г. – першае ўпамінанне пра Тураў.

988 г. пачатак прыняцця хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях.

992 г. – узнікненне епархіі ў Полацку.

1005 г. – узнікненне епархіі ў Тураве.

1067 г. – бітва на Нямізе і першае ўпамінанне ў летапісе пра Менск.

1101 г. – пачатак феадальнай раздробленасці на беларускіх землях.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Вызначце характэрныя рысы феадалізму і назавіце асноўныя віды феадальнай рэнты.

2. Дакажыце, што Полацкае княства з’яўлялася дзяржавай.

3. Вызначце асноўныя напрамкі знешняга гандлю беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ ст.

4. Дакажыце, што на першым этапе феадальная раздробленасць спрыяла развіццю гаспадаркі асобных земляў і росту гарадоў, а затым стала тормазам на шляху эканамічнага развіцця.

5. Вызначце ўплыў хрысціянства на развіццё культуры беларускіх зямель.

 ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Шлях «з варагаў у грэкі» – асноўная гандлёвая артэрыя Полацкага княства.

2. Гандаль і грашовае абарачэнне на беларускіх землях у перыяд ранняга феадалізма.

3. Хрысціянская культура на землях Беларусі ў перыяд ранняга сярэднявечча.

ЛІТАРАТУРА

  1.  Алексеев Л.В. Полоцкая земля в ІХ–ХІІІ вв. – М., 1966.
  2.  Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. – Мінск: Беларусь, 1994.
  3.  Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (ІХ – ХІІІ стст.). – Мінск: Экаперспектыва, 1997.
  4.  Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад пачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск: Экаперспектыва, 2000.
  5.  Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. – Мінск: Беларуская навука, 1997.
  6.  Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ – ХІІІ в. – Минск., 1989.
  7.  Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. – Мінск: Экаперспектыва, 1997.
  8.  Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.
  9.  Штыхаў Г.В. Шматукладнае грамадства ІХ – ХІ стст. і пытанні перыядызацыі раннесярэдневяковай гісторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. – Мінск: Выд-ва БДУ, 1992.
  10.  Штыхов Г.В., Лысенка П.Ф. Древнейшие города Белоруссии. – Минск.: Наука и техника, 1966.
  11.  Штыхаў Г.В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. – Мінск, 1999.

Тэма 3. Вялікае княства Літоўскае (другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ ст.)

1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.

2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў.

3. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ. Судовая сістэма.

4. Сацыяльная структура грамадства ВКЛ.

5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ.

6. Гарады Беларусі ў ХІV–ХVІ ст.

1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. У пачатку ХІІІ ст. дзяржаваўтваральныя працэсы на землях Беларусі перамясціліся з Полацка на тэрыторыю Наваградскай зямлі. Аб’яднанне вакол яго самастойных удзельных княстваў паклала пачатак з’яўленню новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ).

Сярод асноўных прычын, якія знаходзіліся ў аснове працэса ўтварэння адзінай цэнтралізаванай дзяржавы, можна вылучыць наступныя:

1) унутрыпалітычную: феадальная раздробленасць, якая панавала ў Полацкім княстве з пачатку ХІІ ст., і працяглыя міжусобныя войны паступова прывялі да негатыўных наступстваў у гаспадарчым і палітычным жыцці. У канцы ХІІ ст. на ўсходнеславянскіх землях рэзка зменшылася эканамічнае значэнне гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Гандаль паміж краінамі Балтыйскага і Міжземнага мораў стаў ажыццяўляцца вакол Еўропы, што атрымлівалася хутчэй і танней, чым з выкарыстаннем шляху «з варагаў у грэкі» з яго маруднай і складанай працэдурай волакаў. Разам з тым рост гарадоў, развіццё рамёстваў, удасканаленне сельскай гаспадаркі і паглыбленне грамадскага падзелу працы патрабавалі ўнутрыпалітычнай стабільнасці і тэрытарыяльнай кансалідацыі.

У перыяд феадальнай раздробленасці паглыбілася сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства, абвастрыліся супярэчнасці як паміж саслоўямі, так і сярод феадалаў у барацьбе за панаванне. Усё гэта сведчыла пра неабходнасць усталявання моцнай улады, якая магла б заканадаўча абмежаваць разбуральныя працэсы, аб’яднаць усе сілы грамадства для ўмацавання дзяржавы;

2) знешнепалітычную: разрозненыя і аслабленыя беларускія землі з пачатку ХІІІ ст. сталі аб’ектам нападу знешніх ворагаў, асабліва мангола-татараў і крыжакоў.

Мангола-татарскія орды пад кіраўніцтвам Чынгісхана з’явіліся ва Усходняй Еўропе вясной 1223 г. (з 1237 г. іх узначальваў хан Батый). За няпоўныя два дзесяцігоддзі яны падпарадкавалі сабе ўсходнерускія княствы, над якімі больш чым на дзвесце гадоў было ўсталявана мангола-татарскае ярмо, Галіцка-Валынскую зямлю, а ў 1240 г. разбурылі Кіеў. З 1240 г. мангола-татары пачалі перыядычна здзяйсняць набегі на паўднёвыя землі Беларусі. Яны праследавалі эканамічную мэту – захоп багацця: палонных, золата, збожжа, футра і інш. Мангола-татары былі качэўнікамі і ніколі не жылі на падпарадкаваных тэрыторыях.

Іншая справа была з крыжакамі-рыцарамі з Заходняй Еўропы, якія кіраваліся ў сваёй дзейнасці хрысціянскімі ідэямі прапаведніцтва. У 1186 г. адзін з першых нямецкіх місіянераў на ўсходнеславянскіх землях манах Мейнард звярнуўся да полацкага князя Уладзіміра з просьбай дазволіць хрысціць падкантрольныя Полацку плямёны ліваў і латгалаў. У 1201 г. місіянеры заснавалі ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу і тым самым зачынілі Полацку выхад у Балтыйскае мора.

Услед за крыжам місіянера ішоў меч заваёўніка, і ў 1202 г. быў заснаваны Ордэн мечаносцаў (Лівонскі ордэн), а ў 1228 г. – Тэўтонскі ордэн. Крыжацкія Ордэны былі добра арганізаванымі ваеннымі структурамі. Іх афіцыйнай задачай была абвешчана абарона заснаванага на землях балтаў Каталіцкага касцёла і пашырэнне хрысціянства, але сапраўднай мэтай рыцараў была палітычная – захоп і падпарадкаванне новых зямель. Галоўнымі даходамі Ордэна была даніна з мясцовага насельніцтва, таму нямецкія рыцары імкнуліся замацавацца на захопленых тэрыторыях.

Першым цяжар барацьбы з крыжакамі прыняло на сябе Полацкае княства. На пачатку ХІІІ ст. Полацк вымушаны быў саступіць ім дзве асноўныя крэпасці на Заходняй Дзвіне — Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.) і тым самым аслабіў свае пазіцыі ў Падзвінні.

Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. перад беларускімі землямі востра паўстала праблема захавання самастойнасці і неабходнасці арганізацыі дзейснага адпору знешнім ворагам. Ажыццявіць гэта ва ўмовах феадальнай раздробленасці было немагчыма, і таму сярод кіраўнікоў удзельных княстваў і зямель усё большую прывабнасць пачала набываць ідэя аб’яднання. Перавага палітычных прычын над эканамічнымі адрознівала працэс аб’яднання на беларускіх землях ад аналагічных працэсаў у Заходняй Еўропе.

У гэтых умовах палітычны цэнтр беларускіх зямель перамяшчаецца з Полацка ў Наваградак, на той час самы значны горад Панямоння.

У ХІІ-ХІІІ ст. адбыўся хуткі эканамічны росквіт Наваградка. Асновай эканамічнай магутнасці Наваградчыны сталі развітое земляробства і рамяство, а таксама актыўны гандаль. Па Нёману наваградскія купцы траплялі ў Балтыйскае мора і далей — у гарады Паўночнай і Заходняй Еўропы. Праз развітую сістэму волакаў можна было трапіць у Днепр і Заходнюю Дзвіну, а адтуль адпаведна ў Чорнае і Балтыйскае моры. Пра шырокія гандлёвыя сувязі Наваградскай зямлі сведчаць знаходкі на яе тэрыторыі скарбаў з арабскімі, візантыйскімі і заходнееўрапейскімі манетамі.

Узвышэнне Наваградка ў значнай ступені было абумоўлена геапалітычным становішчам — ён размяшчаўся ў пэўнай адлегласці ад асноўных маршрутаў крыжацкіх захопаў і мангола-татарскіх набегаў. Гэта спрыяла прытоку на Наваградчыну славянскага насельніцтва з больш небяспечных тэрыторый і, як следства, узнікненню і ўмацаванню гарадоў (Слоніма, Ваўкавыска, Свіслачы, Зэльвы і інш.).

Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. Наваградскае княства мела высокі эканамічна-культурны патэнцыял, што, несумненна, уплывала на павелічэнне палітычнай вагі княства сярод суседніх усходнеславянскіх і балцкіх зямель, якія мелі трывалыя ваенна-палітычныя і эканамічныя сувязі з крывічамі. Таму не выпадкова, што ідэя неабходнасці аб’яднання выспела менавіта сярод наваградскай знаці і атрымала падтрымку купцоў і рамеснікаў. Так Наваградак стаў цэнтрам новага дзяржаваўтваральнага працэсу, у выніку якога з’явілася адна з самых буйных дзяржаў тагачаснай Еўропы — Вялікае княства Літоўскае.

Праблема ўтварэння ВКЛ канчаткова не вырашана ў гістарыяграфіі, аб чым сведчыць наяўнасць многіх канцэпцый. Іх узнікненне было звязана з рознай палітычнай кан’юнктурай і недакладнай лакалізацыяй Літвы летапіснай. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1009 г. Большасць беларускіх даследчыкаў лічаць, што Літва летапісная знаходзілася на балцка-славянскім памежжы і займала тэрыторыю паўночнага захаду сучаснай Беларусі і паўднёвага ўсходу сучаснай Літвы.

Утварэнне ВКЛ як моцнай цэнтралізаванай дзяржавы было заканамерным этапам у развіцці не толькі ўсходнеславянскіх, але і балцкіх зямель, гэта быў жыццёва неабходны сімбіёз для двух бакоў. ВКЛ узнікла і развівалася на шырокай тэрытарыяльна-этнічнай аснове і стала калыскай утварэння многіх народаў.

Важны ўклад у станаўленне дзяржавы зрабіў літоўскі князь (з Літвы летапіснай) Міндоўг. У 1235 г. упершыню ў летапісах упамінаецца «Літва Міндоўга». У літоўскай гістарыяграфіі прапагандуецца канфрантацыйная версія пачатковага перыяду ВКЛ, якая сцвярджае, што Наваградская зямля была захоплена Міндоўгам. Але даследаванні беларускіх вучоных сведчаць, што, верагодна, наваградская знаць для здзяйснення сваіх кансалідацыйных планаў спецыяльна запрасіла Міндоўга на наваградскі трон, ведаючы здольнасці гэтага князя і жадаючы выкарыстаць яго ў сваіх палітычных мэтах. На карысць гэтай версіі гаворыць факт прыняцця Міндоўгам у 1246 г. праваслаўнай веры як неабходнай умовы абрання на пасаду наваградскага князя. Традыцыя запрашэння на княжанне магутных правадыроў з дружынамі была вядома на землях усходніх славян значна раней (Рурык, Рагвалод).

Міндоўг хутка аб’яднаў вакол Наваградскай зямлі тэрыторыю Верхняга Панямоння, і першапачаткова гэтая дзяржава называлася па-рознаму: «Літва», «Літоўскае княства», «княства Літоўскае і Наваградскае» ці нават «Вялікае княства Наваградскае».

Становішча маладой дзяржавы было вельмі хісткім і небяспечным у суседстве з больш моцным Галіцка-Валынскім княствам. Так, паўднёвыя князі ў 1252 г. арганізавалі кааліцыю і спустошылі Наваградскую зямлю. Яны імкнуліся спыніць тут працэс дзяржаваўтварэння. Каб адстаяць сваю незалежнасць у барацьбе з гэтым ворагам, Міндоўг вымушаны быў заключыць саюз з Лівонскім ордэнам, пагадзіўся прыняць каталіцтва і ў 1252 г. (паводле іншых звестак, у 1253 г.) каранаваўся ў Наваградку. Актам каранацыі Міндоўг хацеў дабіцца міжнароднага прызнання ВКЛ.

Такім чынам, новае дзяржаўнае ўтварэнне, якое стала магчымым дзякуючы ваенна-палітычнаму саюзу славянскага горада Наваградка з балцкім кунігасам (князем) Міндоўгам, перамагло ў барацьбе з галіцка-валынскімі князямі. Падначаленне невялікіх княстваў Верхняга Панямоння адзінай уладзе спыніла працэс феадальнай раздробленасці і садзейнічала інтэграцыі жыхароў розных княстваў Беларусі ў рамках адзінай дзяржавы.

Стабільнасць і магутнасць новай дзяржавы дасягаліся не толькі выгадным геапалітычным становішчам, а таксама дыпламатыяй, сілай і крывёю. Пачатковы перыяд утварэння ВКЛ характарызаваўся жорсткай барацьбой за ўладу. Так, шляхам забойства з гістарычнай арэны ў 1263 г. быў выдалены Міндоўг. Расправіўшыся са змоўшчыкамі і забойцамі бацькі, сваю ўладу ў Наваградку ўсталяваў сын Міндоўга Войшалк (1264−1267). Ён заключыў саюз з галіцка-валынскімі князямі і, зыходзячы з палітычных інтарэсаў, у 1267 г. перадаў уладу свайму сваяку галіцкаму князю Шварну (1267−1270). Але сам ён у гэтым жа годзе быў забіты па загаду галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча.

Пасля смерці Шварна ўладу ў ВКЛ атрымаў Трайдэн (Трайдзень) (1270−1282). Падчас яго кіравання значна пашырыўся знешнепалітычны ўплыў Княства. Трайдэн разарваў саюз Літвы з галіцка-валынскімі князямі, супрацьдзейнічаў ваенным паходам татар на землі ВКЛ, даў прытулак уцекачам ад крыжацкай агрэсіі з Прусіі. Такім чынам, Трайдэну ўдалося стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю ў Княстве і на некаторы час прыпыніць пасягненні ворагаў на незалежнасць ВКЛ.

2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Вялікую ролю ва ўмацаванні ВКЛ адыграла цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў Віценя (1295–1316), Гедыміна (1316–1341) і Альгерда (1345–1377).

Віцень змагаўся за ўнутранае адзінства Вялікага Княства. Пра яго палітыку ў летапісах гаворыцца: «Зямлі прыбавіў да княства многа, аж да Буга». Пры ім у 1307 г. да ВКЛ было далучана Полацкае княства, а ў 1315 г. — Берасцейская зямля. Ён вёў актыўную знешнюю палітыку: выступаў супраць палякаў, змагаўся з крыжакамі.

З часоў Віценя (1296) бярэ пачатак і гістарычны герб Беларусі — Пагоня: «Измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройны на коне з мечем, иже ныне наричут погоня». Пагоня стала гербам дынастыі вялікіх князёў літоўскіх і дзяржаўным гербам ВКЛ. Лёс Віценя, як і многіх іншых князёў ВКЛ, быў трагічны. Праўда, паводле летапісных звестак, загінуў ён не ад рук палітычных супернікаў, а ад удару маланкі.

Такім чынам, сярэдзіна ХІІІ – пачатак  ХІV ст. былі часам станаўлення і ўмацавання ВКЛ. Пры Віцені гэты працэс стаў незваротны. З пачатку ХVІ ст. адбываўся імклівы рост ВКЛ у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы. Вялікую ролю ў гэтым адыграў Гедымін.

Гедымін. У час княжання Гедыміна ў складзе ВКЛ былі аб’яднаны беларускія землі да Дняпра. Аднак у гэты перыяд неаднойчы спустошаны ў другой палове ХІІІ – пачатку ХІV ст. галіцка-валынскімі князямі і крыжакамі, Наваградак прыйшоў у заняпад. Таму Гедымін вырашыў перанесці сталіцу з Наваградка ў Вільню, што і было зроблена ў 1323 г. Ёсць сведчанні, што Вільня была заснавана крывічамі, з 1070-х г. з’яўлялася цэнтрам Віленскага ўдзела Полацкага княства і да пачатку ХІV ст. стала значным палітыка-эканамічным цэнтрам.

Знешняя палітыка Гедыміна мела два асноўныя накірункі: пашырэнне межаў Вялікага Княства і барацьба з крыжацкай агрэсіяй. У адпаведнасці з першай задачай, Гедымін шляхам дынастычнага саюза далучыў да ВКЛ у 1320 г. Віцебскае княства, у 1326 г. – Менск, а пазней – Тураў і Пінск.

Разам з тым з мэтай умацавання дзяржавы і больш паспяховай барацьбы супраць крыжакоў ён у 1325 г. заключыў саюз з польскім каралём Уладзіславам І і загадаў распачаць будаўніцтва магутных умацаванняў у ВКЛ – замкаў па лініі Трокі – Вільня – Меднікі – Крэва – Ліда – Наваградак.

Вялікую ролю ў барацьбе з крыжакамі адыграў знакаміты палкаводзец Давыд Гарадзенскі (1283–1326). Аб павазе да яго з боку вялікага князя гаворыць той факт, што Гедымін аддаў яму ў жонкі сваю дачку Біруту. Давыд Гарадзенскі быў паплечнікам Гедыміна, яны неаднаразова разам выступалі супраць крыжакоў і нават арганізавалі паход войска ВКЛ на крыжацкую крэпасць Брандэнбург (1326 г.). Падчас гэтага паходу Давыд Гарадзенскі быў па-здрадніцку забіты падкупленым немцамі мазавецкім рыцарам і, па паданню, быў пахаваны каля Каложскай царквы ў Гародне. Сам Гедымін таксама загінуў пры аблозе нямецкай крэпасці Баербург у 1341 г.

Роля Гедыміна ва ўмацаванні ВКЛ вельмі вялікая: ён не толькі здолеў абараніць дзяржаву ад ворагаў, але і запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрапейскіх краін на сталае месцажыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росквіту краіны.

Шляхі ўключэння беларускіх зямель у склад ВКЛ. Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ ажыццяўлялася рознымі шляхамі. Найбольш значным быў добраахвотна-дагаворны шлях, які даваў тэрыторыям пэўную аўтаномнасць пры ўваходжанні ў склад новай дзяржавы. Далучэнне да больш моцнага Наваградка і ўмацаванне дзяржаўнай улады гарантавала надзейную абарону ад ворагаў і стварала ўмовы для стабільнага развіцця сельскай гаспадаркі і рамёстваў. Асноўнымі рысамі аўтаномнасці былі наступныя:

  •  намеснікі і ваяводы прызначаліся толькі са згоды мясцовага насельніцтва;
  •  існавала мясцовая судовая сістэма;
  •  на пасады мясцовага кіравання магло быць прызначана толькі мясцовае баярства.

На такіх умовах у 1307 г. у склад ВКЛ увайшла Полацкая зямля, а ў 1320 г. − Віцебскае княства.

Віцебск быў далучаны да ВКЛ на падставе шлюбных сувязяў. Віцебскі князь Яраслаў Васількавіч у 1318 г. выдаў сваю дачку замуж за сына Гедыміна Альгерда. Пасля смерці Яраслава князем у Віцебску стаў Альгерд і Віцебскае княства ўвайшло ў склад ВКЛ.

Яшчэ адным шляхам пашырэння тэрыторыі ВКЛ быў ваенна-палітычны. Напрыклад, у жорсткай барацьбе з галіцка-валынскімі князямі ў першай чвэрці ХІV ст. пад уладу князёў ВКЛ трапіла Берасцейская зямля.

Феадальныя княствы-дзяржавы, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі, з развітой эканомікай, сістэмай улады, культурай уносілі свае багатыя традыцыі ў новую дзяржаву. Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным будаўніцтве Вялікага княства Літоўскага, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

Паколькі на ўсходнеславянскія землі, у тым ліку і беларускія, пісьменнасць прыйшла разам з хрысціянствам у канцы Х ст. (у адрозненне ад большасці літоўцаў, якія да 1386 г. заставаліся язычнікамі і пісьменнасці не мелі), старабеларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай мовы ў ВКЛ. На ёй складаліся дакументы вялікакняжацкай канцылярыі, судовыя справы і іншыя афіцыйныя дакументы. Таму з улікам гэтага, ёсць усе падставы пры вызначэнні дзяржаўнасці ВКЛ ужываць тэрмін «Беларуска-Літоўскае гаспадарства».

Альгерд. Сваім пераемнікам Гедымін прызначыў аднаго з малодшых сыноў ― Яўнуція, які ў 1345 г. страціў вярхоўную ўладу ў выніку змовы сваіх братоў Альгерда і Кейстута. Хаця вялікім князем быў абвешчаны Альгерд, па сутнасці ў краіне склалася двоеўладдзе. Альгерд кіраваў усходняй часткай Княства з цэнтрам у Вільні і забяспечваў бяспеку краіны з усходу. Пад кіраўніцтвам Кейстута знаходзілася заходняя частка ВКЛ з рэзідэнцыяй у Троках, і, адпаведна, на яго ўскладваўся абавязак барацьбы з крыжакамі. Браты працягвалі справу Гедыміна, павялічылі тэрыторыю дзяржавы ў два разы пераважна за кошт далучэння да Княства славянскіх зямель: Валыні (1352), Браншчыны (1355) і Смаленшчыны (1357). Пасля перамогі войска Альгерда над татарамі ў бітве на рацэ Сінія Воды (1362) да ВКЛ былі далучаны Кіеўшчына і Падолле, а таксама Чарнігаўска-Северская зямля. Пры Альгердзе завяршылася аб’яднанне ў складзе ВКЛ беларускіх зямель.

Такім чынам, дамінуючым у дзяржаве стаў усходнеславянскі элемент − 9/10 тэрыторыі і 4/5 насельніцтва былі «рускімі». «Рускімі» ў той час называліся ўсходнеславянскія землі ВКЛ (сённяшнія беларускія, украінскія, часткова рускія), а іх насельніцтва − «руссю», «русінамі». Суседнюю Маскоўскую дзяржаву называлі Масковіяй, а яе жыхароў − «маскалямі», або «маскавітамі».

Як ужо адзначалася, паўднёва-ўсходні накірунак быў галоўным у знешняй палітыцы Альгерда, і менавіта ў час яго кіравання найбольш выразна праявіліся супярэчнасці ў адносінах з усходнім суседам ― Маскоўскім княствам. Першыя супярэчнасці ўзніклі на рэлігійнай глебе яшчэ пры Гедыміне, калі ў 1317 г. была абвешчана Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку.

Пасля смерці сваёй жонкі, віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны, вялікі князь Альгерд ажаніўся з дачкой цвярскога князя Ульянай, а паколькі Цвер і Масква ў той час вялі барацьбу за першынство ў аб’яднанні ўсходнерускіх зямель, то, натуральна, Альгерд дапамагаў свайму цесцю ў гэтай барацьбе. У 1368, 1370 і 1372 гадах ён здзейсніў тры знакамітыя паходы на Маскву. Падчас першага паходу Альгерд з часткай сваіх рыцараў і знаці ўехаў на тэрыторыю Маскоўскага замака са словамі: «Княжа вялікі маскоўскі, памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою». Маскоўская дзяржава тады не мела значнай ваеннай сілы, і справы былі вырашаны мірным шляхам. Усходняя мяжа ВКЛ была ўсталявана каля Каломны і Мажайска.

Але гэта быў толькі пачатак супрацьстаяння. На працягу наступных дзесяцігоддзяў Вільня і Масква вялі палітыку «збірання ўсіх рускіх праваслаўных зямель». Сутыкненне паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам было непазбежным, паколькі абодва бакі прэтэндавалі на адны і тыя ж тэрыторыі, населеныя праваслаўнымі жыхарамі.

Ягайла. Пасля смерці Альгерда ў ВКЛ пачалася дынастычная барацьба, прычынай якой стала прызначэнне Альгердам сваім спадкаемцам на вялікакняжацкім прастоле не старэйшага сына ад першай жонкі − Андрэя Полацкага, а сына ад другой жонкі − Ягайлы. З гэтым не пагадзіўся Кейстут, які меў вялікі аўтарытэт у Княстве. Па загаду Ягайлы ў 1382 г. Кейстут быў забіты, і да барацьбы за трон ВКЛ далучыўся яго сын і стрыечны брат Ягайлы Вітаўт. Барацьба скончылася перамогай Ягайлы, а Вітаўт атрымаў ва ўладанне Берасце і Гародню і згадзіўся на мір.

Вялікае Княства па-ранейшаму знаходзілася перад пагрозай крыжацкай агрэсіі, і для стрымання захопніцкіх памкненняў ворага ішоў актыўны пошук саюзнікаў. Найлепшым спосабам было заключэнне выгаднага шлюбу. На гэтым шляху ў Ягайлы было два варыянты: або ажаніцца з польскай каралевай Ядзвігай, або ― з дачкой Дзмітрыя Данскога. Перспектыва парадніцца з маскоўскім князем выглядала зусім нядрэннай, асабліва пасля перамогі Дзмітрыя Данскога на Куліковым полі (1380). Аднак Масква запатрабавала, каб Ягайла прызнаў сябе васалам («малодшым братам») Дзмітрыя Данскога, а таксама ахрысціў у праваслаўе ўсю Літву. Гэта не ўваходзіла ў планы Ягайлы, ён адмовіўся ад ідэі саюза з Масквой і пачаў перамовы з польскімі пасламі.

У 80-я гады ХІV ст. унія Вялікага Княства і Кароны адпавядала інтарэсам абедзвюх дзяржаў, паколькі дазволіла б аб’яднаць сілы для барацьбы з самым галоўным агульным ворагам ― Тэўтонскім ордэнам. У гэтым саюзе быў зацікаўлены і каталіцкі касцёл, які атрымаў бы магчымасць мірным шляхам ахрысціць па лацінскаму ўзору жамойтаў − апошні язычніцкі народ у Еўропе.

Крэўская унія. 14 жніўня 1385 г. была заключана Крэўская унія, згодна з якой Ягайла атрымаў права ўзяць шлюб з польскай каралевай Ядзвігай, але для гэтага павінен быў выканаць шэраг умоў:

  •  перайсці ў каталіцтва;
  •  ахрысціць паводле каталіцкага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў;
  •  стварыць унію (саюз) Вялікага Княства і Кароны.

Крэўская унія была дынастычна-персанальнай, калі дзве дзяржавы аб’ядноўваліся праз асобу манарха, у дадзеным выпадку Ягайлы. Потым па праву пераемнасці ўзначаліць краіну павінен быў яго прамы нашчадак ад шлюбу з Ядзвігай. Асноўныя пытанні, якія тычыліся двух бакоў, вырашаліся сумесна, але пры гэтым кожная дзяржава захоўвала асобныя органы ўлады, войска і скарб.

Ягайла прыняў каталіцтва і стаў каралём Польшчы Уладзіславам ІІ. У 1387 г. ён выдаў прывілей, паводле якога феадалы ВКЛ каталіцкага веравызнання атрымлівалі неабмежаваныя правы па распараджэнню сваімі землямі і вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўную знаць ВКЛ, якая колькасна значна пераважала католікаў, дзеянне гэтага прывілея не распаўсюджвалася. Натуральна, што гэта выклікала незадаволенасць праваслаўных феадалаў, якія ўбачылі ва ўчынках караля не толькі наступленне на свае правы, але і пэўную пагрозу незалежнасці ВКЛ. Таму ў асяроддзі праваслаўнай (беларускай, украінскай, рускай) знаці ВКЛ пачалі распаўсюджвацца сепаратысцкія настроі, якія ў 1389 г. перараслі ў адкрытую ўзброеную барацьбу супраць Ягайлы. Узначаліў гэтае змаганне Вітаўт.

Вітаўт. Трохгадовае супрацьстаянне Вітаўта з Ягайлам скончылася падпісаннем у 1392 г. Востраўскага пагаднення (ад маёнтка Вострава пад Лідай). Згодна з гэтай дамовай, Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем ВКЛ, хоць намінальна яшчэ захоўваў свой вярхоўны сюзерэнітэт. Такім чынам, з падпісаннем Востраўскага пагаднення унія Кароны і Вялікага Княства стала саюзам дзвюх раўнапраўных дзяржаў.

На пасадзе вялікага князя Вітаўт заняўся ўмацаваннем улады і цэнтралізацыяй краіны, ператвараючы яе ў магутную еўрапейскую дзяржаву. Летапісы слушна называлі яго Вітаўтам Вялікім. Пры ім ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасці і тэрытарыяльных памераў, стала самай буйной дзяржавай у Еўропе «ад мора да мора» (ад Балтыкі да Чорнага мора).

Для ажыццяўлення сваіх планаў ён у якасці саюзніка вырашыў выкарыстаць татарскага хана Тахтамыша, які ўцёк з Залатой Арды і са згоды вялікага князя пасяліўся ў ВКЛ, пад Лідай. Да таго ж, у 1398 г. Вітаўт заключыў новы саюз з Тэўтонскім ордэнам.

Але грандыёзныя намеры вялікага князя значна паменшыліся пасля разгрому арміі ВКЛ татарскім войскам пад кіраўніцтвам ханаў Цімура і Едзігея на рацэ Ворскле ў 1399 г. Пасля гэтай трагедыі становішча ВКЛ увогуле і ўлада Вітаўта ў прыватнасці значна пахіснуліся. Узбунтаваліся Смаленск, Ноўгарад і іншыя гарады. Вітаўт разумеў, што гэтая сітуацыя з’яўляецца вельмі прыдатнай і для ўзмацнення крыжацкай агрэсіі на землі ВКЛ, і таму вырашыў змяніць вектар знешняй палітыкі з усходняга на заходні.

У гэтых умовах Вітаўт пайшоў на аднаўленне саюза з Польшчай. У 1401 г. была заключана Віленска-Радамская унія, паводле якой пацвярджалася палітычная самастойнасць Вялікага Княства. Улада ў ВКЛ прызнавалася пажыццёва за Вітаўтам, а пасля яго смерці павінна была перайсці да Ягайлы ці ягоных нашчадкаў. Калі б Ягайла памёр бяздзетным, то польскія феадалы павінны былі б узгадніць кандыдатуру караля з Вітаўтам.

Важным пунктам гэтага пагаднення было абавязацельства абедзвюх дзяржаў дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, галоўным з якіх на той час заставаўся Тэўтонскі ордэн. З кожным годам крыжацкая агрэсія набірала сілу, і было зразумела, што справа дойдзе да адкрытых ваенных дзеянняў.

Перыяд 1409 – 1411 гг. увайшоў у гісторыю пад назвай Вялікай вайны ВКЛ і Кароны супраць Ордэна. Княства імкнулася вярнуць сабе Жамойцію, а Карона − Памор’е. Для забеспячэння тылу яны заключылі пагадненне з Маскоўскай дзяржавай. Ордэн таксама шукаў падтрымку ў Еўропе ― у Венгрыі і Чэхіі.

Цэнтральнай падзеяй Вялікай вайны стала Грунвальдская бітва, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. каля вёскі Грунвальд (сёння ― Ольштынскае ваяводства Польшчы) паміж аб’яднаным войскам ВКЛ і Польскай Кароны, з аднаго боку, і арміяй Тэўтонскага ордэна, з другога. Саюзным войскам кіраваў Ягайла, але асабіста ўдзел у бітве не прымаў, у адрозненне ад Вітаўта, які ўзначальваў войска ВКЛ непасрэдна на полі бою. Войскамі Ордэна кіраваў вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва скончылася поўнай перамогай саюзнай арміі над крыжакамі. Тэўтонскі ордэн страціў сваю былую веліч і славу і больш не здолеў яе ўзнавіць. Такім чынам, у выніку бітвы пад Грунвальдам не толькі была спынена двухсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход, але і былі зменены агульныя суадносіны сіл ва Усходняй Еўропе на карысць славянскіх народаў.

Гарадзельская унія. Перамога надала ўпэўненасці Вялікаму княству Літоўскаму, і Вітаўт яшчэ больш імкнуўся да пашырэння самастойнасці ВКЛ. Межы Княства сягалі ад Балтыкі да Чорнага мора і ад Смаленска да Беластока, і ў канцы ХІV – пачатку ХV ст. тэрыторыя ВКЛ складала каля 900 тыс. кв. км.

Але з другога боку, Ягайла хацеў замацаваць васальнае становішча Вялікага Княства і рабіў захады да аднаўлення уніі. У кастрычніку 1413 г. у Гарадзельскім замку над Бугам адбыўся з’езд польскіх феадалаў і феадалаў ВКЛ каталіцкага веравызнання ў прысутнасці манархаў дзвюх краін. Вынікам гэтага з’езда стала падпісанне трох прывілеяў, якія і склалі акт новай Гарадзельскай уніі.

Паводле асноўных яе палажэнняў, правы на дзяржаўныя пасады і іншыя правы (напрыклад, права ўдзельнічаць у выбарах вялікага князя, мець родавыя гербы, свабодна распараджацца сваёй зямлёй і інш.) належалі ў ВКЛ выключна каталіцкай знаці. З мэтай найбольш шчыльнага збліжэння Кароны і ВКЛ 47 феадалаў-католікаў Вялікага Княства прынялі гербы польскай шляхты і тым самым утварылі гербавае братэрства. На пераважную большасць шляхты ВКЛ, якая заставалася праваслаўнай, прывілеі Гарадзельскай уніі не распаўсюджваліся. Гэтая падзея яшчэ больш абвастрыла адносіны паміж каталіцкай і праваслаўнай шляхтай ВКЛ і, каб забяспечыць свае інтарэсы, прымусіла апошнюю або пераходзіць у каталіцтва, або змагацца за свае правы і шукаць падтрымкі ў праваслаўнай Маскоўскай дзяржаве.

Вітаўт разумеў складанасць становішча. Каб пазбегнуць унутранага антаганізму ў дзяржаве на рэлігійнай глебе і спыніць на сваіх землях, асабліва на ўсходзе, узрастаючы ўплыў Масквы, ён у 1415 г. стварыў самастойную праваслаўную мітраполію з цэнтрам у Наваградку, а таксама агучыў ідэю аб магчымасці заключэння уніі праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла ў ВКЛ. Але унія не адбылася, супрацьстаянне каталіцызма і праваслаўя не было ліквідавана, і менавіта гэта стала прычынай грамадзянскай вайны ў дзяржаве ў 30-я гады ХV ст.

У 20-я г. ХV ст. Вітаўт стаў палітычным лідэрам Усходняй Еўропы: у Залатой Ардзе кіравалі яго стаўленнікі, праз яе ўплываў на справы Маскоўскай Русі. Ён прадпрыняў спробу каранацыі на літоўскага караля. Аднак яна была сарвана праціўнікамі ўзмацнення ВКЛ.

Грамадзянская вайна ў ВКЛ (1432 − 1436). Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. на з’ездзе знаці ў Вільні пры падтрымцы праваслаўнага баярства вялікім князем ВКЛ быў абраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла, які выступаў за ўмацаванне дзяржавы з апорай на праваслаўную шляхту. Унутранае становішча ў ВКЛ пачало змяняцца — дзяржаўныя пасады ў краіне пераходзілі да прадстаўнікоў магутных праваслаўных родаў (Хадкевічаў, Друцкіх, Корсакаў і інш.), якія і вырашалі галоўныя пытанні дзяржаўнага развіцця.

Па сутнасці, Свідрыгайла не ўлічыў памылкі папярэдняга перыяду, і яго палітыка не вяла да ліквідацыі рэлігійна-палітычнага антаганізму сярод вышэйшых колаў ВКЛ, а, наадварот, яшчэ больш яго ўзмацняла. Каталіцкая арыстакратыя не хацела мірыцца са стратай палітычнай магутнасці ў Княстве, што прывяло да арганізацыі змовы супраць вялікага князя. 1 верасня 1432 г. быў здзейснены замах на жыццё Свідрыгайлы, але ён здолеў уратавацца ўцёкамі ў Полацк. У выніку на віленскі трон уступіў брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, якога прызналі Літва, Берасцейская і Менская землі, а таксама Прынёманскія воласці. Астатнія тэрыторыі захавалі вернасць Свідрыгайлу.

Такім чынам, на некаторы час ВКЛ распалася на два дзяржаўных утварэнні: Вялікае княства Літоўскае з цэнтрам у Вільні, на чале якога стаяў Жыгімонт, і Вялікае княства Рускае з цэнтрам у Полацку, якое ўзначальваў Свідрыгайла. Паміж імі пачалася феадальная вайна, якая доўжылася чатыры гады.

Жыгімонт зрабіў важныя палітычныя крокі, калі ў 1432 і 1434 гадах выдаў два прывілеі, паводле якіх праваслаўнае баярства было ўраўнавана ў правах з каталіцкім, акрамя права ўдзелу ў вялікакняжацкай Радзе. У выніку Свідрыгайла згубіў шмат сваіх прыхільнікаў і ў верасні 1435 г. пацярпеў канчатковае паражэнне ― яго войска было разбіта пад Вількамірам, а сам Свідрыгайла ў чарговы раз ратаваўся ўцёкамі, у гэтым выпадку на Валынь. Але феадалаў ВКЛ не задавальняла і палітыка Жыгімонта. Супраць яго ў сакавіку 1440 г. была арганізавана змова, і Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку.

Гаспадаром ВКЛ быў абраны малодшы сын Ягайлы Казімір Ягелончык (1440 − 1492). Пасля смерці свайго брата, польскага караля Уладзіслава ІІІ, з 1447 г. Казімір адначасова стаў і каралём Польшчы. Пры гэтым з усіх кіраўнікоў абедзвюх краін ён заставаўся, бадай, адзіным, хто клапаціўся і дбаў пра дзяржаўныя інтарэсы ВКЛ. Пры ім у 1447 г. быў выдадзены прывілей, які замацоўваў суверэнітэт ВКЛ і гарантаваў, што землі і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Казімір імкнуўся ліквідаваць рэлігійны антаганізм у Вялікім Княстве, садзейнічаў будаўніцтву царквоў і праваслаўных манастыроў. Да таго ж, пашыраліся правы праваслаўнай царквы ВКЛ, якая ў 1458 г. канчаткова вызвалілася з-пад улады маскоўскага мітрапаліта і падпарадкавалася непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху. У перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка быў выдадзены першы кодэкс крымінальнага права ў ВКЛ, напісаны на старабеларускай мове, ― Судзебнік 1468 г. 

У той жа час Казімір быў схільны перадаць Польшчы Падолле і Валынь, што прывяло да арганізацыі ў 1481 г. змовы праваслаўных феадалаў ВКЛ супраць манарха. Але змова была раскрыта, а вінаватыя пакараны смерцю.

Пры кіраўніцтве Казіміра Ягелончыка Вялікае Княства не вяло, як раней, актыўнай знешняй палітыкі, накіраванай на пашырэнне тэрыторыі дзяржавы і аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель. Гэтую ідэю пераняў усходні сусед ВКЛ — Маскоўскае княства, якое заключыла саюз з Крымскім ханствам і праз паўстагоддзя ператварылася ў галоўнага палітычнага праціўніка ВКЛ.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ВКЛ. У ХІІІ-ХІV ст. адміністрацыйны падзел ВКЛ заставаўся ў асноўным у старых межах, якія існавалі паміж асобнымі княствамі да ўваходжання іх у склад адзінай дзяржавы. У сярэдзіне ХІV ст. ВКЛ было падзелена паміж Альгердам і Кейстутам на дзве ваенна-адміністрацыйныя акругі: Віленскую і Трокскую, якія з 1413 г. сталі называцца ваяводствамі.

У канцы ХІV − пачатку ХV ст. Вітаўт ліквідаваў княжацкія пасады ў Полацку, Віцебску і Наваградку і прызначыў у гэтыя землі сваіх намеснікаў. На працягу ХV ст. намесніцтвы называліся староствамі або паветамі.

У 1565–1566 г. у ВКЛ была праведзена адміністрацыйная рэформа, у адпаведнасці з якой было ўтворана 13 ваяводстваў і 30 паветаў, з якіх на беларускіх землях Княства было 8 ваяводстваў (Віленскае, Трокскае, Полацкае, Наваградскае, Віцебскае, Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае) і 16 паветаў. Гэты адміністрацыйны падзел быў замацаваны Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 г. і захаваўся да канца ХVІІІ ст.

3. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ. Судовая сістэма. Палітычны лад ВКЛ прайшоў шматвяковую эвалюцыю, аб’яднаўшы рысы іншаземных сістэм кіравання і традыцыі, якія існавалі ў Полацкім і іншых беларускіх княствах. З самага пачатку свайго існавання ВКЛ складвалася як неабмежаваная феадальная манархія. На чале дзяржавы стаяў вялікі князь ― гаспадар. У яго кампетэнцыю ўваходзілі:

  •  камандаванне ўзброенымі сіламі;
  •  выданне заканадаўчых актаў;
  •  прызначэнне на вышэйшыя дзяржаўныя пасады;
  •  паўнамоцтвы вышэйшага суддзі;
  •  абвяшчэнне вайны і заключэнне міра;
  •  вызначэнне накірункаў знешняй палітыкі;
  •  распараджэнне дзяржаўнымі фінансамі і інш.

У ХІІІ–ХІV ст. многія важныя дзяржаўныя пытанні ён вымушаны быў узгадняць з васальнымі князямі і найбольш уплывовымі феадаламі, якія ажыццяўлялі выканаўча-распарадчую і судовую ўладу на месцах. У выніку пры князі ўзнік дарадчы орган, які атрымаў назву Рада Вялікага княства Літоўскага (Паны-рада). Першапачаткова яе склад вызначаўся гаспадаром па яго ўласным выбары. Але роля Рады паступова ўзрастала, а з увядзеннем практыкі займання князямі ВКЛ адначасова і трона Польскай Кароны, частымі сталі ад’езды манарха ў Польшчу. Па закону, знаходзячыся па-за межамі ВКЛ, гаспадар не меў права кіраваць дзяржаўнымі справамі Княства.

У такіх умовах у 1492 г. новаабраны князь Аляксандр (1492−1506), сын Казіміра Ягелончыка, выдаў прывілей, па якому абмяжоўваліся правы вялікага князя і пашыраліся правы Паноў-рады. Згодна з прывілеем, вялікі князь не меў права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Больш за тое, яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вялікім князем. Такім чынам, Рада паступова стала заканадаўчым, выканаўча-распарадчым, судовым і кантралюючым органам, які юрыдычна абмяжоўваў уладу вялікага князя.

У склад Рады ўваходзілі: віленскі біскуп, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, маршалак земскі, канцлер, падскарбі земскі, гетман, іншыя прыдворныя чыны, а таксама некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Ваяводы ўзначальвалі адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы ваяводства; гетман адказваў за камплектаванне войска ВКЛ і камандаваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы ў выпадку, калі іх не ўзначальваў сам вялікі князь; канцлер загадваў дзяржаўнай канцылярыяй і захоўваў дзяржаўную пячатку, пад яго наглядам афармляліся ўсе пастановы і прывілеі; кашталян камандаваў войскам галоўнага замка ваяводства, а пры адсутнасці ваяводы ― усімі ўзброенымі сіламі ваяводства; маршалак земскі − адна з вышэйшых службовых пасад у ВКЛ, старшыня на пасяджэннях сойма і Рады, сачыў за этыкетам і парадкам падчас афіцыйных цырымоній; падскарбі загадваў дзяржаўнымі фінансамі і даглядаў скарб, вёў дакладны ўлік прыбыткаў і выдаткаў; староста ― кіраўнік адміністрацыі ў павеце.

На пасяджэннях Рады вырашаліся пытанні дзяржаўнага кіравання, міжнародных зносін, прызначэння на кіруючыя пасады, падрыхтоўкі важнейшых заканадаўчых актаў, разглядаліся некаторыя судовыя справы. У поўным складзе Рада збіралася некалькі разоў у год. Бягучыя справы кіравання дзяржавай вырашала так званая Пярэдняя Рада, у якую ўваходзілі маршалак земскі, канцлер, падскарбі земскі, гетман, ваяводы і кашталяны.

Для вырашэння найбольш важных дзяржаўных справаў (выбары князя, пытанні вайны і міра, арганізацыя абароны, прызначэнне надзвычайных падаткаў і інш.) з ХV ст. пачаў збірацца вальны сойм. Ён з’яўляўся органам саслоўна-прадстаўнічай дэмакратыі ў ВКЛ. Першапачаткова сістэмы прадстаўніцтва не існавала, і на сойм, як правіла, запрашалася ўся шляхта. Але з 1512 г. было ўведзена ў практыку вылучэнне на вальны сойм па 2 дэпутаты (паслы) ад кожнага павета. Акрамя таго, на соймы асабіста запрашаліся вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання. Найчасцей соймы збіраліся ў Вільні, а таксама ў Гародні, Наваградку, Берасці, Менску. Яны праводзіліся як у закрытых памяшканнях (замках, гаспадарскіх дварах), так і на плошчах гарадоў.

У пачатку ХVІ ст. вальны сойм набыў значэнне заканадаўчага і кантралюючага органа. Галоўнымі яго функцыямі былі:

  •  выбары вялікага князя;
  •  прызначэнне падаткаў на войска;
  •  абвяшчэнне вайны і заключэнне міра;
  •  разгляд крымінальных справаў вышэйшых дзяржаўных асобаў і знатных паноў.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў ваяводствах і паветах былі соймікі, на якіх абмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся інструкцыі, хадайніцтвы і просьбы да вялікага князя.

У адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам ВКЛ, які канчаткова аформіўся ў ХVІ ст., мясцовае кіравнне выглядала наступным чынам: ваяводства ўзначальваў ваявода, павет ― староста, воласцю кіраваў сельскі войт, а ў вёсцы на чале сельскай абшчыны быў старац.

Асобнае месца ў сістэме кіравання ВКЛ займалі гарады, якія мелі магдэбургскае права. Упершыню яно ўзнікла ў ХІІІ ст. у Еўропе, а з 80-х гадоў ХІV ст. атрымала распаўсюджанне на землях ВКЛ. Першым горадам, які атрымаў магдэбургскае права ў Княстве, была Вільня (1387), затым Берасце (1390) і інш. Прывілеі на магдэбургскае права гарадам давалі ўласнікі — вялікія князі або прыватныя феадалы.

Магдэбургскае права давала гарадам судовы імунітэт, падатковыя льготы, права валодання зямлёй, ільготы ў рамеснай і гандлёвай дзейнасці, вызваляла ад воінскай павіннасці. У адпаведнасці з прывілеем, у гарадах ствараўся выбарны орган самакіравання − магістрат. Ён складаўся з гарадской рады і лавы. На чале магістрата стаяў войт, якому належала вышэйшая судовая і выканаўчая ўлада ў горадзе. Пасада войта не была выбарнай: ён прызначаўся вялікім князем з ліку буйных феадалаў.

Гарадская рада, на чале якой стаялі бурмістры, разглядала маёмасныя і грамадзянскія справы мяшчан. Лава выконвала судовыя функцыі, а войтаўска-лаўніцкі суд (лаву) узначальваў войт. Засядаў гарадскі магістрат у спецыяльным будынку − ратушы, якая звычайна размяшчалася ў цэнтры горада.

Такім чынам, па форме кіравання Вялікае княства Літоўскае можна вызначыць як саслоўна-прадстаўнічую манархію, што разам з наяўнасцю магдэбургскага права ў гарадах цалкам адпавядала традыцыям тагачасных еўрапейскіх дзяржаў.

Судовая сістэма ВКЛ спалучала дзве сістэмы судоў: агульнасаслоўныя суды і саслоўныя.

1. Агульнасаслоўныя суды. Найвышэйшым судом у ВКЛ быў гаспадарскі (вялікакняжацкі) суд. Вялікі князь быў вярхоўным суддзёй па ўсіх справах, што заканадаўча было замацавана ў Судзебніку 1468 г. Ён разглядаў апеляцыі на рашэнні саслоўных судоў, справы аб дзяржаўных злачынцах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя і інш. З 1581 г. вышэйшай судовай інстанцыяй стаў Трыбунал Вялікага княства Літоўскага.

Агульнасаслоўным судом быў таксама замкавы (гродскі) суд. Суд разглядаў крымінальныя злачынствы шляхты, мяшчан і сялян, якія былі затрыманы на месцы злачынства («па гарачым учынку»). Суддзямі былі ваяводы, старосты і дзяржаўцы.

2. Саслоўныя суды. У паветах існавалі: земскі суд, які разглядаў грамадзянскія іскі і крымінальныя справы шляхты, і падкаморскі суд, у кампетэнцыю якога ўваходзіла прыняцце рашэнняў па спрэчках землеўладальнікаў па зямельных пытаннях.

Як ужо адзначалася, у гарадах з магдэбургскім правам галоўным быў войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы, а таксама бурмістраўскі, у якім разбіраліся спрэчкі паміж мяшчанамі і нязначныя правапарушэнні.

Справы простых людзей у воласці, а таксама ў гарадах, якія не мелі магдэбургскага права, разглядаў копны суд − суд сельскай або гарадской грамады. Суддзямі былі простыя жыхары, якія дзейнічалі пад наглядам дзяржаўнай або панскай адміністрацыі. Капа разглядала грамадзянскія справы, межавыя спрэчкі, дробныя крадзяжы і сваркі, чараўніцтва. Копны суд дзейнічаў на падставе звычаёвага права.

Вялікае значэнне з ХV ст. набываў вотчынны суд. Прывілеем 1447 г. было рэгламентавана судовае права феадалаў, а залежнае ад яго насельніцтва было пазбаўлена магчымасці шукаць абароны ў дзяржаўных органах. Галоўным суддзёй у вотчынным судзе быў сам феадал ці яго службовыя асобы.

Такім чынам, судовая сістэма Вялікага княства Літоўскага грунтавалася на двух відах права: на звычаёвым праве − сістэме няпісаных прававых нормаў, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх дзеянняў і былі заснаваны на даўнасці дзеяння (традыцыі, звычаі), і на прававых дзяржаўных актах. Вышэйшай ступенню судовага заканадаўства ў дзяржаве сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 г.

4. Сацыяльная структура грамадства ВКЛ. Усё насельніцтва ВКЛ належала да чатырох асноўных саслоўяў – сацыяльных супольнасцяў, прадстаўнікі якіх мелі аднолькавае прававое становішча: шляхты, духавенства, мяшчан і сялян. Шляхта і духавенства адносіліся да «шляхетнага стану», былі прывілеяванымі саслоўямі і вызваляліся ад выплаты дзяржаўных падаткаў. Мяшчане і сяляне ў дакументах называліся «людзі простага стану», былі непрывілеяванымі саслоўямі і асноўнымі падаткаплацельшчыкамі.

Шляхта. Слова «шляхта» паходзіць ад старажытнанямецкага slahta, што азначае род, парода. У ВКЛ шляхта займала пануючае становішча, эканамічнай асновай гэтага была феадальная ўласнасць на зямлю. Па свайму маёмаснаму становішчу і палітычнай ролі ў жыцці дзяржавы шляхецкае саслоўе не было аднародным:

магнаты (паны) ― прадстаўнікі радавітай арыстакратыі, якія мелі княжацкія тытулы (Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Астрожскія, Хадкевічы, Друцкія, Алелькавічы, Гальшанскія і інш.). Яны валодалі вялікімі зямельнымі ўладаннямі і займалі важныя пасады ў дзяржаўным апараце;

баяры (шляхта) – ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. У ХІV–ХV ст. гэта была асноўная маса феадалаў (сярэднія і дробныя землеўласнікі), якія за валоданне зямлёй павінны былі несці ваенную службу пад харугвамі вялікага князя ці буйнога зямельнага ўласніка, удзельнічаць у паспалітым рушэнні. Узаемаадносіны паміж рознымі групамі шляхты грунтаваліся на прынцыпах феадальнай іерархіі, што абумовіла эканамічную залежнасць малазаможнай і незаможнай шляхты ад магнатаў.

Прадстаўнікі шляхецкага саслоўя мелі шэраг палітычных і асабістых правоў:

  •  выключнае (манапольнае) права валодання зямлёй (прывілеі 1387, 1432, 1434 гадоў гарантавалі права ўласнасці на выслужаныя ў вялікага князя вотчыны);
  •  права судовага імунітэту (не маглі быць пазбаўлены свабоды без суда);
  •  права выбіраць і быць выбранымі ў органы кіравання;
  •  права мець свой герб і інш.

Шляхта была вайсковым саслоўем, удзельнічала ў войнах, адыгрывала вялікую ролю ў палітычным, гаспадарчым і культурным жыцці. У ХVІ ст. колькасць шляхты, якая мела землі на тэрыторыі Беларусі, складала каля 9 % ад агульнай колькасці насельніцтва.

Духавенства − прафесійныя служачыя культу, якія прадстаўлялі ў ВКЛ розныя канфесіі: хрысціянскія (праваслаўную, каталіцкую, пратэстанцкую і уніяцкую), мусульманскую і іудзейскую. Унутры канфесій сярод духавенства таксама існавала іерархія:

  •  праваслаўнае духавенства ў ВКЛ узначальваў кіеўскі мітрапаліт, на чале епархій стаялі архіепіскапы і епіскапы, прыходамі кіравалі настаяцелі (святары);
  •  на чале каталіцкага духавенства ВКЛ стаяў арцыбіскуп, яму былі падначалены біскупы, парафіямі кіравалі ксяндзы;
  •  у іудаізме духавенства не мела разгалінаванай структуры. Яўрэйскія абшчыны (кагалы) выбіралі равінаў, якія выконвалі рэлігійныя функцыі;
  •  рэлігійныя функцыі ў мусульманскіх прыходах ажыццяўлялі мулы (імамы) і іх памочнікі − муэдзіны.

Па свайму сацыяльна-юрыдычнаму статусу вышэйшае хрысціянскае духавенства належала да шляхты.

Мяшчане. Тэрмін «мяшчане» (ад слова «места» − горад) за жыхарамі гарадоў ВКЛ быў замацаваны ў другой палове ХV ст., а юрыдычна аформлены ў Статутах ВКЛ у ХVІ ст. Мяшчанства дзялілася на тры асноўныя групы:

  •  патрыцыят, у які ўваходзілі гарадская адміністрацыя, вышэйшае духавенства і буйныя купцы;
  •  сярэдні слой, які складалі рамесныя майстры, уладальнікі лавак, гандляры, неэлітнае духавенства, дробныя службовыя асобы;
  •  гарадскі плебс («чорныя людзі») – каморнікі, гультаі, парабкі.

Мяшчане былі непрывілеяваным саслоўем і выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы.

Сяляне. Самай вялікай сацыяльнай групай феадальнага грамадства былі сяляне. Катэгорыі сялян вызначаліся па наступных прыкметах:

  •  у адпаведнасці з тым, на чыёй зямлі жылі сяляне, іх падзялялі на дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных;
  •  у залежнасці ад выканання асноўных павіннасцей вызначаліся сяляне даннікі (давалі даніну), чыншавікі (плацілі чынш), цяглыя (адпрацоўвалі паншчыну) і сяляне-слугі, асноўным абавязкам якіх было выкананне павіннасцей, што патрабавалі спецыяльных навыкаў (цівуны, пушкары, півавары, асочнікі, бортнікі і інш.). Сяляне-слугі былі ў дзяржаўных, прыватных і царкоўных уладаннях, а іх сацыяльны статус быў больш высокі, чым іншых катэгорый сялян;
  •  па ступені забяспечанасці зямлёй і сродкамі вытворчасці, акрамя вышэйпералічаных катэгорый, якія мелі ў карыстанні зямлю і плацілі падаткі, вылучаюць «людзей лёзны» (асобы без пэўных абавязкаў, пастаяннага месца жыхарства, якія не займаліся карыснай працай), агароднікаў (сяляне, якія сяліліся на невялікіх надзелах зямлі і выконвалі вызначаныя павіннасці); бабылёў-кутнікаў або халупнікаў (беззямельныя сяляне, некаторыя мелі хаты, часам жывёлу і агароды, іншыя нічога не мелі, жылі ў чужых хатах, займаючы кут або камору).

Гісторыю сялянства Беларусі ў складзе ВКЛ вучоныя падзяляюць на два перыяды:

  1.  ХІІІ – сярэдзіна ХVІ ст. (да валочнай памеры). У гэты час сяляне ў асноўным плацілі даніну вырабамі прадукцыі сельскай гаспадаркі і промыслаў і па свайму становішчу падзяляліся на «людзей пахожых» (мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога пасля збору ўраджаю і выплаты ўсіх падаткаў), «людзей непахожых» (страцілі волю і належалі феадалу на аснове вотчыннага права і не маглі яго пакінуць) і «чэлядзь нявольную» (хатніх рабоў);
  2.  сярэдзіна ХVІ ст., калі, з аднаго боку, пачала шырока выкарыстоўвацца рэнта грашыма, а з другога – паскорыўся перавод сялян на адпрацовачныя павіннасці і юрыдычна аформілася прыгоннае права.

Этапы запрыгоньвання сялянства:

  1.  ХІІІ−ХV ст. ― канцэнтрацыя зямельнай уласнасці ў руках феадалаў і ўзмацненне гаспадарчай залежнасці сялян ад іх;
  2.  1447 г.Прывілей Казіміра Ягелончыка. Паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню прыгоннага права. Забараняў феадалам прымаць «чужых» (збеглых) сялян і даваў права феадалам судзіць залежнае насельніцтва;
  3.  1468 г.Судзебнік Казіміра Ягелончыка. Сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога. Прадугледжвалася суровае пакаранне асоб, якія садзейнічалі ўцёкам «чэлядзі нявольнай» і залежных сялян;
  4.  1529 г.Першы Статут Вялікага княства Літоўскага. Уведзены 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці − «пахожыя» сяляне, якія 10 гадоў пражылі на зямлі аднаго феадала, станавілся «непахожымі». На працягу 10 гадоў дазвалялася вяртаць збеглых «непахожых» людзей у феадальныя маёнткі;
  5.  1557 г. ― у адпаведнасці з аграрнай рэформай (валочнай памерай) адбылося пашырэнне фальваркава-паншчыннага спосабу гаспадарання. Паводле «Уставы на валокі» ад 1 красавіка 1557 г., уведзенай Жыгімонтам Аўгустам, селянін і яго маёмасць прызнаваліся ўласнасцю феадала;
  6.  1588 г.Трэці Статут ВКЛ. Завяршыў працэс юрыдычнага афармлення прыгоннага права. Сяляне страцілі асабістую свабоду і ператварыліся ў прыгонных («людзей непахожых»).

Такім чынам, у сацыяльнай структуры ВКЛ прывілеяванае становішча мелі свецкія і духоўныя феадалы, яны карысталіся палітычнымі і эканамічнымі правамі. Сярод людзей простага стану ў лепшым становішчы знаходзіліся мяшчане, асабліва заможныя. Сяляне, якія складалі асноўную групу насельніцтва і неслі галоўны цяжар павіннасцей на карысць дзяржавы і феадалаў, фактычна былі бяспраўнымі. Пераход простых людзей у прывілеяваны стан шляхты быў магчымы ў выключных выпадках толькі для багатых сялян і мяшчан, якія неслі ваенную службу.

5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ. Эканамічнай асновай феадальнага грамадства была сельская гаспадарка, а адносіны, якія ўзнікалі ў сферы дачыненняў да асноўнага сродку вытворчасці ― зямлі, былі галоўнымі фактарамі, якія вызначалі стан эканомікі ў дзяржаве.

Вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вялікі князь. Яму належалі так званыя гаспадарскія землі – вялікакняжацкі дамен, які ў ХVІ ст. складаў амаль палову тэрыторыі краіны. Вялікакняжацкі дамен фарміраваўся шляхам далучэння да старых вотчын Гедымінавічаў заваяваных і канфіскаваных зямель, а таксама вымарачных маёнткаў, уладальнікі якіх не пакінулі прамых нашчадкаў па мужчынскай лініі. У другой палове ХVІ ст. з дзяржаўных зямель былі выдзелены сталовыя эканоміі – уладанні, даход з якіх ішоў на ўтрыманне вялікакняжацкага двара («на стол»). На тэрыторыі Беларусі гэта былі Берасцейская, Кобрынская, Гарадзенская і Магілёўская эканоміі.

Да ліку дзяржаўных зямель адносіліся таксама староствы і дзяржавы уладанні, якія звычайна аддаваліся вялікім князем у часовае трыманне феадалам за выкананне пэўнай дзяржаўнай службы з абавязкам выплаты ў скарб чацвёртай часткі даходу – кварты.

Значную ўдзельную вагу ў феадальным землеўладанні ВКЛ мела прыватнае землеўладанне ― уласнасць свецкіх феадалаў (магнатаў, шляхты). Існавала таксама і царкоўная зямельная ўласнасць ― маёнткі каталіцкага касцёла і праваслаўнай (пазней і уніяцкай) царквы і манастыроў. Рост феадальнага землеўладання ў ХІV – першай палове ХVІ ст. адбываўся рознымі шляхамі: вялікакняжацкімі падараваннямі, наданнямі з боку феадалаў васалам і царкве, купляй-продажам, залогам і г. д.

У ХІV – першай палове ХVІ ст. асновай эканамічнага жыцця ВКЛ была сельская гаспадарка. Галоўнымі заняткамі насельніцтва па-ранейшаму заставаліся земляробства і жывёлагадоўля; дапаможнымі ― бортніцтва, паляванне, рыбалоўства, рамяство. Удасканальвалася агратэхніка, двухполле змянялася трохполлем. Асноўнай сельскагаспадарчай культурай было жыта, ураджайнасць якога была сам-3, сам-4, рэдка на добра ўгноеным ворыве ― сам-5. Шырока былі распаўсюджаны ячмень, авёс, проса, грэчка, лён, каноплі.

Сялянская гаспадарка мела назву «дым» і з’яўлялася адзінкай падаткаабкладання. Значную ролю ў сялянскім жыцці адыгрывала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты. Кіравалі абшчынай старцы, якія выбіраліся на сельскім сходзе. Адказнасць абшчыны забяспечвалася кругавой парукай («адзін за ўсіх і ўсе за аднаго»). У абшчынным землекарыстанні былі выганы, лугі, сенажаці, рыбныя ловы і інш. У некаторых выпадках абшчына абараняла сялян ад сваволля феадалаў, вырашала спрэчныя пытанні абшчынным («копным») судом.

За карыстанне зямельнымі надзеламі сяляне абавязаны былі выконваць шматлікія павіннасці, характар і доля якіх мяняліся па меры развіцця феадальных адносін. Асноўныя віды феадальнай рэнты: даніна, чынш, паншчына; дадатковыя віды адпрацовачных павіннасцей: талокі, гвалты, шарваркі, падводная павіннасць і інш.

У канцы ХV ст. з развіццём таварна-грашовых адносін і павелічэннем на рынках попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю пачалася рэарганізацыя гаспадаркі феадалаў, пры якой частка сялян пераводзілася з даніны на паншчыну, а другая – на грашовыя плацяжы (чынш).

6. Гарады Беларусі ў ХІV–ХVІ ст. У сацыяльна-эканамічных працэсах, якія адбываліся ў разглядаемы перыяд на землях Беларусі, важную ролю адыгрывалі гарады. У выніку грамадскага падзелу працы, росту абмену прадукцыяй сельскай гаспадаркі і рамеснымі вырабамі, спецыялізацыі і пашырэння рамеснай вытворчасці і развіцця гандлю роля гарадоў узрастала. У першай палове ХVІ ст. на землях Беларусі адбывалася ўрбанізацыя – хуткі рост гарадоў і павелічэнне ў іх колькасці насельніцтва. Гарадское насельніцтва папаўнялася як у выніку натуральнага прыросту, так і за кошт сялян-уцекачоў, якія за гарадскімі сценамі атрымлівалі абарону з боку магістрата. З мэтай павелічэння ўласных прыбыткаў феадалы таксама перасялялі сваіх прыгонных рамеснікаў у гарады. Такім чынам утвараліся юрыдыкі – асобныя кварталы, якія знаходзіліся ва ўласнасці феадала і на якія не распаўсюджваліся паўнамоцтвы магістрата.

У першай палове ХVІ ст. у Беларусі было каля 40 гарадоў, якія можна падзяліць на тры групы:

1) буйныя гарады з насельніцтвам больш за 10 тыс. чалавек (Полацк, Віцебск, Берасце, Магілёў, Слуцк);

2) сярэднія гарады з колькасцю насельніцтва ад 3 да 10 тыс. чалавек (Менск, Гародня, Орша, Быхаў);

3) малыя гарады, у якіх пражывала ад 1,5 да 3 тыс. жыхароў (Бабруйск, Барысаў, Слонім, Кобрын).

Своеасаблівым тыпам паселішчаў у ВКЛ з’яўляліся мястэчкі. Яны займалі прамежкавае становішча паміж сельскімі населенымі пунктамі і гарадамі. У мястэчках звычайна налічвалася менш за 1,5 тыс. чалавек, і, у адрозненне ад гараджан, людзі ў іх займаліся пераважна сельскай гаспадаркай. Разам з тым неад’емнай часткай эканамічнага жыцця мястэчак з’яўляліся рамяство і гандаль. У ХVІ ст. на землях Беларусі было звыш за 400 мястэчак, пераважная большасць з якіх былі ўтвораны на землях феадалаў і з’яўлялася цэнтрамі феадальных маёнткаў.

Па-ранейшаму гарады выконвалі шмат функцый, галоўнай з якіх была гандлёва-рамесная. З мэтай абароны сваёй вытворчасці ад канкурэнцыі іншаземных купцоў і рамеснікаў феадальных юрыдык майстры адной ці сумежных спецыяльнасцей у магдэбургскіх гарадах аб’ядноўваліся ў саюзы, якія назваліся сотні, брацтвы, а з канца ХVІ ст. – цэхі. У цэх прымалі людзей «дабрачынных ды жанатых», якія не былі «п’яніцамі ці гульцамі ў косці». На чале цэха стаялі майстры-прафесіяналы, якія мелі свае рамесныя майстэрні. Акрамя іх, у цэх уваходзілі іх вучні, якія працавалі на майстра «за хлеб і навуку», а таксама падмайстры, якія ўжо авалодалі пэўнымі навыкамі, і, каб стаць майстрамі, ім неабходна было зрабіць так званую «штуку» («шэдэўр»). Цэхі рэгламентавалі выпуск, якасць, кошты і збыт прадукцыі. Рамеснікі, якія не ўваходзілі ў цэх, называліся партачамі, і іх вырабы прадаваліся па вельмі нізкіх коштах.

Падводзячы вынікі, неабходна заўважыць, што развіццё аграрных адносін, рост гарадоў, а таксама грамадскія працэсы на землях Беларусі сведчылі аб параўнальна высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця тагачаснай Беларусі.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Гвалты – пільныя неадкладныя работы, выкліканыя стыхійнымі бедствамі, пажарамі, паводкамі і інш.

Дзяржавы – дзяржаўныя зямельныя ўладанні, як правіла, невялікіх памераў, якія здаваліся скарбам у трыманне розным асобам на вызначаных умовах.

Магдэбургскае права – права горада на самакіраванне, якое ўзнікла ў ХІІІ ст. у горадзе Магдэбург і дзейнічала ў гарадах Усходняй Германіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Прыгоннае права − сістэма юрыдычных норм, якія замацоўвалі пазямельную, судовую і асабістую (пазаэканамічны прымус) залежнасць сялян ад феадалаў і дзяржавы. Прыгонныя сяляне надзяляліся зямлёй, за што выконвалі на карысць феадала павіннасці і былі пазбаўлены палітычных правоў.

Сталовыя эканоміі – буйныя дзяржаўныя ўладанні ў ВКЛ, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вялікакняжацкага двара і асабістыя патрэбы князя («на стол»).

Староствы – дзяржаўныя маёнткі ў ВКЛ, якія князь даваў у часовае карыстанне феадалам за службу.

Талака – народны звычай калектыўнай працы, які быў выкарыстаны феадаламі для прыцягнення сялян да тэрміновай прымусовай працы ў час жніва, касьбы, ворыва.

Урбанізацыя – працэс павелічэння колькасці гарадскога насельніцтва і ў цэлым ролі гарадоў у жыцці грамадства.

Цэх – аб’яднанне рамеснікаў адной або сумежных спецыяльнасцяў у сярэднявечных гарадах для абароны сваіх прафесійных інтарэсаў.

Шарваркі – работы па рамонту і будаўніцтву дарог, мастоў.

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

1246 г. – Міндоўг прыняў праваслаўе і стаў Наваградскім князем.

1362 г. – разгром Альгердам мангола-татар на рацэ Сінія Воды.

1368 г., 1370 г., 1372 г. – ваенныя паходы Альгерда на Маскву.

1385 г. – заключэнне Крэўскай уніі.

1399 г. – паражэнне войска ВКЛ ад татар у бітве на рацэ Ворскле.

1409–1411 г. – «Вялікая вайна» ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна.

1410 г. – Грунвальдская бітва ― асноўная бітва «Вялікай вайны», якая скончылася паражэннем Тэўтонскага ордэна.

1413 г. – заключэнне Гарадзельскай уніі.

1432–1436 г. – грамадзянская вайна ў ВКЛ.

1447 г. – Прывілей Казіміра Ягелончыка, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці дзяржавы.

1468 г. – першы кодэкс крымінальна-працэсуальнага права ў ВКЛ, складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Вызначце па ступені значнасці і ахарактарызуйце прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.

2. Складзіце табліцу «Дзейнасць вялікіх князёў літоўскіх у другой палове ХІІІ–ХV ст.» па ўзору:

Вялікі князь

Гады кіравання

Асноўныя дасягненні ва ўнутранай палітыцы

Асноўныя накірункі і падзеі знешняй палітыкі

3. Прадстаўце ў выглядзе схем:

а) органы дзяржаўнага кіравання ВКЛ;

б) грамадскую структуру ВКЛ;

в) катэгорыі залежных сялян.

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Гістарыяграфічныя канцэпцыі ўтварэння ВКЛ.

2. Грашовая і крэдытная сістэмы ў ВКЛ у ХІV–ХVІ ст.

3. Эвалюцыя дзяржаўнага ладу Вялікага княства Літоўскага ў ХІV–ХV ст.

ЛІТАРАТУРА

1. Беларускія летапісы і хронікі. – Мінск, 1997.

2. Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. – Мінск, 1998.

3. Ермаловіч М.І. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. – Мінск, 2000.

4. Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVІ – первой половине ХVІІ вв. – Минск, 1966.

5. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. – Мінск, 1998.

6. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. – Мінск, 1994-1995.

7. Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. – Мінск, 1993.

8. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.

9. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. – Мінск, 1992.

Тэма 4. Эканамічнае,  палітычнае і культурнае развіццё Беларусі

ў ХVІ – першай палове ХVІІ ст.

1. Палітычная сітуацыя ў ВКЛ у першай палове ХVІ ст.

2. Лівонская вайна. Люблінская унія і  ўтварэнне Рэчы Паспалітай.

3. Валочная памера ―  аграрная рэформа сярэдзіны ХVІ ст.

4. Уплыў ідэй Адраджэння на культуру Беларусі ў ХVІ ст. – першай

           палове ХVІІ ст.

5. Рэфармацыя ў Беларусі і Берасцейская царкоўная унія.

6. Палітычная сітуацыя на землях Беларусі ў першай палове ХVІІ ст.

1. Палітычная сітуацыя ў ВКЛ у першай палове ХVІ ст. Канец ХV – пачатак ХVІ ст. характарызаваўся абвастрэннем унутрыпалітычнай сітуацыі ў ВКЛ. Краевугольным каменем заставалася рэлігійнае пытанне. Гэта ярка праявілася падчас мецяжу Міхала Глінскага (1508). Міхал Глінскі з’яўляўся дарадцам вялікага князя Аляксандра, а пасля яго смерці страціў свой уплыў пры двары Жыгімонта Старога (1506−1548). Нежаданне мірыцца з другарадным становішчам стала асноўнай прычынай мецяжу. У пошуку прыхільнікаў Глінскі рабіў стаўку на праваслаўных феадалаў, незадаволеных пракаталіцкай палітыкай урада. Ён распаўсюджваў чуткі, што ўсіх праваслаўных гвалтоўна будуць пераводзіць у каталіцтва. Глінскі атрымаў падтрымку з боку маскоўскага князя Васіля ІІІ. І хоць мяцеж быў падаўлены, а яго ўдзельнікі жорстка пакараны, аднак ён чарговы раз засведчыў небяспеку нявырашанасці рэлігійнай праблемы ў ВКЛ.

Унутраныя супярэчнасці ўскладняліся напружаным знешнепалітычным становішчам. У першай палове ХVІ ст. небяспеку для ВКЛ прадстаўлялі крымскія татары. Каб адкупіцца ад іх набегаў, ВКЛ выплочвала Крымскаму ханству спецыяльны падатак − ардыншчыну, але гэта не ратавала паўднёвыя і ўсходнія землі Княства. У 1502 г. беларуска-літоўскае войска разбіла татар на рацэ Уша, у 1503 г. − каля Давыд-Гарадка, а ў 1506 г. нанесла паражэнне пад Клецкам. Усяго за першую палову ХVІ ст. крымскія татары здзейснілі каля 50 набегаў на землі ВКЛ.

Галоўным накірункам знешняй палітыкі ў ХVІ ст. стала зацяжная ваенна-палітычная барацьба з Маскоўскай дзяржавай за дамінаванне ва Усходняй Еўропе. З канца ХV ст. Маскоўскае княства ўзяло на сябе ролю спадкаемцы Кіева, а пасля жаніцьбы Івана ІІІ на дачцэ візантыйскага імператара абвясціла сябе і заступнікам усіх праваслаўных хрысціян ва Усходняй Еўропе. У 80–90-я г. ХV ст. на бок Маскоўскай дзяржавы перайшлі шмат праваслаўных феадалаў ВКЛ разам са сваімі ўдзеламі, а на пачатку ХVІ ст. пачалося адкрытае супрацьстаянне Масквы і Вільні. У першай палове ХVІ ст. адбыліся чатыры вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай (1500–1503; 1507–1508; 1512–1522; 1534–1537). Ініцыятарам ваенных канфліктаў было Маскоўскае княства, якое імкнулася ажыццявіць сваю захопніцкую палітыку пад лозунгам абароны праваслаўя. І хоць барацьба ішла з пераменным поспехам, у выніку ВКЛ страціла значную частку сваёй тэрыторыі разам са Смаленскам.

2. Лівонская вайна. Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай. Вышэйшай кропкай супрацьстаяння Масквы і Вільні ў ХVІ ст. стала Лівонская (Інфлянцкая) вайна 1558–1583 г. Яна распачалася па ініцыятыве маскоўскага князя Івана ІV Грознага, які паставіў задачу атрымання Масковіяй выхаду да Балтыйскага мора. Самай слабай краінай, якая перакрывала Маскоўскай дзяржаве шлях да Балтыкі, была Лівонія (Інфлянты) – канфедэрацыя 5 духоўна-феадальных княстваў, якія намінальна лічыліся пад уладай рымскага папы і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Не маючы магчымасці супрацьстаяць войскам Івана Грознага, Лівонія звярнулася за дапамогай да ВКЛ. Узвышэнне Масквы і ўмацаванне яе пазіцый у Прыбалтыцы не адпавядалі стратэгічным інтарэсам знешняй палітыкі Вялікага Княства, таму ў 1561 г. Жыгімонт Аўгуст узяў Лівонію пад свой пратэктарат. У адказ Масква пачала ваенныя дзеянні супраць ВКЛ.

З уступленнем у вайну ВКЛ галоўным тэатрам ваенных дзеянняў сталі беларускія землі. У 1562 г. былі захоплены Віцебск, Орша, Дуброўна, а ў лютым 1563 г. маскоўскае войска захапіла Полацк. Улады ВКЛ не здолелі арганізаваць дзейснага адпору агрэсару, узнікла прамая пагроза для Вільні. У такіх умовах Вялікае Княства вымушана было ісці на саюз з Польскай Каронай.

У заключэнні уніі былі зацікаўлены абодва бакі:

  •  ВКЛ патрабавала ваеннай дапамогі, і, акрамя таго, шляхецкае саслоўе спадзявалася атрымаць у новай дзяржаве так званыя «залатыя шляхецкія вольнасці», да якіх адносіліся права «liberum veto», права рокаша і права ўтвараць канфедэрацыі;
  •  польская шляхта жадала далучыць ВКЛ да Польшчы ў якасці багатага прыдатка, атрымаць новыя землі і пасады; каталіцкая царква атрымала магчымасць пашырыць свой уплыў на ўсходнія землі.

Умовы заключэння уніі сталі галоўным пытаннем на Люблінскім сойме, які працаваў з 10 студзеня па 1 ліпеня 1569 г. Карыстаючыся цяжкім становішчам ВКЛ, польскі бок дабіўся ад Жыгімонта Аўгуста тэрытарыяльных саступак ― у склад Кароны былі ўключаны Валынь, Падолле і Кіеўшчына. У такой сітуацыі ВКЛ пайшло на падпісанне ўмоваў уніі.

Умовы Люблінскай уніі. Па ўмовах Люблінскай уніі для аб’яднанай дзяржавы Рэчы Паспалітай агульнымі станавіліся:

– вышэйшы орган – сойм, якi мог збiрацца толькi на тэрыторыi Польшчы (асобных соймаў для ВКЛ і Кароны не прадугледжвалася);

– кіраўнік дзяржавы, які адначасова быў польскім каралём і вялікім князем літоўскім;

– заканадаўства;

− агульная знешняя палітыка.

Асобнымі ў ВКЛ і Польшчы захоўваліся:

– афіцыйная назва дзяржаваў (ВКЛ і Польская Карона) пры існаванні агульнай назвы Рэч Паспалітая;

– адміністрацыйны апарат (гетманы, канцлеры, маршалкі і інш.);

– судовая сістэма (вышэйшым судовым органам у ВКЛ з 1581 г. стаў Галоўны Трыбунал);

– войска (паспалітае рушанне або ўсеагульнае шляхецкае апалчэнне і жаўнеры – ваеннаабавязаныя мужчыны, якіх выстаўляў са сваіх уладанняў кожны шляхціц);

– атрыбуты дзяржавы: герб (у ВКЛ – Пагоня) і мова справаводства (у ВКЛ – старабеларуская).

Такім чынам, Рэч Паспалiтая была федэрацыяй ― дзяржавай, якая складалася з самастойных дзяржаўных утварэнняў, абяднаных на пэўных умовах у адзіную краіну. У складзе Рэчы Паспалітай ВКЛ icнавала да канца XVIII cт.

Рэальна унія не задаволіла ні шляхту ВКЛ, якая не атрымала таго, чаго хацела, нi магнатаў, якія страцiлi месцы ў Панах-радзе і ролю на сойме. Палiтычная дыскрымiнацыя дапаўнялася эканамiчнай: шляхта ВКЛ не мела права набываць землі на тых тэрыторыях, якiя былi адарваны ад ВКЛ у 1569 г. У краіне набывалі моц антыпольскія настроі, якія выявіліся ў барацьбе за захаванне самастойнасці, падчас якой шляхта iмкнулася адрадзiць поўную дзяржаўнасць ВКЛ, «былую старыну».

У 7080-я г. ХVІ ст. у ВКЛ насуперак Люблiнскаму акту рэгулярна збiралiся агульнадзяржаўныя соймы, з 1581 г. у ВКЛ дзейнiчаў Галоўны трыбунал; моцным усплескам незалежніцкiх настрояў стала прыняцце ІІІ Статута ВКЛ у 1588 г., якi скасоўваў многiя пастановы Люблiнскай унii: ВКЛ абвяшчалася самастойнай дзяржавай са сваёй тэрыторыяй, апаратам, кіраваннем войскам, фiнансамi. Згодна са Статутам, права набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ мелі выключна грамадзяне Вялікага Княства.

Барацьба за «старыну» выявілася ва ўмацаваннi беларускай мовы i духоўных каштоўнасцяў. Вялiкую ролю ў гэтым адыгрывалi праваслаўныя брацтвы – нацыянальна-рэлiгiйныя арганiзацыi, створаныя ў адказ на прапольска-каталiцкую палiтыку ўрада Рэчы Паспалітай.

Разам з тым аб’яднанне ваенных сіл Кароны і Княства пад кіраўніцтвам караля Стэфана Баторыя (1576 − 1586) дазволіла адваяваць у 1579 г. Полаччыну, а ў 1580 г. вызваліць усе землі ВКЛ, якія былі захоплены маскоўскім войскам у 60-я г. ХVІ ст. У 1582 г. быў заключаны Ям-Запольскі мір, згодна з якім усходняя мяжа ВКЛ засталася практычна без зменаў. Але ўвогуле вынікі вайны для ВКЛ былі драматычныя: яна прынесла матэрыяльныя і людскія страты, прывяла да вымушанага саюза з Польшчай і стала прычынай пачатку доўгатэрміновага ваенага ліхалецця.

3. Валочная памера ―  аграрная рэформа сярэдзіны ХVІ ст. Гэтая рэформа, праведзеная на землях ВКЛ, з’яўлялася комплексам эканамічных, сацыяльных і тэхнічных мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян феадальнымі павіннасцямі.

Галоўныя прычыны рэформы:

1) унутраная: існаванне ў ВКЛ недасканалай сістэмы збору падаткаў, якая абапіралася на разнастайныя па свайму складу адзінкі падаткаабкладання («дымы», «службы», «дворышчы», «жарэбі» і інш.), зямельныя памеры якіх часта адрозніваліся нават у межах аднаго ўладання. Такім чынам, гэтая сістэма не ўлічвала вытворчых рэсурсаў сялянскай гаспадаркі: незалежна ад колькасці зямлі сялянскія гаспадаркі плацілі аднолькавыя падаткі;

2) знешняя: павелічэнне попыту і цэнаў на збожжавых рынках Заходняй Еўропы ў сувязі з ростам гарадскога насельніцтва, а таксама актыўнай каланізацыяй Новага Свету.

Першыя спробы гаспадарчага рэфармавання былі прадпрыняты ў 30-40-я г. ХVІ ст. ва ўладаннях каралевы Боны Сфорца ў Пінскім і Клецкім староствах і далі хуткі эканамічны эфект. У 1550-я г. яе сын Жыгімонт Аўгуст з мэтай павелічэння даходаў правёў больш шырокую рэформу ў дзяржаўных уладаннях. Асноўным дакументам рэформы стала «Устава на валокі» (1557 г.), якая і дала назву рэформе – «валочная памера».

Асноўныя мерапрыемствы рэформы:

1) рэформа пачалася з перамеру ўсіх ворыўных зямель на валокі ― стандартныя пазямельныя адзінкі, роўныя 21,36 га;

2) валока адначасова станавілася асноўнай адзінкай абкладання сялян павіннасцямі. Павіннасці прызначаліся ў залежнасці ад колькасці і якасці зямлі. У сувязі з гэтым, ведаючы патэнцыял сваёй гаспадаркі, сялянская сям’я магла ўзяць цэлую валоку або яе частку;

3) была ліквідавана цераспалосіца, а сяляне атрымлівалі зямлю ў трох розных месцах, што садзейнічала ўкараненню трохпольнага севазвароту і павышэнню ўраджайнасці;

4) на найбольш урадлівых землях ствараліся фальваркі ― феадальныя гаспадаркі, заснаваныя на працы залежных сялян і арыентаваныя на вытворчасць збожжа на продаж. Суадносіны фальваркавай і сялянскай зямлі былі 1:7, гэта азначала, што адну фальваркавую валоку апрацоўвалі столькі сялянскіх сямей, колькі разам мелі 7 валок;

5) сялянскія надзелы былі двух відаў:

– цяглыя, за карыстанне якімі сяляне адбывалі паншчыну ў памеры 2 дні ў тыдзень з валокі, а таксама сяляне выходзілі на гвалты і талокі і плацілі чынш ад 6 да 21 гроша ў год;

– асадныя, галоўнай павіннасцю якіх была выплата чыншу ў памеры ад 66 да 106 грошаў у год.

У дзяржаўных уладаннях на захадзе і ў цэнтры Беларусі рэформа была праведзена да канца ХVІ ст. На ўсходзе Беларусі з прычыны працяглай Лівонскай вайны (1558–1583) ажыццяўленне рэформы расцягнулася на стагоддзе. На гэтай памежнай з Маскоўскай дзяржавай тэрыторыі асноўнымі павіннасцямі дзяржаўных сялян былі даніна і чынш.

Вынікі рэформы:

1) аграрная рэформа прывяла да значнага ўздыму сельскай гаспадаркі ў ВКЛ за кошт дакладнага вызначэння памераў зямельных надзелаў сялян, удасканалення сістэмы падаткаабкладання, укаранення перадавой агратэхнікі, развіцця гандлю і таварна-грашовых адносін;

2) па прыкладу дзяржавы валочную памеру праводзілі ў сваіх уладаннях прыватныя ўласнікі, што ў выніку прывяло да росту даходаў скарбу і феадалаў, а таксама да ўмацавання эканомікі краіны ў цэлым;

3) эканамічная стабільнасць і павышэнне прыбыткаў дзяржавы садзейнічалі развіццю адукацыі, культуры, вайсковай справы;

4) у гістарыяграфіі прынята лічыць, што рэформа садзейнічала завяршэнню працэсу юрыдычнага афармлення прыгоннага права на землях ВКЛ.

Аграрная рэформа стала эканамічным фундаментам, асновай далейшага развіцця гаспадаркі і культуры Беларусі ў ХVІ ст.

4. Уплыў ідэй Адраджэння на культуру Беларусі ў ХVІ ст. – першай            палове ХVІІ ст. Адраджэнне (Рэнесанс) – эпоха ў развіцці духоўнай культуры Еўропы, якая аформілася на працягу ХІV – першай паловы ХVІІ ст. Тыпалагічнымі рысамі культуры Адраджэння былі:

  •  гуманізм – сцвярджэнне зямной каштоўнасці і гарманічнага развіцця чалавека: чалавека-майстра, чалавека-творцы, чалавека-філосафа;
  •  секулярызацыя культуры – вызваленне культуры ад дыктата царквы;
  •  станаўленне крытычнай думкі і інш.

Фарміраванню новых поглядаў садзейнічалі агульнае эканамічнае развіццё, зараджэнне капіталістычных адносін, рост гарадоў, вялікія геаграфічныя адкрыцці і інш.

На беларускіх землях эпоха Рэнесанса ахапіла ХVІ – першую палову ХVІІ ст. і мела свае асаблівасці:

  •  сацыяльнай апорай Адраджэння ў ВКЛ было шляхецкае саслоўе, а не гараджане, як у Заходняй Еўропе;
  •  па часе Адраджэнне ў ВКЛ супала з Рэфармацыяй і мела пэўную залежнасць ад сярэднявечных і рэлігійных традыцый;
  •  у гэты час узнікла беларускае кнігадрукаванне і адбылося станаўленне мясцовай школы кніжнай графікі;
  •  характарызавалася поліканфесійнасцю (суіснаваннем розных рэлігій –праваслаўя, каталіцтва, пратэстантызму, уніяцтва, ісламу, іўдаізму) і полілінгвізмам (шматмоўем, калі дзяржаўнай мовай была старабеларуская, царкоўнай – царкоўнаславянская, касцёльная і літаратурная – латынь, мовай шляхецкага саслоўя – польская), што прыўносіла адметныя рысы ў культуру адзначанага перыяду на землях ВКЛ.

Пачынальнікам беларускага рэнесансавага асветніцтва быў Францыск Скарына (каля 1490 – 1551 г.) – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Першая кніга «Біблія» была выдадзена ім у 1517 г. у Празе. У пачатку 20-х г. ХVІ ст. друкарня была наладжана ў Вільні, дзе, акрамя «Бібліі», Скарына надрукаваў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). У яго творах і дзейнасці раскрываецца сэнс эпохі Рэнесанса: гэта быў сінтэз хрысціянскага гуманізму з антычнай мастацкай і філасофскай культурай. У выніку была створана якасна новая культура, якая значна паўплывала на станаўленне і развіццё нацыянальных культур еўрапейскіх народаў.

Кнігадрукаванне на тэрыторыі Беларусі пашырылася ў 1550-я г. і было ўжо пастаянным. Друкарні з’явіліся ў Берасці, Нясвіжы, Заблудаве, Цяпіне. У 1562 г. у Нясвіжскай друкарні Сымонам Будным была выдадзена першая кніга на беларускай мове − «Катэхізіс». Вядомымі дзеячамі Адраджэння на землях Беларусі былі таксама Васіль Цяпінскі, Мікола Гусоўскі, Мялецій Сматрыцкі, Лаўрэнцій Зізаній і інш.

Значную ролю ў развіцці беларускай культуры адыгрывалі праваслаўныя брацтвы, якія адкрывалі прыходскія школы, стваралі друкарні, выдавалі кнігі. Брацкія друкарні існавалі ў Вільні і Еўі. У іх выдавалася як рэлігійная літаратура, так і матэрыялы прававога характару, напрыклад, Статуты ВКЛ.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што Адраджэнне ў Беларусі пачалося прыкладна на 100 гадоў пазней, чым у Італіі, мастацкія шэдэўры, творы сацыяльнай і філасофскай думкі, створаныя выхадцамі з Беларусі, сталі важным укладам у залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры.

         5. Рэфармацыя ў Беларусі і Берасцейская царкоўная унія. У ХVІ ст. на землях Беларусі распаўсюдзіліся і ідэі Рэфармацыі. Рэфармацыя – сацыяльна-палітычны і ідэалагічны рух, накіраваны супраць засілля каталіцкай царквы ва ўсіх сферах жыцця, на змены ў каталіцызме і прыстасаванне царкоўнай арганізацыі да буржуазных адносін. Меў антыфеадальны характар і прывёў да ўзнікнення новых форм арганізацыі вернікаў у хрысціянстве – пратэстантызму.

Ідэі, звязаныя з Рэфармацыяй, прыходзілі ў Беларусь разам з замежнымі гандлярамі і рамеснікамі, а таксама з беларускімі студэнтамі, якія вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах. Гэтымі ідэямі натхняліся іншыя людзі, якія ездзілі за мяжу. Рэфармацыя ў Беларусі з’яўлялася складанай часткай еўрапейскага рэфармацыйнага руху. Найбольш распаўсюджанай плынню пратэстантызму на землях Беларусі быў кальвінізм, які больш адпавядаў традыцыйным каштоўнасцям вольнасці магнатаў і шляхты. Прыхільнікі кальвінізму патрабавалі адмены царкоўных падаткаў і царкоўнага землеўладання, магчымасці стварэння рэлігійных абшчын з самакіраваннем і інш. Асаблівасцю рэфармацыйнага руху ў ВКЛ стала тое, што ён ахапіў у асноўным вышэйшыя колы грамадства ― магнатэрыюі шляхту і толькі часткова гараджан. Прыхільнасць да Рэфармацыі феадальнай знаці, а таксама часткі дробнай і сярэдняй шляхты абумовіла імкненне захаваць свае сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы шляхам дэцэнтралізацыі як дзяржаўных, так і царкоўна-рэлігійных структур.

Пачаткам Рэфармацыі ў Беларусі лічыцца заснаванне канцлерам ВКЛ Мікалаем Радзівілам Чорным у 1553 г. у Берасці першага кальвінісцкага збору (абшчыны). Пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага пратэстанцкія абшчыны з малітоўнымі дамамі, школамі, шпіталямі, друкарнямі былі заснаваны ў многіх беларускіх гарадах.

Рэфармацыя стала яшчэ адным сродкам барацьбы Вялікага Княства за незалежнасць, спробай узмацнення палітычнай ролі ВКЛ. Яна паспрыяла ўсталяванню міжканфесійнай талерантнасці на землях Беларусі – права свабоды веравызнання ў ВКЛ было заканадаўча замацавана ў Статуце ВКЛ 1588 г.

Хуткае распаўсюджанне Рэфармацыі і павелічэнне яе прыхільнікаў сур’ёзна занепакоіла прадстаўнікоў каталіцкай царквы. Па ініцыятыве папы рымскага ў Еўропе пачалася контррэфармацыя –  рэлігійна-палітычны рух, які меў на мэце рэстаўрацыю пазіцый, страчаных каталіцызмам падчас Рэфармацыі. Рым адхіліў магчымасць кампрамісу з пратэстантамі, пацвердзіў безумоўны аўтарытэт папы ў справе веры, замацаваў набажэнства выключна на лацінскай мове, увёў жорсткую царкоўную цэнзуру, а ў 1542 г. у Рыме была ўтворана інквізіцыя.

Моцны ўдар па пратэстантызму ў ВКЛ нанесла дзейнасць ордэна езуітаў, якая мела адкрыта пракаталіцкі характар. Талерантнасць ВКЛ стварала шырокія магчымасці для яго паспяховай дзейнасці. У сваёй барацьбе з рэфармацыйнымі ідэямі езуіты адводзілі вялікую ўвагу адукацыі, развіццю культуры, выхаванню моладзі. Разам з тым яны выкарыстоўвалі прымусовыя і гвалтоўныя меры: зачынялі пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, знішчалі кнігі апанентаў, учынялі пагромы. З цягам часу Контррэфармацыя перамагла, талерантнасць у ВКЛ была скасавана і заменена дзяржаўным каталіцызмам.

На хвалі Контррэфармацыі была заключана Берасцейская царкоўная унія (1596) і ўзнікла уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. Па сутнасці, унія стала працягам незалежніцкай палітыкі, якую спрабавала праводзіць эліта ВКЛ пры дапамозе пратэстантызму ў часы Рэфармацыі. Ідэя аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай хрысціянскіх канфесій узнікла адразу пасля афіцыйнага царкоўнага расколу 1054 г., але стала рэальнай для ВКЛ толькі ў канцы ХVІ ст. Прыхільнікі уніі былі не толькі ў лоне праваслаўнай, але і каталіцкай царквы. Кіраўніцтва праваслаўнай царквы праз унію спадзявалася вярнуць сабе некалі вядучае становішча ў ВКЛ (адным з арганізатараў уніі стаў епіскап Іпацій Пацей). Каталіцкія кіраўнікі праз аб’яднанне царквоў марылі дабіцца перамогі над праваслаўем і пашырыць свой уплыў ва Усходняй Еўропе.

Падрыхтоўка уніі доўжылася з 1590 па 1596 г., і акт аб’яднання ўрачыста быў абвешчаны на Берасцейскім царкоўным саборы 1596 г. У адпаведнасці з ім на тэрыторыі ВКЛ утваралася новая царква, якая ўзначальвалася кіеўскімі мітрапалітамі і мела наступныя адметныя рысы:

  •  прызнавала вяршэнства папы рымскага;
  •  захоўвала праваслаўную абраднасць, царкоўнаславянскую мову набажэнства (літургіі) і юліянскі каляндар;
  •  прызнавала каталіцкую дагматыку;
  •  праводзіла пропаведзі на мясцовай (старабеларускай) мове.

У першую чаргу уніяцкая царква была разлічана на шляхту, якая пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, спадзеючыся хутка атрымаць зямлю і дзяржаўныя пасады, пераходзіла ў каталіцтва. Але ўтрымаць шляхту пры сваім абрадзе і мове уніяцкая царква не змагла. Таму унія стала верай непрывілеяванага праваслаўнага насельніцтва – сялян і мяшчан.

Стаўка пры распаўсюджванні новай рэлігіі была зроблена на добраахвотнае далучэнне да яе, аднак пазбегнуць прымусу не ўдалося, што выклікала супраціўленне праваслаўных вернікаў. У канцы ХVІІІ ст. каля 75 % насельніцтва Беларусі былі уніятамі. З цягам часу уніяцкая царква стала адным з фактараў існавання беларускага этнасу – менавіта яна захоўвала старабеларускую мову і народныя традыцыі.

Берасцейская царкоўная унія была ліквідавана Полацкім царкоўным саборам у 1839 г.

6. Палітычная сітуацыя на землях Беларусі ў першай палове ХVІІ ст. Канец ХVІ – пачатак ХVІІ ст. характарызаваўся значнай  стабілізацыяй эканамічнага і палітычнага жыцця ў ВКЛ. Пасля заканчэння ў 1583 г. Лівонскай вайны стала магчымым правесці на ўсходзе Беларусі аграрныя пераўтварэнні, якія ў сярэдзіне ХVІ ст. былі ажыццёўлены ў цэнтры і на захадзе краіны. Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі хуткаму аднаўленню гаспадаркі, якая была разбурана падчас вайны. У гэты перыяд ВКЛ заставалася адным з асноўных пастаўшчыкоў збожжа на рынкі Заходняй Еўропы.

Ва ўмовах спакою працягвалі развівацца гарады і мястэчкі Беларусі. Значна павялічылася іх колькасць, што тлумачылася зафіксаваным у Статуце 1588 г. правам шляхты утвараць мястэчкі на ўласных землях. Пераважную большасць мяшчанства складалі беларусы (да 80 %). Яўрэі сярод гарадскіх жыхароў да сярэдзіны ХVІІ ст. налічвалі толькі ад 5 да 8 %. Агульная лічба насельніцтва беларускіх паветаў была ў той час прыкладна 2,9 млн. чалавек, з якіх 75 % — сяляне, каля 15–17 % — мяшчане, 8–10 % — шляхта.

У знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай у пачатку ХVІІ ст. асноўным накірункам становіцца ўсходні. Лівонская вайна прынесла страты не толькі Беларусі, але і значна аслабіла Маскоўскую дзяржаву, вычарпаўшы яе матэрыяльныя і людскія рэсурсы. Пасля смерці ў 1584 г. Івана ІV Грознага вялікім князем стаў яго сын Фёдар, які ў 1598 г. памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Дынастыя Рурыкавічаў перарвалася, і радавітае баярства Масквы ўцягнулася ў барацьбу за ўладу.

Выкарыстаць у сваіх інтарэсах складаную сітуацыю свайго даўняга саперніка і ўмяшацца ў яго ўнутраныя справы імкнулася і Рэч Паспалітая. Для гэтага часткай шляхты ВКЛ і нават самім каралём Жыгімонтам Вазай былі падтрыманы ў 1604 і ў 1607 гг. паходы на Маскву двух самазванцаў, вядомых у гісторыі пад імёнамі Ілжэдзмітрыя І і Ілжэдзмітрыя ІІ, якія выдавалі сябе за малодшага сына Івана ІV, царэвіча Дзмітрыя, «цудам ацалелага» пасля замаху на яго жыццё ў 1591 г. У 1609 г. Жыгімонт Ваза без згоды вальнага сойма распачаў адкрытую вайну супраць Маскоўскай дзяржавы.

У выніку пераможных ваенных дзеянняў на маскоўскім троне два гады знаходзіўся сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў (1610–1612). Але сабранае Мініным і Пажарскім у 1612 г. народнае апалчэнне прымусіла Уладзіслава разам з войскам пакінуць Маскву. Баяры абралі царом Міхаіла Раманава, і ў Маскоўскай дзяржаве ўсталявалася дынастыя Раманавых. Вайна скончылася ў 1619 г. падпісаннем Дэўлінскага пераміря, паводле якога да Кароны адышлі Чарнігаўская і Северская землі, а Вялікае княства Літоўскае вярнула страчаны яшчэ ў 1514 г. Смаленск і ўключыла ў свой склад гарады Мажайск, Дарагабуж і Вязьму.

Нягледзячы на пераможны вынік, пераважная большасць шляхты ВКЛ засталася незадаволеная вайной. Асабліва гэта тычылася шляхты ўсходніх паветаў, маёнткі якой найбольш пацярпелі ў ходзе ваенных дзеянняў. Да таго ж, яны разумелі, што такі поспех тлумачыўся, у першую чаргу, нестабільнай унутранай сітуацыяй у Маскве, якая з цягам часу будзе імкнуцца ўзяць рэванш, а значыць, гэтая перамога — перадумова новай вайны.

Так і здарылася. Смерць у 1632 г. Жыгімонта Вазы і наступіўшы за ёй перыяд бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай схілілі маскоўскага цара Міхаіла Раманава да адкрытых ваенных дзеянняў. Маскоўскае войска хутка захапіла Мсціслаў, Сураж, Крычаў, Усвяты, узяло ў аблогу Смаленск, Полацк, Віцебск. Але проба сіл для Маскоўскай дзяржавы скончылася няўдала, і ў 1634 г. яна капітулявала. У тым жа годзе новаабраны кароль Польшчы і вялікі князь Літоўскі Уладзіслаў ІV падпісаў з маскоўскім царом «вечны мір», які пацвердзіў умовы Дэулінскага пагаднення. Аднак абодва бакі разумелі хісткасць і нетрываласць заключанага «вечнага міру».

Такім чынам, у ХVІ – пачатку ХVІІ ст. беларускія землі ў складзе ВКЛ дасягнулі значных поспехаў. У гэты час ВКЛ стала пастаянным пастаўшчыком збожжа на рынкі Заходняй Еўропы, а развіццё культуры і грамадска-палітычнага жыцця сведчыла пра цесныя ўзаемакантакты ВКЛ з еўрапейскімі краінамі. Разам з тым нестабільнасць знешнепалітычнай сітуацыі на ўсходнім накірунку стварала пэўныя перашкоды для далейшага паспяховага развіцця краіны, што стала найбольш відавочным у наступнае разбуральнае стагоддзе (другая палова ХVІІ – сярэдзіна ХVІІІ ст.).

 

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Адраджэнне (Рэнесанс) – эпоха ў развіцці духоўнай культуры Еўропы ў пераходны перыяд ад сярэднявечча да новага часу (ХІV – першая палова ХVІІ ст.). На тэрыторыі Беларусі эпоха Рэнесанса датуецца ХVІ – першай паловай ХVІІ ст.

Валока – пазямельная адзінка (21,36) і адзінка падаткаабкладання ў ВКЛ, уведзеная падчас аграрнай рэформы сярэдзіны ХVІ ст.

Канфедэрацыя – у Рэчы Паспалітай часовы палітычны саюз шляхты для дасягнення пэўнай мэты шляхам узброенай барацьбы.

Контррэфармацыя – рэлігійна-палітычны рух у Еўропе ў другой палове ХVІ–ХVІІ ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі.

Liberum veto (ліберум вета) – права соймавых дэпутатаў у Рэчы Паспалітай на свабоду забароны разгляду таго ці іншага пытання на сойме, спыненне пасяджэння сойма і адмену ўсіх прынятых на ім пастаноў. Абмежавана рашэннем канвакацыйнага сойма 1764 г., ліквідавана канстытуцыяй 3 мая 1791 г.

Рокаш – від узброенай шляхецкай апазіцыі каралеўскай уладзе Рэчы Паспалітай у ХVІ–ХVІІ ст., канфедэрацыя, накіраваная супраць караля.

Рэфармацыя – шырокі сацыяльна-палітычны і ідэалагічны рух у Еўропе ў ХVІ ст., накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў палітычнай сістэме грамадства.

Статут ВКЛ 1588 г. (ІІІ Статут ВКЛ) – звод законаў дзяржаўнага, адміністрацыйнага, ваеннага, судовага феадальнага права, які быў выдадзены на старабеларускай мове і дзейнічаў на землях Беларусі і Літвы да 1840 г.  

Фальварак – феадальная гаспадарка, заснаваная на працы прыгонных сялян і арыентаваная на вытворчасць збожжа на продаж.

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

1517 г. – выданне Францыскам Скарынай «Бібліі» – першай усходнеславянскай друкаванай кніжкі.

1557 г. – выданне «Уставы на валокі» – галоўнага дакумента вялікай аграрнай рэформы ХVІ ст.

1558 – 1583 г. – Лівонская вайна.

1569 г. – падпісанне Люблінскай уніі і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.

1529 г., 1566 г., 1588 г. – прыняцце Статутаў ВКЛ.

1596 г. – падпісанне Берасцейскай царкоўнай уніі і ўтварэнне новай хрысціянскай канфесіі – уніяцкай.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Дакажыце альбо абвергніце наступныя тэзісы:

а) вялікая аграрная рэформа сярэдзіны ХVІ ст. была выклікана як унутранымі, так і знешнімі прычынамі;

б) рэформа спрыяла эканамічнаму і культурнаму росквіту ВКЛ;

в) рэформа паскорыла працэс запрыгоньвання сялянства.

2. Дайце характарыстыку сацыяльна-эканамічных наступстваў для беларускіх зямель у выніку заключэння Люблінскай уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай.

3. Вызначце агульныя і асаблівыя рысы Адраджэння і Рэфармацыі на землях Беларусі.

4. Дайце ацэнку знешнепалітычнай дзейнасці ўлад ВКЛ і Рэчы Паспалітай у першай палове ХVІІ ст.

 ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

  1.  Дзейнасць ордэна езуітаў на тэрыторыі ВКЛ у ХVІ – першай палове ХVІІ ст.
  2.  Беларускія асветнікі эпохі Адраджэння.
  3.  Статут ВКЛ 1588 г. як узор еўрапейскага заканадаўства.
  4.  Арганізацыя вайсковай справы ў ВКЛ.

ЛІТАРАТУРА

  1.  Бохан Ю.М. Войска ВКЛ у другой палове ХІV – канцы ХVІ ст. – Мінск, 2002.
  2.  Бушчык Г.П. Прычыны, механізмы і вынікі аграрнай рэформы сярэдзіны ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. // З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. – Мінск: Экаперспектыва, 1997. Вып. 2. – С. 3 – 14.
  3.  Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. – Мінск, 1998.
  4.  Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. – Мінск, 1997. – С. 46 – 121.
  5.  Голубеў В.Ф. Вялікая аграрная рэформа ХVІ ст. //Спадчына. – 1993. – № 4. – С. 63 – 78.
  6.  Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі: ХVІ – ХVІІІ стст. – Мінск, 1992. – С. 21 – 90.
  7.  Іванова Л. Рэфармацыйны рух на Беларусі (другая палова ХVІ – першая палова ХVІІ стст.) //Беларускі гістарычны часопіс. – 1997. – № 2. – С. 65–85.
  8.  Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVІ – першай трэці ХVІІ ст. – Мінск, 2001.
  9.  Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569–1795). – Мн., 1971.
  10.  Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596–1839 гады). –Гродна, 2001.
  11.  Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. – Мінск, 1994-1995.
  12.  Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. – Мінск, 1990.
  13.  Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда Августа в Литовско-Русском государстве. – М.: Изд-во АН СССР, 1958. – С. 183 – 202.
  14.  Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.
  15.  Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (ХV–ХVІ вв.). Минск: Наука и техника, 1993. – С. 84 – 113. 

Тэма 5. Беларусь у другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст.

  1.  Войны сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. і іх уплыў на развіццё
  2.  Беларусі.
  3.  ВКЛ у Паўночнай вайне (1700 – 1721).
  4.  Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. Ідэалогія
  5.  Асветніцтва.
  6.  Спробы мадэрнізацыі жыцця ў другой палове ХVІІІ ст. Рэформы А.Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях.
  7.  Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т.Касцюшкі 1794 г.

1. Войны сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст.  ХVІІ і іх уплыў на развіццё Беларусі. Другая палова ХVІІ ст. пачатак ХVІІІ ст. сталі самым цяжкім часам у беларускай гісторыі. Ён атрымаў назву «разбуральнага», або «крывавага стагоддзя», паколькі ў гэты перыяд усю Рэч Паспалітую ахапіла паласа працяглых войнаў і палітычнай смуты. Распачаўся ён з казацкага паўстання ва Украіне пад кіраўніцтвам гетмана Запарожскага войска Багдана Хмяльніцкага.

Казацка-сялянская вайна (1648–1651). Змагаючыся за незалежнасць Украіны, Б.Хмяльніцкі меў на мэце стварэнне ўласнай дзяржавы, у межы якой хацеў уключыць і паўднёвыя землі Беларусі — Падняпроўе і Палессе. Каб заручыцца падтрымкай мясцовага насельніцтва, на землях Беларусі распаўсюджваліся гетманскія універсалы, у якіх Хмяльніцкі заклікаў жыхароў уздымацца на барацьбу супраць «паноў і ляхаў». Б.Хмяльніцкі нават пасылаў на Палессе казацкія загоны, якія ўзначальвалі Галавацкі, Галота, Нябаба, Гаркуша і іншыя яго паплечнікі. Гэтыя атрады адыгралі ролю каталізатара ў пачатку народнага руху на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі.

Звесткі пра перамогі Хмяльніцкага над каронным войскам у маі 1648 г. пад Корсунем і Жоўтымі Водамі спрыялі ўцягванню ва ўзброеную барацьбу сялян і гарадскіх нізоў Беларусі, асабліва на памежных з Украінай тэрыторыях. Казацка-сялянскія атрады авалодалі Гомелем, Лоевам, Чачэрскам, Брагінам, Бабруйскам, Пінскам, Кобрынам і некаторымі іншымі гарадамі.

Па сваім характары вайна ў Беларусі мела яскрава выражаны антыфеадальны, антыкаталіцкі і антыуніяцкі характар. Дзейнасць казацка-сялянскіх атрадаў заключалася найперш у руйнаванні і рабаванні шляхецкіх маёнткаў, а таксама пераследаванні і фізічным вынішчэнні уніятаў і католікаў, якія вымушаны былі ратавацца ўцёкамі ўглыб краіны. Не пазбеглі казацкіх рэпрэсій і прадстаўнікі іудзейскага веравызнання.

На ўтаймаванне паўстанцаў было накіравана спецыяльна сабранае войска ВКЛ на чале з гетманам Янушам Радзівілам, якое ў першай палове 1649 г. здолела ўзяць пад свой кантроль поўдзень Беларусі. Рашаючая бітва, у якой галоўныя сілы казакаў былі разбітыя, адбылася 6 ліпеня 1651 г. пад Лоевам. Армія ВКЛ, развіваючы поспех, 4 жніўня 1651 г. увайшла ў Кіеў. Паводле Белацаркоўскага пагаднення, падпісанага ў верасні 1651 г., Хмяльніцкі абавязваўся вывесці ўсе казацкія загоны з Беларусі. Гэта прывяло да спынення супраціўлення народных мас Беларусі, якія аказаліся пазбаўленымі арганізаванай ваеннай падтрымкі.

Чатыры гады вайны адмоўным чынам адбіліся на эканоміцы і дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі. Найбольш пацярпелі паўднёвыя землі, дзе спачатку казацка-сялянскія атрады рабавалі і знішчалі феадальныя маёнткі разам з сем’ямі, а потым, помсцячы, войска Радзівіла спальвала разам з насельніцтвам вёскі і цэлыя гарады. У краіне абвастрыліся сацыяльнае становішча і канфесійная сітуацыя.

І галоўнае, заклікаючы сялян да паўстання, Хмяльніцкі зусім не дбаў пра самастойнасць беларускага народа, які ў той час ажыццяўляў сваю дзяржаўнасць у складзе Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Украінскі гетман хацеў уключыць (інкарпараваць) паўднёвую Беларусь у склад сваёй казацкай дзяржавы. Каб захаваць сваю ўладу і забяспечыць спадчыннае панаванне дынастыі гетманаў Хмяльніцкіх, ён у 1654 г. заключыў з рускім царом пагадненне аб уваходжанні Украіны на правах аўтаноміі ў склад Маскоўскай дзяржавы (Пераяслаўская рада) і яшчэ здолеў адыграць адмоўную ролю ў гісторыі Беларусі.

Казацка-сялянская вайна з’явілася прадвеснікам больш разбуральных ваенных дзеянняў, якія паклалі пачатак сапраўднаму «крываваму патопу» на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай.

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за беларускія землі (1654 – 1667). Ва ўмовах нестабільнасці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай у 1653 г. Масква разарвала дыпламатычныя адносіны з Варшавай, і непазбежнасць вайны стала відавочнай. Яна пачалася ў маі 1654 г. і стала самай жудаснай па сваіх выніках вайной у гісторыі Беларусі.

Дзеля дасягнення сваіх палітычных інтарэсаў маскоўскія ўлады традыцыйна разыгралі канфесійную карту — напярэдадні вайны ў Беларусь пасылаліся спецыяльныя царскія граматы, мэтай якіх была спроба пераканаць насельніцтва ў тым, што рускі цар Аляксей Міхайлавіч пачынае барацьбу з мэтай абароны праваслаўя. Тым, хто не акажа супраціву, гарантавалася царская міласць, іншых чакала бязлітасная расправа. Каб далучыць беларускія землі да сваёй дзяржавы, рускі цар накіраваў на тэрыторыю Беларусі 100-тысячнае войска, на дапамогу якому Хмяльніцкі паслаў 20 тыс. казакоў з Украіны.

ВКЛ не было падрыхтавана да вайны, агульная колькасць войска налічвала толькі 10–12 тыс. чалавек. Дзякуючы перавазе сіл, а таксама актыўнай агітацыі, скіраванай да праваслаўнага насельніцтва, рускай арміі за адзін год удалося захапіць амаль увесь усход Беларусі. Некаторыя гарады здаваліся без бою ― Магілёў, Крычаў, Шклоў, Новы Быхаў. Іншыя аказвалі мужнае супраціўленне, напрыклад, Віцебск, Дуброўна, Гомель, Мсціслаў. Няскораным застаўся Стары Быхаў. Рускія ваяводы атрымалі загад бязлітасна знішчаць гарады, якія аказвалі супраціўленне. Яскравым прыкладам можа служыць абарона Мсціслава, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Трубяцкая разня» (1654). Пасля чатырохдзённай аблогі і магутнага штурму рускія войскі ўварваліся ў Мсціслаўскі замак і «народ розны шляхецкі, мяшчан і яўрэяў у пень высеклі». Паводле дакументаў, у Мсціслаўскім замку загінулі каля 15 тыс. чалавек.

Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя. У такіх умовах, каб выратаваць краіну, вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл стаў ініцыятарам заключэння дагавору са Швецыяй. Дагавор прадугледжваў аб’яднанне ВКЛ і Швецыі на роўных правах, а шведскі кароль Карл Х Густаў прызнаваўся вялікім князем ВКЛ. Ён абавязваўся выгнаць маскоўскае войска за межы Беларусі. Таксама дэкларавалася свабода веравызнання. Гэтае пагадненне, якое аўтаматычна скасоўвала Люблінскую унію, вядома ў гісторыі як Кейданскі дагавор (1655). Аднак ён не дапамог выратаваць Вільню ад захопу маскоўскім войскам у жніўні 1655 г. Да таго ж, большасць шляхты захавала вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру, і праз год Кейданскі дагавор фактычна страціў сваю сілу.

У 1656 г. Рэч Паспалітая і Маскоўская дзяржава падпісалі двухгадовае пераміре, і рускія войскі на акупаваных беларускіх тэрыторыях паказалі свой сапраўдны твар захопнікаў. Гэта быў жудасны час для беларускага насельніцтва, адбывалася сапраўднае «паляванне на людзей», паколькі адной з асноўных мэтаў Маскоўскай дзяржавы быў вываз мясцовага насельніцтва. Служылыя рускія людзі мелі спецыяльны царскі дазвол «имать полон» (браць палонных). Гандаль «литовским полоном» стаў важнай крыніцай даходаў. Вывозіліся пераважна маладыя жанчыны, дзеці, рамеснікі, заможныя сяляне разам з інвентаром і цяглавай жывёлай. Тыя, хто застаўся на акупаваных тэрыторыях, зведалі рабаўніцтва, марадзёрства і гвалт з боку рускіх войскаў. Пераследаванням падвяргаліся католікі, уніяты, іудзеі і іншыя прадстаўнікі неправаслаўнага веравызнання.

Рабаванні і злоўжыванні рускіх войскаў прывялі да пачатку і хуткай актывізацыі на тэрыторыі Беларусі партызанскай барацьбы супраць захопнікаў. У афіцыйных дакументах Маскоўскай дзяржавы партызаны называліся шышамі, адзначалася іх асаблівая небяспека для разрозненых фарміраванняў рускіх. Шышамі былі ў асноўным мясцовыя сяляне, атрадамі якіх звычайна камандавалі шляхціцы. Да моцнай хвалі партызанскага руху і гарадскіх паўстанняў супраць акупантаў у 1660 г., пасля падпісання міра са Швецыяй, далучыліся і войскі ВКЛ і Кароны. Такім чынам, рух народнага супраціўлення абяднаў прадстаўнікоў розных станаў і канфесій. Вызваленчая барацьба набыла характар усенароднай.

Працяглая вайна скончылася на пачатку 1667 г. заключэннем Андрусаўскага міра. Згодна з яго ўмовамі, да Маскоўскай дзяржавы адыходзілі Смаленская і Северская землі, а таксама Левабярэжная Украіна.

Вынікі вайны для Беларусі. Па сваіх наступствах гэта была самая стратная вайна для беларускага народа за ўсю яго гісторыю: колькасць насельніцтва зменшылася на 53 % – з 2 млн. 876 тыс. чалавек у 1650 г. да 1 млн. 352 тыс. чалавек у 1667 г. Ва ўладаннях на ўсходзе Беларусі скарачэнне колькасці жыхароў дасягала 80 – 90 %. Ваенныя дзеянні, голад, эпідэміі і, галоўнае, маскоўскі палон зменшылі насельніцтва не толькі колькасна, але і якасна. Лепшыя беларускія рамеснікі-майстры, сяляне, моладзь, вывезеныя падчас вайны, заставаліся ў межах Маскоўскай дзяржавы і працавалі на яе карысць (толькі ў Маскве ў 70-я г. ХVІІ ст. яны складалі 10 % ад усяго пасадскага насельніцтва).

На тэрыторыі ж Беларусі наступіў глыбокі эканамічны крызіс. Звыш за 60 % ворыўнай зямлі ляжала ў пустках, не хапала ні рабочых рук, ні цяглавай жывёлы для яе апрацоўкі. Сялянства не мела магчымасцяў не толькі выплочваць феадальную рэнту, але і весці гаспадарку, неабходную для простага існавання сямі.

Важную ролю ў працэсе вываду эканомікі краіны з пасляваеннага крызісу адыгралі гаспадарчыя мерапрыемствы, праведзеныя ўладай у дзяржаўных маёнтках — каралеўскіх сталовых эканоміях, староствах і дзяржавах. Асаблівасцю дзяржаўнай палітыкі аднаўленчага перыяду другой паловы ХVІІ ст. стала імкненне да ўзнаўлення патэнцыялу сялянскай гаспадаркі. Адбывалася гэта праз увядзенне спецыяльна распрацаванай сістэмы льготных умоваў гаспадарання, у аснову якой была пакладзена палітыка ачыншавання — ліквідацыя фальваркаў і перавод сялян з адпрацовачнай рэнты на грашовую (з паншчыны на чынш).

Для ўвядзення ў гаспадарчае абарачэнне як мага большай плошчы зямель, павелічэння колькасці насельніцтва і цяглавай жывёлы ў найбольш разбураных уладаннях (асабліва на ўсходзе Беларусі) дзяржава актыўна ўжывала практыку «слабод» з частковым або поўным вызваленнем насельніцтва ад феадальнай рэнты на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў, а таксама дазваляла розныя формы апрацоўкі зямлі — «у наезд», «з долі ўраджаю» і інш.

Аб эфектыўнасці аднаўленчай палітыкі дзяржавы сведчыла масавае вяртанне сялян у сталовыя эканоміі. Да таго ж, узважаная палітыка скарбу па паслабленню павіннаснага абкладання насельніцтва стала прыкладам для многіх (безумоўна, не для ўсіх) прыватных уласнікаў.

Такім чынам, не адмаўляючы сутнасці феадальнай дзяржавы, неабходна падкрэсліць, што пасля войнаў сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. яна зяўлялася не толькі апаратам, механізм якога быў накіраваны на эксплуатацыю насельніцтва. У тыя часы дзяржава выступіла ў першую чаргу са стваральнымі функцыямі, імкнучыся не толькі атрымаць як мага больш прыбыткаў у скарб, але і забяспечыць (заканадаўча, матэрыяльна, тэхнічна і інш.) стабільнае развіццё гаспадаркі і абавязкова даць магчымасць для жыцця і аднаўлення гаспадаркі селяніна — асноўнай вытворчай сілы феадальнай эпохі. Да пачатку ХVІІІ ст. эканамічны крызіс быў пераадолены і гаспадарка Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню.

Змяненне канфесійнай сітуацыі. Нягледзячы на тое, што ВКЛ здолела выйсці з эканамічнага крызісу, агульная дэструкцыя, выкліканая наступствамі вайны 1654 – 1667 гг., кардынальна змяніла грамадскае жыццё ў краіне — сацыяльную структуру насельніцтва, моўна-культурную і канфесійную сітуацыі.

У сярэдзіне ХVІІ ст. карэнным чынам мяняецца становішча праваслаўнай царквы ў краіне ад рэлігійнай талерантнасці і верацярпімасці часоў Уладзіслава ІV і Яна Казіміра ўлады Рэчы Паспалітай узялі курс на абмежаванне яе правоў. Звязана гэта было з тым, што праваслаўная царква ў ВКЛ мела прамаскоўскую арыентацыю і нярэдка аказвала падтрымку рускім войскам. Да таго ж, у 1685 г. Кіеўская мітраполія афіцыйна была пераведзена з-пад падпарадкавання Канстанцінопалю пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату, і маскоўскія ўлады пачалі лічыць, што маюць «законныя» правы ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай для «абароны правоў праваслаўных».

Другая палова ХVІІ ст. стала перыядам хуткага заняпаду праваслаўя і пашырэння уніі на тэрыторыі Беларусі. У 1673 г. сойм пазбавіў права праваслаўных набываць шляхецтва, а ў 1699 г. — займаць выбарныя магістрацкія пасады. Палітычныя правы фактычна станавіліся прэрагатывай толькі католікаў. Праваслаўная беларуская шляхта масава пераходзілі ў каталіцтва, разам з прыняццем якога выбіралі і польскія культурныя прыярытэты, што непазбежна вяло да паланізацыі і заняпаду беларускай культуры. Апагеем такой палітыкі стаў 1696 г., калі па рашэнню сойма ўсё справаводства ў ВКЛ пераводзілася на польскую мову. Адпаведна польскай станавілася і адукацыя, што не спрыяла зяўленню ўласна беларускай інтэлігенцыі і на доўгі час замарудзіла фармаванне беларускай нацыі.

Змяненне дэмаграфічнай сітуацыі ў гарадах. У другой палове ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. у гарадах Беларусі назіраўся эканамічны і культурны заняпад, які быў выкліканы наступствамі папярэдніх войнаў. Калі ў ХVІІ ст. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне ХVІІІ ст. гарадоў і гарадскіх паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Да таго ж, адбыліся змены ў канфесійным і нацыянальным складзе насельніцтва беларускіх гарадоў. Калі да сярэдзіны ХVІІ ст. у іх у асноўным пражывалі праваслаўныя, а беларускі этнас складаў 80 % агульнай колькасці гараджан, то да сярэдзіны ХVІІІ ст. значна павялічылася колькасць яўрэяў.

Гэты працэс пачаўся пасля вайны 1654–1667 г., наступствы якой негатыўна адбіваліся і на гандлёвых сувязях паміж горадам і вёскай. Пасля ўвядзення дзяржавай сістэмы льгот і «слабод» гараджане ахвотна перасяляліся туды, дзе былі свабодныя хаты і шмат пустой зямлі, за карыстанне якой яны на працягу ад 5 да 15 гадоў вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцяў. Таму асноўнай масай жыхароў гарадоў сталі яўрэі, якія не мелі права працаваць на зямлі і карыстацца льготамі.

Такім чынам, беларускі горад з канца ХVІІ ст. па большасці насельніцтва стаў яўрэйскім, палітычная эліта была прадстаўлена спаланізаванай і акаталічанай шляхтай, а беларускі этнас пачаў атаясамлівацца толькі з сялянствам, якое складала большасць насельніцтва краіны.

2. ВКЛ у Паўночнай вайне (1700–1721). На пачатку ХVІІІ ст. Рэч Паспалітая аказалася ўцягнутай у жорны чарговай вайны, а беларускія землі ператварыліся ў асноўны тэатр ваенных дзеянняў да 1709 г.

Галоўнай прычынай вайны стала жаданне Даніі, Саксоніі і Расіі, якія ўтварылі так званы «Паўночны саюз», абмежаваць панаванне Швецыі на Балтыйскім моры. Да гэтых краін далучылася і Рэч Паспалітая, каралём якой з 1697 г. з’яўляўся саксонскі курфюрст Аўгуст ІІ Моцны.

Пачатак вайны аказаўся няўдалым для саюзнікаў: на працягу 1700–1701 г. шведская армія па чарзе перамагла войскі Даніі, Расіі і Саксоніі і на пачатку 1703 г. уварвалася на землі ВКЛ. Шведы хутка занялі Вільню, Гародню, крыху пазней ― Варшаву і Кракаў, а Аўгуст ІІ ратаваўся ўцёкамі.

Знешнепалітычнае становішча Княства ўскладнялася ўнутраным супрацьстаяннем у грамадстве: атрымаўшыя паразу ад сваіх палітычных сапернікаў 17 лістапада 1700 г. у бітве пад Алькенікамі Сапегі імкнуліся ўзяць рэванш і бачылі ў асобе Карла ХІІ свайго саюзніка, а антысапегаўская шляхецкая партыя на чале з Агінскімі і Вішнявецкімі шукала падтрымкі ў расійскага цара Пятра І. У ліпені 1704 г. арганізаваная Карлам ХІІ Варшаўская канфедэрацыя выбрала каралём познаньскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. У адказ на гэта ў маі 1704 г. прыхільнікі Аўгуста ІІ аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю і заключылі саюз з Расіяй супраць Швецыі. Такім чынам, на тэрыторыі ВКЛ апынуліся дзве варожыя арміі, а Беларусь да 1709 г. стала асноўнай арэнай, дзе Пётр І і Карл ХІІ з дапамогай зброі высвятлялі свае адносіны, рабавалі і знішчалі краіну і разам з тым яшчэ больш садзейнічалі расколу і канфрантацыі ў шляхецкім стане Рэчы Паспалітай.

Як заўсёды, асноўны цяжар вайны прыняло на сябе простае беларускае насельніцтва, у якога і руская, і шведская арміі прымусова забіралі правіянт і фураж, а астатняе, каб не даставалася праціўніку, спальвалі, пакідаючы мясцовы люд практычна без сродкаў існавання.

У 1706 г. ваенныя дзеянні складваліся не на карысць саюзнікаў Аўгуста ІІ. У студзені армія Карла ХІІ на тры месяцы блакіравала рускі гарнізон у Гродне, а ў лютым былі разбіты саксонскія войскі. Шведы пачалі рабаўнічы марш па землях Беларусі. Былі абрабаваны, спустошаны і часткова спалены Карэлічы, Клецк, Ляхавічы, Пінск, Мір, Нясвіж і іншыя гарады. У такіх умовах пад націскам шведаў у 1706 г. Аўгуст ІІ вымушаны быў афіцыйна адмовіцца ад улады на карысць Станіслава Ляшчынскага. На бок новага караля перайшлі і некаторыя буйныя магнацкія роды (Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія), але частка шляхты не прызнала Ляшчынскага законным каралём, і грамадзянская вайна ў ВКЛ працягвалася.

Ля вёскі Лясная 28 верасня 1708 г. руская армія разбіла корпус Левенгаўпта з вялікім абозам правіянту для войска Карла ХІІ, а 27 чэрвеня 1709 г. адбылася Палтаўская бітва, дзе шведскае войска пацярпела сакрушальнае паражэнне, і ваенная ініцыятыва перайшла да Пятра І. У 1709 г. на трон Рэчы Паспалітай ізноў узышоў Аўгуст ІІ. Хаця шведы былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і ваенныя дзеянні на яе тэрыторыі спынены, Пётр І не спяшаўся выводзіць свае войскі з беларускіх земляў. Прысутнасць у мірны час чужаземнага войска на тэрыторыі сваёй дзяржавы не падалася шляхце небяспечнай з’явай, і яна па-ранейшаму працягвала барацьбу за першынство ў краіне, чым бесперапынна паслабляла ўнутры- і знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай.

Вынікі вайны. Паўночная вайна не прынесла тэрытарыяльных зменаў Рэчы Паспалітай, аднак прынесла незлічоныя беды беларускаму народу, на плечы якога выпаў асноўны цяжар вайны. Яшчэ цалкам не аправіўшыся ад войнаў сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст., Беларусь ізноў страціла трэцюю частку свайго насельніцтва, больш за 40 % ворыўнай зямлі ляжала ў пустках. Моцна пацярпелі і беларускія гарады. Яскравым прыкладам зяўляецца лёс г. Магілёва, які, пасля разбурэння шведскай арміяй, быў 8 верасня 1708 г. дашчэнту спалены па загаду Пятра І. У выніку некалі магутны гандлёвы цэнтр у Беларускім Падняпроўі так і не змог аднавіць сваёй былой велічы.

З аднаго боку, аднаўленчы перыяд першай паловы ХVІІІ ст. павінен быў быць лягчэйшым, паколькі скарбам ужо былі распрацаваны і правераны на практыцы рычагі і механізмы гаспадарчай адбудовы ў другой палове ХVІІ ст. Аднак абектыўныя эканамічныя цяжкасці, звязаныя з ваенным ліхалеццем, ускладняліся яшчэ і тым, што ў пачатку ХVІІІ ст. разбурэнне напаткала не поўнасцю адноўленую і ўмацаваную сельскую гаспадарку. Таму разам з выкарыстаннем ужо вядомых мер і льготаў дзяржава вымушана была шукаць новыя дзейсныя спосабы эфектыўнага гаспадарчага адраджэння. У гэты перыяд пашырылася сялянская каланізацыя (асабліва на ўсходзе Беларусі), узрасла роля грашовых падаткаў. Аднаўленчы перыяд першай паловы ХVІІІ ст. быў больш працяглым па часе: калі ў мінулым стагоддзі для адбудовы гаспадаркі спатрэбілася каля трыццаці год, то ў пачатку ХVІІІ ст., нягледзячы на меншыя разбурэнні, эканоміка выходзіла з крызісу амаль паўстагоддзя.

Другая палова ХVІІ і пачатак ХVІІІ ст. для эканомікі Беларусі   былі, бадай што, самымі цяжкімі. «Страчанае стагоддзе» ― так можна ахарактарызаваць гэты час адносна гаспадарчай гісторыі нашай краіны. Калі ў ХVІІ–ХVІІІ ст. у перадавых краінах Еўропы адбываўся працэс хуткага накаплення капіталу, а ў 60-я гады ХVІІІ ст. у Англіі ўжо пачаўся прамысловы пераварот, то Вялікае княства Літоўскае двойчы аказвалася перад неабходнасцю ўздымаць з руінаў гаспадарку, разбураную войнамі. Працяглыя і спусташальныя ваенныя дзеянні штучна перарвалі натуральны працэс эканамічнага жыцця, і гаспадарка Беларусі гэтага перыяду не развівалася, а вырашала праблемы хутчэйшай адбудовы.

Унутрыпалітычная дэцэнтралізацыя. Ваенныя дзеянні адмоўна адбіліся не толькі на эканамічным становішчы краіны, але і сталі прычынай унутрыпалітычнай дэцэнтралізацыі, якая выявілася ў барацьбе магнацкіх груповак за ўладу.

Яшчэ ў канцы ХVІ ст. у Рэчы Паспалітай склаўся комплекс шляхецкіх прывілеяў, якія ўтварылі так званыя «залатыя шляхецкія вольнасці». Галоўнымі сярод іх з’яўляліся роўнасць усіх шляхціцаў перад законам, права на свабоду выбараў караля, на свабоду галасавання (liberum veto), недатыкальнасць асобы шляхціца і яго маёнтка (права імунітэту), права ўтвараць канфедэрацыі і права рокаша.

Пасля войнаў сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. на фоне агульнадзяржаўнага эканамічнага крызісу і пагаршэння матэрыяльнага становішча большасці сярэдняй і дробнай шляхты палітычныя правы заставаліся адзіным, што рэальна магла захаваць шляхта ў нязменнасці. Галоўную сваю задачу яна бачыла не ў карпатлівай працы на карысць дзяржавы, а ў захаванні існуючай палітычнай сістэмы.

Вельмі хутка згубнасць «залатых шляхецкіх вольнасцяў» стала відавочнай. Усялякія прапановы новаўвядзенняў з боку ўлады расцэньваліся дэпутатамі соймаў як замах на іх даўнія правы і блакаваліся. Усё часцей на пасяджэннях соймаў паслы звярталіся да права «ліберум вета» і грэбавалі дзяржаўнымі справамі дзеля ўласных інтарэсаў. Фактычна ў другой палове ХVІІ ст. распачаўся крызіс парламентарнай сістэмы Рэчы Паспалітай, які за стагоддзе ператварыў шляхецкую рэспубліку ў шляхецкую анархію.

Эканамічны крызіс другой паловы ХVІІ ст. прывёў да паглыблення маёмаснай дыферэнцыяцыі ўнутры шляхецкага саслоўя. Усё большую вагу ў Княстве сталі адыгрываць магнацкія роды — Радзівілы, Сапегі, Пацы, Вішнявецкія, якія, валодаючы вялікімі зямельнымі латыфундыямі, не жадалі падпарадкоўвацца вярхоўнай уладзе, ператварыліся фактычна ва ўдзельных князёў і называлі сябе «ўладарамі Вялікага Княства». Яны абкружалі сябе збяднелай у час вайны дробнай шляхтай, з якой утваралі ўласную кліентэлу — давалі ёй зямельныя ўладанні і патрабавалі за гэта вернасці і адданай службы ў іх прыватным войску.

Найбольш знакамітыя магнацкія роды вялі паміж сабой барацьбу за першынство ў краіне. У 50-я – пачатку 60-х г. ХVІІ ст. унутрыпалітычнае жыццё ў ВКЛ вызначалася панаваннем роду Радзівілаў, у сярэдзіне 60-х – пачатку 70-х г. — Пацаў, а ў 90-я г. – Сапегаў. Нашчадкі гэтага аднаго з самых старажытных родаў ВКЛ на рубяжы ХVІІ–ХVІІІ ст. здолелі заняць амаль усе асноўныя дзяржаўныя пасады і хацелі ператварыць у жыццё ідэю вялікага гетмана Яна Казіміра Сапегі, якая заключалася ў разрыве уніі з Польшчай і ўсталяванні незалежнасці ВКЛ. Сапежынская ўсеўладнасць выклікала незадаволенасць іншых магнацкіх семяў, у першую чаргу Агінскіх і Вішнявецкіх. Складанасць унутрыпалітычнай сітуацыі дапаўнялася яшчэ і бескаралеўем, якое наступіла ў 1696 г. пасля смерці Яна ІІІ Сабескага і якое імкнуліся выкарыстаць суседнія краіны, каб пасадзіць на трон Рэчы Паспалітай выгадную для сябе фігуру.

Выбраны каралём саксонскі курфюрст Фрыдрых-Аўгуст ІІ (Моцны) (1697 – 1733) імкнуўся згладзіць канфлікт паміж магнацкімі родамі ў ВКЛ, але напачатку ХVІІІ ст. канфрантацыя толькі ўзмацнілася і набыла характар грамадзянскай вайны. 18 лістапада 1700 г. пад Алькенікамі адбылася рашаючая бітва паміж войскам Сапегаў, якое складалася з кліентэлы, наёмнікаў і нават сялян, і паспалітым рушаннем, якое сабрала шляхта ВКЛ. Сапегі былі разбіты, а шляхта прыняла пастанову, па якой Сапегі страчвалі ўсе дзяржаўныя пасады і ўладанні ў ВКЛ.

Паўночная вайна не спыніла барацьбы магнацкіх груповак за ўладу ў першай палове ХVІІІ ст., што яшчэ больш спрыяла ўмяшальніцтву ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай іншых дзяржаў. Краіны-суседзі – Расія, Аўстрыя і Прусія прыкладалі шмат намаганняў для таго, каб не даць парушыць «дэмакратычныя» парадкі ў Рэчы Паспалітай і тым самым замацаваць шляхецкую анархію. У 1717 г. аднадзённы «нямы» сойм у Варшаве, пастановы якога, прадыктаваныя расійскім урадам, прымаліся без абмеркавання, яшчэ больш абмежаваў уладу караля. Акрамя таго, у 1720 г. Пётр І і прускі кароль Фрыдрых Вільгельм дамовіліся не дапусціць магчымасці палітычнага і эканамічнага рэфармавання Рэчы Паспалітай. У 1726 г. да гэтай дамовы далучылася Аўстрыя.

У 1733 г. большасцю галасоў каралём Рэчы Паспалітай быў абраны Станіслаў Ляшчынскі, але Расія і Аўстрыя пры падтрымцы расійскага войска дамагліся, каб новым манархам быў абвешчаны чарговы прадстаўнік саксонскай дынастыі Аўгуст ІІІ Прыгожы (1733–1763).

У сярэдзіне ХVІІІ ст. на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне аказвалі ўплыў дзве магнацкія групоўкі: 1) «Фамілія» – прыхільнікі роду Чартарыйскіх, якія выступалі за неабходнасць правядзення эканамічных і палітычных рэформ у краіне; 2) «рэспубліканцы» – прадстаўнікі розных магнацкіх родаў, якіх з сярэдзіны ХVІІІ ст. узначальваў Караль Станіслаў Радзівіл («Пане Каханку»). Пасля смерці ў 1763 г. Аўгуста ІІІ гэтыя групоўкі актыўна ўключыліся ў барацьбу за вылучэнне свайго кандыдата на трон Рэчы Паспалітай. Больш слабая «Фамілія» для палітычнай перамогі папрасіла ваенную падтрымку ў Кацярыны ІІ. Такім чынам, пры дапамозе расійскага ваеннага, палітычнага і фінансавага ўдзелу на сойме 1764 г. чарговым (і, як аказалася, апошнім) каралём Рэчы Паспалітай быў абраны пляменнік канцлера ВКЛ Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага ўраджэнец Беларусі Станіслаў Панятоўскі (1764–1795), які пры каранацыі ўзяў імя Аўгуст.

Такім чынам, абранне Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаўленніка прагрэсіўнай магнацкай групоўкі, сведчыла, што Рэч Паспалітая ў другой палове ХVІІІ ст. выбрала новы вектар развіцця ― шлях рэформ. Разам з тым перамога на выбарах пры апоры на іншаземнае войска чарговы раз адчыняла дзверы для ўмяшальніцтва замежных краін ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, што ў далейшым і прывяло да знікнення дзяржавы ў выніку трох падзелаў яе тэрыторыі паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй (1772, 1793, 1795).

3. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. Беларуская культура ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. развівалася ў вельмі неспрыяльных умовах. Як адзначалася вышэй, пасля войнаў другой паловы ХVІІ ст. змянілася канфесійная сітуацыя на землях Беларусі — ад талерантнасці да рэлігійнай нецярпімасці, што не магло не паўплываць на агульны стан культуры. Больш за тое, пасля пераводу ў 1696 г. усяго справаводства на польскую мову распачалася адкрытая паланізацыя і акаталічванне, у першую чаргу шляхты. Манаполію на адукацыю захапіў касцёл, што вылілася ў клерыкалізацыю культуры. Былі забытыя дасягненні «залатога веку» (Рэнесанса), паўсюдна ў Рэчы Паспалітай панаваў рэлігійны фанатызм.

Галоўным мастацкім стылем у той час было барока, якое асабліва выявілася ў архітэктуры (дынамічнасць кампазіцыі, кантрастнасць маштабаў, ілюзія бязмежнай прасторы і г. д.). У адпаведнасці з гэтым стылем у гарадах і вёсках будаваліся касцёлы, манастыры і магнацкія сядзібы.

На рубяжы ХVІІ – ХVІІІ ст. развівалася тэатральнае жыццё ў ВКЛ. Найбольш былі распаўсюджаны тэатры пры езуіцкіх навучальных установах, існаваў народны лялечны тэатр — батлейка. У якасці мецэнатаў культуры выступалі ў першую чаргу магнаты, якія мелі ва ўласных маёнтках прыгонныя тэатры. Яны нават пасылалі найбольш таленавітых прыгонных акцёраў вучыцца за мяжу. Адным з першых у ХVІІІ ст. Францішкай Уршулай Радзівіл быў заснаваны прыгонны тэатр у Нясвіжы. Вядомы быў таксама слонімскі тэатр Міхала Агінскага.

Нягледзячы на цяжкасці ў развіцці культуры, Беларусь мела ў тыя часы знакамітых асобаў, якімі па праву ганарыцца і сёння. Сярод іх грамадскія і царкоўныя дзеячы, аўтары падручнікаў Мялецій Сматрыцкі (1572 – 1633) і Сімяон Полацкі (1629 – 1680); Казімір Лышчынскі (1634 – 1689), які за свой трактат «Аб неіснаванні бога» быў спалены на вогнішчы інквізіцыі; Казімір Семяновіч (каля 1600 – пасля 1651), які выдаў кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі», а таксама ўпершыню ў свеце стварыў праект шматступенчатай ракеты; Ілля Капіевіч (1651 – 1714), які выдаў больш за 20 падручнікаў па граматыцы і рыторыцы.

Другая палова ХVІІІ ст. стала якасна новым этапам у эканамічным і палітычным развіцці ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай. У гэты час у краіне пачалі распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва  антыфеадальнай, буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталізму, якая прапаведавала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Прыхільнікі Асветніцтва імкнуліся пераадолець недахопы існуючага грамадскага ладу, рэфармаваць яго сацыяльную і дзяржаўную структуры, палітыку, паводзіны людзей шляхам распаўсюджання навукі, ведаў, прапаганды ідэй справядлівасці і гуманізму. Ідэолагам Асветніцтва стаў французскі філосаф Вальтэр, які выступаў за адмену саслоўных прывілеяў і надаваў вялікую ролю ў змене грамадства «адукаваным манархам».

Распаўсюджанне ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Рэчы Паспалітай супала з перыядам стабілізацыі гаспадарчага жыцця. У пэўнай ступені неабходнасць зменаў была ўсвядомлена часткай патрыятычнай эліты Рэчы Паспалітай. Адбылася своеасаблівая «мадэрнізацыя ў розумах», для якой важнае значэнне меў асветніцкі спосаб разумення прагрэсу, у першую чаргу, як аддзялення (ці супрацьпастаўлення) сучаснасці і мінулага. Верагодна, упершыню традыцыя, якая была да гэтага часу бясспрэчным аўтарытэтам («старыны не рушыць»), з другой паловы ХVІІІ ст. стала падвяргацца крытыцы, і з уласцівым для тых часоў аптымізмам пачала даказвацца перспектыўнасць увядзення палітычных і эканамічных навацый для паляпшэння становішча грамадства і дзяржавы. У гэты час выходзіла шмат кніг, у якіх прапагандаваўся еўрапейскі вопыт гаспадарання ў вёсцы і ў горадзе. Аўтары эканамічнай літаратуры заклікалі шляхту не баяцца новаўвядзенняў, выкарыстоўваць замежныя напрацоўкі, але не забываць свае традыцыі (здабыткі) і спалучаць іх з рэаліямі грамадскага і гаспадарчага развіцця.

На землях Рэчы Паспалітай пашырылася свецкая адукацыя. Пад кіраўніцтвам С. Канарскага была праведзена школьная рэформа. У 1773 г. для кіраўніцтва народнай асветай у Рэчы Паспалітай была створана спецыяльная ўстанова ― Адукацыйная камісія, якая зрабіла спробу вызваліць адукацыю ад прамога ўплыву каталіцкай царквы. За 20 гадоў яе дзейнасці на тэрыторыі Беларусі было заснавана 20 школ сярэдняй ступені навучання ў такіх гарадах, як Гародня, Пінск, Мазыр, Бабруйск і інш.

4. Спробы мадэрнізацыі жыцця ў другой палове ХVІІІ ст. Рэформы А.Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях. Магнаты і шляхта, якія хацелі палепшыць сітуацыю ў краіне і імкнуліся правесці рэформы ў эканоміцы і палітыцы, абядналіся вакол Станіслава Аўгуста і «Фаміліі». Яны і склалі ядро ў каралеўскай партыі, якая павінна была стварыць апору ўлады і ўзняць яе аўтарытэт.

Спробы рэфармавання пачаліся на канвакацыйным сойме 1764 г., дзе, між іншым, было вырашана:

  •  абмежаваць практыку ўжывання права «ліберум вета» па эканамічных пытаннях, якія сталі прымацца простай большасцю галасоў;
  •  заснаваць Скарбавую камісію ВКЛ – Эканамічную Раду Літоўскага скарбу, якая з’яўлялася спецыяльным дзяржаўным органам па кіраванню фінансамі, кантролю за збіраннем і размеркаваннем падаткаў, ажыццяўленню судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем і ўвогуле за гаспадарчай сітуацыяй у краіне;
  •  адмяніць ўнутрыдзяржаўныя гандлёвыя пошліны і замяніць іх адзіным «генеральным падаткам»;
  •  увесці ў дзяржаве адзіную сістэму мераў і вагі;
  •  стварыць разгалінаваную сістэму зносін для актывізацыі гандлю ў краіне і інш.

Рэформы А.Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях. Пры ажыццяўленні свайго палітычнага і эканамічнага курсу Станіслаў Аўгуст мог разлічваць толькі на асабіста адданых яму людзей, адным з якіх быў Антоній Тызенгаўз.

Займаючы пасады надворнага літоўскага падскарбія, гарадзенскага старосты, генеральнага адміністратара ўсіх каралеўскіх эканомій у ВКЛ, А.Тызенгаўз распачаў сістэму эканамічных пераўтварэнняў, мэтай якіх было фінансавае ўмацаванне каралеўскай улады і пазбаўленне караля залежнасці ад магнатаў.

Цэнтрам эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця ў ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. стала Гародня: у горадзе, згодна з пастановай сойма 1673 г., праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай (акрамя канвакацыйных, элекцыйных і каранацыйных), для чаго ў 1737–1742 г. быў пабудаваны новы каралеўскі палац; у Гародні праходзілі пасяджэнні Скарбавай камісіі і знаходзіўся яе архіў; горад стаў рэзідэнцыяй каралеўскай партыі ў ВКЛ і, нарэшце, цэнтрам эканамічных і культурных пераўтварэнняў А.Тызенгаўза.

Аграрная рэформа А.Тызенгаўза. Ажыццяўленне сваіх рэфарматарскіх планаў А.Тызенгаўз распачаў з правядзення аграрных пераўтварэнняў у сталовых эканоміях ВКЛ, якія з’яўляліся асноўнай крыніцай папаўнення каралеўскага скарбу, з мэтай павелічэння іх прыбытковасці.

Асноўныя мерапрыемствы рэформы.

1. Рэформа пачалася з люстрацыі – дакладнай рэвізіі ў сталовых эканоміях ВКЛ. У першую чаргу, неабходнасць вызначэння іх даходнасці тлумачылася тым, што пры сістэме «слабодаў» і іншых ільгот, якія ўводзіліся ў папярэдні перыяд пасляваеннай адбудовы гаспадаркі, многія сяляне значна пашырылі свае надзелы, але гэта не знайшло адлюстравання ў інвентарах. У выніку збор падаткаў і выкананне сялянамі павіннасцей ажыццяўляліся не з рэальнага ўчастка, а з замацаванага за пэўнай сям’ёй у даўніх дакументах, памеры якога звычайна былі значна меншыя за рэальны надзел.

2. Зямля, якая надавалася сялянам, падзялялася на дзве часткі – сядзібную (аселую) і прыёмную. З мэтай упарадкавання землекарыстання і падаткаабкладання кожная сялянская сям’я абавязана была ўзяць 1/4 частку валокі ў якасці сядзібнага надзелу, з якога прызначаліся асноўныя падаткі і павіннасці. Зямля, якая заставалася, атрымала назву прыёмнай і магла разбірацца сялянамі на добраахвотных пачатках у любой колькасці (у залежнасці ад наяўнасці яе ў маёнтку і ад гаспадарчых магчымасцяў той ці іншай сям’і) пераважна за дадатковы чынш.

3. Для павелічэння прыбытковасці каралеўскіх уладанняў па ініцыятыве А.Тызенгаўза ў іх аднаўляліся фальваркі, якія былі ліквідаваны ў другой палове ХVІІ ст. Вяртанне да фальваркавай сістэмы было выклікана ростам цэн на збожжа на рынках Заходняй Еўропы. Адзначым, што гэта была не простая рэанімацыя фальваркаў, паколькі ўжываліся новыя формы апрацоўкі глебы, ліквідавалася сістэма «параў» і ўводзіліся шматпольныя севазвароты, паляпшалася жывёлагадоўля.

4. У сталовых эканоміях уводзілася паншчына ў памеры 2 дні ў тыдзень з асноўнага надзелу (з 1/4 часткі валокі). У выніку сялянства падзялілася на дзве катэгорыі – цяглыя, якія адпрацоўвалі паншчыну, і зямяне, галоўнай павіннасцю якіх была выплата грашовай рэнты.

5. Рэформа прадугледжвала стварэнне ў вёсках «камунальных магазінаў» і «камунальных касаў», у якія сяляне абавязаны былі рабіць натуральныя і грашовыя ўзносы. У «камунальныя» ці «збожжавыя магазіны» ўзносы рабіліся ўсімі відамі зерня, якое прызначалася на выпадак агульнага неўраджаю альбо для пазыкі пацярпеўшым ад стыхійных бедстваў ці проста бедным. Грошы з «камунальных касаў» ішлі на добраўпарадкаванне вёсак, утрыманне дактароў, фельчараў, радзільных дамоў і да т. п. Існавалі таксама «правілы ўнутранага распарадку» для сельскага насельніцтва эканомій: сяляне не мелі права прымаць у сваіх дамах бадзяг, гультаёў, заразных і хворых людзей; павінны былі засцерагаць сваю жывёлу ад заразы; на таргі і кірмашы абавязаны былі ездзіць толькі ў каралеўскія мястэчкі.

Відавочна, што рэформа А.Тызенгаўза мела шмат падабенстваў з вялікай аграрнай рэформай сярэдзіны ХVІ ст. – валочнай памерай. Аднолькавай была ідэя перамеру ворыўных зямель, стварэння фальваркаў у якасці гаспадарак па вырошчванню збожжа на продаж, падзел сялян на катэгорыі паводле іх асноўных павіннасцяў. Абедзве рэформы значна павялічылі даходы каралеўскага скарбу. Але пры гэтым павіннасны ціск у выніку рэформы А.Тызенгаўза ўзрос у некалькі разоў. Для параўнання, у час валочнай памеры паншчына вызначалася ў памеры 2 дні ў тыдзень з валокі, а ў другой палове ХVІІІ ст. – 2 дні ў тыдзень з надзелу, г. зн., з 1/4 часткі валокі. Таму сяляне ў большасці сваёй не прынялі рэформу. Формы пратэсту былі розныя: ад простых уцёкаў з уладанняў да адкрытых сялянскіх выступленняў, як, напрыклад, у 1768 г. у Берасцейскай эканоміі і ў 1769 г. у Шавельскай (на тэрыторыі сучаснай Літвы).

«Вялікі мануфактурны план» А.Тызенгаўза. У адзначаны перыяд Рэч Паспалітая востра адчувала патрэбу ў высакаякаснай прамысловай прадукцыі, неабходнай у першую чаргу для арміі і флоту, якой уласная прамысловасць забяспечыць не магла.

Першае на тэрыторыі Беларусі прамысловае прадпрыемства мануфактурнага тыпу – шкляная гута – было заснавана ў 1717 г. ва ўладанні князёў Радзівілаў у Налібоках, а ў 1737 г. другая шкляная мануфактура была пабудавана Ганнай Радзівіл ва Урэччы. На прадпрыемствах вырабляліся аконнае шкло, шкляны посуд, крышталёвыя вырабы, люстэркі і інш. Акрамя таго, Радзівілам належалі шырока вядомыя фабрыка шпалераў у Карэлічах, мануфактуры габеленаў у Міры і Альбуці, фаянсавая мануфактура ў Свержані, Слуцкая фабрыка шаўковых  паясоў, Нясвіжская суконная мануфактура. Усяго на сваіх землях Радзівілы мелі 23 мануфактуры.

Працавалі мануфактуры і ў маёнтках некаторых іншых магнатаў: паперня, суконная і палатняная фабрыкі князя Сапегі ў Ружанах (Слонімскі павет), шкляныя заводы графа Салагуба ў мястэчку Ілля (Менскі павет), гетмана Масальскага ў маёнтку Мыш (Наваградскі павет) і інш. Прыватнаўласніцкія мануфактуры, створаныя магнатамі ў сваіх уладаннях, пераважна абслугоўваліся працай залежных сялян, наёмныя работнікі былі тады рэдкасцю. Гэтая акалічнасць уплывала, натуральна, як на арганізацыю вытворчасці, так і ў пэўнай ступені на вынікі працы прадпрыемстваў.

Але ў другой палове ХVІІІ ст. неабходнасць заснавання мануфактур была ўсвядомлена на дзяржаўным узроўні, і менавіта дзяржаўная ўлада выступіла ў той час ініцыятарам стварэння мануфактур. Адноўленая да сярэдзіны ХVІІІ ст. гаспадарка разам з паляпшэннем канюктуры на рынках Еўропы стварылі станоўчы падмурак для арганізацыі прамысловай вытворчасці ў краіне, у тым ліку і ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.

Дзяржаўнае мануфактурнае будаўніцтва ў Рэчы Паспалітай звязваецца з дзейнасцю А.Тызенгаўза, які спецыяльна ездзіў за мяжу, дзе знаёміўся з арганізацыяй і дзейнасцю шэрагу прамысловых прадпрыемстваў, а таксама пасылаў туды сваіх прадстаўнікоў для вывучэння вопыту вядзення прамысловай вытворчасці. Праз стварэнне спецыяльнай падтрымкі прамысловасці сваёй краіны, своеасаблівай сістэмы «пратэкцыянізму», А.Тызенгаўз хацеў за невялікі тэрмін часу арганізаваць у аграрнай краіне развітую прамысловасць.

Цэнтрам гаспадарчых рэформаў стала рэзідэнцыя адміністратара каралеўскіх эканомій у ВКЛ — Гародня і яе прадмесце вёска Гарадніца. На Гарадніцы быў пабудаваны прамыслова-культурны цэнтр, які налічваў 85 будынкаў рознага прызначэння. Яны ўтваралі тры асобных зоны: адміністрацыйную, вытворчую і навучальную. Заснаванне першых мануфактур – суконнай і палатнянай – адбылося ў 1766–1768 гг., а ў 1777 г. гарадзенскі прамысловы цэнтр ужо налічваў 15 прамысловых прадпрыемстваў. Тут дзейнічалі гарбарная мануфактура, мануфактура па вытворчасці гармат і ружжаў, вырабаў з золата, свечак, панчошная, тытунёвая, карэтна-экіпажная, металаапрацоўчая, шаўкаткацкая, карункавая, капялюшная, дывановая, шаўковых паясоў, па вырабу ігральных карт, гузікаў, фарбы і іншых тавараў, а таксама цукраварня і паперня.

«Машыны» (станкі), інструменты, іншае абсталяванне і каля 70 % сыравіны для гарадзенскіх мануфактур прывозіліся з-за мяжы. На мясцовых рынках куплялася толькі 25 % сыравіны, 5 % спецыяльна пастаўляла Гарадзенская эканомія (воўну, дрэва, вугаль і да т. п.). Натуральна, што мануфактурная вытворчасць, акрамя ўсяго іншага, стымулявала развіццё розных галін эканомікі ўнутры краіны, у прыватнасці, авечкагадоўлю, лясную і перапрацоўчую прамысловасць.

Агульная колькасць рабочых на гарадзенскіх каралеўскіх мануфактурах у 1777 г. складала больш за 3 000 чалавек. Асартымент мануфактурных тавараў быў вельмі разнастайны. Шаўковыя тканіны вырабляліся на шаўкаткацкай мануфактуры; на палатнянай — муслін, батыст, палатно для абрусаў і сурвэтак; цвікі, рыдлёўкі, замкі, напільнікі і іншыя вырабы з жалеза выраблялі на металаапрацоўчай мануфактуры; на карункавай і залататкацкай плялі каштоўныя карункі, выраблялі залатыя і сярэбраныя ніці, а таксама некаторыя ювелірныя вырабы; мануфактура пацерак у ліку сваёй прадукцыі мела, акрамя саміх пацерак, яшчэ і шкляны посуд; на карэтна-экіпажнай мануфактуры майстравалі экіпажы «накшталт парыжскіх». Кіравалі мануфактурамі наёмныя кваліфікаваныя майстры з Англіі, Францыі, Швейцарыі, Галандыі, Прусіі і іншых краін.

Мануфактуры ствараліся не толькі ў Гародні: суконна-капялюшная мануфактура была адчынена ў мястэчку Азёры Гарадзенскага павета, тонкасуконная мануфактура – у мястэчку Ласосна Гарадзенскага павета. У Рэчыцы (пад Берасцем) былі заснаваны суконная мануфактура, шліфавальня, фабрыка для выпрацоўкі медзі, жалезная гута. Усяго ў каралеўскіх эканоміях ВКЛ было створана звыш за 20 мануфактур, з іх 16 – у Гародні. Асноўнымі пакупнікамі мануфактурнай прадукцыі быў каралеўскі двор і войска.

Для заснавання такой колькасці прадпрыемстваў А.Тызенгаўзу патрабаваліся вялікія грошы. Больш за 10,5 млн. польскіх злотых былі накіраваны ў прамысловасць з даходаў, атрыманых пасля правядзення аграрнай рэформы 1765 г. у эканоміях. Да таго ж, сума ў эквіваленце 10 млн. польскіх злотых па просьбе А.Тызенгаўза была ўзята Станіславам Аўгустам у Галандскім банку.

У аснове мануфактурнай дзейнасці А.Тызенгаўза ляжалі патрыятычныя памкненні – стварыць у краіне ўласную прамысловасць, тым самым павялічыць даходы дзяржаўнага скарбу і забяспечыць эканамічную незалежнасць ад Еўропы.

Неад’емнай часткай рэформ, ініцыяваных А.Тызенгаўзам, было ўладкаванне шляхоў зносін па сухапутных дарогах і па рэках для актывізацыі ўнутранага і знешняга гандлю. У другой палове ХVІІІ ст. былі пабудаваны дзве новыя значныя дарогі: Пінска-Слонімская і Пінска-Валынская. Для стварэння адзінай воднай сістэмы ў 1767–1784 г. быў пабудаваны канал, які злучыў Нёман з Дняпром праз Шчару, Ясельду і Прыпяць, а пабудаваны ў 1781–1784 г. другі канал злучыў Прыпяць з Заходнім Бугам. Такім чынам, стала магчымым вывозіць водным шляхам прадукцыю з беларускіх земляў у чарнаморскія і балтыйскія порты.

Фінансавую стабільнасць павінна была забяспечыць грашовая рэформа, якая распачалася ў Рэчы Паспалітай у 1766 г. і мела на мэце выключыць з абарачэння старыя манеты і ўвесці новую паўнавартасную валюту. У ходзе рэформы была зменена каціроўка шэрагу грашовых адзінак: быў уведзены талер у 8 злотых і злоты ў 4 сярэбраных або 30 медных грошаў.

Але пры стварэнні мануфактур А.Тызенгаўзам быў дапушчаны шэраг памылак і пралікаў, што ў канчатковым выніку прывяло да згортвання «вялікага мануфактурнага плана» і адстаўкі А.Тызенгаўза:  

  1.   была створана занадта вялікая колькасць разнастайных прадпрыемстваў, якія будаваліся амаль адначасова і ў вельмі хутка. Здараліся выпадкі, калі будаўніцтва пачыналася, але так і не скончвалася па прычыне недахопу фінансаў, і часткова ўзведзеныя пабудовы хутка разбураліся;
  2.   будаўніцтва практычна ўсіх мануфактур вялося на пазычаныя грошы, пры гэтым сродкі крэдыту выдаткоўваліся не толькі на будаўніцтва непасрэдна мануфактур, з якіх потым разлічвалі атрымаць прыбытак для пагашэння крэдыту, але і на стварэнне розных устаноў навучальнага і культурнага характару. Толькі ў Гародні былі заснаваны медыцынская акадэмія, бухгалтарская і будаўнічая школы, кадэцкі корпус, а таксама тэатр, аптэка, батанічны сад, друкарня, у якой выдавалася першая ў ВКЛ «Газета Гродзеньска». Усё гэта ў прынцыпе не магло даць прыбытку, а для нармальнага функцыянавання патрабавала далейшых датацый;
  3.   аснову асартыменту мануфактурных тавараў складалі прадметы раскошы, а вузкасць мясцовых рынкаў і суадносіны грамадскіх сіл, калі большасць насельніцтва была беднай, не садзейнічалі хуткаму продажу гэтых рэчаў. Мануфактурная вытворчасць не абапіралася на натуральныя патрэбы, да таго ж, гарадзенскія тавары каштавалі часам даражэй за імпартныя з-за высокіх цэнаў на замежную сыравіну і аплату працы іншаземных майстроў. Таму фактычна не магла быць арганізавана дастаткова эфектыўная сістэма збыту мануфактурных вырабаў;
  4.   мануфактуры былі заснаваны на дармовай працы каралеўскіх сялян. Аднак, не маючы ніякіх стымулаў (ні фінансавых, ні падатковых), сяляне, якія працавалі на гарадзенскіх мануфактурах, абсалютна не былі зацікаўлены ў выніках сваёй працы, што адмоўна адбівалася на якасці прадукцыі.

Такім чынам, мануфактуры не былі ў стане забяспечыць рэнтабельнасць вытворчасці звычайнымі капіталістычнымі сродкамі. Яны маглі існаваць толькі дзякуючы фінансам, якія чэрпаліся з розных крыніц, у першую чаргу з сельскай гаспадаркі каралеўскіх эканомій, што не спрыяла яе развіццю, а, наадварот, паскарала разбурэнне. Да таго ж, эканамічныя пераўтварэнні ажыццяўляліся на фоне палітычнага крызісу, які стаў вынікам першага падзелу Рэчы Паспалітай: з адыходам да Расійскай імперыі Усходняй Беларусі была згублена важная крыніца дзяржаўных даходаў, страта толькі Магілёўскай эканоміі вызначалася амаль у 1 млн. польскіх злотых.

Рэформы А.Тызенгаўза выразна паказалі, што прымусовая праца ці на ворыве, ці ў мануфактурах пры адсутнасці зацікаўленасці работніка ў яе выніках плёну не прыносіла. Таму адміністрацыя каралеўскіх эканомій у 80-я г. ХVІІІ ст. пайшла на ўвядзенне пэўных ільгот: сялянам было скасавана 25 дзён паншчыны ў год і розных іншых пабораў на суму да 15 злотых з сялянскай гаспадаркі; ліквідаваліся непрыбытковыя фальваркі, а сяляне цэлымі вёскамі пераводзіліся на чынш.

Грунтуючыся на эканамічных ведах і ідэях Асветніцтва аб натуральных правах людзей, некаторыя прыватныя ўласнікі сталі праводзіць у сваіх уладаннях прагрэсіўныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы. Сярод іх можна вызначыць Іаахіма Храптовіча, маршалка Галоўнага трыбунала ВКЛ, і Паўла Бжастоўскага, віленскага каморніка, якія ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін шукалі аптымальныя шляхі для вядзення ўласнай гаспадаркі і вызвалілі сваіх сялян ад паншчыны і асабістай залежнасці (І.Храптовіч – у маёнтку Шчорсы Наваградскага павета, П.Бжастоўскі – ва ўладанні Паўлава Віленскага павета). Апошні стварыў нават своеасаблівую «сялянскую рэспубліку» з вартай, касай дапамогі, школай для сялянскіх дзяцей і інш.

Такім чынам, змяненне ў 80-я г. ХVІІІ ст. накірунку гаспадарчай палітыкі (скарбу і некаторых прыватных уласнікаў) у бок паслаблення падаткова-павіннаснага абкладання, змяншэння паншчыны ці нават поўнага вызвалення ад яе сялян і, такім чынам, прадастаўлення ім пэўнай эканамічнай свабоды з’явілася стымулам для развіцця іх гаспадарчай ініцыятывы і агульнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне.

5. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т.Касцюшкі 1794 г. У эканамічных рэформах, якія праводзіліся ў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст. з мэтай умацавання каралеўскай улады і стабілізацыі жыцця, не былі зацікаўлены, з аднаго боку, кансерватыўныя сілы ўнутры самой краіны. Магнаты не клапаціліся пра моц сваёй краіны, а, абапіраючыся на сваю кліентэлу, выкарыстоўвалі перыяды бескаралеўя для ўласнага ўзвышэння і ўзбагачэння. Яны выступалі супраць абмежавання «залатых шляхецкіх вольнасцей», за захаванне шляхецкай дэмакратыі, якая да сярэдзіны ХVІІІ ст. ператварылася па сутнасці ў шляхецкую анархію. У выніку непрацаздольным аказаўся вышэйшы дзяржаўны орган Рэчы Паспалітай ― вальны сойм: за сто гадоў (з сярэдзіны ХVІІ да сярэзіны ХVІІІ ст.) з 55 яго пасяджэнняў 48 былі сарваны па прычыне ўжывання права «liberum veto».

З другога боку, суседнія дзяржавы ― Расія, Прусія і Аўстрыя ― ужо з сярэдзіны ХVІІІ ст. вялі перамовы аб магчымасці падзелу Рэчы Паспалітай. Як падставу для ўмяшальніцтва яны выкарысталі канфесійнае пытанне, заявіўшы аб неабходнасці абароны правоў некатолікаў (дысідэнтаў). Сапраўды, праваслаўныя і пратэстанты цярпелі ў Рэчы Паспалітай непрыкрыты ўціск з боку ўладаў: у 1668 г. была прынята пастанова, згодна з якой асобы, якія перайшлі з каталіцтва ў праваслаўе ці уніяцтва, павінны былі карацца выгнаннем, а з 1732 г. пратэстанты і праваслаўныя былі пазбаўлены права выбірацца на соймы і займаць некаторыя дзяржаўныя пасады. Такая сітуацыя не задавальняла дысідэнтаў, якія ў барацьбе за свае правы разлічвалі на дапамогу праваслаўнай Расіі і пратэстанцкай Прусіі.

Першы падзел Рэчы Паспалітай. У 1765 г. Кацярына ІІ узняла пытанне аб ураўнанні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі, аднак сойм 1766 г. адмовіўся задаволіць гэтае патрабаванне. Незадаволеныя дысідэнты ў 1767 г. стварылі дзве канфедэрацыі: праваслаўную ў Слуцку пад апякунствам Расіі і пратэстанцкую ў Торуні пад патранатам Прусіі. На дапамогу канфедэратам Расія адправіла 40-тысячнае войска. Ва ўмовах прысутнасці ў Варшаве расійскага войска сойм у 1768 г. прыняў рашэнне аб ураўнанні ў правах дысідэнтаў з католікамі, а таксама пакінуў некранутымі падставовыя прынцыпы старога палітычнага ладу (выбарнасць караля, liberum veto, права стварэння канфедэрацый і інш.).

Праціўнікі прынятых соймам пастановаў у 1768 г. стварылі Барскую канфедэрацыю (ад назвы г. Бар ва Украіне), якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Да Барскай канфедэрацыі хутка далучылася значная колькасць беларускай і літоўскай шляхты, а таксама мяшчан і сялянства. Па сутнасці, у краіне пачалася грамадзянская вайна. У рашаючай бітве пад в. Сталавічы (каля Баранавіч) 12 верасня 1771 г. прыхільнікі Барскай канфедэрацыі пацярпелі паражэнне ад рускай арміі пад камандаваннем А. Суворава. 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі была падпісана тайная канвенцыя аб падзеле часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, паводле якой Расія анексіравала беларускія землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – 92 тыс. кв. км з насельніцтвам 1 млн. 300 тыс. чалавек.

Спробы выратавання краіны. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Падзеі 1772 г. выразна паказалі, што захаваць цэласнасць і незалежнасць краіны можна толькі ў выпадку правядзення радыкальных эканамічных і палітычных рэформ. З 1773 г. усе соймы пачалі праходзіць у рэжыме канфедэрацый, што дазваляла пазбягаць liberum veto і прымаць рашэнні простай большасцю галасоў. Пастановай сойма 1775 г. была створана Пастаянная рада – агульны для ВКЛ і Кароны орган выканаўчай улады, у які ўваходзілі 18 дэпутатаў сойма і 18 сенатараў. Гэтая Рада знаходзілася пад кантролем невялікай групы магнатаў і моцным уплывам рускага пасла, а таму не дамагалася забеспячэння сапраўдных інтарэсаў Рэчы Паспалітай. У выніку яна атрымала назву «рада здрады» і ў 1789 г. была ліквідавана рашэннем Чатырохгадовага сойма (1788 – 1792).

На гэтым сойме, які пазней быў названы таксама «Вялікім», было прынята шмат пастаноў, мэтай якіх было забеспячэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Сярод найбольш важных рашэнняў – павелічэнне колькасці войска да 100 тыс. чалавек, стварэнне Ваеннай камісіі, пашырэнне правоў мяшчан, дазвол шляхце займацца рамяством і гандлем, вяртанне магдэбургскага права гарадам, якія былі пазбаўлены яго ў 1776 г., і інш.

Кульмінацыйнай падзеяй Чатырохгадовага сойма стала прыняцце 3 мая 1791 г. Канстытуцыі («Урадавай Уставы») Рэчы Паспалітай. Гэта быў другі ў свеце (пасля Канстытуцыі ЗША 1787 г.) і першы ў Еўропе дакумент, прысвечаны арганізацыі дзяржаўнай улады ў краіне і рэгуляванню правоў яе грамадзян. Па Канстытуцыі Рэч Паспалітая абвяшчалася прававой дзяржавай з вяршэнствам закона і падзелам улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Да найбольш важных зменаў адносіліся:

  •  адмена выбарнасці каралёў і ўстанаўленне спадчыннасці трона;
  •  адмена «залатых шляхецкіх вольнасцей»;
  •  змяненне структуры і характару дзейнасці судовых органаў і абвяшчэнне прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя толькі судом.

Такім чынам, Канстытуцыя 3 мая захоўвала феадальна-прыгонніцкі лад, але адначасова стварала больш выгадныя ўмовы для развіцця мануфактурнай вытворчасці і гандлю, надзяляла больш шырокімі правамі гарадскіх жыхароў. Менш за ўсё зменаў яна ўносіла ў прававое становішча сялян, дэкларатыўна адзначыўшы толькі недапушчальнасць самавольства паноў у адносінах да залежнага сельскага насельніцтва. Разам з тым відавочна, што Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, ператварала дзяржаўныя органы ўлады ў здольныя да рашучых дзеянняў. Але, па сутнасці, гэта была Канстытуцыя польскага народа і польскай дзяржавы, паколькі яна ліквідавала федэратыўны падзел на Карону і Княства, адмяніла паасобныя органы дзяржаўнай улады ВКЛ і Кароны, абвесціла каталіцызм дзяржаўнай рэлігіяй, а Рэч Паспалітую ― унітарнай дзяржавай польскага народа. Усё гэта непазбежна вяло да паланізацыі беларускага народа.

Але ў поўнай меры Канстытуцыю не ўдалося ажыццявіць. Рэакцыйныя кансерватыўныя колы магнатаў і шляхты звярнуліся да Кацярыны ІІ з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. Пад пратэктаратам Кацярыны ІІ вясной 1792 г. была ўтворана Таргавіцкая канфедэрацыя, якая сваім Актам скасавала ўсе пастановы Вялікага сойма. Упэўненасці канфедэратам надало 100-тысячнае расійскае войска і пераход на іх бок Станіслава Аўгуста. Карыстаючыся момантам, на пачатку 1793 г. свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай увяла Прусія. Завяршэннем гэтых падзей стаў другі падзел Рэчы Паспалітай, дамова аб якім была падпісана 23 студзеня 1793 г. у Пецярбургу. Згодна з ёй, да Расіі адыходзілі беларускія землі па лініі Друя – Пінск.

У складаных умовах у 1793 г. праходзіў «нямы» Гарадзенскі сойм. Прыхільнікі Таргавіцкай канфедэрацыі пры дапамозе расійскага войска, якое абкружыла гарадзенскі каралеўскі палац – месца правядзення сойма, дамагліся недапушчэння на сойм патрыятычных сіл, адмены Канстытуцыі 3 мая і зацвердзілі акт другога падзелу краіны.

Паўстанне Т.Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Адказам на другі падзел Рэчы Паспалітай і апошняй спробай выратавання краіны зявілася нацыянальна-вызваленчае паўстанне, якое ўзначаліў ураджэнец Беларусі і герой вайны паўночнаамерыканскіх калоній за незалежнасць (1775–1783) Тадэвуш Касцюшка. Акт паўстання быў абвешчаны на галоўнай плошчы г. Кракава 24 сакавіка 1794 г. Мэтамі паўстання былі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., вяртанне Канстытуцыі 3 мая і працяг рэформ, а дэвізам ― «Вольнасць, цэласнасць, незалежнасць».

У красавіку да паўстанцаў (інсургентаў) далучылася патрыятычная беларуска-літоўская шляхта. Паўстаннем на землях ВКЛ кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі, вядомы сваімі радыкальнымі поглядамі, прыхільнік Французскай рэвалюцыі і праціўнік прыгону. Удзельнікаў паўстання ў ВКЛ не задавальняла Канстытуцыя 3 мая, паколькі яна ліквідавала дзяржаўнасць ВКЛ. Таму яны пачалі праводзіць палітыку з пэўнымі элементамі незалежнасці ВКЛ ад Кароны, палітыку так званага «ліцвінскага сепаратызму», а саміх інсургентаў сталі называць «віленскімі якабінцамі». У выніку створаная Найвышэйшая Літоўская Рада ― выканаўчы орган паўстання ў ВКЛ ― выступала з больш радыкальнымі дэмакратычнымі патрабаваннямі ў параўнанні з кіраўнікамі паўстання ў Польшчы.

Напачатку паўстанцы мелі поспех, яны ўзялі ўладу ў Вільні, Гародні, Берасці, Наваградку, Слоніме, Лідзе, Пінску, Ваўкавыску і іншых гарадах. Да паўстання далучылася значная частка шляхты на чале з Міхалам Клеафасам Агінскім, які напісаў «Марш паўстанцаў 1794 года». Актыўна дапамагалі інсургентам і ўзброеныя косамі сяляне (касінеры), якія спадзяваліся на адмену прыгоннага права. Гэтаму садзейнічаў выдадзены Т.Касцюшкам 7 мая 1794 г. «Паланецкі універсал», у якім сяляне абвяшчаліся асабіста свабоднымі і ім гарантавалася апека ўрада, але разам з тым зямля заставалася ва ўласнасці шляхты. Т. Касцюшку палохала рэвалюцыйная праграма Я. Ясінскага. Ён абвінаваціў правадыра «віленскіх якабінцаў» у дзеяннях, накіраваных супраць «уніі братніх народаў», і 4 чэрвеня 1794 г. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем. У той жа час расійскія ўлады абяцалі амністыю сялянам-паўстанцам і раздачу ім зямель шляхціцаў, якія прымалі ўдзел у паўстанні. Да таго ж, на падаўленне паўстання Кацярына ІІ паслала войска пад кіраўніцтвам А. Суворава. У рашаючай бітве пад Мацяёвіцамі 10 кастрычніка 1794 г. армія інсургентаў была разбіта, а паранены Т. Касцюшка трапіў у палон.

У Пецярбургу 24 кастрычніка 1795 г. была падпісана канвенцыя аб апошнім падзеле Рэчы Паспалітай, у выніку якога некалі моцная дзяржава перастала існаваць. Усе беларускія землі, акрамя Беласточчыны, былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі. 25 лістапада 1795 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісаў у Гародні акт адмовы ад трона. Пачаўся новы этап змагання за беларускую ідэнтычнасць, за права беларускага народа на дзяржаўную незалежнасць.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Адукацыйная камісія − установа па кіраванню народнай асветай у Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.

Анексія – гвалтоўнае далучэнне, захоп.

Асветніцтва − антыфеадальная ідэалогія ХVІІІ ст., якая прапаведавала прыярытэт адукацыі, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы.

Ачыншаванне − перавод сялян з адпрацовачнай рэнты на грашовую.

Дысідэнты – агульная назва ўсіх некатолікаў у Рэчы Паспалітай.

Загоны − назва казацкіх атрадаў у войску Б.Хмяльніцкага.

Канвакацыйны сойм – сойм у Рэчы Паспалітай, які вызначаў месца і час выбараў караля.

Каранацыйны сойм – сойм у Рэчы Паспалітай, на якім адбываліся выбары караля.

Люстрацыя − перыядычны перапіс дзяржаўнай маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці.

Мануфактура − прамысловае прадпрыемства, заснаванае на ўжыванні падзелу працы і ручной рамеснай тэхнікі.

Слабада − поўнае або частковае вызваленне сялян ад павіннасцей на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Элекцыйны сойм – сойм у Рэчы Паспалітай, на якім кароль прысягаў выконваць умовы, паводле якіх адбылося яго выбранне.

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

1648 − 1651 г. − казацка-сялянская вайна.

1654 − 1667 г. − вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за беларускія землі.

1700 − 1721 г. − Паўночная вайна.

1717 г. − «нямы» сойм у Варшаве.

1765 − 1780 г. − рэфарматарская дзейнасць А.Тызенгаўза ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.

1772 г. − першы падзел Рэчы Паспалітай.

1773 − 1794 г. − дзейнасць Адукацыйнай камісіі.

3 мая 1791 г. − прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай.

1793 г. − другі падзел Рэчы Паспалітай.

1794 г. − паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі.

1795 г. − трэці падзел Рэчы Паспалітай.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1.  Чаму перыяд другой паловы ХVІІ − першай паловы ХVІІІ ст. у беларускай гісторыі называецца «разбуральным стагоддзем»?
  2.  Параўнайце перыяды аднаўлення гаспадаркі на землях Беларусі ў другой палове ХVІІ і першай палове ХVІІІ ст. Вызначце падабенства і адрозненні.
  3.  Дайце характарыстыку ўнутрыпалітычных сілаў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.
  4.  Якія ўмовы спрыялі распаўсюджванню ідэй Асветніцтва ў Рэчы Паспалітай?
  5.  Вызначце і прааналізуйце прычыны падзелаў Рэчы Паспалітай. Ці можна было, на Ваш погляд, прадухіліць падзел дзяржавы?

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

  1.  Дзяржаўная эканамічная палітыка аднаўленчага перыяду другой паловы ХVІІ ст.
  2.  Эканамічныя рэформы Антонія Тызенгаўза ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.
  3.  Гродзеншчына ў час паўстання 1794 г.
  4.  Уплыў ідэй Асветніцтва на рэфармаванне Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.

ЛІТАРАТУРА

  1.  Анішчанка Я. Беларусь у часы Кацярыны ІІ. – Мінск, 1996.
  2.  Анішчанка Я.  Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. – Мінск, 2003.
  3.  Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (ХVІІ–ХVІІІ стст.) – Мінск, 2004.
  4.  Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. – Мінск, 1997.
  5.  Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі: ХVІ – ХVІІІ стст. – Мінск, 1992.
  6.  Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в ХVІ–ХVІІІ вв. – Минск, 1975.
  7.  Емельянчык У.П. Паланез для касінераў. З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі. – Мінск, 1994.
  8.  Кітурка І. «За вольнасць і больш заплацяць»: спрэчкі пра аграрныя рэформы ў ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. //Спадчына. – 2002. – № 4.
  9.  Кітурка І.Ф. Дзяржаўныя ўладанні на землях Беларусі ў другой палове ХVІІ − ХVІІІ ст.: палітыка гаспадарчага аднаўлення і развіцця. − Гродна, 2003.
  10.  Лойка П.А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІІ–ХVІІІ ст. – Мінск, 1991.
  11.  Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна ХVІІ–ХVІІІ ст.). – Мінск, 1980.
  12.  Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Беларуси (вторая половина ХVІІ–ХVІІІ в.). – Мінск, 1975.
  13.  Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. – Мінск, 1994.
  14.  Похилевич Л.Д. Крестьяне Белоруссии и Литвы в ХVІ − ХVІІІ в. − Львов, 1957.
  15.  Похилевич Л.Д. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине ХVІІІ в. − Вильнюс, 1966.
  16.  Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654–1667. – Мінск, 1995.
  17.  Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.
  18.  Юхо Я.А. Кароткі нарыс дзяржавы і права Беларусі. − Мінск, 1992.

Тэма 6. Эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё Беларусі

ў ХІХ ст.

1. Змены ў становішчы беларускага насельніцтва пасля далучэння да

   Расійскай імперыі.

2. Беларусь у вайне 1812 г.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

  Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

4. Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі.  

5. Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

1. Змены ў становішчы беларускага насельніцтва пасля далучэння да Расійскай імперыі. Пасля кожнага падзелу Рэчы Паспалітай на далучаных тэрыторыях уводзіўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на генерал-губернатарствы, губерні і паветы. У 1801 г. былі створаны два генерал-губернатарствы, у якія ўваходзілі пяць беларускіх губерняў: Літоўскае генерал-губернатарства (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае генерал-губернатарства (Віцебская і Магілёўская губерні). У 1807 г. па ўмовах Тыльзіцкага міра французскі імператар Напалеон І перадаў Расіі Беласточчыну ўзамен за згоду далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Такім чынам уся этнічная тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

Палітыка царскіх улад у адносінах да шляхты. За выключэннем сялянства, усё насельніцтва павінна было прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ. Тыя, хто не жадаў прыносіць прысягу, у трохмесячны тэрмін маглі прадаць нерухомасць і пакінуць межы Расійскай імперыі. Калі прадаць маёмасць не ўдавалася, яна пераходзіла ва ўласнасць расійскага скарбу. Гэтыя землі, як і былыя сталовыя эканоміі, староствы і дзяржавы, раздаваліся ўрадам расійскім памешчыкам, у выніку чаго на тэрыторыі Беларусі насаджалася расійскае землеўладанне.

Шляхта, якая прынесла прысягу, захавала свае маёнткі, але разам з тым была пазбаўлена некаторых правоў, якія мела ў Рэчы Паспалітай: права выбіраць манарха, мець замкі, трымаць узброеныя сілы для абароны сваіх вольнасцей і інш. Але ідучы насустрач мясцовай шляхце, у якасці асноўнага закону на далучаных тэрыторыях расійскі ўрад захаваў Статут ВКЛ 1588 г.

У адносінах да шляхецкага саслоўя на землях Беларусі царскі ўрад праводзіў палітыку «разбору шляхты». У адпаведнасці з ёй, шляхціцы павінны былі прадставіць дакументы на пацвярджэнне дваранскага паходжання. Дробная шляхта, якая ў пераважнай большасці такіх дакументаў не мела, пераводзілася ў разрад аднадворцаў або мяшчан. Гэтае мерапрыемства па «разбору» шляхецкага саслоўя на землях Беларусі некалькі разоў выкарыстоўвалася расійскім урадам як своеасаблівая карная палітыка, асабліва ў часы ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху.

Змены ў становішчы сялян і мяшчан. Пасля далучэння да Расійскай імперыі падаткі на насельніцтва выраслі ў 4-5 разоў; замест падымнага падатку, які збіраўся з гаспадаркі, быў уведзены падушны, якім абкладаліся асобы мужчынскага полу. У той час, як у Расіі падаткі збіраліся ў папяровых асігнацыях, беларускае насельніцтва абавязана было плаціць іх у сярэбранай манеце (курс сярэбранага рубля і рубля асігнацыямі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. суадносіўся як 1:6).

Былі ліквідаваны катэгорыі вольных сялян (зямян і баяр), а асноўнай павіннасцю станавілася паншчына, памер якой дасягаў да шасці мужчынскіх і жаночых дзён на тыдзень. Да таго ж, на сялян ускладвалася рэкруцкая павіннасць, па якой у расійскую армію на 25-гадовую службу (з 1834 г. – 20-гадовую) сялянам неабходна было выправіць аднаго рэкрута ад 200 душ мужчынскага полу (з 1820 г. – ад 125 душ). Такім чынам, распаўсюджанне на землях Беларусі расійскай падатковай і павіннаснай сістэм прывяло да пагаршэння становішча асноўнай вытворчай сілы грамадства – сялянства.

Падатковы ціск на гарадское насельніцтва таксама ўзрос: былі ўведзены падаткі на ўтрыманне чыноўніцтва, павялічаны падаткі на рамяство і гандаль. У 1785 г. на беларускія гарады былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай ІІ у так званай «Даравальнай грамаце гарадам». У адпаведнасці з ёй гарадское насельніцтва дзялілася на 6 разрадаў і на падставе маёмаснага цэнзу магло ўдзельнічаць у выбарах у гарадскую думу, але ўсе важныя пытанні гарадскога жыцця вырашаліся выключна са згоды царскай адміністрацыі (губернатараў і гараднічых). Такім чынам, самакіраванне гарадоў, якое мела на землях Беларусі больш чым 400-гадовую гісторыю і спрыяла развіццю гарадоў, было ліквідавана.

З 1794 г. згодна з указам Кацярыны II у Расіі ўводзілася «мяжа яўрэйскай аселасці», якая амаль супала з межамі ВКЛ і Расіі. Яўрэі маглі сяліцца толькі на захад ад гэтай мяжы выключна ў гарадах і мястэчках, але пры гэтым ім забаранялася трымаць шынкі і карчмы, арандаваць маёнткі, прамысловыя прадпрыемствы, а падаткі, ускладзеныя на яўрэйскае насельніцтва, былі ў два разы большыя, чым з хрысціян.

Канфесійнае пытанне. Каб не згубіць падтрымкі шляхты, якая ў пераважнай большасці была каталіцкага веравызнання, расійскі ўрад напачатку дазволіў свабоднае выкананне каталіцкіх абрадаў, а таксама захаваў за касцёламі іх маёмасць. Але пры гэтым жорстка забаранялася схіляць у каталіцкую веру праваслаўнае насельніцтва.

Праваслаўная царква, якая цярпела ўціск у Рэчы Паспалітай, атрымала дзяржаўную падтрымку, у Расійскай імперыі ёй надаваліся землі і багацці. Пасля ліквідацыі уніяцтва, якое адбылося на Полацкім царкоўным саборы 1839 г., усе уніяты былі пераведзены ў праваслаўе.

Такім чынам, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе адной з далёка не перадавых на той час у эканамічным развіцці краін Еўропы. Пагаршэнне становішча людзей простага стану, страта шляхтай рэальнай улады ў краіне, абвастрэнне нацыянальнага і рэлігійнага пытанняў падштурхоўвалі насельніцтва ад адзінкавых пратэстаў у канцы ХVІІІ ст. да масавага нацыянальна-вызваленчага руху ў ХІХ ст.

2. Беларусь у вайне 1812 г. Да 1812 г. французскі імператар Напалеон Банапарт падпарадкаваў сваёй уладзе амаль усе краіны Еўропы (акрамя Англіі і Даніі) і прыблізіўся да межаў Расійскай імперыі. Руска-французскія супярэчнасці асабліва абвастрыліся пасля Тыльзіцкага міра 1807 г., згодна з якім Расія вымушана была далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Такая палітыка была вельмі непапулярнай у Расіі, выклікала шырокую незадаволенасць у грамадстве і фактычна ўмовы кантынентальнай блакады не выконваліся. З 1809 г. Расія і Францыя пачалі рыхтавацца да вайны.

Напалеон 12 чэрвеня 1812 г. пераправіўся праз Нёман у раёне Коўна і з 448-тысячнай арміяй (у далейшым павялічылася да 600 тыс.) пачаў рухацца па літоўскіх і беларускіх землях. 1-я і 2-я расійскія арміі пад кіраўніцтвам Барклая де Толі (120 тыс. чал., штаб-кватэра ў Вільні) і П.І. Баграціёна (49 тыс. чал., штаб-кватэра ў Ваўкавыску) не маглі супрацьстаяць французам і з баямі вымушаны былі адыходзіць, каб злучыцца ў Смаленску. 3-я рэзервовая армія на чале з А.П. Тармасавым (44 тыс. чал.), якая перад вайной была размешчана ў ваколіцах Жытоміра, на злучэнне з асноўнымі расійскімі ваеннымі сіламі не пайшла, а здзяйсняла ваенныя рэйды супраць напалеонаўскіх войск на Брэстчыне.

Насельніцтва Беларусі, асабліва заходняй яе часткі, звязвала з Напалеонам надзеі на паляпшэнне свайго становішча:

  •  шляхта, якая страціла ў Расійскай імперыі свае палітычныя правы і ўплывы, спадзявалася на магчымасць аднаўлення ВКЛ, тым больш, што Напалеон пасля захопу Аўстрыі і Прусіі стварыў на акупаваных імі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай землях Герцагства Варшаўскае. Нягледзячы на тое, што Герцагства Варшаўскае знаходзілася пад пратэктаратам Францыі, на яго тэрыторыі былі абвешчаны дэмакратычныя свабоды і ажыццяўлялася парламенцкая форма кіравання.

Першапачаткова частка беларускай і літоўскай шляхты мела надзею на аднаўленне аўтаномнага ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. З гэтай нагоды ў 1811 г. Міхал Клеафас Агінскі падрыхтаваў і прапанаваў на разгляд Аляксандру І праект, па якому планавалася, што адроджанае ВКЛ будзе мець уласны ўрад, а ролю Канстытуцыі будзе выконваць Статут ВКЛ 1588 г. Але супрацьдзеянне з боку кансерватыўнага расійскага дваранства і абвастрэнне руска-французскіх супярэчнасцяў не дазволілі гэтаму плану ажыццявіцца. Таму большасць беларуска-літоўскай шляхты ў 1812 г. звязвала планы па аднаўленню дзяржаўнасці менавіта з Напалеонам;

  •  сяляне, знясіленыя вялікімі падаткамі і павелічэннем паншчыны, чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права, якога ўжо не існавала ў Еўропе.

Вышэйзгаданае тлумачыць, чаму на першым этапе вайны насельніцтва фактычна не аказвала значнага супраціўлення французскай арміі.

Французскі імператар не хацеў аднаўлення Рэчы Паспалітай, але быў не супраць таго, каб стварыць буфернае палітычнае ўтварэнне паміж Расіяй і Польшчай. Загадам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. быў створаны Часовы ўрад ВКЛ на чале з мясцовым памешчыкам Станіславам Солтанам. Ураду падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць (Віцебская і Магілёўская губерні не ўваходзілі ў склад ВКЛ і падпарадкоўваліся непасрэдна французскім ваенным уладам).

Шляхта для адстойвання незалежнасці адноўленай краіны стварыла армію ВКЛ, якая налічвала каля 19 тыс. чалавек. Аднак хутка стала зразумела, што створаная на акупаваных землях дзяржава з’яўляецца толькі інстытутам для больш лёгкага і добраахвотнага забеспячэння французскай арміі фуражом і правіянтам. Рэальная ўлада ў краіне належала французскім генералам, якія ўзначальвалі адміністрацыйныя адзінкі – дэпартаменты, на якія па французскаму ўзору была падзелена тэрыторыя Беларусі. У вёсках і гарадах праходзілі рэквізіцыі на карысць французскай арміі, якія ўсё часцей суправаджаліся марадзёрствам. Рабаўніцтва простага насельніцтва з боку французскіх салдат, неспраўджанне надзей на аднаўленне ВКЛ і адмену прыгоннага права, якія звязваліся з Напалеонам, выклікалі ў значнай часткі грамадства незадавальненне, якое хутка пачало перарастаць у адкрыты супраціў. 14–16 лістапада 1812 г. пры пераправе напалеонаўскай арміі праз Бярэзіну каля вёскі Студзёнкі ад «Вялікай арміі» засталося толькі 60 тыс. чалавек.

У выніку вайны 1812 г. тэрыторыя Беларусі зноў была разбурана. Па некаторых падліках, страты насельніцтва вызначаліся больш чым у 25 %, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы, зменшыліся пасяўныя плошчы. На фоне гаспадарчай разрухі ўзмацніўся прыгон. Вясной 1813 г. паўсюдна была адноўлена расійская адміністрацыя. Зыходзячы з палітычных меркаванняў, урад Аляксандра І аб'явіў амністыю той шляхце, якая ўдзельнічала ў вайне на баку Напалеона.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. На пачатку ХІХ ст., калі ў вядучых краінах Еўропы адбываўся пераход да індустрыяльнай цывілізацыі, у Расійскай імперыі па-ранейшаму панавала феадальна-прыгонніцкая сістэма. Галоўнай галіной гаспадаркі на беларускіх землях з’яўлялася ворыўнае земляробства, якое вялося на аснове прыгонніцтва з выкарыстаннем трохпольнай сістэмы і пераважна прымітыўных прылад працы. Ад эканамічных рэформ, якія праводзіліся на землях Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст. і былі накіраваны на інтэнсіфікацыю сельскагаспадарчай вытворчасці пры паслабленні павіннаснага ціску сялян, засталіся адныя ўспаміны.

У першыя дзесяцігоддзі ХІХ ст. на гаспадарчае развіццё маёнткаў беларускіх памешчыкаў вызначальны ўплыў аказала кан’юнктура цэн на збожжа ў Заходняй Еўропе. Хуткае развіццё капіталізму ў эканоміцы Еўропы суправаджалася ростам колькасці насельніцтва і адпаведна павелічэннем попыту і росту цэнаў на збожжа. Гэтая сітуацыя была выкарыстана беларускімі памешчыкамі. З мэтай павелічэння аб’ёмаў продажу зерня за мяжу пашыраліся плошчы панскага заворвання за кошт сялянскіх надзелаў і сенажацяў, але гэта прывяло да скарачэння колькасці жывёлы і адпаведна пагаршэння ўгнаення глебы.

Аднак спыніць пранікненне капіталістычных адносін у вёску было ўжо немагчыма. У сувязі з рыначнымі патрабаваннямі ў першай палове ХІХ ст. адбываецца спецыялізацыя сельскай гаспадаркі асобных рэгіёнаў Беларусі: у Віцебскай, а таксама паўночных паветах Мінскай і Магілёўскай губерняў развівалася льнаводства; у цэнтральных і паўднёвых частках Мінскай і Магілёўскай губерняў − вырошчванне канопель і вытворчасць пянькі; у Гродзенскай губерні перавага аддавалася танкаруннай авечкагадоўлі. Ва ўсіх губернях была развіта вытворчасць збожжавых культур, з канца 30-х гадоў пачалі вырошчвацца цукровыя буракі. У Беларусі з’явіліся прадпрымальніцкія гаспадаркі, якія былі арыентаваны не толькі на вырошчванне сельскагаспадарчай сыравіны, а і на яе перапрацоўку. Шырока развівалася вінакурэнне.

Аднак адзінкавыя факты прымянення памешчыкамі ў сваіх маёнтках лепшай тэхнікі, наёмнай працы і шматпольных севазваротаў не маглі прывесці да істотных змен у арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Эканамічнае развіццё ў першай палове ХІХ ст. яскрава сведчыла, што спалучэнне прыгоннай працы з патрабаваннямі ўнутранага і знешняга рынкаў магло прынесці толькі часовыя прыбыткі. З цягам часу станавілася відавочным адначасовае збядненне як панскай, так і сялянскай гаспадарак. Гэта адбывалася з прычыны таго, што працаваць на ўласным надзеле пры паншчыне ў 12 дзён у тыдзень (6 мужчынскіх і 6 жаночых) у сялян не было часу, а праца на панскім ворыве была прымусовай і не выклікала ў селяніна зацікаўленасці ў яе выніках. Такім чынам, эканамічныя магчымасці феадальна-прыгонніцкай сістэмы былі вычарпаны, а формы яе арганізацыі і спосабы вядзення гаспадаркі не маглі канкурыраваць з капіталістычным спосабам вытворчасці.

Рэформа П.Д. Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы. Ва ўмовах крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы ўрад Мікалая І вымушаны быў шукаць выйсце з існуючага становішча. У 1837–1841 г. у дзяржаўных уладаннях Беларусі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай рэформы Кісялёва. Граф П.Д. Кісялёў быў міністрам дзяржаўных маёмасцяў, і распрацаваная ім рэформа тычылася толькі дзяржаўных сялян, якія складалі пятую частку ўсяго сельскага насельніцтва Беларусі. Мэтай пераўтварэнняў было павелічэнне дзяржаўных даходаў і спыненне працэсу збяднення сялянства.

Сярод асноўных мерапрыемстваў рэформы можна вылучыць наступныя:

  1.  змена кіравання дзяржаўнай вёскай. Была ўсталявана трохярусная сістэма: губерня – акруга – сельскае ўпраўленне. Губернскія органы (палаты дзяржаўных маёмасцяў) адказвалі за правядзенне рэвізій, ахоўвалі грамадскі парадак, вырашалі пытанні харчовай і медыцынскай дапамогі. Адміністрацыя акругі займалася арганізацыяй сельскіх грамад, а сельскія ўпраўленні (сельскія сходы і старосты) праводзілі сялянскае землеўладкаванне, размеркаванне і збор падаткаў;
  2.  правядзенне люстрацыі, падчас якой складаліся інвентары з падрабязным апісаннем усіх дзяржаўных маёнткаў і вызначэннем павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча;
  3.  спыненне здачы дзяржаўных зямель у арэнду прыватным уласнікам, паколькі апошнія не дбалі аб захаванні гаспадарчага патэнцыялу ўладанняў, а клапаціліся толькі пра ўласную выгаду;
  4.  ліквідацыя фальваркаў. Гэтае мерапрыемства было адным з самых эфектыўных, паколькі з ліквідацыяй фальваркаў адмянялася паншчына, сяляне пераводзіліся на чынш, што садзейнічала павелічэнню іх зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. Да таго ж, была ўсталявана сярэдняя норма надзела на рэвізскую (мужчынскую) душу;
  5.  палітыка «апякунства», якая прадугледжвала стварэнне ў вёсках хлебных магазінаў, прыходскіх школ для навучання сялянскіх дзяцей, наяўнасць у вёсках фельчараў, а таксама правядзенне розных агранамічных мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне сялянскіх сядзібаў, развіццё сістэмы страхавання і інш.

Як бачна, рэформа П.Д. Кісялёва ў многім была падобнай на рэформу А. Тызенгаўза ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ: тая ж мэта – павелічэнне даходаў скарбу, люстрацыя дзяржаўнай маёмасці, спыненне здачы дзяржаўных зямель у арэнду і ўвядзенне кіравання імі дзяржаўнай адміністрацыяй пры адначасовым павелічэнні ролі сялянскай абшчыны, стварэнне магазінаў, школ, наяўнасць фельчараў, удасканаленне форм і метадаў вядзення сельскай гаспадаркі – усё гэта мела месца ў дзяржаўных уладаннях на землях ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. Але ў рэформах мелася адно вельмі значнае адрозненне: калі А. Тызенгаўз для павелічэння прыбыткаў скарбу аднавіў у эканоміях фальваркі і паншчыну, то ліквідацыя фальваркаў П.Д. Кісялёвым і перавод сялян на чынш з’явіліся яскравым сведчаннем разумення міністрам дзяржаўных маёмасцяў вычарпанасці магчымасцяў феадальна-прыгонніцкай сістэмы і немагчымасці прагрэсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі пры захаванні прымусовай працы асноўнага вытворцы. Калі ў другой палове ХVІІІ ст. сяляне не прынялі рэформу А. Тызенгаўза і адказалі на яе масавымі ўцёкамі з каралеўскіх эканомій, то рэформа П.Д. Кісялёва не выклікала сялянскіх пратэстаў, а, наадварот, прывяла да пэўнага павелічэння надзелаў дзяржаўных сялян (у беларускіх губернях у сярэднім на 45 %), памяншэння іх павіннасцей (у сярэднім на 56 %), прадстаўлення сялянам пэўнай эканамічнай свабоды, што, тым не менш, спрыяла  павелічэнню ўраджайнасці і дзяржаўных даходаў.

Інвентарная рэформа. Становішча насельніцтва ў прыватнаўласніцкіх маёнтках таксама выклікала занепакоенасць уладаў. Рэформа П.Д. Кісялёва не стала прыкладам для памешчыкаў. Кансерватыўныя памешчыкі працягвалі весці гаспадарку старым «дзедаўскім» спосабам і нічога не хацелі мяняць. У 40-я г. ХІХ ст. Мікалай І некалькі разоў ствараў сакрэтныя камітэты з мэтай распрацоўкі мерапрыемстваў па сялянскаму пытанню, але, баючыся страціць падтрымку дваранства, на рашучыя меры, якія б закраналі асновы феадальна-прыгонніцкай сістэмы, царскі ўрад не ішоў.

Становішча сялян у прыватнаўласніцкіх маёнтках было вельмі цяжкім: вялікі памер паншчыны пры ўстанаўленні так званых урокаў – нормаў дзённага вырабатку, вялікія дадатковыя павіннасці (будаўніцтва ў панскім фальварку, дарожныя работы, вартавыя абавязкі), згоны – прыцягненне сялян да тэрміновых сельскагаспадарчых работ, акрамя паншчыны, праца сялян у падрадчыкаў на кантрактных умовах на сплаўных і будаўнічых работах і інш. Сяляне часта не ведалі дакладна ўсіх сваіх павіннасцей і выконвалі іх па загаду ўласніка. Усё гэта выклікала сацыяльныя пратэсты сялян, якія праяўляліся, у першую чаргу, у масавых уцёках з маёнткаў.

З мэтай рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі і зняцця сацыяльнай напружанасці ў прыватнаўласніцкай вёсцы П.Д. Кісялёў у 1840 г. прапанаваў увесці на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны абавязковыя інвентары, у якіх былі б зафіксаваны памеры сялянскіх надзелаў і вызначаны дакладныя нормы павіннасцяў. Нягледзячы на тое, што прапанаванае мерапрыемства, якое стала вядома як інвентарная рэформа, не закранала асноў феадальна-прыгонніцкай сістэмы, але выклікала рэзкае непрыняцце з боку памешчыкаў. Складанне інвентароў, якое было ініцыявана дзяржавай, прыватныя ўласнікі расцанілі як умяшальніцтва ўрада ў іх асабістыя справы і наступленне на іх правы. «У сваіх маёнтках робім, што хочам» ― такі быў адказ памешчыкаў на рэформу. Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы правалілася, а крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы паглыбляўся.

Прамысловасць і гарады ў першай палове ХІХ ст. Прамысловасць у сваім развіцці праходзіць тры стадыі: 1) рамесная вытворчасць; 2) мануфактура;           3) фабрычна-заводская прамысловасць. У першай палове ХІХ ст. аснову прамысловасці Беларусі складала рамесная і мануфактурная вытворчасць. Значную ролю адыгрывала вотчынная прамысловасць памешчыкаў. Як правіла, вотчынныя мануфактуры перапрацоўвалі мясцовую сыравіну і былі заснаваны на бясплатнай працы прыгонных сялян. Памешчыкі ў пачатку ХІХ ст. з’яўляліся галоўнымі ўласнікамі капіталу, і менавіта ў іх уладаннях былі заснаваны першыя на землях Беларусі прадпрыемствы фабрычнага тыпу: у 20-я г. ХІХ ст. памешчык Пуслоўскі пабудаваў у мястэчках Хомск (Кобрынскі павет) і Косава (Слонімскі павет) дзве суконныя фабрыкі, на якіх выкарыстоўваліся паравыя рухавікі.

У гарадах і мястэчках былі распаўсюджаны пераважна рамесныя майстэрні, але змены ў іх арганізацыі сведчылі аб пачатку фарміравання капіталістычных адносін: былі ліквідаваны самастойнасць і замкнутасць цэхаў, узрасла колькасць рамесных спецыяльнасцяў. Пры гэтым гарадская прамысловасць на пачатку ХІХ ст. не магла канкурыраваць з вотчыннай, паколькі выдаткі на яе арганізацыю былі значна большымі з-за неабходнасці аплочваць зямельныя ўчасткі, закупку сыравіны і працу наёмных рабочых. Існавала і яшчэ адна перашкода на шляху эфектыўнага развіцця гарадской прамысловасці ― наяўнасць феадальна-прыгонніцкай сістэмы рабіла немагчымым стварэнне рынку свабоднай рабочай сілы. Таму са 140 мануфактур на землях Беларусі ў 1860 г. купцам і мяшчанам належалі толькі 3, а астатнія – памешчыкам.

У другой чвэрці ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі назіраўся рост гарадоў і колькасці гарадскога насельніцтва. Працэс урбанізацыі ў гэты час быў звязаны не з развіццём прамысловасці і гандлю, а ў першую чаргу з існаваннем «мяжы яўрэйскай аселасці» і перасяленнем яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі, прычым колькасць апошніх у першай палове ХІХ ст. значна павялічылася. Гэта тлумачылася тым, што памешчыкі сталі актыўна дабівацца пераводу сваіх буйных вёсак у разрад мястэчак, паколькі ў такім выпадку яны атрымлівалі права адкрываць карчмы для продажу гарэлкі, што пры распаўсюджанні вінакурэння значна павялічвала прыбытковасць іх маёнткаў.

Паступова таварна-грашовыя адносіны ўсё больш уваходзілі ў жыццё насельніцтва. Для развіцця гандлю ў першай палове ХІХ ст. надавалася ўвага паляпшэнню шляхоў зносін: будаваліся паштовыя тракты, рэканструяваліся водныя каналы (Аўгустоўскі, Бярэзінскі, канал Агінскага і інш.). Важную ролю ў пашырэнні гандлю адыгрывалі кірмашы, якія праводзіліся ў час рэлігійных святаў. У Беларусі дзейнічала каля 270 кірмашоў, найбольш вядомымі з якіх былі Кантрактавы кірмаш у Мінску, Троіцкі ў Гомелі, Зэльвенскі і Свіслацкі ў Гродзенскай губерні, Любавіцкі – у Магілёўскай, Асвейскі і Бешанковіцкі – у Віцебскай. Але з цягам часу павялічвалася роля стацыянарнага гандлю ў крамах гарадоў і мястэчак.

Такім чынам, у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі першая палова ХІХ ст. характарызавалася крызісам феадальна-прыгонніцкай сістэмы, які выявіўся ў памяншэнні даходаў уласнікаў зямлі, павелічэнні павіннаснага ўціску сялян, што таксама з’яўлялася вялікай перашкодай на шляху развіцця гарадской прамысловасці.

4. Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі. На развіццё грамадскага руху ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст. аказаў уплыў шэраг падзей: падзелы Рэчы Паспалітай і ліквідацыя дзяржаўнасці ВКЛ і Польшчы, Вялікая Французская рэвалюцыя, вайна 1812 г. і ўключэнне Царства Польскага ў склад Расійскай імперыі. Арганізатарамі і ўдзельнікамі нацыянальна-вызваленчага руху былі ў першую чаргу шляхецкая інтэлігенцыя і студэнты. У сваёй барацьбе за незалежнасць яны падтрымлівалі сувязі з перадавымі людзьмі Польшчы і Расіі. Асяродкам выспявання ідэй вальнадумства і аб’яднання іх прыхільнікаў у розныя арганізацыі ў першай палове ХІХ ст. стаў Віленскі універсітэт.

Тайныя таварыствы. У 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта ўтварылі тайнае патрыятычнае згуртаванне, якое назвалі «Таварыства філаматаў» (аматараў ведаў). У яго ўвайшлі таленавітыя маладыя людзі, імёны якіх стануць вядомыя ў свеце. Найперш, паэт з сусветным  імем Адам Міцкевіч, пачынальнік новай беларускай літаратуры і фалькларыст Ян Чачот, таленавіты паэт і грамадскі дзеяч Тамаш Зан, вялікі вучоны і асветнік Ігнат Дамейка і інш. Старшынёй Таварыства быў выхадзец з Украіны Язэп Яжоўскі.

Таварыства філаматаў мела аддзяленні ў Свіслацкай гімназіі, Полацкім піярскім вучылішчы і іншых навучальных установах. З мэтай пашырэння свайго ўплыву Таварыства ў 1819 г. стварыла шэраг структур ― «Таварыства сяброў», «Таварыства філарэтаў» (аматараў дабрачыннасці), «Саюз прамяністых», «Таварыства літаратараў».

Філаматы трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасці чалавека, выступалі супраць афіцыйнай палітыкі ў галіне адукацыі, асуджалі прыгонніцтва і феадальна-абсалютысцкія парадкі. Галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабой філаматы і іншыя суполкі, − асвета роднага краю. Яны вывучалі прыроду, гаспадарку, этнаграфію, фальклор, мову Беларусі. Ставілі задачу падрыхтаваць моладзь да рознабаковай дзейнасці на карысць Айчыны, пад якой разумелася былое Вялікае княства Літоўскае.

У 1823 г. «Таварыства філаматаў» было раскрыта ўладамі, а многія яго ўдзельнікі падвергнуты рэпрэсіям праз турэмнае зняволенне і высылку за межы Бацькаўшчыны. Але, нягледзячы на гэта, менавіта дзякуючы філаматам і іх выхавальнікам у Віленскім універсітэце пачала кшталтавацца беларуская нацыянальная ідэя.

Паўстанне 1830−1831 г. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царскай Расіі. Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студзені-лютым 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, а ўжо вясной беларускія землі далучыліся да паўстання. Найбольш актыўная барацьба разгарнулася на Віленшчыне, у Ашмянскім, Браслаўскім, Вілейскім паветах. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў дзейнічаў атрад, створаны графіняй Эміліяй Плятэр ― паэткай і збіральніцай беларускага фальклору, якая атрымала званне капітана і была прызначана ганаровым камандзірам роты паўстанцкага атрада.

У стане паўстанцаў існавала дзве плыні:

1) рэвалюцыйная на чале з Я.Лялевелем, якая выступала за надзяленне сялян зямлёй (з кампенсацыяй страт памешчыкам) і супольную з расійскім народам барацьбу супраць царызму «за нашу і вашу свабоду»;

2) арыстакратычна-кансерватыўная, прыхільнікі якой галоўнай мэтай лічылі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Неарганізаванасць кіраўніцтва паўстаннем зводзіла на нішто патрыятычныя памкненні шляхты і простага насельніцтва. У выніку 19 чэрвеня 1831 г. паўстанцы пацярпелі паражэнне ад 26-тысячнага расійскага войска ў бітве пад Вільняй. У ліпені 1831 г. паўстанне перакінулася на Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі паветы, але да канца жніўня 1831 г. яно было падаўлена расійскім войскам, а яго ўдзельнікі былі падвергнуты рэпрэсіям.

Змены ў палітыцы царызму пасля паўстання. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830−1831 г. паказала, што палітыка царскага ўрада канца ХVІІІ − пачатку ХІХ ст. у адносінах да мясцовай шляхты не прынесла плёну, што шляхта не стала апорай самадзяржаўя, а, наадварот, актыўна ўдзельнічала ў антыўрадавых выступленнях. Таму пасля падаўлення паўстання палітыка царызму на землях Беларусі і Літвы рэзка змянілася.

Маёнткі памешчыкаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, канфіскоўваліся і перадаваліся ў казну. Усяго ў пяці заходніх губернях і Беластоцкай вобласці было канфіскавана 217 маёнткаў, у якіх налічвалася 72,5 тыс. прыгонных.

З мэтай аслаблення пазіцый шляхты згодна з царскім указам ад 19 кастрычніка 1831 г. на беларускіх і літоўскіх землях узмацніўся «разбор шляхты», у выніку якога больш за 10 тысяч прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя былі пазбаўлены права прыналежнасці да яго.

На землях Беларусі на змену паланізацыі прыйшоў перыяд адкрытай русіфікацыі краю. У 1832 г. быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў, зачынены Віленскі універсітэт, а з 1836 г. забаронена вывучэнне польскай мовы ў школах. Вялася актыўная праца па змяншэнню ўплыву каталіцкай царквы на грамадскую думку. Зачыняліся каталіцкія манастыры, а маёнткі, якія ім належалі, пераводзіліся ў разрад казённых. Канфіскаваныя прыватнаўласніцкія, дзяржаўныя і манастырскія землі перадаваліся расійскім памешчыкам у арэнду на сто гадоў.

У 1839 г. у Полацку быў арганізаваны сабор уніяцкіх мітрапалітаў, на якім было прынята рашэнне аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Такім чынам, была ліквідавана адзіная ўстанова, якая ў сваёй дзейнасці карысталася беларускай мовай.

У 1830 і 1831 г. царскім указам была адменена дзейнасць Статута ВКЛ у Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. − на астатняй тэрыторыі Беларусі і Літвы. На гэтых землях былі ўведзены расійскія законы. Паводле ўказа Мікалая І ад 18 чэрвеня 1840 г. у афіцыйных дакументах замест назваў «Беларусь» і «Літва» былі ўведзены тэрміны «Западнорусские губернии» ці «Северо-Западный край».

Аднак рэпрэсіі і прымусовая русіфікацыя не спынілі развіцця нацыянальнага руху. Працягвалі дзейнічаць тайныя арганізацыі: «Дэмакратычнае таварыства», заснаванае ў 1836 г. у Вільні Францам Савічам, «Саюз свабодных братоў», які дзейнічаў у 1846–1849 г. у Вільні, Гродне, Мінску, Лідзе і іншых гарадах. У рукапісных спісах па тэрыторыі Беларусі распаўсюджваліся напісаныя па-беларуску паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат». Не толькі сяляне, але і шляхта ўсё больш актыўна карысталася беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Па-беларуску пісалі Я. Чачот, П. Багрым, В. Дунін-Марцінкевіч.

5. Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Як і на ўсе галіны жыцця беларускага грамадства, вызначальны ўплыў на культуру аказала ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Вектар развіцця беларускай культуры і адукацыі вызначаўся расійскімі ўладамі, іх палітычнымі інтарэсамі.

У першай палове ХІХ ст. у палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі панавала тэорыя «заходнерусізма», згодна з якой беларусы не лічыліся самастойным этнасам, а разглядаліся як неад’емная частка рускага народа. Натуральна, што ім адмаўлялася ў праве мець сваі мову і культуру.

Умоўна ў развіцці культуры Беларусi ў XIX cт. можна вылучыць тры этапы:

1) канец XVIII ст. – 1830–1831 г. У першыя дзесяцiгоддзi пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уплывам пры расiйскiм імператарскім двары карысталася апалячаная шляхта былога ВКЛ. Дзеля паразумення з яе прадстаўнікамі царскія ўлады дазволілі праводзіць адукацыю на польскай мове, што прывяло да паглыблення працэсаў паланiзацыi;

2) 1830–1831 г. – 1863–1864 г. Перыяд характарызаваўся ўзмоцненай русiфiкацыяй у сувязi з тым, што шляхта не спраўдзіла надзей на супрацоўніцтва і не стала апорай царскага рэжыму, а арганізавала і правяла два вызваленчыя паўстанні за аднаўленне незалежнасцi Рэчы Паспалітай;

3) 1863 – 1864 г. –  пачатак ХХ ст. У гэты час насуперак палітыцы русіфікацыі адбывалася станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі і фармiраванне беларускай нацыi.

Адукацыя. У 1802 г. у Расійскай імперыі было створана Міністэрства народнай асветы і шэсць навучальных акруг на чале з універсітэтам. Навучальныя ўстановы Беларусі ўваходзілі ў Віленскую акругу, цэнтрам якой стаў Віленскі універсітэт (1803). У 1812 г. статус акадэміі з правамі і прывілеямі універсітэта атрымаў і Полацкі езуіцкі калегіум.  Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі некаторы час дзейнічалі дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым Віленскаму універсітэту быў уласцівы дух рамантызму і непакорлівасці (яго выпускнікі, студэнты і выкладчыкі зяўляліся ўдзельнікамі паўстання 1830–1831 г.), а Полацкая акадэмія стала сапраўднай сталіцай езуітаў, дзе вучыліся дзеці кансерватыўна настроенай шляхты.

Паводле школьнага статута 1828 г. адукацыя была саслоўнай:

прыходскiя вучылiшчы (1 год) ― для дзяцей «самых нiзкiх станаў»;

павятовыя вучылiшчы (3 гады) ― для купцоў, рамеснiкаў i iншых катэгорый

  заможных гараджан;

гiмназii (4 гады) ― для дзяцей шляхты i чыноўнiкаў;

унiверсiтэты (5 год) ― вышэйшая ступень адукацыі для дзяцей шляхты i

  чыноўнiкаў.

У 1820-я г. пачалося распаўсюджванне ланкастэрскіх школ для небагатых вучняў. Гэтыя школы ўзніклі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. у розных краінах у выніку грамадскага руху за танны і хуткі спосаб атрымання адукацыі. Паводле ланкастэрскай сістэмы (ад імя англійскага педагога Дж. Ланкастэра) адбывалася навучанне дзяцей і дарослых больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. Першая ў Расійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 г. у Гомелі, у маёнтку графа М. Румянцава. У 1840-я гг. сталі адкрывацца пачатковыя школы для дзяржаўных сялян, настаўнікамі ў якіх часцей за ўсё былі мясцовыя святары.

У 1840 г. пачала дзейнічаць Горы-Горацкая земляробчая школа, пераўтвораная ў 1848 г. у земляробчы інстытут – першую ў Расіі вышэйшую агранамічную навучальную ўстанову.

У пачатку ХІХ ст. пачалося навуковае даследаванне Беларусі. Беларускiя традыцыі  вывучаліся выкладчыкамi Вiленскага унiверсiтэта ― Мiхаiлам Баброўскiм, Iгнатам Данiловiчам, Тэадорам Нарбутам. Сярод этнографаў, археолагаў і фалькларыстаў, якія вывучалі мінулае Беларусі і Літвы, былі таксама З.Даленга-Хадакоўскі, А.Кіркор, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі і інш. Сабраны імі этнаграфічны матэрыял, насуперак панаваўшай теорыі заходнерусізма, сведчыў аб існаванні самастойнага беларускага этнасу.

Лiтаратура. Насуперак паланiзацыі i русiфiкацыі, адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было станаўленне новай беларускай літаратуры, якая ў сваім развіцці абапіралася на народныя традыцыі і фальклор. Галоўным героем літаратурных твораў у акрэслены перыяд быў беларускі селянін з яго турботамі, цяжкай штодзёнай працай і павагай да роднай зямлі.

Ля вытокаў нацыянальна-культурнага адраджэння стаялі такiя знакамiтыя пiсьменнiкi, як Адам Мiцкевiч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, Уладзіслаў Сыракомля i iнш. Я.Чачот выдаў шэсць зборнікаў пад агульнай назвай «Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны», дзе змясціў не толькі сабраны па вёсках беларускі фальклор, але і свае песні на польскай і беларускай мовах. На аснове беларускіх народных казак і паданняў, але па-польску, быў напісаны Я.Баршчэўскім твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Вялікую спадчыну пакінуў выдатны пісьменнік ХІХ ст. В. Дунiн-Марцiнкевiч, творчая тэматыка якога была вельмі разнастайная ― ён пісаў пра жыццё сялян, шляхты, а таксама на гістарычную тэмы. Сярод яго асноўных твораў можна вылучыць наступныя: «Сялянка», «Пінская шляхта», «Гапон», «Славяне ў ХІХ стагоддзі» і інш.

Першая палова ХІХ ст. была часам фарміравання і развіцця агульнанацыянальнай літаратурнай мовы. Пры гэтым аўтары ў залежнасці ад паходжання і культуры выхавання выкарыстоўвалі розны алфавіт: ці лацінскі (беларуская лацінка), ці кірылічны.

Тэатр. У ХІХ ст. у развіцці тэатра і музыкі адбыўся якасна новы этап. На пачатку ХІХ ст. стацыянарныя тэатры з прафесійнымі тэатральнымі трупамі дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Мінску. Яны ставілі спектаклі не толькі ў сваіх гарадах, але і перыядычна гастралявалі па бліжэйшых гарадах і мястэчках. Рэпертуар тэатраў быў даволі вялікім і ўключаў у сябе спектаклі па творах Шэкспіра, Мальера, Шылера, Гогаля, Пушкіна і інш. У 30-я г. ХІХ ст. тэатры з’явіліся ў многіх гарадах Беларусі.

Пасля правядзення ўрадам у 1846–1846 г. тэатральнай рэформы ўсе вандроўныя тэатры былі забаронены, а ў губернскіх гарадах ствараліся руска-польскія тэатры, якія і мелі манапольнае права на выступленне ў гарадах губерні. Але рэформа не была здзейснена ў поўнай меры.

Значнай падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі стала стварэнне намаганнямі В. Дуніна-Марцінкевіча нацыянальнай тэатральнай трупы, якая ў 1852 г. у Мінскім тэатры прадставіла на суд гледача прэм’еру оперы «Сялянка»  (па твору В. Дунiна-Марцiнкевiча, музыка С. Манюшкі). Пастаноўка «Сялянкі» сведчыла аб нараджэнні беларускага нацыянальнага музычнага тэатра.

Такiм чынам, развіццё культуры на землях Беларусі ў першай палове ХІX cт. сведчыла аб пачатку працэса нацыянальнага адраджэння.

 

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Заходнерусізм – канцэпцыя адмаўлення гістарычнасці беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай супольнасці, атаясамлівання іх з велікарускім этнасам.

Разбор шляхты − комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Расійскай імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага саслоўя на далучаных землях былога ВКЛ.

Рэквізіцыя – прымусовае адабранне дзяржавай маёмасці ва ўласніка пры надзвычайных абставінах.

Секвестр – забарона ці абмежаванне, якое накладваецца дзяржавай на карыстанне якой-небудзь маёмасцю.               

ВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1 ліпеня 1812 г. – стварэнне Часовага ўрада ВКЛ.

1817−1823 г. − стварэнне і дзейнасць у Віленскім універсітэце тайных таварыстваў.

1830–1831 г. – нацыянальна-вызваленчае паўстанне на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы.

1 студзеня 1831 г. – спыненне дзеяння Статута 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях.

1832 г. − закрыццё Віленскага універсітэта.

1836 г. – Указ аб увядзенні выкладання на рускай мове ва ўсіх навучальных установах Беларусі.

1837−1841 г. − рэформа П.Д. Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы.

25 чэрвеня 1840 г. – спыненне дзеяння Статута 1588 г. у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях.

1840 г. − указы Мікалая І аб забароне дзейнасці ў заходніх губернях Статута ВКЛ і ўжыванні ў афіцыйных дакументах назваў «Беларусь» і «Літва».

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1.  Пісьмова складзіце пытанні да першага пункта тэмы «Змены ў становішчы беларускага насельніцтва пасля далучэння да Расійскай імперыі».
  2.  Дакажыце ці абвергніце наступны тэзіс: «У першай палове ХІХ ст. на беларускіх землях у складзе Расійскай імперыі назіраўся крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы».
  3.  Дайце характарыстыку гаспадарчага развіцця Беларусі ў першай палове ХІХ ст. у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

  1.  Гродзеншчына ў вайне 1812 г.
  2.  Беларускія кірмашы і іх роля ў развіцці гандлю ў першай палове ХІХ ст.
  3.  Умовы для развіцця беларускай культуры і беларускай нацыі ў ХІХ ст.

ЛІТАРАТУРА

  1.  Гарбачова В.В. Паўстанне 1830–1831 гг. на Беларусі. – Мінск, 2001.
  2.  Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.). – Мінск, 2005. – С. 49 – 157.
  3.  Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. − Мінск, 1997.
  4.  Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии (вторая половина ХVІІІ − первая половина ХІХ в.). − Минск, 1987.
  5.  Лютый А.М. Генезис капитализма в промышленности Белоруссии (вторая половина ХVІІІ − первая половина ХІХ в.). − Минск, 1991.
  6.  Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. − Мінск, 1994.
  7.  Чарэвін П. Паўночна-Заходні край // Спадчына. − 1998. − № 2. − С. 52−83.
  8.  Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине ХІХ в. − Минск, 1966.
  9.  Чепко В.В. Города Белоруссии в первой половине ХІХ в. Экономическое развитие. − Минск, 1981.
  10.  Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805 – 1815 гады. – Гродна, 2006.
  11.  Шыбека З. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ ст. – пачатак ХХ ст.). – Мінск, 1997.
  12.  Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002). – Мінск, 2003.

Тэма 7. Беларусь у перыяд станаўлення буржуазнага грамадства (другая  палова ХІХ ст.)

1. Сялянская рэформа 1861 г.

2. Асаблівасці дзяржаўных ліберальных рэформ 60-70-х г. ХІХ ст. у Беларусі.

3. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў    паслярэформенны перыяд.

4. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Шляхі зносін. Гандаль.

5. Нацыянальна-вызваленчы рух на беларускіх землях у другой палове ХІХ ст.

Наяўнасць феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў Расійскай імперыі абумовіла эканамічную і ваенна-тэхнічную адсталасць дзяржавы ў параўнанні з высокаразвітымі краінамі Заходняй Еўропы, у першую чаргу, Англіяй і Францыяй. Найбольш яскрава гэта праявілася ў Крымскай вайне (1853–1856), у якой Расія не магла супрацьстаяць тэхнічнай магутнасці вышэйадзначаных дзяржаваў і згубіла свае пазіцыі на Чорным моры. Разам з тым на рубяжы 50–60-х г. ХІХ ст. актывізаваўся сялянскі рух за адмену прыгоннага права і бязвыплатную перадачу ім надзелаў ва ўласнасць. У такіх умовах расійскі імператар Аляксандр ІІ (1855–1881) вырашыў адмяніць прыгоннае права «зверху» – шляхам рэформы, не чакаючы, калі сяляне адменяць яго «знізу» – шляхам рэвалюцыі.

1. Сялянская рэформа 1861 г. Яшчэ падчас каранацыі Аляксандра ІІ у 1856 г. прадстаўнікі памешчыкаў Заходняй Беларусі і Літвы далі згоду на прадастаўленне сялянам асабістай свабоды, але без зямлі. Іх гатоўнасць добраахвотна адмовіцца ад бясплатнай рабочай сілы прыгонных сялян тлумачыцца наступнымі фактарамі: 1) большай уцягнутасцю памешчыцкіх гаспадарак гэтага рэгіёну ў сферу таварна-грашовага абарачэння; 2) блізкасцю заходніх рынкаў; 3) наяўнасцю прадпрымальніцкіх гаспадарак; 4) больш актыўнымі выступленнямі сялян у губернях, якія межавалі з Польшчай, дзе ўжо было адменена прыгоннае права.

На імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава 20 лістапада 1857 г. быў накіраваны рэскрыпт, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях прапаноўвалася стварыць дваранскія камітэты, а потым заснаваць агульную камісію ў Вільні з мэтай распрацоўкі праекта па адмене прыгоннага права. Наступным крокам было стварэнне ў сакавіку 1859 г. рэдакцыйных камісій для разгляду праектаў дваранскіх камітэтаў і выпрацоўкі агульных палажэнняў.

Афіцыйна рэформа распачалася 19 лютага 1861 г. з падпісання Аляксандрам ІІ Маніфеста аб адмене прыгоннага права і Палажэнняў аб сялянах, якія выходзілі з прыгоннай залежнасці. Палажэнняў было тры віды – Агульнае, некалькі мясцовых і дадатковыя правілы для асобных груп насельніцтва.

Асноўны змест рэформы:

  1.  сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і некаторыя грамадзянскія правы: самастойна распараджацца сваёй маёмасцю, звяртацца ў суд і іншыя дзяржаўныя ўстановы, набываць ва ўласнасць і прадаваць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць на службу, атрымліваць адукацыю і інш.;
  2.  уся зямля абвяшчалася ўласнасцю памешчыка, частку якой ён павінен быў адвесці для сялянскіх надзелаў, якія даваліся за выкуп;
  3.  адносіны паміж памешчыкам і сялянамі ў канкрэтнай вёсцы рэгуляваліся спецыяльнымі дакументамі, якія мелі назву «ўстаўныя граматы». Яны складаліся памешчыкамі, а зацвярджаліся і ўводзіліся ў дзеянне міравымі пасрэднікамі – урадавымі чыноўнікамі, прызначанымі губернатарам. Устаўныя граматы вызначалі памер сялянскага надзелу, павіннасці за карыстанне ім, тэрмін пераходу сялян з паншчыны на чынш і інш.;
  4.  быў вызначаны мінімум зямлі на рэвізскую душу, і калі дарэформенны надзел быў большы за ўстаноўлены мінімум, то памешчык меў права лішак яе адрэзаць. Такія землі атрымалі назву адрэзкаў. Памер мінімальнага надзелу на мужчынскую душу вагаўся ў залежнасці ад якасці зямлі і не быў аднолькавым для розных мясцовасцей. У адпаведнасці з гэтым на тэрыторыі Беларусі дзейнічала два «Мясцовыя палажэнні»: адно ― для Віцебскай і Магілёўскай губерняў, дзе памеры сялянскіх надзелаў хісталіся ад 5,5 да 1 дзесяціны на душу; другое ― для Віленскай, Гродзенскай і Мінскай, дзе за сялянамі замацоўваліся дарэформенныя надзелы, а адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 яго зямель. Увогуле адмовіцца ад надзела селянін не мог;
  5.  каб не пакінуць памешчыка адразу без працоўных рук, сяляне на працягу 9 гадоў лічыліся часоваабавязанымі, гэта значыць, што яны павінны былі выконваць усе павіннасці і плаціць падаткі, як у дарэформенны перыяд. Гэты тэрмін даваўся для пэўнай адаптацыі памешчыкаў да новых умоваў гаспадарання: за вызначаны час яны павінны былі або навучыцца весці гаспадарку з ужываннем наёмнай працоўнай сілы, выкарыстаннем тэхнікі, увядзеннем прагрэсіўных агранамічных мерапрыемстваў і г. д., або прадаць сваю зямлю больш удачлівым асобам ці дзяржаве;
  6.  зямля ва ўласнасць селяніну магла перайсці толькі шляхам выкупу. Выкупны плацёж за зямлю быў роўны 6 % капіталізацыі гадавога аброку з надзела. Калі, напрыклад, гадавы аброк з сялянскага надзела складаў 9 рублёў, то, правёўшы 6 %-ную капіталізацыю (9 руб. ― 6 %, выкупны плацёж ― 100 % = 9*100/6), атрымаецца агульная сума выкупу 150 рублёў. Паколькі сяляне такіх сродкаў не мелі, то абавязаны былі выплаціць памешчыку толькі 20 %. Астатнія 80 % за селяніна памешчыку выплочвала дзяржава, даючы такім чынам сялянам крэдыт на 49 гадоў пад 6 % гадавых. У выніку памешчыкі атрымалі сродкі для прыстасавання да новых умоваў жыцця;
  7.  у сувязі з тым, што памешчыкі страцілі ўладу над сялянамі, павялічылася роля сялянскай абшчыны. Уводзіліся выбарныя органы сялянскага самакіравання – сельскія старасты і валасныя праўленні. Яны адказвалі за збор падаткаў, кантралявалі выкананне сялянамі павіннасцяў, якія па-ранейшаму выконваліся на аснове прынцыпу кругавой парукі.

Натуральна, што асноўныя палажэнні рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства, паколькі ў выніку іх надзелы зменшыліся амаль на 1/3, а падаткі пры гэтым узраслі. У адказ на рэформу ў 1861 г. на тэрыторыі Беларусі было зафіксавана 441 сялянскае хваляванне. Многія з іх былі падаўлены пры дапамозе 100-тысячнага войска, якое царскі ўрад прадбачліва размясціў на землях Беларусі напярэдадні рэформы. Свой супраціў сяляне выказвалі таксама нежаданнем падпісваць устаўныя граматы (да 1863 г. каля 80 % беларускіх сялян не падпісалі ўстаўныя граматы) і адмаўляліся выконваць павіннасці.

Рэформа на тэрыторыі Беларусі мела свае асаблівасці. Здарылася так, што яе правядзенне супала па часу з актывізацыяй нацыянальна-вызваленчага руху і паўстаннем 1863-1864 г. Каб прадухіліць удзел сялян у паўстанні, расійскі ўрад вымушаны быў пайсці на пэўныя льготы:

  •  царскім указам ад 1 сакавіка 1863 г. быў ліквідаваны часоваабавязаны стан і ўводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, а ў 1867 г. на абавязковы выкуп былі пераведзены і дзяржаўныя сяляне Беларусі;
  •  у сярэднім на 20 % былі зменшаны выкупныя плацяжы;
  •  за сялянамі захавалася сервітутнае права – права абмежаванага карыстання ўласнасцю памешчыка: пашамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі, рыбнымі ловамі і інш.

Пералічаныя льготы былі ўрадавай саступкай толькі для сялян Беларусі і Літвы і не распаўсюджваліся на іншыя тэрыторыі Расійскай імперыі.

Вынікі рэформы. Ініцыіраваная «зверху» рэформа была праведзена ў інтарэсах пануючага саслоўя і захавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Разам з тым рэформа не стымулявала памешчыкаў да хуткага пераходу на новыя формы гаспадарання. Выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі было ўскладнена наяўнасцю цераспалосіцы. Яна ўтварылася ў выніку таго, што памешчыкі пакідалі за сабой лепшыя землі ў розных месцах свайго ўладання, а таксама «адразалі» больш якасныя землі ад сялянскіх надзелаў, калі іх памер быў большы за ўстаноўлены рэформай мінімум. На тэрыторыі Беларусі цераспалосіца практыкавалася значна часцей, чым у цэнтральных раёнах Расіі. Так, у 1880-х г. яна існавала ў 42 % памешчыцкіх гаспадарак Гродзенскай і ў 51 % гаспадарак Віленскай губерняў.

Нягледзячы на атрыманне сялянамі асабістай свабоды, яны па-ранейшаму эканамічна залежалі ад памешчыка, паколькі вызначанага мінімальнага надзела часта было недастаткова для простага ўзнаўлення гаспадаркі, улічваючы, што пры павелічэнні сямі надзел заставаўся тым самым. Да таго ж, з асабістай залежнасці ад памешчыка сяляне трапілі ў фінансавую залежнасць ад дзяржавы, паколькі выплачаныя са скарбу грошы (80 % агульнай платы за зямлю) лічыліся сялянскім доўгам, які неабходна было пагасіць на працягу 49 гадоў пры 6 % гадавых. Па падліках гісторыкаў, у выніку сяляне павінны былі заплаціць у 3,3 разы больш, чым зямля каштавала на рынку.

Малазямелле сялян і іх павіннасны ўціск прывялі да шырокага распаўсюджання на тэрыторыі Беларусі сістэмы адпрацовак. Гэта была форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглай жывёлай памешчыкам або заможным селянінам за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, збожжа, будаўнічы лес і інш. Наяўнасць адпрацовак, аплата за якія была значна меншай, чым пры вольным найме, не стымулявала павышэння агратэхнікі, прымянення машын і ўвогуле не садзейнічала інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі.

Аднак, нягледзячы на захаванне пэўных феадальных перажыткаў, рэформа была значным крокам наперад у развіцці эканомікі Расійскай імперыі і Беларусі ў яе складзе. Пачыналася новая эпоха капіталістычных адносін.

2. Асаблівасці дзяржаўных ліберальных рэформ 60-70-х г. ХІХ ст. у Беларусі. Адмена прыгоннага права прымусіла царскія ўлады правесці шэраг рэформ дзяржаўна-палітычнага ладу.

Земская рэформа. 1 студзеня 1864 г. у Расійскай імперыі пачалася рэформа органаў мясцовага самакіравання. Былі ўтвораны земствы, выбары ў якія ажыццяўляліся на падставе саслоўнага і маёмаснага цэнзу, што забяспечвала ў іх пануючае становішча памешчыкаў. Земствы займаліся мясцовымі гаспадарчымі справамі і былі падкантрольныя губернатару. Земствы не атрымлівалі фінансавых сродкаў са скарбу, а асновай іх бюджэту было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, гандлёвых устаноў. На атрыманыя сродкі яны адкрывалі школы, бальніцы, праводзілі агранамічныя мерапрыемствы, займаліся статыстыкай і ўвогуле садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры.

Размах нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Літвы і Беларусі напалохаў царскі ўрад, які разумеў, што ў выпадку правядзення на гэтых тэрыторыях выбараў у земствы пераважную большасць галасоў атрымалі б памешчыкі, якія з’яўляліся ўдзельнікамі ці прыхільнікамі паўстання 1863–1864 г. Па гэтай прычыне земская рэформа ў Беларусі і Літве была адкладзена і пачалася толькі ў 1911 г. Але і тады органы мясцовага самакіравання былі створаны толькі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях (у 25 беларускіх паветах з 35). На захадзе Беларусі, дзе апазіцыя ўрадавай палітыцы была найбольш моцнай, земствы так і не былі ўтвораны.

Судовая рэформа. З адменай прыгоннага права ўзнікла неабходнасць рэфармавання і феадальна-саслоўнай судовай сістэмы. З 1864 г. у Расіі ўводзіліся агульныя і мясцовыя судовыя ўстановы. Агульнымі былі акруговыя суды (на адну губерню), судовыя палаты (адна на некалькі губерняў) і Сенат. Мясцовыя суды складаліся з міравых судоў і павятовых з’ездаў міравых суддзяў. Суд станавіўся ўсесаслоўным, адкрытым, галосным, быў створаны інстытут адвакатаў, а таксама прысяжных засядацеляў.

Аднак на тэрыторыі Беларусі правядзенне і гэтай рэформы было прыпынена. Міравыя суды былі ўведзены толькі ў 1872 г., а міравыя суддзі не выбіраліся земствамі, як гэта было ў Расіі, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі.

Гарадская рэформа. У адпаведнасці з ёй з 1870 г. у гарадах Расіі ствараліся гарадскія думы і гарадскія ўправы ― усесаслоўныя органы грамадскага кіравання, якія выбіраліся на падставе маёмаснага цэнзу. Выбарчыя правы прадастаўляліся купцам, прамыслоўцам і ўладальнікам нерухомай маёмасці ў межах дадзенага горада. Дзейнасць гарадскога самакіравання абмяжоўвалася вырашэннем гаспадарчых пытанняў, арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання і народнай адукацыі. У гарадах Беларусі і Літвы рэформа пачала дзейнічаць толькі з 1876 г.

Школьная рэформа 1864 г. фармальна ўвяла прынцып усесаслоўнай адукацыі, аднак атрымаць яе па-ранейшаму маглі не ўсе, паколькі плата за навучанне была дастаткова высокай. На тэрыторыі Беларусі не было земскіх школ, і школьная справа кіравалася ўрадавымі чыноўнікамі. Мовай навучання была руская. Навучальныя ўстановы на землях Беларусі давалі адукацыю двух узроўняў: пачатковую ― народныя вучылішчы, колькасць якіх у час рэформы была павялічана, і сярэднюю ― рэальныя і класічныя гімназіі. Пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага універсітэта, а ў 1864 г. ― Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў другой палове ХІХ ст. атрымаць вышэйшую адукацыю на тэрыторыі Беларусі ўвогуле было немагчыма. Але ў цэлым рэформа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва.

Цэнзурная рэформа 1865 г., у выніку якой некалькі пашырыліся магчымасці друку. Творы вялікіх аб’ёмаў, якія не чытала простае насельніцтва, маглі друкавацца без папярэдняй цэнзуры, а невялікія выданні, у тым ліку перыядычныя, абавязкова павінны былі яе праходзіць. Захаваліся абмежаванні на адкрыццё новых перыядычных органаў друку. Выданне літаратуры на беларускай, польскай і яўрэйскай мовах у Беларусі не дазвалялася.

Ваенная рэформа, якая ў 1874 г. увяла замест рэкруцкіх набораў усесаслоўную воінскую павіннасць для мужчынскага насельніцтва з 21-гадовага ўзросту. Тэрмін службы ў сухапутных войсках складаў 6 гадоў, на флоце – 7.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што рэформы 60-70-х г. былі дастаткова абмежаванымі, усё ж іх ажыццяўленне было значным крокам наперад на шляху ператварэння Расійскай імперыі з феадальнай манархіі ў буржуазную. Але адносіны царскага ўрада да зямель Беларусі і Літвы падчас правядзення рэформ выявілі сутнасць палітыкі самадзяржаўя ў заходніх губернях. Тры важныя рэформы, якія давалі пэўную самастойнасць у некаторых справах на месцах – земская, судовая і гарадская, былі ажыццёўлены на тэрыторыі Беларусі са значным спазненнем. Забраныя падчас падзелаў Рэчы Паспалітай землі былога ВКЛ стваралі нямала клопату расійскім уладам на працягу ХІХ ст. Таму вышэйпералічаныя рэформы ўводзіліся з вялікай асцярожнасцю і значнымі абмежаваннямі.

3. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў паслярэформенны перыяд. Адмена прыгоннага права спрыяла паступоваму пераходу ад феадальнага да буржуазнага ладу ў Расійскай імперыі і стварала магчымасці для развіцця капіталізму ў эканоміцы, у тым ліку і ў Беларусі.

Капіталізм – спосаб вытворчасці, заснаваны на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і прымяненні наёмнай працы. Развітому капіталізму папярэднічаў этап першапачатковага назапашвання капіталу, які вёў да хуткага пашырэння ўнутранага рынку. Для капіталізму ўласцівы наступныя рысы:

  •  наяўнасць дзвюх асноўных груп насельніцтва ― буржуазіі (уладальнікаў капіталу) і наёмных рабочых;
  •  ператварэнне рабочай сілы ў тавар;
  •  канцэнтрацыя вытворчасці;
  •  стварэнне ў працэсе вытворчасці прыбавачнай вартасці і прысвойванне яе ўладальнікамі капіталу;
  •  панаванне таварна-грашовай гаспадаркі;
  •  наяўнасць развітога грамадскага падзелу працы;
  •  хуткае развіццё тэхнікі.

Сельская гаспадарка. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы магло адбывацца двума шляхамі: «амерыканскім» (фермерскім) і «прускім» (юнкерскім ці памешчыцкім). Для «амерыканскага» шляху было характэрна хуткае ўкараненне капіталістычных адносін. Гэты шлях быў інтэнсіўным, развіццё адбывалася за кошт паляпшэння якасці апрацоўкі глебы, выкарыстання аплачваемай наёмнай працы, ужывання шматпольнага севазвароту, лепшых сартоў насення, правядзення агратэхнічных мерапрыемстваў і інш. Уласнік зямлі ― фермер сам яе і апрацоўваў, што абумоўлівала яго матэрыяльную зацікаўленасць у выніках працы.

«Прускі» шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы быў больш марудным, паколькі пры ім укараненне капіталістычных адносін стрымлівалася існаваннем феадальных перажыткаў. Менавіта такі шлях быў уласцівы для расійскай эканомікі. Такімі рудыментамі феадалізму ў беларускай вёсцы другой паловы ХІХ ст. заставаліся:

  •  буйное, латыфундыяльнае памешчыцкае землеўладанне, якое пры адсутнасці рынку свабоднай працоўнай сілы не магло хутка ператварыцца ў гаспадаркі капіталістычнага тыпу;
  •  малазямелле сялян і наяўнасць у сувязі з гэтым сістэмы адпрацовак, пры якой вяскоўцы не былі зацікаўлены ў выніках сваёй працы;
  •  захаванне і нават павелічэнне ролі сялянскай абшчыны, якая была не толькі органам сялянскага самакіравання, але і адказвала за збор падаткаў і выкананне павіннасцяў на аснове кругавой парукі (калектыўнай адказнасці). Нягледзячы на дэкларацыю сялянам асабістай свабоды, яны не маглі ёю рэальна карыстацца, не маглі адмовіцца ад надзела, выдзеленага па рэформе 1861 г., не маглі без дазволу абшчыны пакінуць вёску і інш.

Разам з тым нават пры існаванні феадальных перажыткаў капіталістычныя адносіны ў вёсцы развіваліся. Усё больш з’яўлялася прадпрымальніцкіх гаспадарак, у якіх выкарыстоўвалася праца наёмных рабочых (падзённых, сезонных, гадавых), зямля апрацоўвалася інвентаром і цяглавай жывёлай уладальніка, а гаспадарка мела ярка выражаны таварны характар.

Паглыблялася сельскагаспадарчая спецыялізацыя раёнаў. У 80-я г. ХІХ ст. вытворчасць збожжа, якая была важнай таварнай галіной памешчыцкай і сялянскай гаспадарак, саступіла месца малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэнню. Гэта было звязана з працяглым збожжавым крызісам, калі на рынкі Заходняй Еўропы трапіла таннае і высакаякаснае збожжа з Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі. Немагчымасць канкурыраваць на збожжавым рынку прымусіла памешчыкаў у пагоні за прыбыткам да пераарыентацыі накірунку сельскагаспадарчай вытворчасці. Хуткае рэагаванне сельскай гаспадаркі на змены рыначнай кан’юнктуры таксама з’яўлялася адным з доказаў развіцця капіталізму на вёсцы.

З пачатку 80-х г. ХІХ ст. усё больш актыўна праходзіла расслаенне сялянства. З аднаго боку, гэтаму працэсу садзейнічала заснаванне ўрадам Сялянскага пазямельнага банка, які даваў пазыкі сялянам пад заклад зямлі. На атрыманыя грошы сяляне маглі мажлівасць купляць зямлю і павялічваць свае надзелы. Гісторыкі падлічылі, што да пачатку ХХ ст. колькасць сельскай буржуазіі на тэрыторыі Беларусі павялічылася на 10 %. З другога боку, адбываўся працэс збяднення вялікай колькасці сялян у выніку натуральнага прыросту ў сем’ях і неабходнасці драблення надзелаў.

4. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Шляхі зносін.     Гандаль. У сваім развіцці прамысловасць праходзіць тры асноўныя стадыі ў арганізацыі вытворчасці: 1) дробнатаварную (рамесную); 2) мануфактурную; 3) фабрычную. У другой палове ХІХ ст. у Беларусі тры пералічаныя формы суіснавалі разам, аднак на працягу першых двух дзесяцігоддзяў пасля рэформы 1861 г. прамысловы рост на тэрыторыі Беларусі ішоў павольна і па-ранейшаму пераважала дробная і мануфактурная вытворчасць.

Хуткі рост фабрычна-заводскай прамысловасці стрымліваўся, у першую чаргу, адсутнасцю шырокага рынку свабоднай працоўнай сілы, а таксама нізкай пакупной здольнасцю сялян, якія вялі пераважна натуральную гаспадарку і самі выраблялі неабходныя прамысловыя рэчы (палатно, сукно, абутак і г. д.). Разам з тым колькасць заводскіх прадпрыемстваў няўхільна павялічвалася: калі ў сярэдзіне ХІХ ст. іх на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 80, то ў канцы ХІХ ст. – 1 137. Сярод найбольш значных прадпрыемстваў, пабудаваных у гэты перыяд, можна вызначыць тытунёвую фабрыку ў Гродне (1862 г.), папяровую фабрыку ў Добрушы (1871 г.), запалкавыя фабрыкі ў Барысаве (1881 г.) і Пінску (1882 г.) і інш. Фабрычна-заводская прамысловасць няўхільна заваёўвала дамінуючыя пазіцыі.

Спецыялізацыя беларускай прамысловасці ў другой палове ХІХ ст. па-ранейшаму вызначалася выкарыстаннем і перапрацоўкай прыродных рэсурсаў (лясных багаццяў) і прадукцыі сельскай гаспадаркі. Таму асноўнымі галінамі прамысловасці з’яўляліся харчовая, тэкстыльная, гарбарная, дрэваапрацоўчая, а таксама вінакурэнне.

Пераход да капіталістычнага спосабу вытворчасці ў прамысловасці выявіўся ў яе паступовай мадэрнізацыі – увядзенні ўдасканаленняў, якія адпавядалі тэхнічным патрабаванням таго часу. Мадэрнізацыя прамысловасці паслярэформеннага перыяду характарызавалася пашырэннем індустрыялізацыі – пераходу ад ручной працы да машыннай і фарміраванню прамысловай буржуазіі і фабрычнага пралетарыяту. Гэты працэс атрымаў назву прамысловага перавароту або прамысловай рэвалюцыі. У выніку прамысловага перавароту, які завяршыўся да 90-х г. ХІХ ст., сфарміраваўся клас прамысловай буржуазіі і наёмных рабочых. Буржуазія фарміравалася з памешчыкаў-прадпрымальнікаў, купцоў, мяшчан, рамеснікаў. Крыніцай папаўнення класа наёмных рабочых былі сялянскія паўперы, дробныя рамеснікі і гандляры, сем’і рабочых.

Шляхі зносін. Капіталістычны рынак патрабаваў больш дасканалых шляхоў зносін. Развіццю прамысловасці, росту гарадоў, пашырэнню ўнутранага рынку і замежных гандлёвых сувязяў у другой палове ХІХ ст. спрыяла будаўніцтва чыгунак. Першая Пецярбургска-Варшаўская чыгуначная магістраль прайшла праз тэрыторыю Беларусі ў 1862 г. і злучыла Вільню, Гродна, Беласток. У 1866 г. праз Дзвінск, Полацк, Віцебск і Смаленск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, а ў 70-я г. ХІХ ст. Маскоўска-Брэсцкая чыгунка злучыла Смаленск, Оршу, Мінск, Баранавічы, Брэст. Таксама былі пабудаваны тры лініі мясцовых чыгунак, якія атрымалі назву Палескія: Бранск – Гомель – Пінск – Жабінка; Беласток – Баранавічы; Вільня – Баранавічы – Роўна.

Будаўніцтва чыгунак мела вырашальнае значэнне для развіцця эканомікі Беларусі. Дзякуючы іх з’яўленню значна павялічыўся грузаабарот, і тыя рэгіёны, праз якія прайшлі чыгункі, атрымалі моцны імпульс для эканамічнага росту.

На тэрыторыі Беларусі існавала таксама дастаткова разгалінаваная сістэма водных каналаў, а з 1880-х г. актывізавалася будаўніцтва і шасэйных дарог.

Такім чынам, развіццё транспартных шляхоў у другой палове ХІХ ст. спрыяла развіццю гандлю і камунікацыі, аб’яднанню беларускіх зямель у адзіны эканамічны арганізм і ўцягванню іх у агульнарасійскі рынак.

Гандаль. У другой палове ХІХ ст. на беларускіх землях назіраліся відавочныя змены ў структуры ўнутранага гандлю – пры хуткім падзенні значэння кірмашоў значна пашыраўся рознічны гандаль. Гэты працэс быў выкліканы, па першае, з’яўленнем сеткі чыгунак і магчымасцю весці гандаль на працягу года, а не прыстасоўвацца да пэўных святаў. Па-другое, ростам фабрычна-заводскай прамысловасці, які прывёў да выхаду на рынак вялікіх аб’ёмаў прадукцыі. Па-трэцяе, павелічэннем колькасці гарадскога насельніцтва, якое мела патрэбу ў куплі тавараў (у першую чаргу, харчовых). У выніку ў канцы ХІХ ст. на беларускіх землях асноўны аб’ём унутранага гарадскога гандлю быў сканцэнтраваны ў крамах.

Істотных змен у знешнім гандлі не назіралася. Па-ранейшаму экспартным таварам з беларускіх губерняў з’яўлялася сельскагаспадарчая і прыродная сыравіна: каноплі, лён, прадукцыя жывёлагадоўлі, лес. Некалькі павялічылася доля гатовай прадукцыі, сярод якой былі спірт, папера, запалкі, тытунёвыя вырабы, будаўнічыя матэрыялы.

У другой палове ХІХ ст. у Расійскай імперыі пачала стварацца банкаўская сістэма, якая складалася з Дзяржаўнага банка (1860), аддзяленні якога былі адкрыты ва ўсіх беларускіх губернскіх гарадах, Сялянскага пазямельнага банка, Дваранскага зямельнага банка, а таксама шэрагу прыватных банкаў.

Развіццю гандлю садзейнічала правядзенне ў 1895–1897 г. расійскім міністрам фінансаў С.Ю.Вітэ грашовай рэформы, дзякуючы якой адбылася стабілізацыя рубля і актывізаваўся прыток замежнага капіталу ў эканоміку, у тым ліку і на землях Беларусі.

5. Нацыянальна-вызваленчы рух на беларускіх землях у другой палове ХІХ ст. На нацыянальна-вызваленчы рух у беларуска-літоўскіх губернях у сярэдзіне ХІХ ст. значны ўплыў аказала барацьба за незалежнасць польскай шляхты, якая выступала за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Вясной 1862 г. у Варшаве быў створаны падпольны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ставіў сваёй мэтай арганізацыю паўстання за нацыянальную незалежнасць і дэмакратызацыю грамадскага ладу. Летам 1862 г. у Вільні ўтварыўся Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які фармальна падпарадкоўваўся ЦНК. Масавы ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні паўстання прыняла шляхта, сярод якой, аднак, не было адзінства. Па пытанні аб шляхах дасягнення пастаўленай мэты ў паўстанцкім руху вызначыліся дзве плыні:

  •  «белыя» (кансерватыўная плынь) былі прадстаўлены пераважна буйной і сярэдняй шляхтай. Іх галоўнай мэтай было аднаўленне Рэчы Паспалітай не як федэратыўнай дзяржавы, а як унітарнай, згодна з Канстытуцыяй 3 мая 1791 г. «Белыя» выступалі супраць рэвалюцыйных метадаў барацьбы і гатовы былі да кампрамісу з царскім урадам;
  •  «чырвоныя» (радыкальная плынь) аб’ядноўвалі дробную і беззямельную шляхту, інтэлігенцыю, гарадскія нізы, студэнцтва і часткова сялянства. Яны выступалі за стварэнне незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў, вырашэнне аграрнага пытання і надзяленне сялян зямлёй.

Прыхільнікам «чырвоных» і старшынёй ЛПК быў шляхціц Гродзенскага павета Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі (1838–1864), які адыграў вялікую ролю ў арганізацыі паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Летам 1862 г. В.К.Каліноўскі разам са сваімі паплечнікамі Валерыем Урублеўскім і Феліксам Ражанскім пачалі выпуск першай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты на землях Беларусі «Мужыцкая праўда». Яна выдавалася на беларускай мове лацінскім шрыфтам (так званай беларускай лацінкай). Усяго выйшла 7 нумароў гэтай газеты.

Паўстанне пачалося ў студзені 1863 г. у Варшаве, а 1 лютага ЛПК звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам узнімацца на ўзброеную барацьбу. Паўстанне хутка ахапіла ўсю тэрыторыю Беларусі, але «белым» удалося адхіліць В.К.Каліноўскага ад кіраўніцтва ЛПК за яго радыкальныя погляды. З прычыны слабасці нацыянальна-дэмакратычных сіл на тэрыторыі Беларусі і Літвы В.К.Каліноўскі вымушаны быў падпарадкавацца ЦНК, ён стаў паўстанцкім камісарам Гродзенскай губерні. Складанасць сітуацыі заключалася ў тым, што кіраўнікі паўстання не мелі адзінага плана баявых дзеянняў, а паўстанцы − дастатковай колькасці зброі, таму часта яны выкарыстоўвалі партызанскую тактыку.

Царскі ўрад рабіў усё, каб хутка ліквідаваць паўстанне. Усе беларуска-літоўскія губерні былі абвешчаны на ваенным становішчы. Надзвычайныя паўнамоцтвы атрымаў віленскі генерал-губернатар М.Мураўёў, які за сваю жорсткасць атрымаў мянушку «вешальнік». Акрамя выкарыстання арміі, расійскія ўлады праводзілі шэраг мерапрыемстваў з мэтай адцягнуць ад паўстання сялян. Так, спецыяльнымі ўказамі Аляксандра ІІ на тэрыторыі Беларусі і Літвы быў уведзены абавязковы выкуп надзелаў, на 20 % былі зменшаны выкупныя плацяжы, а таксама шэраг іншых ільгот для сялян.

Узброеная барацьба на тэрыторыі Беларусі спынілася ўвосень 1863 г. У студзені 1864 г. быў арыштаваны, а ў сакавіку ў Вільні быў пакараны праз павешанне В.К.Каліноўскі. Усяго было пакарана смерцю 128 чалавек, 850 чалавек былі высланы на катаргу, 12,5 тысяч паўстанцаў сасланы ў Сібір. У беларуска-літоўскіх губернях быў усталяваны рэжым выключных законаў, накіраваных на поўную русіфікацыю краю. Маёмасць і маёнткі паўстанцаў падлягалі канфіскацыі, усе памешчыкі былі абкладзены надзвычайным падаткам, насельніцтва каталіцкага веравызнання абмяжоўвалася ў сваіх правах. Была закрыта апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на беларускіх землях − Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Беларускія губерні не мелі права на выбарныя земствы, выбарныя міравыя суды і дваранскае самакіраванне. Усё гэта замаруджвала тэмпы развіцця буржуазных адносін на тэрыторыі Беларусі.

Але, нягледзячы на падаўленне паўстання і жорсткую расправу над яго ўдзельнікамі, паўстанне 1863 г. мае вялікае значэнне для гісторыі беларускага народа. Сучасныя даследчыкі сцвярджаюць, што думкі В.К.Каліноўскага, выказаныя ім у «Лісце з-пад шыбеніцы» пра неабходнасць змагання за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны, можна лічыць пачаткам афармлення беларускай нацыянальнай ідэі.

Народніцтва. У другой палове ХІХ ст. найбольш актыўнымі прадстаўнікамі рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі з’яўляліся народнікі. Ідэалогія народніцтва грунтавалася на веры ў своеасаблівы шлях сацыяльнай перабудовы Расіі − пераход да сацыялізму, мінуючы капіталізм. Асноўную рэвалюцыйную сілу народнікі бачылі ў сялянстве. Па свайму сацыяльнаму становішчу народнікі належалі да розных груп насельніцтва, таму іх называлі разначынцамі. Родапачынальнікамі народніцкай ідэі былі А.Герцэн і М.Чарнышэўскі.

Адзін з першых народніцкіх гурткоў у Беларусі ўтварыўся ў 1875 г. у Магілёве, затым − у Мінску, Віцебску, Слуцку і іншых гарадах. Паміж беларускімі і расійскімі народнікамі ўсталяваўся цесны кантакт, асабліва з арганізацыямі ў Пецярбургу і Маскве, дзе вучылася шмат беларускай моладзі. Беларускія народнікі ўваходзілі ў агульнарасійскія падпольныя арганізацыі: «Зямлю і волю», а пасля яе расколу ў «Народную волю» і «Чорны перадзел». 1 сакавіка 1881 г. беларусам Ігнатам Грынявіцкім, студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, быў забіты      Аляксандр ІІ.

У 1884 г. беларусы, студэнты Пецярбургскага універсітэта, утварылі беларускую сацыяльна-рэвалюцыйную групоўку «Гоман», якая выдавала аднайменны нелегальны часопіс. На яго старонках з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый абвяшчалася пра існаванне беларускай нацыі і гучала патрабаванне яе самастойнасці пасля звяржэння царызму. Вядомымі беларускімі народнікамі былі М.Судзілоўскі, Р.Ісаеў, С.Кавалік і інш. З дзейнасцю рэвалюцыйных народнікаў звязаны пачатак распаўсюджання ў Беларусі марксізму і ўтварэння рабочых гурткоў.

Падагульняючы, неабходна заўважыць, што ХІХ ст. у еўрапейскай гісторыі характарызавалася хуткім развіццём капіталістычных адносін і фарміраваннем нацый. У Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, гэты працэс быў запаволены. Панаванне феадальна-прыгонніцкай сістэмы тармазіла эканамічнае развіццё, як і праведзеная ў 1861 г. аграрная рэформа, якая захавала шэраг феадальных перажыткаў. Беларусь у Расійскай імперыі з’яўлялася раёнам буйнога памешчыцкага землеўладання, і гаспадарчае развіццё беларускіх зямель мела ярка выражаны аграрны характар.

Гэты перыяд быў вельмі складаным і неспрыяльным для фарміравання беларускай нацыі. Абсалютная большасць беларусаў былі жыхарамі сельскай мясцовасці і належалі да сялянскага саслоўя.

Важнай асаблівасцю беларускага этнасу быў падзел паводле веравызнання на праваслаўных і католікаў, што шырока выкарыстоўвалася ў мэтах спачатку паланізацыі, а потым русіфікацыі краю: католікаў запісвалі ў «палякі», а праваслаўных − у «рускія». Заможнае насельніцтва Беларусі, якое магло паспрыяць развіццю беларускай культуры і нацыі, не было беларусамі: памешчыкі паводле сваёй нацыянальнай самасвядомасці былі ў большасці сваёй палякамі і рускімі, а ў гарадах і мястэчках пераважала яўрэйскае насельніцтва. У грамадска-палітычным і культурным жыцці дамінавала руская мова. Сацыяльнай апорай беларускага нацыянальнага руху былі нараджаючаяся нацыянальная інтэлігенцыя, сялянства, частка шляхты (пераважна дробнай і беззямельнай) і невялікая колькасць рабочых, якія карысталіся беларускай мовай.

Паводле перапісу 1897 г. сярод гарадскога насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў беларусаў (па роднай мове) было толькі 14,5 %. Разам з тым беларускую мову назвалі роднай больш за 50 % усёй шляхты, 60 % настаўнікаў, 40 % чыноўнікаў, 20 % медыцынскіх работнікаў. Ва ўмовах жорсткай русіфікацыі гэтыя паказчыкі сведчылі пра значны рост нацыянальнай самасвядомасці.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Выкупныя плацяжы – памер платы за сялянскі надзел, атрыманы па рэформе 1861 г., роўны 6 % капіталізацыі гадавога аброку з надзела.

Дзесяціна – мера зямлі ў Расійскай імперыі, роўная 1,45 га.

Народніцтва − сацыяльная дактрына другой паловы ХІХ ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталістычную стадыю развіцця і праз абшчыну адразу перайсці да сацыялізму.

Прамысловы пераварот (прамысловая рэвалюцыя) – пераход ад ручной працы да машыннай, ад мануфактуры да фабрычна-заводскай вытворчасці.

Сервітуты – абмежаванае права сялян карыстацца зямельнай уласнасцю памешчыка (выпасамі, лугамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі, рыбнымі ловамі).

Тавар – прадукт працы, выраблены для продажу або абмену.

Устаўныя граматы – дакументы, якія рэгулявалі адносіны часоваабавязаных сялян з памешчыкамі паводле «Палажэнняў» аб адмене прыгоннага права 1861 г., вызначалі памеры сялянскіх паслярэформенных надзелаў і павіннасцей за карыстанне імі.

Цераспалосіца – раз’яднанасць і раздробленасць зямлі аднаго землекарыстальніка на некалькі адасобленых частак.

Часоваабавязаныя – катэгорыя былых панскіх сялян, вызваленых ад прыгоннай залежнасці, але не пераведзеных на выкуп. За карыстанне зямлёй працягвалі плаціць дарэформенныя падаткі і выконваць павіннасці.

ВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

19 лютага 1861 г. – абвяшчэнне Маніфеста і Палажэнняў аб адмене прыгоннага права.

1862 г. – будаўніцтва Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

1863−1864 г.нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Беларусі, Літве і Польшчы.

1860–1870-я г. – правядзенне ліберальных рэформ.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1.  Дайце характарыстыку гаспадарчага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
  2.  Прааналізуйце паўстанні 1830-1831 г. і 1863-1864 г. на землях Беларусі і складзіце аналітычную табліцу.

Паўстанне

1830-1831 г.

Паўстанне 1863-1864 г.

Характар

Мэты

Асноўныя ўдзельнікі

Органы кіравання паўстаннем у Беларусі

Ахопленая тэрыторыя

Вынікі

 ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

     1. Асаблівасці адмены прыгоннага права ў Беларусі.

2. Роля чыгунак у развіцці эканомікі Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

     3. Фабрычная прамысловасць у Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

                   

ЛІТАРАТУРА

  1.  Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине ХІХ в. − Минск, 1971.
  2.  Белоруссия в эпоху капитализма: В 2 т. Т. 1. – Минск, 1983.
  3.  Біч М.В. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863−1864 гг. //Беларускі гістарычны часопіс. − 1993. − № 3. − С. 36 − 45.
  4.  Болбас М.Ф. Промышленность Белоруссии. 1860–1900. – Минск, 1978.
  5.  Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.). – Мінск, 2005. – С. 158 – 300.
  6.  Крук У.П. Сялянскі рух на Беларусі 1864–1900 гг. – Мінск, 1993.
  7.  Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. − Мінск, 1997.
  8.  Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. − Мінск, 1994.
  9.  Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХІХ в. – Минск, 1980.
  10.  Чарэвін П. Паўночна-Заходні край // Спадчына. − 1998. − № 2. − С. 52 − 83.
  11.  Шыбека З. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ ст. – пачатак ХХ ст.). – Мінск, 1997.
  12.  Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002). – Мінск, 2003.

Тэма 8. Беларусь у час войнаў і рэвалюцый пачатку ХХ ст.

  1.  Палітычная сітуацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Рэвалюцыя 1905 −1907 г.
    1.  Сельская гаспадарка і прамысловасць Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа.
    2.  Беларускі нацыянальна-вызваленчы і культурны рух у пачатку ХХ ст.
    3.  Беларусь у гады Першай сусветнай вайны.
    4.  Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 1917 − 1921 г. Утварэнне беларускай дзяржаўнасці.

1. Палітычная сітуацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Рэвалюцыя 1905 −1907 г. Грамадска-палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, у пачатку ХХ ст. была вельмі нестабільнай. У адзначаны перыяд у Расійскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя, якая вылілася ў рэвалюцыю 1905−1907 г. Сярод асноўных прычын рэвалюцыі можна вылучыць наступныя:

1) эканамiчны крызiс пачатку ХХ ст., які прывёў да беспрацоўя, рэзкага пагаршэння матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва і, як следства, да росту рэвалюцыйных настрояў сярод як гараджан, так і сялянства. Паглыбленне эканамічнага крызісу адбылося з прычыны паражэння Расіі ў руска-японскай вайне 1904–1905 г.;

2) нявырашанасць аграрнага пытання. Нягледзячы на праведзеную рэформу па адмене прыгоннага права, у Расійскай імперыі па-ранейшаму заставаліся феадальныя перажыткі: буйное дваранскае землеўладанне, сялянская абшчына, малазямелле сялян і інш. Сяляне не былі ўласнікамі выдзеленай ім у 1861 г. зямлі, паколькі працягвалі плаціць выкупныя плацяжы;

  1.  наяўнасць самадзяржаўя і адсутнасць дэмакратычных правоў і свабод;

4) невырашанасць нацыянальнага пытання. Расія з’яўлялася шматнацыянальнай краінай, аднак усе нацыі, акрамя рускай, не мелі ў Расійскай імперыі адпаведных умоваў, неабходных для забеспячэння нацыянальных інтарэсаў і развіцця нацыянальнай культуры;

5) нестабільнасць палітычнай сітуацыі выяўлялася ў стварэнні вялікай колькасці палітычных партый, якія ставілі розныя патрабаванні. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала шмат сацыял-дэмакратычных арганізацый, асноўнымі з якіх былі:

  •  Бунд («Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі») ― самая ўплывовая рэвалюцыйная арганізацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Утвораны ў Вільні ў 1897 г. з мэтай арганізацыі барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча;
  •  РСДРП (Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя)  утворана ў 1898 г. у Мінску на І з’ездзе прадстаўнікоў шэрагу сацыял-дэмакратычных арганізацый. Стаяла на пазіцыях марксісцкага вучэння аб класавай барацьбе як рухаючай сіле гісторыі і рабіла стаўку на пралетарыят. У 1903 г. на ІІ з’ездзе ў РСДРП вызначыліся дзве фракцыі: бальшавікі, якія выступалі за рэвалюцыйны шлях пабудовы сацыялізму, і меншавікі, мэтай якіх было паступовае рэфармаванне грамадства;
  •   Эсэры (ПСР − Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў) ― гэтая партыя аформілася ў 1902 г., аб’яднаўшы народніцкія арганізацыі і групы, якія ў сваёй дзейнасці арыентаваліся на сялянства. Праграма ПСР прадугледжвала сацыялізацыю зямлі − перадачу ўсёй зямлі ва ўласнасць народа і ўраўнальнае надзяленне зямлёй без права куплі-продажу;
  •  ППС на Літве (Польская сацыялістычная партыя на Літве) ― утварылася ў 1902 г. у выніку адасаблення ад Польскай сацыялістычнай партыі груп, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Як і іншыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, выступала за звяржэнне самадзяржаўя, усталяванне ўлады народа і пабудову сацыялізму шляхам народнай рэвалюцыі;
  •  БСГ (Беларуская сацыялістычная грамада) ― першая беларуская нацыянальная палітычная партыя. Утворана зімою 1902−1903 г. на аснове маладзёжных культурна-асветніцкіх гурткоў беларускай вучнёўскай і студэнцкай моладзі Пецярбурга, Мінска і Вільні як Беларуская рэвалюцыйная грамада (пазней была перайменавана). Стваральнікамі і кіраўнікамі БСГ былі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі: Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) і інш. У сваёй праграме мела бліжэйшую мэту (звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі незалежнай дэмакратычнай рэспублікі) і канчатковую (знішчэнне капіталізму і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацый).

Пачатак рэвалюцыi i падзеi ў Беларусi. Рэвалюцыя пачалася 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу з расстрэлу мiрнай дэманстрацыi рабочых («крывавая нядзеля»). У беларускiх гарадах у студзенi 1905 г. адбыліся акцыі салiдарнасцi з рабочымi Пецярбурга ― забастоўкі ахапілі 31 горад Беларусі (Мiнск, Гомель, Смаргонь, Гродна, Пiнск i iнш.). Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваліся таксама сялянскія і салдацкія выступленні.

Удзельнiкi рэвалюцыi былі аб’яднаны ў 3 лагеры:

1) урадавы (кансерватыўны, манархічны). Яго сацыяльнай базай былі дваранства, чыноўніцтва, буйная буржуазія. Выступаў за захаванне існуючага грамадска-палітычнага ладу і абапіраўся на армiю i палiцыю. Сярод праўрадавых палітычных партый былі «Саюз рускага народа» (чарнасоценцы) і «Русский окраинный союз»;

2) буржуазна-лiберальны лагер быў прадстаўлены большай часткай буржуазiі, перадавымі памешчыкамi, часткай iнтэлiгенцыi. Іх мэтай было ўсталяванне канстытуцыйнай манархіі і стварэнне парламента шляхам палітычных рэформ;

3) дэмакратычны (рэвалюцыйны) лагер аб’яднаў сялян, пралетарыят і дэмакратычную інтэлігенцыю. Выступалі за звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі шляхам склікання Устаноўчага сходу, а таксама за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання. У яго ўваходзiлi пералічаныя вышэй сацыял-дэмакратычныя партыі.

Значнага ўздыму рэвалюцыйныя падзеі дасягнулі восенню 1905 г. У кастрычніку 1905 г. працоўныя Беларусi прынялі ўдзел ва Усерасiйскай палiтычнай стачцы. 18 кастрычніка ў гарадах Беларусі быў абвешчаны Маніфест Мікалая ІІ ад 17 кастрычніка 1905 г., паводле якога ў Расіі абвяшчаліся дэмакратычныя правы і свабоды (свабода слова, друку, сходаў, веравызнання, недатыкальнасць асобы), а таксама стваралася надзеленая заканадаўчымі паўнамоцтвамі Дзяржаўная дума, пры наяўнасці якой расійскае самадзяржаўе ператваралася ў парламенцкую манархію.

Манiфест ад 17 кастрычнiка задаволіў прадстаўнікоў буржуазна-ліберальнага лагера. Яны адышлі ад рэвалюцыi, утварылі дзве палітычныя партыі ― Канстытуцыйна-дэмакратычную партыю (кадэты) і «Саюз 17 кастрычніка» (акцябрысты) ― і далучыліся да ўрадавай кааліцыі.

Прадстаўнікі рэвалюцыйных партый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне царызму і скліканне Устаноўчага сходу. 18 кастрычніка 1905 г. у Мінску па загаду губернатара П.Курлова быў расстраляны мітынг рабочых па абмеркаванню Маніфеста (Курлоўскі расстрэл). Сутычкі з паліцыяй адбываліся і ў іншых гарадах Беларусі. У кастрычніку 1905 г. рэвалюцыйны рух пашырыўся на 53 гарады і мястэчкі Беларусі.

Каб спыніць рост рэвалюцыйнага руху, царскі ўрад выкарыстоўваў як прымус (армію і паліцыю), так і эканамічныя (сталыпінская аграрная рэформа 1906 г.), і палітычныя агітацыі (выбары ў Дзяржаўную думу).

І Дзяржаўная дума (27.04−08.07.1906 г.). Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі байкатавалі выбары, і большасць месцаў у Думе атрымалі кадэты. У ёй былі прадстаўлены і дэпутаты з 5 беларускіх губерняў. Найбольш актыўнай пазіцыі ў І Дзяржаўнай думе прытрымліваліся беларускія памешчыкі-католікі Р.Скірмунт, І.Друцкі-Любецкі і інш., якія патрабавалі прадастаўлення Беларусі і Літве шырокага абласнога самакіравання з правам вырашэння аграрнага пытання. Менавіта аграрнае пытанне стала асноўным у Думе. Пэўная радыкальнасць І Дзяржаўнай думы прывяла да яе роспуску царскім указам ад 9 ліпеня 1906 г.

ІІ Дзяржаўная дума (20.02.−02.06.1907 г.) дзейнічала ў 1907 г. ва ўмовах спаду рэвалюцыі, таму ўсе партыі прынялі актыўны ўдзел у выбарах. У Беларусі ў гэты перыяд выразна вызначылася барацьба дзвюх асноўных палітычных сіл: з аднаго боку, Рускага акраіннага саюза (саюза акцябрыстаў і чарнасоценцаў), які разгарнуў антыпольскую і антыяўрэйскую агітацыю, з другога ― так званых аўтанамістаў − польска-беларускіх памешчыкаў і ксяндзоў, якія праз касцёл і друк даказвалі беларускім сялянам-католікам, што яны ― палякі і павінны выбіраць у Думу тых, хто абараняе каталіцкую веру. Галоўным пытаннем у Думе па-ранейшаму заставалася аграрнае.

Вынiкi рэвалюцыi. Па свайму характару рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычная ― за ўсталяванне рэспублiкi i дэмакратычных свабод, але скончылася паражэннем. Стомленасць і расчараванне народных мас працяглай барацьбой і яе вынікамі прывялі да спаду рэвалюцыйнага руху, што падштурхнула царскі ўрад да рашучых дзеянняў. 3 чэрвеня 1907 г. Мiкалай II распусціў II Дзяржаўную думу i ўвёў новы выбарчы закон, па якому Дзяржаўная дума пазбаўлялася заканадаўчых паўнамоцтваў. Фактычна ў выніку так званага «трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту» ў Расіі адбылася рэстаўрацыя самадзяржаўя.

2. Сельская гаспадарка і прамысловасць Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа. Як ужо адзначалася, асноўным пытаннем рэвалюцыі 1905−1907 г. было аграрнае. Удзел шырокіх сялянскіх мас у рэвалюцыйных падзеях падштурхнуў царскі ўрад да свядомай ліквідацыі накаторых феадальных перажыткаў шляхам рэформ. Ініцыятарам і кіраўніком аграрнай рэформы быў старшыня Савета Міністраў і міністр унутраных спраў Расіі П.А. Сталыпін.

Мэты рэформы:

  •  адцягнуць сялян ад удзелу ў рэвалюцыі;
  •  павялічыць сярэдні слой сялянства і ўмацаваць слой сялянскай буржуазіі, якія створаць апору царскаму самадзяржаўю на вёсцы;
  •  даць магчымасць малазямельным і беззямельным сялянам выйсці на працу ў горад і павялічыць колькасць прамысловых рабочых;
  •  запэўніць паскоранае развіццё капіталізму ў вёсцы пры захаванні памешчыцкіх латыфундый.

Сталыпінская аграрная рэформа пачалася ў адпаведнасці з царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. Асноўнымі мерапрыемствамі рэформы былі наступныя:

1) ліквідацыя сялянскай абшчыны. На тэрыторыі Беларусі гэта было асабліва актуальна для Магілёўскай і Віцебскай губерняў, дзе пераважала абшчыннае сялянскае землекарыстанне;

2) адмена выкупных плацяжоў. З 1 студзеня 1907 г. сяляне станавіліся поўнымі ўласнікамі сваіх надзелаў;

3) ліквідацыя цераспалосіцы і хутарызацыя. Узамен палосак зямлі («шнуроў»), якія сяляне атрымалі ў розных месцах паводле рэформы 1861 г., кожны селянін меў права патрабаваць выдзялення яму замест гэтых участкаў адзінага надзела ў адным месцы. Такі надзел атрымаў назву «водруб». Пры перасяленні сялянскай сям’і з вёскі на водруб гэты надзел называўся хутар;

4) прапаганда хутарызацыі. Каб паказаць сялянству перавагу хутарскога спосабу вядзення гаспадаркі, дзяржава стварала паказальныя хутары, якія забяспечваліся сартавым насеннем, пародзістай жывёлай, мінеральнымі ўгнаеннямі, удасканаленым інвентаром і інш.;

5) арганізацыя масавых перасяленняў у Сібір, Сярэднюю Азію і на Далёкі Усход. Гэтае мерапрыемства праводзілася ўрадам з мэтай змяншэння вастрыні зямельнага пытання ў еўрапейскай частцы Расіі. Каб заахвоціць сялян да пераезду, дзяржава выдзяляла сродкі на пераезд, забяспечвала спецыяльнымі цягнікамі, а таксама давала беззваротную грашовую дапамогу;

6) стварэнне Сялянскага пазямельнага банка, які выдаваў сялянам крэдыты на куплю зямлі, прычым для набыцця вялікіх участкаў пад хутары выдаваўся доўгатэрміновы крэдыт у поўным памеры іх кошту.

Вынікі рэформы. Сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала паскарэнню развіцця капіталізму ў вёсцы:

  •  ліквідацыя сельскай абшчыны і выкупных плацяжоў, перадача зямлі ва ўласнасць сялян і перасяленне на хутары спрыялі інтэнсіфікацыі сялянскай гаспадаркі. Пашыраліся шматпольныя севазвароты, паглыблялася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў кірунку малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэння, выкарыстоўваліся мадэрнізаваныя прылады працы і сельскагаспадарчыя машыны;
  •  адбываўся працэс дыферэнцыяцыі сялянства. З аднаго боку, павялічылася колькасць сялян-прадпрымальнікаў, якія бралі крэдыты, набывалі зямлю і стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. З другога боку, узрасла лічба сялян-беднякоў, якія не здолелі наладзіць гаспадарку, вымушаны былі прадаць сваю зямлю і наймаліся на працу ў якасці парабкаў або папоўнілі шэрагі прамысловага пралетарыяту. Напярэдадні Першай сусветнай вайны сялянская бедната ў Беларусі складала каля 70 %, сяляне-сераднякі ― 20 %, а сельская буржуазія ― каля 11 %;
  •  асаблівасцю рэформы на тэрыторыі Беларусі было ўвядзенне ў 1911 г. выбарных органаў мясцовага самакіравання ― земстваў. Земствы былі ўтвораны толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях. З прычыны значнай перавагі сярод выбаршчыкаў католікаў у Гродзенскай і Віленскай губернях земствы па-ранейшаму не былі дазволены.

Разам з тым у самой рэформе былі закладзены некаторыя палажэнні, якія пэўным чынам стрымлівалі яе вынікі. Па-першае, паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Сталыпін хацеў правесці без разбурэння асноў латыфундыяльнага памешчыцкага землеўладання ― аднаго з асноўных перажыткаў феадалізму. Па-другое, працэс хутарызацыі быў не вельмі эфектыўным з прычыны беднасці і непісьменнасці большасці сялян, якія прывыклі да сваіх «шнуравых» надзелаў і баяліся высяляцца на хутары (да 1914 г. на тэрыторыі Беларусі было хутарызавана каля 13 % сялянскіх гаспадарак). Да таго ж, перасяленне сялян у Сібір, Казахстан і на Далёкі Усход не прынесла паляпшэння іх становішча: часта матэрыяльнай дапамогі было недастаткова, землі адводзіліся неўрадлівыя, у нязручных месцах (далёка ад дарог і вадаёмаў), сяляне не маглі прыстасавацца да новых прыродных умоваў і інш.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя станоўчыя вынікі сталыпінскай рэформы, яна не вырашыла галоўнага пытання рэвалюцыі 1905−1907 г. ― аграрнага, і ператварэнні ў вёсцы да Першай сусветнай вайны адбываліся на фоне росту сялянскіх хваляванняў.

Прамысловасць. Пасля эканамічнага крызісу 1900−1904 г. і перыяду дэпрэсіі (застою) 1904−1907 г. наступіў прамысловы ўздым. У 1908−1913 г. у Расійскай імперыі і Беларусі ў яе складзе адбываўся працэс паскоранай мадэрнізацыі і эканоміка набывала тэндэнцыю стабільнага росту. Прамысловасць Беларусі гэтага часу характарызавалася шэрагам адметных рысаў:

  •  канцэнтрацыя вытворчасці і стварэнне манапалістычных аб’яднанняў сталі магчымымі дзякуючы аб’яднанню капіталу (як мясцовага, так і замежнага) у форме акцыянерных таварыстваў і сіндыкатаў, а таксама дзякуючы павелічэнню рынку таннай рабочай сілы ў выніку сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1909− 1910 г. былі арганізаваны Акцыянерныя таварыствы запалкавых фабрык, Мазырскай фанернай фабрыкі, Дняпроўскай мануфактуры, тытунёвай фабрыкі ў Гродне, ільнопрадзільнай фабрыкі «Дзвіна» і інш.;
  •  рост галіновай разнастайнасці мясцовай прамысловасці. Па-ранейшаму вядучае месца на тэрыторыі Беларусі займала харчовая прамысловасць. Разам з тым вялікую ролю адыгрывалі дрэваапрацоўчая і тэкстыльная галіны прамысловасці;
  •  вялікая ўдзельная вага рамеснай вытворчасці. У Беларусі існавалі каля 90 тыс. рамесных майстэрняў, якіх працавалі гаспадар і адзін-два рабочыя. Дробная і рамесная вытворчасць давалі больш за палову прамысловых вырабаў на ўнутраны рынак Беларусі і карысталіся вялікім попытам вяскоўцаў з прычыны таннасці тавараў;
  •  развіццё банкаўскай сістэмы. На пачатку ХХ ст. прамысловасць у Беларусі фінансавалі банкаўскія канторы і таварыствы ўзаемнага крэдыту. Найбольш значнымі былі канторы наступных банкаў: Дзяржаўнага, Азоўска-Данскога, Маскоўскага, Віленскага прыватнага камерцыйнага і інш.;
  •  у нацыянальным складзе сярод рабочага класа Беларусі выразна пераважалі яўрэі, што было наўпрост звязана з наяўнасцю на гэтых землях «мяжы яўрэйскай аселасці».

Па-ранейшаму ў межах Расійскай імперыі беларускія землі заставаліся аграрнай ускраінай, а прамысловая вытворчасць складала толькі каля 20 % нацыянальнага даходу.

3. Беларускі нацыянальна-вызваленчы і культурны рух у пачатку ХХ ст. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у пачатку ХХ ст. быў часткай агульнага рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі. Арганізатарам, а таксама ідэйным і палітычным натхняльнікам яго была Беларуская сацыялістычная грамада. Яна ставіла сваёй мэтай нацыянальнае адраджэнне народа, яго мовы і культуры, даказвала права беларусаў на самавызначэнне і на ўласную дзяржаўнасць. Абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі шматлікія публікацыі, прысвечаныя беларускай мове, культуры, гісторыі.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. і ўвядзенне Маніфестам ад 17 кастрычніка дэмакратычных правоў і свабод адмянілі на тэрыторыі Беларусі папярэднюю цэнзуру і стварылі магчымасці для заснавання нацыянальных выдавецтваў. Першае беларускае легальнае выдавецкае таварыства было створана ў Пецярбургу ў 1906 г. і мела назву «Загляне сонца і ў наша аконца».

У верасні 1906 г. актывісты БСГ пачалі выдаваць у Вільні штотыднёвую грамадска-палітычную і літаратурную беларускую газету «Наша доля». Радыкальныя рэвалюцыйныя погляды, якія прапагандаваліся на старонках гэтай газеты, палохалі царскія ўлады, таму чатыры з шасці яе нумароў былі канфіскаваныя, далейшы выпуск газеты забаронены. Аднак у лістападзе 1906 г. у свет выйшаў першы нумар новай газеты «Наша ніва». Менавіта ёй належыць вялікая роля ў згуртаванні ўсіх нацыянальных сіл, якія на пачатку ХХ ст. змагаліся за нацыянальнае адраджэнне Беларусі. На старонках газеты друкаваліся творы Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка і шэрагу іншых беларускіх пісьменнікаў. Пры газеце існавала выдавецтва, якое з 1910 г. наладзіла выпуск папулярнага сярод вяскоўцаў «Беларускага календара», з 1912 г. ― сатырычнага часопіса «Крапіва», сельскагаспадарчага часопіса «Саха», літаратурнага штомесячніка для моладзі «Лучынка» і інш.

Беларускія выдавецтвы існавалі таксама і ў Мінску. У 1910 г. у Вільні выйшла кніга Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі», якая паклала пачатак афармленню нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі. Усяго за 1906−1915 г. было выдадзена каля 160 беларускіх кніг.

Нягледзячы на пэўныя поспехі і дасягненні, у нацыянальным руху Беларусі меліся аб’ектыўныя цяжкасці. Яны былі выкліканы тым, што, па-першае, доўгі час у Расійскай імперыі не было ўмоваў для развіцця беларускай мовы. Па-другое, беларуская інтэлігенцыя, як правіла, складалася з выхадцаў з вёскі і была інтэлігенцыяй першага пакалення. Па нацыянальнаму складу беларусамі былі пераважна сяляне, якія з прычыны сваёй неадукаванасці не маглі адстойваць нацыянальную ідэю. Не было зваротнай сувязі паміж нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй і сялянствам. Адмоўным момантам на шляху нацыянальнага развіцця з’яўляўся таксама той факт, што генератарам нацыянальнай ідэі не мог стаць горад, паколькі сярод яго жыхароў на пачатку ХХ ст. беларусы складалі толькі каля 17 %.

Разам з тым першае дзесяцігоддзе ХХ ст. яскрава сведчыла, што насуперак розным перашкодам адбывалася згуртаванне беларускіх нацыянальных сіл. За вялікую ролю, якую ў нацыянальна-вызваленчым і культурна-асветніцкім руху ў Беларусі адыграла газета «Наша ніва», перыяд 1906−1915 г. у беларускай гісторыі атрымаў назву «нашаніўскага».

4. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны. Першая сусветная вайна стала вынікам абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за перадзел сфер уплыву, за рынкі збыту і крыніцы сыравіны. Асноўныя ваенныя сапернікі былі аб’яднаны ў два ваенна-палітычныя блокі: Антанту (Англія, Францыя, Расія) і Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія), усяго ў вайну было ўцягнута 38 краін.

Вайна пачалася 1 жніўня 1914 г., а непасрэдна да тэрыторыі Беларусі фронт наблізіўся летам 1915 г. Аднак ужо ў першыя дні вайны беларускае насельніцтва выразна адчувала яе подых: беларускія губерні былі абвешчаны на ваенным становішчы. Забараняліся дзейнасць палітычных партый, правядзенне мітынгаў, маніфестацый, шэсцяў, забастовак, уводзілася цэнзура пры выданні газет і кніг. На тэрыторыі Беларусі была праведзена мабілізацыя − у армію было прызвана больш за палову працаздольных мужчын, на насельніцтва былі ўскладзены павялічаныя падаткі, людзі прыцягваліся да будаўніцтва абарончых умацаванняў. У Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскай арміі.

У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна − Вільня, а на пачатку верасня нямецкая армія прарвала фронт у раёне в. Свянцяны і дайшла да Смалявіч (Свянцянскі прарыў). Восенню 1915 г. лінія фронту стабілізавалася ў раёне гарадоў Дзвінск − Паставы − Баранавічы − Пінск. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання была перанесена ў Магілёў.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў усталяваны германскі акупацыйны рэжым. Ён быў заснаваны на жорсткай сістэме падаткаў, прымусовых работ, штрафаў, рэквізіцый. У Германію вывозіліся матэрыяльныя каштоўнасці і працаздольнае насельніцтва. Пры гэтым нямецкае камандаванне рабіла пэўныя крокі па падтрымцы беларускага нацыянальнага руху. Праўда, у гэтай палітыцы Германія зыходзіла не з інтарэсаў беларускага народа, а са сваіх геапалітычных інтарэсаў − не прызнаючы права беларускага народа на самавызначэнне, разам з тым нямецкі ўрад хацеў паменшыць расійскі ўплыў на гэтых тэрыторыях за кошт падтрымкі адукацыі і культуры іншых нацыянальнасцяў, у першую чаргу беларусаў. У адпаведнасці з распараджэннем генерал-фельдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга ад 16 студзеня 1916 г. на акупаванай тэрыторыі забаранялася навучанне па-руску і ўводзілася абавязковае навучанне дзяцей на роднай мове. У выніку на тэрыторыі Заходняй Беларусі было адкрыта каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне газет і часопісаў на беларускай мове, ствараліся розныя нацыянальныя арганізацыі. Са згоды нямецкага ваеннага камандавання ў Вільні ў 1915 г. быў створаны каардынацыйны орган беларускіх палітычных, грамадскіх і прафесійных арганізацый − Беларускі народны камітэт, які ўзначаліў А.Луцкевіч. Сябры гэтай арганізацыі прытрымліваліся канцэпцыі стварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы з унутраным размежаваннем аўтаномій. З гэтай ідэяй дзеячы Беларускага народнага камітэта выступалі ў 1916 г. на Стакгольмскай і Лазанскай канферэнцыях народаў Расіі. Таксама пытанне незалежнасці Беларусі ўздымалася на старонках газеты «Гоман», галоўным рэдактарам якой быў В.Ластоўскі. Акрамя таго, у перыяд акупацыі ў Вільні дзейнічаў Беларускі клуб, пры якім існаваў аматарскі тэатр, было створана навуковае таварыства, адчынілася беларуская бібліятэка і інш.

На тэрыторыі Беларусі за лініяй фронту па-ранейшаму існаваў рэжым ваеннага становішча, працягваліся мабілізацыя, рэквізіцыі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што адступленне расійскай арміі суправаджалася масавым бежанствам. Часткова яно было справакавана агітацыйнай палітыкай царскага ўрада, які заклікаў насельніцтва ратавацца ўцёкамі ад нямецкага гвалту, а часткова перасяленні мелі вымушаны характар, калі пры адступленні войскі спальвалі вёскі і сяляне гублялі дах над галавой. Летам 1915 г. у Мінску было створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое арганізоўвала для бежанцаў начлегі, харчаванне і дапамагала ў працаўладкаванні. Але дапамагчы ўсім не было магчымасці, бежанцаў было вельмі многа. Ваенныя ўлады выкарыстоўвалі іх як танную рабочую сілу на будаўніцтве абарончых умацаванняў і іншых ваенных аб’ектаў, але большасць вымушана была ў пошуках лепшай долі накіроўвацца далей на ўсход.

Першая сусветная вайна прынесла шмат гора беларускаму народу − Расія і Германія аспрэчвалі права гегемоніі ў Еўропе менавіта на тэрыторыі Беларусі. Ваенныя дзеянні, татальная мабілізацыя, рэквізіцыі, акупацыйны рэжым і інш. падрывалі гаспадарчы, дэмаграфічны, нацыянальны патэнцыял нашай краіны: загінулі 1 мільён 200 тыс. чалавек, сотні тысяч беларусаў не вярнуліся з эвакуацыі, амаль на 75 % скараціліся пасяўныя плошчы, былі разбураны прамысловыя прадпрыемствы і іншыя будынкі.

5. Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 1917−1921 г. Утварэнне беларускай дзяржаўнасці. Усе ваюючыя краіны спадзяваліся на «маланкавую» вайну і не былі гатовыя да працяглых ваенных дзеянняў, таму да пачатку 1917 г. у многіх з іх ва ўмовах вайны склаліся агульнанацыянальныя крызісы.

Лютаўская рэвалюцыя. 23 лютага 1917 г. з забастоўкі работніц тэкстыльных прадпрыемстваў у Петраградзе пачалася рэвалюцыя, у выніку якой было звергнута царскае самадзяржаўе, Расія была абвешчана дэмакратычнай рэспублікай. Як і рэвалюцыя 1905 – 1907 г., Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. насіла буржуазна-дэмакратычны характар. Асаблівасцю яе стала ўсталяванне двоеўладдзя: з аднаго боку, падчас рэвалюцыйных падзей рэальная ўлада знаходзілася ў руках Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з другога боку, 28 лютага Часовы камітэт Дзяржаўнай думы абвясціў пераход да яго ўсёй улады ў краіне і стаў называцца Часовым урадам.

Насельніцтва Беларусі сустрэла звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе масавымі мітынгамі і вулічнымі шэсцямі. У Беларусі таксама ўзнікла двоеўладдзе: саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і падначаленыя Часоваму ўраду Часовыя гарадскія камітэты парадку.

Лютаўская рэвалюцыя абудзіла палітычную актыўнасць шырокіх мас насельніцтва і палітычных партый. Аднавіла сваю дзейнасць і БСГ. У сакавіку 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый. З’езд абраў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з Раманам Скірмунтам. Р.Скірмунту была пастаўлена задача дабівацца ад Часовага ўрада аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі. Аднак Часовы ўрад не падтрымаў аўтанамісцкіх захадаў БНК, матывуючы гэта складанасцю ваеннага часу і неабходнасцю склікання Устаноўчага сходу для вырашэння гэтага пытання. Нягледзячы на тое, што спадзяванні на атрыманне аўтаноміі не спэўніліся, Беларуская сацыялістычная грамада падтрымлівала Часовы ўрад з надзеяй на перспектыву. Яна падзяляла ідэю вядзення вайны да перамогі, за мір без анексій і кантрыбуцый. 8–10 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся ІІ з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый на чале з Язэпам Лёсікам (пазней, пасля далучэння да яе Беларускай вайсковай Рады, была перайменавана ў Вялікую Беларускую Раду ― ВБР).

У жніўні 1917 г. галоўнакамандуючы генерал Л.Г.Карнілаў паспрабаваў усталяваць у краіне ваенную дыктатуру. Па яго загаду ў Петраград былі накіраваны войскі, каб разагнаць Часовы ўрад і Саветы. Спроба Карнілава здзейсніць дзяржаўны пераварот не атрымала падтрымкі, і мяцеж быў падаўлены.

Разам з тым асноўныя пытанні рэвалюцыі ― аб міры, аб зямлі, аб увядзенні рабочага заканадаўства, аб скліканні Устаноўчага сходу ― не былі вырашаны Часовым урадам. Такім чынам, палітыка Часовага ўрада не ліквідавала агульнадзяржаўны крызіс, а яшчэ больш абвастрыла яго, што ў выніку прывяло да яшчэ адной рэвалюцыі.

Кастрычніцкая рэвалюцыя. У ноч на 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе адбылося ўзброенае паўстанне, у выніку якога ўладу ў свае рукі ўзялі бальшавікі. 26 кастрычніка на ІІ Усерасійскім з’ездзе Саветаў былі прыняты «Дэкрэт аб міры», у якім прапаноўвалася неабходнасць неадкладных перагавораў з ваюючымі краінамі для заключэння міра без анексій і кантрыбуцый, і «Дэкрэт аб зямлі», які абвясціў ліквідацыю прыватнай уласнасці і нацыяналізацыю зямлі.

Атрымаўшы паведамленне аб перамозе рэвалюцыi ў Петраградзе, 25 кастрычніка Мiнскi Савет абвясцiў сябе ўладай у Беларусi. Але процiдзеянне яму аказаў Камiтэт выратавання рэвалюцыі на чале з меншавiком Калатухiным. Супрацiўленне бальшавiкам было аказана i ў Магiлёве, дзе знаходзiлася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання. У кастрычнiку-лiстападзе 1917 г. савецкая ўлада перамагла ў Вiцебску, Гомелi, Полацку. Адносна лёгкая перамога бальшавiкоў тлумачыцца тым, што стомленае вайной і разрухай насельніцтва чакала, што з прыходам іх да ўлады будуць вырашаны многія набалелыя пытаннi.

У лістападзе 1917 г. у Беларусі былі сфармiраваны органы савецкай улады: заканадаўчы ― Аблвыканкамзах (Абласны выканаўчы камiтэт Заходняй вобласцi i фронту) на чале з А.Мяснiковым і выканаўчы ― Саўнарком (Савет Народных Камісараў) на чале з К.Ландэрам. Вялікая Беларуская Рада не прызнала гэтых органаў улады, створаных на тэрыторыі Беларусі недэмакратычным шляхам.

У адпаведнасці з выдадзенай бальшавікамі 2 лістапада 1917 г. «Дэкларацыі правоў народаў Расіі», дзе абвяшчалася права кожнага народа на самавызначэнне, ВБР пачала актыўную працу па скліканні І Усебеларускага з’езда для вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці. З’езд праходзіў у Мінску з 7 па 17 снежня 1917 г., і ў яго рабоце прынялі ўдзел 1 872 дэлегаты, якія прадстаўлялі ўсе колы беларускага грамадства, розныя палітычныя арганізацыі з Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. У ноч з 17 на 18 снежня ўдзельнікі з’езда прынялі рэзалюцыю, у якой абвяшчаліся ўсталяванне на тэрыторыі Беларусі рэспубліканскага ладу і ўтварэнне Усебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегаты выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе Савецкай Расіі. Але гэта не ўваходзіла ў планы бальшавікоў, і па рашэнню Аблвыканкамзаха з’езд быў разагнаны сілай.

Дэлегаты з’езда ратаваліся ад арышту ў мінскім дэпо, дзе працягнулі сваю работу і выбралі Раду Усебеларускага з’езда ў складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам. 21 снежня 1917 г. Рада абрала Выканаўчы камітэт, які ўзначаліў Язэп Варонка. У пытанні аб дзяржаўным будучым Беларусі Рада і Выканкам перайшлі ад ідэі аўтаноміі ў складзе Расіі да ідэі поўнага суверэнітэту.

Брэсцкі мір. Абвяшчэнне БНР. У снежні 1917 г. у Брэсце Л.Троцкі сарваў перамовы з нямецкім камандаваннем аб міры, і 18 лютага 1918 г. немцы распачалі наступленне па ўсяму Заходняму фронту. 19 лютага Мінск пакінулі прадстаўнікі ўлады бальшавікоў. У такіх умовах Выканкам Рады 21 лютага 1918 г. звярнуўся да беларускага народа з 1-й Устаўной граматай, у якой абвясцiў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкам вылучыў са свайго складу Народны Сакратарыят Беларусі (на чале з Я.Варонкам), які па сутнасці стаў першым беларускім урадам. Усе палітычныя рашэнні планавалася прыняць на Усебеларускім устаноўчым сходзе, але ўжо 25 лютага ў Мінску ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, які не меў намеру прызнаваць іншую ўладу. У выніку зімовага наступлення немцы прасунуліся на ўсход да Дняпра.

Урад Савецкай Расіі 3 сакавіка 1918 г. падпісаў з Германіяй мір у Брэсце, па якому землi, якiя знаходзіліся на захад ад лiнii Рыга − Дзвiнск − Свянцяны − Лiда − Пружаны − Брэст, перадавалiся Германii. Але рэальна немцы заставаліся на тэрыторыі, занятай пад час зімовай кампаніі 1918 г. Пры заключэнні Брэсцкага міра беларускае пытанне нават не закраналася. Беларускія землі ў мірным дагаворы называліся «абласцямі, якія раней належалі Расіі».

Такім чынам, тэрыторыя Беларусі аказалася падзеленай на тры часткі. Заходняя Беларусь разам з Вільняй далучылася непасрэдна да Германіі і атрымала назву «Новая Усходняя Прусія». Цэнтральная Беларусь і частка ўсходніх раёнаў лічыліся тэрыторыяй, часова акупаванай немцамі. Усходняя Беларусь па сутнасці далучалася да Савецкай Расіі.

У адказ на гэта 9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады выдаў 2-ю Устаўную грамату, у якой абвясціў стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у межах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа. Да склікання Усебеларускага ўстаноўчага сойма заканадаўчая ўлада перадавалася Радзе БНР, выканаўчая ― Народнаму Сакратарыяту. Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.

15 сакавіка 1918 г. ІV Надзвычайны Усерасійскі з’езд саветаў ратыфікаваў Брэсцкі мір. Тады 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла 3-ю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР і патрабавалася пераглядзець умовы Брэсцкага мiра. Рада БНР адправіла імператару Германіі Вільгельму ІІ тэлеграму з просьбай аб падтрымцы дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Але спроба абаперціся на Германію не прынесла чаканага выніку. Дзяржавы Антанты i ЗША ва ўмовах вайны з Германіяй i грамадзянскай вайны ў Расii таксама не праявiлi зацiкаўленасцi беларускім пытаннем. Савецкая Расiя адкрыта выступала супраць БНР.

Звязаная ўмовамі Брэсцкага міра, Германія дэ-юрэ не прызнала незалежнасці БНР, але разам з тым нямецкія акупацыйныя ўлады надалі органам БНР некаторыя рэальныя паўнамоцтвы. У кампетэнцыі БНР знаходзіліся гандаль, асвета, культура, сацыяльнае забеспячэнне. Дзякуючы дзейнасці Рады БНР выдаваліся падручнікі, адчыняліся беларускія школы, быў створаны педагагічны інстытут і інш. Пасля капітуляцыі Германіі (11.11.1918) урад Расіі абвясціў аб дэнансацыі (адмене) умоваў Брэсцкага дагавора і накіраваў Чырвоную Армію ў Беларусь. Урад БНР вымушаны быў эмігрыраваць.

Абвяшчэнне БНР мела вялікае значэнне ў працэсе ўтварэння беларускай дзяржаўнасці. Урад бальшавікоў, зыходзячы з аб’ектыўных абставін рэальнай дзейнасці Рады і Народнага Сакратарыята БНР, не мог больш ігнараваць права беларускага народа на стварэнне сваёй дзяржавы і вымушаны быў пераглядзець свае пазіцыі па беларускаму пытанню.

Утварэнне БССР і ЛітБел. «Ваенны камунізм». Падзеі, звязаныя з Усебеларускім кангрэсам, сведчылі пра сур’ёзнасць беларускага пытання. У студзені 1918 г. у Петраградзе як аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) (старшыня − А.Чарвякоў, сакратар − З.Жылуновіч). Белнацкам выступаў за ператварэнне Заходняй вобласці, якая была створана на тэрыторыі Беларусі ў выніку рэвалюцыйных падзей 1917 г., у беларускую аўтаномію ў складзе РСФСР. Дзейнасць Белнацкама выклікала незадаволенасць Аблвыканкамзаха, які адхіліў усялякія спробы стварэння беларускай дзяржаўнасці і перайменаваў Заходнюю вобласць у Заходнюю камуну. Толькі абвяшчэнне БНР і прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі з боку адноўленай пасля Першай сусветнай вайны Польшчы прымусілі ўрад Савецкай Расіі пайсці на ўтварэнне беларускай сацыялістычнай дзяржавы.

Рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было аформлена на VІ Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі бальшавікоў, якая праходзіла ў Смаленску 30–31 снежня 1918 г. і была перайменавана ў І з’езд камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. 1 студзеня 1919 г. быў утвораны Часовы рабоча-сялянскі ўрад рэспублікі, які ўзначаліў З.Жылуновіч. У гэты ж дзень урад прыняў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. У дакуменце дэклараваліся сацыяльныя правы працоўных у новай краіне, але адсутнічалі дэмакратычныя правы і свабоды, паколькі яны не адпавядалі інтарэсам дыктатуры пралетарыяту.

Але пасутнасці ўрад БССР не меў ніякіх паўнамоцтваў, а ўсе асноўныя пытанні, якія тычыліся беларускага народа, вырашаліся ў Маскве. Так, былі зачынены ўсе беларускія навучальныя ўстановы, якія былі створаны ў час нямецкай акупацыі, было адмоўлена ў вылучэнні сродкаў на выданне камуністычнай газеты на беларускай мове. Больш за тое, 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б), рыхтуючыся да падзелу сфераў уплыву з Польшчай,  прыняў рашэнне аб вывадзе са складу БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і далучэнні іх да Расіі, а Гродзенскай і Мінскай губерням прапаноўвалася аб’яднацца з Літвой і ўтварыць адзіную дзяржаву. Зварот урада БССР у Маскву з надзеяй адмяніць гэтыя рашэнні поспеху не меў.

Беларуска-Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Вільні ўзнікла 27 лютага 1919 г. Ва ўрад новага дзяржаўнага ўтварэння не быў уключаны ніводны беларус, а ў дзяржаўным справаводстве выкарыстоўваліся руская, літоўская і нават польская мовы, акрамя беларускай. ЛітБел ССР з’яўлялася буфернай дзяржавай, якую бальшавікі стварылі з мэтай выкарыстаць яе ў якасці пагранічнай зоны паміж РСФСР і Польшчай з мэтай прадухілення адкрытай вайны. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне не праіснавала і двух месяцаў.

«Ваенны камунізм». Сацыяльна-эканамічнае становішча на беларускіх землях было вельмі складанае. У Савецкай Расіі бальшавікамі была ўведзена палітыка «ваеннага камунізма» (1918 − сакавік 1920), якая грунтавалася на сістэме надзвычайных мер і мела на мэце ўсталяваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з перавагай дробна-буржуазнага насельніцтва. Сваю назву палітыка атрымала з-за адмены тав